- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
Вытокі духоўнага абуджэння беларускага народа. Еўрапейскiя краiны ў XIX ст. iстотна закранулi працэсы этнiчнай эмансiпацыi народаў, росту нацыянальных рухаў. Гэтыя працэсы былi вынiкам i адначасова часткай тых эканамiчных, сацыяльных, палiтычных i культурных мадэрнiзацыйных зрухаў, якiя ахапiлi Еўропу з XVIII ст. Iстотнай перадумовай этнiчных працэсаў i нацыянальных рухаў была сацыяльная мабiлiзацыя грамадства ў вынiку разлажэння феадальна-саслоўнай сiстэмы — вызваленне сялян, iндустрыялiзацыя i ўрбанiзацыя, пашырэнне пiсьменства i развiццё школьнай адукацыi i друку.
Беларускi этнас прайшоў складаны шлях да станаўлення нацыi сучаснага тыпу. Супярэчлiвасць гэтага шляху, ваганне працэсаў развiцця этнiчнай свядомасцi i нацыянальнай культуры памiж заходняй i ўсходняй цывiлiзацыямi — усё гэта нядобра ўплывала на тое, каб маладая нацыянальная iнтэлiгенцыя магла хутка вызначыць сваё месца, гiстарычныя абрысы нацыянальнай iдэi, i ўвогуле такое становішча ўскладняла самавызначэнне беларускай нацыi. Аб’ектыўна працэс яе фармiравання ў XIX — пачатку ХХ ст. быў звязаны з асаблiвасцямi i характарам сацыяльна-эканамiчнай мадэрнiзацыі краiны, запаволенасцю працэсу мабiлiзацыi сацыяльнай структуры грамадства, кiрункам i вынiкамi палiтыкi расiйскага ўрада ў Беларусi, традыцыйнымі рысамі нацыянальна-культурнага развіцця, недастатковымi тэмпамi пашырэння пiсьменнасцi, моўнай i канфесiйнай блiзкасцю большасці насельніцтва да рускiх, што ўзмацняла асiмiлятыўныя працэсы і інш. Праз шэраг складаных этапаў у сваёй эвалюцыі этнагенез беларусаў у XIX ст., асабліва ў яго апошнія дзесяцігоддзі і на пачатку ХХ ст., значна паскорыўся і выйшаў на стадыю фарміравання нацыі.
Тэрыторыя фармiравання беларускай нацыi ўкладвалася ў асноўным у межы пяцi губерняў: Вiленскай, Вiцебскай, Гродзенскай, Магiлёўскай i Мiнскай. Галоўным арэалам кансалiдацыі беларускай нацыi былi цэнтральная i паўночна-заходняя часткi Беларусi — гэта быў найбольш развiты рэгіён Беларусi ў эканамічных, сацыяльных i палiтычных адносінах. Так, працэнт пiсьменнага насельнiцтва сярод мужчын у 1913 г. дасягнуў 70 %. Этна-кансалiдацыйны працэс марудна адбываўся ў паўночна-ўсходняй i ўсходняй частках Беларусi. Значнай доля беларусаў была (паводле дадзеных перапiсу 1897 г. аб роднай мове) у Велiжскiм (87,5 %), Невельскiм (84,0 %), Себежскiм (47, 1 %), паветах Вiцебскай губернi, Красненскiм (90,0 %) павеце Смаленскай губернi, Суражскiм (каля 70 %) павеце Чарнiгаўскай губернi i некаторых iншых, што знаходзяцца па-за межамi тэрыторыi сучаснай беларускай дзяржавы. На яе прасторы ўдзельная вага прадстаўнiкоў карэннай нацыяльнасцi перавышала 73%.
Нацыянальна-культурны рух і яго асаблівасці. Беларусаў XIX — пачатку ХХ ст. можна ў пэўнай меры аднесцi да лiку маладых нацый, якiя мелi непаўнацэнную сацыяльную структуру, дзе звычайна адсутнiчалi ўласныя элiты, а нярэдка i сярэднiя гарадскiя слаi. «Маладыя» нацыi ў мiнулым цi нiколi не сфармiроўвалi ўласныя палiтычная структуры, цi iх традыцыi сярэдневяковай дзяржаўнасцi былi разбураны напачатку новага часу. «Маладыя» нацыя былi «сялянскiмi» народамi, часта не мелi сваёй лiтаратурнай мовы i высокай культуры. Акрамя беларусаў ў Расiйскай iмперыi да гэтай катэгорыi этнiчных груп адносiлiся ўкраiнцы, лiтоўцы, эстонцы, латышы i iнш. У сапраўднасцi нельга вылучыць iдэальны тып «старой» цi «маладой» нацыi, ёсць мноства змешаных i пераходных форм, з захаваннем рэшткаў уласных элiт i высокаразвiтых культур.
Беларусы выйшлi на першую фазу сваёй нацыянальнай эмансiпацыi ў пачатку XIX ст., поруч з украiнцамi i лiтоўцамi апярэдзiўшы напачатку фiнаў, эстонцаў i латышоў. Вытокi гэтай культурна-асветнiцкай, па сваёй сутнасцi, стадыi можна шукаць у канцы XVIII ст., у краёвым, беларускiм патрыятызме шляхты i магнатаў Вялiкага княства Лiтоўскага. У пачатку XIX ст. яшчэ цяжка было ўявiць , i гэта выглядала маларэальным, што праз стагоддзе будуць дзейнiчаць беларускiя нацыянальныя палiтычныя партыi i ўзнікне пытанне аб стварэннi беларускай дзяржаўнасцi. На гэтым этапе iнтэлектуальнае жыццё Беларусi развiвалася пераважна пад уплывам польскай культуры. Цэнтрам яго, як i ў Лiтве выступаў Вiленскi унiверсiтэт. Прафесары М. Баброўскi, I. Данiловiч паклалi пачатак збiрання i вывучэння помнiкаў беларускага пiсьменства XVI—XVII ст. Для iх i блiзкiх да iх па светапогляду вiленскiх iнтэлiгентаў зразумелымi i папулярнымi былi iдэi аднаўлення Вялiкага княства Лiтоўскага i дзяржаўнасцi беларускай мовы. Яны садзейнiчалi абуджэнню цiкавасцi да гiсторыi, культуры, вуснай народнай творчасцi беларускіх студэнтаў — сяброў таварыстваў фiламатаў i фiларэтаў, перш за ўсё, Я. Чачота, Т. Зана i iнш. Беларуская iнтэлігенцыя таго часу фармiравалiся пераважна з выхадцаў з духавентва i збяднелай шляхты.
10 снежня 1831 г. у Парыжы было створана Таварыства лiтоўскае i рускiх зямель, у склад якога ўваходзiлi А. Мiцкевiч, I. Дамейка. Таварыства жадала вывучыць мiнулае i гаспадарчы ўклад Беларусi, Лiтвы i Валынi, паказаць сусветнай супольнасцi, што насельнiцтва былога Вялiкага княства Лiтоўскага застаецца «адным з народаў Еўропы...». У сярэдзiне XIX ст. адчувальным становiцца ўплыў беларускай лiберальнай думкi, прадстаўленай гурткамi А. Кiркора у Вiльнi, В. Дунiна-Марцiнкевiча ў Мiнску, А.Вярыгi-Дарэўскага ў Віцебску. Асобныя творы на беларускай мове ў гэты час стварылi Я. Чачот, Я. Баршчэўскi, А. Рыпiнскi, У.Сыракомля. Беларуская мова стала асноўнай у творчасцi В. Дунiна-Марцiнкевiча. Творчасць i погляды гэтага кола iнтэлiгенцыi не заўжды мелi акрэслены нацыянальны змест, але аб’ектыўна садзейнiчалi развiццю нацыянальнай культуры i свядомасцi.
Сярод дэмакратычнай iнтэлiгенцыi ў 60-я гг. XIX ст. сфармiравалася адносна невялiкая група, для якой абсалютна зразумелым было тое, што Беларусь мае ўсе ўмовы для самастойнага развiцця. Лiдэрам гэтай групы быў К. Калiноўскi, якi ўскосна выказаў iдэю аб самастойнасцi Беларуска-Лiтоўскай рэспублiкi. Першыя спробы нацыянальнай агiтацыi былi вельмi эфемернымi i кароткачасовымi. Расiйская рэпрэсiўная палiтыка, выразна аформленая пасля падаўлення паўстання 1863 г., значна запаволiла нацыянальную культурна-асветнiцкую дзейнасць, фармiраванне палiтычных сiл i арганiзацый. Гэты фактар разам з адносна невысокiмi тэмпамi сацыяльна-эканамiчнай мадэрнiзацыi Беларусi, стаў прычынай больш позняга пераходу да наступнай фазы нацыянальнай эмансiпацыi, звязанай з палiтычнай агiтацыяй.
Вялiкае значэнне для абуджэння нацыянальнай самасвядомасцi мела дзейнасць шматлiкiх збiральнiкаў i даследчыкаў фальклору, лiнгвiстаў, гiсторыкаў, этнографаў. У другой палове XIX — пачатку ХХ ст. з’явiлiся грунтоўныя працы I. Насовiча, М. Нiкiфароўскага, Е. Раманава. Я. Карскага, М. Доўнар-Запольскага i iнш., з выданнем якiх пачынаецца развiццё навуковага беларусазнаўства. Стадыя нацыянальнай агiтацыi, звязаная з пашырэннем нацыянальнай свядомасцi ў больш шырокiя слаi насельнiцтва, пачынаецца ў 80-х гг. XIX ст., найперш з дзейнасцi народнiцкай сацыяльна-рэвалюцыйнай арганiзацыi «Гоман» i выдання аднаiменнага гектаграфiчнага часопiса (1884), арганiзацый у Пецярбургу, у Маскве. На старонках «Гомана» («Лiсты аб Беларусi», «Пасланне да землякоў-беларусаў«) дадзена тэарэтычнае абгрунтаванне самастойнасцi, асобнасцi беларускага этнасу, асэнсаванне складанасцi гiстарычнага шляху i цяжкасцi яго нацыянальнай кансалiдацыi. Гоманаўцы сцвярджалi самастойныя задачы беларускага нацыянальнага руху i iдэю свабоднага федэратыўнага пагаднэння Беларусi i iншымi народамi дэмакратызаванай Расii, а таксама вызначылi задачы перад iнтэлiгенцыяй па пашырэннi нацыянальнай самасвядомасцi. Дачыненне да выдання «Гомана» мелi студэнты-ўраджэнцы Беларусi А. Марчанка, Х. Ратнер i iнш.
Фундаментам iдэалогii беларускага вызваленчага руху стала публiцыстыка Ф. Багушэвiча. У прадмове да зборнiка «Дудка беларуская» паэт падаў гiсторыка-фiласофскае i мастацкае асэнсаванне лёсу беларускага народа, падкрэсліў пераемнасць багатых дзяржаўна-палiтычных i культурных традыцый Вялікага княства Лiтоўскага з сучаснымi задачамi сацыяльнага i палiтычнага вызвалення i культурнага адраджэння беларускага народа.
На пачатку 90-х гг. XIX ст. у Маскве i Пецярбургу дзейнiчалi арганiзацыі беларускага студэнцтва пад кiраўнiцтвам А. Гурыновiча, М. Абрамовiча i iнш. Вялiкую ролю адыграла літаратурна-грамадская дзейнасць К. Каганца, А. Абуховiча i iнш., краязнаўча-збiральнiцкая праца Б. Эпімах-Шыпiлы i г. д. Былi створаны Гурток моладзi польска-лiтоўскай, беларускай i маларускай, Круг беларускай народнай прасветы i культуры, зроблена спроба выпуску нелегальнай газеты «Свабода», заснавання Рэвалюцыйнай партыi Белай Русi. У 1902—1903 гг. на аснове гурткоў В. Iваноўскага, братоў А. i I. Луцкевiчаў адбываецца палiтычная самаарганiзацыя беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Была створана Беларуская рэвалюцыйная грамада, пазней яна стала называцца Беларускай сацыялістычнай грамадой.
Глыбокiя якасныя змены адбылiся ў нацыянальным руху ў час рэвалюцыі 1905—1907 гг. Са з’яўленнем беларускамоўнага легальнага друку («Наша доля», «Наша Нiва», «Беларус», «Лучынка» i iнш.), пашырэннем прафесiйных, грамадска-культурных аб’яднанняў i гурткоў (Беларускi настаўнiцкi саюз, Гродзенскi гурток беларускай моладзi, Беларускi музычна-драматычны гурток i г. д.), заснаваннем выдавецкiх суполак, нацыянальных тэатральных калектываў узраслi розныя формы i кiрункi нацыянальнага руху. Пад уплывам «Нашай Нiвы», рэдакцыя якой пасля паражэння рэвалюцыі 1905—1907 гг. стала арганiзацыйным цэнтрам нацыянальнага руху, зарадзiўся — спачатку ў каталiцкiм асяроддзi — беларускi нацыянальна-рэлiгiйны рух, што выявiўся ў дзейнасцi святароў А. Астрамовiча, В. Гадлеўскага i iнш.
У 1913 г. у Вiцебскiм аддзяленнi Маскоўскага археалагiчнага iнстытута А. Сапуноў пачаў чытаць курс лекцый па гiсторыi Беларусi. В. Ластоўскi ў 1910 г. выдаў першую навуковую працу на беларускай мове «Кароткая гiсторыя Беларусi», дзе даў канцэптуальнае выяўленне нацыянальнай гiсторыi. У пачатку ХХ ст. ў фундаментальнай працы Я. Карскага «Беларусы» (т. 1—3, 1903—1922 гг.), даследаваннях М. Доўнар-Запольскага i iнш. дадзена цэласнае навуковае абгрунтаванне этнiчнай свядомасцi.
З пачатку XIX ст. адбываецца станаўленне новай беларускай лiтаратурнай мовы. Асаблiвасцю гэтага працэсу была адсутнасць пераемнасці яе з пiсьмовай старабеларускай мовай i складванне на народна-гутарковай аснове. Гэты працэс быў больш працяглым, чым у сербскага, харвацкага, славенскага, украiнскага народаў. Фармiраванне лiтаратурнай мовы ў гэты час адбывалася пераважна ў жанрах мастацкай лiтаратуры i публiцыстыкi. Пiсьменнiкi арыентавалiся на свае родныя гаворкi. Гэта не дазваляла развiваць усебакова яе слоўнiк, у якiм, акрамя слоў, звязаных з паняццямi штодзённага побыту, iншыя пласты лексiкi былi развiты слаба. Не далi жаданых вынiкаў i спробы скласцi граматыку i правапiс беларускай мовы, якiя пачалi рабiцца з сярэдзiны XIX ст. Граматыкi П. Шпiлеўскага (1846) i К. Нядзвецкага (1854) засталiся ў рукапiсах. У 1862 г. у Варшаве мiнскi маршалак А. Аскерка выдаў беларускi лемантар (буквар). Першай друкаванай кнiгай на новай беларускай мове была кнiга рэлiгiйнага зместу — «Кароткi збор хрысцiянскай навукi» (Вiльня, 1835). Пры друкаваннi беларускiх выданняў выкарыстоўвалася пераважна лацiнка. Лацінкай былi надрукаваны творы В. Дунiна-Марцiнкевiча, Ф. Багушэвiча, газета «Мужыцкая праўда», гутарка «Дзядзька Антон ... » i iнш. У канцы XIX ст. лацiнку паступова пачала выцясняць кiрылiца. Пасля ўвядзення закона аб свабодзе друку ў 1905 г. i з’яўлення беларускiх легальных выданняў, асаблiва «Нашай нiвы», фармiраванне лiтаратурнай мовы, выпрацоўка яе навуковай тэрмiналогii пайшлi хучэй.
Нацыянальная самасвядомасць беларусаў і яе формы. У канцы XIX — пачатку ХХ ст. тэрмiн «Беларусь», этнонiм «беларусы» замацоўваецца за ўсёй этнiчнай тэрыторыяй беларусаў i паступова выцясняе ўсе iншыя агульныя для Беларусi назвы. Аднак гэты працэс быў супярэчлiвым i незавершаным. Саманазва беларусаў не набыла у той час выразнага адзiнага агульнацыянальнага зместу. Поруч з ёй ужывалiся канфесiяналiзмы «рускiя» i «палякi», адпаведна падзелу на праваслаўных i католiкаў, а частка насельнiцтва Беларусi называла сябе тутэйшымi. Яшчэ дастаткова часта ўжываўся тэрмiн «лiтвiны», асаблiва ў заходнiх раёнах Беларусi. У некаторых мясцовасцях iснавалi рэгiянальныя назвы, якiя адносiлiся да значных тэрыторый — «палешукi» для ўсяго Палесся, «пiнчукi», «брашчане» — для яго асобных частак. Тым не менш, адбылiся iстотныя зрухi ў этнiчнай самасвядомасцi беларусаў. Паводле дадзеных перапiсу 1897 г. аб роднай мове, 51,8 % агульнай колькасцi прадстаўнiкоў спадчыннага дваранства прызнавалi сябе беларусамi. З лiку асабiстых дваран (чыноўнiцтва) 25,9 % назвалi сваёй роднай мовай беларускую. Гэтыя лiчбы развейваюць старадаўнi мiф аб выключна польскiм i рускiм этнiчным складзе беларускага вышэйшага саслоўя. Каля 20 % урачоў i 21 % настаўнiкаў таксама лiчылi сваёй роднай мовай беларускую. Сялянства, пралетарыят i паўпралетарскiя слаi грамадства ў Беларусi складалiся пераважна з прадстаўнiкоў карэннага этнасу. Але адной са спецыфiчных рыс станаўлення беларускай нацыi з’яўлялася тое, што каля 90 % яе прадстаўнiкоў пражывала ў сельскай мясцовасцi. Горад паводле этнiчнага складу быў пераважна небеларускiм — прыкладна 40—50 % гарадскога i местачковага насельнiцтва скаладалi яўрэі, што стала вынiкам iснавання рысы аседласцi яўрэяў i рэалiзацыi некаторых мер па ўзмацненні рэжыму яе функцыянавання пасля паўстання 1863 г. Каля 20 % гараджан былi рускiмi, беларусы сярод iх складалi 17, 1 %. У другой палове XIX—XX ст. формай этнiчнай самасвядомасцi некаторай часткi гарадскога насельнiцтва, асаблiва ва ўсходняй Беларусi (праваслаўная iнтэлiгенцыя, чыноўнiкi, святары i iнш.) быў «западнорусизм». У пачатку ХХ ст. ён стаў iдэалогiяй вялiкадзяржаўна-чарнасоценскага руху, якi вёў актыўную барацьбу супраць беларускага нацыянальнага адраджэння.
Развіццё культурнага жыцця і інтэлігенцыя. Слабасць нацыянальнай эканамiчнай элiты — буржуазii i дваранства — стала прычынай нешматлiкасцi i павольнага сталення нацыянальнай iнтэлiгенцыi. Элiта беларускага грамадства фактычна не дарасла да асэнсавання сваiх асобных да расiйскай рэчаiснасцi цi польскай iдэi дзяржаўна-палiтычных iдэалаў i, натуральна, не бачыла неабходнасцi ў iх абгрунтаваннi з боку iнтэлiгенцыi. Адна з асаблiвасцяў фарміравання беларускай iнтэлiгенцыi — гэта страта пераемнасцi памiж рознымi яе пакаленнямi з-за прычын перш за ўсё палiтычнага характару (рэпрэсii ў сувязi з актыўным удзелам яе прадстаўнiкоў у вызваленчых паўстаннях, дзейнасці нелегальных арганiзацый i г. д.). Гэтым жа тлумачыцца і тое, што многія адукаваныя творчыя людзі апынуліся за межамі радзімы — у эміграцыі ці ў ссылцы. Для развіцця беларускай нацыянальнай культуры не было ўмоў. У такім становішчы беларуская інтэлігенцыя мусіла выканаць донарскую функцыю для культур суседніх народаў, асабліва польскага і рускага. Былы філаматавец, удзельнік паўстання 1830—1831 гг. І. Дамейка (1802—1889) эмігрыраваў у Францыю, а затым па запрашэнні ўрада выехаў у Чылі і зрабіў істотны ўклад у вывучэнне геалогіі і мінералогіі гэтай краіны. Урад Чылі абвясціў Дамейку нацыянальным героем краіны, яго іменем названы мінерал, хрыбет у Андах, рабочы пасёлак і інш. Другі філаматавец В. Кавалеўскі (1800—1878), які быў высланы за ўдзел у студэнцкіх тайных арганізацыях, з’явіўся адным з пачынальнікаў расійскага ўсходазнаўства, рэктарам Казанскага універсітэта. Галоўнай працай яго жыцця стала першае выданне трохтомнага «Мангольска-руска-французскага слоўніка». Першая ў свеце жанчына-прафесар С. Кавалеўская (1850—1891) паходзіла з беларускага шляхецкага роду, выкладала матэматыку ва універсітэце Стакгольма. Ураджэнцы Беларусі Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля — класікі польскай літаратуры. Адзін з пачынальнікаў народніцкага руху ў Беларусі Мікалай Судзілоўскі, вымушаны эміграваць, стаў пазней першым кіраўніком Гавайскай рэспублікі. Продкамі класіка рускай і сусветнай літаратуры Фёдара Дастаеўскага былі шляхціцы Пінскага павета. Вядомы расійскі географ Мікалай Пржэвальскі і класік французскай літаратуры Гіём Апалінэр таксама звязаны сваім паходжаннем з беларускай зямлёй.
Навука. Развіццё культуры Беларусі было значным і складаным адпаведна зменлівым і супярэчлівым палітычным умовам і грамадскім настроям. У вывучэнні матэрыяльнай і духоўнай культуры Беларусі сфарміраваліся новыя аргументаваныя канцэпцыі, з’явіліся новыя погляды на этнічную гісторыю Беларусі. Вялікі ўклад у развіццё беларускай этнаграфіі, фалькларыстыкі, гісторыі ўнеслі М. Нікіфароўскі, П. Шэйн, А. Кіркор, М. Доўнар-Запольскі, М. Янчук, Я. Карскі, Е. Раманаў, А. Сапуноў і інш. Вялікае стымулюючае значэнне для навукова-даследчай дзейнасці ў Беларусі мела падрыхтоўка і правядзенне ІХ Археалагічнага з’езда, які праходзіў у Вільні з 31 ліпеня па 14 жніўня 1893 г. Гэта падзея стала паваротнай. Да пытанняў навуковага жыцця Беларусі звярнуліся славісты розных краін. Былі створаны музеі ў Вільні, Віцебску, Гродне, Магілёве, Полацку, Мінску, што станоўча паўплывала на зберажэнне помнікаў старажытнай гісторыі. Развіццю прыродазнаўчых навук у Беларусі садзейнічала праца ўраджэнца Гомельшчыны, прафесара матэматыкі В. Ермакова, таленавітага даследчыка ў галіне электраграфіі і магнетызму Я. Наркевіча-Ёдкі, вучоных-фізікаў І. Яркоўскага, А. Садоўскага і К. Чаховіча. У маёнтку Нянькаў каля Навагрудка звыш 30 гадоў У. Дыбоўскі праводзіў даследаванні па заалогіі, палеанталогіі і батаніцы, што прынеслі яму еўрапейскую вядомасць. Прыхільнікаў навуковых ведаў, культурна-асветніцкай працы аб’ядноўвалі «Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў» (1898—1906), «Таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі» (1912). Важную ролю адыграў Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства, створаны ў Вільні ў 1867 г., які аб’яднаў мясцовых даследчыкаў. Вялікую колькасць каштоўных крыніц па гісторыі Беларусі выявіла і апублікавала Віленская археаграфічная камісія.
Адукацыя. У 1864 г. быў закрыты Горы-Горацкі земляробчы інстытут. Беспаспяхова закончыліся спробы адкрыцця на тэрыторыі Беларусі універсітэта ці іншай вышэйшай навучальнай установы. Аснову сістэмы адукацыі складалі нешматлікія сярэднія навучальныя ўстановы, пачатковыя школы. На пачатку ХХ ст. атрымала пашырэнне прафесійная адукацыя, былі адчынены тры настаўніцкія інстытуты, аддзяленне Маскоўскага археалагічнага інстытута ў Віцебску.
Друк у Беларусі ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. прадстаўлены пераважна афіцыйнымі рускамоўнымі выданнямі — «Губернскімі ведамасцямі», «Епархіяльнымі ведамасцямі» і інш. У 1886 г. у Мінску стаў выходзіць «Мінскі лісток», які адгукаўся на мясцовыя падзеі культурнага жыцця, з 1902 г. яго замяніў «Паўночна-Заходні край», дзе таксама знайшлі адлюстраванне важныя моманты духоўнай культуры Беларусі. У 1906 г. зараджаецца легальны беларускамоўны друк, з’яўляюцца першыя выдавецкія суполкі («Загляне сонца і ў наша ваконца», Пецярбург) і інш.
Пачатак ХХ ст. стаў перыядам беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння, які найперш звязаны з дзейнасцю рэдакцыі газеты «Наша ніва» і гуртаваннем вакол яе творчай інтэлігенцыі. У літаратуру ў гэты час прыйшлі Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі, Змітрок Бядуля, Цётка (Алаіза Пашкевіч) і многія іншыя. У іх творчасці яркае ўвасабленне знайшлі сацыяльныя і нацыянальныя матывы, сацыялістычныя перакананні і спадзяванне ўбачыць вольную Беларусь. Шырокае распаўсюджванне атрымалі аматарскія тэатральныя гурткі, «беларускія вечарыны». На іх аснове ў 1910 г. у маёнтку Палівачы узнік першы беларускі прафесійны тэатр пад кіраўніцтвам І. Буйніцкага. І гэта стала значнай падзеяй. Беларускі музычна-драматычным гурток пад кіраўніцтвам А. Бурбіса ў Вільні ажыццявіў пастаноўку «Паўлінкі» Я. Купалы. Развіццю беларускай прафесійнай музыкі прысвяцілі сваю дзейнасць Л. Рагоўскі, А. Грыневіч і інш.
У выяўленчым мастацтве Беларусі прыкметны след пакінулі аўтар гістарычных палотнаў К. Альхімовіч, майстар бытавога жанру і мазаічных пано Н. Сілівановіч, пейзажыст і партрэтыст А. Гараўскі, які дапамагаў П. Траццякову ў стварэнні яго славутай галерэі. Найбольш вядомымі пейзажыстамі ў Беларусі ў пачатку ХХ ст. былі Ф. Рушчыц, В. Бялыніцкі-Біруля, К. Стаброўскі і інш. Поспехі ў бытавым жанры звязаны з творчасцю Ю. Пэна, Я. Кругера, Л. Альпяровіча і інш. У кніжнай графіцы паспяхова працавалі К. Каганец, Я. Драздовіч.
Новыя рысы выявіліся ў архітэктуры Беларусі другой паловы ХІХ — пачатку ХХ ст. За гэты перыяд беларускія гарады больш чым у два разы павялічылі свае тэрыторыі, відазмяніліся ці зусім зніклі асобныя тыпы будынкаў, у цэнтральных раёнах з’явіліся шматпавярховыя будынкі фінансавых і гандлёва-прамысловых устаноў, гарадскія асабнякі. Большасць будынкаў вызначалася лаканічнасцю дэкору і гэтым беларуская архітэктура адрознівалася ад рускай. У мясцовым дойлідстве панаваў эклектызм — спалучэнне розных стылёвых элементаў у архітэктурных формах фасадаў і інтэр’ераў: готыкі, барока, класіцызму, псеўдарускага стылю. У пачатку ХХ ст. на агульным фоне эклектызму ўзнікаюць новыя архітэктурныя кірункі: мадэрн і неакласіцызм. Прыкладамі выкарыстання псеўдарускага стылю сталі капліца князёў Паскевічаў у Гомелі, Васкрасенскі сабор у Барысаве і інш., неаготыкі — касцёлы ў Мінску, Відзах, Гервятах, Вілейцы і інш., элементаў барока — будынак Мінскага тэатра і г. д. Стыль мадэрн шырока выкарыстоўваўся пры пабудове чыгуначных вакзалаў, прамысловых і адміністрацыўных будынкаў, жылых дамоў. У гэтым стылі былі ўзведзены: Брэсцкі чыгуначны вакзал, гасцініца «Еўропа» у Мінску, будынак пазямельна-сялянскага банку ў Віцебску, Расонская сядзіба і г. д.
К пачатку ХХ ст. культурнае жыццё Беларусі набывае новыя рысы, становіцца больш імклівым і багатым па змесце, прыцягвае да сваіх здабыткаў шырокія слаі насельніцтва. Шматмоўнасць, поліканфесіяналізм становяцца неад’емнымі рысамі і фактарамі развіцця культуры. Значнай часткай яе выступіла беларуская нацыянальная культура, яна імкліва набірала сілу не абмяжоўвалася больш формамі народнай творчасці і дзейнасцю адзіночак-асветнікаў. У гэты час на завяршальную стадыю выходзіць станаўленне беларускай нацыі — нацыі сучаснага тыпу з адметнымі рысамі самасвядомасці, літаратурнай мовы, культуры.
