- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Паўстанне 1863 г.
Прычыны, падрыхтоўка і характар паўстання. Канец 50-х — пачатак 60-х гг. ХІХ ст. вызначылiся новым уздымам польскага нацыянальна-вызваленчага руху, якi ахапiў Польшчу, Беларусь i Лiтву. Кульмiнацыяй яго стала паўстанне 1863 г. Напярэдаднi ў патрыятычным асяродку аформiлiся два крылы, за якiмi замацавалiся назвы «белыя» i «чырвоныя». «Белыя» разлiчвалi дасягнуць асноўнай мэты — аднаўлення Рэчы Паспалiтай у межах 1772 г. з уключэннем у яе склад Беларусi, Лiтвы і Правябярэжнай Украiны — шляхам дыпламатычнага нацiску заходнееўрапейскiх краiн на расiйскi ўрад. Пытанне аб надзяленнi сялян зямлёй у iх праграме адсутнiчала. У адрозненне ад «белых», «чырвоныя» iмкнулiся да ўздыму нацыянальна-вызваленчага паўстання. Гэта быў стракаты ў сацыяльных i палiтычных адносiнах блок.
Па метадах дасягнення мэты i праграмных разыходжаннях «чырвоныя» падзялялiся на памяркоўных (правых) i радыкальных (левых). Памяркоўныя вядучую ролю ў паўстанні адводзiлi шляхце і вырашэнню нацыянальнага пытання. Аграрную праблему яны прапаноўвалi вырашыць шляхам надзялення сялян зямлёй праз канфiскацыю часткi зямлi ў памешчыкаў з адпаведнай грашовай кампенсацыяй за кошт дзяржавы. Радыкальныя «чырвоныя» прызнавалi вядучую ролю сялян у паўстаннi i права на нацыянальнае самавызначэнне беларусаў, лiтоўцаў, украiнцаў. Падзел на «белых» i «чырвоных» iснаваў у тагачасным грамадска-палiтычным жыццi Беларусi i Лiтвы. Для падрыхтоўкi i кiраўнiцтва паўстаннем «чырвоныя» вясной 1862 г. стварылi ў Варшаве Цэнтральны нацыянальны камiтэт (ЦНК). Летам 1862 г. у Вiльнi быў арганiзаваны Лiтоўскi правiнцыяльны камiтэт (ЛПК), якi падрыхтаваў паўстанне ў Беларусi i Лiтве i фармальна быў падначалены ЦНК. У ЛПК уваходзiлi Л. Звяждоўскі, Я. Козел-Паклеўскi, З. Чаховiч, К.Калiноўскi i iнш. У пачатку 60-х гг. былi створаны мясцовыя рэвалюцыйныя арганiзацыi: гродзенская, мiнская, навагрудская i iнш.
«Левую» частку паўстанцаў у Беларусi ўзначальваў Кастусь Калiноўскi (1838—1864). У час вучобы ў Пецярбургскім універсітэце з’яўляўся актыўным членам тайнага гуртка З. Серакоўскага. Разам з В. Урублеўскiм i Ф. Ражанскiм К. Калiноўскi ў 1862—1863 гг. выдаваў на беларускай мове газету «Мужыцкая праўда» (усяго выйшла 7 нумароў). Газета растлумачвала сялянам прыгоннiцкi характар адмены прыгоннага права, заклiкала iх не верыць цару i разам «з мужыкамi з-пад Варшавы ... і ўсёй Расii» са зброяй у руках iсцi здабываць «сапраўдную волю i зямлю». Разам з тым газета заклiкала сялян вярнуцца да грэка-каталiцкай (унiяцкай) веры, якая была скасавана на Полацкiм царкоўным саборы ў лютым 1839 г. З кастрычнiка 1862 г. К. Калiноўскi ўзначалiў ЛПК, ён актыўна адстойваў інтарэсы Беларусi i Лiтвы перад кiраўнiцтвам ЦНК, марыў аб стварэннi Беларуска-Лiтоўскай рэспублiкi.
Падзеі паўстання. Паўстанне пачалося ў студзенi 1863 г. у Варшаве, раней вызначанага тэрмiну, што было нечаканасцю для рэвалюцыянераў Беларусi i Лiтвы. У спецыяльнай адозве ЦНК заклiкаў насельнiцтва Беларусi i Лiтвы далучыцца да руху. Паўстанне па сваіх задачах стала, перш за ўсё, нацыянальна-вызваленчым. З яго разгортваннем Англiя, Францыя i Аўстрыя пачалi рыхтаваць дыпламатычную агрэсiю супраць Расii. Для папярэджання дыпламатычнага дэмаршу гэтых дзяржаў 12 красавiка 1863 г. былi выдадзены два царскiя манiфесты аб амнiстыi ў Польшчы, Беларусi i Лiтве. Праз некалькi дзён, 17 красавiка, расiйскаму ўраду былi ўручаны ноты з заклiкам змянiць палiтыку ў «польскiм пытаннi». Да гэтага дэмаршу далучылiся Iспанiя, Партугалiя, Англiя, Швецыя, Нiдэрланды, Данiя, Турцыя i папа рымскi. 27 чэрвеня расiйскаму ўраду былi ўручаны ноты ў больш рэзкай форме. Ва ўрадавых колах Расii ноты расцэньвалiся як папярэджанне новай вайны. З улiкам гэтага ў раёне паўстання пачалася канцэнтрацыя расiйскiх войскаў, якіх было значна больш, чым паўстанцаў. Аднак дапамога еўрапейскiх дзяржаў аказалася вельмi iлюзорнай.
1 лютага 1863 г. ЛПК звярнуўся да насельнiцтва Беларусi i Лiтвы з заклiкам да ўзброенай барацьбы. У сваiм манiфесце ён прадублiраваў праграмныя дакументы польскага кiраўнiцтва. Усе жыхары абвяшчалiся вольнымi i раўнапраўнымi. Ва ўласнасць сялян бязвыплатна перадавалi зямельныя надзелы, якiмi яны карысталiся. З памешчыкамi за страту зямлi разлiчвалася дзяржава. Беззямельныя сяляне надзялялiся 3 моргамi зямлi (2,1 га) пры ўмове, што яны прымуць ўдзел ва ўзброенай барацьбе. Рэкруцкая павiннасць замянялася 3-гадовай усеагульнай вайсковай павiннасцю, аднаўлялася унiяцкая царква. Аднак гэтыя меры паўстанцкага кiраўнiцтва не задаволiлi большасць сялянства.
Першыя паўстанцкiя атрады ў заходнiх паветах Беларусi з’явiлiся ў канцы студзеня 1863 г. з Царства Польскага. Некаторыя камандзiры, якiя iмкнулiся пашырыць паўстанне на ўсход, спрабавалi прайсцi праз Гродзенскую i Мiнскую губернi. Самым буйным атрадам, якi паспяхова рухаўся на ўсход, было злучэнне Р. Рагiнскага. Мясцовыя фармiраванні пачалi стварацца ў сакавiку-красавiку. Найбольш актыўна дзейнiчалі паўстанцы на тэрыторыi Гродзенскай i Вiленскай губерняў. У раёне Белавежскай пушчы паўстанцкi атрад стварыў В. Урублеўскi, якi стаў ваенным начальнiкам Гродзенскай губернi. У Кобрынскiм павеце ўзняў барацьбу узброеную Р. Траўгут — будучы дыктатар паўстанцаў у Польшчы. У Навагрудскiм павеце дзейнiчаў атрад У. Борзабагатага, на Мiншчыне — А. Трусава i г. д. Аднак агульнага плана дзеяння паўстанцаў не было, адсутнiчалi ўзаемадзеянне i ўзаемадапамога памiж атрадамi. Частка iх была знiшчана царскiмi войскамi яшчэ на стадыi фармiравання, iншыя — бяздзейнiчалi, не хапала зброi i г. д. Найбольшага поспеху дамогся атрад Л. Звяждоўскага, якi ў ноч на 24 красавiка захапiў г. Горкi. Паўстанцаў падтрымалi студэнты Горы-Горацкага земляробчага iнстытута. Атрад захапiў зброю, грошы i днём пакiнуў горад. Пазней, з-за таго, што студэнты дапамагалі паўстанцам быў закрыты Горы-Горацкi iнстытут.
На тэрыторыi Вiцебскай, Мiнскай i Магiлёўскай губерняў паўстанне не атрымала развiцця. Да канца вясны на ўсходзе Беларусi яно было задушана. Толькi ў Гродзенскай губернi паўстанцы працягвалi ўпарта супрацiўляцца. Найбольш буйныя сутычкi адбылiся каля мястэчка Мiлавiды Слонiмскага павета, дзе да 20 мая сабралася некалькi атрадаў паўстанцаў — усяго каля 800 чалавек. Супраць iх было накiравана пяць рот салдатаў з гарматамi. Першы бой адбыўся 21 мая і працягваўся некалькi гадзiн. Урадавыя войскi не здолелi ўзяць лагер i вымушаны былi адступiць з вялiкiмi стратамi. На наступны дзень, ноччу, паўстанцы непрыметна пакiнулi лагер. У Гродзенскай губернi яны карысталiся падтрымкай сялян, дзейнiчалi пераважна дробнымi атрадамi, часта былi няўлоўнымi для ўрадавых войскаў.
Вясной 1863 г. адбыўся найвышэйшы ўздым паўстання ў Беларусi i Лiтве. Але, нягледзячы на асобныя поспехi, паўстанцы нiдзе не атрымалi рашучай перамогi. Яны перайшлi да тактыкi пазбягання адкрытых баёў з працiўнiкам. Паўстанне атрымала шырокi рэзананс у Еўропе i Расii. Многiя расiйскiя афiцэры i салдаты перайшлi на бок паўстанцаў, рэвалюцыянеры спрабавалi пашырыць узброеную барацьбу на цэнтральныя расiйскiя губернi, але беспаспяхова.
Сярод кiраўнiкоў паўстання адсутнiчала адзiнства, разгарнулася барацьба за ўладу. «Белыя», не жадаючы страчваць iнiцыятыву, усталявалі кантроль над ЦНК, а затым пастаралiся адхiлiць «чырвоных» на чале з К. Калiноўскiм ад кiраўнiцтва паўстаннем на Беларусi i ў Лiтве. У Вiльнi «белыя» пры падтрымцы прадстаўнiка Варшавы ў ЛПК Н. Дзюлерана створылі Аддзел кiравання правiнцыямi Лiтвы, прызнаны варшаўскiм цэнтрам азiным кiруючым органам на Беларусi i Лiтве. ЛПК быў распушчаны. К. Калiноўскi, радыкалiзм i аўтарытэт якога не задавальняў «белых», быў адхiлены ад кiраўнiцтва i накiраваны паўстанцкiм камiсарам у Гродзенскую губерню. Тут К. Калiноўскi разгарнуў бурную дзейнасць па пашырэннi паўстання i прыцягненнi на свой бок сялян.
Аддзел кiравання правiнцыямi Лiтвы iмкнуўся паралiзаваць мерапрыемствы «чырвоных». У склад мясцовых паўстанцкiх органаў былi ўведзены прыхiльнiкi «белых». Частка ўдзельнiкаў патрыятычнага руху не была гатова весцi самаахвярную барацьбу. Для iх больш прывабнай была рамантыка, жаданне заняць пасады ў рэвалюцыйных органах улады. Удзельнiкi ў паўстанцкай адмiнiстрацыi амаль раўнялiся колькасцi змагароў у паўстанцкiх атрадах.
Прычыны паражэння і падаўленне паўстання. Расiйскiм урадам былi кiнуты буйныя сiлы для падаўлення паўстання. У маi 1863 г. замест лiберальнага У. I. Назiмава вiленскiм генерал-губернатарам з неабмежаванымi паўнамоцтвамi быў прызначаны М. М. Мураўёў, якi атрымаў прозвiшча «вешальнiк» за бязлiтасную расправу над удзельнiкамi паўстання. З яго прыездам узмацнiлiся рэпрэсii, пачалося публiчнае пакаранне смерцю паўстанцаў, масавымi сталi высылкi без суда. Адначасова М. Мураўёў правёў шэраг мерапрыемстваў, якiя павiнны былi перацягнуць сялян на бок урада. У беларускіх і літоўскіх губернях былі значна зменены ўмовы адмены прыгоннага права. Мясцовым органам улады забаранялася выкарыстоўваць супраць сялян узброеную сiлу. Сялян сталi запрашаць да нагляду за «польскiмi» памешчыкамi, паўстанцамi. Маёмасць рэпрэсiраваных змагароў часткова перадавалася сялянам. Была разгорнута эфектыўная антыпаўстанцкая прапаганда.
У сваю чаргу кiраўнiцтва паўстаннем не зрабiла рэальных крокаў у бок сялянства, каб прыцягнуць яго ў шэрагi змагароў. Паўстанне было шляхецкiм па сацыяльнаму складу яго ўдзельнiкаў. Сяляне не прынялi актыўнага ўдзелу ва ўзброенай барацьбе. Iх было толькi 18 % сярод паўстанцаў i гэта пераважна дзяржаўныя сяляне.
У чэрвенi 1863 г. былi арыштаваны многiя члены Аддзела кiравання правiнцыямi Лiтвы, некаторыя пакiнулi свае пасады i эмiгрыравалi. У склад Аддзела былi ўведзены К. Калiноўскi i I. Малахоўскi. Кiраўнiцтва паўстаннем зноў перайшло ў рукi «чырвоных». Прыхiльнiкамi К. Каліноўскага створылі падпольны ўрад «Лiтоўска-Беларускi чырвоны жонд». Яго мэтай стала спроба адрадзiць паўстанне. У мясцовыя паўстанцкiя арганiзацыi былi прызначаны новыя кiраўнiкi, але рэальных поспехаў дасягнуць не ўдалося. У канцы жнiўня 1863 г. Варшаўскае кiраўнiцтва прыняло рашэнне аб спыненнi ваенных дзеянняў. Асобныя паўстанцы на Беларусi працягвалi барацьбу яшчэ восенню 1863 г. Летам 1864 г. была лiквiдавана апошняя паўстанцкая арганiзацыя ў Навагрудскiм павеце.
К. Калiноўскi планаваў зноў узняць паўстанне вясной 1864 г., але ў студзенi ён быў арыштаваны і ў сакавiку пакараны смерцю на Лукiшскай плошчы ў Вiльнi. Знаходзячыся ў турме, К. Калiноўскi напiсаў i перадаў на волю «Лiсты з-пад шыбенiцы». Гэты дакумент з’яўляўся палiтычным запаветам беларускаму народу, у якiм крытыкавалася русiфiкатарская палiтыка ў Беларусi. К. Калiноўскi заклiкаў сялян адстойваць свае правы, прычым любымi сродкамi.
Удзельнiкi паўстання падверглiся жорсткiм рэпрэсiям. Маёмасць iх была канфiскавана цi знiшчана. Маёнткi памешчыкаў — удзельнiкаў паўстання — забiралiся ў казну i на льготных умовах прадавалiся выхадцам з цэнтральных губерняў. Чыноўнiкi мясцовага паходжання былi звольнены са сваiх пасадаў. На тэрыторыi Беларусi i Лiтвы, па афiцыйных звестках, было пакарана смерцю 128 паўстанцаў, больш 850 чалавек накiравана на катаргу, каля 12,5 тысяч чалавек высланы за межы Беларусi. Многiя касцёлы i манастыры былі зачынены. Польская мова была выключана з ужытку ў грамадскім жыцці, навучальных i асветных устаноў. Пачалася палiтыка ўзмоцненай русiфiкацыi, каб знiшчыць адрозненні ад цэнтральных расiйскiх губерняў.
Уплыў паўстання на ўрадавую палітыку ў Беларусі. Яшчэ ў час падаўлення паўстання былi ўведзены абмежаваннi ў сферы землеўладання i землекарыстання ў дачыненнi да палякаў, беларусаў-католiкаў, а таксама яўрэяў. Гэтыя меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi.
Пасля паўстання 1863 г. урад вярнуўся да палiтыкi прыпiскi да падатковых саслоўяў бяззямельнай i неаселай шляхты, якая праявiла актыўнасць у нацыянальным руху. У новых правiлах 1864 г. былi абцяжараны шляхi пацвярджэння шляхтай сваёй дваранскай годнасцi, што выклiкала некаторае скарачэнне колькасцi прадстаўнiкоў вышэйшага саслоўя. У беларускiх губернях была прыпынена дзейнасць дваранскiх саслоўных выбарных органаў, а таксама зачынены дваранскiя вучылiшчы, заканчэнне якiх давала права паступаць на дзяржаўную службу. На тэрыторыi Беларусi пасля паўстання некалькі год захоўвалася ваеннае становiшча. Дваранства ў той час не мела права збiрацца разам па некалькi чалавек, нават на сямейныя ўрачыстасцi, без асобага дазволу мясцовых улад. Захоўвалiся штрафы i кантрыбуцыйныя зборы, якiя спачатку накладвалiся бескантрольна i пераўтварылiся ў крынiцу дадатковых даходаў мясцовых улад, а па распараджэнню, з 1866 г. накладвалiся толькi са згоды губернатара. У канцы 60-х гг. урад меў пэўныя хiстаннi ў сваёй палiтыцы ў дачыненнi да дваранства заходніх губерняў. Але ў канчатковым вынiку, адмовiўшыся ад зменаў у сферы абмежаванняў, урад пайшоў па шляху выключэнняў з правiла, вызваляў ад дзеяння закона асобных дваран, паказваючы гэта як акт асаблiвай ласкi.
Паўстанне 1863 г. зрабiла вялiкi ўплыў. Яго падзеi прымусiлi расiйскi ўрад пайсцi на больш выгадныя для сялян умовы адмены прыгоннага права ў Беларусi i Лiтве. Паўстанне садзейнiчала ажыўленню апазiцыйнага руху ў Расiйскай iмперыi i краiнах Заходняй Еўропы, абуджэнню беларускага нацыянальнага руху. разам з тым, паўстанне затрымала правядзенне буржуазных рэформ 60—70-х гг. у Беларусі, прыпынiла станаўленне мясцовай iнтэлiгенцыi.
