- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
Аграрная рэформа 1861 г. Да сярэдзiны XIX ст. вызначылiся прыкметы разлажэння феадальна-прыгоннiцкай сiстэмы. Яна перашкаджала развiццю буржуазных адносiн, мадэрнiзацыйным працэсам у гаспадарцы i грамадстве. Сяляне не мелi нармальных умоў для жыцця, выканання павiннасцяў на карысць дзяржавы і сваiх уладальнiкаў. Значная частка памешчыцкiх гаспадарак была нерэнтабельнай. Каб павялiчыць даходнасць сваiх маёнткаў, памешчыкi памяншалi сялянскiя надзелы, абеззямельвалi прыгонных. Iмкненне павялiчыць даходнасць гаспадарак праз узмацненне эксплуатацыі сялянства выклікала супрацiўленне. Да канца 50-х гг. XIX ст. сялянскi рух узрастае. У 1858—1860 гг. на Беларусi адбылiся 42 хваляваннi, з якiх 11 былi падаўлены з дапамогай вайсковай сілы. Спецыфiчнай формай сялянскага руху напярэдаднi адмены прыгоннага права стаў «цвярозы рух». Ён разгарнуўся на тэрыторыi Беларусi, Лiтвы i некаторых iншых частак Расiйскай iмперыi. Сяляне адмаўлялiся набываць у сваiх памешчыкаў гарэлку, што стала дадатковай i даволi цяжкай павiннасцю. Штогод сялянiн абавязаны быў выкупiць у свайго гаспадара вызначаную колькасць вёдраў гарэлкi, нават калi ён гэты напой не спажываў. Каталiцкiя святары выкарысталi «цвярозы рух» для антырасiйскай прапаганды напярэдаднi паўстання 1863 г. Яны даводзiлi сялянам, што расiйскi ўрад вельмi зацiкаўлены ў спойваннi сялян.
Расiйскi урад вымушаны быў стаць на шлях практычнага ажыццяўлення адмены прыгоннага права. У студзенi 1857 г. пад кiраўнiцтвам Аляксандра II створаны Сакрэтны камiтэт для абмеркавання мерапрыемстваў, звязаных з падрыхтоўкай i правядзеннем сялянскай рэформы. Урад падштурхнуў iнiцыятыву з боку памешчыкаў Вiленскай, Гродзенскай, Ковенскай губерняў: накiраванне праз вiленскага генерал-губернатара У. I. Назiмава адрасоў iмператару Александру II, дзе выказвалася згода на вызваленне сялян, але без зямлi. У адказ на адрасы 20 лiстапада 1857 г. выйшаў рэскрыпт Аляксандра II на iмя У. I. Назiмава, якi абвяшчаў пачатак падрыхтоўкi сялянскай рэформы. Зварот да беларускiх i лiтоўскiх памешчыкаў у сувязi з пачаткам рэформы быў абумоўлены большай уцягнутасцю рэгiёну ў рынкавыя адносiны; перасцярогай урада ў сувязi з магчымым аб’яднаннем сялянскага руху з польскiм нацыянальна-вызваленчым; зацiкаўленасцю мясцовых памешчыкаў у больш iльготных для сябе ўмовах правядзення рэформы. Улічана таксама было суседства Польшчы і інфлянцкіх губерняў, дзе прыгоннае права ўжо адсутнічала.
19 лютага 1861 г. Аляксандр II падпiсаў «Палажэнне» i Манiфест аб адмене прыгоннага права. На беларускiя губернi было пашырана дзеянне агульнага i двух мясцовых палажэнняў. У агульным палажэннi вызначалiся асабiстыя i маёмасныя правы сялян, парадак утварэння сельскага кiраўнiцтва выканання сялянамi казённых, земскiх i грамадскiх павiннасцяў. Паводле палажэнняў памешчык заставаўся ўласнiкам усёй зямлi. Аднак частка яе выдзялялася сялянам для надзелу, якi давалія iм у карыстанне. Да заключэння выкупной здзелкi сялянiн знаходзiўся ў часоваабавязаным стане i мусiў выконваць на карысць памешчыка вызначаныя павiннасцi.
Мясцовыя палажэннi вызначалi канкрэтны парадак землеўпарадкавання сялян i выканання iмi павiннасцяй. На Вiцебскую i Магiлёўскую губернi пашыралася «Палажэнне для губерняў вялiкарасiйскiх, новарасiйскiх i беларускiх». У Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернях рэформа ажыццяўлялася паводле мясцовага палажэння для гэтых губерняў. Вылучэнне iх ў асобную групу было выклiкана панаваннем тут падворнага землекарыстання, увядзеннем iнвентароў i палiтычнымi меркаваннямi, звязанымi з блiзкасцю Польшчы.
У беларускiх паветах Віцебскай i Магiлёўскай губерняў, дзе захавалася абшчыннае сялянскае землекарыстанне, памеры зямельных надзелаў устанаўлiвалiся: вышэйшы — ад 4 да 5,5 дзесяцiн, нiжэйшы — 1/3 вышэйшага. За аснову бралася тое, што сяляне павiнны былi атрымаць такую колькасць зямлi, якой яны карысталiся да рэформы. Калi памер надзелу перавышаў вышэйшы, памешчык меў права адрэзаць лiшак на сваю карысць. За карыстанне поўным надзелам сяляне павiнны былi плацiць аброк або адбываць паншчыну (40 мужчынскiх i 30 жаночых дзён у год). У абшчынах захоўвалася кругавая парука для спраўнага выканання сялянамi павiннасцяў.
У Вiленскай, Гродзенскай i Мiнскай губернях сялянам перадаваліся туя зямлю, якой яны карысталiся да 1861 г. адпаведна iнвентарам. У тым выпадку, калi ў сялян зямлi было больш, чым паказана ў iнвентары, або калi ў памешчыка заставалася менш 1/3 прыдатных зямель, то апошнi меў права адрэзаць на сваю карысць 1/6 частку сялянскага надзела. Памер павiннасцяў устанаўлiваўся не больш: аброк — 3 рублі з дзесяцiны, паншчына — 23 дні на год. За выкананне павiннасцяў сяляне неслi асабiстую адказнасць перад памешчыкам.
Зямля трапляла ва ўласнасць сялянiна праз выкуп. Правiлы выкупной аперацыi былi аднолькавымi для ўсiх губерняў, выкупная сума вызначалася такiм чынам, што ў выпадку ўкладання яе ў банк, пры ўмове 6 % гадавых, памешчык павiнен быў атрымлiваць даход, роўны гадавому аброку.
Дзяржава для ажыццяўлення выкупнўй аперацыi давала сялянам доўгатэрмiновую грашовую пазыку. Сяляне станавiлiся даўжнiкамi дзяржавы на 49 гадоў i павiнны былi выплачваць ёй доўг высокiмi працэнтамi, т. зв. выкупныя плацяжы. Памер выкупу значна перавышаў фактычны кошт зямлi.
Практычнае ажыццяўленне рэформы ўскладалася урадам на мiравых пасрэднiкаў, павятовыя мiравыя з’езды i губернскiя прысутнасцi па сялянскiх справах. Мiравым пасрэднiкам, якiя прызначалiся губернатарамi з лiку мясцовых памешчыкаў, падпарадкоўвалiся сялянскае кiраванне некалькiх валасцей.
Умовы адмены прыгоннага права не былi прыняты сялянствам, пашырыўся яго рух. Калi пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863 г., урад iмкнуўся перасцерагчы далучэнне беларускiх сялян да паўстанцаў. Царскi ўрад вымушаны быў пайсцi на ўступкi сялянам. 1 сакавiка 1863 г. выйшаў указ аб адмене часоваабавязаных адносiн у Вiленскай, Гродзенскай, Ковенскай i Мiнскай губернях i iнфлянцкiх паветах Вiцебскай губернi. 2 лiстапада 1863 г. указ быў пашыраны на Магiлёўскую i беларускiя паветы Вiцебскай губернi. Указ уводзiў абявязковы выкуп сялянскiх надзелаў. Выкупныя плацяжы за надзельную зямлю панiжалiся на 20 %. Сяляне пераходзiлi ў разрад сялян-уласнiкаў i павiнны былi ўносiць выкупныя плацяжы, былi павялiчаны зямельныя надзелы, за сялянамi замацоўвалiся сервiтутныя ўгоддзi (пашы, вадапоi i г. д.), якiмi яны карысталiся да рэформы 1861 г. У адрозненне ад унутраных губерняў Расiйскай iмперыi, феадальныя адносiны ў Беларусi былi лiквiдаваны ў 1863 г. праз спыненне часоваабавязанага становiшча сялян. Змянiлася i землеўладкаванне дзяржаўных сялян Беларусi. Згодна законам ад 16 мая 1867 г. аброчны падатак ператварыўся ў выкупныя плацяжы i дзяржаўныя сяляне станавiлiся ўласнiкамi зямельных надзелаў.
Судовая, гарадская, ваенная, цэнзурная, школьная рэформы і іх значэнне. Адмена прыгоннага права, буржуазнае развiццё краiны абумовiлi неабходнасць правядзення ў Расійскай імперыі шэрагу рэформаў: земскай (1864), судовай (1864), гарадскога самакiравання (1870), вайсковай (1862, 1874), школьнай (1864), а таксама некаторых пераўтварэнняў у галінах фiнансаў, цэнзуры. У Беларусi гэтыя рэформы былi праведзены пазней i са значнымi адхiленнямi ў параўнаннi з агульнарасiйскiмi нормамi. Прычынамі гэтага сталі напружанае становiшча ў Беларусі ў сувязi з паўстаннем 1863 г. і неабходнасць барацьбы з польскiмi ўплывамi.
Земская рэформа 1864 г. была распаўсюджана на тэрыторыi Беларусi толькi ў 1911 г. i закранула Вiцебскую, Мiнскую, i Магiлёўскую губернi. Урад непакоiла магчымае ўзмацненне польскага ўплыву ў земскiх выбарных органах. Па гэтай прычыне рэформа не была пашырана на Віленскую і Гродзенскую губерні. Земствы садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры. Яны ўдзельнічалі ва ўтрыманні царкоўна-прыходскіх школ, арганізоўвалі санітарны нагляд, займаліся статыстыкай, садзейнічалі развіццю кустарных промыслаў і г. д. Земствы дзейнічалі да канца 1917 г.
З усiх буржуазных рэформаў 60—80-х гг. найбольш паслядоўнай была судовая. У аснову яе былi пакладзены: бессаслоўнасць суда, спаборнiцтва бакоў, галоснасць судаводства i незалежнасць суддзяў. Быў створаны спецыяльны iнстытут прысяжных павераных (адвакатаў), iнстытут прысяжных засядацеляў (суддзяў-непрафiсiяналаў), якiя ўдзельнiчалi ў крымiнальных працэсах i выносiлi канчатковае рашэнне аб вiнаватасцi цi невiнаватасцi падсуднага. Для разгляду дробных злачынстваў i нязначных iскаў быў створаны мiравы суд са спрошчаным судаводствам. Стваралася стройная сiстэма судовых устаноў: акруговыя суды, судовыя палаты, сенат; для ўсiх саслоўяў уводзiўся адзiны акруговы суд.
Судовая рэформа на Беларусi пачала праводзiцца з 1872 г. з увядзеннем мiравых судоў. Васьмiгадовая затрымка правядзення рэформы была звязана з iснаваннем на тэрыторыi Беларусi да 1868 г. вайсковага становiшча i дзейнасцю следчых камiсiй па справах за ўдзел у паўстаннi 1863 г. З-за адсутнасцi ў Беларусi земскiх устаноў мiравыя суддзi тут не выбіраліся, а прызначалiся мiнiстрам юстыцыi з лiку памешчыкаў лаяльных да ўрада, г. зн. Беларусь адразу была пазбаўлена адной з галоўных рыс рэформы — выбарнасцi суддзяў.
Вышэйшыя судовыя iнстанцыi — акруговыя суды, судовыя палаты, а таксама пракуратура, iнстытуты прысяжных павераных i засядацеляў у Беларусi былi ўведзены толькi ў 1882 г. Да гэтага часу ўрад звузiў межы судовай рэформы, асаблiва адносна незалежнасцi суддзяў. У 1889 г. замест мiравых судоў быў уведзены iнстытут земскiх начальнiкаў, якiя прызначалiся губернатарамi, мiнiстрам унутраных спраў.
Рэформа гарадскога самакiравання на тэрыторыi Беларусi была праведзена ў 1875 г. У адрозненне ад дарэформенных гарадскiх устаноў, новы закон абвяшчаў самакiраванне бессаслоўным. Выбарчым правам карысталiся ўсе плацельшчыкi гарадскiх падаткаў. Аднак прынятая сiстэма выбараў гарадскiх галосных аўтаматычна забяспечвала большасць заможным гараджанам. Органы гарадскога самакiравання (гарадская дума i гарадская ўправа) займалiся арганiзацыяй камунальнай гаспадаркi i транспарту, пытаннямi сiстэмы адукацыi i аховы здароўя, добраўпарадкаваннем тэрыторыi i зборам падаткаў. У 1892 г. было зацверджана новае палажэнне, якое прадугледжвала ўзмацненне дзяржаўнага кiравання за дзейнасцю гарадскiх органаў самакiравання і павелiчэнне маёмаснага цэнзу.
Школьная рэформа праводзiлася адпаведна «Палажэнню аб пачатковых народных вучылiшчах» (1864) i «Статуту гiмназiй i прагiмназiй» (1864). Школа станавілася бессаслоўнай і агульнадаступнай, аднак склад навучэнцаў у сярэдняй i вышэйшай школе рэгуляваўся высокай аплатай за навучанне. У вынiку рэалiзацыi школьнай рэформы значна пашыраецца сетка пачатковых школ, якiя дазволена было адкрываць грамадскiм установам i прыватным асобам з падначаленнем iх саветам вучылiшчаў. Адпаведна статуту дзейнiчалi гiмназii двух тыпаў: класiчныя i рэальныя. У класiчных гiмназiях вялiкая ўвага надавалася вывучэнню старажытных моў i дысцыплiн гуманiтарнага профiлю, заканчэнне iх давала права паступлення ва ўнiверсiтэты без уступных экзаменаў. У рэальных гiмназiях павялiчвалася выкладанне прыродазнаўчых дысцыплiн, замежных моў. Выпускнiкi маглi паступаць у вышэйшыя тэхнiчныя навучальныя ўстановы. У 1871 г. быў зацверджаны новы статут гiмназiй. Тэрмiн навучання ў класiчных гiмназiях павялiчваўся з 7 да 8 гадоў, пашыралася выкладанне старажытных моў i матэматыкi. Рэальныя гiмназii былi пераўтвораны ў рэальныя вучылiшчы i тэрмiн навучання ў iх скарачаўся з 7 да 6 гадоў. Важнымi элементамi дзейнасцi ўрадавых арганiзацый у сферы адукацыi Беларусi 60—90-х гг. XIX ст. стала штучнае стрымлiванне развiцця вышэйшай i сярэдняй адукацыi і адначасова значнае павелiчэнне колькасцi пачатковых школ, адкрыццё шэрагу настаўнiцкiх семiнарый, дзе навучалася сельская моладзь.
Некалькi пашырыліся магчымасцi друку ў вынiку прыняцця новага цэнзурнага статута 1865 г. Паводле яго, абмяжоўвалася самавольства ўлад у галiне выдавецкай справы. Адмянялася папярэдняя цэнзура для кнiг вялiкага аб’ёму. Аднак масавыя выданнi, якiя прызначалiся для шырокага кола чытачоў, павiнны былi праходзiць папярэднюю цэнзуру. Асобныя перыядычныя органы друку маглi быць вызвалены ад яе спецыяльным дазволам мiнiстра ўнутраных спраў i пры ўмове ўнясення вялiкага грашовага закладу. Выдаўцы i рэдактары прыцягвалiся да адказнасцi за сваю дзейнасць толькi праз суд. Для правiнцыяльных масавых выданняў, у тым лiку i на Беларусi, захоўвалася папярэдняя цэнзура.
Адной з першых пачалася рэалiзацыя вайсковай рэформы. У 1862 г. Расiйская iмперыя была падзелена на вайсковыя акругi, тэрмiн вайсковай службы быў скарочаны да 7—8 гадоў. У пачатку 1874 г. была ўведзена ўсеагульная вайсковая павiннасць для мужчын, якiя дасягнулi 20-гадовага ўзросту. Тэрмiн службы ў сухапутных войсках панiжаўся да 6, а на флоце — да 7 гадоў. Асобы, якiя мелi вышэйшую адукацыю, служылi ў армii 6 месяцаў, сярэднюю — 1,5 года, пачатковую — 4 гады i г. д.
Рэжым абмежавальных законаў. Мадэрнiзацыйны напрамак рэформ 60—80-х гг. у Беларусi быў больш абмежаваным, чым у цэнтральных губернях Расiйскай iмперыi, што абумоўлена задачамі нацыянальна-канфесiйнай i саслоўнай палiтыкi ўраду у заходнiх губернях. Яшчэ ў час падаўлення паўстання 1863 г. былi ўведзены абмежаваннi ў сферы землеўладання i землекарыстання ў дачыненнi да палякаў, беларусаў-католiкаў, а таксама яўрэяў. Паводле закона ад 5 сакавiка 1864 г., «асобам польскага паходжання» i яўрэям у заходнiх i паўднёва-заходнiх губернях Расiйскай iмперыi было забаронена набываць землеўладаннi, прададзеныя за даўгі, а таксама распараджацца землямі, купленымі на льготных умовах, карыстацца правам на льготы i пазыкi. Права набыцця маёнткаў, канфiскаваных ва ўдзельнiкаў паўстання 1863 г., мелi прыезджыя памешчыкi i чыноўнiкi з унутраных губерняў Расii i мясцовыя буйныя праваслаўныя землеўладальнікі. Праводзiлася мэтанакiраваная палiтыка па скарачэнні памераў землеўладання памешчыкаў-католiкаў i пашырэнні рускага, пераважна буйнага, землеўладання. Неўзабаве яўрэi рысы аседласцi наогул былi пазбаўлены права набываць зямлю. Законам ад 10 снежня 1865 г. палякам і беларусам-католікам таксама было забаронена набываць ва ўласнасць маёнткi, за выключэннем уладанняў, якiя перадавалiся ў спадчыну. У маi 1882 г. урад забараніў яўрэям у межах рысы аседласцi пастаянна жыць па-за межамi гарадоў i мястэчак, а таксама арандаваць, прымаць у заклад i кiраваць нерухомай маёмасцю. У 1887 г. забарона на набыццё зямлi ў сельскай мясцовасцi (за выключэннем Магiлёўскай губернi) была распаўсюджана на замежных грамадзян. Апошнія меры былi скiраваны на перадухiленне канкурэнцыi для мясцовых памешчыкаў з боку яўрэйскай буржуазii i iншаземцаў. Абмежавальныя законы ў дачыненнi да рассялення яўрэяў прывялi да штучнай канцэнтрацыi iх ў гарадах i мястэчках Беларусi.
