Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Беларусь у першай палове XIX ст.

Тэрыторыя Беларусі ў пачатку ХІХ ст. складала 207 тыс. км2. Яе землі былі пераважна гліністыя, пясчаныя ці супясчаныя, месцамі камяністыя і патрабавалі стараннай апрацоўкі і добрага ўгнаення. Значная частка тэрыторыі Беларусі была пакрыта лясамі, шматлікімі азёрамі і балотамі. Большую частку насельніцтва складалі беларусы. На тэрыторыі беларускіх зямель таксама жылі рускія, украінцы, літоўцы, латышы, палякі, татары і яўрэі.

Саслоўная структура насельніцтва Беларусі зацвердзіла падзел на прывілеяваных і падатковых. Вышэйшымі прывілеяванымі саслоўямі былі дваранства, духавенства, купецтва і нешматлікая група паважаных гараджан (з 1832 г.). Усе яны пазбаўляліся рэкрутчыны, цялесных пакаранняў, падушнага падатку і іншых дзяржаўных павіннасцяў.

Асноўную масу падатковага саслоўя і ўсяго насельніцтва Беларусі (53,5 %) складалі прыгонныя сяляне, якія падзяляліся на дзве асноўныя групы — памешчыцкія і дзяржаўныя. Другім падатковым саслоўем былі мяшчане — асабіста свабоднае насельніцтва гарадоў, якое павінна было плаціць падушны падатак, адбываць рэкрутчыну і выконваць грашовыя і натуральныя павіннасці.

У першай палове ХІХ ст. на Беларусі ўтвараецца асобная, новая для яе, не падатковая, але і не прывілеяваная група насельніцтва — разначынцы, г. зн. выхадцы з «розных чыноў і званняў».

На беларускіх землях былі распаўсюджаны агульныя прынцыпы расійскага кіравання. Дзеля гэтага ў 1796 г. была праведзена адмі­ністрацыйная рэформа. На Беларусі ствараліся губерні: Беларуская з губернскім горадам Віцебскам; Мінская з губернскім горадам Мінскам і Літоўская з губернскім горадам Вільняй.

У выніку новага адміністрацыйнага дзялення Расіі ў 1801—1802 гг. Беларуская губерня падзялілася на Магілёўскую і Віцебскую. Яны ўвайшлі ў склад Беларускага генерал-губернатарства. Літоўская губерня падзялілася на Гродзенскую і Віленскую, якія склалі разам з Мінскай губерняй Літоўскае генерал-губернатарства. Генерал-губернатары з’яўляліся даверанамі асобамі імператара і надзяляліся фактычна неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Выканаўчая ўлада ў губернях была перададзена губернатарам, якія кіравалі праз канцылярыі ў складзе віцэ-губернатара, саветнікаў, пракурора, сакратароў і іншых чыноўнікаў. Як правіла, склад вышэйшых чыноў набіраўся з рускіх саноўнікаў і чыноўнікаў.

Сацыяльная і нацыянальна-рэлігійная палітыка. Нягледзячы на розныя падыходы ў ажыццяўленні ўнутранай палітыкі ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст., расійскія ўлады аб’ядноўвала адно — землі былога Вялікага княства Літоўскага разглядаліся як спрадвечна рускія, таму адной з галоўных задач урад лічыў умацаванне саслоўнай і нацыянальна-рэлігійнай палітыкі.

Першым крокам у гэтым напрамку з’явілася ўвядзенне на Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Асноўная частка дзяржаўных зямель разам з сялянамі была раздадзена яшчэ Кацярынай ІІ рускім дваранам чыноўнікам, усяго на 180 550 душ. Павел І падараваў памешчыкам яшчэ каля 28 тыс. сялянскіх душ мужчынскага полу. У выніку гэтых падараванняў удзельная вага рускіх памешчыкаў ў сярэдзіне ХІХ ст. складала на Беларусі 1 %, а плошча іх землеўладання — 21,7 %. Пасля 1801 г. раздача маёнткаў у Беларусі была спынена ўрадам Аляксандра І з-за моцнага супраціўлення дзяржаўных сялян пераводу іх у разрад памешчыцкіх.

Новым ва ўрадавай палітыцы з’яўляўся дыферэнцыраваны падыход да розных груп беларускага дваранства. На першым плане была палітыка ў адносінах да дробнай шляхты, якая складала абсалютную большасць мясцовага прывілеяванага саслоўя, галоўнага распаўсюджвальніка апазіцыйных настрояў. Гэта палітыка заключалася ў т. зв. «разборы» шляхты, ў прыпісцы былых шляхціцаў да розных груп падатковага саслоўя. У адпаведнасці з указам, асобы, якія не даказалі дакументамі свайго шляхецтва, не былі зацверджаны ў дваранскім званні. Яны пазбаўляліся права валодаць маёнткамі і павінны былі прадаць сваю ўласнасць.

І хоць «разбор» шляхты быў дэклараваны яшчэ ў 1772 г., яго рэалізацыя праводзілася марудна, непаслядоўна, асабліва з прычыны ўскладненай юрыдычнай сістэмы доказаў дваранскага паходжання. Разбор праводзіўся дзеля пашырэння фіскальнай практыкі ўрада, павелічэння колькасці плацельшчыкаў падаткаў і пастаўшчыкоў рэкрутаў.

Наступным крокам, які павінен быў умацаваць пазіцыі расійскага ўрада, было паступовае абмежаванне правоў апазіцыйнага мясцовага дваранства. Адным са шляхоў паслаблення пазіцый дробнага дваранства была канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці.

Канфіскацыі праводзіліся ў некалькі этапаў. З 1773 па 1775 г. яны былі накіраваны супраць той часткі магнатаў і шляхты, што не захацела прынесці прысягу новаму гаспадару, а пазней — супраць удзельнікаў паўстання Тадэвуша Касцюшкі. У 1812—1813 гг. пачалася новая хваля канфіскацый. Яна была звязана з вайной 1812 г. У выніку становішча магнатаў і шляхты пагоршылася, а іх імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай узмацнілася.

Пры Аляксандры І урад лічыўся толькі з дваранствам. Мерапрыемствы расійскага ўрада па сялянскім пытанні не маглі не зацікавіць беларускіх памешчыкаў. «Вызваленне сялян» у Остзейскім краі (частка Латвіі) ў 1816—1819 гг. (сяляне атрымлівалі асабістую свабоду, а памешчык заставаўся ўласнікам усіх зямельных угоддзяў) умацавала памешчыкаў памежных раёнаў у жаданні беззямельнага вызвалення сялян. Дзінабургскае дваранства Віцебскай губерні стварыла камітэт для выпрацоўкі адпаведнага палажэння. Аднак работа над ім зацягнулася надоўга і не была рэалізавана.

Частка магнатаў і буйных землеўласнікаў звязвала надзеі на аднаўленне Рэчы Паспалітай з аўтаноміяй у складзе Расіі. З гэтай мэтай у канцы 1811 г. — пачатку 1812 г. М. Агінскі падрыхтаваў праект аб адраджэнні Вялікага княства Літоўскага пад пратэктаратам Расіі паводле прыкладу Фінляндыі. План аказаўся нерэалізаваным. Але разам з тым адыграў пэўную ролю ў фарміраванні ўрадавай палітыкі на тэрыторыі заходніх губерняў імперыі.

Адным са сродкаў рашэння сялянскага пытання было ўвядзенне ваенных пасяленняў дзеля таго, каб стварыць з сялян ізаляваную ваенную касту, якая б забяспечвала сябе харчаваннем і фуражом і з’яўлялася апорай ураду. Аднак вопыт іх стварэння ў Магілёўскай і Віцебскай губернях быў няўдалы. Яны не вырашылі ніводную з пастаўленых задач.

Асноўным зместам канфесіянальнай палітыкі на тэрыторыі Беларусі было аднаўленне страчаных пазіцый праваслаўя. Нягледзячы на сваё пануючае становішча, праваслаўная царква знаходзілася ў цяжкім стане. Веруючымі ў асноўным былі прыгонныя сяляне, бедная шляхта і мяшчане. Дваранства, пераважна каталіцкае, мала клапацілася пра ўладкаванне праваслаўных прыходаў. Шырокай свабодай карысталіся католікі і нават пратэстанты. З дазволу імператара па ўсёй Беларусі зацвярджаліся езуіцкія місіі. Полацкая езуіцкая калегія загадам ад 12 студзеня 1812 г. была ўзведзена ў ранг акадэміі з правамі універсітэта. Толькі пасля вайны 1812 г., калі выявілася супрацоўніцтва каталіцкага духавенства з напалеонаўскай адміністрацыяй, езуіты былі выгнаны з Расіі, а іх маёмасць канфіскавана. Тады ж была закрыта і Полацкая акадэмія (1820).

Айчынная вайна 1812 г. і лёс Беларусі. У пачатку ХІХ ст. галоўнымі суб’ектамі еўрапейскай палітыкі з’яўляліся Англія, Францыя і Расія. Францыя з прыходам да ўлады Напалеона захоплівала і ўсталёўвала кантроль над усё новымі тэрыторыямі. Такая сітуацыя пагражала інтарэсам Расійскай імперыі. Таму Расія працягвала ўдзельнічаць у ваенных кааліцыях еўрапейскіх манархій супраць Францыі. Пасля паражэнняў 1805—1807 гг. Расія была вымушана пайсці на заключэнне ў 1807 г. Тыльзіцкага міру, які меў антыбрытанскую накіраванасць. З тэрыторый былой Рэчы Паспалітай, захопленых Прусіяй, у 1807 г. было створана Герцагства Варшаўскае, да Расіі была далучана Беласточчына.

24 чэрвеня 1812 г. шматтысячная армія Напалеона перайшла граніцу з Расіяй. У складзе арміі была значная колькасць польскіх вайскоўцаў (каля 60—70 тыс. чалавек). Корпус пад камандаваннем князя Ю. Паня­тоўскага актыўна змагаўся на баку напалеонаўскай арміі супраць Расіі. Князь Дамінік Радзівіл за свой кошт стварыў уланскі полк.

28 чэрвеня 1812 г. французская армія заняла Вільню. Напалеон разлічваў, што шляхта Беларусі будзе да яго больш прыхільнай, калі ён абвесціць аб аднаўленні Вялікага княства Літоўскага. З гэтай мэтай у Вільні па распараджэнні Напалеона быў утвораны Часовы ўрад пад назвай «Камісія Вялікага княства Літоўскага». Дзейнасць Камісіі распаўсюджвалася на Віленскую, Гродзенскую, Мінскую губерні і Беластоцкую вобласць. Для Віцебскай і Магілёўскай губерняў было вызначана асобнае «польскае праўленне». Але гэтыя марыянетачныя ўрады павінны былі перш за ўсе забяспечваць усім неабходным французскую армію і папаўняць яе рэкрутамі. У хуткім часе ранейшае адміністрацыйнае дзяленне было зменена на французскі лад, галоўныя пасады занялі французскія военачальнікі-інтэнданты.

Шляхта амаль усюды сустракала французскія войскі як вызваліцеляў ад расійскіх захопнікаў. Просты ж беларускі народ у асноўным стаў на шлях партызанскай вайны з французамі.

Велізарнаму войску Напалеона ў межах Літвы, Беларусі і Паўночнай Украіны ў чэрвені 1812 г. супрацьстаялі тры рускія арміі: 1-я — пад камандаваннем генералаў М. Б. Барклая дэ Толі, 2-я — П. Баграціёна, 3-я — А. П. Тормасава.

Каб перакрыць французам шлях на Кіеў, 3-я армія была пакінута ў Валынскай губерніі. А 1-й і 2-й арміям патрэбна было злучыцца, каб пазбегнуць разгрому паасобку. У ліпені 1812 г. аказалася немагчымым злучэнне 1-й і 2-й армій у раёне Віцебска. Чарговым пунктам сустрэчы рускіх армій быў прызначаны Смаленск.

З 16 ліпеня да 1 жніўня 1812 г. Напалеон знаходзіўся ў Віцебску. Галоўны план Напалеона — разграміць рускую армію на Беларусі — не быў выкананы. У гэтых умовах ён меў намер пачаць перагаворы з Аляксандрам І у Віцебску. Але ад гэтага плана французскаму імператару прыйшлося адмовіцца. Яго армія, складзеная з прадстаўнікоў заваяваных краін, пачала развальвацца. Напалеон разумеў, што толькі новыя перамогі могуць выратаваць яго армію ад дэмаралізацыі.

22 ліпеня 1812 г. армія Баграціёна і Барклая дэ Толі злучыліся пад Смаленскам, а 2—5 жніўня адбылася Смаленская бітва, у якой Напалеон страціў больш за 14 тыс. чалавек. Пасля Смаленска рускую армію ўзначаліў М. І. Кутузаў. 26 жніўня адбылася генеральная бітва каля вёскі Барадзіно. Сфарміраваныя на Віцебшчыне чатыры палкі 3-й пяхотнай дывізіі, абаранялі на Барадзінскім полі вядомыя Баграціёнавы флешы. 24-я пяхотная дывізія, складзеная з ураджэнцаў Мінскай губерні, гераіч­на змагалася каля батарэі Раеўскага. Кутузаў, каб захаваць армію пакінуў Маскву, якую неўзабаве занялі французы. Не дачакаўшыся адказу Аляксандра І і на прапановы аб міры, Напалеон у пачатку кастрычніка 1812 г. пачаў адступаць з Масквы па спустошанай Смаленскай дарозе.

7 кастрычніка 1812 г. рускія войскі вызвалілі Полацк, 26 кастрычніка — Віцебск, 4 лістапада — Мінск.

Завяршальны ўдар па французах быў нанесены рускімі вайскамі пры іх пераправе праз Бярэзіну. 30 тыс. іншаземных захопнікаў знайшлі тут сваю смерць. Пасля гэтага напалеонаўская армія фактычна перастала існаваць.

Вайна прынесла беларускаму народу вялікія бедствы. Многія гарады і вёскі былі разбураны і знішчаны. У гарадах Беларусі колькасць насельніцтва зменшылася ў 2—3 разы. Прыйшла ў заняпад сельская гаспадарка. Амаль напалову скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы. Расійскія ўлады не спяшаліся прымаць кардынальныя меры па стабілізацыі становішча. Прыгоннае права было захавана, працягваліся рэкруцкія наборы, падатковы прэс амаль не зменшыўся. У той жа час мясцовая шляхта, нават скампраметаваная супрацоўніцтвам з Напалеонам, у большасці захавала свае правы і прывілеі. Негатыўныя наступствы падзей 1812 г. адчуваліся на Беларусі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў.

Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух. Змена палі­тычнага курсу Расійскага ўрада. Знішчэнне імперыі Напалеона і ўсталяванне новага міжнароднага парадку, што атрымаў назву «венскай сістэмы», прывяло да тэрытарыяльнай перабудовы Заходняй Еўропы. У 1820 г. манархі Расіі, Аўстрыі і Прусіі падпісалі сумесную дэкларацыю аб правах гасудароў на ўзброенае ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы іншых краін дзеля барацьбы з рэвалюцыйным рухам без згоды іх урадаў. Гэта супала з пачаткам нацыянальна-вызваленчага руху ў Грэцыі і славянскіх краінах, что знаходзіліся пад турэцкім прыгнётам. У пачатку 20-х гг. аўстрыйскія войскі падавілі рэвалюцыі ў італьянскіх дзяржавах — Неапалітанскім каралеўстве і П’емонце, французскія — у Іспаніі. Аднак, ні цяжкія рэпрэсіі, ні шматлікія ахвяры не маглі спыніць імкненні народаў да волі і роўнасці. Рэвалюцыі 1830 г. у Францыі і Бельгіі, 1848 г. у Аўстрыі і Венгрыі нанеслі знішчальны ўдар па «венскай сістэме». Палітычныя дзеячы Еўропы добра ўсведамлялі неабходнасць хутчэйшых сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў, асабліва ў галіне аграрных адносін. Пачынаецца падрыхтоўка рэформ ў Прусіі, Аўстрыі, Расіі.

Польскія і расійскія дваранскія рэвалюцыянеры ў Беларусі. Новыя палітычныя тэндэнцыі не абмінулі Расію. У 1816—1819 гг. з’яўляюцца шматлікія праекты дзяржаўных пераўтварэнняў, асабістую свабоду атрымліваюць сяляне ў Прыбалтыцы. У 1815 г. уводзіцца канстытуцыя ў Каралеўстве Польскім. Аднак найбольш радыкальная і актыўная частка шляхецтва былой Рэчы Паспалітай не магла змірыцца з існаваннем куртатага польскага нацыянальнага дзяржаўнага ўтварэння, тым больш, што расійскі імператар неаднойчы рабіў намёкі на аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. Пры такой сітуацыі на яе тэрыторыі, у тым ліку і ў Беларусі, узнікаюць канспіратыўныя рэвалюцыйныя суполкі. У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта заснавалі тайнае патрыятычнае таварыства філаматаў (ад грэч. — той, хто імкнецца да ведаў), члены якога першапачаткова ставілі асветніцка-культурныя мэты. Вынікам іх працы стала заснаванне філіялаў: «Таварыства прамяністых», «Саюза літаратараў». У 1819 г. у Свіслацкай гімназіі ўзнікае «Таварыства аматараў навук», члены якога прапаведавалі патрыятычныя ідэі волі і роўнасці.

У канцы 1820 г. філаматы заснавалі новую тайную арганізацыю філарэтаў (ад грэч. — аматары дабрачыннасці). Гэта таварыства ўключала ў сябе больш шырокія колы моладзі, у тым ліку за межамі Вільні. Галоўнай мэтай філарэтаў было аднаўленне Рэчы Паспалітай і адмена прыгоннага права. Яны імкнуліся да вывучэння беларуска-літоўскага краю, яго гісторыі, фальклору, побыту насельніцтва. У намеры віленскай моладзі ўваходзіла і ўзброенае выступленне. Аднак уладам стала вядома аб існаванні тайных юнацкіх арганізацый. 9 філарэтаў і 11 філаматаў былі высланы ва ўнутраныя губерні Расіі, у тым ліку А. Міцкевіч, Т. Зан, І. Дамейка. Тыя, што пазбеглі пакарання, працягвалі дзейнічаць у кірунку польскага нацыянальнага адраджэння.

Беларусь — арэна дзейнасці дзекабрыстаў. Пасля паўстання Сямёнаўскага палка ў Пецярбургу (1820) на заходнюю ўскраіну імперыі былі пераведзены гвардзейскія часці, у якіх служылі будучыя дзекабрысты А. Бястужаў, М. Лунін, А. Адаеўскі, К. Рылееў і інш. М. Mypaўёў, кіpaўнік «Паўночнага таварыства», падчас знаходжання ў Мінску напісаў свой першы варыянт канстытуцыі. У Віцебску жыў і вучыўся вядомы дзекабрыст, сябра «Таварыства з’яднаных славян» І. Гарбачэўскі. Дзекабрысты распрацоўвалі план паўстання ў Бабруйскай цытадэлі, што дало б штуршок дзяржаўнаму перавароту ў імперыі.

Як дзекабрысты, так і польскія рэвалюцыянеры вялікае значэнне надавалі прапагандысцкай рабоце сярод салдат і афіцэраў «Асобнага літоўскага корпуса», які размяшчаўся ў Гродзенскай губерні. Пад іх уплывам у пачатку 1825 г. у Літоўскім корпусе ўзнікла «Таварыства ваенных сяброў» на чале з капітанам К. Ігельстромам. 24 снежня 1825 г. таварыства спрабавала падняць паўстанне сярод салдат Літоўскага корпуса ў Бабруйску, але яно было падаўлена. Правалам скончылася і спроба сяброў «Таварыства з’яднаных славян», якія мелі намер падняць паўстанне ў Палтаўскім палку ў Бабруйску ў лютым 1826 г.

Дзекабрысты і члены мясцовых тайных таварыстваў імкнуліся наладзіць супрацоўніцтва, каб агульнымі намаганнямі знішчыць самаўладдзе. Аднак, як адзін, так і другі бок не ўздымалі пытання аб самастойным развіцці Беларусі.

У 1824—1825 гг. урад, улічваючы, што цэнтрамі большасці тайных таварыстваў былі навучальныя ўстановы, прыняў меры па нагляду за навучэнцамі. У адпаведнасці з указам Аляксандра І жыхарам Беларусі і Літвы забаранялася адпраўляць дзяцей на вучобу ў замежныя універсітэты. Чыноўнікі абавязаны былі даваць падпіску аб недачыненні студэнтаў і настаўнікаў да тайных суполак. Але гэта не спыніла далейшага развіцця грамадска-палітычнага руху на Беларусі.

Паўстанне 1830—1831 гг. У лістападзе 1830 г. у Варшаве шляхецкія рэвалюцыянеры было паднялі паўстанне супраць расійскага самаўладдзя. Паўстанне выклікалі незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай, парушэнне самаўладдзем польскай Канстытуцыі 1815 г. Рэвалюцыйныя cілы Польшчы адстойвалі лозунгі буржуазна-дэмакратычных пераўтварэнняў, але яны не змаглі ўзначаліць паўстанне. Кіраўніцтва ім узялі ў свае рукі польскія арыстакраты, якія, абапіраючыся на армію Царства Польскага і дапамогу заходнееўрапейскіх краін, імкнуліся дабіцца незалежнасці Рэчы Паспалітай у межах 1772 г. І правыя, і левыя ніякім чынам не ўздымалі пытання нацыянальнага вызначэння беларускага народа, які, на іх думку, павінен быў уліцца ў склад незалежнай Польшчы.

Царскі ўрад імкнуўся прадухіліць распаўсюджанне паўстання на тэрыторыю Беларусі, Літвы і Украіны. Тут было ўведзена ваеннае становішча. Аднак, у пачатку красавіка 1831 г. паўстанне ахапіла ўжо ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь (Ашмянскі, Браслаўскі, Дзісенскі і Вілейскі паветы). Ядро паўстанцаў складалі шляхта, навучэнцы, афіцэры-палякі, каталіцкае і уніяцкае духавенства. У паўстанні прымалі ўдзел каля 10 тыс. чалавек. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі той факт, што яго не падтрымалі шырокія пластынасельніцтва.

У жніўні 1831 г. паўстанне было падаўлена на ўсёй тэрыторыі Беларусі і Літвы, а потым і ў Польшчы. Але і пасля гэтых падзей палітычнае хваляванне на Беларусі і ў Літве не сціхала.

У 1836 г. па ініцыятыве Ф. Савіча пры Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі была створана адна з найбольш радыкальных у Беларусі і Літве тайных суполак — «Дэмакратычнае таварыства». У 1837 г. Ф. Савіч наладжвае сувязі з Пінскай і Слуцкай ячэйкамі тайнага таварыства «Садружнасць польскага народа», якое ўзначальваў польскі рэвалюцыянер-дэмакрат Ш. Канарскі. У «Прынцыпах дэмакратызму», статуце «Дэмакратычнага таварыства», былі абвешчаны ідэі сацыяльнай роўнасці, вызвалення сялян з зямлёй ад прыгоннай залежнасні, права кожнага народа на нацыянальную самастойнасць. У 1838 г. «Дэмакратычнае таварыства» было выкрыта, а праз год Ф. Савіч быў высланы на Каўказ у дзеючую армію. У 1846—1849 гг. у Ашмянах, Вільні, Гародне, Лідзе і Мінску дзейнічалі суполкі тайнай арганізацыі «Саюза свабодных братоў». Саюз меўся змагацца за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне, за свабодную Польшчу і Расію.

Змены ва ўрадавай палітыцы на Беларусі. 30-я гг. сталі пераломнымі ва ўрадавай палітыцы ў дачыненні да заходніх губерняў Раcіі. Прычынамі гэтаму былі: па-першае, рост апазіцыйных грамадска-палітычных настрояў і рухаў, па-другое, разлажэнне феадальна-прыгонніцкага ладу, якое паступова перарасло ў яго крызіс.

Урад пайшоў на сур’ёзны палітычны крок — поўнае зліццё далучаных губерняў з Расіяй. Важным мерапрыемствам у гэтым напрамку было ўвядзенне ўказам ад 1 студзеня 1831 г. расійскага заканадаўства ў Магілёўскай і Віцебскай губернях. На тэрыторыі Беларусі ўводзілася новае заканадаўчае палажэнне «Установа аб губернях», згодна з чым усім дзяржаўным установам і пасадам даваліся расійскія назвы.

У 1832 г. быў створаны «Асобы камітэт па справах заходніх губерняў», які распрацоўваў і ажыццяўляў мерапрыемствы па пашырэнні расійскага дваранскага землеўладання і расійскага ўплыву ў галіне кіpaвання і суда, у іншых сферах. У мясцовыя адміністрацыйныя органы пачалі прызначацца пераважна расійскія чыноўнікі, польская мова ў судовай справе замянялася на рускую.

У 1840 г. было поўнасцю адменена дзеянне Літoўскага Статута. Расійскае заканадаўства распаўсюдзілася на ўсю тэрыторыю Беларусі. Адначасова была праведзена адміністрацыйная рэформа. Яе вынікам стаў указ 18 ліпеня1840 г., паводле якога замест агульнага наймення Беларускіх і Літоўскіх губерняў выкарыстоўваць іх назвы: Віцебская, Магілёўская, Віленская і Гродзенская. Назвы «Белоруссия» і «белорусский край» не выключаліся з афіцыйнага ўжытку, паколькі мелі агульны корань «рос», які сведчыў, з пункту гледжання расійскага ўрада, аб адзінстве паходжання «трох плямён рускага народа».

Мерапрыемствы 1827—1830 гг. прадугледжвалі на рэфарміраванне уніяцкай царквы і збліжэнне яе з праваслаўем. Была створана асобная грэка-уніяцкая калегія, чатыры уніяцкія епархіі рэарганізаваны ў Беларускую і Літоўскую. У набажэнстве выкарыстоўваўся «мясцовы дыялект». У аснову уніяцкага навучання была пакладзена праваслаўная сістэма навучання. У Віленскай каталіцкай семінарыі забаранялася прымаць уніятаў. Для іх была створана асобная семінарыя ў Жыровічах (1828).

Польскае паўстанне 1830—1831 гг. вызначыла лёс уніяцкай царквы. У студзені 1837 г. кіраваць ёю стаў св. Сінод. 12 лютага 1839 г. у Полацку быў падпісаны «Саборны акт» аб уз’яднанні цэркваў і напісана прашэнне на вышэйшае імя. Да прашэння быў прыкладзены спіс 1 305 свяшчэннікаў, якія падтрымалі ўз’яднанне. «Сінадальны ўчынак» зацвердзіў Мікалай І. Уніятам былі пакінуты тыя абрады і звычаі, якія не супярэчылі сутнасці праваслаўя. Усяго ў 1839 г. уз’ядналася каля 1,5 млн вернікаў.

Аднак урад не спадзяваўся заваяваць трывалыя пазіцыі ў беларускіх і літоўскіх губернях пры дапамозе толькі адміністрацыйных мер. Ён пачынае пошук шырокай апоры ў масах працоўнага насельніцтва — сялянства. Дзеля гэтага ўрад распрацаваў сацыяльна-эканамічныя рэформы, якія прадугледжвалі мадэрнізацыю старых феадальных парадкаў і змякчэнне сістэмы феадальнага прыгнёту сялян.

Осаблівасці эканамічнага развіцця Беларусі. У канцы ХVІІІ ст. і ў першыя дзесяцігоддзі ХІХ ст. дзяржавы, у якіх ужо адбыліся буржуазныя рэвалюцыі, вельмі хутка дасягнула паласы эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу. Уперадзе былі Англія і Францыя. У Францыі адбываўся прамысловы пераварот, а ў Англіі ён ужо завяршыўся. Да пачатку другога дзесяцігоддзя ХІХ ст. каля паловы насельніцтва гэтых краін працавала ў прамысловасці і гандлі. Больш адсталыя еўрапейскія дзяржавы ўсе мацней адчувалі ціск на сваю эканоміку з боку перадавых капіталістычных краін.

Расія, нягледзячы на свае гаспадарчыя поспехі, значна адставала ад еўрапейскіх дзяржаў. І хоць новыя капіталістычныя формы эканамічнага жыцця ў прыгонніцкай Расіі праяўляліся ўсё больш ярка, працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін ішоў вельмі марудна.

Адной з асаблівасцяў развіцця сельскай гаспадаркі Белаpycі было панаванне буйнога двapанcкaгa землеўладання. У сярэдзіне 30-х гг. ХІХ ст. 3,6 % буйных памешчыкаў валодалі 50 % прыгонных сялян. Дробныя і сярэднія памешчыкі, якія мелі ў сваіх уладаннях да 100 душ прыгонных сялян, складалі 80 % агульнай колькасці і ўсяго 15,8 % сялян.

У сваіх маёнтках памешчыкі будавалі прамысловыя прадпрыемствы па перапрацоўцы сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны: суконныя, вінакурныя, цукраварныя, смалакурныя, жалезаапрацоўчыя. Вельмі прыбытковай галіной быў продаж лесу.

Асновай сельскай гаспадаркі з’яўлялася земляробства, ад якога памешчыкі атрымлівалі галоўную частку cвaіх прыбыткаў. Яны імкнуліся павялічваць плошчу ворных зямель. З канца ХVІІІ ст. да сярэдзіны ХІХ ст. плошча ворных зямель павялічылася ў 3—4 разы. Вырошчвалася жыта, авёс, ячмень. Вельмі папулярнай культурай была бульба. Яе пасевы з пачатку ХІХ ст. да канца 30-х гг. узраслі ў 20—25 разоў, таму што бульба ўжо была не агароднінай а палявой культурай. У многіх памешчыцкіх маёнтках пашыралася вытворчасць лёну. Раслі пасевы канапель, цукровых буракоў.

Важнейшым напрамкам спецыялізацыі памешчыцкіх гаспадарак, асабліва на Гродзеншчыне, становіцца танкарунная авечкагадоўля. На мяса-малочнай жывёлагадоўлі ў той час спецыялізаваліся толькі асобныя памешчыцкія гаспадаркі, дзе меліся вінакурныя заводы.

Некаторыя памешчыкі для павелічэння таварнасці гаспадаркі выпісвалі з Англіі сельскагаспадарчыя машыны, уводзілі шматпольны севазварот, паляпшалі пароды жывёлы. У памешчыцкіх гаспадарках стала шырэй выкарыстоўвацца наёмная праца, галоўным чынам на вытворчасці прамысловых вырабаў, будаўнічых работах. Прапагандай перадавых метадаў земляробства і жывёлагадоўлі займалася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, што існавала з 1826 г. па 1841 г. у Віцебску. Развіццю капіталістычных адносін спрыяла і тое, што мясцовае дваранства атрымала доступ да пазык у цэнтральных банках з правам закладу маёнткаў разам з сялянамі. Перад адменай прыгоннага права ў банках было закладзена каля 68 % беларускіх сялян. Так феадальная памешчыцкая ўласнасць пераўтваралася ў капіталістычную ўласнасць банкаў і крэдытных устаноў.

Асноўной вытворчай базай памешчыцкага маёнтка з’яўлялася сялянская гаспадарка. Зямельныя надзелы сялян у Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях адводзіліся ў падворнае карыстанне; у Віцебскай, за выключэннем інфлянцкіх (латышскіх) паветаў, і Магілёўскай губернях пераважала абшчыннае землекарыстанне. Размеркаванне зямельных надзелаў паміж сялянамі было нераўнамерным. Так, у канцы 50-х гг. сярэдні надзел у Віцебскай губерні складаў 6,5 дзесяцін (дзесяціна — 1,09 га), у Магілёўскай — 7,3 дзесяціны. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губернях асноўнай адзінкай зямельнага забеспячэння лічылася валока: каля 21 га сенажаці, ворыўнай і прысядзібнай зямлі на двор. Гэтых надзелаў ледзь хапала для забеспячэння пражыццёвага мінімуму сялянскай сям’і.

Дзяржаўныя сяляне таксама пакутавалі ад малазямелля. Сярэднія надзелы на рэвізскую душу складалі ў Гродзенскай губерні ад 1 да 2 дзесяцін, у Віцебскай і Магілёўскай — ад 3 да 5 дзесяцін. Гаспадарка сялян як дзяржаўных так і памешчыцкіх была вельмі прымітыўнай. Жывёлы не хапала, глеба ўгнойвалася рэдка, ураджаі былі нізкімі. У пошуках выйсця невялікая частка сялян займалася промысламі, гандлем і іншымі пабочнымі заробкамі.

Аднак, нягледзячы на уладаранне паншчыннай сістэмы, сялянская гаспадарка паступова звязвалася з рынкам. З пачатку ХІХ ст. развівалася і прамысловая дзейнасць сялян. Яны выраблялі на продаж ільняныя і суконныя тканіны, аўчыну, хатнія драўляныя рэчы.

Нягледзячы на слабасць рынкавых адносін і сувязяў, адсутнасць пастаянных промыслаў, пашыралася маёмасная дыферэнцыяцыя сярод сялян. 3’явіліся заможныя сяляне. Многія з іх арандавалі млыны, займаліся дробным гандлем, карысталіся ў сваіх гаспадарках рознымі механічнымі прыстасаваннямі. У той жа час у беларускай вёсцы расла колькасць беззямельных сялян, бабылёў, кутнікаў. Сяляне ў сваёй масе бяднелі, даходзілі да галечы і не маглі, як раней, несці павіннасці. Так, паншчына ў большасці маёнткаў заходняй і цэнтральнай Беларусі складала шэсць чалавека-дзён з сялянскай гаспадаркі.

Сацыяльныя супярэчнасці. Адным з яскравых паказчыкаў крызісу існуючай сістэмы быў сялянскі рух. Калі ў першай трэці ХІХ ст. адбылося 46 буйных сялянскіх хваляванняў, то ў другой трэці — больш за 90. Асаблівасцю сацыяльных супярэчнасцяўна Беларусі з’ўлялася іх пера­плятанне з нацыянальна-рэлігійнай варожасцю паміж сялянамі і панамі. Адной з самых распаўсюджаных форм пратэсту было тое, что сяляне пакідалі родныя месцы ў пошуках «вольных зямель». Так, у пачатку 40-х гг. 1200 прыгонных Беліцкага павета Магілёўскай губерні пакінулі сваё жыллё і групамі накіраваліся на пасяленне ў Херсонскую, Екацярына­слаўскую губерні і Бесарабію. Для таго, каб затрымаць і вярнуць іх на радзіму, выправілі ваенную каманду.

У канцы 40-х гг. сярод сялян Беларусі шырока распаўсюдзіліся чуткі, што рыхтуецца адмена прыгоннага права. У сувязі з гэтым сяляне пачалі часцей уцякаць ад памешчыкаў. У 1847 г. каля 10 000 сялян Віцебскай губерні групамі па 200 чалавек накіраваліся на будаўніцтва Нікалаеўскай чыгункі, спадзеючыся, што адпрацаваўшы там тры гады, яны будут вызвалены ад прыгоннай залежнасці. Аднак найбольш распаўсюджанымі формамі сялянскага руху з’яўляліся адмова ад выканання павіннасцяў, падачы «іскаў аб вольнасці» на імя цара і забойства прыгоннымі сваіх гаспадароў.

Барацьба дзяржаўных і памешчыцкіх сялян за паляпшэнне свайго становішча прымусіла ўрад змяніць сялянскую палітыку ў Беларусі, тым больш, што сялянскія выступленні сталі тут асаблівай пагрозай у сувязі з актывізацыяй польскага нацыянальнага руху.

Рэформа дзяржаўнай вёcкі. З 40-х гг. ХІХ ст. працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы на Беларусі як і ва ўсёй Pacіі, перарастае ў крызіc. У сельскай гаспадарцы ён выявіўся ў рэзкім зніжэнні прыбытковасці памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, абеззямельванні і збядненні сялянства, росце сацыяльных канфліктаў.

У гэтых умовах урад праводзіць рэформы, каб захаваць сістэму феадальнага землеўладання, падняць прыбытковасць памешчыцкай і дзяржаўнай вёскі, ураўняць гаспадарчы ўзровень сялян. Аўтарам адной з рэформ быў граф П. Д. Кісялёў — кіраўнік Міністэрства дзяржаўных маёмасцяў, прыхільнік абмежавання прыгоннага права.

Рэформа на Беларусі пачалася з дзяржаўнай вёскі. У Pacіі інстытут «дзяржаўнага феадалізму» выступаў як сістэма эксплуатацыі, пад якую непасрэдна падпадалі дзяржаўныя сяляне з боку казённага ведамства. Нормы эксплуатацыі дзяржаўных сялян абмяжоўваліся інвентарамі, ніхто не меў права іх перавышаць. На Беларусі дзейнічала сістэма часовага валодання. Дзяржаўныя маёнткі здаваліся ў арэнду мясцовым памешчыкам.

Розным было і прававое становішча дзяржаўных сялян Pacіі і Беларусі. З паскарэннем тэмпаў развіцця капіталізму ў Pacіі значна пашырыліся саслоўныя правы дзяржаўных сялян. Іх абвясцілі вольнымі грамадзянамі, яны маглі мяняць месца жыхарства, пераходзіць у іншыя cacлoўі, мяняць кірунак дзейнасці, звяртацца са скаргамі ў судовыя інстанцыі. На Беларусі прававое становішча дзяржаўных сялян было такое самае, як і памешчыцкіх. Часовы ўладар быў надзелены адміністрацыйнай, судовай і эканамічнай уладай над сялянамі. Але галоўнае адрозненне двух pэгіёнаў было ў сістэме збору феадальнай рэнты: у Pacіі дзяржаўныя маёнткі былі на падушным аброку, на Беларусі — на паншчыне.

Рэформа пачалася з перабудовы апарату кіравання дзяржаўнай вёскай. Агульнакіраўнічыя функцыі былі сканцэнтраваны ў Дэпартаменце дзяржаўных маёмасцяў Міністэрства фінансаў. З 1 студзеня 1836 г. яны перадаваліся новаму Міністэрству дзяржаўных маёмасцяў, першым міністрам якога быў прызначаны П. Д. Кісялёў. Замест чатырох’яруснай cіcтэмы мясцовага кіравання, уведзенай у расійскіх губернях, на Беларусі устанаўліваліся тры адміністрацыйныя ярусы: губерня — акруга — сельская ўправа. Абшчына ў выніку рэформы П. Д. Кі­сялёва была максімальна набліжана да агульнарасійскага ўзору. Было ўпарадкавана кіраванне дзяржаўнымі маёнткамі, уведзены жорсткі кантроль за часовымі ўладальнікамі, павышаны статус сельскіх абшчын.

Наступнай часткай рэформы П. Д. Кісялёва з’яўлялася палітыка «апякунства» над дзяржаўнымі сялянамі. Прадугледжвалася арганізацыя дапамогі cялянам на выпадак неўраджаяў і масавых эпідэмій, падзяжу жывёлы і высокай смяротнасці людзей, ставілася пытанне аб арганізацыі пачатковага навучання дзяцей дзяржаўных сялян, аказання медыцынскай дапамогі, правядзення розных агранамічных мерапрыемстваў, актыві­зацыі гандлю, развіцця сістэмы страхавання, барацьбы з п’янствам. Аднак, недахоп сродкаў, жаданне палепшыць сялянскі быт цалкам за кошт саміх жа сялян перашкаджалі ажыццяўленню планаў рэфарматараў.

Трэцяя і галоўная частка рэформы П. Д. Кісялёва — люстрацыя дзяржаўных маёмасцей. Гэта было мерапрыемства, якое ставіла тры мэты: дакладны ўлік дзяржаўных маёмасцяў, выраўноўванне гаспадарчага ўзроўню сялян шляхам скасавання малазямелля і рэгламентацыі павін­наснага прыгнёту, павышэнне плацёжаздольнасці дзяржаўных сялян.

У працэсе люстрацый знішчаліся фальваркава-прыгонная сістэма і сістэма часовага ўладання. Дзяржаўных сялян паскоранымі тэмпамі пераводзілі на пазямельны аброк. З фальваркавых зямель ім былі зроблены прырэзкі да надзелаў. Да канца 1857 г. на аброк былі пераведзены ўсе маёнткі Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай губерняў.

Адмова ад фальваркава-прыгоннай сістэмы і перавод на аброк з’явіліся галоўнымі вынікамі рэформы, якія вызначылі яе буржуазна-прагрэсіўны характар. Агульная плошча надзельнага фонду ў выніку рэформы П. Д. Кісялёва павялічылася на 10,73 %. Гэта мала што змяніла ў забяспечанасці сялян зямлёй, бо за гады рэформы колькасць рэвізскіх душ узрасла на 38,5 %. Але было крыху ўраўнавана становішча сялян, знізіўся павіннасны прыгнёт. Асабліва спрыяльныя перамены адбыліся ў прававым статусе дзяржаўных сялян. За імі прызнавалася грамадзянская свабода, што выгадна адрознівала іх ад бяспраўных памешчыцкіх падданых. Прынцыповае значэнне мелі правы ўступлення ў шлюб, бацькоўскія і апякунскія правы, правы атрымання спадчыны і ўласнасці, правы на занятак гандлем і промыслам.

Інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы. З 1840 г. П. Д. Кісялёў пачаў разглядаць інвентарнай рэформы, каб падцягнуць узровень памешчыцкай вёскі да дзяржаўнай. Памешчыкі рашуча сталі на абарону сваёй уласнасці. Паступова рэфармісцкія імкненні Камітэта па справах заходніх губерняў пачалі прыглушацца. У выніку рэформы дзяржаўнай вёскі ў дачыненні да памешчыцкай былі адхілены. Праведзеная інвентарная рэформа ў памешчыцкай вёсцы была значна менш радыкальнай.

Інвентарная рэформа ўніфікавала павіннасны прыгнёт сялян шляхам увядзення ў памешчыцкіх маёнтках абавязковых інвентароў па адзіных правілах. Але значнага паслаблення павіннаснага прыгнёту не адбылося. У адрозненне ад дзяржаўнай вёскі, пераведзенай на аброк, у памешчыцкай засталіся многія ранейшыя павіннасці: паншчына (штодзённая), згоны, шарваркі, жаночая праца, старажоўства, даніна. Агульны памер павіннасцяў складаў 1/3 частку валавога даходу з надзелу. Інвентарная рэформа не вырашыла найважнейшага пытання — аб сялянскім землекарыстанні. Сцвярджалася толькі, што сялянскія надзелы не павінны змяншацца, аднак спачатку гэта не было замацавана заканадаўствам. Толькі 14 мая 1855 г. Аляксандр ІІ зацвердзіў перагле­джаныя ў інвентарных камітэтах правілы для маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў, у якіх вызначаўся мінімальны сялянскі надзел у 4,75 дзесяціны на рэвізскую душу, а паншчына — 3 дні на тыдзень.

У цэлым рэформы 30—50-х гг. захавалі дваранскую накіраванасць. Прынцыпы рэфармавання дзяржаўнай вёскі былі прызнаны памешчыкамі занадта радыкальнымі. Сацыяльна-прававое становішча памешчыцкіх сялян змянілася мала. Феадальная ўласнасць заставалася некранутай, але феадалізм няўхільна каціўся насустрач сваёй пагібелі.

Прамысловасць. Развіццё капіталізму ў прамысловасці на Беларусі прайшло тры этапы: дробная таварная вытворчасць, капіталістычная мануфактура і фабрыка (буйная машынная індустрыя).

Да сярэдзіны ХІХ ст. прамысловая вытворчасць знаходзілася пераважна на дробнатаварнай і мануфактурнай ступенях развіцця. Асноўнымі прадпрыемствамі гэтага часу былі прыгонныя мануфактуры, гаспадарамі якіх з’яўляліся памешчыкі. Яны прымушалі працавать на мануфактурах сваіх прыгонных сялян. Перавага прыгонніцкай працы на прамысловых прадпрыемствах Беларусі складала важную асаблівасць яе эканамічнага развіцця.

Акрамя таго, у гарадах і мястэчках было шмат розных дробных прадпрыемстваў і майстэрань з 1—3 рабочымі, гаспадарамі якіх былі купцы і мяшчане. У адрозненне ад памешчыкаў, яны не мелі сваёй зямлі, рабочай сілы, сыравіны. За ўсё неабходнае для вытворчасці яны абавязаны былі плаціць. Сярод прадпрыемстваў, якімі яны валодалі, былі скураныя, медныя, цагельныя, капялюшныя. Вырабы гэтых прадпрыемстваў збываліся ў асноўным на мясцовым рынку. Гарадская прамысловасць ў пapaўнaнні з вотчыннай была значна менш развітой. Шматлікія прывілеі феадалаў у гарадах у перыяд Рэчы Паспалітай негатыўна паўплывалі на развіццё ў іх капіталістычнага прадпрымальніцтва. Больш таго, развіццё гарадоў затрымлівала паншчына ў беларускай вёсцы. У такіх умовах пачалося прымусовае перасяленне яўрэяў з памешчыцкіх маёнткаў у гарады. Яны павінны былі папоўніць гарадское насельніцтва. У першай палове ХІХ ст. у гарадах Беларусі склалася большасць яўрэйскага насельніцтва, якое займалася гандлем і рамяством.

Разам з прыгоннай мануфактурай, дробнай прамысловасцю з’яўляюцца прадпрыемствы, заснаваныя на вольнай працы. Большасць «вольнанаёмных» былі прыгоннымі, іх паны на кароткі тэрмін адпускалі на заробкі. Па сканчэнні гэтага тэрміну яны павінны былі пакінуць прадпрыемства. Кантынгент такіх «вольнанаёмных» быў вельмі абмежаваным. Такія часовыя рабочыя-прыгонныя не маглі задаволіць патрэбы прамысловасці ў кваліфікаваных майстрах і працоўных. Прыгоннае права ставіла сур’ёзныя перашкоды для развіцця капіталістычнай прамысловасці.

Новай з’явай у прамысловым развіцці Беларусі было выкарыстанне на асобных прадпрыемствах машын і паравых рухавікоў. Аднак колькасць прадпрыемстваў, якія ўкаранялі машынную тэхніку, была нязначнай. Уладальнікамі большасці прадпрыемстваў былі памешчыкі. Але ўжо з 30-х гг. больш паловы прадпрыемстваў належала купцам і мяшчанам.

Размяшчэнне прамысловых прадпрыемстваў у беларускіх губернях было зусім нераўнамерным. Першае месца сярод іх займала Гродзенская губерня. У канцы 50-х гг. на яе прадпрыемствах працавала больш паловы ад усёй колькасці рабочых пяці беларускіх губерняў (5112 рабочых з 9714). Другое месца належала Магілёўскай губерні, дзе ў гэты час на прадпрыемствах было 1882 рабочых. На апошнім месцы знаходзілася Мінская губерня, на прадпрыемствах якой працавала 815 рабочых.

На Беларусі найбольш распаўсюджанымі былі прадпрыемствы, па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны: вінакурныя, суконныя, палатняныя, цукровыя, мукамольныя.

Вядучай галіной прамысловасці ў першай палове ХІХ ст. заставалася суконная. У цыркуляры міністра ўнутраных спраў за 1808 г. указвалася на неабходнасць павелічэння колькасці суконных мануфактур на Беларусі. Для заахвочвання стварэння новых мануфактур прадпры­мальнікам давалі дзяржаўныя пазыкі. Была таксама зроблена спроба дапамагчы ўладальнікам пераадолець цяжкасці ў найме працоўнай сілы. Ужо ў 1861—1863 гг. на 64 суконных прадпрыемствах працавала звыш 51 тыс. рабочых. Суконная прамысловасць была ў асноўным сканцэнтравана ў Гродзенскай губерні, дзе на той час размяшчалася 55 прад­прыемстваў.

Другое месца ў прамысловасці займала вытворчасць шарсцяных вырабаў. У 1857 г. было 7 прадпрыемстваў, на якіх працавала 1 444 рабочых. Усе яны знаходзіліся ў Гродзенскай губерні.

Сярод прадпрыемстваў Беларусі значнае месца займалі папяровыя, шкляныя, чыгунныя, медзеплавільныя, жалезаапрацоўчыя, цагельныя і інш. Жалезаапрацоўчыя прадпрыемствы працавалі на мясцовай сыравіне. Жалеза здабывалі з балотнай руды. Шкляная прамысловасць была найбольш развітой у Магілёўскай губерні, дзе знаходзілася 8 з 14 заводаў.

Фабрыкі на Беларусі пачалі ўзнікаць з 20-х гг. ХІХ ст. Першымі былі пабудаваны суконныя фабрыкі ў мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. Буйным было цукровае прадпрыемства князя Паскевіча ў Гомелі. На металаапрацоўчым прадпрыемстве Бенкендор­фа ў маёнтку Старынцы Чэрыкаўскага павета працавала каля 900 рабочых.

З пачатку 30-х гг. прамысловасць Беларусі перажывала крызіс, які быў звязаны з узмацненнем крызісу ўсёй прыгоннай сістэмы. Прамысловасць адчувала востры недахоп у працоўнай сіле і асабліва ў людзях, якія валодалі тэхнічнымі ведамі. У пошуках выхаду з крызісу частка прадпрымальнікаў стварала новыя цукровыя прадпрыемствы. У 1857 г. было 13 цукровых заводаў, якія мелі паравыя рухавікі і штогод выраблялі 12,5 тыс. пудоў цукру. На іх працавала 1 164 вольнанаёмныя рабочыя. Цукар, які вырабляўся на прадпрыемствах Беларусі, прадавалі не толькі на мясцовам рынку, але вывозілі таксама і ў Маскву. Аднак «цукровая гарачка» працягвалася нядоўга. Яшчэ нядужыя заводы Беларусі не вытрымалі канкурэнтнай барацьбы з больш буйнымі прадпрыемствамі Расіі, Украіны і Польшчы і ў сярэдзіне 60-х гг. спынілі сваё існаванне.

Няглядзячы на істотныя зрухі ў развіцці прамысловасці Беларусі першай паловы ХІХ ст. у параўнанні з агульнарасійскай яе памеры былі нязначнымі, а тэмпы развіцця — надзвычай маруднымі.

Гарады. Працэс разлажэння феадальна-прыгонніцкіх адносін знайшоў сваё адлюстраванне ў змяненні складу насельніцтва Беларусі, галоўным чынам у росце гарадскога насельніцтва. Назіраўся хуткі рост гарадоў як гандлёва-прамысловых цэнтраў. К сярэдзіне ХІХ ст. на Беларусі налічвалася ўжо 40 гарадоў і больш за 300 мястэчак. Найбольш буйнымі гарадамі былі Вільня, Віцебск, Мінск, Магілёў, Гродна. Гарады раслі як за кошт натуральнага прыросту, так і ў выніку прымусовага перасялення яўрэяў з памешчыцкіх маёнткаў. 70—80 % гарадскога насельніцтва складала мяшчанства (рамеснікі, дробныя гандляры), дваранства і духавенства — 6—7 %, купецтва — 2—2,5 %. Аднак, у першай палове ХІХ ст. гарады яшчэ не сталі цэнтрамі прамысловасці, у іх працягвалі развівацца гандаль і рамяство.

Гандаль і шляхі зносін. Развіццё прамысловасці, рост гарадскога насельніцтва стымулявалі пашырэнне ўнутранага рынку. Гандаль Беларусі развіваўся пераважна ў форме кірмашоў, часцей з вялікім гандлёвым абаротам. Так, напрыклад, у Гродзенскай губерні налічвалася 43 кірмашы. На самым буйным з іх — Зельвенскім — гадавы абарот перавышаў 1 млн рублёў. Сярод буйных кірмашоў былі таксама Любавіцкі ў Магілёўскай губерні і Мінскі. Усяго на Беларусі праходзіла каля 200 кірмашоў. Сюды прывозілі сельскагаспадарчыя і прамысловыя тавары не толькі з Беларусі, але таксама з Маскоўскай, Уладзімірскай, Ніжнегародскай губерняў, з Украіны, Польшчы, Прусіі і г. д.

Важнае значэнне ў Беларусі набыў вывазны гандаль. Прадметамі экспарту былі збожжа, ільно, пянька, канапля, лес, спірт, смала, паташ і г. д. На Беларусь увозілі шэрсць, металічныя вырабы, галантарэю, прадметы раскошы: фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, люстэркі і г. д.

У развіцці гандлю важную ролю адыгрывалі судаходныя рэкі і каналы: Бярэзіна, Прыпяць, Дняпро, Заходняя Дзвіна, Нёман, якія звязалі Беларусь з балтыйскімі і чарнаморскімі партамі. На іх знаходзілася да 85 прыстаняў. У 1804—1805 гг. закончылася будаўніцтва Агінскага і Бярэзінскага каналаў, якія звязалі Дняпро з Заходняй Дзвіной, Нёманам і Віслай. Хоць прапускная магчымасць гэтых каналаў была малой, яны ўсё ж мелі вялікае транспартнае значэнне. Праз Рыгу, Гданьск, Кёнігсберг адпраўлялі велізарныя баржы з таварамі з Беларусі за мяжу. Гэтаму спрыяла і паляпшэнне сродкаў сувязі, будаўніцтва дарог. Была пабудавана Маскоўска-Варшаўская шаша, якая прайшла праз тры беларускія губерні: Магілёўскую, Мінскую, Гродзенскую.

Але развіццё гандлю было цесна звязана са станам прамысловасці, сельскай гаспадаркі, плацёжаздольнасцю насельніцтва. Феадальна-пры­гонная сістэма скоўвала развіццё ўсіх галін народнай гаспадаркі, абмяжоўвала пашырэнне ўнутранага рынку. Знішчэнне прыгонных адносін з’яўлялася неабходнай перадумовай далейшага эканамічнага развіцця.

Культурнае жыццё Беларусі. Працэс развіцця культуры Беларусі першай паловы XIX ст. быў генетычна звязаны з папярэднай эпохай. Аднак у ім з’явіліся новыя рысы і асаблівасці, якія адрознівалі яго ад папярэдняга перыяду. Галоўныя з іх — свецкасць культуры і рацыяналізм у развіцці грамадскай свядомасці. Царква страціла сваю ролю ў асвеце і культуры. Манаполія рэлігійнага светапогляду была парушана. Аднак патрэбна мець на ўвазе, што рацыяналізм XVIII ст., звязаны з распаўсюджаннем ідэалогіі і культуры эпохі Асветы, не азначаў поўнага знішчэння рэлігійнага светапогляду.

У параўнанні з сярэднявеччам характэрнай рысай гісторыка-культурнага працэсу Беларусі стала яго паскарэнне і ўскладненне, што было звязана з больш хуткім развіццём грамадства ў цэлым. Пачынаўся працэс дыферэнцыяцыі культуры, з’яўленне яе новых галін (навука, мастацкая літаратура, свецкі жывапіс, тэатр і інш.). Адначасова адбывалася сутыкненне і ўзаемаўплыў розных сфер культуры. У параўнанні з папярэднім перыядам у грамадстве істотна пашырылася сістэма перадачы культурных каштоўнасцяў, фарміравацца новы механізм іх распаўсюджання (свецкая школа, выдавецтва кніг, газет, часопісаў, развіццё тэатра і інш.).

У першай палове XIX ст. агульнакультурны прагрэс быў звязаны з яго дэмакратызацыяй: пашыралася кола вытворцаў і спажыўцоў культурных каштоўнасцяў, павялічылася магчымасць далучэння да культуры розных сацыяльных груп. Аднак амаль да канца феадальнай эпохі дэмакратызацыя культуры адлюстроўвалася больш у тэндэнцыі свайго развіцця, чым у рэальных выніках. Саслоўныя абмежаванні стрымлівалі працэс яе дэмакратызацыі. Тым не менш, сацыяльныя супярэчнасці, якія прыкметна абвастрыліся ў першай палове XIX ст., унеслі новыя тэндэнцыі ў развіццё культуры і былі звязаны з ідэйна-маральньмі праблемамі і пошукамі. Духоўнае жыццё беларускага грамадства стала больш багатым.

Асаблівасцю развіцця культуры Беларусі першай паловы XIX ст. быў працэс яе паланізацыі, найбольш відавочны ў першай трэці стагод­дзя. Шмат у чым гэта абумовілася палітыкай імператара Аляксандра I, накіраванай на аднаўленне польскай дзяржаўнасці ў межах 1772 г. Гэта палітыка знайшла падтрымку ў асяроддзі польскай магнатэрыі і паланізаванага беларускага шляхецтва. Цэнтрам польскага ўплыву быў горад Вільня з яго універсітэтам. Працэс паланізацыі некалькі панізіўся, але не спыніўся ў другой чвэрці стагоддзя пры Мікалаі I, які праводзіў палітыку паслядоўнай русіфікацыі Беларусі.

Хоць царква і страціла манапольны ўплыў на развіццё культуры, яе роля была яшчэ вельмі вялікай. Немалаважным фактарам развіцця культуры Беларусі гэтага часу стала супрацьстаянне дзвюх канфесій: праваслаўнай і каталіцкай, носьбітаў розных культурных і духоўных каштоўнасцяў. Каталіцызм з’яўляўся рэлігіяй пераважна прывілеяванага, дваранскага саслоўя. Праваслаўе было больш звязана з сялянствам і мяшчанствам Беларусі. Цэнтрам праваслаўнай культуры Беларусі быў стражытны Магілёў з яго духоўнай семінарыяй, заснаванай яшчэ Г. Каніскім. Патрэбна адзначыць, што духавенства шмат зрабіла для адраджэння раней зняважанай праваслаўнай культуры. Сярод дзеячаў гэтай галіны — знакаміты лінгвіст, фалькларыст і этнограф I. Насовіч (1788—1877), аўтар «Слоўніка беларускай мовы» (1870).

Падзел беларускага грамадства па саслоўнай і канфесійнай прыкмеце прывеў да існавання на Беларусі двух культурных кірункаў: польскага, носьбітам якога ў асноўным было беларускае дваранства, і «заходнерускага», прадстаўнікамі якога з’яўлялася праваслаўнае і часткова уніяцкае духавенства, купецтва, мяшчанства. Абапіраючыся на праваслаўе, прыхільнікі «заходнерускага» кірунку меркавалі, што яны аднаўляюць асновы традыцыйнай народнай культуры Беларусi. Наяўнасць гэтых дзвюх культур у агульнай плыні культуры Беларусі, безумоўна, стрымлівала працэс стварэння адзінай беларускай нацыі.

Культура Беларусі разглядаемага перыяду адлюстроўвала сацыяльную структуру тагачаснага грамадства. Яе складанымі часткамі былі: магнацкая культура, памесна-дваранская культура сярэдняй і мелкай шляхты, культура мяшчан і нерадавітага насельніцтва гарадоў і мястэчак, сялянская культура. I хоць розніца паміж імі на працягу ўсяго XIX ст. паступова згладжвалася пад уплывам сацыяльна-эканамічных фактараў, тым не менш канфесійная неаднастайнасць прыводзіла і да культурнай дыферэнцыяцыі, насіла падчас характар вострага супрацьстаяння.

Па ўзроўні развіцця культуры ў цэлым, так і па асобных яе сферах розныя рэгіёны Беларусі істотна адрозніваліся паміж сабою. Ролю галоўных культурных цэнтраў адыгрывалі розныя гарады Беларусі. Напрыклад, на працягу першай паловы XIX ст. прызнаным навуковым і літаратурным асяродкам усёй Беларусі быў горад Вільня і яго універсітэт, які даваў адукацыю таленавітай беларускай моладзі.

Другімі важнымі культурнымі цэнтрамі Беларусі былі Магілёў, Віцебск, Слонім. Важкі ўклад у развіццё культуры Беларусі ўносілі магнацкія цэнтры: рэзідэнцыя Храптовічаў у Шчорсах, маёнтак М. Агінскага ў Залессі, маёнтак Ваньковічаў у Мінску і інш.

Асвета. Навука. Якасна новым момантам у развіцці асветы на Беларусі было фарміраванне сістэмы адукацыі: вышэйшай, сярэдняй і пачатковай. Стварэнне Міністэрства народнай асветы (1802) цэнтралізавала дзяржаўнае кіраўніцтва школай. У кожным губернскім горадзе стваралася гімназія, у павятовым горадзе — павятовае вучылішча. Пры кожным царкоўным прыходзе — царкоўнапрыходскія вучылішчы. У іх прымалі дзецей «усялякага стану». Статут абвяшчаў пераемную сувязь паміж школамі розных ступеняў. Аднак фактычна мала што было зроблена для распаўсюджання адукацыі сярод народа. Казна не брала на сябе выдаткаў на ўтрыманне школ, яна перадавала гэта або органам мясцовага гарадскога кіравання, памешчыкам, або самім сялянам у дзяржаўнай вёсцы. Ужо ў Статуце 1804 г. адзначалася, што дзяцей прыгонных сялян нельга прымаць у гімназіі. Несумяшчальнасць прыгоннага права з распаўсюджаннем адукацыі сярод шырокіх слаёў сялянства станавілася больш відавочнай.

Найбольш значнымі былі поспехі ў сферы вышэйшай адукацыі. Асноўным асяродкам навукі і адукацыі Беларусі ў першай трэці XIX ст. заставаўся Віленскі універсітэт, які ў 1803 г. атрымаў назву Імператарскага. Адначасова гэта быў вучэбны і адміністрацыйны цэнтр навучальнай акругі. Ён ажыццяўляў кантроль за работай школ, яго выкладчыкі прымалі ўдзел у складанні праграм навучання, у напісанні падручнікаў.

Палітычныя падзеі 20—30-х гг. прывялі не толькі да ліквідацыі Віленскай навучальнай акругі, закрыцця універсітэта і стварэння Беларускай навучальнай акругі, але ўнеслі істотныя змены ў сістэму асветы Беларусі. Пераемнасць навучання была парушана, што зрабіла вельмі актуальнай праблему падрыхтоўкі настаўнікаў. Выпускнікам Віленскага універсітэта, як удзельнікам рэвалюцыйных падзей, забаранялася выкладаць у мясцовых школах. Настаўніцкія кадры для Беларусі рыхтаваў Пецярбургскі педагагічны інстытут і створаная у 1834 г. Віцебская настаўніцкая семінарыя.

Асаблівасцю развіцця асветы Беларусі першай паловы XIX ст. з’яўлялася наяўнасць каталіцкай манастырскай адукацыі. Новай з’явай у развіцці адукацыі стала стварэнне сістэмы духоўнага, а таксама зара­джэнне ваеннага і прафесійнага навучання.

Важным паказчыкам распаўсюджання адукацыі на Беларусі было павелічэнне цікавасці да кнігі і актывізацыя выдавецкай справы. На Беларусі працавалі друкарні трох тыпаў: казённыя, прыватныя і царкоўныя. Матэрыяльная база большасці іх (за выключэннем царкоўных і некаторых прыватных) была слабай.

Разам са значным павелічэннем колькасці друкарняў і агульнага аб’ёму выдавецкай прадукцыі, павялічвалася ўдзельная вага свецкай кнігі, пашыралася яе тэматыка. На Беларусі выдавалася вучэбная і мастацкая літаратура, праглядаліся тэндэнцыі да фарміравання навуковай і навукова-папулярнай літаратуры. З’явіліся першыя краязнаўчыя публіка­цыі і першыя часопісы.

Вялікая роля ў духоўным жыцці грамадства належала інтэлігенцыі. Па сваім сацыяльным складзе інтэлігенцыя Беларусі была ў асноўным дваранскай. Аднак у асяроддзі мастацкай і навуковай інтэлігенцыі з’явіліся разначынцы. Заслугай беларускай інтэлігенцыі было тое, што яна спрабавала аб’яднаць, звязаць народную і прафесійную культуру. Адукаванага выхадца з беларускай шляхты, разначынца ўжо не зусім задавальняла польска-лацінская культура, у яго з’явілася цікавасць да мясцовай гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, мовы. Гэтыя галіны навуковых ведаў звязаны з імёнамі I. Грыгаровіча, М. Баброўскага, З. Даленгі-Хадакоўскага, Т. Нарбута, А. Кіркора, I. Даніловіча, братоў Я. і К. Тышкевічаў і шмат іншых выдатных людзей. Яны былі розных палітычных поглядаў і культурных кірункаў. Так, з імем протаіерэя I. Грыгаровіча (1792—1852) звязана дзейнасць гісторыка-асветніцкага гуртка ў Магілёве, удзельнікі якога былі аб’яднаны пошукам, зборам і апрацоўкай гістарычных матэрыялаў, аднаўленнем мінулага роднага краю. Вялікі ўклад у працу гуртка ўнёс граф М. Румянцаў, пад кіраўніцтвам і на сродкі якога былі сабраны рукапісныя, этнаграфічныя, нумізматычныя калекцыі, створана бібліятэка, якая паклала пачатак вядомаму ў Маскве Румянцаўскаму музею. З другога боку, дзейнасць гісторыка вылілася ў выданне першага зборніка дакументаў па гісторыі Беларусі пад назвай «Беларускі архіў старажытных актаў» (1824). З імем I. Грыгаровіча звязаны выхад у свет «Актаў археаграфічнай экспедыцыі» (т. 1—4, 1834—1838) і «Актаў гістарычных».

Прадстаўніком гістарычнай навукі быў таксама прафесар Віленскага універсітэта I. Даніловіч (1788—1843). Прыхільнік аднаўлення суверэнітэту Вялікага княства Літоўскага, ён усе свае працы звязваў з гістарычным мінулым радзімы. Ён выдаў Статут ВКЛ 1529 г., Судзебнік Казіміра IV 1468 г., Супрасльскі летапіс і іншыя матэрыялы. На гэты час прыпадае навуковая дзейнасць гісторыка, прафесара Віленскага універсітэта М. К. Баброўскага (1784—1848), заснавальніка беларуса­знаўства і славяназнаўства. Менавіта М. К. Баброўскаму належыць гонар адкрыцця Супрасльскага летапісу, прац Ф. Скарыны. Па сутнасці, з дзейнасцю гэтых навукоўцаў звязана зараджэнне на Беларусі археаграфіі, крыніцазнаўства, славяназнаўства, а таксама беларусазнаўства.

Вялікую вядомасць у першай палове XIX ст. атрымалі працы З. Даленгі-Хадакоўскага (1784—1825), братоў Канстанціна (1806—1868) і Яўстафія (1814—1873) Тышкевічаў, стваральнікаў беларускай археалогіі і музеязнаўства. Па ініцыятыве братоў Тышкевічаў у 1842 г. быў створаны першы на Беларусі музей старажытнасцяў, экспанаты якога склалі аснову музея ў Вільні. У 1855 г. Я. Тышкевіч арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археалагічную камісію, якая займалася зборам, вывучэннем і публікацыяй дакументаў, якія звязаны з гісторыяй Беларусі, Украіны і Літвы.

Значны ўклад у развіццё беларусазнаўства ўнеслі П. Шпілеўскі (1823—1861), аўтар «Падарожжа па Палессі і беларускім краі», «Беларусь у характарыстычных апісаннях і фантастычных яе казках» і М. Без-Карніловіч, які выдаў у Пецярбургу «Гістарычныя звесткі».

У 40-я гг. пачынаецца творчая, культурна-асветніцкая і выдавецкая дзейнасць А. Кіркора (1818—1886). Выдатны знаўца гісторыі і этнаграфіі Беларусі і Літвы, ён надрукаваў шматлікія навуковыя матэрыялы ў польскай і рускай перыёдыцы. Асабліва каштоўнай для станаўлення беларускай этнаграфіі была яго праца «Этнаграфічны погляд на Віленскую губерню» (1857—1859), напісаная ў адпаведнасці з праграмай Рускага геаграфічнага таварыства. Руплівы даследчык падаў тут больш за сотню беларускіх песен і прыказак, а таксама слоўнік беларускай мовы.

Вялікая цікавасць да гісторыі, этнаграфіі, археалогіі Беларусі, якая выразна праявілася ў першай палове XIX ст. — сведчанне развіцця працэсу духоўнага адраджэння Беларусі. Аднак, першая палова стагоддзя была звязана з развіццём не толькі гуманітарных, але і прыродазнаўчых навук. Так, у Віленскім універсітэце працавалі ўраджэнцы Беларусі батанік і біёлаг С. Юндвіл, фізіёлаг М. Гамаліцкі. З Горы-Горацкім земляробчым інстытутам была звязана дзейнасць роданачальніка хімічнай навукі Беларусі К. Шмідта і I. Цютчава.

Літаратура. Для мастацкай культуры Беларусі першай паловы XIX ст. была характэрна змена ідэйна-мастацкіх кірункаў у параўнанні з папярэднім часам, адначасовае суіснаванне розных мастацкіх стыляў.

Ва ўсведамленні дзеячаў культуры першых дзесяцігоддзяў XIX ст. адбываўся паступовы адыход ад эстэтыкі класіцызму, які ляжаў у аснове асветніцкай ідэалогіі, калі матывамі дзеянняў героя былі перш за ўсё грамадзянскі абавязак і служэнне грамадству. З цягам часу ўзрастае ўвага да чалавека, яго ўнутранага свету. Пачуццё, а не абавязак становіцца пабуджальнай крыніцай яго ўчынкаў. На змену класіцызму, увасабленню эпохі Асветы, прыходзіць рамантызм. На Беларусі ён зарадзіўся ў пачатку XIX ст. Сутнасцю рамантызма было імкненне супрацьпаставіць рэальнай рэчаіснасці абагульнены ідэальны вобраз.

Рамантызм мастакоў Беларусі нельга аддзяляць ад расійскага і агульнаеўрапейскага. Яго асаблівасцю была ярка выяўленая цікавасць да мясцовай гісторыі, стварэнне на карціне моцнай, свабоднай асобы. I хоць гэта цікавасць шмат у чым грунтавалася на гісторыі Вялікага княства Літоўскага, тым не менш, распрацоўка гэтай праблематыкі садзейнічала абуджэнню цікавасці і да гісторыі Беларусі ўвогуле. Да гістарычнай тэматыкі звярталіся многія пісьменнікі, паэты. Гісторыя была прадметам роздуму А. Міцкевіча. Яго творы, напісаныя на польскай мове, могуць лічыцца і культурным скарбам Беларусі. У сваіх ранніх творах «Мешка, князь Навагрудка», «Бульба», а таксама ў паэмах «Дзяды», «Пан Тадэвуш», «Гражына» А. Міцкевіч выкарыстоўваў тэмы і вобразы беларускага фальклору, сюжэты беларускай гісторыі. Блізкімі па настрою, думках да А. Міцкевіча былі У. Сыракомля, Я. Чачот. Асаблівае месца ў плеядзе рамантыкаў Беларусі належыць Я. Баршчэўскаму. Яго выдатны зборнік прозы «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», паводле водгукаў сучаснікаў — гэта беларускі цыкл «1000 і адной ночы».

У 40-я гг. ў культуры Беларусі ярка праявіўся пераход ад рамантызму да рэалізму. Важнай вехай на гэтым шляху была творчасць В. Дуніна-Марцінкевіча. Першымі творамі пісьменніка сталі лібрэта аперэт «Рэкруцкі яўрэйскі набор», «Спаборніцтва музыкаў», «Чароўная вада» — п’есы, напісаныя на польскай мове і пастаўленыя на мінскай сцэне. У 1846 г. убачыла свет музычная п’еса В. Дуніна- Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія»), дзе ўпершыню загучала жывая беларуская мова. У 50-я гг. пісьменнік стварае вершаваныя расказы «Вечарніцы» і «Гапон», «Халімон на каранацыі», займаецца перакладамі. На пачатку 60-х гадоў ён стварае свой лепшы твор — фарс-вадэвіль «Пінская шляхта».

У першай палове XIX ст. усё большую ролю ў грамадска-культурным і ідэйным жыцці Беларусі адыгрывае тэатр. Асноўнай формай тэатральнай дзейнасці ў гэты час з’яўляецца прыватная антрэпрыза. Гэта быў «аб’язны» тэатр: ён меў базу ў губернскім або буйным павятовым горадзе і перыядычна вандраваў па навакольных гарадах, мястэчках, маёнтках і кірмашах. Пастаянныя тэатральныя калектывы дзейнічалі ў Вільні (трупа Мараўскага), Гродна (тэатр Саламеі Дзешнер), Мінску (трупа Кажынскага). У выніку рэфарміравання тэатральнай дзейнасці ў 1845—1847 гг. у губернскіх гарадах ствараліся пастаянныя тэатры, якія знаходзіліся пад кантролем тэатральнай дырэкцыі, вызначаўся тэатральны сезон. Тым не менш, дзейнасць «аб’язных» груп пасля гэтага не спынілася. Яны існавалі і ў больш позні час. Адлюстроўваючы моўную сітуацыю ў краі, рэпертуар тэатра быў двухмоўным — польскім і рускім. На сцэне ставіліся п’есы польскіх, рускіх і заходнееўрапейскіх аўтараў.

Разам з прафесійным тэатрам развіваўся аматарскі, які быў вельмі папулярны сярод шляхецтва, чыноўнікаў і афіцэраў. Падзеяй у тэатральным жыцці Беларусі стала ўзнікненне першай трупы беларускага нацыянальнага тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча. 23 верасня 1841 г. адбылася прэм’ера спектакля — камічнай оперы «Рэкруцкі яўрэйскі набор», лібрэта для якога было напісана В. Дуніным-Марцінкевічам, а музыка — С. Манюшкам і К. Крыжаноўскім. 9 лютага 1852 г. адбылася прэм’ера «Ідыліі» на музыку тых жа аўтараў. П’есы гэтага таленавітага драматурга, рэжысёра і акцёра неаднаразова ставіліся на прыватных кватэрах не толькі Мінска, але і ў іншых гарадах Беларусі.

Адным з асноўных кірункаў мастацтва Беларусі першай паловы XIX ст. была музыка. У грамадстве ўзмацнялася цікавасць да камерных і публічных канцэртаў. Музыка гучала ў салонах мясцовай магнатэрыі, яе выкладалі ў навучальных установах, адбываліся сольныя выступленні, аркестровыя канцэрты, праходзілі музычныя спектаклі. На Беларусі была добра вядома музыка заходнееўрапейскіх і рускіх кампазітараў. Папулярнасцю карысталіся таксама кампазіцыі мясцовых музыкантаў. Першая палова XIX ст. — час пачатку збору і публікацыі беларускай народнай песні, спробы яе кампазітарскай і канцэртнай апрацоўкі. Вялікую цікавасць у сувязі з гэтым маюць апрацоўкі народных песень і створаныя на іх аснове фартэпіянныя п’есы ўраджэнца Віцебшчыны А. Абрамовіча, асабліва паэма «Беларускае вяселле». Шырокую вядомасць набылі творы М. Агінскага, Д. Стэфановіча, Ф. Міладоўскага і іншых таленавітых музыкантаў і выканаўцаў.

Глыбокі след у беларускай музычнай культуры пакінуў класік польскай музыкі, ураджэнец Ігуменскага (цяпер Чэрвенскі раён) павета Мінскай губерні С. Манюшка. Беларускія народныя песні і мелодыі арганічна ўвайшлі ў творы кампазітара. Музычную адукацыю С. Манюшка атрымаў у Мінску ў таленавітага музыканта і настаўніка Д. Стэфановіча. З Мінскам звязана стварэнне і пастаноўка яго першых вадэвіляў, музычных камедый і опер. Асабліва плённым аказалася творчае сяброўства кампазітара з В. Дуніным-Марцінкевічам. На лібрэта апошняга былі напісаны оперы «Спаборніцтва музыкаў», «Чарадзейная вада», «Сялянка» («Ідылія»).

Выяўленчае мастацтва. Архітэктура. У канцы XVIII ст. стыль барока змяніўся класіцызмам. Для яго развіцця на Беларусі характэрна аб’яднанне як заходнееўрапейскага, так і рускага кірункаў з мясцовымі мастацкімі традыцыямі. Значную ролю ў фарміраванні архітэктурнага выгляду беларускіх гарадоў адыграла Віленская архітэктурная школа (М. Шульц, К. Падчашынскі, Л. Стуока-Гуцявічус), творчасць вядомых рускіх архітэктараў М. Львова, В. Стасава, А. Мельнікава, а таксама англічаніна Дж. Кларка. Гэта быў час рэгулярнай тыпавой забудовы гарадоў і мястэчак Беларусі. У адрозненне ад сярэдневяковай хаатычнай забудовы, горад разглядаўся як цэласная, строга спланаваная сістэма, заснаваная на прынцыпах рацыяналізму і класічных ідэалаў. Як правіла, гарадам надавалася форма прамававугольнікаў або шматвугольнікаў. У старых гарадах Беларусі — Мінску, Віцебску, Полацку і іншых вялося ўпарадкаванне вулічнай сеткі, узбуйняліся кварталы, ствараліся новыя плошчы. У гэтых гарадах праекцыйны цэнтр звычайна сумяшчаўся з гістарычна складзеным ансамблем горада. Архітэктура цэнтравызначалася як новай забудовай, так і манументальнай архітэктурай XVII—XVIII ст., галоўным чынам манастырамі, касцёламі, калегіумамі. Гэта надавала цэнтрам беларускіх гарадоў накаторую адметнасць. Асаблівасцю горадабудаўніцтва гэтага часу было развіццё ансамблевай забудовы, узвядзенне будынкаў спецыяльнага дзяржаўнага і грамадскага прызначэння (адміністрацыйныя, навучальныя, бальніцы). У кожным губернскім горадзе на цэнтральнай плошчы акрамя сабораў узводзіліся дзяржаўныя ўстановы і гандлёвыя рады, якія сталі прадметам новай грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця. Тут узнікалі школы, музеі, бібліятэкі. Прынцыпы прамавугольнай планіроўкі найбольш паслядоўна вытрыманы ў Клімавічах, Суражы, Мсціслаўі, Чавусах.

У дварцова-сядзібным будаўніцтве Беларусі класіцызм абумовіў геаметрычнасць планіроўкі тэрыторыі. З’явіўся новы тып палаца — цэнтрычная кампактная забудова з купалам (Грудзінская сядзіба ў Быхаўскім раёне), у кампазіцыі якой часта пабудаваны галерэі-каланады, размешчаныя паўкругам або франтальна. Галоўным кампазіцыйным акцэнтам прысядзібнага дома быў манументальны порцік. Выдатнымі помнікамі гэтага тыпу з’яўляюцца палац графа М. Румянцава (з 30-х гг. ён перайшоў да фельдмаршала I. Паскевіча) у Гомелі, Крычаўскі і Жыліцкі (Кіраўскі раён), палацавы комплекс у Снове (Нясвіжскі раён), палацы генерал-губернатара ў Віцебску і віцэ-губернатара ў Гродна.

Да выдатных помнікаў гэтага архітэктурнага кірунку адносяцца культавыя забудовы: Петрапаўлаўскі сабор у Гомелі, Праабражэнская царква ў Чачэрску, Пакроўская царква ў Стрэшневе, касцёлы ў Лідзе і Шчучыне.

Аднак класіцызм быў не адзіным архітэктурным кірункам Беларусі першай паловы XIX ст. Побач з ім развіваецца неаготыка — архітэктурны аналаг эпохі сентыменталізму і рамантызму, які ахапіў усе сферы культуры Заходняй Еўропы і Расіі яшчэ ў канцы XVIII ст.

Захапленне сярэдневяковым гатычным стылем на Беларусі пачынаецца на рубяжы стагодзяў. Аднак неаготыка да 30—40 гг. суіснавала побач з класіцызмам, саступаючы яму ў гарадах. Элементы неаготыкі часцей за ўсё выкарыстоўваліся ў дэкаратыўных рашэннях пабудовы фасадаў. Значна большае прымяненне неаготыка знайшла ў культавых збудаваннях і «англійскім» пейзажна-паркавым мастацтве, загарадных прысядзібных комплексах.

Сярод стылёвай разнастайнасці помнікаў архітэктуры, пабудаваных на тэрыторыі Беларусі ў першай палове XIX ст., выдзяляецца шматлікая група збудаванняў, у мастацка-вобразнай трактоўцы якіх праглядаецца адчувальны ўплыў старажытнарускай архітэктурнай культуры. Пачаткам развіцця «руска-візантыйскага стылю» з’яўляюцца 30-я гг. На Беларусі асноўнай сферай яго прымянення было царкоўнае будаўніцтва. Развіццё гэтага стылю адбывалася ў дзвух кірунках: перабудова існуючых каталіцкіх і уніяцкіх храмаў (Заслаўскі фарны касцёл, Ізабэлінская Міхайлаўская царква), узвядзенне цэркваў па санкцыяваных Сінодам праектах, а таксама прыватных праектах. Аднак, большага росквіту стыль дасягнуў у другой палове XIX — пачатку XX ст.

Жывапіс. Развіццё класіцызму і рэалізму ў выяўленчым мастацтве першай паловы XIX ст. азначала сур’ёзныя змены ў жывапісеу Беларусі. У 30—40-я гг. ідэйныя каноны акадэмізму, заснаваныя на іерархічных каштоўнасцях жанраў, усё больш старэлі. Захоўваўся прыярытэт гістарычнага жывапісу; бытавы жанр як паўнапраўны яшчэ не прызнаваўся. Ідэйна-мастацкія ўстаноўкі акадэмізму ўступалі ў супярэчнасць з патрабаваннямі жыцця і грамадскімі задачамі мастацтва. Важную ролю ў развіцці жывапісу ў гэты перыяд адыграла Віленская школа жывапісу — адздяленне выяўленчага мастацтва факультэта літаратуры і мастацтва Віленскага універсітэта. Яе выкладчыкамі былі прафесар Ф. Смуглевіч — заснавальнік школы, які ўвайшоў гісторыю жывапісу як майстар вялікіх шматфігурных кампазіцый на гістарычныя і рэлігійныя тэмы, пейзажыст і бытапісец. Яго вучні — таленавіты майстар жанравага партрэта Я. Рустэм і скульптар К. Ельскі. За чвэрць стагоддзя свайго існавання школа падрыхтавала больш 250 мастакоў, гравёраў, скульптараў і выкладчыкаў малявання для навучальных устаноў Беларусі. Аднак школа не магла поўнасцю вырашыць праблему прафесійнага навучання, бо давала толькі сярэднюю адукацыю. Для ўдасканалення ведаў і атрымання вышэйшай адукацыі найбольш адораных студэнтаў накіроўвалі ў Пецярбургскую акадэмію мастацтваў або ў Маскоўскае вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства (Строганаўскае вучылішча). Значнае месца ў падрыхтоўцы прафесійных мастакоў Беларусі належала Полацкай езуіцкай акадэміі.

Найбольш распаўсюджанымі жанрамі жывапісу былі гістарычны жанр і партрэт. У 30—40 гг. распаўсюджанне атрымлівае пейзаж і бытавыя жанры. Як і ва ўсім выяўленчым мастацтве, у жывапісе вызначыліся два кірункі развіцця. Першы звязаны з Віленскай школай жывапісу (Ф. Смуглевіч) і Пецярбургскай школай жывапісу з традыцыямі класіцызму. Другая лінія была звязана з імёнамі В. Баравікоўскага і Кіпрэнскага, якая была схільна да рамантызму і сентыменталізму.

Буйным майстрам партрэтнага жанру на Беларусі быў член Імператарскай акадэміі мастацтваў I. Аляшкевіч (1777—1830). Пэндзлю мастака належаць партрэты вядомых палітыкаў і дзеячаў Беларусі: А. Чартарыжскага, Л. Сапегі, М. Радзівіла, А. Міцкевіча і інш. У апошнія гады жыцця I. Аляшкевіч пісаў шмат рэлігійных кампазіцый, якія вылучаліся добрымі каларыстычнымі дадзенымі (напрыклад, «Мадонна з дзіцем»). Не менш цікавым партрэтыстам быў Ю. Пешка (1767—1831). Ён пісаў шмат партрэтаў прадстаўнікоў віленскай шляхты і духавенства. Сярод іх найбольш вядомыя партрэты віленскага саветніка Вейса, партрэт С. Солтана, які ўзначальваў урад Вялікага княства Літоўскага ў перыяд напалеонаўскага нашэсця, і партрэт вядомай апякункі мастацтваў Тэафілы Радзівіл. Аднак найбольш яркім прадстаўніком адзначанай плеяды быў В. Ваньковіч (1799—1842). Сярод вялікай і разнастайнай спадчыны мастака ёсць шмат партрэтаў дзеячаў літаратуры і мастацтва, навукі. Безумоўна, лепшым сярод іх з’яўляюцца кампазіцыйны партрэт «Міцкевіч на скале Аю-Даг», партрэты містыка А. Тавянькоўскага і яго жонкі Караліны, піяністкі М. Шыманоўскай, паэта А. Гарэцкага. Радавы маёнтак В. Ваньковіча ў Сляпянцы пад Мінскам становіцца цэнтрам, які групаваў вакол сябе лепшыя мастацкія сілы Беларусі першай паловы XIX ст. Тут бывалі Я. Дамель, М. Кулеша і іншыя мастакі, скульптары, кампазітары Беларусі.

Развіццё гістарычнага жанру ў жывапісе Беларусі шмат у чым вызначалася захаваннем сярод мастакоў палітычных поглядаў, якія былі звязаны з аднаўленнем Рэчы Паспалітай. Невыпадкова многія бралі для сваіх гістарычных кампазіцый сюжэты з польскай гісторыі. Аднак мясцовыя мастакі намагаліся адлюстроўваць тыя моманты, якія былі непасрэдна звязаны з гісторыяй роднага краю — Беларуссю. Вядомым гістарычным жывапісцам гэтага часу быў Я. Дамель (1789—1840). На сваіх палотнах ён адлюстроўваў найбольш драматычныя моманты гістарычнага развіцця. Гэта карціны «Гібель князя Панятоўскага», «Гібель прадвадзіцеля крыжаносцаў Ульрыха ў Грунвальдскай бітве», «Павел I вызваляе Касцюшку з няволі» і інш. Найбольшую вядомасць атрымала карціна «Пераход Напалеона праз Бярэзіну». Акрамя гістарычных палотнаў для творчасці Я. Дамеля характэрны шматлікія рэлігійныя кампазіцыі, а таксама партрэты, якія вызначаюцца глыбокім псіхалагізмам. Майстрам, у творчасці якога ўдала спалучаліся якасці гістарычнага жывапісца і мастака-этнографа, быў М. Кулеша (1800—1863). Пра майстэрства мастака можна меркаваць па такіх яго гістарычных кампазіцыях як «Гусары», «Гетман». Прыхільнікам гістарычнай тэматыкі М. Кулеша заставаўся і ў сваіх эпічных пейзажах і шматлікіх літаграфіях. Значнае месца гістарычны жанр займаў у работах мастакоў Я. Траяноўскага і Я. Сухадольскага.

Значнае месца ў выяўленчым мастацтве Беларусі належыць пейзажу. У гэтым жанры выступалі не толькі мастакі-пейзажысты, але і майстры іншых жанраў жывапісу. Вялікі ўклад у беларускі пейзажны жывапіс унеслі мастакі В. Садоўнікаў, I. Герасімовіч, В. Дмахоўскі. Крыху ў баку ад агульнага развіцця пейзажнага жывапісу Беларусі стаіць творчасць выдатнага мастака-этнографа і гісторыка Напалеона Орды (1807—1883). Усё сваё жыццё мастак прысвяціў адлюстраванню цікавых месцаў Беларусі, Літвы і Украіны, якія звязаны з вялікімі гістарычнымі падзеямі і выдатнымі асобамі, ураджэнцамі гэтых мясцін. Н. Орда ў асноўным працаваў як акварэліст. Яго эмацыянальна насычаныя і паэтычныя акварэлі («Разваліны замка ў Лідзе», «Крэва», «Мір», «Нясвіж», «Белая вежа» і інш.) надзвычайна дакладна перадаюць прыгажосць пейзажу і гістарычных помнікаў Беларусі.

Яркім прадстаўніком беларускага жывапісу быў І. Т. Хруцкі (1810—1885). Гэты мастак увайшоў у сусветны жывапіс як заснавальнік класічнага нацюрморта. У 1839 г. за нацюрморт «Кветкі і плады» ён атрымаў званне акадэміка. Аднак не менш яскрава мастак праявіў сябе ў жанры партрэта і пейзажу.

У творчасці жывапісцаў Беларусі першай паловы XIX ст. даволі інтэнсіўна развіваўся бытавы жанр. Мастакі стварылі шмат яркіх жывапісных палотнаў, дзе паказана багацце матэрыяльнай і духоўнай культуры беларускага народа. Першымі ў гэтым жанры на Беларусі сталі выхаванцы Віленскай школы жывапісу К. Кукевіч, Ю. Карчэўскі, К. Ру­сецкі і інш. Нягледзячы на ўплыў класіцызму ў творчасці прадстаўнікоў бытавога жанру ўсё больш зацвярждаецца рэалістычны элемент.

Мастакі-ураджэнцы Беларусі ўвайшлі ў гісторыю рускага рэалістыч­нага жывапісу. Сярод іх асаблівае месца займаюць вядомыя партрэтысты XIX ст. С. Заранка (1818—1871) і К. Карсалін (1809—1871). Гэтыя маста­кі амаль усё сваё свядомае жыццё правялі за межамі Беларусі, але ніколі не парывалі сувязі са сваёй радзімай.

Развіццё паліграфіі і выкліканае гэтым з’яўленне масавых тыражоў друкаваных выданняў прадвызначылі развіццё беларускай графікі. Сярод майстроў гэтага віда мастацтва найбольш вядомымі з’яўляюцца М. Па­далінскі, Ю. Главацкі, Ю. Азямблоўскі, Б. Клямбоўскі. Творчасці бела­рускіх графікаў уласціва ярка выражаная сацыяльная накіраванасць. Так літаграфія ўраджэнца Мінска Ю. Азямблоўскага «Славянскі няволь­нік» («Беларускі раб») сваім сюжэтам прыцягнула ўвагу А. Міцкевіча, які дэманстраваў твор падчас чытанняў лекцый па славянскіх літаратурах у Парыжы. Публіцыстычнасць сюжэту літаграфіі прыцягнула ўвагу А. Герцэна, які даў высокую ацэнку работы беларускага графіка.

Жывапіс Беларусі першай паловы XIX ст. багаты і разнастайны. Станаўленне і развіццё ішло ў агульным кірунку развіцця рускага, польскага, літоўскага і ўкраінскага жывапісу. Эвалюцыя яго ад класіцызму да рэалізму складала не толькі сутнасць развіцця беларускага жывапісу, але і шляхі яго далейшага ўдасканалення.

Адной з форм выяўленчага мастацтва Беларусі першай паловы XIX ст. была скульптура. Сярод скульптараў таго часу найбольшую вядомасць набылі Ельскія (бацька — Караль і два яго сыны — Ян і Казімір), Я. Астроўскі, Р. Слізень і інш. Іх творчасць была разнастайная па жанры: партрэты-бюсты, медальёны і барэльефы гістарычных дзеячаў Беларусі, Літвы і Польшчы, родных, знаёмых. Асаблівае месца ў іх творчасці займала касцёльная скульптура, якая захавалася на Беларусі і па сённяшні дзень.

К сярэдзіне XIX ст. завяршыўся адзін з вялікіх этапаў у гісторыі беларускай культуры. У цяжкіх умовах, калі, з аднаго боку ўплывала польская культура, з другога — русіфікацыя, ішоў працэс фарміравання і развіцця нацыянальнай культуры. Перш за ўсё ён выявіўся ў станаўленні сучаснай беларускай мовы, новай беларускай літаратуры, асэнсаванні гістарычнага шляху, які прайшоў народ.

Разам з тым к канцу прыгоннай эпохі ў грамадска-культурным жыцці народа Беларусі выразна праявілася неадпаведнасць паміж дасягнутым узроўнем духоўнай культуры і авалоданнем культурнымі каштоўнасцямі. Грамадства мела вельмі абмежаваныя магчымасці шырокага распаўсюджання асветы, народнай адукацыі. У гэтым выявіўся крызіс духоўнага жыцця. Феадальны строй уступаў у супярэчнасць не толькі з сацыяльным, але і з грамадска-культурным прагрэсам.