Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Французская рэвалюцыя

Французская рэвалюцыя з’явілася заканамерным вынікам гістарычнага развіцця Францыі ў XVIII ст. Яна была народжана пратэстам розных слаёў насельніцтва супраць старога парадку, ці старога рэжыму. «За старым парадкам», так прынята называць палітычны рэжым у краінах Заходняй Еўропы да буржуазных рэвалюцый. Гэта быў час панавання каталіцкай царквы, татальнай ўлады феадальнай дзяржавы, прывілеяў арыстакратаў-землеўладальнікаў, уціску большай часткі насельніцтва.

Капіталістычнаму развіццю Францыі шмат у чым замінала сістэма саслоўных прывілеяў. З 25-мільённага насельніцтва каля 99 % складала трэцяе саслоўе. Яно было стракатым і неаднародным у сацыяльных адносінах. У яго склад уваходзілі і буржуазія, і сялянства, і гарадскія рабочыя, рамеснікі, бедната. Але іх аб’ядноўвала адно — поўная адсутнасць палітычных правоў і жаданне змяніць існуючы лад. Першае (духавенства) і другое (дваранства) саслоўі былі прывілеяванымі. Галоўным прывілеем гэтых сасловўяў было права не плаціць падаткі. Увесь падатковы цяжар клаўся на плечы сялян, прадпрымальнікаў, гандляроў, юрыстаў, урачоў.

Асабліва цяжкім было становішча 20 млн сялян, якія плацілі пазямельны падатак дзяржаве, феадальную рэнту — свайму гаспадару, адну дзясятую ўраджая (дзесяціну) — царкве. Вельмі цяжкім быў і падатак на соль, уведзены ў 1780 г. Між тым, грошы бесперапынным патокам цяклі ў дзяржаўны скарб. «На мой век хопіць! Пасля нас хоць патоп!» — казаў кароль Людовік XVI, пры якім разлажэнне і ўпадак французскага абсалютызму дасягнулі мяжы.

Напрыканцы 80-х гг. XVIII ст. у Францыі выбухнуў грамадска-палітычны крызіс. Манархія апынулася на мяжы фінансавага банкрутства, дзяржаўны скарб быў спустошаны марнатраўствам каралеўскага двара. Дзяржаўны доўг дасягнуў астранамічнай сумы, і банкіры адмаўляліся прадстаўляць новыя пазыкі. Становішча пагоршыў харчовы крызіс, які выбухнуў пасля неўраджаю 1788 г. Пачаліся голад і хлебныя бунты. Тысячы сялян наваднілі Парыж у пошуках ежы.

У гэтых умовах урад пайшоў на нечуваную меру — прыняў рашэнне абкласці падаткам прывілеяваныя саслоўі. Для зацверджання новага падатку Людовік XVI склікаў у маі 1789 г. саслоўна-прадстаўнічы орган — Генеральныя штаты, якія не збіраліся з 1614 г. Трэцяе саслоўе спадзявалася на перамены ў краіне. Але ўжо з першых дзён выявіліся сур’ёзныя супярэчнасці паміж прадстаўнікамі трэцяга саслоўя і дэпутатамі ад духавенства і дваранства.

Далей падзеі разгортваліся імкліва і непрадказальна. Сход дэпутатаў трэцяга саслоўя запатрабаваў увядзення канстытуцыі. Яно пераўтварыла сябе с пачатку ў Нацыянальны сход, а затым — у станоўчы сход. Такім чынам, трэцяе саслоўе абвясціла сябе паўнамоцным прадстаўніком усёй нацыі і падкрэсліла сваю рашучасць усталяваць у краіне новы грамадскі лад. Дарэчы, духавенства і дваране амаль адразу далучыліся да новага парламента. Кароль спрабаваў сілай спыніць непажаданае развіццё падзей, але беспаспяхова. На барацьбу з манархіяй узняліся народныя нізы Парыжа. 14 ліпеня 1789 г. сталіца апынулася ў руках паўстанцаў. Гэты дзень лічыцца пачаткам Вялікай французскай рэвалюцыі і адзначаецца ў Францыі як нацыянальнае свята.

Нацыянальны сход увайшоў у гісторыю прыняццем двух дакументаў: Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна і Канстытуцыі 1791 г. Дэкларацыя абвяшчала роўнасць людзей у правах і замацавала іх свяшчэнныя правы на свабоду асобы, слова, сумлення, бяспеку і ўласнасць. Першая ў гісторыі Францыі канстытуцыя абмежавала каралеўскую ўладу і ўсталявала рэжым канстытуцыйнай манархіі. Спецыяльнымі дэкрэтамі было знішчана старое саслоўнае дзяленне і саслоўныя прывілеі, былі адменены ўсе тытулы дваранства і духавенства, феадальныя павіннасці.

Па меры развіцця рэвалюцыі рэформы і пераўтварэнні паглыбляліся. У 1792 г. Францыя была абвешчана рэспублікай. Былі поўнасцю адменены феадальныя павіннасці сялян, і яны пераўтварыліся ў вольных уласнікаў. Увосень 1792 г. Людовік XVI стаў перад рэвалюцыйным судом па абвінавачанні ў здрадзе, і хутка лязо гільяціны абрынулася на галаву французскага манарха. Пакаранне караля выклікала гнеў па ўсёй Еўропе. Аўстрыя, Прусія, Іспанія, Сардзінія, Галандыя і Англія аб’ядналіся для сумеснай барацьбы з рэвалюцыйнай Францыяй. Рэвалюцыя апынулася між двух агнёў. З аднаго боку, — інтэрвенцыя еўрапейскіх манархій і іншаземныя войскі, з другога, — унутраная контррэвалюцыя: паўстанні раялістаў, прыхільнікаў караля у розных частках краін.

Над краінай навісла смяротная небяспека. Коштам вялізных намаганняў, напругі і страт удалося вызваліць тэрыторыю краіны ад інтэрвентаў і падавіць мяцяжы. У гэты драматычны перыяд пры ўладзе знаходзілася партыя якабінцаў, якая прадстаўляла інтарэсы радыкальна настроеных слаёў буржуазіі. Якабінцы прыбеглі да надзвычайных мер, уключаючы тэрор і гвалт. Правадыр якабінцаў Максіміліян Рабесп’ер лічыў, што толькі дыктатарскімі метадамі магчыма вырашыць праблемы, якія стаялі перад краінай.

У красавіку 1793 г. якабінцы стварылі Камітэт грамадскага выратавання. Цяпер пасля пакарання караля магчыма было ўсё. Нож гільяціны ўздымаўся і апускаўся кожны дзень. Усіх, каго пакаралі смерцю, называлі ворагамі народа. На пласе гінулі і духавенства, і знаць — прадстаўнікі старых прывілеяваных класаў. Былі пакараны смерцю ўдава караля Людовіка XVI Марыя-Антуанета і герцаг Арлеанскі. Затым Рабесп’ер знішчыў сваіх умераных прыхільнікаў, іх жонак і сваякоў. 17 тысяч чалавек загінула на гільяціне. Каля 500 тысяч было кінута ў турмы. Уся Францыя жыла ў жаху. І ўсё гэта называлася тэрорам. У рэшце рэшт перапалоханыя прыхільнікі Рабесп’ера здрадзілі яму і яго самога адправілі на гільяціну. Жыццё Францыі ўвайшло ў больш-менш нар­мальнае рэчышча, але гэта адбылося не ранней, чым Францыя пачала атрымліваць першыя перамогі над войскамі інтэрвентаў. Эпоха тэрору скончылася.

Нягледзячы на тэрор, Нацыянальны канвент правёў нямала важных рэформ. Усё мужчынскае насельніцтва атрымала права галасаваць. У французскіх калоніях быў адменены гандаль чорнымі рабамі. Вялізныя маёнткі, якія належалі дваранскай арыстакратыі, былі ліквідаваны. Уся зямля была распрададзена сялянам за нізкі кошт. Уводзілася метрычная сістэма вагі і вымярэнняў. Канвент увёў таксама новую канстытуцыю. Па гэтай канстытуцыі кантроль над урадам ажыццяўлялі 5 чалавек, якія называліся дырэктарамі. Улада дырэктарата праіснавала да 1795 г., калі малады генерал Напалеон Банапарт звергнуў урад дырэкторыі, а ў 1799 г. стаў правіцелем Францыі.

Што атрымаў французскі народ ад рэвалюцыі? У ходзе рэвалюцыі людзі часта выкарыстоўваюць крайнія меры, выказваючы гэым сваё незадавальненне старымі парадкамі. Найбольш яскравым прыкладам такога стаўлення да мінулага з’яўляецца эпоха тэрору. Гвалт і экстрэмізм сталі часткай Французскай рэвалюцыі. Аднак французскі народ імкнуўся знішчыць сляды ненавіснага мінулага і іншымі спосабамі. Быў уведзены новы каляндар. Пачатак рэвалюцыі 1789 г. стаў першым годам гэтага календара. Месяцы былі названы па сезонах года. Былі адменены дваранскія тытулы. Замест іх людзі называліся «грамадзянамі». Нават на ігральных картах забаранялася маляваць каралёў, знатных дам і мужчын. Змяніўся і стыль вопраткі. Замест брыджаў да кален уводзіліся даўгія панталоны. Праўда, большасць з гэтых зменаў праіснавалі кароткі час. Напрыклад, новы каляндар і назвы месяцаў.

Але рэвалюцыя прынесла шмат важных зменаў доўгатэрміновага характару. «Свабода, Роўнасць і Братэрства», — гэтыя словы сталі лозунгам французскай рэвалюцыі. Свабода была дасягнута, калі людзі атрымалі свабоду слова, рэлігіі, друку і сходаў. Роўнасць была атрымана, калі дваранства і духавенства згубілі свае асаблівыя прывілеі. Усе людзі сталі роўнымі перад законам. Рабства было адменена. Братэрства азначала адчуванне адзінства і блізкасці людзей, якія належалі да адной і той жа нацыі. Рэвалюцыя прынесла нацыянальнае адзінства ўсёй Францыі. Але Францыя не стала мірнай нават пасля шасці гадоў гвалту і кровапраліцця. Наадварот, стала яшчэ цяжэй падтрымліваць парадак. Незадаволеныя амбітныя вайскоўцы ўгледзелі ў беспарадку зручны момант, каб атрымаць уладу. Адным з гэтых лідэраў быў Напалеон Банапарт.