Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва

Каля 5 млрд гадоў таму з газава-пылавога рэчыва ўтварылася Зямля. Жыццё на планеце зарадзілася больш 3 мільярдаў гадоў таму. Уся разнастайнасць расліннага і жывёльнага свету знаходзілася ў безупынным руху і змяненні. Вынікам гэтага складанага эвалюцыйнага працэсу стаў чалавек. Нам дагэтуль невядомы час, месца і прычыны яго з’яўлення. З упэўненасцю толькі можна сцвярджаць, што гэта адбылося ў прамежку часу паміж 15 і 5 млн гадоў таму.

Першапачаткова людзі жылі невялікімі калектывамі з простай арганізацыяй і прымітыўным побытам. Таму вучоныя назвалі іх першаснымі, ці першабытнымі. Адсюль назва вялізнага ў сотні тысяч гадоў перыяду чалавечай гісторыі — першабытнае грамадства.

Перыядызацыя гісторыі першабытнага грамадства. Па матэрыялах, з якіх вырабляліся прылады працы, сучасная археалогія дзеліць чалавечую гісторыю на каменны, бронзавы і жалезны вякі. Жалезны век прынёс усе асноўныя дасягненні зямной цывілізацыі. Бронзавы век з’яўляецца пераходным ад першабытнасці да жалезнага веку, гэта значыць да «сучаснасці», якая ахоплівае (у залежнасці ад узроўню развіцця таго ці іншага рэгіёна) усяго 2—4 тыс. гадоў. Такім чынам, большая частка чалавечай гісторыі прыпадае на першабытнасць, ці каменны век. Апошні, у сваю чаргу, дзеліцца на: а) старажытны каменны век (палеаліт) — 2,5 млн гадоў таму — 10 тыс. да н. э.; б) сярэдні каменны век (мезаліт) — 10—8 тыс. да н. э.; в) новы каменны век (неаліт) — 8—3 тыс. да н. э.

Праблема паходжання чалавека. Мы і сёння далёкія ад таго, каб убачыць поўную карціну станаўлення чалавека за апошнія мільёны гадоў. Доўгі час людзі лічылі, што яны паходзяць ад першай сямейнай пары, створанай Богам. Аб гэтым гаворыцца ў Святых кнігах і міфах народаў свету. У XIX ст. знакаміты англійскі вучоны Чарлз Дарвін выказаў меркаванне, што чалавек вядзе сваё паходжанне ад вымершага віду высокаразвітых малпаў. Не ўсе прынялі гэты пункт гледжання, таму спрэчкі паміж вучонымі працягваюцца.

Ступені эвалюцыі, якія вядуць да «чалавека разумнага». Толькі прыблізна магчыма казаць аб ступенях эвалюцыі, якія вядуць да «чалавека разумнага». Першыя каменныя прылады з’явіліся больш за 2,5 млн гадоў таму. Той, хто пачаў вырабляць камяні з вострымі краямі і адшчэпы ад іх, лічыцца першым прадстаўніком чалавечага роду, які атрымаў назву «чалавек умелы». Размаўляць гэтыя чалавекападобныя істоты яшчэ не ўмелі. Іх касцявыя рэшткі адшуканы на тэрыторыі Ўсходняй Афрыкі. Некаторыя вучоныя кажуць аб паўднёва-азіяцкай прарадзіме чалавецтва.

Больш аднаго мільёна гадоў таму з’явіўся новы від чалавекападобных істот — «чалавек выпрастаны», пітэкантрап (ад грэч. «pithekos»—малпа і «аnthropos» — чалавек). Касцявыя рэшткі пітэкантрапаў знойдзены ў Азіі, Еўропе і Афрыцы. Па аб’ёму свайго мозгу гэтыя істоты набліжаліся да сучаснага чалавека, але яны ўсё ж нагадвалі сваіх жывёльных продкаў.

Пітэкантрапы жылі невялікімі групамі па берагах рэк і азёр, у глыбіні субтрапічнага лесу, падчас у пячорах. Асноўнымі крыніцамі існавання былі збіральніцтва і паляванне. Гэтыя людзі былі ўзброены драўлянымі дзідамі і камянямі. Іх магчымасці значна пашырыліся пасля таго, як яны навучыліся карыстацца агнём. Пітэкантрапы, як і прылады, якія імі ствараліся, змяняліся павольна. Тым не меньш, лад жыцця гэтых першабытных людзей паступова ўскладняўся. Яны ўжо маглі размаўляць і перадавалі з пакалення ў пакаленне назапашаны досвед і веды.

Нашчадкамі пітэкантрапаў і непасрэднымі продкамі чалавека сучаснага выгляду былі неандэртальцы (назва ад даліны Неандэрталь у Германіі, дзе ўпершыню былі знойдзены іх рэшткі). Гэта старажытная разнавіднасць чалавека з’явілася каля 250 тыс. гадоў таму і мала чым адрознівалася ад сучасных людзей.

Неандэртальцы жылі на поўдні Еўропы, у Азіі і Афрыцы. Яны значна ўдасканалілі і зрабілі разнастайнымі каменныя прылады працы, атрыманыя ў спадчыну ад піцекантрапаў. Насілі вопратку са скур жывёл, маглі будаваць жытло і, што асабліва важна, навучыліся здабываць агонь. Неандэртальцы хавалі памерлых і, як лічаць вучоныя, былі першымі людзьмі, якія выконвалі нейкія абрады. Гэтыя людзі, па ўсёй верагоднасці, ужо адчувалі сваю прыналежнасць да пакаленняў, якія змяняюцца. У жыхароў розных кліматычных абласцей з’явіліся прыкметы фізічных адрозненняў і паступова пачалі складацца расы.

«Чалавек разумны». Чалавек сучаснага выгляду (homo sapiens — чалавек разумны) з’явіўся не пазней 40 тыс. гадоў таму (а па некаторых дадзеных — яшчэ раней) у Еўропе, Паўднёва-Усходняй Азіі і Афрыцы. Людзі, якія прыйшлі на змену неандэртальцам, ужо не мелі зверападобнага выгляду. Яны даволі хутка засялялі вялізныя тэрыторыі. Каля 30— 10 тыс. гадоў таму людзі праніклі ў Аўстралію (дзякуючы абледзяненню) і ў Амерыку праз Берынгаў праліў, дно якога тады было сушаю. На рубяжы пераходу да неаліту практычна ўся прыдатная для жыцця прастора была заселена людзьмі.

Тэхніка вырабу прылад працы ў перыяд позняга палеаліту дасягнула вельмі высокага ўзроўню. З крэменю, напрыклад, рабілі пласціны настолькі вострыя, што імі магчыма было галіцца. Шырока выкарыстоўваліся касцяныя прылады — шыла і іголка. Касцяныя вырабы ўпрыгожваліся арнаментам альбо выявамі жывёл. Паляванне давала мясную ежу і матэрыял для вырабу прылад і ўпрыгожванняў. Людзі жылі не толькі ў пячорах і гротах, але і на стаянках — у напаўзямлянках, якія будаваліся з дрэва і скур жывёл.

Грамадскія адносіны. Узнікненне чалавечага грамадства — адна з найбольш складаных праблем першабытнай гісторыі. Пачатковую форму арганізацыі грамадства вучоныя назвалі не вельмі ўдалым тэрмінам — «першабытны чалавечы статак». Некаторыя вучоныя выкарыстоўваюць замест яго больш кароткі і зручны — «праабшчына». Праабшчына — невялікая група людзей з 20—30 чалавек — існавала і развівалася на працягу шматлікіх тысячагоддзяў. Таму неабходна адрозніваць раннюю праабшчыну найстаражытных людзей і больш развітую праабшчыну неандэртальцаў. У апошніх, відавочна, ужо былі прымітыўныя ідэалагічныя ўяўленні, таму што яны, хаваючы памерлых, выконвалі пахавальны абрад.

Да пачатку позняга палеаліту (каля 40 тыс. гадоў назад) праабшчына саступіла месца больш трывалай форме арганізацыі грамадства — радавой абшчыне. Яе найважнейай прыметай была экзагамія, гэта значыць забарона шлюбаў унутры рода. Такім чынам, радавая абшчына аб’яднала не толькі суродзічаў, але і выхадцаў з іншых абшчын, якія ўвайшлі ў яе праз шлюб.

Радавая абшчына прайшла доўгі шлях гістарычнага развіцця. Першапачаткова яна кіравалася на падставе прынцыпаў абшчыннай дэмакратыі. Вышэйшым органам улады быў сход усіх суродзічаў. Найбольш мудрыя і дасведчаныя выбіраліся правадырамі, аднак прывілеямі яны не карысталіся. Абшчынная ўласнасць (зямля, лясныя ўгоддзі, месцы рыбнай лоўлі і г. д.) належала ўсяму роду. Калектыўная праца і ўраўняльнае размеркаванне матэрыяльных даброт — вось найбольш адрозныя рысы ранняй радавой абшчыны.

У эпоху позняга палеаліту (40—12 тыс. гадоў таму) чалавек ужо меў разнастайныя ўяўленні аб навакольным свеце, пэўныя навыкі ў медыцыне, добра разбіраўся ў лекавых уласцівасцях раслін і мінералаў, ведаў некаторыя віды мастацтваў (выяўленчае, танцы, спевы, верагодна, вусную народную творчасць). У гэты ж час з’явіліся больш развітыя рэлігійныя ўяўленні.

Людзі верылі ў цесную сувязь свайго рода з якой-небудзь жывёлай (татэмам) і пакланяліся яму як «бацьку» ці «старэйшаму брату», які дапамагае суродзічам (татэмізм); верылі ў існаванне душы, добрых і злых духаў, якія знаходзіліся ў якім-небудзь целе альбо дзейнічалі самастойна (анімізм); верылі ў звышнатуральныя здольнасці неадушаўлёных прадметаў, асабліва прыладаў працы, здабычлівай дзіды ці лука (фецішызм); верылі ў здольнасць чалавека пэўным чынам уздзейнічаць на іншых людзей і з’явы прыроды і дасягаць тым самым пажаданых вынікаў: дажджу, поспеху ў паляванні, лячэнні, навядзенні наслання на чалавека ці, наадварот, адбіцця ад наслання і г. д. (магія і вядзьмарства).

Зараджэнне першабытнага мастацтва. Позні перыяд старажытнага каменнага веку, ці верхні палеаліт,— час зараджэння мастацтва. Гаворка ідзе не пра мастацтва ўвогуле, а пра выяўленчае мастацтва. Пячорныя выявы жывёл (мамантаў, бізонаў, коней) здзіўляюць майстэрствам выканання і трапнасцю назіранняў. Ужо ў гэты час выкарыстоўваліся рознакаляровыя мінеральныя фарбы. Малюнкі першабытных мастакоў выяўлены на сценах і столі пячораў у Іспаніі, на поўдні Францыі і на Урале. Выявы людзей сутракаюцца надзвычай рэдка. Дагэтуль цяжка зразумець чаму маляваліся пераважна жывёлы. Магчыма праз вобразы звяроў чалавек выказваў свае ўяўленні аб навакольным свеце. Але якія менавіта паняцці, міфы, паданні альбо, можа быць, абрады хаваліся за ўсім гэтым, — нам невядома.

Важнай асаблівасцю выяўленчага мастацтва, якое тады зараджалася, было тое, што першыя першабытныя мастакі пачалі маляваць жанчын. Такая ўвага была невыпадковай, бо менавіта ад іх залежала жыццё і працяг роду, яны нараджалі і гадавалі дзяцей. Жанчыну выяўлялі не толькі на пячорных малюнках, але і ў выглядзе фігурак з косці ці каменя. Гэтыя маленькія скульптуры, верагодна, выкарыстоўваліся як амулеты.

Чалавек у эпоху мезаліту. З пачаткам сярэдняга каменнага веку ледавік, які пакрываў значную частку Еўропы і Азіі, адышоў на поўнач. Каля 14 тыс. гадоў таму мяжа вечных ільдоў прыняла сучасныя абрысы. У выніку пацяплення паўднёвыя вобласці Еўропы і Азіі сталі асабліва спрыяльнымі для развіцця чалавечай культуры.

Мезаліт характарызуецца, пеш за ўсё, распаўсюджваннем дробных каменных прыладаў, якія ў выглядзе невялікіх, але вострых пласцінак умацоўваліся ў костцы ці палцы. Праз такое ўдасканальванне людзі атрымлівалі наканечнікі дзідаў, нажы і нават пілы. Менавіта ў гэты час шырока распаўсюдзіліся лук і стрэлы. Паляванне станавілася больш эфектыўным, што дазваляла першабытнаму калектыву даўжэй затрымлівацца на адным месцы. Новыя сюжэты з’явіліся ў выяўленчым мастацтве. У адрозненне ад папярэдняй эпохі, калі маляваліся ў асноўным толькі звяры ці асобны чалавек, цяпер на малюнках сталі з’яўляцца групы людзей. Так, на наскальных малюнках, знойдзеных у Іспаніі, Індыі і на поўдні Афрыкі, прадстаўлены групы паляўнічых ці танцуючых людзей, якія выконвавюць рытуальны абрад. Акрамя таго, наскальны жывапіс (15 тыс. гадоў таму) захаваў для нас і сцэны сапраўдных войнаў паміж людзьмі. Характэрна, што выявы не маюць твараў і нічым не адрозніваюцца адзін ад аднаго.