Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне

Сутнасць паняцця. XVIII ст. увайшло ў гісторыю як стагоддзе Асветы. У шырокім сэнсе слова тэрмін «асвета» азначае асвету народа і далучэнне яго да ўсіх каштоўнасцей культуры. У больш вузкім значэнні гэтым тэрмінам называюць шырокі і магутны ідэйны рух, які ставіў сваёй мэтай пераўтварэнне грамадства на прынцыпах свабоды, палітычнай роўнасці, братэрства і агульнага дабрабыту шляхам рэформ. Гэтая ідэйная плынь зарадзілася ў Англіі напрыканцы XVII ст., але атрымала сваю назву ў Францыі, дзе дасягнула найвышэйшага развіцця ў XVIII ст.

Сутнасць ідэалогіі Асветы. Характэрнымі рысамі Асветы была крытыка існуючага ладу, стварэнне тэорый і праграмы зменаў, а таксама выпрацоўка метадаў перабудовы грамадства. Асветнікі крытыкавалі на пазіцыях розуму абсалютысцкія парадкі, засілле царквы, амаральныя ўчынкі манархаў і вышэйшых царкоўных іерархаў. Яны крытыкавалі ўсе існуючыя рэлігіі — хрысціянства, іудаізм, канфуцыянства, будызм, іслам і інш. Аднак, пры гэтым з іх заставаліся шчыра веруючымі людзьмі.

Яны ўскладалі надзеі на рэформы, якія правядзе асветны «гасудар-філосаф». Сродкамі ўздзеяння на правіцеляў яны лічылі такія меры, як масавае непаслухмянства, няўплата падаткаў і інш.

Асветнікі стварылі шэраг рэвалюцыйных палітычных тэорый: натуральнага права, народнага суверэнітэту і падзелу ўладаў. Па меркаванню асветнікаў, калі ўлада парушае натуральныя, неад’емныя правы людзей, г. зн. права на жыццё, свабоду, уласнасцць і г. д., то яна павінна быць зменена іншай уладай любым спосабам, уключаючы гвалтоўны (тэорыя натуральнага права).

Народ мае права на гэта, бо ён з’яўляецца адзінай крыніцай улады (тэорыя народнага суверэнітэту). Для забеспячэння свабоды грамадзян асветнікі прапанавалі ажыццявіць падзел уладаў на заканадаўчую, выканаўчую і судовую (тэорыя падзелу ўладаў).

Буйнейшыя прадстаўнікі і іх погляды. Буйнейшым прадстаўніком Асветы з’яўляецца Шарль Луі Мантэск’е. У трактаце «Пра дух законаў» ён даказваў, што найлепшай формай дзяржаўнага ладу з’яўляецца канстытуцыйная манархія з народным прадстаўніцтвам у выглядзе парламента. Мары Франсуа Вальтэр — аўтар шматлікіх трактатаў, найбольш папулярны сярод асветнікаў, аўтар самога тэрміна «асвета». Вальтэр быў прыхільнікам абмежавання абсалютнай улады караля, ліквідацыі саслоўных прывілеяў духавенства, дваранства і ўсталявання роўнасці перад законам. Ён быў атэістам і непрымірымым праціўнікам каталіцкага касцёлу з-за яго нецярпімасці і багацця. Жан Жак Русо быў прыхільнікам ураўноўвання даходаў і ўласнасці. Яго палітычным ідэалам была рэспубліка. Томас Пэйн напісаў памфлет «Здаровы сэнс», накіраваны супраць англійскай манархіі. Ён выступаў за незалежнасць англійскіх калоній у Паўночнай Амерыцы. Дэні Дзідро стаў распаўсюджвальнікам ідэй асветнікаў у шматлікіх краінах. Ён выдаў «Энцыклапедыю ў 35 тамах, ці Тлумачальны слоўнік навук, мастацтваў і рамёстваў». Г. Лессінг, І. Гердэр, І. Гётэ і Ф. Шылер ускладалі свае надзеі на рэформы зверху пры захаванні манархічнага праўлення. Падзяляючы агульныя прынцыпы Асветы, яны заклікалі больш да пачуццяў, чым да розуму. Усе яны былі гарачымі прыхільнікамі аб’яднання Германіі і развіцця нацыянальнай культуры.

Гістарычнае значэнне. Аб’ектыўна Асвета была прагрэсіўнай ідэалогіяй ва ўмовах крызісу феадалізму, паскоранага развіцця капіталізму. Гэтымі тэорыямі пазней кіраваліся заканадаўцы многіх краін свету. Французскія асветнікі для ажыццяўлення сваіх ідэй непасрэдна да рэвалюцыі не заклікалі, але іх ідэі былі настолькі смелымі і фармуляваліся настолькі рашуча, што іх успрымалі як рэвалюцыйныя лозунгі і праграмы. Таму не выпадкова, што яны сталі кіраўніцтвам да дзеянняў правадыроў французскай рэвалюцыі канца XVIII ст.

Асветны абсалютызм. У XVIII ст. у многіх дзяржавах Заходняй Еўропы манархі праводзілі ў жыццё ідэі, якія атрымалі назву «асветны абсалютызм». Асветны абсалютызм — распаўсюджаная ў Еўропе грамадска-палітычная думка аб рэалізацыі ідэй Асветы манархамі. Ідэі Асветы выкарыстоўвалі многія манархі Еўропы: шведскі кароль Густаў III, аўстрыйскі імператар Іосіф II, прускі кароль Фрыдрых II, расійская імператрыца Кацярына II. Ствараўся свайго рода саюз філосафаў (А. Вальтэр, Д. Дзідро, Д’Аламбер, Ш. Мантэск’е і інш.), падавальнікамі ідэй, з манархамі, якія меркавалі праводзіць іх у жыццё.

Ідэі асветнікаў задавольвалі манархаў перш за ўсё таму, што іх можна было праводзіць памалу, без асаблівых узрушэнняў. Асветнікі прапаведвалі ідэі, ажыццяўленне якіх дазваляла б рабіць бязбольную перабудову грамадскага ладу, змяняць аджылыя феадальныя парадкі і буржуазныя. Галоўным рычагом гэтай перабудовы з’яўлялася распаўсюджванне асветы ва ўсёй разнастайнасці яе форм, заснаванне школ і вышэйшых навучальных устаноў, выданне часопісаў і газет, распаўсюджванне навуковых ведаў, стварэнне ўмоў для развіцця літаратуры, мастацтва і г. д. Рэформам «асветнага абсалютызму» ў некаторых краінах было аказана моцнае супрацьдзеянне з боку духавенства і дваранства. З-за гэтага супраціву ў Францыі і Партугаліі яны былі адменены. У Іспаніі і Італіі рэформы мелі частковы поспех. У Прусіі кароль Фрыдрых II, які карыстаўся моцнай уладай, палепшыў дзяржаўнае кіраванне, увёў свабоду веравызнання, абмежаваў правы цэхаў, забараніў згон сялян з зямлі. У Аўстрыі рэформы таксама закранулі многія сферы жыцця: фінансы, становішча сялян, сістэму адукацыі.

Найбольш руплівай паслядоўніцай французскіх асветнікаў была Кацярына II, якая лічыла сябе вучаніцай Вальтэра. Яна вяла пастаянную перапіску з асветнікамі, у асаблівасці з Вальтэрам, выклікала ўсеагульнае захапленне. Палітычныя і сацыяльныя міражы асветнікаў выглядалі прывабнымі толькі здалёк. Падобна таму як у Францыі Вальтэр, Д’Аламбер, Дзідро не здолелі супрацоўнічаць з Людовікамі, так у Расіі не атрымаўся дыялог Кацярыны II з М. Новікавым і А. Радзішчавым. Напрыканцы XVIII ст. адбылося тое, што і павінна было адбыцца: выявілася поўная адсутнасць магчымасці абсалютных манархій эвалюцыяніраваць у бок лібералізма. Палітыка «асветнага абсалютызму» хоць некалькі і пашырыла магчымасці для развіцця капіталізму ў кантынентальных краінах Еўропы, але пакінула ў недатыкальнасці асновы феадальна-абсалютысцкага ладу. Якраз ідэалогія Асветы стала грунтам серыі буржуазных рэвалюцый: амерыканскай 1776—1787 гг. і французскай 1789—1799 гг.