- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Кансалідацыя беларускай народнасці
Праблема паходжання беларусаў з’яўляецца надзвычай заблытанай і складанай. Як і ў іншых еўрапейскіх народаў, працэс фарміравання гэтай этнічнай супольнасці расцягнуўся на доўгія стагоддзі, пачатак якіх прыпадае на часы старажытнасці, а заканчэнне — на эпоху Сярэднявечча і Новага часу.
У навуковай літаратуры існуюць розныя погляды на праблему паходжання беларускага народа, сярод якіх можна вылучыць фінскую, балцкую, крывіцкую, крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкую, старажытна-рускую канцэпцыі. Наяўнасць некалькіх канцэпцый тлумачыцца шматбаковасцю і складанасцю беларускага этнагенезу, рознай інтэрпрэтацыяй шматлікіх крыніц.
Згодна з фінскай канцэпцыяй (аўтар І. Ласкоў), продкамі беларусаў былі славяне і фіны. У якасці аргументаў прыводзяцца некаторыя назвы гідронімаў: Свір, Дзвіна, Мардва, якія з’яўляюцца фінскімі па паходжанні. Аднак фіны жылі на Беларусі ў канцы каменнага веку і былі асіміліраваны ў I тыс. да н. э. не славянамі, а балтамі. Вось чаму фіны сталі субстратам (падасновай) не беларусаў, а балтаў. Геаграфічныя назвы перайшлі потым да славян.
Прыхільнікі балцкай тэорыі паходжання беларусаў (В. Сядоў, Г. Штыхаў і інш.) зыходзяць з таго, што іх продкамі трэба лічыць славян і балтаў. Яны спасылаюцца на назвы рэк і азёр балцкага паходжання (Арэса, Рэста, Клёва і інш.) і сцвярджаюць, што многія элементы традыцыйнай культуры і мовы беларусаў маюць балцкія карані. Да іх адносяцца пакланенне вужам і каменням у традыцыйнай рэлігіі беларусаў, жаночы галаўны ўбор (намітка), слупавая тэхніка ўзвядзення пабудоў, цвёрды гук «р», «аканне» ў вымаўленні і інш. Аднак усе гэтыя элементы не з’яўляюцца характэрнымі толькі для балтаў і беларусаў. Цвёрды гук «р» шырока распаўсюджаны ва ўкраінскай мове, асабліва ў яе паўночных і паўднёва-заходніх гаворках, сустракаецца ён у польскай, славацкай, серба-харвацкай і чэшскай мовах. «Аканне» характэрна таксама для паўднёвага рускага насельніцтва і славенцаў. Слупавая тэхніка ўзвядзення пабудоў бытавала не толькі ў балтаў і славян, але і ў іншых еўрапейскіх народаў, нават у фінамоўных і цюркамоўных народаў Паволжа і Прыкам’я. Шырокай распаўсюджанасцю вызначаецца такі элемент традыцыйнай культуры, як жаночы галаўны ўбор намітка, ён сустракаецца ў іншых народаў. Таму больш верагодна, што балты запазычылі намітку ў славян. Што ж тычыцца пакланення вужам і каменням, то гэты элемент язычніцкай рэлігіі сустракаецца па ўсёй Еўропе і яго можна лічыць старажытнай індаеўрапейскай традыцыяй.
Спрэчнай з’яўляецца крывіцкая канцэпцыя паходжання беларусаў (В. Ластоўскі, А. Шлюбскі і інш.). Паводле яе, усе асаблівасці, якія адрозніваюць беларусаў ад украінцаў і рускіх, вынікаюць ад адной з першапачатковых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей — крывічоў. Таму прапаноўвалася называць беларусаў крывічамі, а краіну — Крывіяй. Канцэпцыя не дазваляе пераканаўча растлумачыць узнікненне паўднёвабеларускага насельніцтва, бо крывічы жылі толькі ў паўночнай і цэнтральнай частках тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Пэўнае распаўсюджванне ў літаратуры атрымала крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкая канцэпцыя (Я. Ф. Карскі, У. І. Пічэта, М. Я. Грынблат). Выказаўшы думку, што продкамі беларусаў трэба лічыць не толькі крывічоў, але і дрыгавічоў разам з радзімічамі, яе аўтары некалькі пераадолелі аднабаковасць крывіцкай канцэпцыі. Аднак не змаглі доказна растлумачыць узнікненне асаблівасцяў мовы і культуры паўночнаўсходняга беларускага насельніцтва, бо ў раннім Сярэднявеччы тут жылі не толькі крывічы, але дрыгавічы і радзімічы.
Раней была вельмі пашыранай старажытнаруская канцэпцыя паходжання беларусаў (С. А. Токараў, Я. І. Карнейчык і інш.). Аўтары лічылі, што спачатку на падмурку крывічоў, радзімічаў, дрыгавічоў і іншых усходнеславянскіх этнічных супольнасцей утварылася старажытнаруская народнасць, якая потым распалася на рускую, украінскую і беларускую народнасці. Канцэпцыя заснавана на памылковым атаясамленні этнічнай супольнасці і дзяржавы. Яна не ўлічвае рэгіянальныя асаблівасці мовы і культуры, складаны працэс фарміравання этнічнай тэрыторыі беларускага народа і дэманструе спрошчаны падыход да праблемы.
У XIII—XVI ст. паскорыўся працэс этнічнай кансалідацыі, стварэння перадумоў для ўзнікнення беларускай народнасці. Пачатак гэтаму быў пакладзены яшчэ ў перыяд існавання саюзаў плямёнаў і ўзнікнення на тэрыторыі Беларусі Полацкага, Тураўскага, Смаленскага і іншых княстваў. Аднак пры панаванні натуральнай гаспадаркі і слабасці палітычнага аб’яднання насельніцтва асобных тэрыторый надоўга захавала асаблівасці ў мове, звычаях, культуры і гаспадарчым укладзе. Пагроза, што ўзнікла з боку крыжакоў і мангола-татар, далейшае сацыяльна-эканамічнае развіццё паскорылі працэсы цэнтралізацыі і абумовілі ўваход беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага, у межах якога да XVI ст. закончылася фарміраванне беларускай народнасці.
Яна ўтварылася ў рамках тэрыторыі, на якой пражывалі нашчадкі дрыгавічоў, днепра-дзвінскіх крывічоў, радзімічаў, часткова севяран, драўлян і валынян. Побач з імі ў склад беларускай народнасці ўвайшлі іншамоўныя элементы, асабліва з ліку літоўцаў, яцвягаў і татараў. Гэтаму нямала садзейнічала славянская каланізацыя, якая расцягнулася на некалькі стагоддзяў і праходзіла паступова. У выніку на шырокай тэрыторыі, якая размяшчалася паміж Прыпяццю на поўдні і Заходняй Дзвіной на поўначы, Нёманам на захадзе, Дняпром і Сожам на ўсходзе да XIV ст. сфарміравалася этнічная тэрыторыя беларускай народнасці.
Ва ўтварэнні беларускай народнасці важную ролю адыграў сацыяльна-эканамічны фактар. Застаючыся натуральнай, гаспадарка паступова ўцягвалася ў таварна-грашовыя адносіны. На тэрыторыі Беларусі ўзмацняліся эканамічныя сувязі, узнікалі перадумовы для ўтварэння адзінага ўнутранага рынку. Пачатак эканамічнага ўздыму садзейнічаў пераадоленню лакальнай замкнёнасці асобных тэрыторый, вёў да таго, што вакол гарадоў утвараліся своеасаблівыя гаспадарчыя цэнтры. Па меры пашырэння іх эканамічнага значэння, што было звязана з набыццём гарадамі Магдэбургскага права, узмацнялася іх роля як важнейшых цэнтраў палітычнага і культурнага жыцця народа.
Працэс станаўлення беларускай народнасці быў доўгім. Гэта было звязана з тым, што ўваход беларускіх зямель у склад Вялікага княства Літоўскага расцягнуўся на некалькі стагоддзяў. Палітычнае аб’яднанне садзейнічала зліццю розных этнічных элементаў, на падмурку якіх фарміраваўся беларускі народ. Аднак Вялікае княства Літоўскае не было цэнтралізаванай дзяржавай і шматлікія беларускія землі карысталіся ў яго складзе своеасаблівай самастойнасцю. Першыя вялікія князі літоўскія, якія дзейнічалі па прынцыпу «мы (г. зн. гаспадар) старыны не парушаем, а навіны не ўводзім», на доўгія гады захавалі аўтаномію за Полацкай, Віцебскай, Смаленскай, Бранскай і іншымі землямі. Такімі ж правамі валодалі Кобрынскае, Слуцкае і іншыя ўдзельныя княствы. Федэратыўны характар дзяржавы да пэўнай ступені захоўваў феадальную дробнасць і не мог не затрымаць этнічную кансалідацыю. Тым не менш, працэс фарміравання беларускай народнасці працягваўся.
Станоўчае ўздзеянне на яго аказала развіццё саслоўна-класавай структуры феадальнага грамадства. У XIV—XVI ст. закончылася фарміраванне асноўных саслоўяў — магнатэрыі і шляхты. Да пануючых колаў грамадства адносіліся таксама праваслаўныя і каталіцкія святары, заможныя рамеснікі і гандляры. Асноўную масу насельніцтва складала сялянства і рамеснікі-беднякі, якія і ўтварылі асноўнае ядро фарміравання беларускай народнасці.
Станаўленне і развіццё беларускай народнасці праходзіла ў складаных міжнародных умовах. Неабходнасць сумеснага супрацьстаяння народаў Вялікага княства Літоўскага спачатку супраць агрэсіі крыжакоў і мангола-татар, а потым — Маскоўскага княства, садзейнічала аб’яднанню беларускіх зямель і развіццю пачуцця нацыянальнай самасвядомасці.
Узмацненне працэсаў цэнтралізацыі, пераадолення феадальнай раздробленасці, барацьба са знешнімі ворагамі вялі да ліквідацыі лакальнай замкнёнасці асобных тэрыторый. У сувязі з гэтым павялічваліся тэндэнцыі да ўзаемнага абмену, што пашырала культурныя сувязі, сцірала моўныя асаблівасці. Спецыфічныя рысы беларускай мовы ўзнікаюць ужо ў XIII ст. У XIV—XV ст. яны пачынаюць з’яўляцца ў помніках літаратуры і дзяржаўных актах. Для беларускай мовы яшчэ тады характэрна было «дзеканне», «цэканне», «аканне», цвёрдае «р» і г. д. Побач з гэтымі фанетычнымі рысамі фарміравання мовы ўзнікалі марфалагічныя і лексічныя асаблівасці. У XVI ст. беларуская мова становіцца дзяржаўнай. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. абвясціў «рускую» (беларускую) мову афіцыйнай дзяржаўнай мовай. Што ж тычылася царкоўнаславянскай мовы, то сфера яе распаўсюджвання звузілася і яна пачала ўжывацца толькі ў час набажэнства.
Важную ролю ў фарміраванні беларускай народнасці адыграў рэлігійны фактар. У эпоху Сярэднявечча, калі рэлігія займала пануючае становішча ў грамадстве, ён меў вызначальную ролю ў этнічным развіцці. Большасць беларускага насельніцтва заставалася праваслаўным. Нават сярод шляхты беларускага паходжання ўдзельная вага католікаў у першай палове XVI ст. была нязначнай. З’яўленне Рэфармацыі і Контррэфармацыі, узмацненне памкненняў ураўняцца ў правах з польскай шляхтай прывялі беларускіх феадалаў у лона каталіцызму. Асноўная ж маса насельніцтва засталася праваслаўнымі, а з 1596 г. — уніятамі, што садзейнічала захаванню і развіццю моўных і культурных традыцый, фарміравала пачуццё нацыянальнай самасвядомасці.
Паступова склаўся менталітэт беларускага народа, для якога былі характэрны нацыянальная і рэлігійная талерантнасць, добразычлівасць, гасціннасць, мягкасардэчнасць, сумленнасць, працавітасць. Духоўныя якасці беларускага народа, яго мудрасць і жыццёвы вопыт, пачалі адлюстроўвацца ў звычаях і абрадах, фальклоры, харэаграфічным і музычным мастацтве.
Развіццё этнічнай самасвядомасці прывяло да таго, што ў XVI ст. за беларускімі землямі замацаваліся назвы «Літва» і «Русь». Апошняя паступова змянілася назвай «Белая Русь», якая ахапіла землі ў басейнах Заходняй Дзвіны і Дняпра. Яна шырока выкарыстоўвалася ў палемічных творах, была вядома польскім пісьменнікам, дыпламатам Тэўтонскага ордэна. Пры Іване III назва стала звычайнай з’явай у адносінах паміж Масквой і Вялікім княствам Літоўскім, хаця насельніцтва апошняга называла сябе інакш. Разглядаючы жыхароў Маскоўскага княства як прадстаўнікоў іншай дзяржавы і называючы іх мову «маскоўскай», сябе яны лічылі «людзьмі рускімі», «русінамі». З канца XVI — пачатку XVII ст. насельніцтва гэтых зямель пачалі называць «беларусцамі». За жыхарамі цэнтральнай і заходняй частак Беларусі замацавалася назва «ліцьвіны». Таму іншаземцы, а часам і самі беларусы, называлі сваю мову «літоўскай» або «літоўска-рускай».
Назва «Беларусь» для вызначэння ўсіх яе зямель і народа пачала распаўсюджвацца толькі ў другой палове XIX ст. Што ж тычылася назвы «Літва», то яна змясцілася на паўночны захад і стала выкарыстоўвацца для вызначэння суседняга балцкага народа.
