Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Ад сярэднявечча да новага часу

XVI—XVIII ст. у гісторыі Заходняй Еўропы з’яўляюцца пераходным перыядам ад феадалізма да капіталізма. На змену феадальна-карпаратыўнаму ладу папярэдняй эпохі прыходзілі капіталістычныя, буржуазна-ліберальныя парадкі Новага часу. Гэты перыяд супра­ваджаўся глыбокімі сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі ўзрушэннямі і вострай ідэалагічнай барацьбой. Канфліктны характар эпохі праявіўся ў буржуазных рэвалюцыях у Нідэрландах, Англіі, Францыі, Паўночнай Амерыцы, у шматлікіх паўстаннях, палітычных і рэлігійных сутыкненнях і войнах. У гэты час сфарміравалася новая ідэалогія і мастацкая культура, змяніліся ўяўленні чалавека аб самім сабе і навакольным свеце. У XVI—XVIII ст. змянілася і месца Еўропы ў свеце. Еўрапейская цывілізацыя XVI ст, якая адставала ад краін Усходу, хутка вылучылася і пайшла наперад.

Сустрэча цывілізацый. У станаўленні сучаснага заходнееўра­пейскага грамадства вялізную ролю адыгралі тры вялікія рухі XVI—XVIII ст. — Адраджэнне, Рэфармацыя і буржуазныя рэвалюцыі. Але пачатак Ранняга Новага часу, як правіла, звязваюць з вялікімі геаграфічнымі адкрыццямі.

На працягу XVI—XVIII ст. адбывалася гіганцкае пашырэнне сусветных сувязей. Еўрапейскія мараплаўцы праклалі шляхі на Усход — у Афрыку, Індыю, Паўднёва-Усходнюю Азію і на Захад — у Паўднёвую і Паўночную Амерыку, на Антыльскія астравы; адкрылі Аўстралію. Вялікія геаграфічныя адкрыцці здзейснілі сапраўдную рэвалюцыю ў гісторыі чалавецтва. Яны паклалі канец ізаляванаму існаванню цывілізацый, прывялі да нечуванага пашырэння межаў вядомага свету. Пачаўся працяглы працэс збліжэння і ўзаемадзеяння цывілізацый. Узаемапранікненне духоўнай і матэрыяльнай культуры Еўропы ў краіны Усходу і Амерыкі, несумненна, было станоўчай з’яваю.

Аднак спатканне еўрапейскай цывілізацыі з народамі Азіі, Афрыкі і Амерыкі насіла драматычны і супярэчлівы характар. Яно было азмрочана еўрапейскай каланіяльнай экспансіяй, у выніку якой значная частка свету ператварылася ў крыніцу ўзбагачэння Еўропы, яе эканамічнай і палітычнай магутнасці. Каланіяльная здабыча стала асновай першапачатковага накаплення, зацвярджэння капіталізму і стварэння сусветнага рынку.

Вялікія геаграфічныя адкрыцці і іх вынікі — стварэнне першых каланіяльных імперый — былі пачаты Партугаліяй і Іспаніяй. Каралі гэтых краін мелі патрэбу ў грашовых сродках і былі зацікаўлены ў заморскіх паходах. Дробнае і сярэдняе дваранства Пірэнейскага паўвострава, досыць збяднелае, таксама разлічвала палепшыць свае справы за кошт захопу чужых земляў і багаццяў. Каталіцкі касцёл благаславіў на гэту справу партугальскіх і іспанскіх манархаў.

З адкрыццём марскога шляху ў Індыю (1498) пачалося ўтварэнне партугальскай каланіяльнай імперыі. Партугалія была занадта кволай, каб захопліваць вялізныя тэрыторыі. Таму яна стварыла ў XVI ст. апорныя базы (крэпасці і факторыі) на ўсім працягу марскога шляху ад Лісабона да Індыі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Усталяваўшы кантроль над Малукскімі астравамі (Астравы вострых прыпраў), партугальцы ўзялі пад свой кантроль марскі гандаль Еўропы з Усходам. Манаполія Партугаліі ў гандлі вострымі прыправамі была настолькі поўнай, што нават егіпецкія і персідскія купцы ў XV ст. набывалі іх праз партугальцаў. З пачатку XV ст. партугальцы першымі пачалі гандаль рабамі, якіх вывозілі з Афрыкі.

Аднак першынство Партугаліі ў каланіяльнай экспансіі было нядоўгім. У XVII ст. у змаганні са сваім асноўным канкурэнтам — Галандыяй — яна згубіла важнейшыя ўсходнія факторыі і калоніі: Малукскія астравы, Малаку, Армуз у Персідскай затоцы, апорныя базы ў Японіі, Бірме, Сіаме, Індыі. У Азіі Партугалія ўтрымала толькі некалькі апорных пунктаў у Індыі і Кітаі, а ў Афрыцы — Анголу і Мазамбік. Асновай партугальскай каланіяльнай імперыі сталі ўладанні ў Паўднёвай Амерыцы, у прыватнасці, — Бразілія, заваяваная напачатку ХVІ ст.

Іспанская каланіяльная імперыя, таксама як і партугальская, стваралася «агнём і мячом».

У першай палове XVI ст. Іспанія зацвердзілася на вялізнай тэрыторыі Паўднёвай і Цэнтральнай Амерыкі. Нешматлікія, але добра ўзброеныя і дысцыплінаваныя заваёўнікі надзіва лёгка расправіліся з дзяржавамі інкаў і ацтэкаў. У Азіі іспанцы адкрылі (Магелан, 1521), а затым захапілі і каланізавалі ў другой палове XVI ст. Філіпінскія астравы. Аднак аснову каланіяльнай моцы Іспаніі складалі амерыканскія ўладанні.

Развітыя еўрапейскія дзяржавы імкнуліся падарваць манаполію іспанскай кароны на гандаль з калоніямі ў Амерыцы. У сярэдзіне XVI ст. Францыя стварыла некалькі паселішчаў у цэнтры амерыканскіх уладанняў Партугаліі і Іспаніі. Праўда, на працягу некалькіх дзясяткаў гадоў усе яны былі знішчаны. Стала відавочна, што Францыя занадта кволая, каб весці прамое змаганне за калоніі.

Англія адмовілася ад стварэння ў XVI ст. сваіх калоній у Амерыцы. Яна разгарнула кантрабандны гандаль, у тым ліку продаж рабоў з Афрыкі іспанскім каланістам, і ўсяляк ухваляла пірацтва. Англійскія караблі зрабілі дзёрзкія напады на іспанскае ўзбярэжжа Амерыкі, захоплівалі і рабавалі іспанскія караблі, нагружаныя золатам і каштоўнымі таварамі і папаўнялі імі каралеўскую скарбніцу. Гэты метад здабычы багацця быў настолькі адчувальным для іспанцаў, што справа дайшла да вайны паміж Іспаніяй і Англіяй, у якой Англія перамагла і здзівіла Еўропу.

З канца XVI ст. Галандыя, якая дасягнула незалежнасці ад Іспаніі, і Англія пачалі імкнуцца на Усход. Так быў пакладзены пачатак уласна капіталістычнай гісторыі каланіяльнай экспансіі. На працягу XVII—XVIII ст. вядучую ролю ў ёй адыгрываў гандлёвы капітал. Галандыя і Англія ставілі сваёй мэтай манапалізаваць гандаль з Усходам і здабыць з гэтага максімальную выгаду. Тэрытарыяльныя захопы спачатку былі нязначныя, і ажыццяўляліся яны не дзеля эксплуатацыі мясцовага насельніцтва, а для стварэння спрыяльных умоў гандлю і выцяснення канкурэнтаў. Правадніком каланіяльнай палітыкі сталі гандлёвыя кампаніі, якія атрымалі ад дзяржавы права манапольнага гандлю з краінамі Усходу.

Ужо напачатку XVII ст. галандскія гандляры выцеснілі з Малукскіх астравоў партугальцаў і іспанцаў, захапілі на Яве Джакарту (Батавію), якая хутка стала цэнтрам іх каланіяльных уладанняў. У 1641 г. яны авалодалі Малакай — апорным пунктам партугальскіх уладанняў у Паўднёва-Усходняй Азіі. У другой палове XVII — першай палове XVIII ст. былі падпарадкаваны дзяржавы Явы і Мадура. У Афрыцы галандцы захапілі шэраг пунктаў на заходнім узбярэжжы і заснавалі некалькі калоній на поўдні Афрыкі (Капская зямля). Яны нават авалодалі Гвіянай (Паўднёвая Амерыка) і заснавалі калонію ў Паўночнай Амерыцы (Новыя Нідэрланды). Аднак асновай галандскай каланіяльнай імперыі быў Інданезійскі архіпелаг.

У другой палове XVII ст. Англія скасавала каланіяльную і марскую магутнасць Галандыі, якая здолела захаваць уладанні толькі ў Азіі. З пачатку XVII ст. адзін за адным узнікаюць англійскія паселішчы ўздоўж усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі. Такім чынам закладаліся падмуркі будучай дзяржавы — Злучаных Штатаў Амерыкі. У другой палове XVIII ст. англійская Ост-Індская кампанія прыступіла да заваёвы Індыі. Англія пераўтварылася ў найбуйнейшую каланіяльную дзяржаву свету.

Адраджэнне і Рэфармацыя. Адраджэнне. Разам са зменамі ў эканамічным і сацыяльным жыцці змяняліся людзі, іх уяўленні пра сябе і навакольны свет. Склаўся новы грамадскі ідэал — тып чалавека дзейнага і практычнага, упэўненага ў сабе і разам з тым дапытлівага. Сярэдневяковыя пастулаты пра чалавека як нікчэмнай грэшнай істоце, пра тленнасць і хуткацечнасць яго зямнога існавання і блізкасць Страшнага суда і Канца свету не маглі задаволіць светаўспрыняцце актыўнага і прадпрымальнага чалавека ХIV ст. Узнік новы светапогляд — гуманізм. У XIV—XVI ст. гуманізм стаў філасофскай асновай еўрапейскага Адраджэння (Рэнесанса).

Узнікненне новай культуры спачатку адбывалася ў Італіі. Тэрмін «адраджэнне» (па-французску — «рэнесанс») паказваў на сувязь новай культуры з антычнасцю. У італьянскім грамадстве XIV—XV ст. абудзіўся глыбокі інтарэс да антычнай культуры з яе радасным успрыманнем чалавечага быцця і навакольнага свету. Дзеячаў новай культуры, звернутай да інтарэсаў і патрэб чалавека, называлі гуманістамі. Паступова ідэі гуманізма распаўсюдзіліся па ўсіх еўрапейскіх краінах.

Гуманісты-інтэлектуалы тэарэтычна імкнуліся асэнсаваць гістарычны шлях чалавецтва. Яны прыйшлі да высновы, што антычнасць з яе індывідуалізмам і прызнаннем чалавека роўным багам з’яўляецца сапраўдным ідэалам грамадскага ладу. Таму яны лічылі сябе не наватарамі, а прадаўжальнікамі традыцый антычнасці, якія адраджаюць яе змест і ідэалы. Еўрапейскі ўздым культуры яны называлі Адраджэннем, сябе — гуманістамі, а свой светапогляд — гуманізмам (ад лац. «гуманус» — чалавечы). Галоўнымі рысамі гэтага светапогляду былі інтарэс да чалавека як асобы і прызнанне неабмежаваных магчымасцей чалавечага розуму. Еўрапейскія гуманісты абвясцілі роўнасць Бога і чалавека, паставілі чалавека ў цэнтр светабудовы. Мэтай чалавечага існавання абвяшчалася радасць і жыццёвая ўцеха, актыўныя дзеянні, накіраваныя на зацвярджэнне свайго месца ў свеце.

Ідэалогія гуманізма мела двайную накіраванасць: антыфеадальную і антыплебейскую. У ёй было зашмат хлуслівага і няслушнага. Вузкае кола інтэлектуалаў-гуманістаў прызнавала роўным сабе не ўсякага чалавека, а толькі адукаванага і таго, хто падзяляе іх ідэі і лад жыцця. Яны з пагардай ставіліся да сярэдніх і ніжніх слаёў насельніцтва. Гуманізм прывёў да крайняга індывідуалізму і духоўнага крызісу. Ён быў народжаны неажыццявімасцю вышэйшай мэты гуманістаў — стварэння на падставе ўзораў антычнасці ідэальнага грамадства. Гэты крызіс яскрава адлюстраваны ў творах В. Шэкспіра з іх галоўнай высновай, што адзін чалавек не можа быць крытэрыем маральнасці.

Ля вытокаў эпохі адраджэння ўзвышаецца волатаўская постаць вялікага італьянскага паэта і мысляра Дантэ Аліг’еры. Яго галоўны твор — паэма «Боская камедыя». Сам Дантэ назваў яе проста «Камедыяй», але сучаснікі ў захапленні дадалі ў яе назву слова «боская». У паэме Дантэ апісвае сваё падарожжа ў Пекла ў суправаджэнні рымскага паэта Вергілія. Тут ён бачыць душы грэшнікаў, якія пакутуюць. Аднак Дантэ не асуджае тых, хто трапіў туды з-за паганства і вальнадумства, імкнення да ведаў і свабоды.

Адным з першых італьянскіх гуманістаў быў Франчэска Петрарка. Больш 300 вершаў ён прысвяціў сваёй каханай Лауры, якую яшчэ юнаком сустрэў у царкве. Петрарка лічыцца стваральнікам італьянскай літаратурнай мовы.

Асноўнымі ідэолагамі італьянскага гуманізма з’яўляліся Эразм Ратэрдамскі, Себасцьян Бранд, Піка Мірандола і інш. Э. Ратэрдамскі ў творы «Пахвала глупству» патрабуе звароту да сапраўднай хрысціянскай маралі. С. Брант стаў вядомы дзякуючы працы «Карабель дурняў». Калі прыгадаць, што «караблём» называлі царкву, то сатырычны характар і скіраванасць яго твора відавочныя.

М. Макіавелі ў сваім творы «Гасудар» прапанаваў шляхі стварэння моцнай цэнтралізаванай дзяржавы ў раздробленай і раз’яднанай Італіі. Ён лічыў, што рэспубліка павінна існаваць толькі там, дзе ёсць годнасць і адукацыя. Для дасягнення гэтай мэты ён рэкамендаваў будучаму аб’яднальніку Італіі выкарыстоўваць любыя сродкі, у тым ліку і амаральныя. Т. Мор «Утопія» і Т. Кампанэла «Горад Сонца», ў сваіх творах прапанавалі праекты стварэння ідэальнага грамадства і чалавека.

Свет і свае духоўныя пошукі імкнуліся перадаць жывапісцы. Першымі буйнымі майстрамі новага жывапісу былі фларэнційскія майстры Джота і Мазача. Створаныя імі выявы Ісуса Хрыста, святых і іншых персанажаў біблейскіх сюжэтаў надзіва былі падобныя на сучасных ім людзей. Іх паслядоўнікамі і вучнямі можна лічыць вялікіх майстроў — Рафаэля, Мікеланджэла і Цыціана ў Італіі, Брэйгеля і Босха ў Нідэрландах, Дзюрэра і Гальбейна ў Германіі.

Вялікіх поспехаў дасягнула архітэктура. Першым з архітэктараў новай эпохі быў Філіпа Брунэлескі. Ён вярнуўся да традыцый рымскага дойлідства, пераасэнсаваў каноны, вырашыў праблему пабудовы вялікага купальнага будынку. Італьянскія архітэктары былі агульнапрызначанымі майстрамі ў еўрапейскіх краінах. Нават далёкая Маскоўшчына запрасіла шэраг італьянскіх дойлідаў — Арыстоцеля Фіараваці, Алевіза Новага і інш.

Вялізнае значэнне для развіцця навукі і літаратуры мела вынаход­ніцтва кнігадрукавання. Гэта вынаходніцтва належыць жыхару Майнца Іагану Гутэнбергу. Першапачаткова адкрыццё выкарыстоўвалася для масавага друкавання рэлігійных афішаў і індульгенцый. Пасля вырашэння шэрагу тэхнічных праблем удалося надрукаваць першую еўра­пейскую кнігу — «Біблію» на нямецкай мове (1445 г.). У хуткім часе яна была надрукавана на ўсіх асноўных еўрапейскіх мовах. Першым на царкоўнаславянскай мове надрукаваў «Біблію» Шарль Фіёль. Першыя кнігі называюць «інкулабуламі» (з лац. «калыскавымі», г. зн. дзіцячымі, роднымі).

Сусветнае прызнане атрымала творчасць пісьменнікаў і драматургаў — В. Шэкспіра, Ф. Рабле, М. Сэрвантэса. У фарміраванні новай карціны свету прынялі ўдзел вучоныя Леанарда да Вінчы, Мікалай Капернік, Джардана Бруна, Галілеа Галілей. Важнейшым фактарам у пазнанні для іх стаў эксперымент і мадэліраванне.

Эпоха Адраджэння азначала новы этап у развіцці еўрапейскай цывілізацыі. Былі адкінуты царкоўныя дагматы і аўтарытэты, адкрылася дарога для развіцця прыродазнаўства і прыкладной навукі. Адраджэнне садзейнічала станаўленню чалавека сучаснага светаразумення. Найвялікшымі з’яўляюцца дасягненні Адраджэння ў галіне мастацтва, літаратуры, архітэктуры і горадабудаўніцтва. У той жа час шмат якія якасці еўрапейцаў, іх энергія і прадпрымальнасць былі скіраваны не да самых шляхетных мэтаў. Разам з Адраджэннем пачыналася эпоха каланіяльнага рабаўніцтва, гандлю рабамі, станаўлення ўлады грошай і духу нажывы.

Рэфармацыя. Барацьба за рэфармаванне рымска-каталіцкага касцёлу неаддзельна ад гуманізму, які з’яўляецца яе перадумовай.

Рэфармацыя (ад лац . reformatio — пераўтварэнне) — грамадскі рух у Заходняй і Цэнтральнай Еўропе ў XVI ст., накіраваны супраць каталіцкага касцёлу. У шырокім разуменні — гэта барацьба супраць дагматаў феадальнага грамадства. Рэфармацыя як рух была падтрымана ўсімі слаямі насельніцтва ў Заходняй Еўропе. Ідэолагі Рэфармацыі адмаўлялі неабходнасць каталіцкага касцёлу з яго іерархіяй і духавенствам. Яны не прымалі каталіцкае Свяшчэннае пісанне, права касцёлу на зямельныя багацці і інш. Асноўныя кірункі Рэфармацыі: бюргерскі (М. Лютэр, Ж. Кальвін, У. Цвінглі); народны, які злучаў патрабаванне скасавання каталіцкага касцёлу з барацьбой за ўсталяванне роўнасці (Т. Мюнцэр); каралеўска-княжацкі, які адлюстроўваў інтарэсы свецкай улады, што імкнулася замацаваць уладу, захапіць зямельныя ўладанні касцёла. Пад ідэйным сцягам Рэфармацыі праходзілі сялянскія войны 1524—1526 гг. у Германіі, Нідэрландах і Англійская рэвалюцыя. Рэфармацыя паклала пачатак пратэстантызму.

Рэфармацыя пачалася ў Германіі ў кастрычніку 1517 г. з адкрытага выступлення супраць касцёла законніка ордэна аўгусцінцаў, прафесара філасофіі і тэалогіі Вітэнбергскага універсітэта Марціна Лютэра. Лютэр быў моцна абураны заганным гандлем індульгенцыямі. Ён абвясціў адпушчэнне грахоў за грошы блюзнерствам і адрынуў вонкавыя атрыбуты рэлігійнага культа каталіцкага касцёлу. Яго тэза аб тым, што выратаванне даруецца чалавеку непасрэдна Богам, падрывала прэтэнзіі духавенства на ролю пасрэдніка. Лютэр заклікаў да секулярызацыі касцёльных земляў і закрыцця кляштароў, да поўнай аўтаноміі вернікаў ад касцёльнай іерархіі і папства. Хрысціяне павінны пільнавацца Святога пісання, а не папы. Практычна ставілася пад сумнеў уся касцёльная сістэма ў тым выглядзе, у якім яна існавала. Спачатку папа рымскі адлучыў Лютэра ад касцёла, а ўлады зрабілі спробу арыштаваць яго. Але Лютэра падтрымалі нямецкія князі, якія тым самым кінулі выклік Карлу V — імператару Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Насельніцтва Германіі напружана сачыла за ходам гэтага супрацьстаяння. Рэлігійныя погляды Лютэра і сярэднія гарадскія слаі і сялянства. Паслядоўнікі Лютэра разглядалі яго вучэнне як своеасаблівы заклік да зменаў грамадскіх адносін. Па ўсёй Германіі пачаліся сацыяльныя і царкоўныя хваляванні. Групы законнікаў дэманстратыўна пакідалі кляштары, каб весці звычайнае працоўнае жыццё цывільных; ствараліся грамадскія касы на аплату пастарскай працы і дапамогі старым, удовам і сіротам; здымалі іконы з касцёлаў. Іканаборства суправаджалася нападамі на святароў. Лютэр быў абураны настолькі «плотскім» разуменнем ідэй духоўнай свабоды. У 1522 г. ён выступіў з проповедзямі супраць радыкальнага тлумачэння рэфармацыйнага вучэння. Лютэраўская Рэфармацыя, пазбавіўшыся сувязі з народам, стала інструментам княжацкага сепаратызму і секулярызацыі царкоўных земляў на карысць князёў.

У 1524—1525 гг. у Германіі разгарэлася Сялянская вайна, ідэйным кіраўніком якой з’яўляўся святар Томас Мюнцэр. Правадыр народнай Рэфармацыі, ён узначаліў змаганне за поўную маёмасную роўнасць, за стварэнне вольнай рэспублікі. Лютэр у сваім новым памфлеце «Супраць разбойных і рабаўнічых хеўраў сялян» заклікаў да забойства бунтароў. Нямецкія князі бязлітасна расправіліся з паўстанцамі.

У Паўночнай Германіі князі правялі рэформу царквы на аснове прынцыпаў, прапанаваных Лютэрам. Яны зачынілі кляштары і захапілі царкоўныя землі. Князь стаў галавою царквы ў сваім княстве. Такая царква стала называцца лютэранскай. Усіх прыхільнікаў Рэфармацыі з гэтага часу прынята называць пратэстантамі. Імператар Карл V не змірыўся з такім становішчам. Пачалася працяглая вайна паміж ім і пратэстанцкімі князямі. Толькі Аўгсбургскі рэлігійны мір (1555) замацаваў княжацкі суверэнітэт у пытаннях веравызнання. Узяў верх прынцып «чыя ўлада, таго і вера».

Рэфармацыя ў Еўропе. У Швейцарыі ля вытокаў рэфарматарскага руху знаходзіліся святар Ульрых Цвінглі і французскі тэолаг, які жыў у Жэневе, Жан Кальвін.

Вучэнне Кальвіна адлюстроўвала інтарэсы самай смелай часткі тагачаснай буржуазіі і ідэалагічна падрыхтавала буржуазныя рэвалюцыі ў Нідэрландах і Англіі. Аднак, таксама як і рымскі папа, Кальвін, якога называлі жэнеўскім папам, быў крайне нецярпімы да супраціўнікаў: ён аддаваў іх на спаленне. Рэфарматарскі рух у Англіі прывёў да разрыву з Ватыканам. У 1534 г. англійскі кароль Генрых VIII абвясціў сябе кіраўніком асобнай англіканскай царквы, якая падпарадкавалася каралю, а не папе. Прыхільнікі рэфармацыі ў Англіі ўспрынялі некаторыя палажэнні лютэранства і кальвінізма. Рэфармацыя ў Нідэрландах пачалася ў 1566 г. з народнага іканаборчага руху і перарасла ў буржуазную рэвалюцыю. Іспанскі кароль Філіп II, які кіраваў на той час Нідэрландамі, паспрабаваў знішчыць новую рэлігію, а інквізіцыя вынесла адзіны ў такой справе прысуд, асудзіўшы на смерць як ерэтыкоў усіх жыхароў Нідэрландаў.

Рэфармацыя не толькі падарвала асновы каталіцызму. Яна адыграла значную ролю ў працэсе пераходу ад феадалізму да капіталізму. Побач з Адраджэннем і наступнымі буржуазнымі рэвалюцыямі яна забяспечыла станаўленне сучаснага заходнееўрапейскага грамадства.