Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Новы час: перыядызацыя і асноўны змест

Новы час — гэта асаблівы перыяд сусветнай гісторыі. Чалавецтва ўпершыню ўсвядоміла унікальнасць свайго існавання. У адрозненне ад папярэдніх стагоддзяў у Еўропе сфарміравалася ўяўленне аб сусветным характары развіцця, аб адзінстве і разнастайнасці гістарычнага працэсу. Рэлігія, разуменне прыроды, грамадства, дзяржаўны лад — усё бязлітасна крытыкавалася і прадстала перад абліччам розуму. Вялікія геаграфічныя адкрыцці, рэлігійныя войны, прамысловыя і сацыяльныя рэвалюцыі непазнавальна змянілі аблічча Еўропы. У сваім імклівым руху яна вырвалася па-за межы ўласных граніц. Адбывалася збліжэнне краін і народаў. Аднак яно не было добраахвотным. Пачынаючы з XV ст. Еўропа ажыццявіла грандыёзную экспансію, усталяваўшы сваё валадарства над светам. Гісторыя сапраўды стала сусветнай.

Паняцце «новы час» узнікла ў эпоху Адраджэння. Росквіт навукі і мастацтва таго перыяду еўрапейскія гуманісты назвалі новай эпохай і адзначалі асаблівы перыяд развіцця Еўропы. Яны звязвалі з ім вялікія надзеі і нават гісторыю чалавецтва падзялілі на старажытную, сярэднюю і новую. Гэтыя паняцці і да сёння існуюць у гістарычнай навуцы. У ХХ ст. дадалося яшчэ паняцце «сучасная», альбо «навейшая» гісторыя.

Перыядызацыя Новага часу. Гісторыя Новага часу ахоплівае некалькі стагоддзяў. Яна пачынаецца ў XVI ст. і заканчваецца пачаткам XX ст. За гэты час чалавецтва прайшло шлях ад безагаворачнай веры ў ідэю прагрэса і светлую будучыню да знішчальнай Сусветнай вайны 1914—1918 гг.

Гісторыю Новага часу можна падзяліць на два вялікія перыяды. Вызначальнай падзеяй з’яўляецца Французская буржуазная рэвалюцыя канца XVIII ст. Яна завяршыла першы перыяд Новага часу і адкрыла другі, які скончыўся Першай сусветнай вайной і Кастрычніцкай рэвалюцыяй у Расіі. Гэтыя падзеі, у сваю чаргу, сталі рубяжом Новага і Навейшага часу. Аднак, як слушна лічаць некаторыя вучоныя, навейшы, г. зн. сучасны перыяд гісторыі — гэта апошнія 40—50 гадоў.

Еўрапейская цывівілізацыя становіцца лідэрам сусветнай гісторыі. Да пачатку Новага часу становішча чалавечага грамадства заставалася адносна стабільным. Заваявальныя войны і перасоўванне народаў не мянялі агульнай карціны свету. Ніводная з існаваўшых цывілізацый не выйшла за межы сваіх гістарычных граніц. Не была выключэннем і еўрапейская цывілізацыя. Так як і іншыя, яна складвалася ў пэўную гістарычную супольнасць на працягу шматлікіх стагоддзяў. Еўрапейская цывілізацыя ўвабрала ў сябе і развіла, найперш, антычную спадчыну. Уся адукацыя працяглы час будавалася на вывучэнні грэчаскіх і лацінскіх аўтараў. Найважнейшыя паняцці еўрапейскай палітычнай культуры, напрыклад, «дэмакратыя» і «дэспатыя», «рэспубліка» і імперыя,— лацінскага ці грэчаскага паходжання. І тэрмін «культура» паходзіць з лацінскай мовы.

На антычнай глебе ўзрасла хрысціянская рэлігія. Праз Рым і Візантыю яе ўспрынялі еўрапейскія народы. Дзякуючы хрысціянству, яны трансфармаваліся ў Заходняе (каталіцкае) і Ўсходняе (праваслаўнае) грамадства. Рэлігійныя каштоўнасці былі пакладзены ў падмурак культуры, ладу жыцця і светаўспрымання еўрапейцаў. Хрысціянская рэлігія, такім чынам, стала найважнейшай складанай часткай еўрапейскага свету. Праўда, хрысціянства — не толькі Еўропа, але без яго цяжка ўявіць яе гісторыю.

Падзел хрысціянскай царквы на каталіцкую і праваслаўную адбіўся на лёсах Еўропы: Русь, якая прыняла хрысціянства па праваслаўнаму ўзору, адрознівалася ад Заходняй і Цэнтральнай Еўропы. Адрозненні ўзмацняліся па меры прасоўвання Расіі ў Азію і пераўтварэнні яе ў вялізную еўразійскую дзяржаву. Аднак, нягледзячы на ўсе адрозненні і асаблівасці, Расія была часткай Еўропы, і таму Яна па меры свайго пашырэння прасоўвала еўрапейскую цывілізацыю ў Азію.

Няпроста складваліся адносіны Еўропы з іншымі цывілізацыямі. У памяці народаў араба-мусульманскага Ўсходу надоўга захаваліся крыжовыя паходы. У эпоху Новага часу неад’емнай уласцівасцю еўрапейскай цывілізацыі стала каланіяльная экспансія. Спачатку феадальная, затым капіталістычная Еўропа захоплівала чужыя тэрыторыі, рабавала і знішчала карэннае насельніцтва ў Амерыцы, Азіі і Афрыцы. Нават некалі магутныя і цывілізаваныя краіны Усходу пераўтварыліся ў калоніі і паўкалоніі еўрапейскіх дзяржаў. Еўропа стала ўладаром свету. Гісторыя яшчэ не ведала выпадку, каб адна цывілізацыя ўстанавіла кантроль над усімі іншымі.

Чым растлумачыць настолькі нечаканы паварот у сусветнай гісторыі? Чаму паскоранае развіццё еўрапейскай цывівілізацыі абярнулася трагедыяй для народаў Амерыкі, Азіі і Афрыкі? Чаму нават Індыя і Кітай не здолелі супрацьстаяць еўрапейскай экспансіі.

Гісторыкі і філосафы даўно імкнуліся адказаць на гэтыя пытанні. У XIX ст. большасць еўрапейскіх вучоных абгрунтоўвалі непазбежнасць і ў той жа час прагрэсіўнасць Захаду. Так, напрыклад, знакаміты нямецкі філосаф Гегель лічыў народы Усходу пасіўнымі, негістарычнымі па сваёй гісторыі, г. зн. няздольнымі да самастойнай і творчай дзейнасці, да засваення навукова-тэхнічных дасягненняў Захаду. Першапрычыну еўрапейскага рыўка наперад ён бачыў у перавазе еўрапейскага дынамічнага духу над сузіральнай усходняй натурай, у перавазе хрысціянскай рэлігіі перад будызмам, канфуцыянствам, ісламам, індуізмам і іншымі ідэалогіямі і рэлігіямі Усходу.

Некаторыя сучасныя гісторыкі наогул адмаўляюць адставанне развітых азіяцкіх краін ад Еўропы да пачатку Новага часу. Па іх меркаванню, уварванне еўрапейцаў выглядала гістарычнай выпадковасцю. Еўрапейцам пашанцавала найбольш — ім нязменна садзейнічаў ваенны поспех. Але, прытрымліваючыся такога пункту гледжання, нельга зразумець, чаму кітайцы, якія прыплылі напачатку XV ст. да ўсходне-афрыканскага ўзбярэжжа, павярнулі назад, а партугальцы ў той жа час пачалі асвойванне заходнеафрыканскага ўзбярэжжа і настойліва прасоўваліся наперад, пакуль не дасягнулі паўднёвых мораў. Усё гэта, безумоўна, не было выпадковасцю.

Тым не менш, большасць сучасных вучоных лічаць, што вытокі гэтай з’явы ляжаць у нераўнамернасці і неадназначнасці гістарычнага развіцця. Еўропа першай стала на шлях сучаснага навуковага і тэхнічнага прагрэсу, які забяспечыў ёй бачную перавагу ў свеце. Аднак такі адказ не можа нас поўнасцю задаволіць, таму што ўзнікае яшчэ адно пытанне: чаму менавіта Еўропа, а не краіны Усходу з іх тысячагадовай гісторыяй? Пераканаўчага і вычарпальнага адказу на гэтае пытанне пакуль не існуе. Ясна толькі, што яго трэба шукаць у своеасаблівасцях гістарычнага развіцця народаў Еўропы і Азіі.

Асаблівасці Заходняй цывілізацыі. На Захадзе раней, чым дзе б то не было, узнік асаблівы і унікальны тып грамадства, які называюць капіталізмам. Яго ўзнікненне часам характарызуюць як «еўрапейскі цуд». Менавіта пры капіталізме еўрапейцы стварылі індустрыяльную сістэму вытворчых сіл, якая супрацьпаставіла іх усяму дакапіталістычнаму свету. Дзякуючы ваеннай і тэхнічнай перавазе Захад стаў гаспадаром свету, падпарадкаваў сабе народы Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Працяглы час аб гэтым казалі як аб загадцы Усходу. Але найбольш правільна было б казаць аб вялікай таямніцы Захаду, бо нідзе па-за межамі Заходняй Еўропы не адбылося самастойнага і натуральнага ўзнікнення капіталізма.

Асаблівасці ўсходніх цывілізацый. На Усходзе склаўся іншы, у адрозненне ад Заходняй Еўропы, тып цывілізацыі. Нават развітыя азіяцкія краіны самі па сабе не ўступілі на шлях навукова-тэхнічнага прагрэсу. Ні ў адной з іх не было навуковых рэвалюцый заходняга тыпу, якія дазволілі Еўропе вырвацца наперад і ўсталяваць свой кантроль над астатнім светам. У адрозненне ад Захада, дзе не забараняліся індывідуальныя вольнасці чалавека і цалкам нармальным лічылася яго памкненне да прыбытку і асабістай выгады, на Усходзе заўсёды падкрэслівалася важнасць інтарэсаў абшчыны, касты, клана, дзяржавы, строга захоўваліся звычаі і традыцыі з шанаваннем старэйшых і пакланеннем перад гасударом і ўладаю ўвогуле. Гандаль і прадпрымальніцтва не карысталіся павагаю ў традыцыйным усходнім грамадстве.

Адной з асаблівасцяў феадальных адносін на Усходзе было тое, што дзяржава з найстаражытнейшых часоў з’яўлялася вярхоўным уладальнікам зямлі. Улада правіцеляў была практычна неабмежаванаю. Існавала жорсткая і ўсеабдымная рэгламентацыя жыцця і маёмасці падданых. Усё гэта перашкаджала развіццю капіталістычных адносін, якія так паспяхова развіваліся ў Еўропе.