Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага

У ХІІІ — першай палове ХVI ст. адбываюцца на беларускiх землях такiя важныя з’явы грамадска-палiтычнага i сацыяльнага жыцця як умацаванне эканамiчных i сацыяльных пазiцый вярхоў пануючага саслоўя; рост таварна-грашовых адносiн, якi ахапiў не толькi гарады, але i феадальныя памесці; кансалiдацыя стану феадалаў i гарадскога саслоўя.

Менавiта на гэты час канчаткова аформiлася шляхецкае саслоўе. Вялiкакняжаскiмi прывiлеямi 1387 г., 1432 г., 1434 г. прадстаўнiкам гэтага стану было гарантавана права ўласнасцi на свае, выслужаныя ў вялiкага князя, вотчыны. Акрамя таго, новыя зямельныя ўласнiкi былi вызвалены ад большасцi грашовых i натуральных павiннасцей на карысць дзяржавы. Прывiлей вялiкага князя Казiмiра 1447 г. даў шляхце судовы iмунiтэт: права вяршыць суд над падданымi ў сваiх маёнтках. Статуты Вялiкага княства Лiтоўскага ХVI ст. заканадаўча замацавалi гэтыя палажэннi i афармлялi шляхецтва ў замкнёнае для пранiкнення карпаратыўнае саслоўе. Характэрнай прыкметай прыналежнасцi да яго з’яўлялася абавязковае выкананне ваеннай службы. Занятак рамяством цi гандлем лiчыўся для шляхцiца ганебным. Людзi «простага стану» — сяляне i гараджане, якiя не валодалi зямлёй i займалiся рамеснiцка-гандлёвай дзейнасцю, маглi трапiць у шляхецкае саслоўе толькi за звышвыключныя ваенныя цi iншыя заслугi перад дзяржавай.

Узмацненне сацыяльных пазiцый феадалаў у грамадстве i дзяржаве забяспечвалася перш за ўсё пашырэннем iх манапольнай уласнасцi на асноўны сродак вытворчасцi — зямлю i пазаэканамiчнай залежнасцю ад iх селянiна.

У ХIV — першай палове ХVI ст. адбываўся значны рост феадальнага землеўладання. Ён ажыццяўляўся рознымi шляхамi: праз найбольш важны i распаўсюджаны — вялiкакняжацкiя падараваннi, а таксама дарэннямi свецкiх феадалаў, купляй-продажам, залогам (заставай) i iнш.

У канцы ХV — першай палове ХVI ст., па меры пашырэння вялiкакняжаскiх падараванняў, скарачаўся фонд дзяржаўных зямель i павялiчвалася прыватнае землеўладанне, у першую чаргу буйное. Юрыдычна ўсе прадстаўнiкi стану шляхецкага лiчылiся роўнымi памiж сабой, але ў маёмасных адносiнах значна рознiлiся. Паводле дадзеных «Попiсу войска Вялiкага княства Лiтоўскага» 1528 г., дробныя ды сярэднiя феадалы, якiя валодалi не больш чым 18 валокамi, складалi ў Беларусi 81 % усiх землеўладальнiкаў. У iх руках знаходзiлася 53,6 % усяго зямельнага фонду Беларусi. Аднак 41,7 % гэтай катэгорыi зямельных уласнiкаў не мелi сялян. У той жа час буйныя феадалы, якiя складалi 19 % агульнай колькасцi землеўласнiкаў Беларусi, валодалi 46,4 % зямельных угоддзяў. Сярод iх вылучалася невялiкая група латыфундыстаў, найперш Кезгайлы, Радзiвiлы, Гаштольды. Вялiкiя зямельныя плошчы належалi iм у Беларусi, заходняя i цэнтральная частка якой сталi асноўнымi раёнамi вялiкакняжаскiх падараванняў.

Нарастаючае развiццё таварна-грашовых адносiн вызначала iнтарэс шляхецкага саслоўя не толькi да пашырэння землеўладання, але i да арганiзацыi панскай гаспадаркi, якая была накiравана ўжо не толькi на задавальненне асабiстых патрэб, але i на павелiчэнне даходнасцi. На працягу ХV ст. спярша спарадычна, а з другой паловы гэтага стагоддзя ўстойлiва набываюць вядучае значэнне двары з панскай ворнай зямлёй. Панямонне i Падзвiнне — рэгiёны сплаўных рэк, дзе ўпершыню з’явiлася на Беларусi панская гаспадарка — фальварак. Ужо ў 1450 г. называецца такая гаспадарка ў маёнтку Менедыкоўскiм у Наваградскай зямлi. Фальварак упамiнаецца ў крынiцы 1481 г. у маёнтку Вiдзы, а ў 1498 г. — «подле реки Дисны», у 1499 г. — у маёнтках Нясвiж, Холхла Менскага павету. ХVI ст. стала часам усталявання фальваркава-паншчыннай сiстэмы на беларускiх землях.

Эканамiчная эвалюцыя панскай гаспадаркi выклiкала iстотныя змены ў становiшчы сялянскiх мас. У канцы ХV—ХVI ст. iшоў актыўны працэс запрыгоньвання сялянства. Ранейшыя катэгорыi сялян (чэлядзь нявольная, людзi непахожыя, пахожыя) паступова ператваралiся ў адно саслоўе — прыгоннае сялянства. На захадзе Беларусi ў сувязi з развiццём фальварка адной з галоўных павiннасцей сялян станавiлася паншчына. Так, паводле дадзеных iнвентара ўладанняў Ю. М. Радзiвiла 1528 г., на Лiтве i Беларусi з 1422 сялянскiх службаў 1229 служб былi цяглымi, тады як даннiкi складалi усяго 193 службы. Ва ўладаннях Вiленскага епiскапства ў сярэдзiне ХVI ст. каля ⅔ вясковага насельнiцтва складалi цяглыя сяляне.

У той жа час, калi асноўная маса сялянства была запрыгонена, юрыдычныя адрозненнi ў становiшчы розных груп сялянства былi лiквiдаваны. Яно з’яўлялася адзiным саслоўем.

Тады канчаткова аформiлася і мяшчанскае саслоўе. Iстотныя змены ў грамадска-эканамiчным жыццi беларускiх гарадоў пачалi адбывацца ў канцы ХIV ст. Менавiта ў гэты час гарадскiя жыхары атрымлiваюць свае першыя саслоўныя прывiлеi. Так, 15 жнiўня 1390 г. насельнiкi месца Берасця атрымалi ад вялiкага князя Ягайлы прывiлей на права самакiравання паводле Магдэбургскага права. У наступным годзе такую ж самую грамату атрымала Гародня. Гэтыя дакументы дазвалялi месцiчам размяшчаць судовыя i адмiнiстратыўныя органы ўлады ў гарадах, вызначаць парадак выбараў службовых асоб, арганiзоўваць рамесныя цэхi, кантраляваць гандаль i збор падаткаў. Галоўным здабыткам гарадоў, якiя атрымлiвалi Магдэбургскае права, было тое, што яны маглі самастойна вырашаць ўласныя праблемы, вызваляць ад улады i падсуднасцi дзяржаўных чыноў­нiкаў (старостаў, намеснiкаў, ваяводаў), што давала юрыдычныя гарантыi iх эканамiчнай дзейнасцi. Магдэбургскае права садзейнiчала фармi­раванню мяшчанскага саслоўя, якое канчаткова аформілася ў ХVI ст. Юрыдычнае замацаванне яно атрымала ў заканадаўстве Вялiкага княства Лiтоўскага — Статутах 1529 г., 1566 г., 1588 г. Прынамсi, нормы статутаў разглядаюць гарадское насельнiцтва як саслоўе ў дзяржаве. Гэта вынiкае ўжо з першага артыкула i раздзела Статута 1529 г., дзе мяшчанства як аб’ект права выдзяляецца асобна («шляхту и мещан карати не хочем»).

Сацыяльна-эканамiчныя, дзяржаўна-палiтычныя, канфесiйныя змены непасрэдна паўплывалi на эвалюцыю культурнага жыцця на беларускiх землях у ХIV — пачатку ХVI ст. Рост гарадоў i мястэчак садзейнiчаў далейшаму развiццю драўлянага дойлiдства. Разам з тым ваенная небяспека, у першую чаргу крыжацкая з паўночнага захаду, надавала горадабудаўнiцтву абарончыя рысы. У ХIV ст. узводзяцца мураваныя замкi ў Лiдзе, Крэве, Вiцебску, Меднiках. Умацоўваюцца каменнымi вежамi цвярдынi ў Наваградку, Гародне. У першым дзесяцiгоддзi ХVI ст. пачалося будаўнiцтва знакамiтага Мiрскага замка. Гэты ж час спарадзiў арыгiнальны тып абарончага культурнага дойлiдства, калi хрысцiянскiя храмы адыгрывалi таксама ролю крэпасцяў. Найбольш вядомыя такога тыпу помнiкi захавалiся ў в. Сынкавiчы Зэльвенскага раёна i Мураванцы Шчучынскага раёна.

Арыгiнальных помнiкаў манументальнага жывапiсу ХIV — першай паловы ХVI ст. у Беларусi, на жаль, не захавалася. Але архiўныя i лiтаратурныя крынiцы пакiнулi сведчаннi аб фрэскавых роспiсах палацавых i царкоўных забудоў. У часы ж Ягайлы майстры з беларускiх зямель займалiся роспiсам касцёлаў у Гнезне i Сандамiры, каплiц у каралеўскiм Вавельскiм палацы ў Кракаве і ў Люблiнскiм замку. Да ХIV—ХV ст. можна аднесцi пачаткi зараджэння партрэтнага жывапiсу. Вядомы хранiст ХVI ст. М. Стрыйкоўскi занатаваў, што ў замкавай царкве Вiцебска знаходзiўся «партрэт Улляны старажытнага пiсьма, дзе яна паказана разам з мужам сваiм Альгердам». Арыстакратызацыя грамадства ВКЛ спрычынiлася да распаўсюджвання мастацтва партрэта. У Вiльню запрашалiся вядомыя заходнееўрапейскiя майстры, якiя стваралі жывапісныя выявы прадстаўнiкоў вялiкакняжаскай фамiлii, знакамiтых магнатаў, духоўных асобаў. Захавалася некалькi iмёнаў мастакоў беларускага паходжання пачатку ХVI ст. — гэта Тамаш, Навоша.

У ХIV—ХV ст. беларуская пластыка знаходзiлася на перасячэннi уплываў вiзантыйскага i еўрапейскага мастацтваў. Сувязi з ста­ражытнарускiмi традыцыямi выяўляюцца ў двухрадным рэльефным абразку ХV—ХVI ст. з косцi, што быў знойдзены пры археалагiчных раскопках у Тураве, а таксама абразку мацi Божай Жыровiцкай з яшмы (1470 г.). Рысы раманскага стылю маюць драўляныя i каменныя скульптуры ў касцёлах i манастырах Беларусi ХIV—ХV ст. Самы раннi з захаваных помнiкаў — «Распяцце» (ХIV ст.) з в. Галубовiчы Глыбоцкага раёна.

У ХIV — першай палове ХVI ст. пачалася свядомая асветная дзейнасць, у прыватнасці па выпрацоўцы норм пiсьменнасцi i красамоўнасцi беларускай мовы. Можна сказаць, што ў гэты час ужо існавала асобная усходнеславянская лiтаратурная мова. Яна стала мовай беларуска-лiтоўскiх летапiсаў, дзелавой дзяржаўнай, а таксама гутарковай мовай у штодзённым ужытку ў грамадскiм жыццi.

Галоўным лiтаратурным жанрам, што пераважаў у ХIV—ХV ст. з’яўлялiся летапiсы. Найбольш вядомы з іх «Летапiс вялiкiх князёў лiтоўскiх», напiсаны на старабеларускай мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х гг.

Старабеларуская лiтаратура ХIV—ХV ст. акрамя летапiсных назапасiла шэраг рознажанравых твораў рэлiгiйнага i свецкага характару. Галоўнае месца, безумоўна, займала рэлiгiйная тэматыка. Праўда, тут пераважала перакладная лiтаратура. Сярод арыгiнальных творцаў вы­лучаўся ў пачатку ХV ст. праваслаўны мiтрапалiт Вялікага княства Літоўскага Рыгор Цамблак. Свецкая лiтаратура галоўным чынам таксама паказана больш перакладнымi творамi: пераказамі гамераўскага эпасу, класiкай кельцкай традыцыi («Трыстан i Iзольда»), iрландскай «Кнiгай аб Таўдале-рыцары». Пераклады ўсходнерускiх аповесцяў, прыкладам, «Нашэсце Мамая», ўключалiся ў летапiсныя творы.

Для культуры Беларусi ХIV — першай паловы ХVI ст. характэрна арганiчнае спалучэнне вiзантыйска-старажытнарускiх пачаткаў, заходнееўрапейскiх навацый з народнымi духоўна-матэрыяльнымi традыцыямi, што стварала самабытную культурную славянскую прастору.