- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
Моцныя цэнтрабежныя тэндэнцыі, якія абазначыліся на Русі праз імкненне мясцовых князёў дамагчыся сваёй самастойнасці, незалежнасці княстваў ад Кіева, у рэшце рэшт прывялі да абвяшчэння прынцыпу феадальнай раздробленасці. У 1097 г. у Любечы (Чарнігаўскае княства) адбыўся княжаскі з’езд, на якім было прынята рашэнне: «каждо да держит отчину свою» (кожны князь павінен быў атрымліваць у спадчыну зямлю сваіх продкаў і пры гэтым адмовіцца ад прэтэнзій на іншыя тэрыторыі). Знешняя — палавецкая — небяспека, мэтанакіраваная аб’яднальная палітыка Уладзіміра Манамаха (1113—1125) у нейкай ступені стрымлівалі цэнтрабежныя сілы. Аднак пасля смерці Манамаха Кіеўская Русь канчаткова распалася на шэраг самастойных аб’яднанняў (Уладзіміра-Суздальскае, Галіцка-Валынскае, Полацкае княствы, Наўгародская феадальная рэспубліка і іншыя).
Усталяванне той ці іншай сістэмы кіравання залежала ад вынікаў унутранай барацьбы паміж князямі і баярамі, пазіцыі, якую займалі ў ёй гараджане, вечавых традыцый у рэгіёнах. Пры гэтым вызначаюцца тры розныя мадэлі размеркавання ўлады: Паўднёва-Заходняя Русь, Паўночна-Заходняя Русь, Паўночна-Усходняя Русь.
Паўднёвыя і заходнія землі Кіеўскай Русі знаходзіліся ў больш спрыяльных прыродных умовах, чым яе паўночна-заходнія і паўночна-ўсходнія тэрыторыі. Тут баярства, абапіраючыся на свае вотчыны, з’яўлялася магутнай самастойнай сілай, якая супрацьстаяла княжаскай уладзе. Актыўна ў справы краю ўмешваліся моцныя суседзі — Венгрыя і Польшча. У сваім палітычным развіцці Паўднёва-Заходняя Русь дэманстравала тэндэнцыі руху ў кірунку заходняй цывілізацыі — да ўстанаўлення феадальнай манархіі. У 1199 г. валынскаму князю Раману Мсціслававічу (1170—1205) удалося аб’яднаць Галіцкае і Валынскае княствы. Упартае супрацьстаянне Рамана Мсціслававіча і мясцовага баярства завяршылася княжаскай перамогай. Раман Мсціслававіч паспяхова ваяваў з польскімі феадаламі, займаў актыўную пазіцыю ў барацьбе за вяршэнства на ўсходнеславянскіх землях. Аднак ужо ў 1205 г. уладу ў Галіцка-Валынскім княстве захапілі баяры, ператварыўшы тэрыторыю адной з буйнейшых дзяржаў Еўропы ў шэраг варожых адзін аднаму цэнтраў. У 1238 г. сваю ўладу на Галіцка-Валынскай зямлі ўстанавіў Данііл Раманавіч. Прэтэндуючы на ролю аднаго з самых моцных усходнеславянскіх ўладароў, ён у 1240 г. захапіў Кіеў. Разам з тым у хуткім часе Паўднёва-Заходняя Русь была спустошана мангола-татарамі. У далейшым тут узмацняецца націск з боку Літвы, Польшчы і Венгрыі. У выніку ў сярэдзіне XIV ст. Галіцкая зямля адышла да Польскага каралеўства, а Валынь — да Вялікага княства Літоўскага.
Своесаблівы палітычны лад, баярская рэспубліка, усталяваўся ў межах Паўночна-Заходняй Русі (Наўгародскай зямлі). Мясцовае баярства вызначалася сваёй эканамічнай моцнасцю, якая грунтавалася не столькі на ўладанні значным зямельным фондам (прыродна-кліматычныя ўмовы не спрыялі развіццю земляробства), колькі на вялізных даходах ад прамысловых заняткаў і галоўным чынам ад гандлю (яго развіццю спрыяла даволі выгаднае месцазнаходжанне Ноўгарада: горад размяшчаўся на перасячэнні гандлёвых шляхоў). Выкарыстоўваючы незадавальненне гараджан, якія ў 1136 г. узнялі паўстанне, наўгародскае баярства ў барацьбе за ўладу атрымала канчатковую перамогу над князем Усеваладам Мсціслававічам (у далейшым князям адводзілася выключна роля военачальніка, яны запрашаліся ў Ноўгарад; любая іх спроба ўмяшання ва ўнутраныя справы краю пагражала выгнаннем). Фармальна вышэйшым кіруючым органам Наўгародскай феадальнай рэспублікі з’яўлялася веча, на якім выбіралася мясцовае праўленне, разглядаліся важныя аспекты ўнутранай і знешняй палітыкі, рэальнай жа ўладай тут выступалі 300 «залатых паясоў» — найбуйнейшыя баяры Ноўгарада. Гэта рабіла наўгародскую мадэль палітычнага развіцця непрадукцыйнай, тупіковай (сярэднявечная рэспубліка, як сведчыў і заходнееўрапейскі вопыт, не магла стаць ядром нацыянальнай дзяржавы). У перспектыве Наўгародскую зямлю чакала адасабленне ад яе Пскоўскай феадальнай рэспублікі (юрыдычна — у 1348 г.) і ў пэўнай ступені Вяцкай зямлі, а ў канчатковым выніку — паглынанне больш моцным суседам — Вялікім княствам Маскоўскім (1478 г.). Гэта адбылося ў працэсе яго супрацьстаяння Вялікаму княству Літоўскаму, уладары якога таксама разлічвалі на наўгародскія ўладанні.
Асаблівая роля нават сярод найбольш значных цэнтраў Русі перыяду «ўдзельшчыны» належала яе паўночна-ўсходняму рэгіёну, які ў далейшым стаў ядром Расійскай цэнтралізаванай дзяржавы, калыскай расійскай цывілізацыі. З прычыны беднасці глебы і суровасці клімату Паўночна-ўсходняя Русь доўгі час з’яўлялася глухой ускраінай. Тут вялізныя лясныя масівы з перавагай падзолу значна перавышалі чарназёмы рачных лог («аполлі»), таму старажытная зямля фіна-угорскіх плямён, крывічоў і вяцічаў была непрывабнай для земляробаў. У пэўнай ступені ўсё гэта стрымлівала фарміраванне ў Залескім краі буйных вотчынных гаспадарак і абмяжоўвала ўплыў мясцовага баярства. Асаблівасцю развіцця Паўночна-ўсходняй Русі стала таксама адсутнасць трывалых вечавых традыцый.
У канцы XI—XII ст. становішча ў дамінуючым у межах паўночна-усходняга рэгіёна Растова-Суздальскім княстве (яго сталіцай спачатку быў Растоў Вялікі, а потым Суздаль) і іншых мясцовых цэнтрах істотна змянілася. Спусташэнне ўрадлівых паўднёвых зямель Русі качэўнікамі і адсутнасць у аслабленых тутэйшых улад магчымасці аказаць ім належны адпор, прыгнёт асноўнай масы земляробаў уладальнікамі буйных вотчын прывялі да перасялення насельніцтва лесастэпавага поўдня ў Залескі край. Тут пачынаюць адбывацца істотныя змены ў развіцці гаспадаркі: высякаюцца лясныя гушчары, пашыраецца ворыва, узнікаюць новыя гарады, наладжваецца абмен-гандаль (асаблівае значэнне меў Усходні (Волжскі) гандлёвы шлях). Значным фактарам у паступальным развіцці Паўночна-ўсходняй Русі стала дзейнасць надзвычай энергічных, прагных да славы і разам з тым удачлівых растова-суздальскіх і ўладзіміра-суздальскіх князёў (у 1157 г. сталіцай княства стаў Уладзімір-на-Клязьме), якія змянялі адзін другога, — Юрыя Даўгарукага (1125—1157), Андрэя Багалюбскага (1157—1174), Усевалада Вялікае Гняздо (1176—1212).
Вялікім князям уладзімірскім удалося падпарадкаваць сваёй уладзе ўсю Паўночна-Усходнюю Русь і распаўсюдзіць свой уплыў на многія іншыя рускія землі. Істотна ўмацавала пазіцыі Паўночна-Усходняй Русі перанясенне ў 1299 г. з Кіева ва Уладзімір рэзідэнцыі мітрапаліта Максіма — главы Рускай праваслаўнай царквы.
Як і ў іншых удзельных цэнтрах, у Паўночна-Усходняй Русі склалася баярская апазіцыя княжаскай уладзе (у 1174 г. змова баяр прывяла да забойства Андрэя Багалюбскага). Аднак у канчатковым выніку падобнае супрацьстаянне скончылася княжаскай перамогай. Ва Уладзімірскім Вялікім княстве зацвердзіўся «вертыкальны» прынцып перадачы ўлады — ад бацькі да сына (безумоўна, гэта ўмацавала пазіцыі князёў). У канцы XII ст. тут на змену традыцыйнай дружыннай арганізацыі прыйшоў так званы «двор» (пазней — Гасудараў двор) са штатам ваенных слуг, чым быў пакладзены пачатак фарміраванню дваранства.
Манархічная форма праўлення, што ўсталявалася ва Уладзіміра-Суздальскай зямлі, мела істотную асаблівасць, якая аддаляла яе ад заходне-еўрапейскіх «варыянтаў»: нярэдка ў дзеяннях вялікіх князёў назіраліся элементы сваявольства і дэспатызму. У далейшым патэнцыя падобнай мадэлі ўлады будзе праяўляцца ўжо ў спецыфічных умовах складвання і развіцця Расійскай цэнтралізаванай дзяржавы.
Палітычная раздробленасць з’яўлялася найбольш правільнай арганізацыяй грамадства ва ўмовах феадалізму. Аднак на Русі перавага развіцця ў сярэдзіне XII—XV ст. параўнальна невялікіх, кампактных дзяржаўных адзінак была не такой выразнай, як у Заходняй Еўропе. Эканамічнае і культурнае развіццё самастойных княстваў і зямель на пачатковым этапе «ўдзельшчыны» (100—120 год) было больш паспяховым, чым у папярэдні перыяд (новая палітычная сістэма не перашкаджала гістарычнаму прагрэсу). Разам з тым ланцуговая рэакцыя тэрытарыяльнага драблення (у пачатку XIII cт. было каля 50 княстваў, а ў XIV cт., калі распачаўся працэс феадальнай кансалідацыі, — каля 250), княжаскія ўсобіцы (любечскія пагадненні дзейнічалі не заўсёды), супрацьстаянне князёў і баяр аслаблялі абароназдольнасць Русі. Гэты факт выявіўся ў 1237—1240 гг. пры адбіцці з усходу нашэсця мангола-татараў. Цаной спусташальнага разарэння Русь усё ж яго праглынула і тым самым выратавала заходнюю цывілізацыю. Створаная ў ходзе мангольскіх заваёў XIII ст. дзяржава, Залатая Арда, уключыла ў сябе паўночна-ўсходнія землі Русі. «Рускі ўлус» лічыўся на асобым становішчы: захоўвалася пэўная аўтаномія, дзейнічалі старыя княжаскія дынастыі, заставалося ў якасці афіцыйнай рэлігіі праваслаўе. Аднак замацаванне васальнай залежнасці рускіх князёў ад золатаардынскіх ханаў сведчыла аб панаванні на Русі мангола-татарскага ярма (1240—1480). Уключэнне ў сістэму дзяржаўнага жыцця манголаў, якія стаялі на больш нізкім узроўні развіцця, стрымлівала паступальны рух наперад рускіх зямель.
Ардынскія паходы і набегі, якія працягваліся і пасля заваявання Русі, вялі да яе далейшага спусташэння. Асабліва неслі страты рускія гарады: з 74 гарадскіх цэнтраў XII—XIII ст. былі разбураны 49 (частка з іх так і не змагла адрадзіцца на ранейшых месцах). Прыйшла ў заняпад рамесная вытворчасць (практыкаваўся вываз майстроў рамеснай справы ў Арду). Мангола-татарская акупацыя прывяла да сістэматычнага выцягвання значных матэрыяльных сродкаў, што абяскровіла краіну.
У мангольскі перыяд на Русі адбыліся істотныя структурныя змены ў сацыяльна-эканамічнай сферы. У папярэдні час феадальныя адносіны тут развіваліся ў цэлым па агульнаеўрапейскай схеме: спачатку пераважала дзяржаўная форма землеўладання, а потым пачала ўзмацняцца і расці індывідуальная буйная зямельная ўласнасць (вотчыны). Пасля мангольскага нашэсця наглядаецца кансервацыя дзяржаўных сродкаў (значная частка вытворцаў падпарадкоўваецца непасрэдна апарату ўлады). Шмат у чым гэта абумоўлівалася неабходнасцю знайсці сродкі для выплаты даніны Ардзе. Такім чынам, натуральны працэс сацыяльна-эканамічнай эвалюцыі быў парушаны.
Арда імкнулася актыўна ўплываць на палітычнае жыццё Русі. Намаганні ханаў былі накіраваны на тое, каб перашкодзіць кансалідацыі рускіх зямель. Гэта рабілася шляхам супрацьпастаўлення адных княстваў другім, што прыводзіла да іх узаемнага аслаблення (падкрэсліваючы «старшынство» Уладзімірскага Вялікага княства, золатаардынскія ханы перадавалі «ярлык» на княжэнне ў ім розным мясцовым князям). Нават прадпрымаліся спробы змяніць тэрытарыяльна-палітычную карту Усходняй Еўропы.
Безумоўна, ў гэтых умовах раз’яднанасць рускіх зямель павялічвалася, што выкарыстоўвалася заходнімі суседзямі Русі. У XIV — пачатку XV cт. Полацкае, Кіеўскае, большая частка Чарнігаўскага, Валынскае, Пераяслаўскае і Смаленскае княствы апынуліся ў складзе Вялікага княства Літоўскага, а Галіцкая зямля ў сярэдзіне XIV ст. адышла да Польшчы. З другой паловы XIV ст. умацоўваліся сувязі Літвы з Наўгародскай баярскай рэспублікай. Літоўскія князі імкнуліся скарыстаць аслабленне ўплыву на наўгародскія ўладанні ўладзімірскіх князёў (Ноўгарад залежаў ад паставак збожжа звонку), аднак распаўсюдзіць на іх сваю ўладу не змаглі.
Відавочна негатыўнае ўздзеянне мангола-татарскага ярма на духоўнае жыццё ўсходняга славянства. Загінулі шматлікія культурныя каштоўнасці, адбыўся часовы заняпад каменнага будаўніцтва, жывапісу, прыкладнога мастацтва, згублены сакрэты шэрагу рамёстваў, аслаблены культурныя сувязі з Заходняй і Цэнтральнай Еўропай. Разам з тым, у адрозненне ад сацыяльна-эканамічнай сферы, тут не адбылося глыбінных структурных змен: у цэлым у развіцці культуры рускіх зямель у другой палове XIII — XV ст. прадцягваліся традыцыі папярэдняга перыяду. Па-ранейшаму Русь адчувала пераважны ўплыў візантыйскай і паўднёваславянскай культур.
Ва ўмовах супрацьстаяння мусульманскай Ардзе, неабходнасці захавання нацыянальнай самасвядомасці і культуры на Русі (у Расіі) значна ўзрасла роля праваслаўнай дактрыны і адпаведна царквы.
Русі таксама прыйшлося адбіваць націск з захаду шведскіх і нямецкіх рыцараў. Перамога над шведамі ў 1240 г. у Неўскай бітве надоўга спыніла іх агрэсію на ўсход і захавала за Руссю выхад да Балтыйскага ўзбярэжжа. Вынікам Лядовага пабоішча 1242 г. на Чудскім возеры стала аслабленне ваеннай моцы Лівонскага ордэна і зрыў спробы навязаць Русі каталіцызм. У 1410 г. польска-літоўскае войска (у тым ліку смаленскія палкі) нанесла рашучае паражэнне Тэўтонскаму ордэну. Апошні страціў ролю сур’ёзнай ваенна-палітычнай сілы ў Прыбалтыцы. Пагроза агрэсіі крыжакоў была ліквідавана.
