Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.

Перыяд XIV—XV ст. гiсторыкi вызначаюць як позняе Сярэднявечча. У гэты час заходнееўрапейскае грамадства перажыло iстотныя змены ў розных сферах свайго жыцця. Агульным iх вынiкам з’явiлася тое, што, пачынаючы з позняга Сярэднявечча заходнееўрапейская цывiлiзацыя па ўзроўню свайго развiцця iмклiва даганяла тыя ўсходнiя цывiлiзацыi, якiя раней заходнееўрапейцы лiчылi «краiнамi казачных багаццяў», пераганяла iх, каб на пачатку эпохi Новага часу выйсцi ў сусветныя лiдэры. Больш таго, менавiта заходнееўрапейскай цывiлiзацыi будзе належаць мiсiя злiцця лёсаў асобных цывiлiзацый (ачаговы характар iснавання цывiлiзацый быў характэрны для старажытнасцi i сярэднявечча) у адзiны сапраўдны сусветна-гiстарычны працэс.

Позняе Сярэднявечча можна назваць часам цэнтралiзаваных дзяржаў, бо менавiта яны вызначалi палiтычную карту Заходняй Еўропы. Першымi такiмi дзяржавамi сталi Англiя i Францыя, у канцы XV ст. да iх далучылася Iспанiя. Праўда, самай вялiкай дзяржавай Заходняй Еўропы па-ранейшаму заставалася Свяшчэнная Рымская iмперыя, але ўплыў гэтага кангламерату зямель i народаў на лёсы Еўропы быў значна меншым. Дзве магутныя цэнтралiзаваныя дзяржавы Англiя i Францыя ўступiлi ў працяглы ўзброены канфлiкт — Стогадовую вайну, якая цягнулася, з перапынкамi ад 1337 г. да 1453 г. Гэтая вайна была не толькi канфлiктам дзвюх дзяржаў — на бок кожнай з iх сталi многiя iншыя дзяржавы Заходняй Еўропы; нават у каталiцкай царкве адбыўся «вялiкi раскол» (1378—1417). Англiя i яе саюзнiкi падтрымлiвали рымскiх пап, а Францыя са сваiмi саюзнiкамi прызнавала легiтымнасць толькi тых пап, якiя размясціліся ў Авiньёне. Такое становiшча, дарэчы, было паказальнiкам таго, як значна панiзiўся аўтарытэт папства ў палiтычнай сферы ў параўнаннi з папярэднiм перыядам. Калi ў XIII ст. на пiку палiтычнай магутнасцi папства рымскiя папы былi найбольш уплывовымi фiгурамi ў заходнееўрапейскiх мiжнародных справах, то цяпер не яны дыктавалi сваю волю каралям, i само iх становiшча ў многiм залежыла ад манархаў моцных дзяржаў.

Утварэнне цэнтралiзаваных дзяржаў было абумоўлена тымi iстотнымi зменамi, якiя адбывалiся ў заходнееўрапейскiм грамадстве ў познiм Сярэднявеччы. Узнiкненне мануфактуры (прадпрыемства з падзелам працы) дало моцны штуршок развiццю прамысловасцi. Мануфактура дазволiла ператварыць рамесную вытворчасць у масавую вытворчасць прамысловых вырабаў, прычым, намнога больш танных, а, значыць, даступных вялiкай колькасцi людзей. Апрача ўздыму гандлю, у познiм сярэднявеччы адбывалася i бурнае развiццё фiнансавай дзейнасцi — банкi i банкiры адыгрывалi ўсё большую ролю ў сацыяльна-эканамiчным жыццi грамадства. Першыя мануфактуры i банкi ўзнiклi ў гарадах Iталii яшчэ ў высокiм Сярэднявеччы, у XIV—XV ст. паўночнаiтальянскiя гарады-дзяржавы займалi вядучыя пазiцыi ў мануфактурнай вытворчасцi i банкаўскай справе.

Таварна-грашовая гаспадарка падарвала адносiны панавання—падпарадкавання памiж феадаламi i сялянамi. Пазбавiўшыся ад асабiстай залежнасцi, сяляне ўцягвалiся ў таварна-грашовыя адносiны; з’явiлася i эканамiчна актыўная частка феадалаў (так званае «новае дваранства»), якая галоўнай крынiцай сваiх даходаў зрабiла атрыманне прыбытку ад гаспадарчай дзейнасцi.

Развiццё таварнай вытворчасцi, гандлю, фiнансавай дзейнасцi, у якiя была ўключана значная частка насельнiцтва, супярэчыла падзелу краiн на шматлiкiя феадальныя ўладаннi з iх мытнымi пошлiнамi, судовым i падатковым самаўладдзем феадалаў, палiтычнай анархiяй. Цэнтралiза­цыя дзяржаў, узмацненне каралеўскай улады з’яўлялiся актуальнай патрэбнасцю большай часткi грамадства. У цэнтралiзаваных дзяржавах каралеўская ўлада падпарадкоўвала сабе ўсё насельнiцтва краiны. У такiх дзяржавах уводзiлася адзiнае заканадаўства для ўсёй краiны, адзiная сiстэма дзяржаўных падаткаў, замест атрадаў васалаў асобных феадалаў стваралася пастаяннае войска, адмянялiся ўнутраныя мытныя бар’еры. Феадальная iерархiя паступова разбуралася — у цэнтралiзаванай дзяржаве больш не дзейнiчаў прынцып «васал майго васала — не мой васал», усе феадалы павiнны былi падпарадкоўвацца каралю, якi быў ужо не намiнальным, а сапраўдным валадаром краiны. Складвалася адзiнае дваранскае саслоўе, унутры якога тытулы «граф», «герцаг», «барон», «маркiз» ужо не азначалi строга вызначаную ступень у iерархii грамадскiх адносiн, а адлюстроўвалi толькi тую цi iншую ступень высакароднага паходжання.

Заходнееўрапейскае грамадства XIV—XV ст. было познефеадальным. Яно складалася з трох асноўных саслоўяў: дваранства, духавенства i падатковага насельнiцтва. Першыя два саслоўi былi прывiлеяванымi (яны звычайна не плацiлi падаткаў), а трэцяе саслоўе складалi гараджане i сяляне (абсалютная большасць насельнiцтва).

У цэнтралiзаваных дзяржавах Заходняй Еўропы позняга Сярэднявечча каралеўская ўлада звычайна абапiралася на саслоўна-прадстаўнiчыя органы, таму i тагачасныя манархii называюць саслоўна-прадстаўнiчымi. У Англii такiм органам быў парламент (узнiк яшчэ ў XIII ст.), у Францыi — Генеральныя штаты, у Iспанii — картэсы i г. д. У iх уваходзiлi прадстаўнiкi ўсiх саслоўяў грамадства, праўда, ад трэцяга саслоўя звычайна дэлегiравалiся толькi гараджане, а сялян не дапускалi. Галоўным пытаннем, якое вырашалi саслоўна-прадстаўнiчыя органы ва ўсiх краiнах, быў дазвол каралю на збор дзяржаўных падаткаў i вызначэнне iх памераў. У Англii парламент удзельнiчаў i ў стварэннi законаў. Саслоўна-прадстаўнiчыя органы маглi вырашаць i iншыя важныя пытаннi жыцця дзяржавы. Напрыклад, французскi кароль Фiлiп IV Прыгожы дабiўся перамогi ў сваiм канфлiкце з папам рымскiм Банiфацыем VIII, абапiраючыся на падтрымку Генеральных штатаў. Асаблiва важкай была падтрымка каралеўскай улады саслоўна-прадстаўнiчымi органамi падчас войнаў памiж дзяржавамi, фактычна гэта азначала падтрымку дзеянняў караля насельнiцтвам краiны.

У Стогадовай вайне Францыя адстаяла сваю незалежнасць, апошнiя англiйскiя ўладаннi на яе тэрыторыi былi ўключаны ў склад французскай манархii. Англiя ж неўзабаве была ўцягнута ў мiжусобную вайну Пунсовай i Белай Ружы (1455—1485). Вынiкамi гэтай доўгай вайны з’явiлiся пагiбель значнай часткi англiйскай феадальнай арыстакратыi, узмацненне новага дваранства i ўмацаванне каралеўскай улады.

Iспанiя, якая ўзнiкла ў 1479 г. шляхам аб’яднання каралеўстваў Кастылiя i Арагон, эканамiчна была развiта слабей, чым Англiя, Францыя або Паўночная Iталiя. Галоўнай крынiцай павелiчэння сваiх даходаў каралi i дваранства Iспанii i Партугалii абралi пошук i далучэнне да сваiх дзяржаў новых зямель. Гэтыя краiны i сталi пачынальнiкамi вялiкiх геаграфiчных адкрыццяў.

Своеасаблiвы дзяржаўны лад склаўся ў Свяшчэннай Рымскай iмперыi. Ядро яе складалi германскiя землi, фармальна ў гэтую дзяржаву ўваходзiлi фактычна незалежныя Чэхiя, Венгрыя, гарады-дзяржавы Паўночнай Iталii, Швейцарыя. Пад фармальным пратэктаратам герман­скiх каралёў (яны ж i iмператары Свяшчэннай Рымскай iмперыi) знаходзiлася i дзяржава Тэўтонскага ордэна, створаная ў першай палове XIII ст. ва ўсходняй Прыбалтыцы. Дарэчы, у канфлiктах памiж герман­скiмi каралямi i рымскiмi папамi тэўтонскiя рыцары-манахi заўсёды дзейнiчалi на баку германскiх манархаў (напрыклад, у 1241 г. яны нават ваявалі ў Палесцiне з тамплiерамi, якiя выступiлi на баку папы).

У самой Германii не было моцнай каралеўскай улады. Паводле «Залатой булы» (1356), германскi кароль (якi потым каранаваўся ў якасцi iмператара Свяшчэннай Рымскай iмперыi) выбiраўся сямю князямi-курфюрстамi — найбольш магутнымi валадарамi асобных тэрыторый (iх было 4) i трыма найбольш вiднымi архiепiскапамi. Iмператар не меў рэальнай улады над краiнай, не было пастаяннага цэнтральнага апарата кiравання, пастаяннай сталiцы, адзiнага заканадаўства, адзiнай дзяржаўнай падатковай сiстэмы, пастаяннай армii i г. д. Германiя была па сутнасцi полiцэнтрычнай дзяржавай — замест адзiнага цэнтра ўтварылася сiстэма тэрытарыяльных дзяржаў-княстваў (Баварыя, Аўстрыя, Саксонiя i г. д.). Князi самi чаканiлi манеты, выдавалi законы, уводзiлi i збiралi падаткi i г. д. Iмператар не меў права ўмешвацца ва ўнутранае жыццё такiх дзяржаў-княстваў. Сiстэма кiравання гэтымi княствамi была падобнай да сiстэмы дзяржаўнага кiравання цэнтралiзаваных дзяржаў. У iх нават дзейнiчалi свае саслоўна-прадстаўнiчыя органы — ландтагi.

Эканамiчна Германiя развiвалася нераўнамерна. На захад ад Эльбы сяляне вызвалялiся ад асабiстай залежнасцi, там складваўся слой заможнага сялянства, адбываўся бурны рост гарадоў, узнiкалi мануфактуры, гандлёва-палiтычныя саюзы гарадоў (Ганза — на поўначы Германii, Швабскi i Рэйнскi саюзы). Ва ўсходняй жа частцы Германii феадалы, наадварот, не вызвалялі асабіста сялян, а пайшлі па шляху павелiчэння панскай ворнай зямлі i паншчыны. Гэта была своеасаблівая феадальная рэакцыя на рост таварна-грашовых адносiн.

Найбольш эканамiчна развiтымi ў познесярэднявечнай Заходняй Еўропе былi гарады-дзяржавы Паўночнай Iталii: Венецыя, Генуя, Фларэнцыя, Мiлан i iнш. Гэта былi дзяржавы-рэспублiкi, на чале якiх стаялi найбольш багатыя купцы i банкiры. Венецыя i Генуя, якiя мелi моцныя гандлёвыя i ваенныя флаты, былi фактычна манапалiстамi заходнееўрапейскага мiжземнаморскага гандлю. Так склалася, што ў сярэднявеччы Iталiя нiколi не была адзiнай дзяржавай. На поўначы — маленькiя тэрытарыяльна, але моцныя эканамiчна гарады-дзяржавы, у цэнтры — Папская дзяржава (манарх якой адначасова быў i духоўным уладыкам усiх католiкаў), поўдзень жа Iталii быў арэнай барацьбы розных дзяржаў, якiя часова авалодвалi гэтымi землямi.

У той год, калi скончылася Стогадовая вайна, з палiтычнай карты Еўропы знiкла Вiзантыя — дзяржава, гiсторыя якой цягнулася яшчэ з часоў антычнасцi. Вiзантыi быў нанесены сакрушальны ўдар, калі яе асноўныя тэрыторыі захапілі удзельнiкi чацвёртага крыжовага паходу ў 1204 г. Прыкладна праз паўстагоддзе краiна аднавiла сваю незалежнасць, але не змагла адрадзiць былую магутнасць. Вiзантыя стала лёгкай здабычай турак-асманаў, якiя пачалi захоп яе тэрыторый у другой палове XIV ст. Прыкладна за паўтара стагоддзі невялiкая дзяржава асманаў у Малой Азii здолела адначасова падпарадкаваць сабе астатнiя турэцкiя княствы-дзяржавы, разграмiць Вiзантыю i захапiць Балканскi паўвостраў. Занятыя сваiмi ўнутранымi справамi, заходнееўрапейцы не дапамаглi вiзантыйцам абаранiць iх апошнi аплот — сталiцу Канстанцiнопаль. Па­дзенне Канстанцiнопаля ў 1453 г. было падзеннем усходняга фарпосту хрысцiянства. Неўзабаве хрысцiянскi свет Еўропы ў поўнай меры адчуў пагрозу iсламскага свету з боку Асманскай iмперыi — ужо ў XVI ст., бадай што, нiводнае з важных палiтычных пытанняў еўрапейскiх адносiн не вырашалася без улiку турэцкага фактару.

На поўначы Еўропы ў 1397 г. памiж Данiяй, Швецыяй i Нарвегiяй была заключана Кальмарская унiя. Але ў вынiку яе не была створана новая цэнтралiзаваная дзяржава. Фактычна гегемонам у гэтым утварэннi была Данiя, а Швецыя i Нарвегiя, незадаволеныя гэтым неўзабаве пачалi дабiвацца выхаду з нераўнапраўнага аб’яднання.

Позняе Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе — гэта час Адраджэння. Сам тэрмiн «адраджэнне» з’явiўся ў Iталii ў XVI ст., сэнс яго заключаўся ў падкрэслiваннi таго пад’ёму культуры, якi назiраўся ў Iталii з XIV ст. Дзеячы Адраджэння лiчылi эпоху Сярэднявечча часам упадку i застою ў развiццi культуры пасля блiскучай эпохi антычнасцi. Яны звярталiся да антычнай спадчыны, захаплялiся ёю, iмкнулiся развiваць далей яе набыткi.

Адраджэнне пачалося ў Iталii, краiне з багатай антычнай гiсторыяй. Храналагiчныя рамкi iтальянскага Адраджэння — XIV—XVI ст. Аналагiчныя з’явы ў развiццi культуры i грамадскай думкi Францыi, Германii, Нiдэрландаў прынята называць «Паўночным Адраджэннем»; яго храналагiчныя рамкi — XV—XVI ст.

Узнiкненне Адраджэння менавiта ў Iталii было ў значнай меры абумоўлена раннiм развiццём у яе гарадах-дзяржавах буржуазных адносiн, якiя вызначалi прынцыпова iншае, лепшае месца чалавека ў грамадстве, чым феадальныя адносiны з iх базавым прынцыпам панаванне-падпарадкаванне i iерархiчнай структурай грамадства.

Характэрнымi рысамi Адраджэння былi зварот да антычнай культурнай i фiласофскай спадчыны (выдатныя дзеячы бралi яе за ўзор для сваёй творчай дзейнасцi), свецкi характар (адсюль пэўнае супрацьстаянне тагачаснай тэалогii i царкоўнай культуры, нягледзячы на тое, што дзеячы Адраджэння верылі ў Бога), рэалiзм у мастацтве, iндывiдуалiзм (як супрацьлегласць сярэднявечнаму карпаратывiзму). Светапоглядам дзеячаў Адраджэння быў гуманiзм. Гэты тэрмiн быў уведзены iтальянскiм вучоным Леанарда Брунi ў XV ст. Гуманiзм ставiў у цэнтр свету чалавека, чалавек стаў галоўным аб’ектам навукi, мастацтва. Гуманiзм выступаў як навука пра чалавека. Дакладней, гэта быў цэлы комплекс навук, якiя i атрымалi назву «гуманiтарныя».

Адраджэнне для большасцi людзей асацыіруецца з творамi такіх выдатных дзеячаў мастацтва, як Леанарда да Вiнчы, Рафаэль, Мiкельанджэла, Тыцiян, Брэйгель, Дзюрэр, Рэмбрандт, Дантэ, Петрарка, Бакачча, Рабле i г. д. У цэнтры iх творчасцi — чалавек з яго рэальнымi жыццёвымi патрэбамi, клопатамi, пачуццямi, iмкненнямi. Але за гэтым стаялi глыбiнныя фiласофскiя асэнсаваннi прыроды чалавека, яго адносiн з iншымi людзьмi ў грамадстве. Менавiта гуманiсты на iнтэлектуальным узроўнi адрадзiлi мадэль грамадзянскiх адносiн старажытнагрэчаскiх полiсаў i рымскай рэспублiкi, для многiх з iх iдэалам быў чалавек-грамадзянiн з яго свабодай i грамадзянскiмi правамi. Iтальянскаму гуманiсту Джаноцца Манэццi належыць фраза: «Чалавек — сацыяльная i грамадзянская жывёла». Свабоду чалавечай асобы гуманiсты бачылi не ў эгаiзме, а ў свабодах i правах чалавека-грамадзянiна. Адроджаны гуманiстамi iдэал чалавека-грамадзянiна, а таксама грамадства, заснаванага на грамадзянскiх правах, знайшоў сваё практычнае ўвасабленне ў канстытуцыях i канстытуцыйных актах рэвалюцыйнай Францыi XVIII ст., ЗША, якія адваявалі сваю незалежнасць, а потым i многiх iншых дзяржаў свету.