Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў

УДК

ББК

Г

Аўтарскі калектыў:

Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.

Рэцэнзенты:

доктар гістарычных навук, прафесар Казлякоў У. Я.; кандыдат гістарычных навук, дацэнт Малюгін А. І.

Г

Гісторыя Беларусі і сусветная цывілізацыя : вучэбны дапа­можнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў. — Мінск : БДУ, 2007. — 272 с.

ISBN

У кнізе прааналізаваны гістарычны шлях Беларусі ў кантэксце тых працэсаў, якія адбываліся на еўрапейскім кантыненце. Вучэбны матэрыял, прадстаўлены ў дапаможніку, цалкам адпавядае зместу тыпавой праграмы курса «Гісторыя Беларусі і сусветная цывілізацыя», зацверджанай Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Вучэбны дапаможнік рэкамендаваны студэнтам і выкладчыкам вышэйшых навучальных устаноў.

УДК

ББК

ISBN

© БДУ, 2007

Уводзіны

Гісторыя — адна з найстаражытнейшых навук. Яе заснавальнікам лічыцца старажытнагрэчаскі гісторык Герадот (V ст. да н. э.). Старажытныя людзі паважалі гісторыю і называлі яе «настаўніцай жыцця» (magistra vitae).

1. Што такое гісторыя? Гэта пытанне ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. Але і сёння на яго не проста адказаць. Звычайна гісторыю вызначаюць як навуку аб мінулым, аб тым, што калісьці было з чалавекам, народам, грамадствам у цэлым. У гэтым разуменні гісторыя зводзіцца да простага аналізу падзей, працэсаў, стану даўно мінулых эпох. Таму казаць, што гісторыя — навука аб мінулым, недастаткова, гэтае разуменне гісторыі з’яўляецца недакладным і няпоўным.

Гісторыя ёсць калектыўная памяць народа, памяць аб мінулым, без якой грамадства не здолела б існаваць. Дзякуючы гісторыі мы даведваемся, што ёсць агульнага паміж людзьмі, што надае сэнс чалавечаму існаванню. Звяртаючыся да мінулага, лепей усведамляем свае карані, разважаем аб цяперашнім, задумваемся пра будучае. Гісторыя не дае людзям забыцца пра сваё былое жыццё. Дзякуючы гістарычнаму пазнанню мінулае не памірае, а працягвае жыць і цяпер, служыць сучаснасці.

2. Прадмет гісторыі. Гістарычныя веды заўсёды адрозніваліся высокім прэстыжам і шырокай распаўсюджанасцю. Аднак, як самастойная галіна ведаў гісторыя не разглядалася ні ў Антычнасці, ні ў Сярэднявеччы. Тлумачыцца гэта тым, што гісторыя доўгі час была інтэгравана ў агульную сістэму ведаў. Нават у XVII—XVIII ст. яна была звязана з палітычнай тэорыяй, геаграфіяй, літаратурай, філасофіяй, культурай. Першыя спробы вызначыць месца гісторыі як навуковай дысцыпліны, якая валодае ўласным прадметам, былі зроблены толькі ў XIX ст. Напрыканцы стагоддзя французскі філосаф А. Навіль падраздзяліў усе навукі на тры групы:

1. Тэорэматыка (матэматыка, фізіка, хімія, біялогія, псіхалогія, сацыялогія);

2. Гісторыя (астраномія, геалогія, батаніка, заалогія, мінералогія, гісторыя чалавецтва);

3. Каноніка (мараль, тэорыя мастацтваў, права, медыцына, педагогіка).

Пры гэтым гісторыя вызначалася як «навука аб рэалізаваных магчымасцях альбо фактах». Такім чынам, уяўленне аб «гісторыі чалавецтва» як аб навуцы склалася параўнальна нядаўна.

Што такое гісторыя як навука? Які прадмет яе вывучэння? Адказваючы на пытанне, неабходна адрозніваць два важнейшыя значэнні гэтага паняцця: гісторыя як усялякі працэс развіцця прыроды і грамадства, шчыльна звязаных паміж сабою, і гісторыя як навука аб ім. Інакш кажучы, тэрмін «гісторыя» выкарыстоўваецца ў дваякім сэнсе: 1) як рух у часе, працэс і 2) як пазнанне гэтага працэсу. Таму ўсё, што здзяйсняецца ў часе, мае сваю гісторыю. Змест гісторыі, як асобнай навукі, спецыяльнай галіны навуковых ведаў, складае гістарычны працэс, г. зн. ход, умовы развіцця і дасягненні чалавечага грамадства ці жыццё чалавецтва ў развіцці і выніках.

Гісторыя грамадства — гэта сукупнасць канкрэтных і шматвобразных дзеянняў і ўчынкаў асобных людзей, чалавечых супольнасцяў, якія знаходзяцца ў пэўнай узаемасувязі і складаючых усё чалавецтва. Таму прадметам вывучэння гісторыі з’яўляецца дзейнасць і дзеянні людзей, сукупнасць разнастайных бакоў жыцця грамадства на працягу ўсяго гістарычнага працэсу. Гэтым гісторыя адрозніваецца ад іншых гуманітарных і сацыяльных навук, якія вывучаюць які-небудзь адзін з бакоў грамадскага жыцця.

Гісторыкі даследуюць свой прадмет у часе, пільнуючыся пэўнай перыядызацыі, разглядаюць яго з розных пунктаў гледжання, кіруюцца тымі альбо іншымі тэарэтычнымі падыходамі і канцэпцыямі. Палатно гістарычнага часу неспарадкаванае і нераўнамернае, яно як бы саткана з частак рознай велічыні, дзе асабліва вылучаюцца «белыя плямы» мінулага і нявырашаныя праблемы сучаснасці. Аднак гістарычныя веды ў цэлым дазваляюць убачыць усю разнастайнасць свету гісторыі, структуры і сувязі, падзеі і дзеянні, быццё народаў і будзённае жыццё герояў і «маленькага» чалавека, звычайную свядомасць і глабальны светапогляд.

У сувязі з тым, што з’явы чалавечага жыцця надзвычай разнастайныя, то адпаведна і гісторыянавука шматгаліновая. Яна складаецца з цэлага шэрагу самастойных галін гістарычных ведаў, а менавіта: палітычная гісторыя, грамадзянская, гісторыя гаспадаркі, гісторыя культуры, ваенная гісторыя, гісторыя дзяржавы і права і г. д. Склаўся і шэраг дапаможных гістарычных дысцыплін. Гэта палеаграфія (гісторыя пісьма), нумізматыка (манеты), тапаніміка (вывучэнне назваў геаграфічных месц), крыніцазнаўства (агульныя прыёмы і метады вывучэння гістарычных крыніц) і г. д.

Гісторыя падраздзяляецца таксама па шырыні вывучэння аб’екта: гісторыя свету ў цэлым (сусветная альбо ўсеагульная гісторыя); гісторыя сусветных цывілізацый; гісторыя кантынентаў (гісторыя Азіі і Афрыкі, Лацінскай Амерыкі); гісторыя асобных краін і народаў (гісторыя Беларусі, Расіі, ЗША, Кітая, Індыі, Егіпту і г. д.).

3. Сувязь гісторыі з іншымі гуманітарнымі навукамі. Гісторыя — навука канкрэтная, якая патрабуе дакладных ведаў храналогіі (датаў), фактаў, падзей. Яна звязана з іншымі гуманітарнымі і сацыяльнымі навукамі. Гэтыя адносіны ў розныя перыяды складаліся па-рознаму, але вера ў «агульны рынак» грамадскіх навук захоўваецца і сёння. Так званая міждысцыплінарнасць — з’ява характэрная для XX ст. Размежаванне сацыяльных навук з іх выдзяленнем у самастойныя галіны ведаў, спецыялізацыяй і раздзяленнем працы суправаджалася натуральным па­глыбленнем узаемасувязей. Шмат праблем мінулага і сучаснасці, якімі займаюцца палітолагі, эканамісты, сацыёлагі, этнолагі і іншыя спецыялісты гуманітарна-сацыяльнага цыклу, могуць быць вырашаны толькі на падставе гістарычнага падыходу і гістарычнага аналізу, на базе працы, выкананай гісторыкамі, альбо толькі збор, сістэматызацыя і абагульненне велізарнага фактычнага матэрыялу дазваляе ўбачыць і зразумець тэндэнцыі грамадскага развіцця.

Гісторыя, як і іншыя гуманітарныя і сацыяльныя навукі, у XX ст., не пазбегла ўплыву і псіхалогіі. Вялікай папулярнасцю карысталіся на мяжы XIX—XX ст. кнігі Г. Лябона, якія абгрунтоўвалі меркаванне аб уступленні еўрапейскага грамадства ў «эру натоўпу», калі разумны крытычны пачатак асобнага чалавека прыціскаецца ірацыянальнай масавай свядомасцю. Аўстрыйскі псіхолаг З. Фрэйд лічыў, што яго канцэпцыя «падсвядомага» можа быць ключом да разумення гістарычных асобаў.

4. Функцыі гістарычнага пазнання. Дадзены курс належыць да дысцыплін агульнакультурнай падрыхтоўкі. Ён з’яўляецца абагульняючым, сінтэзуючым і выконвае сваю задачу ў адпаведнасці з асноўнымі сацыяльна-значнымі функцыямі гістарычнага пазнання: пазнавальнай (інтэлектуальна-развівальнай, светапогляднай, практычна-палітычнай, выхаваўчай).

Пазнавальная (інтэлектуальна-развівальнай) функцыя заключаецца перш-наперш у канкрэтным вывучэнні гістарычнага шляху развіцця чалавечага грамадства, у выяўленні галоўных тэндэнцый гісторыі развіцця сусветных цывілізацый і іх асаблівасцей, у тэарэтычным абагульненні фактаў і падзей.

Светапоглядная функцыя заключаецца ў тым, што светапогляд — погляд на свет, грамадства, законы яго развіцця, можа быць навуковым толькі тады, калі абапіраецца на аб’ектыўную рэчаіснасць, гэта значыць на гістарычныя факты. Апошнія з’яўляюцца падмуркам, на якім базуюцца ўсе навукі аб грамадстве. Веданне гісторыі і фарміраванне гістарычнага мыслення прывучае бачыць грамадства ў развіцці, ацэньваць з’явы грамадскага жыцця па адносінах да іх мінулага і суадносіць з наступным ходам развіцця.

Практычна-палітычная функцыя заключаецца ў тым, што гісторыя дапамагае выпрацаваць навукова-абгрунтаваны палітычны курс, пазбягаць суб’ектыўных рашэнняў. Гісторыя заклікана аблегчыць грамадству і чалавеку выбар шляху да самаўдасканалення. Забыццё мінулага — трагедыя для наступных пакаленняў, бо чалавечае грамадства не можа развівацца без духоўнай спадчыны. Без яе яно асуджана на дэградацыю.

Выхаваўчая функцыя садзейнічае фарміраванню грамадзянскіх якасцяў, дапамагае ўсвядоміць такія катэгорыі, як гонар, абявязак перад грамадствам, дабро і зло і ў цэлым маральнай каштоўнасці чалавецтва ў іх развіцці.

5. Перыядызацыя сусветнай гісторыі. Адной з найважнейшых праблем гістарычнай навукі з’яўляецца праблема перыядызацыі развіцця чалавечага грамадства. Перыядызацыя — гэта вызначэне храналагічна паслядоўных этапаў у грамадскім развіцці. Перыядызацыя — гэта колькаснае і якаснае вымярэнне гістарычнага працэсу, прычым у большай ступені якаснае, чым колькаснае. У аснову выдзялення этапаў павінны быць пакладзены рашаючыя фактары, агульныя для ўсіх краін ці для вядучых дзяржаў.

З часу развіцця гістарычнай навукі вучонымі распрацавана мноства розных варыянтаў перыядызацыі грамадскага развіцця. На сённяшні дзень перыядызацыя сусветнай гісторыі зыходзіць з двух прынцыпаў. Для найбольш старажытнага перыяду гісторыі, вядомага як Першабытнасць (ад выдзялення чалавека з жывёльнага свету каля 2 млн гадоў назад да з’яўлення першых цывілізацый), асноватворным крытэрыем з’яўляецца матэрыял, з якога вырабляліся асноўныя прылады працы і тэхналогія іх вырабу. Так з’явіліся паняцці «каменны век», «медна-каменны век», «бронзавы век», «жалезны век». Іх датаванне вызначаецца з дапамогаю прыродазнаўчанавуковых метадаў (геалагічных, дэндрахраналогіі і г. д.).

Са з’яўленнем пісьменства ў гісторыі чалавецтва (каля 5000 гадоў таму назад) узніклі іншыя абгрунтаванні для перыядызацыі. Яна стала вызначацца паводле часу існавання розных цывілізацый і дзяржаў, якія вялі свой падлік часу.

У цэлым сусветную гісторыю прынята дзяліць на чатыры асноўныя перыяды:

1. Старажытны свет (перыяд ад з’яўлення першых цывілізацый у 4 тыс. да н. э. да падзення Заходняй Рымскай імперыі ў канцы V ст.).

2. Сярэднявечча (перыяд ад падзення Заходняй Рымскай імперыі да канца ХV ст.).

3. Новы час (ад эпохі Адраджэння і Рэфармацыі да 1918 г. — заканчэнне Першай сусветнай вайны).

4. Навейшы час (з 1919 г. да нашых дзён). Тэрмін «навейшы час» у паказаных храналагічных межах з’яўляецца вельмі ўмоўным і выкарыстоўваецца больш у выніку ўстойлівай традыцыі, чым па сутнасці.

6. Асноўныя канцэпцыі гістарычнага працэсу. Людзі здаўна намагаліся разабрацца ў складаным гістарычным працэсе. Куды кіруецца гісторыя і ці ёсць гэты кірунак? Якія этапы гісторыі? У чым заключаюцца законы яе развіцця? Гэтыя і іншыя пытанні чалавецтва вырашае да сёння. У розныя часы на іх даваліся розныя адказы. Наяўнасць розных светапоглядных пазіцый абумовіла наяўнасць разнастайных канцэпцый (ад лац. «conceptio» — разуменне, сістэма, пэўны спосаб разумення) сусветнай гісторыі.

Так, «бацька гісторыі» Герадот асноўным зместам гістарычнага працэсу лічыў змаганне Азіі і Еўропы, якое да яго часу вылілася ў серыю грэка-персідскіх войнаў. Гісторыкі больш позняга часу (Палібій, напрыклад) лічылі галоўным вынікам развіцця чалавечай цывілізацыі ўсталёўванне ўлады Рымскай рэспублікі ва ўсім Міжземнамор’і. Аднак універсальнай канцэпцыі сусветнай гісторыі ў эпоху антычнасці не склалася.

Найбольш ранняй і цэльнай з’яўляецца хрысціянская інтэрпрэтацыя (з IV—V ст. да сярэдзіны XVIII ст.). Асноўная яе праблема — пытанне аб сэнсе і змесце чалавечай зямной гісторыі. З пункту гледжання хрысціянства, сэнс гісторыі заключаецца ў паслядоўным прагрэсіўным руху чалавецтва да Бога.

Хрысціянскаму свету, у адрозненне ад антычнага, было характэрна ўяўленне аб унутраным адзінстве чалавечага роду. Лічылася, што Вышэйшая воля (воля Бога) кіруе ўсім ходам гістарычнага развіцця толькі па ёй вядомых і зразумелых законах. Знакамітым прапаведнікам падобнага погляду на гісторыю быў рэлігійны філосаф Аўгусцін Блажэнны, які жыў у IV—V ст. Гісторыя, паводле Аўгусціна, — гэта планамернае развіццё Боскага адзінства. Людзі ўсяго толькі простыя выканаўцы Боскай задумы (плану). Іх розум і воля не здольныя змяніць ход гісторыі. «Як у насенні нябачна заключаецца ўсё, што павінна з цягам часу вырасці ў дрэва, так павінна думаць і адносна самога свету», — пісаў ён.

Змест гісторыі і гістарычны прагрэс Аўгусцін Блажэнны бачыў у паступовым прасоўванні чалавецтва да Царства Боскага, у якім праведных чакае вялікая гармонія і бессмяротнасць. Царства Боскае супрацьстаўлялася «граду зямному», поўнаму нізкіх чалавечых страсцей і заганаў. Вучэнне Аўгусціна Блажэннага аказала вялікі ўплыў на ўсю сярэднявечную гістарычную навуку.

З пачаткам новага часу хрысціянская канцэпцыя была крытычна пераасэнсавана. З’явілася рацыяналістычная (сусветна-гістарычная) канцэпцыя гісторыі, якая знайшла філасофска-тэарэтычнае абгрунтаванне і сістэматызацыю ў філасофіі гісторыі Гегеля і гістарычным матэрыялізме К. Маркса.