- •Раздзел 1. Шанаванне дрэў
- •Раздзел 2. Сакральныя дрэвы маёй Бацькаўшчыны
- •2.1 “Цяпло прыйдзе – апранаецца, холад настане – распранаецца”
- •2.2 “Стаяць слупы бялёныя, на іх шапкі зяленыя”
- •2.3 “Уцяку ды асінкаю заламлю дарогу”
- •2.4 “Прасілася дачка ў маці пад сосну гуляці”
- •2.5 “Вярба бела б’е за дзела”
- •2.6 “Чырвона каліна выша тыну стаяла”
- •2.7 “Зверху ў явары пташкі пяюць”
- •Заключэнне
- •Літаратура
2.6 “Чырвона каліна выша тыну стаяла”
“Пад калінаю ў грымоты бяспечна, бо ў яе пярун нігды не б’е”. “Каліна засцерагае ад перуна… Аздабленне святых абразоў галінкамі з цветам каліны ці з ягадамі, як і хаванне ягад у стагі, можа захаваць дом і сена”, – так лічыў старажытны чалавек, які быў намнога бліжэй да прыроды, чым цяпер, больш тонка адчуваў яе, назіраў за ёю, супастаўляў і параўноўваў з сабою.
Нашы продкі звярнулі ўвагу на незвычайныя якасці каліны і выкарыстоўвалі яе з рознымі мэтамі: пры нервовых, сардэчных, прастудных, гінекалагічных захворваннях. Сок каліны валодае супрацьмікробнымі якасцямі і здаўна ўжываецца для залечвання ранаў, ачысткі твару.
Каліну выкарыстоўвалі і ў гаспадарцы: для пляцення кошыкаў і іншых патрэбных рэчаў.
Паколькі каліна надзвычай прыгожая расліна, то яе квітнеючымі галінкамі або гронкамі яе ягад упрыгожвалі сцены храмаў і хатаў, святыя абразцы і стагі сена.
На Украіне яшчэ ў пасляваенныя гады існавала няпісанае правіла: будавалі новую хату і каля яе садзілі каліну.
Лічылася, што каліна валодае здольнасцю адганяць ліхіх духаў, нават падчас навальніцы дазвалялася знаходзіцца пад гэтым дрэвам. Каліна, як ні адна з раслінаў, шырока выкарыстоўвалася ў шлюбных абрадах. На вясельны стол выстаўлялі варэнне, мармелад, кісялі з каліны. На Беларусі гатавалі калінніцы – страву з мукі і ягадаў каліны. Калінай упрыгожвалі вясельны каравай, а пёкся ён на галіках каліны і явара. Калінавыя кветкі ці ягады абавязкова прысутнічалі на шлюбным вяночку маладой. Калі маладая аказвалася цнатлівай, то бацькоў на другі дзень пасля вянчання частавалі калінавым напоем.
Узнікненне каліны, паводле міфалагічніх уяўленняў нашых продкаў, звязана з жанчынай, якая загінула ці то ў выніку закляцця, ці то нешчаслівага кахання, ці то ахвярапрынашэння. Напрыклад, нявестка ператвараецца ў незвычайную каліну праз пракляцце свекрыві. Сын пачынае секчы дрэва:
Секануў ён раз – цела бела,
Секануў ён другі – кроў канула,
Секануў трэці – слова мовіла:
- За што, за што, мой міленькі, так мяне?
Нашы продкі лічылі, што каліна, якая бліжэй сваімі карэнямі да падземнага царства, але ўсё-такі зямная расліна, можа расказаць гісторыю жанчыны, якая ўжо ніколі не вернецца да жывых. Каліна – нешчаслівае дрэва, яна як “сувязаны” між “гэтым” і “тым” светам.
Каліна – дрэва нешчаслівае:
У карані каліну ды вадою мыець,
Серадзі каліну чарвяк точыць,
У цвяту каліну дзеўкі ламалі,
Ягоду каліну птушкі клявалі.
Пра тое, што каліна – сакральнае дрэва, гаварыць яе месцазнаходжанне. Яна расце на гары, стаіць на краі мора, пахіляецца на Дунай – усё гэта незвычайныя месцы, не ўласцівыя для прыроды Беларусі.
2.7 “Зверху ў явары пташкі пяюць”
Песняй вясны лебядзінаю,
Сінуўшы зімнія чары,
Шэпчуцца явар з калінаю
У сумнай даліне над ярам.
Янка Купала
Явар (клён белы) – улюблёнае дрэва беларускай вуснапаэтычнай творчасці. Дзіўна, але ў прыродзе Беларусі яно адсутнічае. Такая з’ява тлумачыцца тым, што явар мае незвычайнае паходжанне. Явар – гэта моладзец, ператвораны ў дрэва праз праклён маці або па сваёй волі пад ціскам розных абставін. Явар вырастае таксама на магілцы чалавека, і людзі здагадваюцца, што ў ім жыве душа памерлага. Магчыма, гэта звязана з тым, што лісце дрэва падобна на кісці рук. У нашых продкаў слова “явар” служыла, відаць, народнай назвай і некаторых другіх відаў клёна (іх налічваецца на нашай планеце каля 150 відаў).
Раней лічылася, што паміж чалавекам і клёнам, што расце перад яго домам, існуе абавязковая сувязь. Пакуль жыве чалавек, клён стройны і высокі, лісце на яго галінах зялёнае і сакаўное. Памірае стары гаспадар – і клён засыхае. Відаць, у такіх дрэвах жывуць продкі ці блізкія людзі чалавека, якія пасля смерці пакідаюць асірацелае месца ля дома. А з душой адыходзіць і жыццё з дрэва.
Кляновае дрэва (явар) не выкарыстоўваюць на дровы (“явар ад чалавека пайшоў”), не падкладваюць лісты клена пад хлеб у печы (у лісце/ бачаць далонь з пяццю пальцамі), не рабяць з яго труны (грэх гнаіць у зямлі жывога чалавека).
У Сербіі, напрыклад, вераць: калі сухі клён абдыме нявінна асуджаны чалавек, дрэва зазелянее, калі ж да зяленага, поўнага сіл клёна дакранецца нешчаслівец, дрэва засохне.
Явар вельмі не любіць адзіноты. Яго трэба саджаць хаця б маленькай групай па два- тры дрэвы. Ён часта выступае ў пары з жаночым дрэвам, якое ўзнікае ў выніку ператварэння жанчыны. Гэта можа быць ліпа, бяроза, вярба, каліна. Явар і каліна вырастаюць на могілках атручаных маткай сына і нявесткі. Яны схіляюцца адзін да аднаго, злучаюцца галінамі, зліпаюцца лісточкамі, тым самым паказваючы, што душы загінуўшых жывуць у дрэвах і што каханне іх несмяротнае.
Дні ішлі… А дрэвы віліся
Паміж тысячаў дрэў жывых,
І галінамі моцна спляліся
Над страхой заімшэлай царквы.
Уладзімір Караткевіч
“Паэма пра явар і каліну”
Два явары вырастаюць таксама на могілках забітых хлопчыкаў-двайнят, сыноў каралевіча. Калі дрэвы ссеклі і спалілі, то попел лізнула авечка, прывяла двух баранчыкаў, якія сталі хлопчыкамі і расказалі бацьку ўсю гісторыю.
Яшчэ ў явар ператвараецца няверны муж, закляты жонкай, а сама яна і дзеці перакідваюцца рэчкай і ручайкамі. З яварам звязваюць станаўленне Сусвету ў той час, калі яшчэ не было ні неба, ні зямлі, а было толькі шырокае мора. На тым моры і з’явіўся “явар зялёны”.
Галінкі, лісце, семя клёна валодалі магічнай сілай ахоўваць чалавека і яго жыллё ад злых чараў. Плодзікі дрэва закопвалі пад парогам дома, а зялёныя галінкі вешалі над ложкам. Лісцікі часта змяшчалі на велікодных пісанках.
Клён – дрэва, якое дапамагае знайсці ўнутраны спакой, упэўненасць у сабе. Яно не крыўдлівае, прымае на сябе ўсе эацыйныя выбухі. Кляновую драўніну выкарыстоўваюць як абярэг, а алеі з клёна часта высаджваюць ля бальніц і псіхічных лячэбніц.
Явар, або клён белы выкарыстоўваецца як дэкаратыўнае дрэва ідля азелянення. Яго вырошчваюць дзеля драўніны, якая ідзе на выраб музычных інструментаў, мэблі і фурнітуры.
