- •Раздзел 1. Шанаванне дрэў
- •Раздзел 2. Сакральныя дрэвы маёй Бацькаўшчыны
- •2.1 “Цяпло прыйдзе – апранаецца, холад настане – распранаецца”
- •2.2 “Стаяць слупы бялёныя, на іх шапкі зяленыя”
- •2.3 “Уцяку ды асінкаю заламлю дарогу”
- •2.4 “Прасілася дачка ў маці пад сосну гуляці”
- •2.5 “Вярба бела б’е за дзела”
- •2.6 “Чырвона каліна выша тыну стаяла”
- •2.7 “Зверху ў явары пташкі пяюць”
- •Заключэнне
- •Літаратура
2.5 “Вярба бела б’е за дзела”
Вярбу ўслаўляюць звычайна ў красавіку. Пераважна на гэты месяц прыпадаюць Вербная нядзеля і Вялікдзень. На Вербніцу людзі білі адзін аднаго галінкамі вярбы і прыгаворвалі: “Вярба б’е – не я б’ю, за тыдзень – Вялікдзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!”. А на дзень Святога Юр’я – абаронцы ад розных нячысцікаў, а таксама апекуна аратых, пастухаў і іх жывёлы – галінкай вырбы сімвалічна “білі” і жывёлу. У нашых продкаў пачынаўся сезон выпасу жывёлы. Выганялі “кароўку” са двара абавязкова галінкай вярбы, якую асвячалі ў царкве або касцёле. У варотах таксама клалі замок ці сякеру, хлеб, соль і велікоднае яйка, праз якія жывёла павінна была прайсці .
Шанаванне вярбы сваімі каранямі ўзыходзіць да язычніцкіх часаў, калі перад навым годам, а ў старажытнасці ён адзначаўся ў час вясновага раўнадзенства, зямляроб імкнуўся запасціся энергіяй, здароўем і сілай на цэлы год. Вярба – тое дрэва, што вылучаецца асаблівай жыццёвай сілай, хуткімі ростам і плоднасцю. Наш продак верыў у кантактную магію і лічыў, што якасці вярбы павінны перадацца чалавеку праз датык. А каб уздзеянне ўзмацнілася – прыгаворваў: “ Не я б’ю, вярба б’е”.
Чалавек да гэтага часу верыць у незвычайную моц вярбы, таму і захавалася не толькі заклінанне, але і абрадавае дзеянне – дотык галінкай вярбы да чалавека.
А яшчэ ў Вербную нядзелю вярбу ўтыкаюць за абразы і ў столь хатаў і хлявоў з верай, што гэта абароніць пабудовы ад навальніцы і пажару, а жывёлу – ад усялякіх бедаў.
“Каб засеяная паласа не была вынішчана градам ці бураю, трэба ставіць на паласе вярбу, асвечаную на Юр’я”.
“У час першага грому з’ядаецца адна пупышка ці кончык вербнага прутка, каб у наступны час не палохацца летніх навальніц”.
“Як ідзе град, штоб град не біў, паляць свечану вербу і хлебну лапату брасалі на двор, каб гром сціх.
Вобраз вярбы выкарыстоўваўся і ў вясельных песнях. Часцей за ўсё вярба сімвалізуе маладую дзяўчыну, што збіраецца да шлюбу, або нявесту. У вясельнай песні пяецца:
А ў полі вярба нахілёная.
Маладая дзяўчынанька заручоная.
Заручоная і запітая.
Вярба расце паблізу вадаёмаў, на заблочаных месцах. Ранняй вясной, калі ў лесе яшчэ ляжыць снег, вярбовыя коцікі распускаюцца і сваім пахам прыцяговаюць вялікую колькасць пчол. З вярбы атрымліваюць вельмі карысны для чалавека залаціста-жоўты мёд.
Вярбу выкарыстоўвалі як лекавы сродак яшчэ з часоў старажытнасці. Кару ўжывалі пры захворваннях страўніка, печані, сэрдца, запаленняў скуры, а таксама ў якасці гарачкапаніжальнага сродку.
У народным побыце шырока ўжывалася вецце вярбы. З яго плялі кошыкі, а таксама ўпрыгожанні. Вярба – дрэва “жаночага” паходжання. Паводле старажытных уяўленняў, вярба – гэта дзяўчына, якая ператварылася ў дрэва, каб уратавацца ад замужжа са старым. Разам з ёй ператварыліся ў аб’екты прыроды розныя прадметы.
Станьце, вёдры, камушком,
Почапачкі – ланцужком,
Каромысел – яварам,
А я, малада, вярбою,
Под крутой гарою,
Над быстрай ракою.
Вярба-дзяўчына стаяла над ракою, пакуль не прыехалі купцы, сталі секчы вярбу, шчапаць дошчачкі ды рабіць гуслі. Гуслі і расказалі, як радасна ісці дзяўчыне за роўнага і як цяжка – за старога.
Таму і расце вярба пераважна на нізкіх мясцінах, блізу вады, над рэчкамі і ручаямі.
А яшчэ вярба надзялася здольнасцю дабратворна ўплываць на плоднасць жанчын (па словах А. Афанасьева, сяляне прыходзілі да вярбы і малілі яе пра дараванне ім дзяцей).
Характар у беларуса, як у вярбы, – ціхі, спакойны: куды ні закіне яго лёс – прыжываецца.
