Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
5_kurs_TL.doc
Скачиваний:
9
Добавлен:
01.05.2025
Размер:
1 Мб
Скачать
☆

Мастацкі вобраз: шырокае і вузкае разуменне тэрміна. Характар. Тып. Архетып

Паняцце пра мастацкі твор. “У мастацкім творы мы маем свет, узноўлены, адлюстраваны, успрыняты чалавечай душой... мы не проста адлюстроўваем з’явы, якімі яны ёсць, і не творым па капрызу ілюзій неіснуючага свету. Мы ствараем або выяўляем узнікшыя ў нас адносіны чалавечага духу да акаляючага свету” (В.Караленка). Свет (мастацкі свет) – сінонім тэрміна творчасць пісьменніка (свет А.Куляшова, свет І.Мележа).

Мастацтву ўласцівы свой, адметны спосаб ўзнаўлення рэчаіснасці – мастацкі вобраз. “Мастацкі вобраз – канкрэтная і ў той жа час абагульненая карціна чалавечага жыцця, якая створана пры дапамозе фантазіі і якая мае эстэтычнае значэнне” (Л.Цімафееў).

1. Спалучэнне ў вобразе аб’ектыўнага, што існуе незалежна ад волі аўтара, і суб’ектыўнага, аўтарскага. Экспрэсіўнасць як асаблівасць мастацкага вобраза: пісьменнік рэальнасць можа гераізаваць, драматызаваць, трагізаваць, рамантызаваць, выяўляць яе камічныя бакі, бачыць праз прызму сенетыментальнасці. Для выяўлення мастацкай экспрэсіўнасці існуе паняцце пафас (ад грэч. – страсць, пачуццё). “У мастацкай літаратуры пафас – эмацыянальная ўзбуджанасць, страсць, якая пранізвае твор (ці яго часткі)”. Дзякуючы пафасу выяўляюцца аўтарскія адносіны да ўзноўленых ім карцін жыцця. Твор можа мець адзін від пафасу ці спалучаць некалькі яго відаў.

Віды пафасу (па Г. Паспелаву): трагічны, драматычны, гераічны, камічны, сатырычны, рамантычны, пафас сентыментальнасці. Некаторыя даследчыкі вылучаюць яшчэ эпічны (аб’ектызаванае, па сутнасці, безацэначнае ўзнаўленне рэчаіснасці) і адычны (захопленае ўслаўленне некага ці нечага) пафасы. У вялікіх па аб’ёму творах (раманы, аповесці, паэмы, радзей – драмы) можа спалучацца некалькі відаў пафасу. Прыклад: у аповесці В. Быкава “Альпійская балада” прысутнічаюць трагічны (уцекачоў – вязняў канцлагера – фашысты адшукалі ў гарах) і рамантычны пафас (каханне Івана і Джуліі).

2. Узаемаадносіны індывідуальна-канкрэтнага (непаўторнасць кожнага чалавека) і тыповага (прыналежнасць чалавека да пэўнага саслоўя, пэўнай прафесіі і інш., тое, чым літаратурны персанаж падобны да сваіх суайчыннікаў і сучаснікаў) на розных стадыях развіцця літаратуры, у творах розных мастацкіх напрамкаў не аднолькавыя. Напрыклад, у класіцыстаў у паказе чалавечых характараў пераважала тыпое. Многія прадстаўнікі мадэрнізму, наадварот, адмаўляюцца ад тыпізацыі. Тыповае не заўсёды масавае. Пісьменнік тыпізуе не толькі характары людзей, але і абставіны, працэсы, што адбываюцца ў жыцці. Тыпізацыя можа выяўляцца праз дэфармацыю жыццёвых форм, пры гэтым гавораць пра гіпербалу, гратэск, фантастыку.

Паняцці вобраз мастацкі і характар мастацкі ўжываюцца як сінанімічныя. Разам з тым яны маюць адрознае напаўненне. Першае з іх больш універсальнае, бо мастацкім вобразам можа быць не толькі чалавек. Пэўныя адрозненні маюць і паняцці характар, герой, персанаж. Мастацкі характар нясе ў сабе найперш эстэтычную ацэнку, гэта вобраз чалавека, раскрыты шматбакова і глыбока, “у адзінстве агульнага і індывідуальнага, аб’ектыўнага і суб’ектыўнага. Мастацкі характар адначасова і вобраз чалавека, і аўтарская думка, уяўленне пра яго” (М.Мешчаракова). Напрыклад, Апейка. Гэта – адметны чалавечы характар і, адначасова, выяўленая мастацкімі сродкамі думка І.Мележа пра гуманнага, раўважлівага кіраўніка. Героямі (ці персанажамі) называюць усіх дзеючых асоб твораў, незалежна ад таго, якое іх месца ў раскрыцці задумы аўтара і як яны паказаны. Героямі могуць быць не толькі людзі, але і прадстаўнікі жывёльнага, расліннага свету, прадметы рэчаіснасці (“Буланы” К.Чорнага, “Арчыбал”, “Львы”, “Пагоня” І.Пташнікава, “Маналог святога Пётры” У.Арлова і інш.).

Для стварэння вобразаў-персанажаў пісьменнік выкарыстоўвае шматлікія кампазіцыйныя прыёмы: дыялогі і маналогі, усе віды апісанняў (партрэт, пейзаж, інтэр’ер), сродкі моўнай індывідуалізацыі, самахарактарыстыкі герояў, ўзаемахарак-тарыстыкі і інш.

Сістэма вобразаў у творы: вобразы дзейных асоб (цэнтральныя персанажы, галоўныя, другарадныя, эпізадычныя), вобраз аўтара, вобраз чытача (?). Вобраз апавядальніка не ёсць вобраз аўтара. Гэта ўяўны аўтар, герой, які расказвае, апісвае. Вобраз героя-апавядальніка – адначасова суб’ект і аб’ект дзеяння: апавядальнік і ўдзельнік падзей (Конрад Цхакен у “Сівой легендзе” У. Караткевіча.)

Вандроўныя (вечныя) вобразы пераходзяць з адной эпохі ў наступныя, з адной літаратуры ў іншыя. Гэта ўмоўная назва вобразаў літаратурных герояў, якія ўзніклі ў канкрэтную гістарычную эпоху, але ў свядомасці людзей інш. эпох ператварыліся ў шматзначныя і шырокавядомыя (Праметэй, Каін, Понці Пілат, Дон Жуан, Лятучы Галандзец і інш.). Вылучаюць міфалагічныя, біблейскія, фальклорныя, уласналітаратурныя вобразы.

Тып – форма мастацкага характару, у якім існуе шырокае сацыяльнае абагульненне. “Лішнія людзі” ў рус. літаратуры ХІХ ст., купалаўскі Мікіта Зносак. Гарлахвацкі К.Крапівы.

У ХХ ст. з’явілася паняцце архетып (ад грэч. – першавобраз, мадэль). “Коллективное бессознательное”, – па словах швейцарскага вучонага К.Юнга. Найстаражытнейшыя агульначалавечыя сімвалы, якія ляжаць у аснове міфаў, фальклору і самой культуры ў цэлым. “Арыентацыя на пошукі архетыповых пачаткаў звязана з расчараваннем у гістрызме, у ідэі прагрэсу і ў жаданні выйсці за межы канкрэтнага гістарычнага часу, даказаць існаванне вечных, нязменных пачаткаў ў неўсвядомленых (бессознательных) сферах чалавечай псіхікі, якія зараджаюцца ў прагісторыі і паўтараюцца ў яе ходзе ў выглядзе архетыповых сітуацый, станаў, вобразаў, матываў” (А.Эсальнек. Введение в литературоведение. М., 2000). “Архетып заўсёды захоўвае сваё значэнне і функцыі. Ён не разбураецца, а толькі змяняецца, выяўляючы сябе ў новых формах на новых гістарычных этапах. Архетып агульначалавечы” (А.Казлоў). К.Юнг вылучаў архетыпы аніма (жаночы пачатак у жыцці), анімус (мужчынскі пачатак) і інш. У сваю чаргу, архетып можа мець разнавіднасці. Д.Меражкоўскі ў вобразе Анны Карэнінай убачыў трагічнае спалучэнне двух тыпаў аніма: жанчына-“мадонна” і жанчына-“вакханка”. Паняцце архетып дазваляе зразумець глыбінны змест твора, адчуць сувязь часоў, а часта і аднавіць яе.

Аўталагічны тып мастацкага вобраза. (ад грэчаскага сам + слова – даслоўны). Перадае змест адзінкавай з’явы, прадмета, не выходзіць за яго межы, не праецыруецца на іншы. “Самазначны”, “самадастатковы” вобраз фіксуе тыповыя, найб. Істотныя, характэрныя аспекты таго, што ўзнаўляецца. Вельмі часта такімі вобразамі ствараюцца прыродаапісальныя вершы. Прыклад:

Згінулі сцюжы, марозы, мяцеліцы,

Болей не мерзне душа ні адна,

Сонейкам цёпленькім, зеленню вабнаю

Абдаравала зямельку вясна.

Пушчы паважныя, зімку праспаўшыя,

Радасна песні зайгралі свае;

Лісці зашасталі, птушкі зачыркалі,

Свішча салоўка і дзяцел клюе… (Я.Купала. “Вясна”).

Металагічны тып мастацкага вобраза (ад грэч. Праз + слова –– пазаслоўны). Вобраз, змест якога выходзіць за межы, выяўленыя формай. Ідэя і вобраз у дадзеным выпадку належаць да розных узроўняў. Вылучаюць сімвалічныя і алегарычныя вобразы. Для абодвух характэрна іншасказальнасць. Прыклад сімвалічных вобразаў:

Ўстань ты, старонка, родная маці!

Годзе зімовага рабскага сну,

Годзе табе ўжо слёзна ўздыхаці,–

Выйдзі на поле, на сенажаці,

Выйдзі спаткаці вясну!

…Вырылі сцюжы віхурамі, снегам

Яму глыбоку табе не адну;

Снежныя насыпы мела начлегам…

Глянь, снягі таюць, рэчкі йдуць бегам…

Выйдзі спаткаці вясну!

З поўначы сівер кідаў табою,

Як абадрану з лістоў галіну;

З захаду зверы ішлі чарадою

Рваць твае грудзі…Выйшла жывою,–

Выйдзі ж спаткаці вясну!.. (Я.Купала. “Выйдзі…”)

Алегорыя (ад грэч. Іншы + гавару). Алегарычны вораз выяўляе нейкую абстрагаваную ідэю, ад якой ён не толькі рэзка адрозніваецца, але з якой нічога, або вельмі мала мае агульнага. Дадзены алегарычны вобраз можа быць заменены іншым, бо ён толькі ілюстрацыя нейкай агульнай ідэі. Інш. Адрозненні ад сімвала: алегарычная ідэя рацыянальная (разумовая) і адназначная. Ідэя сімвала – эмацыянальная і шматзначная. Алегарычнымі вобразамі з’яўляюцца персанажы баек.

Сімвал (ад грэч. Умоўны знак). Вораз, які выяўляе сэнс нейкай з’явы ў прадметнай альбо абагульнена прадметнай форме. Прадмет, з’ява прыроднага, радзей, жывёльнага свету, геаметрычная фігура і інш. Надзяляюцца пэўным значэннем. Значэнне сімвала падразумеваецца. Яго ўспрыманне залежыць ад чытача (гледача), таму вобраз шматзначны. Прыклад: у в. Я.Купалы “Выйдзі…” вясна выступае сімвалам чаканага рэвалюцыйнага абнаўлення. Зіма з яе віхурамі, снегам сімвалізуюць сацыяльны і палітычны прыгнёт. З поўначы сівер – царскую Расію (сталіца Расійскай імперыі – Петраград – паўночней Беларусі). З захаду зверы ішлі чарадою – маюцца на ўвазе гістарычныя падзеі – стасункі нашых зямель з заходнімі краінамі.

Гратэск – мастацкі вобраз, у якім свядома парушаюцца нормы жыццёвай праўдзівасці, падкрэслена супрацьпастаўляюцца рэальнае і нерэальнае, фантастычнае. Нек. Даследчыкі адносяць яго да аўталагічнага тыпу. Выдумка ў чыстым выглядзе, палёт творчай фантазіі нараджае гратэскавыя карціны. Прыклады: нос у творы М.Гогаля, які гуляе па горадзе. Яйкі і змеі, якія з іх вывеліся, у аповесці М.Булгакава “Ракавыя яйкі”. Вобраз Шарыкава ў аповесці М.Булгакава “Сабачае сэрца”.

Падтэкст – нейкае глыбіннае, непавярхоўнае сэнсавае значэнне. Тып мастацкага вобраза, у якім канкрэтна-пачуццёвая выяўленасць прадмета, акрамя асноўнага, мае значэнне прыхаванага намёку на нейкую іншую ідэю ці вобраз, што не называецца. Падтэкст паэмы М.Танка “Люцыян Таполя” – асуджэнне несвабоды мастака ва ўмовах таталітарнага сталінскага рэжыму.