Рыбалоўства
У Беларусі шмат вялікіх рэк і маленькіх рачулак, азер і балот, якія багатых рыбая і вадаплаўнай птушкай. Менавіта таму рыбная лоўля ў беларусаў з’яўлялася вельмі распаўсюджаным заняткам. Рыбалоўства адыгрывала істотную ролю ў сістэме харчавання, было неад’емнай частнай паўсядзеннага народнага побыту. Як паказваюць археалагічныя знаходкі, у Беларусі вылаўлівалі мноства разнастайных і каштоўных парод рыб, сярод якіх – асятры, сцерлядзь, ліні, язі, вугры, ментузы, самы, шчупакі, акуні, ляшчы, судакі і шмат іншых. У вялікай колькасці вылаўлівалі і так званую мелкарыбіцу.
Спосабы лоўлі і рыбалоўныя прылады адпавядалі экалагічным умовам, характару водных басейнаў, сезону года, надвор’ю, а таксама вызначаліся разлікамі на пэўную пароду рыбы, рэгіянальнымі традыцыямі і г.д.
Пры багацці рыбнай фауны рыбу лавілі проста рукамі ці кошыкам у мутнай вадзе або заганялі на мелкаводдзе, білі палкай, прыціскалі шастом (ці вяслом) травяны зараснік, выбіралі і выкідвалі на бераг.
Да рыбалоўных прылад адносілі плеценыя з лазы кош, кашолка, кошыца, зробленыя з сеткі броднік, волак, валачайка, лескавыя розныя тыпы вудаў і дарожак, а таксама разнастайныя восці-астрогі. Па прызначэнні снасці былі пастаўныя і валачыльныя, летнія, зімовыя і г.д.
Самымі старажытнымі былі ўдарныя прылады – коп’і, стрэлы, крыху пазней – гарпуны, восці, багры. Баграмі выцягвалі на бераг (ці ў лодку) загарпуненую вялікую рыбу. Яны ж выкарыстоўваліся і ў час начной лоўлі.. У зімовы час рыбу глушылі ўдарамі чакухі (драўлянай чуркі) па ледзе.
Да старажытных прылад таксама адносяцца і кручковыя снасці, у прыватнасці вуды з нажыўкай, а таксама блесны, дарожкі. Беларускія рыбаловы карысталіся навяснымі, доннымі, напраўнымі і якарнымі вудамі, старожнямі, перамётамі і снасцямі для лоўлі самў (“клочаннем”).
Даволі шырока выкарыстоўвалі самалоўныя стаўныя пасткі: конусападобны буч, зроблены з лазовых прутоў; нерат, корпус якога ўяўляў сабой сетку, нацягнутую на абручы; венцер, ці жак, - той жа нерат, што меў у дадатак да сетчатага мяшка шырокія крылы; паплаў і мярэжку – сеткавыя мяшкі на шастах, якія ставілі звычайна ў адтулінах езаў (пляцень), якімі перагароджвалі рачулку. Усе пасткі-самаловы мелі шырокі ўваход, што паступова звужаўся гарлавінай, куды заходзіла рыба, не знаходзячы зваротнага шляху. Да самалоўных пастак адносяцца каробка (кош) і скрыпка (тыпу буча), што рабіліся з лазовых прутоў, лучыны, лубу; іх выкарыстоўвалі ўзімку (асабліва ў час адлігі) для лоўлі ўюноў, апускаючы ў палонку пад лед. Ад стаўных адрозніваюцца рухомыя пасткі – волах, блізкі да яго брадан (ці браднік), таптуха, кломля, крыга, сак. У параўнанні з першымі яны не мелі лейкападобнай перагародкі, што перашкаджала выхаду рыбы, і патрабавалі ад рыбакоў большага спрыту. Волак і брадан мелі сеткавыя мяшкі шырыней да 4 м, прывязаныя да двух доўгіх шастоў-“дзядкоў” (у брадана шасткі злучаліся ўнізе папярочкай); волакам лавілі два рыбакі, кожны ў сваей лодцы, браданам – адзін рыбак, паставіўшы свой човен папярок ракі, плывучы ўніз па цячэнні. Таптуха знешняй формай мала адрознівалася ад буча, рыбу сюды звычайна заганялі, шумна топаючы вакол па мелкаводдзі. Той жа прынцып лоўлі пры выкарыстанні кломлі і крыгі. Для лоўлі рыбы шырока прымяняліся звычайныя сеткі. Сярод іх вылучаліся простыя, аднасценныя і трохсценныя (трыгубіцы), што мелі тры рады сятчаткі розных памераў (рыба, што пападала сюды, заблытвалася ў сятчатых вочках). Сеткі, што мелі конусавідны мяшок пасярэдзіне (“матнік”), адносяцца да добра вядомых паўсюдна снасцей тыпу невадаў. Сярод іх – летні невад, або падвалока, брэдзень (браднік, волак; часцей за ўсе ўжываўся на мелкаводдзі), мутнік (донны невад) і самы вялікі (часам да 400 – 500 м у даўжыню) зімовы невад.
На Прыпяці, Цне, іншых вадаёмах існавалі арцелі рыбаловаў, якія выкарыстоўвалі розныя невады і буйныя прылады. Жыхары шматлікіх весак, хутароў, засценкаў, што размяшчаліся на берагах рэк і азер, разглядалі лоўлю рыбы ў суседнім вадаеме як свае спрадвечнае, натуральнае права і займаліся гэтым промыслам, на зважаючы на забароны мясцовых уладальнікаў і арандатараў. Трэба адзначыць, што ў звычайны час рыбнай лоўляй займаліся дзеці і падлеткі, а дарослыя лавілі толькі ў сезоны нерасту ці разліваў, а таксама выязджаючы далека на балотныя завадзі для зімовага лову ўюноў.
Шмат уюноў вадзілася у балотах і абмялеўшых рэках. Зімой ўюноў лавілі кашолкамі (сустракаюцца і назвы "кошака", "решемета"). Вясной, іх лавілі ў час, калі пачынае сыходзіць паводка. Для гэтага шматлікія пратокі, па якіх сыходзіць вада, перагароджвалі "гаткамі"-грэблямі, у якіх рабілі "езы"-разрывы, у якія клалі кашы, прыладу.
З уюноў рыхтавалі розныя стравы, асабліва ў пост, а часам прадавалі гандлярам-перакупшчыкам, і яны траплялі на рынкі Вільні і Варшавы. Уюноў лавілі так шмат, што дробязь высушвалі, клалі ў бочкі і потым кармілі свіней.
Калі зыходзіла з брадоў і заліўных азерцаў вада, з ёю ў раку імкнулася і больш буйная рыба, у першую чаргу шчупакі. Для іх лоўлі выкарыстоўваліся доўгія, больш за метр даўжынёй, лубяныя, пераплеценыя лазой "трубы", дыяметр якіх быў амаль роўны памерам шчупака. Іх таксама ставілі на пратоках у езах, часта некалькі, адзін каля аднаго. Адтуліну на плыні затыкалі сенам. Шчупак ішоў у снасціну, не маючы магчымасці вярнуцца назад, там і заставаўся. У адну снасціну часам траплялі 3 — 5 шчупакоў.
Наогул, метадаў рыбнай лоўлі было шмат, але мы звярнулі ўвагу толькі на самыя адметныя.
На пачатку ХХ ст. абазначылася скарачэнне рыбных рэсурсаў.
Сучасная рыбная гаспадарка патрабуе клапатлівай ўвагі, прававога рэгулявання, аховы і ўзнаўлення прыродных рэсурсаў.
