Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЯЦУХНАТЭОРЫЯ ЛІТ 2.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
1.1 Mб
Скачать

3. Літаратурныя сувязі і ўплывы

Літаратурныя сувязі і ўплывы з’яўляюцца неад’емным кампанентам і надзвычай істотным фактарам літаратурнага працэсу, адыгрываючы ў ім вельмі важную ролю.

У агульнай сістэме літаратурных сувязей В. Рагойша вылучае тры іх асноўныя разнавіднасці: кантактныя, генетычныя і тыпалагічныя.

Пад кантактнымі літаратурнымі сувязямі «маюцца на ўвазе ўсе формы непасрэдных сувязей: пераклад мастацкі, асабістыя сувязі пісьменнікаў, крытычныя водгукі аднаго аўтара на другога і г. д.»1. Генетычныя сувязі ўтвараюць наследаванні, уплывы, запазычанні. Пісьменнікамі-папярэднікамі ствараюцца пэўныя ідэйна-мастацкія традыцыі, якія потым могуць выяўляцца ў творчасці пісьменнікаў наступных пакаленняў у выглядзе ўплыву, а то і прамога запазычання, «пры якім захоўваюцца асноўныя, дамінантныя рысы першакрыніцы, хоць твор мае самастойнае значэнне»2. Тут варта нагадаць паняцце «рэмінісцэнцыя», аб якім у нас ішла гаворка пры разглядзе моўна-стылёвых асаблівасцей твора. Пад тыпалагічнымі літаратурнымі сувязямі падразумяваюцца «ідэйна-мастацкія супадзенні ў літаратуры розных народаў, абумоўленыя не ўплывам аднаго народа на другі, а блізкасцю іх жыццёвых абставін, цыклічнасцю развіцця мастацкай культуры»3.

Працэс ажыццяўлення літаратурных сувязей, іх непасрэднага выяўлення даволі складаны і своеасаблівы. Звычайна літаратура, якая дасягнула больш высокага ўзроўню ў сваім развіцці, аказвае пэўны ўплыў на другія, як правіла, суседнія літаратуры. Такім можна лічыць уплыў італьянскага Адраджэння ХV–ХVІ стст., французскага класіцызму ХVІІ ст., англійскага і французскага Асветніцтва ХVІІІ ст., нямецкага, а затым англійскага і французскага рамантызму пач. ХІХ ст., англійскага і французскага, а затым рускага рэалізму ХІХ ст. на літаратуры розных краін. Калі звярнуцца да гісторыі беларускага прыгожага пісьменства, і асабліва ў ХІХ — пачатку ХХ стст., то на яго развіццё аказвалі даволі істотны ўплыў больш высокаразвітыя руская і польская літаратуры. Адваротных выпадкаў практычна не назіраецца. Разам з тым могуць мець месца моманты, калі больш раннія формы і стылі праз даволі працяглы час пасля свайго сыходжання з літаратурна-мастацкай авансцэны пачынаюць аказваць істотны ўплыў на навейшую літаратуру. У якасці прыкладу можна прывесці незвычайную цікавасць рамантыкаў да фальклору; іх жа, рамантыкаў, а таксама рэалістаў да У. Шэкспіра, і г. д. Самым жа яркім прыкладам пацвярджэння дадзенага тэзіса будзе ўказанне на творчае пераасэнсаванне антычных традыцый на працягу ўсёй гісторыі развіцця еўрапейскай культуры.

У сітуацыі ўплываў, а то і прамых літаратурных запазычанняў роля «ўспрымальніка» далёка не пасіўная: як правіла, успрыманне дыктуецца ўнутранымі патрэбамі дадзенай літаратуры, яе, як трапна выразіўся ў свой час А-р Весялоўскі, «сустрэчнымі тэндэнцыямі» і асаблівасцямі эвалюцыі. «Узаемадзеянне ўплыву з «сустрэчнымі тэндэнцыямі» прыводзіць да творчай перапрацоўкі вопыту другіх літаратур і разам з тым — да барацьбы са знешнім перайманнем, да прабуджэння творчых сіл нацыі, абвастрэнню цікавасці да народных асноў мастацтва»1.

У цэлым літаратурныя сувязі і ўплывы адыгрываюць у гісторыі культуры прадуктыўную ролю, бо прыводзяць, як правіла, да істотнага паскарэння літаратурнага працэсу ў тых краінах, якія па нейкіх прычынах адсталі ў сваім развіцці, дапамагаюць перадачы і засваенню перадавога мастацкага вопыту, робяць літаратурнае жыццё больш разнастайным і цікавым. Яны складаюць «важнейшы фактар станаўлення і ўмацавання сімфанічнага адзінства рэгіянальных і нацыянальных літаратур»1.

Літаратура

Жирмунский В.М. Сравнительное литературоведение: Восток и Запад.— Л., 1979.

Кабржыцкая Т.В., Рагойша В.П. Карані дружбы: Беларуска-ўкраінскія літаратурныя ўзаемасувязі пачатку ХХ стагоддзя.— Мн., 1976.

Манн Ю.В. Литературные связи и влияния // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей: У 4 кн.— Мн., 1993–1995.— Кн. 1–4.

Неупокоева И.Г. Проблемы взаимодействия современных литератур.— М., 1963.

Рагойша В. Сувязі літаратурныя // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.— Мн., 2001.

Типология и взаимосвязи литератур Древнего мира.— М., 1971.

Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.

Хромчанка К.Р. Літаратурныя ўзаемасувязі // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.— Мн., 1986.— Т. 3.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]