
- •Уводзiны
- •І. Асобасна – арыентаваная адукацыйная сістэма
- •Лiтаратурнае чытанне у пачатковай школе. Мэты і задачы
- •1.1.1 Метадалагiчныя пазіцыi, якія звязаны з рэалізацыяй асобасна-арыентаванага і культуралагічнага падыходаў
- •1.1.2 Праграма па літаратурнаму чытанню. Мэты і задачы
- •1.2 Склад вучэбна-метадычнага комплексу
- •1.3 Пазакласнае чытанне ў сістэме літаратурнай адукацыі малодшых школьнiкаў
- •1.4 Тэматычны кантроль праверкі ведаў
- •2. Асаблівасці асэнсаванага ўспрымання беларускага маўлення рускамоўнымі малодшымі школьнікамі
- •3. Сучасныя тэндэнцыi лiтаратурнай адукацыi малодшых школьнiкаў
- •Заключэнне
- •Спiс выкарыстанай лiтаратуры
- •Структура ўрокаў
- •Урок 1. У свеце загадак
- •I.Арганізацыйны момант
- •II.Работа па падрыхтоўцы дзяцей да ўспрымання загадак
- •IV. Завучванне дзецьмі загадак на памяць
- •V.Калектыўнае разглядванне дзецьмі кніжкі «Загадкі з градкі»
- •VI.Рэкамендацыі
1.1.1 Метадалагiчныя пазіцыi, якія звязаны з рэалізацыяй асобасна-арыентаванага і культуралагічнага падыходаў
У аснову адбору навучальнага магэрыялу пакладзены наступныя прынцыпы: нацыянальна-культурная адметнасць матэрыялу, мастацка-эстэтычны, літаратуразнаўчы, прынцып пазнання мастацкай мовы як формы існавання духоўнай культуры беларусаў, адпаведнасць складанасці зместу навучання вучэбным і ўзростава-псіхалагічным магчымасцям асобы малодшага школьніка, адпаведнасць аб'ёму зместу навучання наяўнаму часу, які адводзіцца на прадмет згодна з вучэбным планам.
Асноўнымі прынцыпамі навучання з'яўляюцца наступныя: развіццё асобы; псіхалагічнай камфортнасці; авалодванне культурай; уліку псіхалагічных асаблівасцей успрымання мастацкай літаратуры малодшымі школьнікамі, практычнай накіраванасці, творчага характару навучання, прынцып пераемнасці паміж рознымі этапам літаратурнай адукацыі і ўзаемасувязі з урокамі беларускай мовы, музыкі, выяўленчага мастацтва, прадметам "Чалавек і свет" [15, с.49] .
Мэты прадмета "Літаратурнае чытанне" – шляхам чытання і разумення сэнсу літаратурных твораў далучаць малодшага школьніка да нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцей, фарміраваць яго як выхаванага чытача, які валодае трывалымі ўменнямі і навыкамі чытання, спосабамі самастойнай работы э чытаемым тэкстам і дзіцячай кнігай, выяўляе цікавасць да чытання кніг, праяўляе грамадзянскія, маральныя, эстэтычныя пачуцці і творчую актыўнасць.
Дасягненню гэтых мэт спрыяе вырашэнне наступных задач [15, с.50]:
развіцце сродкамі мовы і літаратуры інтэлектуальных і творчых здольнасцей вучняў, грамадзянскіх і маральна-этычных якасцей асобы;
развіццё цікавасці да чытання, пашырэнне кола чытання малодшых школьнікаў, іх начытаннасці;
навучанне правільнаму, усвядомленаму, выразнаму чытанню ўголас у адпаведнасці з нормамi літаратурнага вымаўлення; самастойнаму чытанню моўчкі (сам сабе);
фарміраванне чытацкіх уменняў і першапачатковых ведаў аб літаратуры, якія неабходны для паўнавартаснага ўспрымання і разумення вучнямі мастацкіх твораў і навукова-пазнавальных тэкстаў.
1.1.2 Праграма па літаратурнаму чытанню. Мэты і задачы
Мэты і задачы літаратурнага чытання вызначаюць асноўныя напрамкі прадмета: культуралагічнае развіццё школьніка; авалоданне навыкам чытання,, уменнем выразна чытаць,,, чытацкімі ўменнямі, ведамі аб літаратуры на ўзроўні ўяўленняў; чытанне і вывучэнне лепшых твораў дзіцячай класічнай, сучаснай беларускай і замежнай літаратуры; уключэнне вучняў у творчую дзейнасць у сувязі з чытаннем; работа з дзіцячай кнігай.
Сістэматычнае навучанне літаратурнаму чытанню пачынаецца пасля навучання грамаце [16, с.48].
Праграма па літаратурнаму чытанню складаецца з наступных раздзелаў: "Тэматыка чытання", "Чытанне вучняў", "Чытацкія ўменні і першапачатковыя веды вучняў аб літаратуры", "Пазакласнае чытанне", "Асноўныя патрабаванні да падрыхтоўкі вучняў".
Раздзел "Тэматыка чытання" ўключае пералік тэм, якія ўваходзяць у кола чытання малодшых школьнікаў II-IV класаў і складаюць змест падручніка па літаратурнаму чытанню.
У раздзеле "Чытанне вучняў" змешчаны патрабаванні да чытання. Вызначаюцца як розныя віды і спосабы чытання, так і якасныя кампаненты чытання. Бегласць чытання індывідуальная і адпавядае хуткасці маўлення вучня. Фарміраванне навыкаў чытання ажыццяўляецца як шляхам шматразовага мэтанакіраванага чытання ў ходзе работы над зместам літаратурнага твора, так і з дапамогай спецыяльных практыкаванняў [21, с.21].
Асаблівасцю вучэбнага прадмета "Літаратурнае чытанне" з'яўляецца фарміраванне і развіццё ўменняў і навыкаў чытання (правільнасць, усвядомленасць, выразнасць, бегласць) на розных ступенях навучання.
Развіццё ўмення чытання ў першы год навучання прадугледжвае фарміраванне механізму чытання ўголас цэлымі словам, інтанацыйнае аб'яднанне слоў у словазлучэнні, сказы, павелічэнне тэмпу чытання.
У другi год навучання выпрацоўваюцца ўменні не толькі чытаць цэлымі словамі ўголас, але і чытаць моўчкі (сам сабе).
У трэці і чацвёрты гады навучання адпрацоўваюцца тэмп і рацыянальныя спосабы чытання. Уменне чытаць, закладзенае ў I і II класах, аўтаматызуецца і пераўтвараецца ў навык чытання [17, с.48-49].
Правільнасць і бегласць чытання як асноўныя паказчыкі навыку выпрацоўваюцца пры дапамозе спецыяльных трэніровачных практыкаванняў, якія ўдасканальваюць зрокавае ўспрыманне, развіццё артыкуляцыйнага апарату, рэгуляцыю дыхання, а таксама ў працэсе звароту да прыёму шматразовага чытання, у ходзе якога вучань неаднаразова звяртаецца да перачытвання тэксту і тым самым не толькі забяспечвае пранікненне ў ідэю мастацкага твора, але і дабіваецца правільнага і беглага чытання.
Усвядомленым лічыцца такое чытанне, якое прадугледжвае разуменне зместу ўсяго твора, яго частак, асобных слоў і выразаў, разуменне сутнасці паслядоўнасці падзей, вобразнай сістэмы твора, пазіцыі аўтара; яно спрыяе ўзнікненню ўласных адносін вучня да прачытанага [17, с.51].
Выразнасць чытання з'яўляецца адным з паказчыкаў усвядомленага чытання. На працягу навучання ў пачатковых класах вучні практычна авалодваюць выразнымі сродкамі чытання, у выніку чаго яны з дапамогай інтанацыі перадаюць тыя пачуцці і думкі, якія пакладзены аўтарам у эмацыянальна-вобразны і ідэйны змест твора.
Раздзел "Чытацкія ўменні і першапачатковыя веды вучняў аб літаратуры" ўключае пералік уменняў, якім авалодваюць вучні ў працэсе практычнай работы над літаратурнымі творамі, арыентаванне ў змесце твора; вызначэнне паслядоўнасці падзей; ацэньванне ўчынкаў дзеючых асоб; вылучэнне ў тэксце слоў, сказаў, урыўкаў, якія апісваюць герояў, карціны прыроды; вызначэнне галоўнай думкі твора; знаходжанне і разуменне сэнсу вобразных сродкаў мастацкага твора; самастойнае чытанне твораў і кніг (зборнікаў) па зададзенай тэме, у адпаведнасці з пэўным жанрам або аўтарскай прыналежнасцю і інш. Фарміраванне чытацкіх уменняў адбываецца не паслядоўна. а паралельна адзін аднаму ў працэсе работы з тэкстам [17, с.52].
Такім чынам, пры вывучэнні літаратурных твораў малодшыя школьнікі практычным шляхам набываюць наступныя першапачатковыя веды аб літаратуры: пра асаблівасці апавядання, казкі, верша; твораў фальклору (прыказка, лічылка, загадка, песенька); вучацца адрозніваць народныя і аўтарскія казкі; выяўленчыя сродкі мастацкай выразнасці мовы; атрымліваюць звесткі пра выразныя сродкі чытання літаратурнага твора (паўза, лагічны націск, тон, тэмп, рытм); назапашваюць веды аб аўтарах, з творчасцю якіх пазнаёміліся на ўроках класнага і пазакласнага чытання; набываюць літаратурныя ўяўленні пра будову твора, яго галоўную думку, герояў, аўтарскія адносіны да падзей.