Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Uch_pos.doc
Скачиваний:
37
Добавлен:
16.11.2019
Размер:
789.5 Кб
Скачать

119

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы

С.Піваварчык, Г.Семянчук

АРХЕАЛОГІЯ БЕЛАРУСІ

У 2 частках

Ч.2 - Перыяд сярэднявечча.

Навучальны дапаможнік

для студэнтаў спецыяльнасці “Гісторыя”

Гродна 1996

ЗМЕСТ

Раздзел 1. Археалогія ранняга сярэднявечча V/VI -ІХ/ Х стст.

Банцараўская культура.

Калочынская культура.

Культура смаленска-полацкіх доўгіх курганаў

Пражская культура.

Раздзел 2. Усходнеславянскія і балтскія плямёны на тэрыторыі

Беларусі.

Дрыгавічы.

Радзімічы.

Крывічы.

Культура ўсходнелітоўскіх курганаў.

Каменныя курганы. Каменныя магілы.

Раздзел 3. Археалогія сталага сярэднявечча ІХ/Х - сярэдзіна ХІІІ стст.

Населяныя пункты.

Неўмацаваныя паселішчы (селішчы).

Умацаваныя паселішчы (гарадзішчы).

Узнікненне і развіццё гарадоў.

Планіроўка і забудова гарадоў.

Эканоміка Беларусі Х - ХІІІ стст. па археалагічных

матэрыялах.

Гандлёвыя сувязі.

Рэлігія і духоўная культура Беларусі ў ІХ - ХІІІ стст. па

археалагічных матэрыялах.

Пісьменнасць.

Раздзел 4.Археалогія позняга сярэднявечча другая палова хiіі - XVI стст.

Населяныя пункты (гарады, мястэчкі, вёскі).

Абарончыя збудаванні і замкі.

Матэрыяльная культура Беларусі па археалагічных

матэрыялах.

Літаратура.

Дадатак.

Сярэднявечча - гэта перыяд, які знаходзіцца паміж гісторыяй старажытнага свету і папярэднічае новай гісторыі. Эпоха сярэдніх вякоў адзначалася ўзнікненнем і развіццём новых форм грамадска-палітычнага і эканамічнага жыцця, значным прагрэсам у развіцці матэрыяльнай і духоўнай культуры. Карані шматлікіх сучасных з’яў і працэсаў сягаюць сярэднявечча. Гэта гістарычны час зараджэння і фарміравання нацыянальнай культуры, мовы і нацыянальнага характару большасці еўрапейскіх народаў. Шматлікія населяныя пункты сучаснай Еўропы захоўваюць арамат сярэднявеччнай эпохі ў планіроўцы, раманскай і гатычнай архітэктуры культавых і свецкіх пабудоў, багацці выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Непарыўная сувязь часу, якая захоўваецца ў памяці народаў, робіць вывучэнне сярэдніх вякоў заўсёды актуальным.

У апошнія дзесяцігоддзі ў шматлікіх еўрапейскіх краінах, у тым ліку на Беларусі, належнае месца ў вывучэнні мінуўшчыны заняла “археалогія сярэднявечча”. З аднаго боку, гэта багаты комплекс эмпірычных артэфактаў (тут: увесь археалагічны матэрыял), здабытых практыкамі, які з’яўляецца самастойнай крыніцазнаўчай базай. З другога - метадалагічныя і метадычныя магчымасці, якія дадае археалогія пры вывучэнні сярэднявечнай эпохі гісторыі і культуры еўрапейскіх народаў. Як лічыць польскі даследчык С.Табачыньскі, “у адрозненне ад дагістарычнай археалогіі, сувязь якой з сучаснасцю даволі адлеглая, прадмет сярэднявечнай археалогіі з’яўляецца адносна блізкім да сучаснай еўрапейскай культуры”.

Археалогію сярэднявечча Беларусі мы прапануем разглядаць па трох храналагічных перыядах:

  • V/VI - ІХ/Х стст. - час пранікнення на тэрыторыю нашай Радзімы славянскіх плямёнаў і звязаныя з гэтым гаспадарчыя, сацыяльныя, этнагенетычныя і культурныя змены;

  • ІХ/Х - сярэдзіна ХІІІ стст. - час фармавання і функцыянавання першых дзяржаўных ўтварэнняў на тэрыторыў Беларусі - раннефеадальных княстваў, генезіса і развіцця гарадоў, распаўсюджвання хрысціянства;

  • другая палова ХІІІ - ХVI стст. - час існавання федаратыўнай, поліэтнічнай дзяржавы Вялікага княства Літоўскага і канчаткова фармавання ў яе межах беларускага народа, яго матэрыяльнай і духоўнай культуры.

Раздзел 1. Археалогія ранняга сярэднявечча V/VI - X стст. Банцараўская культура

У сярэдзіне І тысячагоддзя н.э. у жыцці насельніцтва Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі адбываюцца значныя змяненні, якія знайшлі адлюстраванне ў матэрыяльнай культуры. Археалагічныя культуры штрыхаванай керамікі і днепрадзвінская змяняюцца помнікамі тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (банцараўская культура). Упершыню яны сталі вядомы ў канцы 20-х гадоў пасля раскопак С.А.Дубінскім Банцараўскага гарадзішча каля Ждановіч пад Мінскам. Грунтоўнае вывучэнне помнікаў разглядаемага тыпу пачалося з сярэдзіны 50-х гадоў на Смаленшчыне (П.М.Траццякоў, Я.А.Шмідт), Пскоўшчыне (Я.В.Станкевіч, Р.С.Мінасян) і Беларусі (А.Р.Мітрафанаў, Г.В.Штыхаў, Л.Д.Побаль, Я.Г.Звяруга, В.І.Шадыра). Ужо тады па першых найбольш вывучаных аб’ектах - Банцараўшчына пад Мінскам і Тушамля пад Смаленскам - у літаратуры пачалі ўжываць падвойны тэрмін “культура тыпу Тушамлі - Банцараўшчыны” альбо “банцараўска-тушамлянская археалагічная культура”. Праўда, на Беларусі распаўсюджана назва “банцараўская культура”, а сярод расійскіх даследчыкаў - “тушамлянская культура”. Паміж гэтымі тэрытарыяльнымі групамі не назіраецца якіх-небудзь адрозненняў. Банцараўскія і тушамлянскія старажытнасці характарызуюцца аднолькавым гліняным посудам, адзінымі матэрыяльнай культурай і пахавальнай абраднасцю, аднастайным домабудаўніцтвам.

Плямёны банцараўскай культуры займалі тэрыторыю Верхняга Паднепроўя, Полацка-Віцебскага Падзвіння, Верхняга Панёмання, вярхоўяў Бярэзіны і Віліі. Археалагічныя помнікі банцараўскай культуры прадстаўлены селішчамі, гарадзішчамі-сховішчамі і пахаваннямі.

Найбольш шматлікія з іх - неўмацаваныя паселішчы-селішчы, якія звычайна размяшчаліся на невысокіх пакатых узвышшах, або на мысападобных выступах надпоймавых тэрас, на берагах рэк і азёр. Форма і памеры селішчаў часта залежаць ад канфігурацыі мясцовасці, якую выбралі пад паселішча. Плошча іх вагаецца ад 0,4 - 0,6 га да 7 - 8 га. Сярод даследаваных селішчаў большасць мела плошчу 1 - 2 га. Гэта даволі буйныя паселішчы, якія вылучаюцца сярод сінхронных помнікаў лясной зоны Усходняй Еўропы.

На тэрыторыі Беларусі адкрытыя селішчы банцараўскай культуры падзяляюцца на дзве групы. Да першай адносяцца селішчы, размешчаныя асобна ад гарадзішчаў, ня звязаныя з апошнімі ніякім чынам і часам аддаленыя ад іх на значную адлегласць; да другой - селішчы, размешчаныя пры гарадзішчах і непасрэдна звязаныя з імі. Першапачаткова носьбіты банцараўскай культуры пражывалі толькі на селішчах першай групы. На думку А.Р.Мітрафанава, гэта сведчыць аб адносна спакойнай палітычнай сітуацыі ў тыя часы на гэтай тэрыторыі. Да іх можна аднесці паселішчы каля вёсак Курчына, Рэвячка (Мядзельскі р-н), Варонеч (Полацкі р-н), Гуры, Сасёнка (Вілейскі р-н), Малое Стахава (Барысаўскі р-н) і інш. Найбольш ранні комплекс прадметаў (V - VI стст.) выяўлены падчас раскопак селішча каля вёскі Рэвячка, і, што вельмі важна, на ім адкрыты грунтовыя пахаванні. Культурныя напластаванні на помніку магутнасцю 0,4 - 0,45 м. На вывучанай тэрыторыі (1292 кв.м) адкрыты рэшткі 4 жытлаў: двух наземных і двух паўзямлянкавых. Абодва тыпы зрубнай канструкцыі з печамі-каменкамі ў адным з кутоў, радзей з агнішчамі.

Селішчы другога храналагічнага перыяду (з канца VI ст.) размяшчаюцца ў непасрэднай блізасці ад ранейшых, да таго часу занядбаных, гарадзішчаў. На думку даследчыкаў, пагаршэнне палітычнай сітуацыі ва Ўсходняй Еўропе, і ў прыватнасці, на тэрыторыі Беларусі, прывяло да таго, што насельніцтва селішчаў значна змяняла выгляд старых гарадзішчаў, пераўтварала іх у магутныя крэпасці-сховішчы: насыпалі дадатковыя валы, падсыпалі края пляцовак, на грэбнях валоў будавалі абарончыя сцены. Падобныя гарадізішчы-сховішчы і адкрытыя селішчы выяўлены каля вёсак Дзедзілавічы (Барысаўскі р-н), Гарадзішча, Мікольцы і Некасецк (Мядзельскі р-н), Буракова (Гарадокскі р-н), Урагава (Верхнядзвінскі р-н), Лужасна (Віцебскі р-н) і іншых мясцовасцяў.

У 60 -70-я гады А.Р.Мітрафанаў правёў значныя археалагічныя даследаванні на паселішчах Гарадзішча і Дзядзілавічы. Удалося высветліць, што ўмацаванае паселішча Гарадзішча, заснаванае насельніцтвам блізкім да мілаградскай культуры. У наступны час на гарадзішчы пражывала супольнасць, для якой былі характэрны слоікападобныя і рабрыстыя гаршкі з штрыхоўкай. На мяжы ІІІ - IV стст. н.э. паселішча было закінута. У V ці VI ст. тут зноў адраджаецца жыццё, аднак не на гарадзішчы, а на суседнім неўмацаваным селішчы. Менавіта жыхары апошняга пераўтвараюць гарадзішча ў магутнае ўмацаванае сховішча з абарончай сцяной па краю пляцоўкі, знешнім валам і равом паміж ім і схілам паселішча. Без сумнення, у трэцяй чвэрці І тыс. гарадзішча выкарыстоўвалася, па-першае, як сховішча пад час вайсковай небяспекі, а, па-другое, як месца захоўвання розных гаспадарчых прыпасаў. На яго пляцоўцы выяўлена 19 ямаў-склепаў авальнай формы, памеры якіх вагаліся ад 1,2 - 1,3 да 3,7 м даўжыні; ад 0,8 - 0,9 да 1,5 - 2,1 м шырыні, ад 0,3 -0,4 да 0,6 -0,7 м глыбіні.

Неўмацаванае селішча каля в.Гарадзішча размешчана на пакатых схілах узвышша з паўночнага, паўночна-заходняга і заходняга бакоў гарадзішча. На раскапанай плошчы 2612 кв.м былі выяўлены рэшткі 42 жытлаў, яшчэ 54 жытлы даследаваны на аналагічным селішчы Дзядзілавічы. Для банцараўскай культуры характэрны жытлы двух тыпаў: наземныя пабудовы слупавай і зрубнай канструкцыі (да гэтага тыпу належаць жытлы, урэзаныя з трох бакоў у схіл пагорка) і паўзямлянкі. Апошнія былі пераважна зрубнай канструкцыі, іх ніжнія вянкі паглыбляліся ў зямлю ад 0,2 да 0,8 м. Плошча дамоў складала ад 7 - 9 да 78 - 20 кв.м. Унутры іх, як правіла, у адным з кутоў размяшчаліся печы-каменкі круглай ці авальнай формы, радзей агнішчы на вымастках з дробных камянёў. На шэрагу паселішчаў банцараўскай культуры жылыя пабудовы суправаждаліся гаспадарчымі у выглядзе ўсечанаканічнай альбо звонападобнай формы склепамі.

З насельніцтвам банцараўскай культуры беларускія даследчыкі звязваюць грунтовыя і курганныя могільнікі, якія датуюцца трэцяй чвэрцю І тыс. н.э. Пахавальны абрад - трупаспаленне панаваў безраздзельна на ўсёй тэрыторыі распаўсюджвання культуры. Праўда, расійскія археолагі (Сядоў В.В., Шмідт Я.А. і інш.) на падставе смаленскіх матэрыялаў (тушамлянскі варыянт культуры) з банцараўскімі плямёнамі звязваюць толькі грунтовыя могільнікі. Грунтовыя пахаванні даследаваў А.Р.Мітрафанаў каля в.Равячка. Крэмацыя нябожчыкаў разам з рэчамі, якія яму належылі пры жыцці, адбывалася за межамі некропаляў. Пасля чаго, ачышчаныя ад вогнішча косці, змяшчаліся ў гліняныя пасудзіны - урны, або ссыпаліся на дно магільных ям, якія мелі ўсечанаканічную форму з дыяметрам 0,3 - 0,5 м і глыбінёй да 0,6 м. Курганныя могільнікі банцараўскай культуры даследаваліся А.М.Ляўданскім, Г.В.Штыхавым у Віцебскай вобласці (Старое Сяло, Дарахі, Гаравыя, Янкавічы-Атокі, Янкавічы-Павалішына і інш.). Курганы па форме падзяляюцца на круглыя (дыяметр ад 5 -6 да 8 - 12 м, вышыня ад 0,3 - 0,5 да 1 - 1,2 м), падоўжаныя (даўжыня ад 12 - 13 да 17 - 18 м, шырыня ад 8 да 10 м, вышыня ад 0,8 да 1,2 м) і доўгія (Атокі: даўжыня 110 м, шырыня 9 м, вышыня 1 - 1,5 м; Дарахі: даўжыня 22 м, шырыня 10 м, вышыня 1,2 м). Пахаванні ў іх былі таксама ўрнавыя і бязурнавыя. Памеры ям для змяшчэння рэшткаў нябожчыкаў звычайна невялікія - ад 0,2 - 0,3 да 0,4 - 0,7 м. Палажэнне гліняных урнаў рознае: нармальнае - урна пастаўлена горлам уверх; нармальнае, аднак, перакрыта другім, большым па памерах гаршком, які перавернуты ўверх дном; урна перавернута ўверх дном пад касцямі ці над ямкамі з рэшткамі крэмацыі. Колькасць пахаванняў у курганах вагалась ад 2 да 9. Верагодна, курганы са значнай колькасцю пахаванняў з’яўляліся некропалямі вялікіх сем’яў.

Пахавальны інвентар у грунтовых пахаваннях, як і ў адначасовых ім курганных могільніках, вельмі бедны і часцей за ўсё складаецца з цэлых альбо фрагментаваных пасудзін. Знаходкі дэталяў касцюму ці іншых рэчаў адзінкавыя. Плямёны банцараўскай культуры выраблялі ляпныя пласкадонныя гаршкі. Вылучаецца шэсць тыпаў: слабапрафіляваныя, цюльпанападобныя, слоікападобныя, рабрыстыя, ціліндраканічныя і пукатабокія. Найбольш характэрны для культуры слабапрафіляваныя і цюльпанападобныя гаршкі (85% ад усяго керамічнага комплекса).

Паселішчы банцараўскай і роднаснай тушамлянскай культур увогуле бедныя на знаходкі. Тым не менш іх пералік значны і разнастайны. Ён дазваляе меркаваць аб гаспадарчых занятках насельніцтва і ўзроўні развіцця эканомікі. Найбольш разнастайным на банцараўскіх помніках з’яўляецца асартымент жалезных вырабаў. З сельскагаспадарчых прыладаў - гэта сярпы і сярпападобныя нажы. Сустракаюцца таксама нажы, шылы, іглы, жалезныя фібулы, сякеры, косы, наканечнікі дзідаў, шпоры і цуглі.

Упрыгожанняў з бронзы і іншых каляровых металаў знойдзена няшмат. Гэта бразалеты, бразготкі, трапецыяпадобныя падвескі, спіралькі, кольцы, фрагменты шыйных грыўнаў. Даволі шматлікія на паселішчах гліняныя праселкі, большасць якіх біканічнай формы. Касцяныя прадметы прадстаўлены адзінкавымі знаходкамі праколак.

У гаспадарчай дзейнасці банцараўскіх плямёнаў галоўная роля належала земляробству, у яго ляднай форме. Аб гэтым сведчаць знаходкі адпаведных прыладаў працы (сярпы, сякеры, зерняцёркі, рэшткі жорнаваў) і вялікая колькасць абапаленага зерня розных сельскагаспадарчых культур. (пшаніца, жыта, проса, гарох, конскія (палявыя) бабы і віка) выяўленыя на паселішчах Банцараўшчына, Гарадзішча, Дзядзілавічы. Бясспрэчна, развітай у той час была і жывёлагадоўля. На паселішчах банцараўскай і тушамлянскай культур 3/4 астэалагічнага матэрыялу прыходзіцца на долю свойскіх жывёл. Разводзілі і гадавалі ўсе вядомыя на сёняшні дзень віды свойскіх жывёл. Паляванне і рыбалоўства выконвалі дапаможную функцыю, з’яўляючыся дадатковай крыніцай у забеспячэнні насельніцтва ежай.

Гаспадарка банцараўскіх плямёнаў працягвала заставацца натуральнай. Кожная абшчына забяспечвала свае патрабаванні ў прыладах працы, прадметах быту і туалету за кошт рэчаў, якія вырабляліся мясцовымі майстрамі. Таму на кожным паселішчы былі развіты здабыча і апрацоўка жалеза, бронзаліцейная вытворчасць, ганчарства, ткацтва, апрацоўка дрэва, касці і камянёў. Сведчаннем гэтага з’яўляюцца выяўленыя на кожным вывучаным паселішчы рэшткі печаў-домніц, жалезныя шлакі, крыца, рэшткі тыгляў і льячыкаў.

У трэцяй чвэрці 1 тыс.н.э. у Цэнтральнай і Паўночнай Беларусі ўскладніліся працэсы грамадскага развіцця. Відаць, утвараліся саюзы плямёнаў, што забяспечвала паспяховую абарону насельніцтва, якое жыло на неўмацаваных паселішчах (селішчах). На вялікіх селішчах, магчыма, пражывалі некалькі родаў, што цягнула за сабой пашырэнне эканамічных сувязяў і стварала перадумовы для пераходу да тэрытарыяльнай абшчыны.

Храналагічныя межы банцараўскай культуры на падставе параўнальна-тыпалагічнага аналізу рэчавага комплексу вызначаюцца V - VIII стст. н.э. Не да канца вырашанымі застаюцца праблемы паходжання і этнічнай інтэпрэтацыі банцараўскіх старажытнасцяў.

Большасць даследчыкаў лічыць банцараўска-тушамлянскую культуру мясцовай, якая развівалася з папярэдніх культур ранняга жалезнага часу Верхняга Падняпроўя, Паўночнай і Цэнтральнай Беларусі (днепра-дзвінскай, юхноўскай і культуры штрыхаванай керамікі). Пераемнасць прасочваецца ў элементах домабудаўніцтва, кераміцы, у прадметах быту і прыладах працы. А.Р.Мітрафанаў адзначаў актыўны ўдзел у фармаванні старажытнасцяў трэцяй чвэрці 1 тыс.н.э. у разглядаемым рэгіёне носьбітаў культуры тыпу Абідні ў Падняпроўі і Пачэпу на Дзясне.

Адносна этнічнай прыналежнасці значная частка археолагаў мяркуе, што банцараўскія і тушамлянскія плямёны належалі да балцкай моўнай групы (П.М.Трацякоў, Я.С.Шмідт, А.Р.Мітрафанаў, І.П.Русанава, В.В.Сядоў і інш.). На карысць гэтага названыя аўтары прыводзяць факты фармавання банцараўска-тушамлянскай культуры на падставе дакладна балцкіх культур ранняга часу, наяўнасць шчыльнага пласту балцкай гідраніміі, і, самае галоўнае, адсутнасць генетычнай пераемнасці паміж старажытнасцямі гэтай культуры і наступнымі па часе славянскімі. Праўда, В.В.Сядоў адзначае, што з VI ст. на тэрыторыі рассялення носьбітаў банцараўскай культуры выразна фіксуюцца славянскія культурныя элементы, як сведчанне пачатку інфільтрацыі славянаў у балцкае асяроддзе. У першую чаргу, гэта праявілася ў распаўсюджванні ў банцараўскім арэале паўземлянкавых жытлаў з тыпова славянскім інтэр’ерам (Равячка, Гарадзішча, Дзядзілавічы, Шчаткава Бабруйскага раёна). Разам з інфільтрацыяй славянскага насельніцтва ў Смаленскае Падняпроўе, Цэнтральную і Паўночную Беларусь пранікаюць прылады працы і бытавыя рэчы славянскага паходжання: каменныя жоравы, высокія біканічныя паселкі з невялікай адтулінай, жалезныя шпоры з вострым канічным шыпам і загнутымі ўнутр кручкамі на канцах, утульчатыя двушыпныя наканечнікі стрэлаў, нажы з валютападобнымі завяршэннямі тронкаў і інш.

У апошні час грунтоўныя аргументы на карысць балта-славянскага характару банцараўскай культуры на падставе вывучэння курганных помнікаў і паселішчаў у Беларускім Падзвінні прывёў Г.В.Штыхаў. У той ці іншай ступені славянізаванымі балтамі лічаць носьбітаў банцараўскай культуры В.Д.Баран, Р.В.Церпілоўскі, Я.А.Гаруноў. Славянства помнікаў банцараўска-тушамлянскай культуры бароняць Л.Д.Побаль і Э.А.Сымановіч. Галоўным аргументам у іхняй пазіцыі з’яўляецца безперапыннасць пражывання аўтахтоннага (мясцовага) насельніцтва Смаленшчыны, Усходняй і Цэнтральнай Беларусі ад мілаградскай культуры, якая на іх думку славянская, да трэцяй чвэрці І тыс. н.э.

КАЛОЧЫНСКАЯ КУЛЬТУРА

Арэал калочынскіх старажытнасцяў уключае большую частку басейнаў Дзясны, Сейма, вярхоўяў Сулы і Псла, Гомельскае і Магілёўскае Падняпроўе (да наваколля Быхава), ніжняе цячэнне Бярэзіны, левабярэжжа Прыпяці (ад вусця Пцічы да зліцця з Дняпром). Сваю назву культура атрымала ад гарадзішча і селішча каля в.Калочын (Рэчыцкі р-н), даследаваных у 1955 - 1960 гг. маскоўскім археолагам Э.А.Сымановічам. У Беларускім Падняпроўі калочынскія помнікі даследавалі Л.Д.Побаль, С.Я.Расадзін, А.А.Макушнікаў каля вёсак Тайманава, Новы Быхаў, Ніжняя Тошчыца (Быхаўскі р-н), Шчаткава (Бабруйскі р-н), Нісімкавічы (Чачэрскі р-н) і іншыя.

Шэраг археолагаў (А.Р.Мітрафанаў, В.В.Сядоў, В.Б.Перхаўка, Э.А.Сымановіч) разглядаюць калочынскія помнікі ў якасці варыянта вялікай культурнай супольнасці, размешчанай у Верхнім Падняпроўі і Полацка-Віцебскім Падзвінні - помнікі тыпу Банцараўшчына-Тушамля-Калочын. З другога боку, Я.А.Гаруноў, П.М.Траццякоў, Л.Д.Побаль і іншыя, на падставе некаторых адрозненняў у тыпах паселішчаў, жытлаў, у складзе керамічнага комплексу і асартыменце металічных вырабаў, разглядаюць калочынскія старажытнасці як самастойную археалагічную культуру.

Асноўным тыпам калочынскіх помнікаў з’яўляюцца селішчы і грунтовыя могільнікі, але вядомы таксама гарадзішчы і курганныя пахаванні. Раскопваліся тры гарадзішчы: Калочын І на Дняпры (Э.А.Сынановіч), Чырвоная Зорка на Бярэзіне (Бярэзінскі р-н) (Л.Д.Побаль), Залатаміна на Сажы (Кармянскі р-н) (С.Я.Расадзін). Усе гарадзішчы маюць кальцавыя валы і равы, а з напольнага боку яшчэ і дадатковую сістэму ўмацаванняў.

Па перыметру Калочынскага гарадзішча былі ўзведзены з бярвенняў доўгія пабудовы каркаснай канструкцыі. Ямы-склепы звонападобнай формы дыяметрам ад 0,6 да 1,5 м і глыбінёй ад 0,4 да 0,8 м з’яўляліся найбольш распаўсюджаным тыпам гаспадарчых пабудоў. Без сумнення, гарадзішчы калочынскай культуры выконвалі функцыю сховішчаў на выпадак ваеннай небяспекі.

Пераважны тып паселішчаў - неўмацаваныя селішчы - размяшчаюцца каля вады, на ўскрайку надпойменнай тэрасы. Памеры іх былі да 1 га, праўда, сустракаюцца па 4 га (Новы Быхаў) і 9 - 10 га (Ніжняя Тошчыца). На селішчах Калочын І, Тайманава, Нісімкавічы выяўлены жытлы. Яны прадстаўляюць сабой прамавугольныя ці квадратныя ў плане паўзямлянкі са зрубнай або слупавай канструкцыяй сцен, плошчай 9 - 22 кв.м пры глыбіні катлавана 0,3 - 0,8 м. У цэнтры падлогі знаходзіўся апорны слуп, вакол якога часта размяшчалася адкрытае агнішча.

Пахавальны абрад характарызуецца трупаспаленнямі за межамі пахаванняў на бескурганных могільніках (Тайманава, Новы Быхаў, Ніжняя Тошчыца). Для пахавання рэшткаў крэмацыі рабіліся круглыя альбо падоўжаныя ямы дыяметрам 0,3 - 1 м, у рэдкіх выпадках - да 1,8 м, глыбінёй ад 0,1 да 0,65 м. Спаленыя косткі размяшчаліся ў ямах, перамяшаныя з рэшткамі пахавальнага вогнішча, вуголлем і попелам. Значна радзей сустракаюцца ўрнавыя пахаванні. Дыскусійным застаецца пытанне выкарыстоўвання носьбітамі калочынскай культуры курганных насыпаў у пахавальнай абраднасці. Інвентар калочынскіх могільнікаў даволі бедны. Выяўлены, праўда, непаўсюдна, ўпрыгожанні, спражкі, гліняныя праселкі.

Спецыфічнай прыкметай культуры з’яўляецца керамічны комплекс. Увесь посуд ляпны і даследчыкі вылучаюць наступныя тыпы: цюльпанападобныя з шырокім горлам, слоікападобныя, біканічныя і рабрыстыя. Часам сустракаюца карчагі, міскі, патэльні. Прылады працы і зброя знойдзены выключна на паселішчах. Большасць рэчаў зроблена з жалеза: нажы, шылы, сякеры, долаты, косы, сярпы, наканечнікі коп’яў і стрэлаў. З каляровых металаў зроблены бранзалеты з расшыранымі канцамі, паясныя наборы анцкага тыпу, падвескі, пальцавыя фібулы.

Аснову гаспадаркі калочынскіх плямёнаў складалі ляднае (падсечнае) земляробства і жывёлагадоўля. Аб гэтым сведчаць шматлікія знаходкі сярпоў, а таксама абапаленых зерняў злакаў ці іх адбіткаў на кераміцы. Аналіз астэалагічнага матэрыялу дазваляя меркаваць, што ў статках пераважалі буйныя рагатыя жывёлы, якія часта выкарыстоўваліся як цяглая сіла. Паляванне, рыбалоўства і іншыя промыслы мелі другаснае, дадатковае значэнне. Металаграфічны аналіз металічных вырабаў з калочынскіх помнікаў паказвае даволі невысокі ўзровень кавальскага рамяства, што тыпова для археалагічных культур лясной зоны Усходняй Еўропы.

Храналагічныя рамкі калочынскай культуры даследчыкі вызначаюць па-рознаму, у інтэрвале канца IV - ІХ стст. Найбольш абгрунтаваная дата - V - VII стст. (Я.А.Гаруноў, П.М.Траццякоў), позняя мяжа асобных помнікаў - VIII ст. Па сваім паходжанні калочынская культура генетычна звязана з мясцовымі помнікамі позняга этапу зарубінецкай культуры.

Найбольшыя разыходжанні сярод даследчыкаў выклікае этнічнае вызначэнне калочынскіх старажытнасцяў. В.В.Сядоў, І.П.Русанава, А.Р.Мітрафанаў звяртаючы асаблівую ўвагу на той факт, што калочынскія помнікі генетычна не звязаны з тыпова славянскімі старажытнасцямі VIII - ІХ стст., а таксама на шырокае распаўсюджванне ў Верхнім Падняпроўі балцкай гідраніміі, лічаць гэтую культуру балцкай. Другая група даследчыкаў (П.М.Траццякоў, Л.Д.Побаль, Я.А.Гаруноў, Р.В.Церпілоўскі) адносіць калочынскія старажытнасці да славянскіх, галоўным чынам, на падставе яе эвалюцыйнага развіцця ад спадчыны зарубінецкай культуры.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]