Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
да іспыту.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
22.09.2019
Размер:
934.91 Кб
Скачать

Агульная характарыстыка асноўных прыродазнаўчых дысцыплін

Фізіка

Тэрмін “фізіка” (ад старажытнагр. φύϭις – прырода) узнік у абсягу антычнай філасофскай культуры (у Арыстоцеля ён абазначаў галіну ведаў, якая належала да тэарэтычных навук і якая разглядалася як навука, прысвечаная руху, яго істотным прычынам; пры гэтым рух інтэрпрэтаваўся надзвычай шырока – як працэс усялякага змянення прыродных аб’ектаў, асабліва арганічных). У сучасным кантэксце ён ужываецца для абазначэння навукі, што вывучае грунтоўныя, базісныя прыродныя з’явы, аб’екты і працэсы. У сувязі з гэтым фізіку можна вызначыць як фундаментальную навуку аб прыродзе. Таму ўжо з часу свайго ўзнікнення яна прэтэндавала на статус навукі-лідара ў сістэме прыродазнаўчага пазнання (праўда, у сучасных умовах у яе з’явілася канкурэнтка: з аналагічнымі прэтэнзіямі выступіла і біялогія).

Да праяў грунтоўнасці дадзенай навуковай дысцыпліны належыць і той момант, што шмат якія з важных і значных для яе феноменаў заўжды выклікалі вялікую цікавасць у філосафаў. Матэрыя, рух, прастора, час – паняцці, якія фіксуюць ключавыя аспекты ў праблемным полі фізікі, – прадстаўлены і на ўзроўні філасофскай тэрміналогіі, адкуль вынікае, што адпаведныя праблемы маюць філасофскае вымярэнне і значэнне. У філасофскіх развагах яны маюць, безумоўна, іншае змястоўае напаўненне, бо філосаф разглядае звязаную з імі праблематыку ў іншым ракурсе, з іншага пункту гледжання, хоць ізноў-такі неабходна разам з тым указаць на істотныя ўзаемасувязі паміж адпаведнымі падыходамі і на важнасць дыялогу філасофіі і фізікі ў гэтым плане.

Касмалогія

Касмалогія – гэта навука, якая даследуе ўзнікненне, развіццё, структуру і ўласцівасці Сусвету ў ягонай цэласнасці і ўпарадкаванасці. Упарадкаванасць выступае як надзвычай важны аспект паняцця “космас”. Ужо ў антычнай культуры было выпрацавана ўяўленне аб Сусвеце як гарманічна ўладкаваным утварэнні, і слова “κόσμος”, якое азначала адпачаткова “загад” і “усталяваны праз загад парадак”, развілося ў грунтоўнае філасофскае паняцце, у якім фіксавалася і замацоўвалася згаданае ўяўленне.

Тэрмін “касмалогія” ўжываўся ў ХVIII i XIX для абазначэння той галіны метафізікі, якая вывучае Сусвет як натуральную сістэму фізічных субстанцый. Пры гэтым фіксавалася выразная рознасць паміж навуковай – філасофскай (cosmologia scientifica) – і эмпірычнай, эксперыментальнай касмалогіяй (cosmologia experimentalis). Апошняя з цягам часу ўсё больш выходзіла на пярэдні план, і ў дваццатым стагоддзі яна забяспечыла сабе вяршэнства (у плане духоўнага, культурнага ўплыву) над спробамі распрацоўкі філасофскіх яе версій (як гэта мела месца, напрыклад, у творчасці Уайтхеда). Істотны ўплыў на такое разгортванне падзей мелі поспехі фізікі, якая заўжды выступала як аснова прыродазнаўчай касмалогіі. Прасоўванне наперад у разгортванні фундаментальных фізічных даследаванняў стварала і стварае тэарэтычныя рамкі для фармулёўкі і вырашэння касмалагічных праблем. Дзякуючы інтэнсіўнаму развіццю оптыкі касмолагі маюць у сваім распараджэнні эфектыўныя сродкі для вядзення назіранняў, якія ў сучасных умовах робяць магчымай эмпірычную праверку тэарэтычных палажэнняў, што датычаць гіганцкіх касмічных структур.

Цесная і глыбокая ўзаемасувязь касмалогіі і фізікі выяўляецца ў тым, што касмалогія экстрапалюе грунтоўныя фізічныя тэорыі, асабліва тэорыю гравітацыі, на Сусвет у цэлым [Enz, т. , c.866]. У дадзенай сувязі паўстае пытанне аб апраўданасці і абгрунтаванасці такой экстрапаляцыі, паколькі фізічныя тэорыі грунтуюцца на эксперыментах, што здзяйсняюцца ў зямных умовах. Той момант, што яна кантралюецца назіраннямі, безумоўна, важны і значны, але дадзены кантроль зноў-такі здзяйсняецца зямным назіральнікам. Таму ў дачыненні да гамагеннага размеркавання матэрыі ў Сусвеце даводзіцца, напрыклад, “што эмпірычна пацверджанай з’яўляецца толькі лакальная ізатрапія, гэта значыць ізатропнае размеркаванне галактык з зямнога пункту гледжання” [Handlex, c.169]. Калі прызнаць, аднак, што нашы зямныя ўмовы з пункту гледжання назіранняў прыродных працэсаў нічога звышасаблівага з сябе не ўяўляюць (так званы каперніканскі прынцып), дык можна спадзявацца, што эмпірычны кантроль у выпадку касмалагічных тэорый не менш надзейны, чым у выпадку фізічных тэарэтычных пабудоў8.

Хімія

Хімія займае “цэнтральнае” месца ў сістэме прыродазнаўчых навук. Дадзенае становішча з’яўляецца, з аднаго боку, надзвычай спрыяльным для яе развіцця, даючы ёй магчымасці для інтэнсіўнага ўзаемадзеяння і з фізікай, і з біялогіяй. З іншага боку, аднак, знаходжанне паміж фізікай і біялогіяй прынесла хіміі не толькі выгоды, бо яе магутныя суседкі папросту засланілі яе і яна пазбавілася (прынамсі, з боку філосафаў) значнай долі заслужанай увагі. Больш за тое, у такіх умовах паўстала пытанне адносна адметнасці гэтай навуковай дысцыпліны, яе саматоеснасці, спецыфікі яе праблемнага поля і яе метадаў. Фактычна, хімікі заўжды былі вымушаны змагацца за прызнанне, за прызнанне аўтаноміі сваёй сферы ведаў, яе спецыфічнай рацыянальнасці і г. д.

Калі хімію разглядаць як навуку, што вывучае заканамернасці, на якіх грунтуюцца паводзіны, структура і пераўтварэнні рэчываў (а яна, як правіла, менавіта так і разглядаецца), дык атрымліваецца, што яна мае справу з надзвычай шырокім колам феноменаў і працэсаў. Па сутнасці “гэта навука, што пераходзіць межы паміж косным і жывым, паміж мікраскапічным і макраскапічным” [, c. 9], і дадзеная неабсяжнасць яе праблемнага поля таксама істотным чынам абвастрае праблему яе ідэнтычнасці. Акрамя таго, хімія выглядае у гэтай сувязі як экстэнсіўная па сваім характары навуковая дысцыпліна. Адзначым, што “экстэнсіўнай навукай” (у адрозненне ад фізікі) яе назваў С.Арэніюс (1859-1927), які абгрунтоўваў сваё меркаванне наступным чынам: “Хімія працуе з гіганцкай колькасцю рэчываў, але цікавіцца пры гэтым толькі некаторымі іх уласцівасцямі.” А вось фізіка, на яго думку, мае справу з невялікай колькасцю рэчываў, але пры гэтым імкнецца глыбока аналізаваць вынікі эксперыментаў, што праводзяцца ў яе абсягу. Таму яна з’яўляецца інтэнсіўнай навукай [, c. 168-169].

Тым не менш, нягледзячы на надзвычайную разнастайнасць з’яў, што вывучаюцца хіміяй, можна вылучыць пэўныя агульныя характарыстыкі яе праблемнага поля, істотныя і важныя для яго разумення і вызначэння. У першую чаргу неабходна падкрэсліць, што ў сферы хімічных даследаванняў (як і на іншых кірунках навуковага пошуку) надзвычай важна адрозніваць простыя і складаныя феномены. Выразнае правядзенне такога адрознення (а таксама адрознення паміж простымі і складанымі хімічнымі аб’ектамі, з аднаго боку, і рашчынамі, з іншага) належыць да кола ключавых інавацый, з якіх распачынаецца развіццё хіміі сучаснага тыпу.

У дадзенай сувязі неабходна адзначыць, што хімікі маюць магчымасць больш смела і ўпэўнена абыходзіцца з паняццем элементарнага, чым фізікі. Справа ў тым, што элементарныя ў хімічных адносінах аб’екты вызначаны, з імі праводзяцца доследы, распрацавана іх навуковая класіфікацыя і г. д. У якасці такіх аб’ектаў цалкам справядліва разглядаюцца атамы: іх нельга падзяліць на больш простыя часткі, якія выяўлялі б спецыфічныя хімічныя ўласцівасці.(электраадмоўнасць, энергія іанізацыі і інш.). Такім чынам, у сферы хімічных даследаванняў атам у пэўных адносінах захаваў той статус, што адпачаткова належаў яму ў рамках спекулятыўна-філасофскай і навуковай атамістычных традыцый. (У абсягу фізікі сітуацыя мае кардынальна іншы характар, і даследчыкі мусяць быць вельмі асцярожнымі ў гэтым плане.) Сукупнасць атамаў аднаго тыпу (які вызначаецца зарадам атамнага ядра) выступае як хімічны элемент.

Складаныя рэчывы (хімічныя злучэнні) ўтвараюцца, відавочна, з простых у выніку ўзаемадзеянняў паміж імі (істотным аспектам якіх з’яўляецца энергетычны), якія называюцца хімічнымі рэакцыямі. Згаданае ўтварэнне адбываецца праз усталяванне пэўнага тыпу хімічных сувязяў, якія не надта лёгка, хаця і магчыма, разбурыць. (Працэс іх разбурэння таксама з’яўляецца хімічнай рэакцыяй пэўнага тыпу.) Уласцівасці складаных рэчываў не зводзяцца да ўласцівасцяў іх кампанентаў, не з’яўляюцца іх механічнай сумай. У дадзенай сувязі паўстае праблема, якая мае філасофскае гучанне і абмяркоўваецца ў рамках філасофіі хіміі, – “праблема рэальнасці існавання элементаў у злучэннях, якія яны ўтвараюць” [, c. 77]. Першасная (найпрасцейшая) цэласная адзінка ўсялякага складанага рэчыва – гэта малекула. Але не кожная малекула прадстаўляе хімічнае злучэнне (не прадстаўляе ў тым выпадку, калі яна складаецца з атамаў аднаго хімічнага элемента). Хімічныя злучэнні таксама ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, спараджаючы новыя рэчывы, і адпаведныя рэакцыі таксама вывучаюцца хіміяй.

Этымалогія слова “хімія” не такая празрыстая, як у выпадку касмалогіі, фізікі ці біялогіі. Магчыма, яно мае ў канчатковым выніку (непасрэднай яго этымалагічнай крыніцай з’яўляецца хутчэй за ўсё слова “алхімія”) старажытнаегіпецкія карані і ўзыходзіць да выразу “краіна чорнай зямлі”. Пры гэтым маецца на ўвазе дэльта Ніла і прылеглы да яе рэгіён Старажытнага Егіпта, дзе квітнелі рамёствы, у прыватнасці вытворчасць металаў і шкла.