Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі 14-18 ст..doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
212.48 Кб
Скачать

Паслядоўнікі Скарыны

Першая на сучаснай тэрыторыі Беларусі друкарня дзейнічала ў 1550 – 1570 гг. у Берасці пад апекай Мікалая Радзівіла Чорнага. Гэта друкарня выпусціла больш за 40 выданняў на польскай і лацінскай мовах. Першая кніга зноў жа ў межах сучаснай Беларусі, якая была ціснёна кірылічным шрыфтам, убачыла свет у Нясвіжы. Тут у 1562 г. выдатнымі прадаўжальнікамі культурна-асветніцкіх традыцый Скарыны Сымонам Будным і Лаўрэнціем Крышкоўскім былі выдадзена працы «Катэхізіс» і “Аб апраўданні грэшнага чалавека перад богам”.

Друкарні існавалі і ў іншых гарадах і мястэчках – Заблудаве (каля Беластока), Лоску, Цяпіне, Любчы, Куцейне (пры Богаяўленскім манастыры), Буйнічах, Бялынічах, Ашмянах Мураваных.

У Заблудаве рускімі першадрукарамі Іванам Фёдаравым і Пятром Мсціслаўцам у 1569 г было выдадзена «Евангелле учительное». Пасля выхаду ў свет у Маскве першых дзвюх кніжак (1564, 1565) яны былі вымушаны з-за праследаванняў духавенствам пакінуць рускую дзяржаву і пераехаць у Вялікае княства Літоўскае. Тут іх узяў пад сваю апеку вядомы мецэнат Рыгор Хадкевіч.

У маёнтку Цяпіна, што на Полаччыне, як ужо адзначалася, займаўся выдавецкай дзейнасцю Васіль Амельяновіч (Цяпінскі). У прадмове да выдадзенага ім каля 1570 г на старабеларускай мове “Евангелля” ён адзначаў, што “зацный, славный, острий, довстипный” народ беларускі мае даўнія і багатыя гістарычныя і культурныя традыцыі.

Ужо згаданыя намі брацкія друкарні ажыццяўлялі выпуск літаратуры, неабходнай для навучання. У 1619 г. у Еўі ўпершыню была выдадзена граматыка Мялеція Сматрыцкага На працягу двух стагоддзяў яна служыла падручнікам па царкоўнаславянскай мове ўсяму ўсходнеславянскаму свету. Менавіта па ёй спасцігаў грамату вялікі рускі вучоны Міхаіл Васільевіч Ламаносаў.

У 1631 г. у Куцеінскай друкарні каля Оршы вядомы беларускі асветнік Спірыдон Собаль надрукаваў «Буквар», перавыдадзены ў 1636 г. Магілёўскай друкарні.

У сярэдзіне 1570-х гадоў Пётр Мсціславец заснаваў у Вільні на сродкі беларускіх друкароў і грамадскіх дзеячаў братоў Кузьмы і Лукаша Мамонічаў знакамітую тыпаграфію. Віленская друкарня Мамонічаў працавала да 1623 г. Яна адыгрывала важную ролю ў культурным і грамадскім жыцці Беларусі. Тут быў выдадзены Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г. (на старабеларускай мове, а ў 1614 г. – і на польскай), друкаваліся пастановы соймаў і іншыя заканадаўчыя акты.

Свабода творчасці нараджала унікальныя тварэнні чалавечага розуму і таленту. Яскравы прыклад – католік Францыск Скарына выдаў Біблію для людзей у большасці праваслаўнай веры.

Беларусь гэтага часу стала сумежжам культур – славянскай і лацінаеўрапейскай. На еўрапейскай мове навукі, свецкай літаратуры і дыпламатыі – лаціне – піша сваю славутую паэму «Песня пра зубра» выдатны паэт, сучаснік Скарыны Мікола Гусоўскі (1470?—каля 1533). Яна была выдадзена ў 1523 г. у кракаўскай друкарні дзякуючы мецэнацкай дапамозе маці Жыгімонта ІІ Аўгуста Боны Сфорца (тыражом 100 экз). На старонках свайго твора Гусоўскі апявае хараство роднай прыроды, веліч свайго народа, знаёміць з ліцвінскай гісторыяй і традыцыямі. Разам з тым асуджае войны і ўсобіцы, заклікае да ўзмацнення дзяржавы. Дзякуючы «Песні пра зубра» для еўрапейскага адукаванага грамадства быў адкрыты далёкі славянскі куток Еўропы з яго насельнікамі – ліцвінамі-беларусамі.

Прыкладна ў гэты ж час яшчэ адзін паэт-лацініст Ян Вісліцкі (каля 1485/90 – 1520) стварае гістарычнае палатно – паэму «Пруская вайна» (1516г.) У цэнтры твора – бітва пад Грунвальдам 1410 г.

«Так, у панцырах, шлемах фанабэрлівыя тэўтоны

Падалі, стрэламі бітыя з тугіх калчанаў татарскіх.

Далей, нібы волаты, крочылі ў бой беларусы,

3 імі – літоўцы з коп’ямі, настойлівыя і без страху.»

Гераічнасць, эпічнасць – галоўная рыса літаратуры XVI ст. З’яўляецца новы жанр літаратуры – панегірыка (твор, у якім услаўлялася знатная асоба або знатны род). Вядомасць займелі ў тагачаснай Еўропе творы беларуска-літоўскіх паэтаў: «Дэкатэрас» Андрэя Рымшы – заснавальніка жанра панегірыка , «Радзівіліяда» Яна Радвана, «Пасольства да вялікага князя Маскоўскага» Гальяша Пельгрымоўскага. Падзеям Лівонскай вайны прысвечана паэма Андрэя Рымшы «Дзесяцігадовая аповесць вайсковых спраў Крыштафа Радзівіла» (друкарня ў Вільні, 1585 г.). Знамянальна, што ў Беларусі, упершыню ва Усходняй Еўропе, былі надрукаваны пераклады заходнееўрапейскіх твораў з асуджэннем рэлігійных і палітычных ганенняў, у тым ліку кніга Б. Хотмана пра Варфаламееўскую ноч у Парыжы (Лоск, 1576г.). Наваградскі шляхціц Цыпрыян Камуняка ў "Лісце да Абуховіча" ў сатырычнай форме паказвае амаральнасць і прадажнасць службовай шляхты, выступае супраць засілля "пальшчызны" на беларускіх землях.

Адметнай рысай культурнага жыцця стала распаўсюджанасць грамадска-палітычнай, ці, як яе называюць, публіцыстычнай (ад лацінскага publicus— грамадскай літаратуры. Яна з’яўлялася ў выглядзе прадмоў, пасляслоўяў, трактатаў. Сярод выдатных тагачасных публіцыстаў Францыск Скарына, Сымон Будны, Васіль Цяпінскі, Андрэй Валан, Леў Сапега, Мялецій Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, Іпаці Пацей. Амаль усе публіцыстычныя творы пісаліся на старабеларускай, польскай, лацінскай мовах. Шырокую папулярнасць у тагачасным грамадстве мелі таксама перакладныя творы. Беларускія кніжнікі зрабілі даступнымі для насельнікаў Вялікага княства вядомыя ў свеце «Аповесць пра Трышчана», «Александрыю», «Аповесць пра Трою» і іншыя.

У перыяд контррэфармацыі асаблівага росквіту дасягнула царкоўна-палемічная публіцыстыка. У 1577 г. у Віленскай друкарні Мікалая Крыштафа Радзівіла, апекуна езуітаў, выйшла ў свет кніга вядомага царкоўнага дзеяча, заснавальніка полацкага езуіцкага калегіума Пятра Скаргі "Аб адзінстве царквы боскай пад адзіным пастырам", у якой аўтар дае ідэалагічнае абгрунтаванне царкоўнай уніі.

У канцы 80-х гг. палемічную антыкаталіцкую публіцыстыку ўзначалілі палемісты астрожскай школы Герасім Сматрыцкі і Васіль Суражскі. Яны абвяргалі тэндэнцыйныя сцвярджэнні П.Скаргі аб нізкім інтэлектуальным узроўні праваслаўнага насельніцтва, аб непрыгоднасці яго пісьмовай мовы для ўжывання ў розных сферах духоўнага жыцця. У канцы XVI ст. уплывовы палітычны дзеяч Вялікага Княства Канстацін Астрожскі ў сваёй рэзідэнцыі адкрыў першую грэка-славянскую праваслаўную школу і арганізаваў пры ёй друкарню. 3 дзейнасцю астрожскай школы звязаны першы этап развіцця палемічнай публіцыстыкі. Яркія замалёўкі непрымірымьгх сацыяльных канфліктаў дадзены ў кнізе В.Суражскага "О единой истинной православной вере и о святой соборной апостольской церкви" (1588).

Выдатным творам антыўніяцкай публіцыстыкі быў "Апокрысіс" (Вільня, 1597) Х.Філалета, у якім аўтар ярка і вобразна сцвярджае, што царкоўны саюз уніяцкіх епіскапаў з папай рымскім быў абумоўлены імкненнем епіскапаў да матэрыяльных выгод і высокіх дзяржаўных пасад.

Значны след у развіцці палемічнай публіцыстыкі пакінуў архімандрыт віленскага Святадухаўскага манастыра, рэктар брацкай школы Лявонцій Карповіч (1580 — 1620). Яго "казанні" змяшчаюць глыбокія разважанні пра сэнс жыцця і маральную чысціню чалавека, вылучаюцца ўзвышаным барочным стылем.

Адно з вядучых месцаў у літаратурным працэсе Беларусі канца XVI – першай паловы XVII ст. займае творчасць Мялеція Сматрыцкага (1577 – 1633). У 1610 г. пад псеўданімам Тэафіла Арталога на польскай мове выдаў свой найбольш значны твор "Фрынас"або «Трэнас», напісаны ў форме плачу і з’явіўся водгукам на пагром праваслаўных цэркваў і манастыроў у Вільні, учынены ў 1609 г. уніяцкім мітрапалітам Іпаціем Пацеем, у якім ад імя маці-царквы, якая з'яўлялася сімвалам прыгнечнай радзімы, заклікаў народы Беларусі і Украіны да аб'яднання супраць каталіцызму. Непадалёку ад Вільні ў мястэчку Еўе М.Сматрыцкі займаўся педагагічнай дзейнасцю, выкладаў "свабодныя" навукі. У 1619 г. тут выйшла яго "Граматыка славенска", якая стала шырокавядомай не толькі ў славянскіх краінах, але і ў Заходняй Еўропе. М.Сматрыцкі ў значнай ступені абапіраўся на "Граматыку славенску" (1596) Л.Зізанія. Упершыню ў гісторыі славянскага мовазнаўства ён склаў поўны курс граматыкі – арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс і прасодыю. Гэта навуковая праца абяссмерціла яго імя ў вяках.

Прадстаўніком дэмакратычнага напрамку ў царкоўна-палемічнай публіцыстыцы быў Афанасій Філіповіч (1597 – 1648). У шматлікіх публіцыстычных артыкулах, аб'яднаных у звод пад назвай "Дыярыуш" (1646), ён змагаўся з палітычнай несправядлівасцю Рэчы Паспалітай, пагражаў свецкім феадалам "страшным божым судом", заклікаў да барацьбы супраць каталіцкай экспансіі.

Працягвалася летапісанне. Найбольш вядомыя творы гэтага жанру «Баркулабаўскі летапіс”(ХVІІ) і “Магілёўская хронікі», «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», «Хроніка Быхаўца» і іншыя. У другой палове XVI ст. ствараюць свае творы па беларускай гісторыі Мацей Стрыйкоўскі (“Хроніка польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі”, 1582г. у Кёнігсбергу) і Аляксандр Гваніні (“Хроніка Еўрапейскай Сарматыі”). У гэты час пакідаюць расказы аб сваім жыцці (мемуары) беларускія шляхціцы Фёдар Еўлашоўскі і Ян Цадроўскі.

Узгадаем тут яшчэ раз Статуты, якія сталі вянцом прававой еўрапейскай думкі. Былі яны і творам літаратурным, помнікам старабеларускай мовы. Зусім нездарма ў 1621 г. прагучалі словы беларускага паэта Яна Казіміра Пашкевіча ( на старонцы рукапіснага Статута 1529 г):

Польска квітнет лацінаю,

Літва квітнет русчызнаю;

Без той в Польше не прабудзеш,

Без сей в Літве блазном будзешь

Новыя духоўныя каштоўнасці запатрабавалі звароту да антычнай і раннехрысціянскай філасофска-літаратурнай спадчыны. Так, напрыклад, у каментарыях да берасцейскіх выданняў апісваліся антычныя філасофскія школы стоікаў, перыпатэтыкаў, эпікурыян, асаблівая ўвага надавалася творам Платона, Цыцэрона, Арыстоцеля, Сакрата. У Берасці ў 1577 г. былі надрукаваны кнігі вядомага польскага гуманіста і правазнаўцы Андрэя Маджэўскага «Аб паправе Рэчы Паспалітай».

Архітэктура. Даўнія гістарычныя традыцыі мела ў Беларусі манументальная архітэктура. У развіцці архітэктуры на беларускіх землях спалучаліся мясцовыя нацыянальныя і заходнееўрапейскія традыцыі, якія прынеслі на Беларусь гатычны, раманскі стылі і стыль барока. Творча пераасэнсоўваючы гэту спадчыну, беларускія майстры стварылі самабытныя і арыгінальныя помнікі дойлідства.

Абарончы характар насіла архітэктура замкаў у Смалянах і Койданаве. У пачатку XVI ст. магнацкім родам Ільінічаў была пабудавана жамчужына беларускага каменнага дойлідства – Мірскі замак.

Дойліды дасягнулі высокага мастацкага ўзроўню ў культавай архітэктуры, Быў створаны новы стыль беларуская готыка, узорамі якой сталі цэрквы абарончага характару ў Сынкавічах, Мала-Мажэйкаве (Мураванцы), Супраслі і Заслаўі. У другой палове XVI ст. на Беларусі пачалі з'яўляцца культавыя пабудовы ў стылі рэнесансу (пратэстанцкі сабор у Смаргоні і каталіцкі касцёл у Нясвіжы). 3 канца XVI ст. узводзяцца барочныя помнікі. Першым з іх быў езуіцкі касцёл у Нясвіжы, які быў пабудаваны архітэктарам-італьянцам Дж.М.Бернардоні. Барочнай архітэктуры ўласціва прасторавая разгорнутасць, ансамблевасць і дынамічнасць кампазіцыі.

У выяўленчым мастацтве Беларусі пашыраюцца іканапіс, фрзскі, дэкаратыўная скульптура палацаў і культавых пабудоў. Найбольшую цікавасць сярод твораў жывапісу таго часу выклікаюць абразы "Адзігітрыі Іерусалімскай" з пінскай Варварынскай царквы, "Замілаванне" з Маларыты. У другой палове XVI ст. у іканапісе адчуваюцца рысы Адраджэння, кампазіцыі вызначаюцца прасторавасцю пабудовы, з'яўляюцца элементы бытавога характару (абраз "Нараджэнне Маці Боскай" Пятра Яўсеевіча з Галынца, 1649). Фоны абразоў часта ўпрыгожваліся разьбяным залачоным арнаментам, які надаваў твору дэкаратыўнасць.

У выяўленчым мастацтве працягвалі адыгрываць важную ролю іканапіс, драўляная скульптура. Але сваё важкае месца ўжо пачыналі займаць кніжная мініяцюра, гравюра. Усё больш распаўсюджваўся партрэтны жывапіс. Магнацкія палацы пачалі ўпрыгожваць выявы знакамітых прадстаўнікоў сваіх родаў.Тады ж з’явіліся першыя свецкія хоры, капэлы, першыя друкаваныя зборнікі песень. Утварыліся пры школах тэатры.

Усплеск культурнага жыцця быў бы немагчымы ў неадукаваным грамадстве. Менавіта ў гэты час на тэрыторыі Беларусі ўсталёўваецца пэўная сістэма школьнай адукацыі. Яна была даволі складанай і абапіралася на царкоўныя ўстановы. Як ужо адзначалася, пачатковыя школы дзейнічалі пры праваслаўных брацтвах. Адкрываліся падобныя ўстановы пры пратэстанцкіх зборах. Але найбольшую актыўнасць у асветніцкай дзейнасці 3 другой паловы XVI ст. праяўлялі ў Беларусі езуіты. У хуткім часе ў Беларусі была створана цэлая сетка езуіцкіх школ – Полацк, Нясвіж, Орша, Бабруйск, Берасце, Менск, Пінск, Гародня, Слонім, Наваградак, Магілёў, Жодзішкі, Клімавічы, Барысаў, Мсціслаў, Чачэрск і іншыя гарады і мястэчкі. Пазней езуіцкія школы ў буйных цэнтрах, такіх, як Полацк, Гародня, Менск, перараслі ў калегіумы. Апошнія давалі адукацыю амаль на ўзроўні універсітэцкім. Выкладчыкамі ў калегіумах былі людзі вядомыя. Дастаткова адзначыць, што ў Полацку выкладаў паэтыку і рыторыку знакаміты паэт і педагог Мацей Казімір Сарбеўскі. У Гародзенскім езуіцкім калегіуме сярод 41 педагога сем мелі званне прафесара. У 1579 г. у Вільні пачала дзейнічаць езуіцкая акадэмія – першая ў беларуска-літоўскай дзяржаве вышэйшая навучальная ўстанова, дзе выкладалі знакамітыя вучоныя мужы з усёй Еўропы. (3 1779 г. універсітэт меў назву Акадэмія, з 1781 г. – Галоўная школа ВКЛ, з 1796г. – Галоўная Віленская школа.) Спачатку тут працавалі тэалагічны і філасофскі факультэты, пазней – яшчэ медыцынскі і прававы. Колькасць студэнтаў ужо ў самым хуткім часе перавысіла больш за тысячу чалавек. Сярод першых выкладчыкаў універсітэта былі шырока вядомы заснавальнік эканамічнай тэорыі, прадстаўнік фармальна-рэлігійнай логікіМарцін Сміглецкі (яго «Логіка» тройчы перавыдавалася ў Англіі для студэнтаў Оксфардскага універсітэта), прафесар О. Крыгер (адзін з першых стаў знаёміць студэнтаў з геліяцэнтрычнай сістэмай Каперніка).

3 аднаго боку, мэтай адукацыйнай палітыкі езуітаў было далучэнне беларускай моладзі да каталіцкай царквы. Дарэчы, у гэтым яны займелі значны поспех і садзейнічалі апалячванню беларусаў. Але, з другога боку, дбаннем езуітаў на Беларусі пашыралася асвета. У некаторых езуіцкіх навучальных установах выкладалася да пяці моў, не гаворачы аб гуманітарных дысцыплінах і асновах некаторых прыродазнаўчых навук.

У другой палове XVI – пачатку XVII ст. у Беларусі існавалі арыянскія школы (Іўе, Наваградак, Нясвіж, Клецк, Лоск і інш.). Сярод настаўнікаў арыянскіх школ было шырока вядома імя рэктара школы ў Іўі Яна Ліцынія Намыслоўскага (памёр у 1630-х гг.), які распрацаваў новую праграму для сваёй школы, напісаў некалькі падручнікаў. У 1617 г. у Слуцку на сродкі Януша Радзівіла была заснавана кальвінісцкая гімназія, якая праіснавала да 1918г.

Утварэнне Рэчы Паспалітай, спад рэфармацыйных рухаў і ўмацаванне пазіцый каталіцызму значна ўскладнілі развіццё культурна-гістарычнага працэсу ў Беларусі. Пад уздзеяннем новых палітычных і сацыяльных умоў узмацнілася паланізацыя шляхты, мяшчанства. У канцы XVI ст. Люблінская унія 1569 г. дапоўнілася Берасцейскай царкоўнай уніяй 1596 г., якая выклікала супрацьдзеянне значнай часткі праваслаўнага насельніцтва Беларусі,

Пасля спынення афіцыйнай дзейнасці праваслаўнай царквы ў ВКЛ у 1596 г., амаль ці не адзінымі легальнымі асяродкамі праваслаўя ў Беларусі заставаліся праваслаўныя брацтвы Брацтвамі называліся нацыянальна-рэлігійныя арганізацыі праваслаўнага насельніцтва, што ўзніклі ў адказ на прапольска-каталіцкую палітыку кіруючых колаў Рэчы Паспалітай. Буйныя беларускія брацтвы былі у Вільні, Магілёве, Берасці, Слуцку, Менску, Пінску, Барысаве, Оршы, Полацку, Мсціславе і іншых гарадах. Яны аб’ядноўвалі прадстаўнікоў розных колаў грамадства. Так, у віленскім брацтве, што дзейнічала з 1592 г. пры віленскім манастыры, дакументы адзначаюць 370 членаў, сярод якіх былі «іх міласці княжата, панята, рыцарства, шляхта, мяшчане».

Вялікую ролю адыгрывалі брацтвы ў пашырэнні асветы, кнігадрукавання, у прапагандзе беларускай мовы. Пачатковыя і сярэднія брацкія школы былі заснаваны пры брацтвах у Вільні (каля 1584 г.), Берасці (1591 г.), Пінску, Менску, Слуцку, Магілёве (1590г.) і шматлікіх іншых гарадах і мястэчках. Пасля пачатковай адукацыі ў іх вывучалі скарочаныя цыклы “трывіума” (граматыка, рыторыка, дыялектыка), і “квадрыума” (арыфметыка, геаметрыя, астраномія, музыка) Асаблівая ўвага надавалася вывучэнню царкоўнаславянскай мовы, у якой бачылі сродак процістаяння каталіцызму. У дзейнасці уніяцкіх устаноў выразна праглядалася тэндэнцыя да сінтэзу духоўных уплываў праваслаўнай і каталіцкай цэркваў. Ва ўсе вышэйназваныя, як і ў астатнія навучальныя ўстановы ВКЛ, вучні прымаліся незалежна ад іх паходжання, рэлігійнай ці саслоўнай прыналежнасці. Брацкія друкарні дзейнічалі зноў жа ў Вільні, у Еўі (цяпер Вэвіс Літоўскай рэспублікі), Магілёве. 3 1595 г. па 1654 г. з дапамогай брацтваў у Вільні, Еўі і Куцейна (пад Оршай) былі надрукаваны 87 кірылічных выданняў, больш за трэць якіх былі на беларускай мове ці з дадатковымі беларускімі тэкстамі. Сярод гэтых кніг пераважалі царкоўнаслужбовыя, багаслоўскія выданні, 26 назваў склалі выданні Свяшчэннага Пісання, творы айцоў царквы, чэцця-кніга, палеміка, панегірыкі, 12 – школьныя падручнікі (граматыкі, буквары і інш.).

Такім чынам, у Беларусі моладзь мела мажлівасць атрымаць грунтоўную пачатковую адукацыю з тым, каб пры неабходнасці і хаценні яе пашыраць. Выхадцы з Беларусі займаліся ва універсітэтах Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Нідэрландаў, Францыі, Італіі. Сярод студэнтаў еўрапейскіх універсітэтаў сустракаліся не толькі нашчадкі заможных магнацкіх родаў, але і прадстаўнікі мяшчанскага саслоўя і дробнай шляхты.

Такім чынам, менавіта XVI – пачатак XVII ст. стаў тым часам, калі шэдэўры не толькі мастацкія, але сацыяльнай і філасофскай думкі, створаныя нашымі землякамі, папаўнялі залаты фонд здабыткаў сусветнай культуры, закладвалі асновы будучага адзінства заходне- і ўсходнееўрапейскай культур.