Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Культура Беларусі 14-18 ст..doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
20.09.2019
Размер:
212.48 Кб
Скачать

10

Культура Беларусі XIV – XV стст.

Станаўленне беларускай культуры адбывалася на аснове багатай спадчыны мінулага. Яна развівалася ў цесным узаемадзеянні з літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншымі культурамі суседніх народаў. У Беларусі сталі зараджацца перадумовы для перамены поглядаў людзей на навакольнае асяроддзе. Гэта было выклікана ростам гарадоў, узмацненнем цэнтральнай улады, фарміраваннем беларускай народнасці, пашырэннем сувязей з еўрапейскімі краінамі.

Беларуская культура ўсё больш набывала непаўторныя і адметныя рысы. Яе своеасаблівасць праяўлялася ва ўсім – народнай творчасці, літаратуры, драўляным і мураваным дойлідстве, выяўленчым мастацтве. Да таго ж старабеларуская мова выконвала ў княстве Літоўскім ролю агульнадзяржаўнай. Ёю шырока карысталіся ў школах, летапісцы, сяляне, мяшчане і шляхта, прадстаўнікі органаў дзяржаўнай улады. Першымі помнікамі беларускай пісьменнасці былі граматы, дагаворы, акты, вопісы маёмасці і іншыя дакументы службовага прызначэння.

Рукапісная кніга. Віднае месца ў гэты час на Беларусі займала кніжная справа. Бібліятэкі і цэнтры рукапіснага мастацтва існавалі ў Полацку, Віцебску, Оршы, Друцку, Тураве. Значным цэнтрам перапіскі кнігі і бібліятэчнай справы быў Наваградак, а таксама Лаўрышаўскі манастыр, які знаходзіўся недалёка ад яго. Выдатнымі помнікамі беларускай кніжнай культуры XIV ст. з’яўляюцца Друцкае, Мсціжскае і Лаўрышаўскае евангеллі, а XV ст. Жыровіцкае евангелле. Назва апошняга помніка пісьменнасці паходзіць ад в. Жыровічы Слонімскага раёна. Усе богаслужэбныя кнігі напісаны на царкоўнаславянскай мове. У XV ст. на старабеларускую мову былі перакладзены і перапісаны некаторыя помнікі сусветнай літаратуры. Сярод іх аповесці «Троя», «Александрыя», «Страсці Хрыстовы» і інш. Як і раней, у гэты час спачатку пераважаў старажытны від пісьма. Ён вызначаўся стройным і выразным абрысам літар. Кожную літару выводзілі асобна. Аднак паступова ўсё часцей сталі ўжывацца новыя віды пісьма. Адзін з іх адрозніваўся меншай фігурнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і большай колькасцю скарачэнняў. Пачаў выкарыстоўвацца і скорапіс, які характарызаваўся звязным напісаннем літар у слове. Вельмі раскошна ўпрыгожваліся ў гэты час рукапісныя кнігі. Іх мастацкая аздоба залежала ў многім ад прызначэння. Яны размалёўваліся, як і ў папярэднія вякі, яркімі фарбамі, малюнкамі людзей, звяроў і птушак, кветак і дрэў, розных казачных істот. Прычым менавіта ў гэты час для ўзораў былі найболып характэрнымі фантастычныя выявы, дзівосна пераплеценыя разнастайнымі раслінамі. Асабліва вялікая ўвага прыдавалася ўпрыгожванню загалоўнай або першай літары слова, з якога пачыналнсм кніга, раздзел, самастойная частка тэксту. Вельмі старанна аздаблялася і заключная чі стка кнігі ці яе раздзела. Вокладкі рукапісных кніг рабілі, як правіла, з дзвюх дубовых дошчачак, абцягнутых скурай і ўпрыгожаных каштоўнымі пласцінкамі і каменнямі. Да вокладкі звычайна прымацоўвалі металічныя засцежкі, каб кнігу можна было зашпільваць.

Значную цікавасць выклікае мастацкае афармленне Лаўрышаўскага евангелля. Яно змяшчае вялікую колькасць па-мастацку вырабленых загалоўных літар і 19 малюнкаў невялікіх памераў (мініяцюр). У цэнтры пераплёту на срэбранай пласціне знаходзіццн выява святога з дзідаю і шчытом. Некаторыя даследчыкі лічаць, што ў святым увасоблены заснавальнік Лаўрышаўскага манастыра Наваградскі князь Войшалк.

Беларуска-літоўскія летапісы. Да XV ст. на Беларусі вяліся пагадовыя запісы важнейшых гістарычных падзей. Яны давалі звесткі галоўным чынам аб сваіх землях. Затым мясцовыя летапісы ўступілі месца агульнадзяржаўным, якія складаліся на старабеларускай мове. 3 такіх пазіцый напісаны невядомым аўтарам у Смаленску гісторыка-літаратурны твор «Летапісец вялікіх князёу літоўскіх» (20-я гг. XV ст.). Асноўны яго змест абгрунтаванне неабходнасці аб’яднання беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх зямель у адной дзяржаве. Першая частка твора – аповесць пра гібель князя Кейстута ў барацьбе з Ягайлам. Другая частка «Летапісца...» складаецца з кароткіх апавяданняў пра дзейнасць Вітаўта. Твор напісаны як першы вопыт кароткай гісторыі Вялікага княства Літоўскага. У ім упершыню праведзены пагадовы запіс гістарычных падзей.

Беларуска-літоўскі летапіс 1446 г. прысвечаны гісторыі ўсходніх славян і Літвы. Ён ахоплівае падзеі з сярэдзіны IX ст. Звесткі па гісторыі Русі запазычаны з рускіх летапісаў. 3 мясцовых твораў увайшлі смаленскія пагадовыя запісы апошніх дзесяцігоддзяў, «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх» і «Пахвала Вітаўту». Шмат увагі ўдзяліў аўтар гістарычнай ролі беларуска-літоўскай дзяржавы ва Усходняй Еўропе. Цэнтральнай фігурай летапісу стаў Вітаўт. Адначасова ў творы сцвярджаецца магутнасць і міжнародны аўтарытэт гэтага князя. Аўтару ўдалося таксама значна змяніць характар летапісу. Ім выпрацаваны лаканічны і выразны спосаб выкладання гістарычнага матэрыялу. Прычым адметнай рысай твора з’яўляюцца спалучэнні пагадовага запісу тагачасных падзей са звязным апавяданнем пра мінулае і кароткімі дзелавымі запісамі.

Мураванае дойлідства. Значны ўплыў на яго развіццё ў той час аказвала ўнутранае і знешняе становішча Вялікага княства Літоўскага. Для мураванага дойлідства Беларусі ў XIVXV стст. былі характэрны абарончыя збудаванні. Паўсюдна ўдасканальваліся ўмацаванні гарадоў, крэпасцей і замкаў. Нетрывалыя драўляныя сцены і вежы замяняліся мураванымі. Пры будаўніцтве ўжывалі трохслаёвую муроўку. Спачатку з цэглы ці спецыяльна падабраных камянёў выкладвалі вонкавыя паверхні сцен. Затым прамежкі паміж імі запаўнялі кавалкамі цэглы і дробным каменнем і залівалі вапнавым растворам.

Да сягонняшняга дня хвалююць людзей рамантычныя руіны тагачасных замкаў. Найбольш магутныя абарончыя збудаванні былі ўзведзены ў XIV ст. у Наваградку, Лідзе, Крэве (сучасны Смаргонскі раён) і Віцебску. У пачатку XV стагоддзя створаны не менш умацаваны замак у Гародні, а ў канцы XV ст. Геранёнскі замак (цяперашні Іўеўскі раён). Абарону Наваградскага замка ўзмацнялі 7 вежаў, Гародненскага – 5, Лідскага і Крэўскага – 2. Таўшчыня ж мураваных сцен дасягала некалькі метраў. Так, сцены Крэўскага замка мелі таўшчыню 2,5 – 2,75 м, а вышыню – 12 – 13 м. У асобных жа абарончых збудаваннях сустракаюцца рысы раманскай архітэктуры і готыкі. Часам яны аздабляліся адпаведнымі ўзорамі і скульптурамі. Але замкі не страцілі сваёй масіўнасці і суровасці.

У гэты ж час узніклі некаторыя асаблівасці царкоўных збудаванняў. Пачала складвацца, напрыклад, беларуская готыка. Асноўнай прыкметай готыкі з’яўлясцца адмысловы тып скляпення – крыжовы. Ён дазволіў узводзіць больш высокія будынкі з менш тоўстымі сценамі. Першым гатычным мураваным храмам на тэрыторыі сучаснай Беларусі стаў Троіцкі касцёл, які пабудаваны ў в. Ішкалдзь Баранавіцкага раёна ў XV ст. Яго будынак прамавугольнай формы пакрыты высокім двухсхільным дахам. Сцены храма ў ніжняй частцы ўпрыгожаны ўзорамі, якія выкладзены з дапамогай перапаленай цэглы амаль чорнага колеру. Звонку касцёл умацаваны папярочнымі выступамі, што зменшыла нагрузку з унутраных калон апорных частак сцен. Гэта давала магчымасць патончваць ненагружаныя часткі сцен, павялічыць прастору памяшкання. Заходні шчыт храма аздоблены плоскімі нішамі – паглыбленнямі ў сцяне будынка, якія абагачаюць яго вонкавы від. Памяшканне ўнутры храма падзелена 4 слупамі на 3 часткі. Уверсе слупы пераходзяць у паўкруглае перакрыццё.

Для тагачаснага беларускага мураванага дойлідства ўласціва спалучэнне рыс раманскіх збудаванняў, готыкі і айчыннага будаўніцтва. Гэта сведчыць аб цесных яго сувязях з усходнеславянскай і заходнееўрапейскай архітэктурай, што надало яму непаўторную мастацкую каштоўнасць.

Выяўленчае мастацтва. Найбольш пашыраным у XIV – XV стст. было пісанне ікон (абразоў)1. Яны выконваліся на дошках, пакрытых тоўстым мелавым слоем. Звычайна выявы на іх змяшчаліся на паглыбленнях або на так званых каўчэгах. Як правіла, паглыбленні знаходзіліся ад краю дошкі за 2 – 7 см і мелі глыбіню 2 – 3 мм. Вобраз маці Іісуса Хрыста стаў тады галоўным у іканапісе Беларусі. 3 тых даўніх часоў дайшлі да нас іконы: «Маці боская Замілаванне» з Маларыты, «Маці боская Адзігітрыя Смаленская» з Столінскага раёна, «Маці боская Адзігітрыя» з Дзісны і інш.

3 пісьмовых крыніц вядома, што ў XIV ст. беларускія майстры размалёўвалі храмы і замкі на ўсёй тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. Ёсць таксама звесткі пра партрэты, напісаныя жывапісцамі Беларусі таго часу. Пераважна гэта былі творы аб канкрэтных гістарычных асобах. У іх ліку – партрэт Ягайлы работы Якуба Венжыка, віцебскай княжны Пракседы (XIV ст.), вялікага князя Аляксандра (XV ст.) і інш. У той час развівалася і скульптура. Яе творамі ўпрыгожваліся палацы і замкі феадалаў, цэрквы і касцёлы. Яны былі, відаць, пераважна драўлянымі. Вельмі ж цікавай скульптурай з каменя з’яўляецца «Маці боская Жыровіцкая» (XV ст.). Суровыя раманскія рысы бачны ў драўлянай выяве «Распяцце» (XIV ст.) з Глыбоцкага раёна, а прыметы готыкіу скульптуры Святога Гжэгажа з Полацка.

Тагачасная культура Беларусі была цесна звязана з украінскім, літоўскім і польскім мастацтвам. У беларускай скульптуры ўзмацняўся ўплыў заходнееўрапейскага мастацтва. Гэта тлумачыцца пранікненнем каталіцызму, якое стала асабліва адчувацца пасля заключэння Крэўскай уніі. У касцёлах з’яўляецца рознакаляровая драўляная і каменная скульптура.

Шырока распаўсюджваўся ў гэты час беларускі арнамент пры афармленні рукапісных кніг. Характэрнай яго асаблівасцю стала спалучэнне фігурнага, расліннага і жывёльнага ўзораў. Прычым з фігурных узораў пераважалі варыянты ромба, квадрата і крыжа, а з раслінных – елачкі, кляновыя лісты, валошкі, лён, жалуды і сланечнік. Сярод жывёльных выяў дамінавалі пчолы, гусі, валовыя вочы і інш. Адметнасць беларускіх узораў выяўлялася ў іх мяккіх лініях і разрэджанасці.

Культура эпохі Адраджэння

Эпоха Адраджэння, якая закранула большасць еўрапейскіх краін, мела ў розных рэгіёнах Еўропы і ў асобных краінах свае асаблівасці, у тым ліку і ў Вялікім княстве Літоўскім. Рэнесансавая культура ВКЛ па асноўных прыкметах была блізкай да Паўночнага Рэнесансу (да культуры краін на поўнач ад Італіі, Альпаў). Адраджэнне ў гэтых краінах пачалося амаль на 100 гадоў пазней, чым у Італіі, і вызначалася такімі асаблівасцямі, як залежнасць ад сярэдневяковых і рэлігійных традыцый, пэўная сувязь з Рэфармацыяй і нацыянальным Адраджэннем.

У Беларусі адметнымі рысамі Адраджэння было яшчэ і тое, што тут развіццё культуры адбывалася ва ўмовах рэлігійнай талерантнасці і апоры праваслаўнага насельніцтва на грэка-візантыйскую,старажытнарускую культуру. Гэта некалькі аддаляла яго найперш ад каталіцкага насельніцтва Літвы, Польшчы і асабліва ад краін Заходняй Еўропы. Сацыяльнай аснавай рэнесансавай культуры ў ВКЛ былі пераважна прадстаўнікі шляхецкага саслоўя, а таксама частка мяшчанства і разнастайная па сацыяльнаму статусу і паходжанню тагачасная «інтэлігенцыя. У развіцці рэнесансавай культуры ў Беларусі і ва ўсім Княстве можна вызначыць два этапы. Першы этап прыпадае на канец XV – першую палову XVI ст. У гэты перыяд выявіліся такія рэнесансавыя рысы культуры, як узнікненне беларускага кнігадрукавання, пачатак станаўлення агульнадзяржаўнага заканадаўства (Статут 1529 г.), зараджэнне новалацінскай паэзіі, пранікненне рэнесансавых матываў у палацава-замкавае дойлідства, мастацтва, інструментальную музыку. Важную ролю ў распаўсюджанні рэнесансавай культуры адыгрывалі знешні гандаль, вучоба выхадцаў з Беларусі ў еўрапейскіх універсітэтах, дыпламатычная і іншая дзейнасць службовых асоб за мяжой, іх кантакты з дзеячамі культуры ў краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы і ў Беларусі.

Другі этап рэнесансавай культуры ў ВКЛ уключае ў сябе па часе другую палову XVI ст., а па зместу ў параўнанні з Заходняй Еўропай – Высокае і Позняе Адраджэнне. У гэты час рэнесансавая культура ў ВКЛ знайшла ўвасабленне ва ўзнікненні новага творчага асяроддзя, якое ахоплівала ў першую чаргу навуковыя і пісьменніцкія колы грамадства, паскарэнні духоўнай эмансіпацыі (культурнага і палітычнага развіцця) шляхты і часткова мяшчанства, агульным пашырэнні свецкай культуры, рэнесансавых форм жыцця і побыту сярод заможных пластоў насельніцтва, фарміраванні новых палітычных, этычных і эстэтычных ідэалаў, адмаўленні хрысціянскіх традыцый, пранікненні рэнесансавай педагогікі ў школьную справу. Пад уплывам новых павеваў, узмацнення рэфармацыйных рухаў значна пашырыліся культурныя сувязі насельніцтва ВКЛ з замежжам.

Каля 1490 г. у горадзе на Дзвіне стала яшчэ на аднаго жыхара больш – будучага волата беларускага Адраджэння. У сям’і купца Лукі Скарыны нарадзіўся сын у той час, калі да Полацка данесла свае павевы эпоха Адраджэння, эпоха гуманізму.

Менавіта ў гэты час у Еўропе адбываўся адрыў ад сярэдневякоўя ў сферах чалавечага жыцця – вытворчай, сацыяльнай, духоўнай ішла пераацэнка каштоўнасцей, вяртанне да здабыткаў антычнай культуры. Той культуры, якая ў цэнтр увагі ставіла чалавека зямнога і служыла яму. Гуманісты (ад лацінскага слова humanus—чалавечны) новай хвалі ў цэнтр светабудовы ставілі чалавека, які не з’яўляецца «рабом божым», што ўсё жыццё пакорліва чакае вечнага блажэнства на небе пасля смерці. Іх ідэал – чалавек-творца, які валодае ўсебаковымі ведамі ў розных галінах навукі і мастацтва, чалавек, прыгожы маральна і фізічна. Увасабленне гэтага ідэалу адбылося ў дзейнасці слаўных прадстаўнікоў еўрапейскага Адраджэння Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла, Томаса Мора, Эразма Ратэрдамскага, Франсуа Рабле, Мікалая Каперніка. У гэтым радзе стаяў і Францыск Скарына.

Скарына для беларускай і ўсходнеславянскай гісторыі сапраўды велічная асоба – першадрукар, асветнік, вучоны, паэт, філосаф. Менавіта ў Полацку, асвечаным кніжнай мудрасцю святой Ефрасінні, а пазней, мабыць, у Вільні Скарына атрымаў першапачатковую школьную адукацыю. У 1504 г. Францыск – студэнт Кракаўскага універсітэта. У 1506 г. ён заканчвае філасофскі факультэт гэтай славутай навучальнай установы са ступенню бакалаўра. Пазней атрымлівае званне доктара філасофіі. У 1512 г. Францыск Скарына ў Падуі – асноўным універсітэцкім цэнтры Венецыянскай рэспублікі – паспяхова вытрымлівае экзамен на доктара медыцыны.

Галасы мінулага. Пятага лістапада 1512 г. ў Падуі была склікана калегія слаўнейшых дактароў мастацтваў і медыцыны, на якой дэкан паведаміў: «Прыбыў нейкі вельмі вучоны малады чалавек, доктар мастацтваў, бедны, родам з надзвычай далёкіх краёў, магчыма за чатыры тысячы міляў і больш ад гэтага слаўнага горада, для таго, каб узвялічыць славу і бляск Падуі..... Атрымаў аднадушнае ўхваленне ўсіх прысутных вучоных без выключэння, і было прызнана, што ён мае дастатковыя веды ў галіне медыцыны».

Францыск Скарына сапраўды ўзвялічыў бляск Падуі. Гэта зафіксавана ў так званай «зале 40», дзе сярод 40 партрэтаў знакамітых мужоў еўрапейскай навукі, што выйшлі са сцен Падуанскага універсітэта, знаходзіцца выява нашага земляка. Пяць гадоў, што мінулі пасля Падуі, пра якія не засталося сведчанняў ні ў якіх дакументах той эпохі, былі, пэўна, гадамі тытанічнай працы Скарыны. Ён рыхтаваў да выдання кнігу – першую друкаваную кнігу ўсходніх славян.

Той кнігай была Біблія. Чаму? Ды таму, што менавіта яна ўбірала ў сябе не толькі звод хрысціянскай веры і маралі, але і канцэнтравала ўсебаковыя веды. Яна найлепш па тым часе падыходзіла для самаадукацыі і духоўнага ўзбагачэння. Менавіта апошняе для Скарыны бачылася галоўным сэнсам ягонай дзейнасці. І гэту асноўную мэту першадрукар акрэсліў на тытульным лісце да сваёй працы: «Библия руска, выложена доктором Франциском Скориною нз славного града Полоцька, богу ко чти й людем посполитым к доброму наученню».

Безумоўна, Францыск Скарына свой першадрук хацеў трымаць у руках на сваёй роднай зямлі. Але адсутнасць неабходных умоў прымусіла яго распачаць друкарскую справу ў буйным культурна-эканамічным еўрапейскім цэнтры – чэшскім горадзе Празе.Менавіта ў златай Празе пабачыла свет першая друкаваная кніга Скарыны «Біблія» - “Псалтыр” з яго прадмовай і пасляслоўем. Сталася тое 6 жніўня 1517 г. Шчасце трымаць у руках сваю кнігу Скарына меў яшчэ неаднойчы. І лёс да яго быў спагадны і не вельмі. Спагадны, бо ўсё ж наладзіў Францыск Скарына друкарню на Бацькаўшчыне – у сталіцы беларуска-літоўскай дзяржавы Вільні. Тут у 1522 і 1525 г. выйшлі два ягоныя выданні: «Малая падарожная кніжка» і «Апостал». Закончыў Францыск Скарына сваё жыццё ў Празе каля 1551 г.

Але засталіся здабытак і вопыт Скарынавыя. Вопыт прыцягнуў да кнігадрукавання мецэнатаў. Пражская друкарня Скарыны дзейнічала пры падтрымцы віленскіх і полацкіх мяшчан-купцоў Багдана Онкава, Якуба Бабіча, Юрыя Адверніка. І потым гэту святую справу ў Беларусі апекавалі прадстаўнікі вядомых магнацкіх родаў. Скарынавы здабытак налічваў 25 выданняў, на якія павінны былі трымаць раўненне яго паслядоўнікі. Скарынавыя ж прадмовы і пасляслоўі значна папоўнілі агульначалавечую скарбонку мудрасці.

3 гісторыі кнігадрукавання: каля 1445 – Германія ( Іаган Гутэнберг – вынаходства друкарскага станка) 1491 – Польшча (Кракаў); 1499 – Іспанія; 1517 – Першая друкаваная кніга Скарыны; 1522 – Вільня; 1547 – Масква; сярэдзіна XVI ст. – г. Львоў; 1574 Кёнігсберг – (першая кніга па-літоўску); 1615 – Рыга (першая царкоўная кніга на латышскай мове).

Для Беларусі Францыск Скарына шмат у чым стаў пачынальнікам. «Усялякаму чалавеку трэба чытаць, бо чытанне – люстра нашага жыцця, лекі для душы». У добрых кнігах «схавана мудрасць, бы моц у каштоўным камені, золата ў зямлі і ядро ў арэху»,— даводзіў першадрукар. «А без мудрасці і добрых звычаяў нельга пачціва жыць людзям на зямлі»,— быў упэўнены Скарына.Паўстае Скарына і як пачынальнік новай беларускай адраджэнскай паэзіі. Бо ці не як паэтычныя радкі ўспрымаюцца яго патрыятычныя словы: «Понеже от прирожения звери, ходящие в пустыни, знають ямы своя, птици, летающие по воздуху, ведаюць гнёзда своя; рыбы, плавающие по морю и в реках, чують виры своя; пчёлы и тым подобная боронять ульев своих, –тако ж и люди, и где зродилися и ускормлены суть по бозе, к тому месту великую ласку имають». У гэтай фразе Скарына і як пачынальнік новага разумення патрыятызму – агульначалавечага, у які ўплятаецца і любоў да сваёй Бацькаўшчыны, і павага да здабыткаў і мудрасці іншых народаў.

Стагоддзе XVI і пачатак XVII увайшлі ў гісторыю беларускай культуры як час яе найвялікшага ўздыму. Гэта было заканамернай з’явай. Культура Беларусі мела значныя здабыткі культурнага развіцця папярэдняй эпохі, жывілася багатай народнай творчасцю і арганічна ўспрымала адраджэнскія, гуманістычныя ўплывы з Захаду.