Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Адраджэнні

Заснаванне новай беларускай газеты “Наша ніва” не было нечаканасцю на агульным фоне нацыянальна-культурнага руху і дэмакратызацыі грамадскага жыцця. Адчуваючы безнадзейнасць сітуацыі, якая склалася вакол “Нашай долі”, члены яе рэдкалегіі (І. і А. Луцкевічы, Э.Пашкевіч) заявілі аб нязгодзе з пазіцыяй кіраўніцтва газеты і загадзя рыхтаваліся да адкрыцця новага сацыял-дэмакратычнага выдання, якім і стала “Наша ніва”. У хуткім часе “Наша ніва” аказалася ў цэнтры беларускага культурнага адраджэння, і гэтую высакародную місію яна свята выконвала на працягу ўсяго перыяду сваёй дзейнасці (1906—1915). У склад яе рэдакцыі ўваходзілі вядомыя дзеячы беларускай культуры – браты Луцкевічы, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Уласаў, Элаіза Пашкевіч, Зыгмунт Вольскі, пазней – Якуб Колас, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, Сяргей Палуян, Змітрок Бядуля і інш. Першы нумар газеты выйшаў 10 (23) лістапада 1906 г. Ён быў падрыхтаваны Іванам і Антонам Луцкевічамі і Зыгмунтам Вольскім. Менавіта “адстаўному тытулярнаму саветніку, двараніну Сігізмунду Францавічу Вольскаму… пад асабістую адказнасць і рэдагаванне” было выдадзена адпаведнае пасведчанне на права выдання “Нашай нівы”1. Такім чынам Вольскі выступаў як адказны выдавец і рэдактар, адказны перад уладамі. Некаторыя ідэйныя разыходжанні членаў рэдакцыі садзейнічалі таму, што ўжо праз месяц (10 снежня 1906) З. Вольскі перадаў правы рэдактара і выдаўца Аляксандру Уласаву, вядомаму ў віленскім інтэлектуальным асяродку беларусаў пад псеўданімам “Дзядзька Улас”.

У першым нумары ў рэдакцыйным артыкуле газета звярталася да сваіх чытачоў і тлумачыла свае мэты і ідэйныя пазіцыі: “мы будзем старацца, каб наша газэтка заглянула ўсюды, каб папала яна і пад страху беднай курнай хаты мужыка-беларуса. Не думайце, што мы хочам служыць ці толькі панам, ці адным мужыкам. Не, ніколі не! Мы будзем служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу, пастараемся быць люстрам жыцця, каб ад нас, як ад люстра свет падаў у цёмнасць… Ведайце добра, што “Наша Ніва” газэта не рэдакцыі, але ўсіх беларусоў і ўсіх тых, хто ім спагадае. Кожны мае права быць выслуханым на страніцах нашай газэты і кіраваць ёю… будзем старацца, каб усе беларусы, што не ведаюць хто яны ёсць, зразумелі, што яны беларусы і людзі, каб пазналі свае правы і памаглі нам у нашай рабоце”.

У гэтым уступным слове да чытачоў звяртае на сябе ўвагу ўласцівая беларуская памяркоўнасць, схільнасць да сацыяльнага кампрамісу, які ў тых умовах быў, відавочна, аптымальным спосабам “грамадскага дагавору” і даваў магчымасць засяродзіцца на рэальных праблемах і вырашаць у першую чаргу надзённыя пытанні паляпшэння ўмоў народнага жыцця і культуры. У якасці асноўнай “Наша ніва” ставіла задачу – служыць усяму беларускаму скрыўджанаму народу. Галоўнае ў праграме “нашаніўцаў” – гэта народная асвета і адукацыя, выхаванне нацыянальнай самасвядомасці і ўласнай годнасці. Ідэя нацыянальна-культурнага адраджэння і духоўнага абнаўлення выступала ў праекце “Нашай нівы” на першы план. Гэта ідэя як натуральнае жыццёвае запатрабаванне, уласцівае шматмільённаму скрыўджанаму народу, дакладна перададзена ў словах народнага паэта:

“А хто там ідзе? А хто там ідзе

У агромістай такой грамадзе?

—Беларусы.

А што яны нясуць на худых плячах,

На руках ў крыві, на нагах у лапцях?

—Сваю крыўду…

А чаго ж, чаго ж захацелася ім,

Пагарджаным век, ім, сляпым, глухім?

Людзьмі звацца.

Дарэчы, сама формула “служыць усяму скрыўджанаму народу” далася рэдактарам не проста. Вакол яе разгарэлася вострая палеміка. Браты Луцкевічы, лідэры сацыял-дэмакратычнай Грамады прапаноўвалі фармулёўку “служыць усяму беларускаму працоўнаму народу”. Аднак наколькі быў аптымальным гэты лозунг з пункту гледжання палітычнай стратэгіі і гістарычнай перспектывы?.. Па-першае, невядома, якія непрацоўныя беларускія элементы меркавалася ізаляваць ад “Нашай нівы”. Па-другое, зараз добра вядома, якую інтэрпрэтацыю набыло пазней паняцце “працоўны народ”, калі цэлыя сацыяльныя групы і класы былі фактычна пазбаўлены грамадзянскіх правоў і выключаны з актыўнай грамадскай дзейнасці. У ліку іх – нацыянальная інтэлігенцыя (у т.л. расійская), святары, працоўнае сялянства, народныя майстры і рамеснікі гандляры і інш. Усе яны былі аб’яўлены ворагамі “працоўнага народа”, ворагамі камунізму, які калісьці блукаў па Еўропе, а прыпыніўся ў Расіі, затрымаўшыся тут на цэлых 70 год. Вось тады лозунг «Труд в Советской стране есть дело чести, дело доблести и геройства» урачыста вывешваўся на бойкіх месцах – пры ўездзе над брамамі гулагаў. Хаця куды больш праўдзівым быў бы тут надпіс: «Оставь надежду всяк сюда входящий». А гэта значыць, што формула (мэта газеты), якую адстойваў рэдактар і выдавец З.Вольскі, на наш погляд, больш дакладна адпавядала гістарычным рэаліям і ўлічвала палітычную перспектыву.

Паколькі “Наша ніва” была газетай усяго беларускага народа, асноўнае месца ў тэматыцы публікацый на яе старонках займалі культурна-асветніцкія і агульнанацыянальныя праблемы. Прычым яны асвятляліся на шырокім фоне агульнарасійскіх і еўрапейскіх падзей. Газета мела некалькі тэматычных раздзелаў: “У Думе і каля Думы”, “Аб гарадох”, “З Беларусі і Літвы”, “З усіх старон”, “Аб усем па троху”, “Лісты з Украіны” і інш. Тут давалася актуальная інфармацыя аб пасяджэннях Думы і прынятых рашэннях, аб пазіцыі розных думскіх фракцый і дэпутатаў, у наступных раздзелах – аб жыцці беларускіх і расійскіх гарадоў, карэспандэнцыі з месцаў і інш. Шмат увагі ўдзялялася папулярызацыі перадавога вопыту і прагрэсіўным тэхналогіям ў сельскай гаспадарцы, даваліся карысныя парады па аграноміі, павышэнню ўрадлівасці сельскагаспадарчых культур, аб рабоце ў вясновым садзе, у агародзе, на пасецы, – усё гэта адпавядала рэальным інтарэсам сельскіх працаўнікоў і павялічвала штат падпісчыкаў і карэспандэнтаў. Палітычныя пытанні ў гэтых выпадках адступалі на задні план, нягледзячы на тое, што “Наша ніва” (як і яе папярэдніца “Наша доля”) фактычна з’яўляліся органам “Беларускай сацыялістычнай грамады”.

Газета гуртавала вакол сябе свядомыя нацыянальныя сілы. Яна несла ў народ ідэі асветы, свабоды і вызвалення. Яна змагалася за пашырэнне адукацыі на беларускай мове і сваімі публікацыямі стварала рэальную базу для такой адукацыі. Менавіта на яе старонках упершыню былі надрукаваны не толькі цікавыя творы беларускай літаратуры, але і пераклады сусветнай класікі. Нарэшце, “Наша ніва” паклала пачатак самастойнаму асэнсаванню ўласнай гісторыі, аб чым яскрава сведчаць публікацыі курса “Кароткая гісторыя Беларусі” Вацлава Ластоўскага, перакладу з украінскай мовы працы “Беларусы і іх нацыянальнае адраджэнне” (аўтар Д.Дарашэнка), апублікаваныя тут этнаграфічныя і краязнаўчыя нарысы.

У газеце ўпершыню пабачылі свет шматлікія творы Янкі Купалы (паэмы “Курган”, “Бандароўна”, каля 200 вершаў і артыкулаў), Якуба Коласа (урыўкі з паэмы “Новая зямля”, 125 вершаў, дзесяткі апавяданняў), Максіма Багдановіча, Цёткі, Алеся Гаруна, Змітрака Бядулі, Максіма Гарэцкага, Цішкі Гартнага, Уладзіслава Галубка, Каруся Каганца і многіх іншых. Тут жа публікаваліся пераклады вядомых твораў славянскай літаратуры – Элізы Ажэшкі, Адама Міцкевіча, Уладзіслава Сыракомлі, Уладзіміра Караленкі, Льва Талстога, Антона Чэхава, Тараса Шаўчэнкі. З нагоды юбілеяў вядомых дзеячаў славянскай культуры друкаваліся артыкулы, якія знаёмілі беларускага чытача з жыццёвым і творчым шляхам таго ці іншага юбіляра на фоне тагачаснай рэчаіснасці, якая фарміравала яго як асобу, даваўся крытычны аналіз яго творчасці. На старонках газеты друкавалася шмат літаратуразнаўчых матэрыялаў, рэцэнзій, прысвечаных выхаду ў свет мастацкіх твораў, навуковых ці навукова-папулярных выданняў. Усё гэта закладвала асновы беларускай літаратурнай крытыкі і навуковай гістарыяграфіі1.

“Наша ніва” рыхтавала кадры новай нацыянальнай інтэлігенцыі і, перш за ўсё, беларускага настаўніцтва. Яна знаёміла сваіх чытачоў з багатай духоўнай спадчынай беларускага краю, з яго помнікамі гісторыі і культуры, яна вяртала народу гістарычную памяць. Яна далучала сваіх чытачоў да еўрапейскай цывілізацыі, знаёміла іх з шэдэўрамі еўрапейскай і сусветнай культуры. Яна выступала абаронцай грамадзянскіх правоў шырокіх слаёў насельніцтва, у прыватнасці, беларускага сялянства, наёмных рабочых, народнай інтэлігенцыі, яўрэйскай беднаты. Яна выхоўвала павагу і талерантныя адносіны да іншых народаў, іх культур і рэлігій, што якраз адпавядала беларускаму нацыянальнаму менталітэту.

Аднак усе гэтыя і іншыя пытанні прыходзілася вырашаць ў рэальным асяроддзі, ў барацьбе з сацыяльнай несправядлівасцю, за якой стаялі афіцыйныя ўстановы, органы ўлады, суды, царская адміністрацыя, чыноўнікі розных рангаў. Абарона правоў асобных грамадзян ці цэлых груп насельніцтва, крытыка царскіх судоў і прадстаўнікоў улады на падставе прынцыпаў сацыяльнай роўнасці і дэмакратызму, такім чынам, набывала ўсе прыкметы палітычнай барацьбы, хаця кіраўніцтва газеты знаходзілася звычайна ў “мяккай апазіцыі” ў адносінах да самадзяржаўя. Разам з тым газета рашуча супрацьстаяла, з аднаго боку, імперскай ідэалогіі і практыцы заходнерусізму, а з другога, польскаму нацыяналізму, для якіх нацыянальна-культурнае адраджэнне Беларусі было чужым, нязвыклым, а моцная і незалежная Беларусь не адпавядала імперскай свядомасці і палітычным амбіцыям іх ідэолагаў.

Як упамінае сучасніца, якая шчыра сімпатызавала беларускай нацыянальнай справе і яе лідэрам, Юлія Мэнке (Кветка Вітан), з’яўленне на культурным небасхіле сярод мноства выданнях “Нашай нівы” у той час не выклікала асаблівай увагі і шчырай зацікаўленасці шматлікай віленскай грамадскасці. Такі быў час, такая была і грамадскасць, калі ідэю беларускага нацыянальна-культурнага адраджэння падзялялі нямногія, – нешматлікая свядомая інтэлігенцыя, а большая частка грамадскасці Вільні (“кансерватыўная большасць”) была абыякава да беларускай нацыянальнай ідэі, тым больш што беларусы складалі абсалютную большасць сельскага насельніцтва на абшарах Беларусі, у тым ліку і на тэрыторыі Віленскага павету.

“От, хлопска газэта”, казалі пра “Нашу ніву” з пагардай віленскія палякі, сярод якіх большасць былі карэннымі жыхарамі нашага краю. Аднак жа ішоў час, і большасць віленчукоў мяняла сваё стаўленне да газеты, мяняла былую абыякавасць і пагарду на шчырую зацікаўленасць гэтым сапраўдным феноменам сярод шматлікіх выданняў, што друкаваліся большай часткай на расійскай ці польскай мове. Аднак жа прадстаўнікі як польскай, так і расійскай нацыянальных плыняў, не гаворачы пра чыноўнікаў, па-ранейшаму глядзелі на “Нашу ніву” насцярожана, лічылі яе праяўленнем сепаратызму, мясцовага (але чужога для іх) нацыянальнага патрыятызму, бо газета гуртавала беларускія нацыянальныя сілы, надавала ім новы духоўны імпульс, замінала працэс асіміляцыі беларускага насельніцтва.

Па словах Кветка Вітан, выбар у тых умовах асноўнай рабочай мовы быў далікатнай нацыянальнай праблемай (не меней далікатнай, чым зараз). На думку К.Вітан, народ больш арганічна і поўна выяўляе свае здольнасці і творыць на роднай мове. А калі гэта мова пакуль што мае некаторыя адзнакі “мужыцкай”, дык гэта часовая з’ява і тлумачыцца чыста гістарычнымі акалічнасцямі. Калі над мовай папрацаваць, дык яна хутка стане такой жа “панскай”, як і іншыя мовы; і яна мае права на існаванне1. Гэтым, заўважае яна, я вельмі злавала польскіх і рускіх шавіністаў; тым болей, што у тых, відаць не было ў дыскусіі сур’ёзных контраргументаў.

Фінансавае становішча газеты на пачатку было няпростым. У газеты была нязначная колькасць платных падпісчыкаў, яна не мела дзяржаўнай падтрымкі ці заможных спонсараў. Аднак жа ў рэдакцыі працавалі апантаныя і шчыра адданыя беларускай справе людзі, – такія як Аляксандр Уласаў (ён меў невялікі фальварак каля Радашковіч і аплачваў памяшканне рэдакцыі), Іван і Антон Луцкевічы, Янка Купала, Вацлаў Ластоўскі, мастак Язэп Драздовіч, Ядвігін Ш. і іншыя. Вялікую арганізацыйную і камерцыйную работу праводзіў Іван Луцкевіч. Ён быў апантаным збіральнікам каштоўных антыкварных рэчаў – мастацкай разьбы па дрэве і косці, скульптуры, абразоў, слуцкіх паясоў, керамікі, манет, медалёў, пячатак, царкоўнай атрыбутыкі, старадрукаў, рэдкіх рукапісаў, з якіх ён стварыў Беларускі музей, што налічваў больш за 10 тысяч экспанатаў.

Набываючы старасвецкія (музейныя) рэчы, Луцкевіч добра ведаў іх сапраўдны кошт, мастацкую і намінальную цану. Прычым у яго калекцыях звычайна было некалькі аналагаў, блізкіх ці падобных экземпляраў; многія з іх ён рэстаўрыраваў і прадаваў (сам ці праз пасрэднікаў) па рыначнай цане аматарам і знаўцам антыкварыяту ў Кракаве, Варшаве, Львове, Санкт-Пецярбургу і нават у Лондане. Ён меў шмат знаёмых сярод віленскіх яўрэяў, не раз выконваў іх даручэнні, а яны ў сваю чаргу не заставаліся ў даўгу. Гэтыя грошы ішлі на падтрымку “Нашай нівы”. Разам з тым з цягам часу папулярнасць газеты расла, газета мела значную колькасць падпісчыкаў і няштатных карэспандэнтаў па ўсёй Беларусі і становішча яе значна палепшылася. Ужо ў 1910 г. газета мела каля 430 карэспандэнтаў і літаратараў, што прысылалі карэспандэнцыі з усіх куткоў Беларусі ад Беластока да Смаленска. Газета атрымлівала карэспандэнцыі з Сібіры (Іркуцкая вобласць), адкуль з далёкай ссылкі дасылаў свае творы паэт Алесь Гарун. У 1907 г. наклад газеты складаў 5 тыс. асобнікаў, з якіх 3 тыс. былі надрукаваныя кірыліцай і 2 тыс. – лацінкай1.

Газета была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры і, аб’яднаўшы вакол сябе свядомыя інтэлектуальныя сілы, заклала трывалы падмурак беларускаму нацыянальна-культурнаму адраджэнню, фарміраванню новай беларускай нацыі, якая выходзіла на шырокія шляхі еўрапейскай цывілізацыі як паўнавартасная этнічная супольнасць з яе старажытнай і самабытнай культурай. Невыпадкова гэты перыяд у гісторыі беларускай культуры атрымаў назву нашаніўскага.