Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
17
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Этнакультурная сітуацыя ў другой палове XIX ст.: ідэалогія, рэлігія, культура

Родная мова амаль заўсёды была яскравай прыкметай этнічнай ідэнтыфікацыі чалавека, народа, нацыі. У гісторыі развіцця культуры народаў і грамадстваў гэта акалічнасць мела ўніверсальнае значэнне. Мова, як і рэлігія, збліжае і яднае людзей. Яна ж падзяляе іх на асобныя этналінгвістычныя групы, вялікія і малыя народы са сваімі непаўторнымі адметнасцямі жывых гаворак, вусна-паэтычнай творчасці, ментальнасці, ладу жыцця. Мова захоўвае ў сваіх патайных глыбінях закадзіраваную інфармацыю аб гісторыі народа, яго генетычных сувязях, рысах нацыянальнага характару, экалагічным асяроддзі, якое з’яўляецца для яго гістарычнай радзімай, бацькаўшчынай. Нягледзячы на сваю кансерватыўнасць, мова – жывая камунікатыўная сістэма, якая адлюстроўвае шляхі эвалюцыі грамадства, яго духоўныя повязі, стэрэатыпы мыслення, міфапаэтычнае і мастацкае ўспрыманне свету.

У выніку інтэграцыі на адзінай дзяржаўнай і інфармацыйнай прасторы, спачатку ў складзе Рэчы Паспалітай, затым у складзе Расійскай імперыі адбываліся складаныя працэсы міжэтнічнага ўзаемадзеяння, якія паступова прыводзілі да істотных змен ў розных сферах культуры, этнічнай псіхалогіі, ладу жыцця. Важную ролю ў гэтым працэсе (асабліва на ўзроўні эліт) набывала асвета, адукацыя і рэлігія. Яны істотным чынам карэлявалі этналінгвістычную і канфесіянальную сітуацыю, уплывалі на нацыянальную самасвядомасць, работу сацыяльных і дзяржаўных інстытутаў. Ва ўмовах поліэтнічнай дзяржавы гэта акалічнасць набывала істотнае значэнне.

Разам з тым дзяржаўная мова і адукацыя, набытая ў Віленскім, Кёнігсбергскім ці Пецярбургскім універсітэтах, не перашкодзілі мясцовай шляхце захоўваць свой краёвы патрыятызм, любоў да сваёй Айчыны – славянскай Літвы. Аб гэтым яскрава сведчаць жыццё і творчасць нашых суайчыннікаў, славутых дзеячаў культуры Адама Міцкевіча, Ігната Дамейкі, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Чачота, Кастуся Каліноўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і многіх іншых, якія ідэнтыфікавалі сябе з гістарычнымі літвінамі. Зусім не выпадкова класічны твор Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш” пачынаецца пранікнёнымі словамі настальгічнай любові да сваёй Наваградчыны – тагачаснай Літвы, дзе паэт нарадзіўся і вырас:

Litwo! Ojczyzna moja! Ty jesteś jak zdrowie;

Ile cię trzeba cenić, ten tylko się dowie,

Kto cię stracił.

Літва! Айчына мая! Ты – як здароўе;

Наколькі (ile) цябе трэба цаніць, ведае толькі той,

Хто цябе страціў.

Этналінгвістычнае параўнанне двух тэкстаў – польскага і беларускага – паказвае іх духоўную і моўную сугучнасць, што адлюстроўвае адзіныя славянскія вытокі і працэс збліжэння двух этналінгвістычных сістэм. Разам з тым працэс акультурацыі і паланізацыі істотна не закрануў этнічную (краёвую) свядомасць, не прыглушыў патрыятычных пачуццяў шляхты да сваёй (малой) Айчыны, наадварот, у часы Расійскай імперыі ў яе асяродку больш яскрава і абвострана выявілася пачуццё настальгіі па страчанай Радзіме – славянскай Літве. Як заўважаў з той нагоды Аляксей Пыпін, “у мясцовым патрыятызме адбылося дзіўнае спалучэнне даволі разнародных элементаў: гэты патрыятызм быў “беларускім”, аднак сутнасць яго была польскай”1.

Прыкладна тыя ж ацэнкі этнакультурнай (і міжэтнічнай) сітуацыі мы знаходзім і ў сучаснай польскай гістарыяграфіі. Хаця спаланізаваная беларуская шляхта ў 19 ст. і называла сябе літвінамі, заўважае прафесар Беластоцкага універсітэта Яўген (Еўгеніуш) Мірановіч, “аднак мысліла палітычнымі катэгорыямі Рэчы Паспалітай, падобна як і шляхта мазавецкая або малапольская. Каталіцкая вера, мова, культура прыпадабнялі іх да польскай эліты і разам з тым адрознівалі ад мясцовага люду”2. Да гэтага часу старабеларуская літаратурная мова фактычна зрабілася мёртвай (яе спасціг лёс латыні).

У ХІХ ст. Беларусь становіцца аб’ектам вострага саперніцтва паміж польскай і расійскай этнакультурнымі плынямі. Да гэтага саперніцтва актыўна падключаліся царква, школа, грамадскія ўстановы і палітычныя структуры. Мірнае суіснаванне розных цывілізацый, рэлігій, культур, звычайнае для дэмакратычнай дзяржавы, ва ўмовах расійскага манархічнага рэжыму было ўжо немагчымым, процістаянне на агульнай геапалітычнай прасторы двух цывілізацыйных і этнакультурных сістэм набывала характар адкрытай палітычнай барацьбы.

Каталіцкі касцёл лічыў усіх сваіх вернікаў палякамі, тым болей што літургія ў касцёле і выкладанне ў адукацыйных установах (духоўных і свецкіх) вяліся па-польску. З другога боку, праваслаўная царква называлася рускай і выконвала афіцыйную місію далучэння беларускага насельніцтва да “рускай веры”. Аднак жа абсалютная большасць беларускага насельніцтва (75—80%) была уніятамі, (грэка-католікамі). Уніяцкая царква падпарадкоўвалася Папе рымскаму. Пасля забароны уніяцкай царквы (1839) яе вернікі былі пераведзены ў лона рускай царквы. Беларуская (літвінская) мова была забаронена ў літургіі і ў школьнай адукацыі. З’яўляючыся арганічнай часткай народнай культуры і самабытнай вусна-паэтычнай творчасці, яна тым не менш у расійскіх урадавых колах разглядалася як заходнерускі дыялект, варты увагі бадай толькі вузкага кола даследчыкаў – этнографаў, фалькларыстаў, лінгвістаў. Менавіта гэту ідэю адлюстроўвала афіцыйная расійская ідэалогія, якая атрымала назву заходнерусізму.