Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
18
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Вышэйшая школа

У 1990-х гг. адбыліся прыкметныя змены ў сістэме вышэйшай адукацыі. Менавіта вышэйшая школа рыхтуе кадры нацыянальнай інтэлігенцыі і забяспечвае адладжаную работу інфраструктуры і эфектыўную дзейнасць інстытутаў улады і кіравання. Яна з’яўляецца гарантам дзяржаўнага суверэнітэту.

Асновай еўрапейскай сістэмы вышэйшай адукацыі з’яўляюцца універсітэты і акадэміі. У сувязі з распаўсюджаннем еўрапейскага вопыту і павышэннем ролі вышэйшай адукацыі ў перабудове нацыянальнага грамадства напачатку было вызначана каля двух дзесяткаў лепшых ВНУ (з улікам матэрыяльнай базы, якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, стану навукова-даследчай работы і інш.), ім быў нададзены статус універсітэтаў і акадэмій. На базе Беларускага інстытута народнай гаспадаркі ўтвораны Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, на базе Беларускага інстытута механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі – Беларускі аграрны тэхнічны універсітэт, Мінскі радыётэхнічны інстытут пераўтвораны ў Беларускі дзяржаўны універсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскі педагагічны інстытут атрымаў назву – Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт, Мінскі інстытут культуры пераўтвораны ў Беларускі універсітэт культуры (сучасная назва – Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў), на базе абласных дзяржаўных педагагічных інстытутаў – Брэсцкага, Віцебскага, Магілёўскага – былі ўтвораны універсітэты. Статус універсітэтаў атрымалі медыцынскія інстытуты (Беларускі, Віцебскі, Гродзенскі, Гомельскі), Беларускі тэхналагічны, Наваполацкі політэхнічны інстытуты (зараз Полацкі дзяржаўны універсітэт) і інш. Статус акадэмій быў нададзены некаторым ведамасным, прафесійна арыентаваным ВНУ: Беларускай кансерваторыі (Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі), тэатральна-мастацкаму інстытуту (Беларуская акадэмія мастацтваў), Беларускаму політэхнічнаму інстытуту (зараз – Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт).

Усе універсітэты падзяляюць звычайна на дзве асноўныя групы: класічнага тыпу і прафесійна арыентаваныя. Большасць універсітэтаў, як і наогул ВНУ, адносяцца да прафесійна арыентаваных навучальных устаноў. Гэта акалічнасць патрабуе больш цеснай інтэграцыі сярэдніх спецыяльных і вышэйшых навучальных устаноў падобнага профілю. Агульнаадукацыйная сярэдняя школа не заўсёды здольная забяспечыць бездакорную сувязь. Аднак жа профтэхвучылішчы, нягледзячы на пэўныя структурныя змены і рост колькасці навучэнцаў у 90-я гг., пакуль што не карыстаюцца вялікім грамадскім прыярытэтам.

У 1993/94 вучэбным годзе ў рэспубліцы працавала 38 ВНУ, дзе навучалася 175,4 тыс. студэнтаў. Апрача таго працавала яшчэ 9 недзяржаўных ВНУ, дзе навучалася 7 тыс. студэнтаў. У далейшым адбываліся прыкметныя колькасныя і якасныя змены, якія істотным чынам закранулі структуру і змест вышэйшай адукацыі. У 2009/10 вучэбным годзе ў рэспубліцы дзейнічала 53 ВНУ, дзе навучалася больш за 430 тыс. студэнтаў. Гэта складае 447 студэнтаў ў разліку на 10 тыс. насельніцтва, што адпавядае паказчыкам развітых еўрапейскіх краін. Пры гэтым у дзяржаўных ВНУ навучалася 372, 8 тыс., з іх 149 тыс. чалавек (40%) на бюджэтнай аснове і 223,8 тыс. (60%) – на платнай. Яшчэ 57,6 тыс. студэнтаў вучылася ў прыватных ВНУ. Падрыхтоўка студэнтаў вялася болей чым па 400 спецыяльнасцях і напрамках1.

У 2009 г. у беларускіх ВНУ працавала 23652 выкладчыкі, абсалютная большасць – 22370 чалавек – у дзяржаўных ВНУ, сярод іх 1281 доктар навук, званне прафесара мелі 1205 чалавек) і 8180 кандыдатаў навук (у тым ліку 6547 дацэнтаў); у той жа час у прыватных ВНУ на пастаяннай аснове працавала 55 дактароў навук і 550 кандыдатаў навук (званне прафесараў мелі 58, дацэнтаў – 438 выкладчыкаў)2.

У 32 ВНУ створана двухступенчатая сістэма адукацыі, тут навучаецца 1819 магістрантаў на дзённай форме навучання і 2250 – на завочнай. У аспірантуры сістэмы адукацыі праходзілі падрыхтоўку 2278 чалавек, першае месца па колкасці аспірантаў займалі тэхнічныя навукі – 569 чалавек (25%). Яшчэ 50 чалавек займаліся ў той час у дактарантуры3.Адначасова выявілася тэндэнцыя да вывучэння гуманітарных і сацыяльных дысцыплін, якія становяцца асновай прафесійных ведаў для многіх спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. Разам з тым зніжаецца прыярытэт прыродазнаўчых і інжынерных спецыяльнасцей і прафесій, звязаных з прамысловасцю і будаўніцтвам.

А між тым перспектыўная ва ўмовах развітой інфраструктуры практычна арыентаваная вышэйшая адукацыя, якая шырока распаўсюджана ў краінах Заходняй Еўропы, складае ў Беларусі (як і суседняй Украіне) толькі 27%. Па дадзеных Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, у краінах “Усходняга партнёрства” кіраўнікі мясцовых прадпрыемстваў адзначаюць недахоп прафесійных навыкаў сваіх супрацоўнікаў з вышэйшай адукацыяй (55% даследаваных). Пэўнай кампенсацыяй і частковым вырашэннем гэтай праблемы з’яўляецца арганізацыя вучобы і павышэнне кваліфікацыі сваіх пастаянных работнікаў. Гэты паказчык складае 38,1% супрацоўнікаў прадпрыемстваў, што прыкметна вышэй, чым ў большасці краін на постсавецкай прасторы, хаця і ніжэй, чым у Расіі і Польшчы (адпаведна – 50 і 60,8%)4. Дарэчы, Беларусь была бадай адзінай краінай на постсавецкай прасторы, якая захавала сістэму прафесійна-тэхнічнага навучання праз ПТВ.

У апошнія гады знізіліся інвестыцыі, якія ішлі ў сістэму адукацыі і падрыхтоўку спецыялістаў для розных сфер эканомікі і культуры. Раней гэты паказчык складаў 6% валавога ўнутранага прадукту, зараз – толькі 5%. Праўда, у перыядычным друку сустракаюцца і іншыя паказчыкі – амаль 7% ад валавога ўнутранага прадукту, відаць, з улікам фінансавання з бюджэту рэгіёнаў5. У рэфармаванні сістэмы адукацыі назіралася непаслядоўнасць, што парушала баланс паміж гарманічным развіццём розных сфер жыццядзейнасці (гаспадаркі, адукацыі, культуры, грамадскага кіравання), рынкам працы і рынкам паслуг. Гэтыя абставіны не дазваляюць рабіць доўгатэрміновае прагназіраванне. А між тым апошнім часам была зменшана колькасць гадзін ці ўвогуле выведзены з вучэбных планаў агульнаадукацыйных школ некаторыя гуманітарныя дысцыпліны, якія складаюць спецыфіку нацыянальнай адукацыі, – сусветная і айчынная культура, гісторыя Беларусі, беларуская мова і літаратура і інш.). Крызіс незапатрабаванасці закрануў і спецыялістаў замежных моў, якія нядаўна былі запатрабаваны для выкладчыцкай дзейнасці, разнастайных культурных і дыпламатычных устаноў новай незалежнай дзяржавы. Адукацыйная і кадравая палітыка ў аптымальным варыянце абапіраецца на правільна выбраную стратэгію з улікам перспектыўных напрамкаў у сферах эканомікі, культуры, дзяржаўнага кіравання, якія можна дакладна прагназіраваць ва ўмовах стабільнай сітуацыі. Аднак падобнай (ідэальнай) сітуацыі не бывае ў нашым схільным да крызісных з’яў грамадстве, аб чым сведчаць стасункі з Расіяй і агульная міжнародная практыка апошніх гадоў.

Спецыфіка гісторыка-культурнага развіцця Беларусі, асаблівасці яе традыцыйнай гаспадаркі, абмежаванасць прамысловай сыравіннай базы, недахоп і дарагавізна энергарэсурсаў абумоўліваюць пошук новых шляхоў, стратэгічных напрамкаў і інавацыйных тэхналогій для сцвярджэння свайго месца ў міжнароднай супольнасці, для захавання (і ўмацавання) дзяржаўнага суверэнітэту як самастойнага суб’екта права з канкурэнтаздольнай эканомікай і сучаснай нацыянальнай адукацыяй і культурай. Ва ўмовах глабальнага дэфіцыту сыравіны і энергетычных рэсурсаў на першае месца выходзіць інтэлектуальны патэнцыял нацыі, сістэма адукацыі і інавацыйныя метады і тэхналогіі ў арганізацыі высокаэфектыўнай і навукаёмкай эканомікі і кіравання.

Мы зноў вяртаемся да ўсведамлення вядомага лозунга “Кадры рашаюць усё”. Аднак ва ўмовах Беларусі ён заўсёды дзейнічаў без сваёй палітычнай афарбоўкі як адвечны пастулат народнай культуры, аб чым сведчаць шматлікія народныя прыказкі і прымаўкі, што ўслаўляюць сапраўднага гаспадара і яго працу. Як аптымістычна прамаўляе А.Н.Тур, “Адукацыя і навука – той адзіны рэсурс, які сапраўды не вычарпальны ў фарміраванні інавацыйнай эканомікі. Ім ў поўнай меры валодае Беларусь. Іменна гэты рэсурс дазваляе нам з упэўненасцю глядзець у будучыню”1. Не губляем надзеі! Тым болей, што іншага шляху ў суверэннай Беларусі няма. Іншы шлях – гэта саюзная дзяржава. Аднак у сусветнай практыцы яна – нонсенс, своеасаблівая палітычная гульня, якая аднойчы ўжо заканчвалася прапановай тагачаснага расійскага прэзідэнта (У.Пуціна) уступіць ў Расійскую Федэрацыю асобнымі абласцямі. Пакуль што гульня прадаўжаецца, на кон яе пастаўлены лёс Беларусі, лёс народа, мова, гістарыка-культурная спадчына. Заўважым, наша сучасная школа яшчэ недастаткова выкарыстоўвае свой патэнцыял і свае магчымасці ў сферы гуманітарнай нацыянальнай адукацыі і выхавання.

У сучасным свеце следам за масавай культурай пашыраецца масавая адукацыя з яе феноменам “масавага універсітэта”, які, на думку шэрага спецыялістаў, можа забяспечыць пераход да ўсеагульнай вышэйшай адукацыі ў найбольш развітых краінах свету. Арыентаванасць на масавы агульнадаступны характар вышэйшай адукацыі мае ў Беларусі ўстойлівую традыцыю і некаторымі экспертамі разглядаецца як даволі перспектыўная і шматабяцаючая адметнасць айчыннай сістэмы адукацыі1. Адзначым, што традыцыі агульнадаступнай, бессаслоўнай адукацыі былі закладзены ў Беларусі яшчэ ў сярэднявеччы, аб чым сведчыць вопыт работы шматлікіх народных, пратэстанцкіх, езуіцкіх, базыліянскіх і іншых духоўных школ.

Аднак жа нельга ўсялякі раз спадзявацца на моц рэформ і інавацый, практыка не раз сароміла ініцыятараў і апалагетаў рэформ, якія ігнаравалі (ці разбуралі) традыцыйныя, выпрабаваныя сістэмы, метадалогію навучання і выхавання, а таксама шматварыянтнасць і плаўны пераход да новых форм і метадаў навучання. Можна толькі вітаць пашырэнне інавацыйных тэхналогій, развіццё навукаёмкіх галін і спецыяльнасцей, інтэграцыю навукі і вытворчасці, шматпрофільную сістэму падрыхтоўкі кадраў і да т.п. Аднак жа інавацыйная сістэма не можа існаваць сама па сабе і патрабуе напружанага рытму жыццядзейнасці, вялікай інтэлектуальнай працы, зладжанага кіравання ёю з боку высакакласных спецыялістаў, патрабуе адпаведнай метадалогіі і сучасных методык, а на самой справе дапускаюцца відавочныя перакосы ў бок камерцыялізацыі навучання, празмернага пашырэння завочнага і дыстанцыйнага навучання, што зусім не ідзе на карысць якасці ведаў. У гэтым выпадку феномен так званага масавага універсітэта і масавай вышэйшай адукацыі ўтойвае падспудныя негатывы і можа стаць своеасаблівым аналагам колішніх народных універсітэтаў, а пазней (яшчэ не так даўно) – масавых універсітэтаў марксізму-ленінізму, выпускнікі якога атрымлівалі пасведчанне аб вышэйшай адукацыі.

Пралетарская культура, масавая культура, масавы універсітэт – усё гэта своеасаблівыя “піяр-акцыі” і як сінонімы палітызацыі і ідэалагізацыі культуры скіроўваюць рэформы па тупіковаму шляху, абясцэньваюць прафесійную працу высокаадукаваных спецыялістаў, якія будучы пастаўлены ва ўмовы папулісцкай ідэалогіі і палітычных лозунгаў, аказваюцца незапатрабаванымі ва ўмовах мас-культуры. Масавая культура, як заўважае акадэмік В.Сцёпін, фарміруе “кліпавую свядомасць – нейкі калейдаскоп успрыманняў, у якім няма логікі. Такім чалавекам вельмі лёгка маніпуліраваць, і, можа быць, гэта і ёсць адно з прызначэнняў масавай культуры”2.

На гэту акалічнасць звяртае ўвагу і А.А.Фурсенка, Міністр адукацыі і навукі Расійскай Федэрацыі: “Залішняя камерцыялізацыя адукацыйнай сферы Расіі ў апошнія гады ўсё болей арыентавана на забеспячэнне інтарэсаў не тых, хто вучыцца, а тых , хто вучыць…Сфера адукацыйных паслуг раздула самую сябе: прадаецца статус навучальнай установы, а не рэальная кваліфікацыя. Цана дыплому зачастую вызначаецца не тым, што ведае і ўмее чалавек, які яго атрымаў, а тым, наколькі прэстыжная ВНУ, якая яго выдала. Гэта адзін з паказчыкаў крызісных з’яў у краіне, у прыватнасці ў сістэме адукацыі, а калі глыбей, то ў спектры дадзеных праблем – неадпаведнасць (несуразмернасць) рэальных запатрабаванняў эканомікі, грамадства, сацыяльнай сферы павялічанай колькасці ВНУ і студэнтаў на шкоду рэальнай прафесійнай падрыхтоўкі”1.

Прымаючы інавацыйную метадалогію, нельга забываць, што яна дае толькі агульны стратэгічны вектар у развіцці эканомікі, у забеспячэнні жыццядзейнасці і спраўнай работы ўсяго грамадскага арганізму. Яна патрабуе дэталёвай распрацоўкі асобных сфер эканомікі і культуры, павышэння іх эфектыўнасці і зладжанасці работы ўсёй інфраструктуры грамадства, асабліва ў сферы культуры кіравання, адукацыі і падрыхтоўкі высокапрафесійных кадраў. А між тым сучасны стан інавацыйнага развіцця як фактара канкурэнтаздольнасці сістэмы вышэйшай адукацыі пакідаюць жадаць лепшага, аб чым сведчаць параўнальныя даныя эфектыўнасці сістэм адукацыі еўрапейскіх краін.

У 1999 г. міністры адукацыі 29 еўрапейскіх краін падпісалі Балонскую дэкларацыю аб стварэнні да 2010 г. адзінай еўрапейскай зоны вышэйшай адукацыі. Пазней да яе далучыліся яшчэ 8 краін еўрапейскага рэгіёна. Мэта Балонскай дэкларацыі выпрацаваць агульныя крытэрыі (наколькі гэта магчыма) і патрабаванні да вышэйшай адукацыі, да ўзроўню ведаў спецыялістаў рознага профілю, набліжэнне гэтых норм да адзінай сістэмы еўрапейскай адукацыі. Паводле маніторынгу (дэталёва распрацаваных крытэрыяў) Еўрапейская камісія вылучыла чатыры групы краін у залежнасці ад стану і ўзроўню развіцця нацыянальных сістэм вышэйшай адукацыі. Беларусь (як і Малдова) не былі ахоплены маніторынгам Еўрапейскай камісіі. Аднак можна меркаваць, што яна ўваходзіць толькі ў трэцюю групу краін з сістэмай вышэйшай адукацыі “даганяючага тыпу”. У гэтую ж групу ўваходзяць Расійская Федэрацыя і Україна, якія паводле рэйтынгу канкурэнтаздольнасці займаюць адпаведна 59 і 69 месцы2. Калі меркаваць па некаторых выніках і ацэнках эфектыўнасці нацыянальнай сістэмы адукацыі (і яе ўдзелу ва Усходнім партнёрстве), Беларусь павінна займаць месца дзесьці ў дыяпазоне паміж Расіяй і Украінай. Прыкладна тыя ж (ці больш нізкія) паказчыкі мы маем і ў суадносінах студэнтаў і выкладчыкаў. У Расіі і Украіне яны адпаведна– 14,43 і 13,9 студэнтаў на аднаго выкладчыка. Менавіта індэкс канкурэнтаздольнасці, які складваецца з многіх фактараў і адпавядае рыначнаму запатрабаванню на спецыяліста і ўзроўню сістэмы адукацыі, адэкватна ўплывае на стан эканомікі і культуры грамадства.

У часопісе “Вышэйшая школа”, што адкрываецца рубрыкай “Выклік часу”, друкуецца нямала змястоўных артыкулаў аб стане і праблемах нацыянальнай адукацыі. Аднак перадавыя артыкулы, напісаныя звычайна кіраўнікамі Міністэрства адукацыі, патрабуюць асобай увагі і крытычнага асэнсавання, а таксама абавязковага параўнання з рэальнай практыкай, вопытам спецыялістаў, якія маюць справу з жывой аўдыторыяй. Спецыялісты-практыкі прапануюць звычайна некалькі альтэрнатыўных варыянтаў вырашэння існуючых праблем. Няма ніякага сумнення ў неабходнасці павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, абнаўлення зместу вышэйшай адукацыі, вучэбных праграм і стандартаў, базы вытворчай практыкі і адукацыйных тэхналогій1.

Аднак жа любая інавацыя (ў шырокім сэнсе) ці рэфармацыйнае абнаўленне павінны быць добра вывераны і апрабаваны не толькі ў тэорыі, але і на практыцы, і праходзіць доўгатэрміновае выпрабаванне на альтэрнатыўнай аснове і нефармальную экспертызу з боку прафесійных спецыялістаў. Як невыпадкова адзначаў рэктар галоўнага педагагічнага універсітэта краіны П.Дз.Кухарчык, частыя змены вучэбных праграм (якія прапануюцца вышэйстаячымі інстанцыямі) і значнае павелічэнне аб’ёмаў пазакласнай (самастойнай) работы адбіваюцца не лепшым чынам на якасці адукацыі, што пацвердзілі і фіналісты Рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года 2009”2. Так, скарачэнне аб’ёму аўдыторнай нагрузкі і павялічэнне да 20—50% самастойнай работы студэнтаў можа мець нечаканыя (негатыўныя) вынікі, асабліва пры падрыхтоўцы спецыялістаў на завочных аддзяленнях3. Да таго працягласць курсу універсітэцкай падрыхтоўкі па шэрагу спецыяльнасцей, асабліва педагагічных, скарачаецца да 4-х гадоў.

Мы ўжо адзначалі камерцыялізацыю адукацыі, калі колькасць студэнтаў, якія навучаюцца толькі ў дзяржаўных ВНУ, складае 60% усяго студэнцкага кантынгенту. Разам з тым адзначаецца, што навуковы патэнцыял ВНУ – каля 1 тыс. дактароў і звыш 6 тыс. кандыдатаў навук яшчэ недастаткова выкарыстоўваецца пры адсутнасці цесных сувязей паміж прамысловым і вучэбным сектарамі4. Усё гэта сведчыць, што падобныя шляхі і спосабы вырашэння праблемы масавай вышэйшай адукацыі, могуць пацягнуць (і ўжо пацягулі) за сабой негатыўныя, хаця і прадказальныя, вынікі, ператвараючы “масавы народны” універсітэт у фікцыю вышэйшай адукацыі. Ды і бадай ніхто сёння не аспрэчвае той факт, што рост колькасці дыпламаваных спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй рэальна суправаджаецца агульным зніжэннем узроўню іх падрыхтоўкі5. І зноў, як калісьці у часы Пушкіна, вяртаецца да нас і становіцца актуальным усё тое ж: «Мы все учились понемногу чему-нибудь и как-нибудь…».

Нельга абыйсці маўчаннем і зніжэнне прэстыжу педагагічнай прафесіі, якая з’яўляецца вынікам зніжэння сацыяльнага статусу педагога, настаўніка. Адміністратыўныя меры, псіхалагічныя субяседаванні пры паступленні ў ВНУ, характарыстыкі-рэкамендацыі і іншыя асобыя патрабаванні, што часам прапануюцца некаторымі кіраўнікамі адукацыі, не будуць мець належных вынікаў, пакуль не зменіцца сацыяльны статус педагагічнага работніка. Дададзім, што ва ўмовах устойлівага дэмаграфічнага крызісу, калі за апошнія 10 гадоў колькасць школьнікаў зменшылася з паўтара да аднаго мільёна, калі штогод на Беларусі зачыняецца каля 100 школ, настаўнікам прыходзіцца нярэдка працаваць пры няпоўнай вучэбнай нагрузцы. У гэтай сувязі матывы непрэстыжнасці прафесіі настаўніка нават не трэба шукаць: яны на паверхні. У сельскай мясцовасці ў большай ступені адчуваецца запатрабаванне на працу палявода ці хлебароба, і некаторыя мясцовыя кіраўнікі, з настальгіяй успомніўшы “залатыя савецкія часы”, пачынаюць па старой памяці прыцягваць настаўнікаў да “абавязковых” грамадскіх работ у калгасных гаспадарках. Большасць з нас, казаў адзін з расійскіх палітыкаў, па-ранейшаму жыве ў Савецкім Саюзе, арганізаваным па прынцыпу камуны. А таму настаўніца абавязана прапалоць пад час летняга адпачынку прызначаную ёй норму цукровых буракоў ці рапсу (0,5 га-?), – “карона не зляціць з яе галавы”.

Не паспеўшы акрыяць духам, маладая беларуская дзяржава пасля чарговых злашчасных ін’екцый савецкіх паліттэхнолагаў зноў аказалася пад пагрозай існавання. Аператыўнаму ўмяшанню падверглася і сфера народнай адукацыі. Спынены працэс беларусізацыі, прыкметна змянілася структура і змест нацыянальнай адукацыі. Намі раней адзначалася, што ў сярэдзіне 1990-х гг. 80% першакласнікаў навучалася ў беларускіх класах. З прыняццем закона аб дзвюх дзяржаўных мовах колькасць беларускамоўных класаў і школ стала хутка скарачацца. “Рэформа” закранула характар і змест гуманітарнай адукацыі, што пацягнула за сабой змены вучэбных праграм, рэвізію зместу падручнікаў. Паводле афіцыйных даных, колькасць вучняў дзённых агульнаадукацыйных школ і школ-інтэрнатаў, што навучаліся на беларускай мове, у 1998/99 вучэбным годзе складала 481 тыс. чалавек (30,5% ад агульнай колькасці) , а ў 2008/09 вучэбным годзе скарацілася да 211 тыс. (20%). Колькасць вучняў, што навучаліся на рускай мове, складала у тых жа гадах адпаведна 1093 тыс. (30,5%) і 846 тыс. чалавек, або 80% ад агульнай колькасці вучняў1. Адначасова ішло скарачэнне агульнай колькасці вучняў агульнаадукацыйных школ з 1574 тыс. ў 1998/99 вучэбным годзе да 1057 тыс. – у 2008/09 вучэбным годзе.

Падобныя працэсы вызначаюць устойлівую тэндэнцыю, што відавочна выявілася апошнім часам у сістэме вышэйшай і сярэдняй адукацыі, яны адлюстроўваюць сучасную этналінгвістычную сітуацыю і дзяржаўную адукацыйную палітыку ў краіне. У цывілізаваных суверэнных дзяржавах адукацыя і выхаванне адносяцца да найбольш “кансерватыўных” і стабільных інстытутаў, непадуладных агульным крызісным з’явам і частым рэфармацыйным зменам (“выклікам часу”), бо ўвасабляюць традыцыйныя ўяўленні аб стабільнасці грамадства, нацыянальныя прыярытэты і інтарэсы краіны.