Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

Слоўнік гістарычных тэрмінаў і паняццяў

Абвер — разведвальная і контрразведвальная служба германскай арміі ў 1919—1944 гг.

Айнзацгрупа — мабільная аператыўная група, спецыяльнае карнае вайсковае аб’яднанне, прызначанае для масавага знішчэння людзей.

Акупацыя — часовы захоп тэрыторыі адной краіны ўзброенымі сіламі другой.

Аншлюс — палітыка гвалтоўнага далучэння Аўстрыі да Германіі. Завяршыўся захопам Аўстрыі фашісцкай Германіяй 11—12 сакавіка 1938 г.

Аперацыя «Котбус» — кодавая назва карнай аперацыі нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызанскіх брыгад у 1943 г.

Аперацыя «Аверлорд» — кодавая назва плану аперацыі саюзных экспедыцыйных сілаў па ўварванні ў чэрвені 1944 г. у Нармандыю (Паўночная Францыя) праз Ла-Манш з мэтай адкрыцця другога фронту ў Еўропе.

«Андруша» — падпольная камсамольская арганізацыя, створаная ў Мін­ску восенню 1941 г., кіраўнік М. Кедышка.

«Арганізацыя Тота» — спецыялізаваная арганізацыя ў фашісцкай Германіі. Названа па прозвішчы яе заснавальніка — інжынера-нацыста Ф.Тота. У гады вайны дзейнічала і ў Беларусі. Ажыццяўляла будаўніцтва абарончых збудаванняў, чыгуначных і шашэйных дарог, мастоў і прамысловых прад­прыемстваў, ваенных аб’ектаў.

Армія Краева — падпольная ваенная арганізацыя, якая дзейнічала ў 1942—1945 гг. на акупіраванай фашысцкай Германіяй тэрыторыі Польшчы і Заходняй Беларусі. Падпарадкоўвалася польскаму эмігранцкаму ўраду ў Лондане. Дзейнасць грунтавалася на тэорыі двух ворагаў — Германіі і СССР. Таму былі выпадкі баявых дзеянняў з савецкімі партызанамі.

Бабруйскі «кацел» — акружэнне войскамі 1-га Беларускага фронту шасці нямецкіх дывізій.

«Баграціён» — кодавая назва Беларускай наступальнай аперацыі, пра­ведзенай з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 г. войскамі 1, 2 і 3-га Беларускіх, 1-га Прыбалтыйскага франтоў.

Беларуская краёвая абарона (БКА) — вайсковае фашысцка-нацыя­налістычнае фарміраванне, створанае на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў сакавіку 1944 г. для барацьбы з партызанамі і войскамі Чырвонай Арміі.

Беларуская народная самапомач (БНС) — арганізацыя, створаная ў кастрычніку 1941 г. з дазволу генеральнага камісара Беларусі В.Кубэ. Павінна была займацца вярбоўкай і вывазам насельніцтва на прымусовыя работы ў Германію, арганізацыяй вайсковай справы, а таксама наладжваннем дзейнасці культурных устаноў і школ, тэхнічных вучылішчаў, настаўніцкіх семінарый.

Беларуская Цэнтральная Рада (БЦР) — прагерманскі марыянетачны беларускі ўрад, створаны па ініцыятыве акупацыйных улад у снежні 1943 г.

«Беларускі балкон» — назва выступу ў лініі савецка-германскага фронту напярэдадні лета 1944 г.

«Бліцкрыг», «маланкавая вайна» — стратэгічная канцэпцыя вядзення баявых дзеянняў у кароткія тэрміны з масавым выкарыстаннем авіяцыі, танкаў, матарызаванай пяхоты і артылерыі, новых баявых і тэхнічных сродкаў. Паспяхова ажыццяўляўсч германскім вермахтам пры захопе Польшчы, Францыі. У вайне з СССР, нягледзячы на першапачатковы поспех, завяршыўся правалам.

Буйніцкае поле — месца абарончых баеў пад Магілевам, за адзін дзень было падбіта 39 нямецкіх танкаў байцамі палкоўніка С. Куцепава.

Вермахт — назва ўзброеных сіл фашысцкай Германіі ў 1935—1945 гг. Узна­чальваўся вярхоўным галоўнакамандаваннем узброеных сіл Германіі. Напярэдадні Другой сусветнай вайны налічваў 3 млн чалавек, а ў 1943 г. — каля 11 млн чалавек.

«Віцебскія (Суражскія вароты)» — 40-кіламетровы пралом у лініі фронту, які праіснаваў з лютага па верасень 1942 г., адыграў важную ролю ў станаўленні партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі.

Віцебскі «кацел» — акружэнне войскамі 3-га Беларускага, 1-га Прыбалтыйскага франтоў пяці нямецкіх дывізій.

Гебіт — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзенка, уведзеная акупа­цый­ны­мі ўладамі ў 1941г. на захопленай тэрыторыі.

«Гельб» — кодавая назва плана «маланкавай вайны» супраць Францыі ў 1940 г.

Генацыд — знішчэнне асобных груп насельніцтва па расавых, нацыянальных этнічных, палітычных або рэлігійных прыкметах, а таксама наўмыснае стварэнне неспрыяльных жыццёвых умоў, разлічаных на поўнае ці частковае фізічнае знішчэнне гэтых груп.

Гестапа — тайная дзяржаўная паліцыя «трэцяга рэйха», створаная для барацьбы з праціўнікамі нацысцкага рэжыму.

Гета — гарадскія канцэнтрацыйныя лагеры, якія ствараліся для зніш­чэн­ня яўрэйскага насельніцтва. Спецыяльнае месца пражывання для яўрэяў.

Група армій «Цэнтр» — група фашысцкіх войск, якая наступала па тэ­ры­торыі Беларусі на Маскву.

Другі фронт — ваенныя дзеянні супраць фашысцкай Германіі, пачатыя заходнімі саюзнікамі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі ў Паўночна-Заходняй Францыі (Нармандыя) 6 чэрвеня 1944 г. Другі фронт адыграў важную ролю ў разгроме фашысцкай Германіі, якая вымушана была весці вайну на двух фран­тах адначасова.

Дэмілітарызацыя — раззбраенне і ліквідацыя прамысловасці, якая можа быць выкарыстана для ваеннай вытворчасці.

Дэнацыфікацыя — знішчэнне нацыянал-сацыялістычнай партыі, яе філіялаў і падкантрольных арганізацый, роспуск нацысцкіх устаноў, забарона на нацысцкую і мілітарысцкую дзейнасць і прапаганду, адмена ўсіх нацысцкіх законаў, выдаленне з грамадскіх, дзяржаўных і іншых адказных пастоў членаў нацысцкай партыі, пакаранне ваенных злачынцаў.

Калабарацыянізм — супрацоўніцтва пэўных асоб з германскімі захопнікаім ў краінах, якія былі акупіраваны ў гады Другой сусветнай вайны.

Канцэнтрацыйныя лагеры — месца масавага зняволення і фізічнага знішчэння насельніцтва акупіраваных тэрыторый. У Беларусі дзейнічала больш за 260 лагераў смерці.

«Кальцо» — кодавая назва аперацыі савецкіх войск па ліквідацыі акружанай групоўкі немцаў у Сталінградзе ў студзені — лютым 1943 г.

«Кутузаў» — Арлоўская наступальная аперацыя савецкіх войск у ліпені — жніўні 1943 г.

«Лінія Мажыно» — сістэма французскіх абаронцых збудаванняў уздоўж усходняй мяжы Францыі (каля 380 км), якая атрымала назву па прозвішчы ваеннага міністра А. Мажыно. Мела каля 5600 доўгатэрміновых агнявых збудаванняў.

«Лінія Манергейма» — сістэма доўгатэрміновых умацаванняў на Ка­рэль­скім перашыйку ў 32 км ад Ленінграда. Агульная працягласць 135 км. Мела некалькі эшаланіраваных ліній загароды. Названа па прозвішчы К. Манергейма — дзяржаўнага і ваеннага дзеяча Фінляндыі.

«Лінія Сталіна» — неафіцыйная назва ўмацаваных раенаў на заходняй мяжы СССР у перыяд паміж 1924 і 1938 гадамі. У Рэспубліцы Беларусь летам 2005 г. адкрыты гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна».

«Лінія Молатава» — неафіцыйная назва лініі новых ўмацаваных раенаў, будаўніцтва якіх пачалося ў сувязі з пераносам дзяржаўнай мяжы СССР у 1939—1940 гг. на захад.

Люфтвафе — ваенныя паветраныя сілы Германіі. У 1932 г. налічвалі толькі 36 самалётаў, а ў 1939 — звыш 9 тыс.

«Марскі леў» — кодавая назва планавай дэсантнай аперацыі нямецкіх войскаў у Англіі, пачатак якой некалькі разоў пераносіўся, а 9 студзеня 1941 г. яна была адменена.

Мінскі «кацел» — акружэнне войскамі 1-га, 2-га, 3-га Беларускіх фронтоў 105-тысячнай групоўкі нямецкіх войскаў.

«Новы парадак» — дзяржаўная сістэма палітычных, ідэалагічных, эканамічных і ваенных мер, накіраваных на ліквідацыю савецкага ладу, эксплатацыю багаццяў і рэсурсаў, прыгнечанне і знішчэнне людзей.

«Нармандыя — Неман» — французскі авіяполк, які ў 1944 г. удзель­нічаў у аперацыі «Баграціен».

Нюрнбергскі працэс (20.11.1945 — 01.10.1946) — судовы працэс над групай галоўных нацысцкіх ваенных злачынцаў, над вышэйшымі дзяржаўнымі і ваеннымі дзеячамі Германіі.

Остарбайтары — грамадзянскае насельніцтва, вывезенае з іншых краін у Германіюдля прымусовых катаржных работ. За тры гады акупацыі з Беларусі было вывезена ў Германію 385 тыс. чалавек, у тым ліку больш за 24 тыс. дзяцей. Пасля разгрому Германіі ў Беларусь вярнуліся толькі 120 тыс. чалавек.

«Остланд» — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзенка, устаноўленая германскімі ўладамі ў 1941г. на акупіраванай тэрыторыі СССР. Складалася з 4 генеральных акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія.

1-я Польская дывізія імя Т. Касцюшкі — удзельнічала ў вызваленні БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад кіраўніцтвам палкоўніка З. Берлінга. У кастрычніку 1943 г. у бітве каля в. Леніна (недалека ад Горак Магілеўскай вобласці) пачаўся гераічны шлях гэтай дывізіі.

Партызанская зона — тэрыторыя, якую партызаны вызвалілі ад захопнікаў і ўтрымлівамі або кантралявалі пэўны час. Не з’яўлялася адміністрацыйнай адзенкай. Тут дзейнічалі кіруючыя падпольныя партыйныя, камсамольскія органы, а таксама органы мясцовага кіравання,а ў некаторых зонах былі адноўлены органы савецкай улады.

План «Барбароса» — кодавая назва плана вайны фашысцкай Германіі супраць СССР.

План «Ост» — план нацысцкага кіраўніцтва Германіі па каланізацыі і германізацыі тэрыторыі Усходняй Еўропы, у тым ліку БССР. У адпаведнасці з планам тэрыторыя Беларусі была падзелена і ўключана ў розныя тэрытарыяльныя адзінкі: тылавы раен групы армій «Цэнтр», рэйхскамісарыят «Остланд», рэйхскамісарыят «Украіна» і правінцыя Усходняй Прусіі.

«Прыпяцкія балоты» — першая карная аперацыя нямецка-фашысцкіх захопнікаў супраць партызан у ліпені — жніўні 1941 г.

«Расавая тэорыя» — тэорыя, якая сцвярджала перавагу арыйскай расы над усімі іншымі народамі, абгрунтоўвала неабходнасць расшырэння «жыццевай прасторы» для немцаў і іх «права» на сусветнае панаванне.

«Руская вызваленчая армія», «Руская нацыянальная народная армія» — вайсковыя фарміраванні, якія камплектаваліся акупацыйнымі ўладамі са здраднікаў і гвалтоўна мабілізаваных ваеннапалонных і мірных жыхароў. Удзельнічалі ў барацьбе супраць войскаў Чырвонай Арміі і партызан.

«Рэйкавая вайна» — умоўная назва аперацый савецкіх партызан па адначасовым разбурэнні чыгуначных шляхоў і камунікацый. Праводзілася ў тры этапы. Першы працягваўся з 3 жніўня да сярэдзіны верасня 1943 г., другі, які атрымаў умоўную назву «Канцэрт», — з 19 верасня да пачатку лістапада 1943 г., трэці пачаўся ў ноч з 19 на 20 чэрвеня 1944 г. і працягваўся да поўнага вызвалення рэспублікі.

Рэйхскамісарыят «Остланд» — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзін­ка на акупіраванай тэрыторыі СССР, у склад якой уваходзілі тэрыторыі Беларусі, Літвы, Латвіі, Эстоніі. У яго ўваходзіла генеральная акруга Беларусь (ГАБ), якую ўзначальваў гаўляйтар В. Кубэ (пасля яго забойства ў верасні 1943 г. ГАБ кіраваў Готберг).

«Сатурн» — наступальная аперацыя савецкіх войск на Сярэднім Доне ў студзені — лютым 1943 г.

СД (ням. SD, скарочанае ад Sicherheitsdienst — служба бяспекі рэйхсфюрэра СС) — нямецкая служба разведкі і контрразведкі.

Тылавы раен групы армій «Цэнтр» — адміністрацыйная адзінка, у якую ўваходзіла большая частка акупіраванай фашыстамі тэрыторыі Усходняй Беларусі.

Халакост — знішчэнне фашыстамі ў гады Другой сусветнай вайны яўрэйскага насельніцтва Еўропы, у тым ліку на тэрыторыі Беларусі.

«Цытадэль» — наступальная аперацыя нямецкіх войск пад Курскам у ліпені 1943 г.

«Эдэльвейс» — кодавая назва наступальнай аперацыі нямецкіх войск летам і ўвосень 1942 г. Мэта — авалодаць Каўказам і нафтапромысламі Грознага і Баку.

«Юныя мсціўцы» — падпольная камсамольская арганізацыя ў п. Обаль Віцебскай вобласці. Створана вясной 1942 г. Узначальвала яе Ефрасіння Зянь­кова. У склдзе арганізацыі было каля 40 чалавек. Падпольшчыкі ажыц­цявілі 21 ды­версію. Арганізацыя была знішчана фашыстамі, многія яе члены былі арыш­таваны і закатаваны да смерці. З. Партновай (пасмяротна) і Е. Зяньковай пры­своена званне Героя Савецкага Саюза.