Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
36
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

Тэма 5. Ссср напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны

1. Мерапрыемствы па ўмацаванні абароназдольнасці краіны. Ідэалагічная работа напярэдадні Вялікай Айчынная вайны.

2. Народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны.

3. Ваенная рэформа ў СССР.

1. Мерапрыемствы па ўмацаванні абароназдольнасці краіны. Ідэала­гічная работа сярод насельніцтва.

Комплекс мерапрыемстваў Савецкага ўрада з мэтай умацавання абароназдольнасці меў наступныя накірункі: мерапрыемствы ў гаспадарчай палітыцы, ваенная рэформа і ваенныя прыгатаванні да вайны, а так сама ўнутраная сацыяльныя палітыка і ідэалагічныя мерапрыемствы. Важнай скла­даючай была так сама дыпламатычная гульня на супярэчнасцях унутры траіс­тага пакту.

У сярэдзіне 1920-х гг. у СССР пачалася індустрыялізацыя, у выніку якой была пабудавана моцная цэнтралізаваная прамысловасць. Эканамічнае развіццё CCCР праходзіла за кошт асваення ўсходніх раёнаў краіны (Паволжа, Урал, Сібір, Казахстан), якія знаходзіліся далёка ад заходняй мяжы і былі недасягальнымі для варожай авіяцыі, стварэння там новых прамысловых цэнтраў. У перадваенныя гады было ўведзена ў эксплуатацыю звыш 9 тыс. но­вых заводаў, фабрык, шахт.

Пераважнае развіццё атрымала цяжкая індустрыя — аснова ВПК. Былі пабудаваны такія гіганты, як Магнітагорскі, Кузнецкі і Нова-Тагільскі металур­гічныя камбінаты, ажыццёўлена тэхнічная рэканструкцыя вугальнай базы на Украіне, створаны новы вугальны басейн у Сібіры і на Урале, асвоены Волга-Уральскі нафтавы раён.

Магутнасці савецкіх танкавых і авіяцыйных заводаў вясной 1941 г. у 1,5 разы перавышалі германскую прамысловасць. Але камандная сістэма кіравання гаспадаркай дапускала пэўныя пралікі. Так, тэмпы выплаўкі сталі і чыгуну за 1938—1940 гг. узраслі ўсяго на 3%, у той час як выпуск сродкаў вытворчасці вырас на 53%, а прадукцыі машынабудавання на 76%. Наглядаўся востры дэфіцыт сыравіны, што адмоўна адбівалася на развіцці савецкай абарончай прамысловасці.

Ствараючы ваенна-эканамічны патэнцыял краіны, кіраўніцтва Савецкага Саюза імкнулася ўдасканальваць арганізацыю вытворчасці і ўмацоўваць дысцыпліну на прадпрыемствах і ва ўстановах. Згодна загаду Вярхоўнага савета СССР ад 26 чэрвеня 1940 г. ycе працоўныя пераходзілі на 8-гадзінны рабочы дзень i 7-дзённы рабочы тыдзень, актывізавалася барацьба за ўмаца­ванне дысцыпліны на вытворчасці, забаранялася самавольна пакідаць ра­бочыя месцы.

Значная частка падлеткаў і юнацкай моладзі была аб’яднана ў дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі, якія мелі важную ролю ў ідэйна-палітычным і ваенна-патрыятычным выхаванні дзяцей. Праводзілася падрыхтоўка моладзі да службы ў Чырвонай Арміі — праз ва­ен­ныя зборы, дзейнасць семінараў, арганізацыю курсаў інструктараў. Гэтыя мера­прыемствы спрыялі падрыхтоўцы кадраў, якія прайшлі спецыяльнае абучэнне ў ваеннай справе.

Адным з мерапрыемстваў па ўмацаванні абароназдольнасці краіны стала падрыхтоўка да партызанскай вайны на Беларусі на выпадак вайны з нацысцкай Германіяй ці Польшчай. Згодна з загадамі савецкага Генштаба стваралася заканспіраваная сетка дыверсійных груп і адзіночак у гарадах і на чыгунках, арганізаваліся манеўраныя партызанскія атрады, ствараліся базы забеспячэння ўсім неабходным. Так, у схронах былі закладзены боепрыпасы, амуніцыя, шмат харчавання, каля 50 тыс. вінтовак, 150 кулямётаў, узрыўчатка. Кіравалі гэтай работай партыйныя органы і камандуючы войскамі Беларускай ваеннай акругі І.П. Убарэвіч. Усяго было створана 6 тэрытарыяльных партызанскіх атрадаў — Бабруйскі, Барысаўскі, Мінскі, Мазырскі, Полацкі і Слуцкі, у складзе 300—500 прафесіяналаў, якія прайшлі абучэнне ў спецыяльных закрытых школах. На чале атрадаў стаялі вопытныя кіраўнікі — удзельнікі партызанкі ў гады першай сусветнай і антыпольскай партызанкі пачатку 1920-х гг. С.А. Ваўпшасаў, В.З. Корж, К.П. Арлоўскі, А.М. Рабцэвіч. Аднак, у 1937—1938 гг. гэтыя работы былі звернутыя — большасць «тайных» партызан было рэпрэсіравана, атрады ліквідаваны, схроны перададзены арміі. Гэта было вынікам рэпрэсій супраць генералітэту і афіцэрства Чырвонай Арміі, а так сама вынікам прыняцця новай ваеннай дактрыны — прэвентыўнага ўдару Чырвонай Арміі, якая не прадугледжвала акупацыі тэрыторыі СССР, а баявыя дзеянні планаваліся «на чужой тэрыторыі і малой крывёй». У выніку гэтага, у 1941 г. партыйнаму і ваеннаму кіраўніцтву ўсю работу па стварэнню падпольнай і партызанскай сеткі прыйшлося весці з нуля.

2. Народная гаспадарка БССР напярэдадні вайны.

За гады індустрыялізацыі Беларусь ператварылася ў індустрыяльна-сельска­гаспа­дар­чую рэспубліку. Былі створаны новыя галіны прамысловасці: станкабудаўнічая, сельска­гаспа­дарчага машынабудавання, цэментная, хімічная. Шырока вялося прамысловае будаўніцтва, асабліва ў заходніх абласцях БССР. Была ўведзена ў эксплуатацыю электрастанцыя ў Мазыры, а таксама другая чарга БелДРЭС. Ажыццяўлялася рэканструкцыя раней уведзеных прад­пры­емстваў.

Але перабольшваць поспехі беларускай прамысловасці не трэба — на тое былі свае натуральныя прычыны. У 1940 г. на Беларусі пражывала 4,8% насельніцтва СССР, у той жа час удзел рэспублікі ў агульнасавецкай вытвор­часці не перавышаў 2%. Натуральныя прычыны такога адставання бела­рускай прамысловасці вельмі простыя — БССР знаходзілася ў вельмі небя­спечнай прыгранічнай зоне — побач з верагоднымі ваеннымі праціўнікамі — Польш­чай, а потым і Германіяй. Развіваць цяжкую прамысловасць такім чынам тут не мела аніякай рацыі, да таго, на Беларусі не было ніводнага радовішча пры­роднай сыравіны, прыгоднай для развіцця цяжкай прамысловасці. А ў індустрыялізацыі савецкай краіны галоўны акцэнт быў зроблены менавіта на развіцці цяжкай прамысловасці. Тым не менш, гаварыць аб заняпадзе бела­рускай прамысловасці так сама няправільна, яна хутка развівалася, але гэта датычыцца галін, традыцыйных для рэгіёну — ільноапрацоўкі, дрэваапрацоўкі, харчовай і швейнай прамысловасці. Гэтыя галіны таксама працавалі і на аба­роназдольнасць краіны — яны забяспечвалі армію абмундзіраваннем, харча­ваннем і іншымі бытавымі рэчамі.

Важную гаспадарчую і ваенна-стратэгічную значнасць мела развіццё транс­партнай сістэмы. За кароткі час была рэканструявана ўся чыгуначная гаспадарка. Паскорана развіваўся аўтамабільны транспарт.

У сельскай гаспадарке наглядалася існаванне двух сістэм — калгасна-саўгаснай у цэнтры і на ўсходзе Беларусі і пераважна індывідуальна-падворных гаспадарак на захадзе Беларусі. Але гэтая сітуацыя была часовая — усеагульная калектывізацыя была толькі справай часу. Урад у перадваенныя гады пачаў праводзіць мерапрыемствы па эканамічнай стымуляцыі працы калгаснікаў. Уводзілася грашовая ці натуральная аплата за адпрацаваныя працадні, умацоў­валася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў i саўгасаў, павышаўся ўзровень механізацыі сельскагаспадарчых работ. Сялянам дазволілі мець асабістыя прысядзібныя гаспадаркі і нават жывёлу — гэта так званыя «сталінскія ка­ровы».

Аднак у калгаснай сельскай гаспадарцы назіраліся нізкая ўраджайнасць, адставанне развіцця жывёлагадоўлі, недахоп механізатараў i калгасных кадраў масавых спецыяльнасцей, пакуль яшчэ слабае выкарыстанне сельскага­спадарчых машын. Калгаснае кіраўніцтва не мела аніякай свабоды ў вырашэнні гаспадарчых пытанняў — яно вымушана было толькі выконваць загады з цэнтра — дзе мала што ведалі пра гаспадарчыя асаблівасці канкрэтнага рэгіёну.

Хуткае развіццё прамысловасці і механізацыя сельскай гаспадаркі запатрабавала вялікую колькасць кадраў, і менавіта ў 1940 г. пачалі стварацца навучальныя ўстановы па падрыхтоўцы кваліфікаваных рабочых. Былі створаны тры тыпы прафесійна-тэхнічных устаноў — рамесныя вучылішчы, чыгуначныя вучылішчы і школы фабрычна-заводскага навучання. Пашыралася сетка сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Інжынераў і спецыялістаў кіруючага рангу рыхтавала сістэма вышэйшай адукацыі. Ужо ў 1940 г. у БССР працавала 25 ВНУ.