Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Zadannie_II_-_Ranni_Novy_czas.doc
Скачиваний:
5
Добавлен:
16.11.2018
Размер:
140.8 Кб
Скачать

Заданне іі. Вялікае Княства Літоўскае і Рускае ды Вялікае Княства Маскоўскае: два варыянты эвалюцыі дзяржаўнасці ва ўсходняй Еўропе Позняга Сярэднявечча – Ранняга Новага часу.

Першая частка тэкстаў адносіцца да Вялікага Княства Літоўскага і Рускага, гэта дзяржаўныя (агульназемскія) дакументы (Прывілей 1592 г.) ды лісты Льва Сапегі, другая частка – да Вялікага Княства Маскоўскага: “Сказанне пра князёў Уладзімірскіх”, дакументы разраднага прыказу ВКМ. На іх аснове вам належыць вызначыць памуркі дзяржаўнага і сацыяльнага ладу двух княстваў, што змагаліся за панаванне над рускімі землямі, прапаноўваючы два розныя ідэалагічныя падыходы, погляды на само паняцце “Русь”. Параўнанне вам прапануецца зрабіць па наступных пазіцыях:

  • Дяржава і асновы дзяржаўнага ладу.

  • Крыніцы ўлады ў дзяржаўнай сістэме.

  • Манарх, яго роля ў дзяржаўнай і сацыяльнай сістэме.

  • Чалавек і дзяржава, чалавек і грамадства, чалавек і манарх.

У сувязі з абраннем на вялікакняскі стол ВКЛР, Аляксандар Ягелончык выдаў агульназемскі (агульнадзяржаўны) прывілей, працягнуўшы традыцыю, распачатую ягоным бацькам Казімірам.

Агульназемскі прывілей вялікага князя літоўскага і рускага Аляксандра Казіміравіча (Аляксандра Ягелончыка) 1492 г.

06.08.1492 г.

У iмя святой Тройцы i непадзельнага адзiнства, амiнь.

На вечную памяць аб справе.

Усе, што робiцца ў часе, знiкае ў памяцi людзей разам з часам i да ведама будучых не дойдзе, калi не будзе запiсана.

Таму мы, Аляксандр, з Божай ласкi вялiкi князь Лiтоўскi, Жамойцкi, а таксама земляў Pyci гаспадар i спадкаемец, прыняўшы пад увагу сталую вернасць найпачцiўшых, пачэсных, яснейшых, святлейшых, вяльможных, высакародных, шляхетных i асцярожных (circum spectorum) духоўных прэлатаў (praelatorum spiritalium) i свецкiх князёў (saecularium principum), паноў (baronum), баяраў (boiarorum) i мяшчан (ciuium) земляў Вялiкага Княства Лiтоўскага, Рускага, Жамойцкага i iнш., якую яны маюць на справе да нас, да нашай светласцi як да iсцiннага i законнага наступнiка1 i натуральнага2 гаспадара i заусёды iмкнуцца ў прышласць пэўна трымаць яе, пасля таго, як тэта добра падмацована ix дзейнасцю, мы палiчылi вартым, каб узнагародзiць ix узаемна за гэта дарамi i вольнасцямi i iншымi нашымi мiласцямi.

Па-першае, названым вышэй прэлатам (praelatis), князям (principibus), баронам (baronibus), нобiлям3 (nobilibus) i мяшчанам (ciuibus) названых земляў вялiкага княства Лiтвы, Pyci i Жамойцi мы далi, дазволiлi i беззваротна даравалi i гэтай граматай даём, дазваляем, даруем i саступаем на вечнасць, цалкам i поўнасцю, тыя правы (iura), вольнасцi (libertates) i палёгкi (immunitates) (iмунiтэты), якiя маюць прэлаты, князi, бароны, нoбiлi i мяшчане каралеўства Польскага. Але, каб з гэтай агульнасцi не магла вынiкнуць якая-колечы двусэнсiца, або сумненне ў будучыню, то самыя вольнасцi i кожную з ix мы ўхвалiлi падаць тутака ў наступным.

[…]

(§ 2). Мы таксама далi i тое, што не жадаем абмяжоўваць названых пралатаў, князёў, баронаў, нобiляў i мяшчан вызначаных земляў вялiкага княства Лiтвы, Pyci, Жамойцi або спаганяць якое-колечы пакаранне, як: пазбаўленне добраў, грашовыя штрафы, астрог, або кара смерцю, паводле даноса, нiводнага чалавека, або паводле абвiнавачвання публiчнага цi тайнага або хаця-б i па сур'ёзнаму падазрэнню caмix гэтых князёў, баронаў, нобiляў i мяшчан, пакуль спачатку на адкрытым судзе з захаваннем каталiцкага праўнага парадку, будзе ўстаноўлен(ы) персанальна iсцец i вiнаваты. Пасля суда i гэтага абвiнавачвання, згодна звычая i правоў як у каралеўстве Польскiм, яны павiнны будуць панесцi абмежаванне, паводле судовай ухвалы, у залежнасцi ад велiчынi i якасцi cвaix учынкау (debent castigah et sententiah, secundum suorum excessuum qualitatem et quantitatem).

[…]

(§ 4). Таксама згаджаемся на тое, каб вышэйвызначаныя князi, бароны, нoбiлi i баяры карысталiся неабмежаванай вольнасцю выхада з нашых земляў Вялiкага Княства Лiтоўскага i iнш., дзеля падшуквання лепшай фартуны i практыкавання ў вайсковых занятках, у якiя-колечы чужаземныя краiны, толькi за выключэннем краж нашых ворагаў, аднак, з тым, каб з добраў гэтых самых выходзячых не занепадалi нашы службы, але каб нам цi наступнiкам нашым, як бы ў ix прысутнасцi, што належыць было ўзнагароджана, выканана i адслужана.

(§ 5). Вышэйвызначаныя князi, бароны, нoбiлi i мяшчане бацькаўскiя добры або iм caмiм наданыя цi падараваныя праз святлейшага Гаспадара добрай памяцi Аляксандра iнакш Вiтаўта i iншых i наданнi, атрыманыя i зацверджаныя праз святлейшага Гаспадара Жыгiмонта i iншых няхай трымаюць i карыстаюцца i валодаюць iмi паводле данiн4, калi дакладна давялi гэта судовым рашэннем, або адпаведным пасведчаннем сведкаў, або праз падмацаванне граматамi. Няхай трымаюць ix па аднолькаваму праву як звыклi ўладаць князi, бароны, нoбiлi i мяшчане каралеўства Польскага i маюць неабмежаваную вольнасць продажы ix, перамены, адчужэння, падаравання i распараджэння, паводле сваей добрай волi, з тым аднак, каб гэтыя абмены, продажы, адчужэнні або падараваннi абвяшчaлi перад нaмi цi перад нaшымi ўрадоўцамi.

[…]

(§ 12). Перш i пераважна мы абяцаем i паручаемся, што дамiнiй або зямель Вялiкага Княства Лiтоўскага мы не паменшым але ix павялiчым у cвaix межах. Як нашы продкi i, у пpывaтнacцi князь Аляксандр, iнакш Biтaўт i Жыгiмонт,- трымалi i ўладалi, таксама i мы ix у цэласцi будзем трымаць, уладаць i захоўваць i, з божай дапамогай, паклапоцiмся ўciмi нашымi ciлaмi ix пашырыць i павялiчыць у адпаведны час.

(§ 13). У справах публiчнага дабра гэтага вялiкага княства нашага мы абавязваемся пасылаць веснiкаў цi пасланцоў пры неадкладнай у гэтым неабходнасцi, паводле рады нашых паноў, да замежных крат, як Масковiя, Заволжская Арда, Перакопская Арда, Валахiя, каралеўства Польскае, княства Мазавецкае, Прусiя, Лiвонiя, Пскоў, Вялiкi Ноўгарад, Цвер i Разань, згодна са звычаем, якi захоўваўся нашымi папярэднiкaмi, а таксама i да iншых некаторых правiнцый, куды запатрабуе неабходнасць i выгада дамiнiяў нашага княства Лiтоўскага. Таксама з якiмi землямi i дамiнiямi мы са здаўна маем запiсы, канфедэрацыi, саюзы i клятвенныя аб(ав)язацельствы светлага мipa, мы ix не жадаем разрываць, але, з божай дапамогай, будзем даводзiць ix да лепшага становiшча i павелiчэння.

(§ 14). Усе нарады i суды, якiя мы з нашымi панамi i раднымi вырaшылi, yxвaлiлi i заключылi, нi з кiм iншым абавязваемся не змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць.

(§ 15). Таксама, калi-б якія колечы пастановы i справы былi перададзены для абгаворвання ў раду з нашымi панамi i самым панам не спадабалiся, то за гэта мы не павiнны на ix гневацца, але будзем мы выконваць тое, што яны радзiлi нам дзеля нашай агульнай карысцi.

(§ 16). Саноўнiцтвы (дыгнiтарствы), трыманні i усе iншыя ўрады цi добры спадчынныя мы абавязваемся не раздаваць нiкому з чужакоў цi iншаземцаў, але толькi прыроджаным жыхарам. […]

(§ 17). Усе ўрады i дзяржавы, без нарады з нашымi раднымi нiкому намi не будуць раздавацца. Калi-ж хто з урадоўцаў будзе перад намi абвiнавачаны як разбурыцель i марнатраўца нашых добраў, то перад нaмi павiнен быць пастаўлены другi бок i, пасля заслухоўвання справы, вiнаваты пaвiнeн быць пакараны па заслугах. Але без вiны мы не маем права пазбаўляць яго пасады.

[…]

(§ 24). Судоў свецкiх мы абавязваемся не весцi або перадаваць ў суды духоўныя i наадварот, судоў духоўных, або спраў, падлягаючых да суда духоўнага абавязваемся нi весцi, нi пазываць i ўсе трымаць па старадаўняму як было пры жыццi нашага бацькi.

(§ 25). Плябеяў5, абавязваемся не адымаць у нобiляў, але ўсю набiлiю захоўваць у яе годнасцi.

[…]

(§ 27). Хто пры жыццi нашага бацькi шукаў дапамогi ў cвaix правах i справядлiвасцi, тым жадаем i абавязваемся без адтэрмiнавання (правалокi) учынiць усякую справядлiвасць з панамi нашай радай.

(§ 28). Мы, а аднолькава i паны-рада нашы, абавязваемся нiчога ня браць ад суда i не стаяць пры адным баку з прычыны фавора, але кожнага аднолькава судзiць, даследаваць або прыводзiць у выкананне выракi.

[…]

На вернасць i пасведчанне ўсяго гэтага мы загадалi падмацаваць гэту грамату нашай прывешанай пячаткай.

Дадзена ў Вiльнi ў панядзелак у самы дзень Ператварэння Гасподня, года 1492.

Пры гэтым былi прысутнымi сведкi нiжэйвызначаныя князi, прэлаты, бароны нашага вялiкага княства Лiтоўскага i мeнaвiтa.

Паважаны ў Хрысту айцец пан Альберт бiскуп Вiленскi,

Вяльможны i высакародны Мiкалай Радзiвiлавiч, ваявода Вiленскi наш кaнцлep,

Пётр, ваявода Трокскi, маршалак земскi,

Ян Забярэзiнскi, кашталян Трокскi, дзяржаўца на Полацку,

Станiслаў Янавiч Кежгайла, староста зямлi Жамойцкай ,

Князь Аляксандр з Гальшан, дзяржаўца Горадзенскi i iншыя вельмi многiя дыгнiтарыi, урадоўцы i дваране прыдворныя нашы, уласная рада Гаспадара вялiкага князя.

У 1588 г., у сувязі з выданнем трэцяй рэдакцыі літоўскага Статуту, падканцлер ВКЛР Леў Іванавіч Сапега выступіў з двума лістамі: першы быў звернуты да Гаспадара Жыгімонта ІІІ Вазы, другі – да ўсіх станаў (саслоўяў) Вялікага Княства. У іх мысьляр і дзяржаўны дзеяч тлумачыць, абгрунтоўвае і абараняе прынцыпы дзяржаўнага ладу Княства.

Зварот падканцлера ВКЛР Л.І. Сапегі да караля польскага, вялікага князя літоўскага Жыгімонта ІІІ Вазы з нагоды прыняцця ІІІ рэдакцыі Статуту ВКЛР.

Найяснейшаму пану, пану Жыкгімонту Трэцяму, Божай міласцю каралю польскаму, вялікаму князю літоўскаму, рускаму, прускаму, жамойцкаму, мазавецкаму, інфлянцкаму і іншых. Тою ж Божай міласцю Гаспадару і каралю дзедзічнаму6 шведскаму, гоцкаму, вандальскаму і вялікаму князю фінлянцкаму, пану ды гаспадару, пану майму міласціваму.

Былі тыя часы, найяснейшы міласцівы Гаспадару каралю, калі ў тым зграмаджэнні ды паспольстве людскім, якое мы рэччу паспалітай7 называем, не правам якім пісаным або статутам, але толькі сваім зданнем і ўпадабаннем8, уладнасць сваю гаспадары і каралі таго свету над людзьмі расцігалі9. Але ж частакроць ад належнай сваёй павіннасці адступалі, ды, на свой толькі спажытак рэчы скіроўваючы, аб супольным і добрым для ўсіх мала дбалі, адтуль тое было ўрасло, што людзі, брыдучыся іх панаваннем і ўладай, не гаспадармі, але тыранамі іх называючы, на самім толькі статуце і праве апісаным усю бяспеку і дабро для рэчы паспалітай грунтавалі. А пра гэта яшчэ вялікі і славуты філосаф грэцкі Арыстоцель паведаў, што там “бельлуа”, а па-нашаму – дзікі звер, пануе, дзе чалавек водле ўпадабання свайго ўладнасць сваю расцігае, а дзе зноў права або статут гару маюць, там сам Бог усім уладарыць. А тая гэтага ёсць прычына, што права ёсць, як яго іншы знакаміты мудрэц уславіў, тым праўдзівым разважаннем і мудрай розуму чалавечага ўласцівасцю, якой Пан Бог натуру чалавека надзяліць пажадаў, каб водле таго прыстойнага і мудрага разважання жыццём чалавечым так кіраваў, як бы таго, што ёсць добрапрыстойнага, заўжды прытрымліваўся, а непрыстойнага – каб асцерагаўся. Але бо ня ўсіх так прырода стварыла, абы болей розуму, чым маёмасцяў сваіх ды бестыяльскіх10 намераў у спадчыну атрымалі, то цуглі або муштук на нахабнікаў Пан Бог і права яго святое ўлажылі, абы за тыя непрыстойныя справы свае слушную кару, а цнатлівыя11 прыстойную плату, атрымалі. І гэта ёсць мэта і вынік усіх правоў на свеце, тым усе паньствы і каралеўствы стаяць і ў цэласці сваёй захаваныя бываюць, дзе ліхія помсту, а добрыя ўзнагароду атрымліваюць, чаго ж заўсёды тыя баяцца, каторым свая воля мілая, а розум ім за непрыяцеля: радыя бы тыя цуглі з сябе скінуць, а правы ўсе, абы над імі не панавалі, радыя б на нішто абярнуці. Паказала сябе тое ў тыя часы ў тых каралевічах і юнаках рымскіх, калі ў часы радаў сенатарскіх, каб цяжкі цяжар панавання каралеўскага або тыранскага з сябе злажыці, а правам апісаным каб сабе радзіць – усялякім чынам таму перашкаджалі юнакі, абы ніякага такога права над сабой ня ведаць, бо казалі, што права бывае глухое, і такое, якое сябе ўпрасіць не дасць, калі ў чым чалавек зробіць злачынства, ня бачыць розніцы між убогім і багатым. А ў пана, аднак, ёсць месца літасці і апекі, ёсць погляд на асобы. А так лепей пад самай каралеўскай уладай жыці, а чым сябе ў такую небяспеку ўдаваці, каб на самім толькі невінаватым жыцці і выкананні правоў шчасце сваё чалавек грунтаваць меў. Такая, распавяду, думка ёсць, і заўжды будзе людзей свавольных ды неўтаймаваных, якім пагроза права ёсць нямілая, а разбэшчанай іх сваёй волі заўжды агідная, што мы, усё прадугледзеўшы, найяснейшы міласцівы Гаспадар, за шчаслівы народ сябе лічым, якому Пан Бог такіх гаспадароў і продкаў Вашае каралеўскае міласці даці зрабіў ласку, якія ня толькі водле волі і ўпадабання свайго над намі ўладу сваю гаспадарскую расцігаці мелі, але і самі нам прыкладам да таго былі, абы мы сабе правы, як найбольшую варту паспалітай вольнасці, стваралі і большага ўладнага вяршэнства гаспадарскага над сабой не дазвалялі, адно пакуль бы ім пэўную мяжу панавання над намі правы замералі, за што славу неўміручую ў памяцях нашых сабе пакінулі. Так, пагатоў, Вашая каралеўская міласць, наш літасцівы пан, імя сваё вялікае між намі вырашыў учыніць, што статут новы, а ў многіх месцах ад людзей мудрых, а ў правах абазнаных, з народу нашага на тое абраных, папраўлены, на тым першым выступе панавання свайго вырашылі нам падцвердзіці. А каб усе суды ў тым панстве Вашае каралеўскае міласці, слаўным Вялікім Княстве Літоўскім, так спраўляць, з ласкі сваёй гаспадарскай вырашылі нам дазволіці, тады я, ад імя ўсёй Рэчы Паспалітай Вашай каралеўскай міласці, свайму літасціваму пану, пакорліва за такую міласцівую ласку дзякую. А паколькі тую працу на сябе ўзяў, каб той статут у друк аддаць, яго ж Вашай каралеўскай міласці прысвячаю, як найвышэйшаму вартаўніку ўсіх правоў і вольнасцяў нашых, Пана Бога просячы, каб ён духам мудрасці і ўсялякай дзельнасцю Вашаю каралеўскую міласць адарыці пажадаў, каб над намі Вашая каралеўская міласць так шчасліва і доўга панаваў, каб і хвала Пана Бога ўсемагутнага праз Вашаю каралеўскую міласць памножаная, і ўся Рэч Паспалітая ў цэласці і ў спакоі была захаваная, а так святалюбівае над намі Вашае каралеўскае міласці панаванне тут, на гэтым свеце, з славаю неўміручаю, а па смерці платай вечнага жыцця было ўзнагароджана. З тым найніжэйшыя службы мае, з верным падданствам ласцы Вашае каралеўскай міласці, шчыра прысвячаю.

Пісана ў Берасці, у год ад нараджэння Сына Божага 1588, месяца снежня першага дня.

Вашае каралеўскае міласці пана, пана майго міласцівага, найніжэйшы слуга і верны падданы Леў Сапега, падканцлер Вялікага Княства Літоўскага.

Зварот падканцлера ВКЛР Л.І. Сапегі да ўсіх станаў (саслоўяў) рэчы паспалітае Вялікага Княства Літоўскага з нагоды выдання трэцяй рэдакцыі Статуту ВКЛР (1588 г.).

Усім станам Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега, падканцлер Вялікага Княства Літоўскага, староста слонімскі, маркаўскі і мядзельскі, дабраахвотныя і зычлівыя службы свае прысвячаю.

Бачылі тое ўсіх вякоў людзі мудрыя, што ў кожнай рэчы паспалітай чалавеку прыстойнаму нішто ня можа быць даражэйшага за вольнасць, а няволяю так мае гідзіцца, што ня толькі скарбамі, але й смерцю яе ад сябе адганяці павінен. А таму людзі прыстойныя ня толькі маетнасці12, але і горлаў13 сваіх супраць кожнага непрыяцеля выносіць не шкадуюць, абы толькі пад іхняе жорсткае панаванне не патрапіць, ды, з вольнасці сваёй будучы вырванымі, водле волі і задумак іхніх як нявольнікі ня мусіць жыці. Але мала было б з таго [карысці – заўв. перакл.], як бы чалавек з няволі ад прыйшлага непрыяцеля быў вольны, калі б дамовага14 непрыяцеля над сабой трываць мусіў. Тады той мунштук альбо цуглі на ўтаймаванне кожнага свавольцы было вынайдзена, абы, баючыся права, ад кожнага гвалту і парушэння караны быў, а на слабейшым і горшым ня пасвіўся ды ўціскаці яго ня мог, бо для таго правы ёсць пастаўленыя, абы багатаму ды моцнаму ня ўсё было вольна чыніці. Як Цыцэрон казаў, мы мусім быць нявольнікамі правоў для таго, каб вольнасцямі карыстацца маглі. А калі чалавеку прыстойнаму нічога няма мілейшага за тое, каб, ў айчыне сваёй бяспечна жывучы, не баяцца, абы яго хто добрую славу яго запэцкаў, альбо целе ды на здароўі яго пакрыўдзіў, альбо таксама на ўласнай маёмасці яго пакрыўдзіці мог, тады ні на што іншае, адно на права спадзявацца мае, за якім ад кожнага ў спакоі сядзець, а ніякага гвалту, абылгання ды ўкрыўджвання на сябе ня несці, бо гэта мэта і сэнс усіх правоў ёсць і мае быць на свеце, каб кожны добрую славу сваю, здароўе і маёмасць у цэласці меў, а на тым усім ніякага прыціску не трываў. І тое ёсць нашая вольнасць, якую мы між іншымі народамі хрысціянскімі ўхваляем, што пана, які б паводле волі сваёй, а ня водле правоў нашых панаваў, над сабой ня маем, а як славай прыстойнай, так і жыццем і маёмасцю сваёй вольна карыстаемся. Бо хто б кольвек з тых трох рэчаў у чым нам пакрыўдзіць і паводле ўпадабання свайго, а ня водле правоў нашых, над намі пасвіцца меў, той бы ўжо ня панам нашым, але сказіцелем [ад слова “скажаць” – заўв. перакл.] правоў і вольнасцяў нашых быў, а мы б нявольнікамі яго быць мусілі. І слушна за праўду маем, за што Пану Богу дзякаваці, што пад панаваннем каралёў Іх міласці і вялікіх князёў, паноў нашых, тую ўладу і вольнасць у руках сваіх маем, ды правы самі сабе ствараючы, як найбольш можам, вольнасць сваю ў ва ўсім сцеражэм, бо ня толькі сусед ды паспаліты наш абываталь15 ў айчыне, але й сам Гаспадар, пан наш, ніякага вяршэнства над намі ўжываць ня можа, адно толькі, колькі яму права дазваляе. Таму, маючы такі скарб у руках нашых, які ніякай сумай праплочаны быць ня можа, належыць кожнаму прыстойнаму чалавеку, абы пра яго ведаў, а, будучы добра абазнаным, каб сам сябе і заганы свае ўтаймоўваў, і паводле права пісанага справаваўся, а нікога не крыўдзіў, так, калі кім быў пакрыўджаны, каб ведаў, дзе абароны і лекаў у крыўдзе сваёй шукаці мае, бо як адзін сенатар рымскі іншага папракаў, што права айчыны сваёй ня ведае, так кожны абываталь належыць ганьбаванню, які вольнасцю сваёй грэбуе і правоў сваіх умеці і разумеці не жадае, каторым правам усю вольнасць сваю абароненай мае. А калі якому народу сорамна правоў сваіх ня ведаці, то, пагатоў, нам, якія не чужынскай мовай якою, але сваёю ўласнаю правы пісаныя маем і ва ўсялякі час, калі ў чым нам патрэба да адпору ўсялякай крыўдзе, ведаці можам. А паколькі тая цяжкасць раней нямала значыла, што ня кожны статут мог меці з-за цяжкага і доўгага перапісвання, тады і ў тым, аб гэтай патрэбе кожнага абываталя клапоцячыся і пажытку рэчы паспалітае служачы, наважыўся тую працу на сябе ўзяць, а грошай і сродкаў сваіх не шкадуючы, абы тое ў друк падаў ды дарогу лацвейшую ды спраўнейшую кожнаму да ведання права паказаў, калі ж тое ўжо ў сваіх руках кожны, хто пажадае, меці зможа. Прашу, майце ласку ж, вашы міласці, тую працу ад мяне ўдзячна прыняці, а, маючы вольнасці свае, правам добра абароненыя, за тым сачыце, каб да судоў і да трыбуналаў ня толькі людзей добрых і тых, што правы нашыя добра ведаюць, абіралі, але тых, хто баіцца Пана Бога, ды цнатлівых, якія б не для пажытку свайго ды на шкоду бліжняму, для хабараў сваіх і для падарункаў правы выкручвалі, але, простым шляхам ідучы, святую праўду і справядлівасць аберагалі, а тую вольнасць, з якой цешымся, цэлай нам захавалі. З тым сябе ласцы і міласці вашмосцяў братэрскай аддаю.

Першым у шэрагу “маскоўскіх” дакументаў вам прапануецца “Сказанне аб князях Уладзімірскіх”. Гэты тэкст быў створаны ў канцы XV – пачатку XVI стст. у Маскоўскай дзяржаве, напісаны ў летапіснай манеры, на аснове шэрагу больш старажытных крыніцаў, але з выключна ідэалагічнымі мэтамі. Дакумент уяўляе сабой кароткую гісторыю паходжання ўладзімірскага княскага дому (з якога выходзілі князі маскоўскія), а таксама, калі так можна сказаць, паходжання ўлады гэтага дому.