Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
01-Гіст-БМ_студ-2013.doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
20.02.2016
Размер:
144.9 Кб
Скачать

(XIX-xxі стст.)

У канцы XVIII ст. пасля трох падзелаў Рэчы Паспалiтай паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй беларускія землі апынуліся ў складзе Расiйскай Iмперыi, дзе канчаткова страцілі сваю дзяржаўнась і нават сваю этнічную назву, пераўтварыўшыся ў «Северо-Западный край». Афіцыйная навука разглядае беларускую мову як дыялект рускай мовы, а беларусаў – як рускую народнасць. Менавіта гэта адкрывае дарогу рускаму заканадаўству, рускім школам, афіцыйнай рускай мове.

Нягледзячы на неспрыяльныя ўмовы, нацыянальная свядомасць беларусаў абуджалася. У асяроддзі маладых навукоўцаў-беларусаў, выхаваных на традыцыях польскай і рускай культур, умацоўваецца разуменне самабытнасці беларускага народа. У літаратуру прыходзяць першыя беларускiя паэты адраджэнскай пары Ян Чачот, Уладзiслаў Сыракомля. У хуткiм часе з’яўляюцца новыя дзеячы беларускай культуры: Ян Баршчэўскi, Аляксандр Рыпінскі, Вiнцэнт Дунiн-Марцiнкевiч, якія аказалі значны ўплыў на фармiраванне беларускай мовы.

Другая палова XIX ст. – час жорсткага ваенна-палiтычнага рэжыму на Беларусi. На Беларусi ўсë больш пашыраецца рэвалюцыйны рух, вядзецца падрыхтоўка да актыўнага паўстання, якое i адбылося ў 1863 годзе. На чале паўстання стаяў Кастусь Калiноўскi, выдатны публiцыст i прамоўца. У 1862 годзе ëн нелегальна пачынае выдаваць газету “Мужыцкая праўда”, дзе пад мянушкай “Яська- гаспадар з-пад Вiльнi” звяртаецца да сялян з заклiкам да змагання. Каб публiкацыi былi зразумелымi простым людзям, Калiноўскi звяртаецца да iх на тагачаснай жывой мове. Мова публiцыстыкi ўзбагачаецца грамадска-публiцыстычнай лексiкай (братняя роўнасць, справядлiвасць), лексiкай сацыяльнага зместу (аброк, асэсар, губернатар), абстрактнай лексiкай (вольнасць, сын свабоды), агульнавядомыя словы ў публiцыстыцы набываюць грамадска-палiтычнае гучанне (гора, нядоля). Каб не дапусцiць росквiту беларускай незалежнай дзейнасцi, распачатай Кастусëм Калiноўскiм, у 1867 годзе расiйская ўлада забаранiла ўвесь друк на беларускай мове, што стала цяжкiм ударам для беларускага нацыянальнага адраджэння.

Ва ўмовах жорсткага нацыянальнага i сацыяльнага ўцiску беларуская нацыянальная лiтаратура i беларуская мова развiвалiся як сродак духоўнага жыцця народа, сродак барацьбы за сацыяльнае i нацыянальнае вызваленне. Францiшак Багушэвiч, вядомы дзеяч XIX ст., першым загаварыў пра беларускую мову як пра важнейшы элемент нацыянальнай культуры i ўзняў пытанне аб лëсе яе развiцця.

У другой палове актыўна працуюць вядомыя этнографы, збiральнiкi беларускага фальклору Еўдакiм Раманаў, Павел Шэйн, Мiхал Федароўскi, Уладзiмiр Дабравольскi i iншыя, якiя ў сваiх даследчых працах сцвердзiлi, што хоць беларускi народ i зняволены, але ëн не памëр – яго мова i культура працягваюць свой гiстарычны працэс. У 1870 годзе выйшаў першы “Слоўнiк беларускай мовы” Iвана Насовiча, дзе змяшчалася больш за трыццаць тысяч слоў з тлумачэннямi, давалiся звесткi пра духоўную i матэрыяльную культуру, сямейны i грамадскi побыт беларусаў. У той жа час заснавальнік беларускай філалогіі, прафесар Яўхім Карскi піша вялiкую i грунтоўную працу “Беларусы” аб беларускай культуры, фальклоры, мове i гiсторыi.

Канец XIX ст. пазначаны актывiзацыяй лiтаратурнага руху: пiсьменнiкi ствараюць творы на беларускай мове, развiваецца маладая лiтаратура, фармiруецца новая літаратурная беларуская мова. Тэматыка твораў абмежавана жыццëм, побытам мясцовага насельнiцтва, таму на яго i арыентавана, мова мае народны характар, з’яўляецца простай i жывой.

У вынiку пэўных дэмакратычных заваëў першай рускай рэвалюцыi, рускi царызм зняў некаторыя забароны, у вынiку чаго змянiлiся ўмовы культурнага развiцця народаў Расii. У 1905 годзе з'явiўся закон аб свабодзе друку, якi здымаў абмежаваннi ў карыстаннi нацыянальнымi мовамi. Нягледзячы на тое, што беларуская мова не дапускалася ў школы i справаводства, пачалі выходзiць першыя легальныя выданнi, адкрыліся выдавецтвы. Друкавалiся беларускiя кнiгi “лацiнкай” (лiтарамi лацiнскага алфавiта), або “грамадзянкай” (лiтарамi рэфармаванага кiрылаўскага алфавiта). У друку выпрацоўвалiся спосабы перадачы беларускай мовы, што з'явілася важным крокам у апрацоўцы жывой мовы i ўзняццi яе да лiтаратурнай.

Першая беларуская легальная газета “Наша доля” выходзiць у Вiльнi ў 1906 годзе. У гэтай газеце друкавалiся Якуб Колас, Янка Купала, Цëтка (Алаiза Пашкевiч), Ядвiгiн Ш. і інш. Газета была вельмi радыкальнай, чым адразу i вылучылася. Яна стала не толькi лiтаратурным, але i грамадска-палiтычным органам, таму была лiквiдавана расiйскай уладай. Аднак у хуткiм часе яна выйшла пад назвай “Наша нiва” (1906-1915 г., выданне адноўлена ў 1995 г.). Газета стала сапраўды народнай, грамадскiя масы адчулi ў ëй патрэбу, таму што “Наша нiва” гаварыла пра самае набалелае. Вакол яе аб’ядноўвалiся моцныя лiтаратурныя сiлы, якiя i рыхтавалi газету: браты Луцкевiчы, Змiтрок Бядуля, Сяргей Палуян, Янка Купала, Якуб Колас, Алесь Гарун, Максiм Багдановiч, Максiм Гарэцкi, Алаiза Пашкевiч, Вацлаў Ластоўскi. У творах маладых беларускiх пiсьменнiкаў удасканальвалiся i замацоўвалiся нормы, найбольш агульныя моўныя рысы, характэрныя для ўсiх беларускiх гаворак.

Асноўныя нормы літаратурнай мовы пачалі складвацца стыхійна толькі ў першым дзесяцігоддзі (1906-1915 гг.) з развіццём легальнага функцыянавання беларускага друку.

У пачатку ХХ ст. выдаюцца газеты “Беларусь” (1913-1915 г.), “Гоман” (1916-1917 г.), “Дзяннiца” (1916 г.), “Светач” (1916 г.), часопiсы “Маладая Беларусь” (1912 г.), “Лучынка” (1914 г.) i iншыя. У Пецярбурзе ствараецца выдавецкая суполкаЗагляне сонца i ў наша аконца”, якая за час свайго iснавання выпусцiла ў свет каля сарака кнiг, сярод якiх былi кнiгi Янкi Купалы, Францiшка Багушэвiча, Вiнцэнта Дунiна-Марцiнкевiча. У Вiльнi з’яўляецца “Беларускае выдавецкае таварыства”, дзе выйшлi кнiгi Максiма Гарэцкага, Ядвiгiна Ш., Канстанцыi Буйло. Усë гэтае спрыяла фармiраванню беларускай лiтаратурнай мовы. Беларускiя пiсьменнiкi творча выкарыстоўвалi жывую народную мову i гэтым садзейнiчалi стварэнню норм лiтаратурнай мовы, замацаванню i паступоваму пашырэнню арфаграфiчных норм у тагачаснай пiсьменнасцi.

У XX ст. беларуская мова ўступіла неўнармаванай і некадыфікаванай Паколькі адсутнічала ўласная дзяржаўнасць, беларуская мова была забаронена ў грамадскім жыцці, працэс складання яе літаратурнай формы працякаў вельмі запаволена і расцягнуўся больш чым на стагоддзе.

У 1918 г. ў Вільні выходзіць“Беларуская граматыка для школ” Бранiслава Тарашкевiча, выдадзеная кірыліцай і лацінкай. Тарашкевіч апісаў усе ўзроўні моўнай сістэмы з пункту гледжання іх нарматыўнасці, выкладзеныя ў граматыцы арфаграфiчныя правiлы грунтавалiся на фанетыка-марфалагiчных асаблiвасцях цэнтральных беларускiх гаворак. З выхадам граматыкі Б.Тарашкевіча пачаўся працэс стабілізацыі правапісных норм літаратурнай мовы.

У ХХ-ХХІ стст. беларуская мова зазнала пэўныя змены. Гэта

  • пастанова саўнаркама БССР “Аб зменах i спрашчэннi беларускага правапiсу”(1933 г.);

  • пастанова Савета Мiнiстраў БССР «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу» (1957 г.)

  • Закон Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.

(№ 5) 31 лiпеня 1920 года была абвешчана Дэкларацыця аб незалежнасцi БССР, згодна з якой на Беларусi абвяшчалiся чатыры дзяржаўныя мовы : беларуская, руская, польская, яўрэйская. Былi створаны неабмежаваныя ўмовы для развiцця беларускай мовы. Сферы прымянення беларускай мовы:

  • Навука. У 20-я гг. адбывалася станаўленне беларускай навукi. 1 лiстапада 1921 года быў адкрыты Беларускi дзяржаўны ўнiверсiтэт. У лютым 1921 г. з мэтай распрацоўкi навуковай тэрмiналогii ва ўсiх галiнах ведаў была створана навукова-тэрмiналагiчная камiсiя, перад якой спачатку была пастаўлена задача выпрацаваць тэрміны ва ўсіх галінах навукі ў аб'ёме сярэдняй школы, але потым рамкі яе дзейнасці былі пашыраны ў напрамку апрацавання ўсёй беларускай тэрміналогіі. За перыяд 1921-1926 гг. камісія падрыхтавала больш за дваццаць тэрміналагічных зборнікаў: па граматыцы, літаратуразнаўству, батаніцы, матэматыцы, геаграфіі, псіхалогіі і інш. На аснове навукова-тэрмiналагiчнай камiсii сфармiраваўся і пачаў сваю дзейнасць Iнстытут беларускай культуры (Iнбелкульт), у арганiзацыi i працы якога прынялi ўдзел Я. Карскi, I. Луцэвiч (Янка Купала), К. Мiцкевiч (Якуб Колас), Я. Лёсiк, С. Плаўнiк (Змiтрок Бядуля) i iнш. Нязменным сакратаром Iнбелкульта (1926 – 1928) быў вядомы грамадскi i навуковы дзеяч Вацлаў Ластоўскi. У 1929 г. на аснове Iнбелкульта была створана Акадэмія навук БССР.

  • Беларуская мова стала мовай ўрада ў рэспублiцы.

  • Справаводства. 15 лiпеня 1924 г. ЦВК прыняў пастанову аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай дзяржаўнай палiтыкi. Працу ўсiх дзяржаўных устаноў трэба было перавесцi на беларускую мову, што i было зроблена да пачатку 30-х гг.

  • Мастацкая літаратура. Кола культурных працаўнiкоў увесь час папаўнялася маладымi сiламi, якiя гарэлi жаданнем выказаць свае думкi i пачуццi на роднай мове. У 20-я гады фармiруюцца i дзейнiчаюць першыя беларускiя лiтаратурныя аб’яднаннi (“Маладняк”, “Узвышша”, “Полымя”). З Маладняка выйшлi такiя таленавiтыя пiсьменнiкi, як Кузьма Чорны, Кандрат Крапiва, Мiхась Зарэцкi, Мiхась Лынькоў, Максiм Лужанiн i iнш. У аб’яднанне “Полымя” ўваходзiлi Янка Купала, Якуб Колас, Цiшка Гартны, Мiхась Чарот. Адыход ад прапагандысцкiх форм да сапраўднай лiтаратурнай творчасцi прывëў да выхаду з “Маладняка” i стварэнню новага лiтаратурнага аб’яднання “Узвышша” К. Чорнага, Ул. Дубоўку, Я. Пушчу, А. Бабарэку, З. Бядулю, К. Крапiву. Узнiкненне літаратурных аб’яднанняў было выклiкана пошукам новых шляхоў у мастацтве, што часам садзейнiчала ўзнiкненню групавых iнтарэсаў i барацьбы, аднак адначасова – i шматстайнасцi поглядаў, лiтаратурных форм.

У 20-х гг. ХХ ст. з дапамогай мастацкага слова, перыядычнага друку, праз усе тыпы навучальных устаноў на беларускай зямлі трывала ўсталёўваецца адзіная і добра зразумелая для ўсіх літаратурная мова, што мела вырашальнае значэнне для паглыблення нацыянальнай самасвядомасці.

Аднак з пачатку 30-х гадоў гэты паступальны працэс быў перарваны. Паступова ўсталëўваецца практыка асабiстай улады, таталiтарны рэжым, што вядзе да дэфармацыi нацыянальна-культурнай палiтыкi. Умовы развiцця беларускай мовы пагаршаюцца. У 30-я гг. скарацiлася колькасць беларускiх школ, народных дамоў; выданне газет i часопiсаў; справаводства пераводзiцца на рускую мову. У культурным жыцці панаваў жорсткі ідэалагічны кантроль, былі рэпрэсіраваны многія дзеячы беларускай культуры і навукі. Асаблiва значны ўрон рэспублiцы быў нанесены рэпрэсiямi. У лагерах i турмах загiнулi, Максім Гарэцкi, Уладзіслаў Галубок, Міхась Чарот, Максім Зарэцкi, Алесь Дудар, Павел Галавач, Зміцер Жылуновiч і іншыя беларускія дзеячы. Каля двух з паловай мiльёнаў чалавек падпала пад рэпрэсii.

У 1939 г. адбылася значная гістарычная падзея: заходнебеларускія землі ўз'ядналіся з Савецкай Беларуссю ў адзінай дзяржаве. У сувязі з гэтым на тэрыторыі былой Заходняй Беларусі распачаліся тыя самыя мерапрыемствы па беларусізацыі, як у 20-я гг. у БССР. І ў першую чаргу гэта адчувалася ў сістэме народнай адукацыі: беларуская мова шырока ўводзіцца ў навукова-адукацыйны працэс. У гэты час з’явілася цэлая пляяда маладых таленавітых беларускіх літаратараў, як М.Танк, В. Таўлай, Н. Тарас і інш.

У студзені 1941 г. ЦК КП(б) у процівагу былому афіцыйнаму курсу дзяржавы прымае спецыяльную пастанову аб вывучэнні беларускай мовы ў ВНУ, тэхнікумах і школах рэспублікі, што было непасрэдным вынікам распачатай у Заходняй Беларусі палітыкі беларусізацыі ў гэтай сферы.

Падчас Вялiкай Айчыннай вайны ад самых першых дзён жорсткіх баёў з нямецка-фашысцкімі акупантамі на старонкі перыядычнага друку прыйшло жывое беларускае слова. Сустрэча з родным словам падтрымлівала беларуса, бо кожны разумеў, што вораг зрабіў замах не толькі на свабоду народа, яго эканамічныя і палітычныя дасягненні, але і на духоўныя багацці, трывалым падмуркам якіх з'яўляюцца нацыянальныя мовы. Франтавыя агітатары працавалі з байцамі нярускіх нацыянальнасцей на іх роднай мове, выхоўвалі нацыянальную гордасць, імкнуліся шырока выкарыстоўваць пачуцці нацыянальнай свядомасці ў барацьбе з фашызмам.

Вялізныя і незаменныя страты нанесла беларускай культуры вайна нацысцкай Германіі супроць СССР. На фантах, у партызанскіх атрадах, у падполлі загінулі беларускія пісьменнікі і іншыя дзеячы культуры і навукі.

У пасляваенны час на Беларусь прыехалi спецыялiсты па будаўнiцтву, была абвешчана палiтыка iнтэрнацыяналiзацыi, што прывяло да пашырэння рускай мовы, размывання нацыянальнай самасвядомасцi.

У 50 – 80 гг.. сфера выкарыстання беларускай мовы рэзка звужаецца. Беларуская мова была выключана са сферы афіцыйнага ўжытку. Асноўнымі сферамі прымянення беларускай мовы з'яўляліся:

- Мастацкая літаратура. Амаль да сярэдзіны 80-х гг. беларуская культура развівалася ў межах ідэалагічнай зададзенасці і жорсткага партыйнага кантролю. Тым не менш у гэты перыяд з’явіліся такія таленавітыя літаратары як А. Адамовіч, В.Быкаў, Р. Барадулін, Г.Бураўкін, В.Зуёнак, І. Навуменка, Б.Сачанка, І. Чыгрынаў, І. Шамякін і інш.

- Публіцыстыка. Дзейнасць і артыкулы многiх прагрэсiўных дзеячаў культуры i навукi Беларусi крытыкавалiся. Нягледзячы на гэта, яны працягвалi сваю даследчую творчую працу.

- Гуманітарная навука. У гэты час выходзяць даследаванні па сучаснай беларускай мове, па яе гісторыі: “Курс сучаснай беларускай мовы” (1961 г.), “Курс сучаснай беларускай марфалогii” (1962 г.), “Гiсторыя беларускай лiтаратурнай мовы” (1963 г.), “Дыялектны атлас” (1963 г.), друкуюцца шматлікія слоўнiкi, энцыклапедыi («Руска-беларускі слоўнік» (1953 г.), «Беларуска-рускі слоўнік» (1962 г.) і інш.

- У адукацыі мова выкарыстоўвалася даволі абмежавана.Да сярэдзiны 80-х гг. у гарадах Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы, большая частка сельскіх школ лічылася беларускімі толькі намінальна.

Парадаксальным з'яўляецца той факт, што ўрад не праяўляў асаблівай заклапочанасці русіфікацыяй усіх сфер эканамічнага, грамадскага і культурнага жыцця. Імкненне выхоўваць савецкага чалавека інтэрнацыянальным прывяло да таго, што многія беларусы сталі безнацыянальнымі: страцілі ўсякую сувязь з мінуўшчынай, адмовіліся ад нацыянальных традыцый, забыліся на сваю родную мову і культуру. Толькi пiсьменнiкi, фiлолагi, мовазнаўцы, творчая інтэлігенцыя абаранялі беларускую мову, вялi барацьбу за права карыстацца роднай мовай. Значную ролю ў гэтым працэсе адыграла праца беларускiх пісьменнікаў, мовазнаўцаў.

Толькi з пачаткам перабудовы, у 1985 годзе змяняюцца ўмовы развiцця нацыянальнай мовы i культуры. Працэсы дэмакратызацыі грамадства, набыццё рэспублікай суверэнітэту абвастрылі, як ніколі раней, моўную праблему і абумовілі пачатак адраджэння беларускай мовы. У друку актыўна вядуцца спрэчкi, цi патрэбна нам беларуская мова, калi большасць насельнiцтва, асаблiва ў гарадах, гаворыць па-руску. Адказам на гэтае пытанне стаў Закон “Аб мовах у Беларускай ССР”, прыняты 26 студзеня 1990 года, згодна з якім беларуская мова стала дзяржаўнай мовай рэспублiкi. У артыкулах закона ў карэктнай форме былi сфармуляваны мэты нацыянальнага адраджэння, пры гэтым не былi прыгнечаныя правы нацыянальных меншасцей, руская мова заставалася мовай мiжнацыянальных зносiн. Была прынята Дзяржаўная праграма развіцця беларускай мовы (20 верасня 1990 г.), якая прадугледжвала паступовы перавод на беларускую мову ўстаноў навукi, культуры, сродкаў масавай iнфармацыi, органаў дзяржаўнай улады, справаводства, сферы абслугоўвання. Дзяржаўная праграма развiцця беларускай мовы была разлiчана на працяглы час, але ва ўмовах нацыянальнага нiгiлiзму, нізкага ўзроўню нацыянальнай свядомасці, традыцыйнай пакорлівасці і талерантнасці беларусаў, ранейшай русіфікацыі, складанай эканамiчнай сiтуацыi праграма выконвалася фармальна, а часам i зусiм не выконвалася. 14 мая 1995 года адбыўся рэферэндум, на якім большасць насельнiцтва выказалася за дзве дзяржаўныя мовы: беларускую i рускую, што было афiцыйна замацавана ў Канстытуцыi РБ 1996 года, артыкул 17.

Пачатак 90-х гадоў называлі беларускім Адраджэннем, прыйшло ўсведамленне значэння нацыянальнай ідэі і ідэалогіі як сродка выхавання і яднання беларускага народа. Аднак новыя рэаліі, якія ўзніклі ў пачатку ХХІ ст. з перспектывай яднання Беларусі і Расіі ў адзінай дзяржаве, маюць вынікам тое, што беларуская мова пакуль не выкарыстоўваецца нароўні з мовай рускай, не з'яўляецца рэальным сродкам зносін нацыі. Сучасны этап развіцця грамадства характарызуецца беларуска-рускім двухмоўем з перавагай рускай мовы ў асноўнай масы насельніцтва, асабліва ў гарадах. Гэта сітуацыя адлюстроўвае складаны працэс сутыкнення нацыянальнага адраджэння і інтэрнацыянальных умоў выжывання і прагрэсу.

Садзейнічаць нацыянальнаму адраджэнню змогуць новыя пакаленні беларусаў, адказныя за лёс уласнага этнасу. Нацыянальна спецыфічнае павінна быць прыярытэтным у жыцці беларуса, бо менавіта гэтым можна сцвердзіць сваю адметнасць сярод іншых нацый і народнасцей свету.

Беларуская мова прайшла складаны i цяжкi шлях развiцця i даказала, што яна здольная абслугоўваць усе сферы чалавечай дзейнасцi. Беларуская літаратурная мова, апрацаваная, унармаваная, поліфункцыянальная, выкшталцаваная майстрамі роднага слова, служыць сродкам выяўлення духоўнага жыцця народа, сродкам пiсьмовых i вусных зносiн памiж людзьмi беларускай нацыi.

Наталевіч В.Г. Паходжанне і гістарычнае развіццё беларускай мовы. Мінск, БКІК, 2004. – 21с.

4