Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
01-Гіст-БМ_студ-2013.doc
Скачиваний:
16
Добавлен:
20.02.2016
Размер:
144.9 Кб
Скачать

Ііі. Агульнаўсходнеславянская або старажытнаруская мова (IX – xiіі стст.).

У VI – VII стст. завяршылася рассяленне славян на велiзарнай тэрыторыi Еўропы. Археолагі вылучаюць некалькі этапаў засялення славянамі беларускіх земляў, якія да гэтага ўжо былі часткова асвоены балцкімі і ўгра-фінскімі плямёнамі. Апошняя хваля масавай славянскай міграціі на землі сучаснай Беларусі прыпадае на VI ст. н.э. Аселі тут пераважна плямёны крывічоў, палачан, дрыгавічоў, радзімічаў, якія мелі многа агульнага ў культуры і мове. З VI –VII стст. пачынаецца доўгі і няпросты шлях кансалідацыі гэтых славянскіх плямёнаў, а таксама балтаў і ўгра-фінаў, якія жылі тут раней у беларускую народнасць.

Славяне, на думку вучоных, прыйшлі на Беларусь хутчэй за ўсё з захаду (з басейна Віслы і Одэра) і, магчыма, з паўднёвага захаду (з берагоў сярэдняга і ніжняга Дуная). Яны прынеслі з сабой свае племянныя дыялекты праславянскай мовы, блізкія да гаворак заходніх суседзяў і суродзчаў – будучых палякаў, чэхаў, славакаў, украінцаў. Гэтыя дыялекты актыўна ўзаемадзейнічалі з балцкімі і ўгра-фінскімі гаворкамі мясцовага насельніцтва. Славянскія дыялекты паступова выцяснілі дыялекты балцкія, ад якіх засталася ў беларускай мове багатая тапаніміка, гідраніміка і некаторыя словы (дойлід, свіран, пуня).

На землях Усходняй Еўропы ў VIII-Х стст. адбываецца працэс утварэння дзяржаў. Асобныя плямёны паступова страчваюць сваю адасобленасць, сацыяльна-эканамiчнае развiццё прыводзiць да ўзнiкнення ў IX ст. раннефеадальнай дзяржавы з цэнтрам у Кiеве. Разам з фармiраваннем старажытнарускай дзяржавы фармiруецца i мова – агульнаўсходнеславянская або старажытнаруская, ў яе пісьмовай літаратурнай форме. Усходнія славяне карысталiся ёй пры наяўнасцi дыялектаў.

На мяжы VIII-ІХ стст. вакол Полацка (у пісьмовых помніках узгадваецца з 862 г.) пачало складвацца аб’яднанне крывічоў, якое ў далейшым сфарміравалася ў самастойную тэрытарыяльную, палітычную і эканамічную адзінку – Полацкае княства. Першая беларуская дзяржава з’яўлялася адным з буйнейшых і магутнейшых княстваў Усходняй Еўропы, якое паважалі ў еўрапейскім свеце, і якое сапернічала з Ноўгарадам і Кіевам у аб’яднанні зямель. У к.Х – першай палове ХІ ст. адзіным палітычным, адміністрацыйным і рэлігійным цэнтрам дрыгавічоў становіцца горад Тураў, які ў ХІІ ст. заваёўвае незалежнасць ад Кіева.

У межах новай моўнай тэрыторыі (княстваў) замест племянных дыялектаў моўнай адзінкай становяцца тэрытарыяльныя дыялекты, г.зн. гаворкі абласцей, якія маглі супадаць са старымі племяннымі дыялектамі, а маглі і не супадаць, паколькі з утварэннем феадальных княстваў, адбывалася пэўная моўная перагрупоўка і невіліроўка дыялектаў. Пры фарміраванні мовы беларускай народнасці ў выніку інтэграцыйных моўных працэсаў вядучымі сталі два дыялекты: паўднева-заходні (гаворкі Турава-Пінскага княства і Наўгародска-Гродзенскія гаворкі) і паўночна-ўсходні (гаворкі Полацкай і Смаленскай земляў).

У ІХ ст. адбылося далучэнне славян да хрысціянскай цывілізацыі ў яе грэка-візантыйскай форме. Разам з хрысціянствам на ўсходнеславянскія землі прыйшла пісьменнасць. Славянскі кірылаўскі алфавіт быў створаны у другой палове Х ст. на аснове грэчаска-візантыйскага ўстаўнога пісьма (якое характарызавалася прамым, строгім і выразным напісаннем літар). Стварэнне кірыліцы звязана з імёнамі выдатных славянскіх асветнікаў Канстанціна (Кірылы) і Мяфодзія.

Помнiкi старажытнарускай пiсьменнасцi IX-XIV стст. даюць магчымасць вылучыць тры асноўныя тыпы лiтаратурнай мовы таго часу:

1) кнiжна-славянскi або царкоўна-кнiжны тып прадстаўлены найбольшай колькасцю пiсьмовых помнiкаў. Самым раннiм помнiкам з’яўляецца славутае Астрамiрава Евангелле, перапiсанае са стараславянскага арыгiналу ў 1056-1057гг. дыяканам Грыгорыем па замове наўгародскага пасаднiка Астрамiра. Разам з перапiснымi богаслужбовымi тэкстамi ўзнiкалi i арыгiнальныя творы царкоўнай белетрыстыкi – казаннi, павучэннi, жыцii святых.

Узорам аратарскай мовы гэтага часу з’яўляюцца творы выдатнага старарускага аратара епiскапа Кiрылы Тураўскага, якi жыў у другой палове XII ст. i пры жыццi зваўся Златавустам. У XII ст. вялікую асветніцкую працу вяла Ефрасіння Полацкая. Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова яна надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры, дзе былі адчыненыя адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг.

2) Народна-лiтаратурны або свецка-мастацкі тып. Найбольш поўна гэты тып мовы адлюстроўваецца ў творах арыгiнальнай мастацкай лiтаратуры i летапiсах. Сюды адносіцца першы летапiс “Аповесць мiнулых гадоў” (складзены ў XII ст.), славутая паэма “Слова пра паход Iгаравы”(канец XIIст.), у якой змешчаны звескі пра полацкіх князёў, з іх асабліва цікавыя пра Усяслава. А таксама арыгінальныя творы: “Павучэнне” Уладзiмiра Манамаха (канец XI-пачатак XII ст.), “Маленне” Данiiла Заточнiка.

3) Дзелавы тып пiсьменнасці. Самым важным помнiкам дзелавой пiсьменнасцi старажытнага перыяду лiчыцца першы афiцыйны звод раннефеадальнага права старажытнай Русі “Руская праўда”. Яна была складзена ў XI ст. пры Яраславе Мудрым. Вядомымi з’яўляюцца даравальныя, дагаворныя, устаўныя граматы ХІІ-ХІІІ стст.

Пісьмовыя помнiкi IX-XI стст. характарызуюцца тым, што iх мова амаль пазбаўлена мясцовых асаблiвасцей. Дзе б нi ствараўся помнiк, характар яго мовы быў аднолькавым i рэдка траплялiся мясцовыя асаблiвасцi. Па яго мове нельга было вызначыць, дзе ён ствараўся, i дзеля гэтага iснавалi прыпiскi, хто i дзе яго пiсаў.

3