Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рефрерат бел яз.docx
Скачиваний:
36
Добавлен:
15.02.2016
Размер:
53.59 Кб
Скачать

Новы этап у гісторыі беларускай літаратурнай мовы звязаны з будаўніцтвам на пачатку 20-х гг. беларускай дзяржавы, якая стварыла неабмежаваныя ўмовы для яе выкарыстання і развіцця. Беларуская мова стала мовай дзяржаўных і грамадскіх устаноў, мовай школы і навукі, мовай мастацкай літаратуры і перыядычнага друку, радыё і тэатра. Пачалося сістэматычнае і глыбокае даследаванне фанетыкі, лексікі, граматычнага ладу беларускай літаратурнай мовы, выяўляліся тэндэнцыі яе далейшага развіцця.

Новы этап

У 20-я гады ХХ ст. у краіне друкуецца шмат газет як цэнтральных («Савецкая Беларусь», «Звязда» і г.д.), так і мясцовых («Магілёўская праўда», «Чырвоная Полаччына» і г.д.), дзе ў розных формах і прапорцыях былі прадстаўлены тэксты на рускай і беларускай мовах. Неабходна адзначыць, што на пачатку 30-х гадоў ХХ ст. на беларускай мове выходзяць 194 газеты (з 234), 27 часопісаў (з 30).

На гэтым этапе развіцця беларускай літаратурнай мовы ў сувязі з шырокім яе ўжываннем у розных сферах грамадскага жыцця паўстала вострая неабходнасць упарадкаваць яе правапісныя і лексіка-граматычныя нормы.

Гэту задачу фактычна выканаў Браніслаў Тарашкевіч, які ў 1918 годзе выдаў «Беларускую граматыку для школ». Пабудаваная на фактычным матэрыяле жывой народнай гаворкі, беларускіх дарэвалюцыйных выданняў і навуковых прац па роднай мове, граматыка Б.Тарашкевіча даволі паслядоўна вызначала граматычныя рысы беларускай мовы і дакладна сфармулявала яе правапісныя нормы. Яна стала першым удалым вопытам стварэння нарматыўнай граматыкі беларускай мовы, якая з 1918 па 1929 гады вытрымала 5 выданняў. На граматыку Б.Тарашкевіча арыентаваліся і іншыя мовазнаўцы. Так, Язэп Лёсік апублікаваў «Практычную граматыку» (1921) і падручнік «Беларуская мова. Правапіс» (1924).

Аднак і граматыка Б.Тарашкевіча, і іншыя падручнікі не змаглі дакладна вызначыць усе характэрныя рысы беларускай мовы і паслядоўна сфармуляваць іх у адпаведных граматычных правілах, адразу і канчаткова замацаваць граматычныя і арфаграфічныя нормы. Таму ў 20-я гады ХХ ст. разгарнулася шырокая дыскусія па пытаннях нармалізацыі беларускай літаратурнай мовы. Для ўпарадкавання норм роднай мовы ў лістападзе 1926 г. была склікана Акадэмічная канферэнцыя па рэформе беларускага правапісу і азбукі. Прапаноўвалася, напрыклад, увесці поўнае аканне і яканне, адмовіцца ад ужывання мяккага знака для абазначэння асіміляцыйнай мяккасці (параўн. сьнег — снег, насеньне — насенне, сьцяг — сцяг), перайсці на лацініцу і інш. Аднак Акадэмічная канферэнцыя таксама не змагла выпрацаваць адзіных рэкамендацый.

Для апрацоўкі матэрыялаў канферэнцыі і канчатковай выпрацоўкі праекта правапісу была створана спецыяльная Правапісная камісія. У 1933 быў выдадзены «Праект спрашчэння беларускага правапісу», на аснове якога Савет Народных Камісараў БССР прыняў пастанову «Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу», якая афіцыйна ўзаконьвала адзіныя і абавязковыя для ўсіх нормы беларускага правапісу і граматыкі.

У 1938 г. выходзіць пастанова СНК і ЦК ВКП (б) «Аб абавязковым вывучэнні рускай мовы ў школах нацыянальных рэспублік і абласцей». З гэтага часу пачынаецца мэтанакіраванае выцясненне беларускай мовы са сферы навучальна-выхаваўчага працэсу ў школе. Паступова беларуская мова выцясняецца і з многіх іншых сфер грамадскага жыцця.

Аднак праца па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы працягвалася. У 1957 г. Савет Міністраў БССР прыняў пастанову «Аб удакладненні і частковых зменах існуючага беларускага правапісу», праект якой быў абмеркаваны грамадскасцю. Пастанова анулявала шматлікія выключэнні з правілаў напісання тых ці іншых слоў і словаформ, якія дапускаліся папярэдняй пастановай і ўдакладніла іншыя правілы. Звод правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі, арфаграфічны слоўнік, граматыкі, розныя граматычныя даведнікі і лексікаграфічныя дапаможнікі, выдадзеныя з улікам гэтай пастановы, унеслі неабходную дакладнасць у правапіс слоў, урэгулявалі некаторыя ўзаемаадносіны паміж фанетычным і марфалагічным прынцыпамі беларускага правапісу.

Канец 30-х гг. — 80-я гг. ХХ ст. — гэта этап, калі руская мова фактычна выконвала ролю дзяржаўнай, выцесніўшы беларускую, таму што займала дамінуючае становішча ў сферах грамадска-палітычнага, адміністрацыйнага і вытворчага жыцця, дамінавала ў народнай адукацыі, рэспубліканскім друку.

Але нельга сказаць, што праца па ўдасканаленні беларускай літаратурнай мовы ў гэты час не праводзілася. Вялікую работу ў гэтым напрамку праводзілі мовазнаўцы, пісьменнікі і паэты. Новая беларуская мова імкліва праявіла і рэалізавала свае багатыя творчыя патэнцыі ва ўсіх кірунках літаратурных мастацкіх жанраў: паэзія (П.Броўка, П.Глебка, М.Танк, П.Панчанка, А.Куляшоў, Л.Геніюш, Р.Барадулін і інш.), проза (К.Чорны, М.Лынькоў, Я.Брыль, І.Мележ, У.Караткевіч, В.Быкаў, І.Шамякін, І.Навуменка, У.Арлоў і інш.), драматургія (У.Галубок, К.Крапіва, А.Маўзон, А.Макаёнак, А.Дудараў і інш.).

У 1990 г. быў прыняты Закон «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь», у адпаведнасці з якім беларускай мове быў нададзены статус дзяржаўнай. Закон прадугледжваў аднаўленне беларускай мовы найперш у сферы афіцыйна-дзелавога ўжытку, у адукацыі. 14 мая1995 г. адбыўся першы агульнарэспубліканскі рэферэндум, дзе большая частка насельніцтва выказалася за дзяржаўнае двухмоўе, г.зн. беларуская і руская мовы могуць раўнапраўна выкарыстоўвацца як дзяржаўныя ў розных сферах жыцця рэспублікі. Улічваючы большую пашыранасць рускай мовы ў беларускім грамадстве, такое раўнапраўе дзвюх моў фактычна стварае пэўныя перавагі для рускай мовы.

Тым не менш аптымістычныя падставы для паўсюднага выкарыстання беларускай мовы ў грамадскім жыцці краіны ёсць, таму што, па-першае, па дадзеных апошняга перапісу (1999), звыш 70 % насельніцтва Беларусі прызнала беларускую мову роднай, а каля 40 % жыхароў рэспублікі карыстаюцца ёю рэгулярна ў сваіх бытавых надзённых справах, дома. Звыш сямі мільёнаў носьбітаў беларускай мовы здольны ў належных сацыяльных варунках зрабіць менавіта сваю мову, родную, выпрацаваную і выпакутаваную некалькімі пакаленнямі нашых землякоў, універсальным сродкам праяўлення свайго багатага духоўнага патэнцыялу. Па-другое, нашым народам створаны адзін з найбагацейшых у Еўропе фальклор і адметнае беларускае прыгожае пісьменства, дзе прадстаўлены арыгінальны светапогляд беларусаў, адлюстраваныя на пісьме светаадчуванне і бачанне навакольнага жыцця, якія ўяўляюць сабой духоўную каштоўнасць сусветнага маштабу, бо не паўтараюць іншыя літаратуры і фальклор, не прыпадабняюцца да іх.