Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Литература по Идеологии / Смалянчук (Пам_ж краёвасцю _ нац-_дэяй).doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
1.58 Mб
Скачать

Заключэнне

Аналіз польскай, беларускай і літоўскай гістарыяграфіі па праблеме польскай грамадскасці на беларускіх і літоўскіх землях напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. дазваляе сцвярджаць, што галоўным фактарам яе фармавання з'яўлялася ранейшая паланізацыя (або самапаланізацыя) карэннага насельніцтва. У беларускай гістарыяграфіі ўсё яшчэ пераважае ідэалагізаваны падыход да феномена паланізацыі. Зачастую даследчыкі спрабуюць зразумець яго з дапамогай паняццяў і катэгорыяў Еўропы перыяду нацыянальных рухаў і нацыянальных дзяржаваў. Менавіта таму паланізацыя часцей трактуецца як праява палітыкі нацыянальнай або дзяржаўнай асіміляцыі. На самой справе механізм паланізацыі быў больш складаным. Далёка не апошнюю ролю ў яго ажыццяўленні адыгрывала імкненне далучыцца да каштоўнасцяў польскай культуры, якая ў пэўны момант з'яўлялася злучнікам з «заходнееўрапейскай» цывілізацыяй. Пры гэтым паланізаваныя колы насельніцтва беларускіх і літоўскіх земляў не гублялі сувязі з Айчынай і не ператварыліся ў «польскіх каланізатараў». Яны заставаліся «мясцовым элементам», над'емнай часткай этнакультурнага і грамадска-палітычнага краявіду гістарычнай Літвы.  Спрошчаны погляд на паланізацыю перашкаджаў гісторыкам зразумець адметнасць і своеасаблівасць «літоўскіх палякаў», якая ў вялікай ступені грунтавалася на феномене падвоенай свядомасці: gente Lithuanus (vel Ruthenus) natione Polonus. Апошняе (natine Polonus) звычайна датычыла толькі культурнай прыналежнасці і сацыяльнага становішча.  З улікам адметнасці «літоўскіх палякаў» г.зв. «вырашэнне польскага пытання» на беларускіх і літоўскіх землях перастае ўспрымацца як выключна расійска-польская спрэчка. Напрыканцы XVIII – у XIX cт. «польскае пытанне» ў беларускай гісторыі ўяўляла змаганне палітычнай і культурнай эліты гістарычнай Літвы за захаванне традыцыяў уласнага палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, культурнага і рэлігійнага ладу жыцця. На працягу большай часткі гэтага перыяда дэклараванаю мэтаю змагання было адраджэнне Рэчы Паспалітай як федэратыўнай дзяржавы. Пазней галоўным стала захаванне ўплываў на грамадска-палітычныя, сацыяльна-эканамічныя і культурныя працэсы на беларускіх і літоўскіх землях. Пры гэтым палітонім «паляк» праходзіў эвалюцыю ў нацыянальным кірунку, каб на момант фармавання сучаснай польскай нацыі засведчыць з'яўленне ў Беларусі і Літве сацыяльнага тыпа «паляка-нацыяналіста». Аднак гэты тып не здолеў канчаткова выцесніць феномен «літоўскіх» і «беларускіх» палякаў.  «Польскае пытанне» выходзіла далёка за межы лёсу мясцовай польскай дыяспары. Яно непасрэдна закранала працэсы беларускага культурнага накаплення, якое з канца XVIII па апошнюю трэць ХІХ ст. адбывалася ў межах «ліцвінскай» і «заходнерускай» традыцыяў. «Ліцвінства» хоць і з'яўлялася складовай тагачаснага «польскага» (дакладней, рэчпаспалітаўскага) патрыятызма, але грунтавалася на выразным ўсведамленні адметнасці палітычных і культурных інтарэсаў гістарычнай Літвы. Адначасова яно ўяўляла пэўную альтэрнатыву развіццю беларускай нацыі ў межах «усходнееўрапейскай» цывілізацыі. Імкненне расійскіх уладаў спачатку абмежаваць (пасля 1831 г.), а потым і зліквідаваць (пасля 1864 г.) прысутнасць мясцовага «польскага элемента» ў грамадска-палітычным, культурным і гаспадарчым жыцці краю адначасова было змаганнем супраць беларускага культурнага накаплення ў межах ліцвінскай традыцыі. Усё гэта спрыяла дамінаванню «ўсходняга» цывілізацыйнага вектару ў працэсе фармавання беларускай нацыі. Трэба дадаць, што ў межах «заходнерускай» традыцыі беларусы ўспрымаліся як галіна «велікарускага племені», а не асобны этнас. У адрозненне ад «ліцвінства» своеасаблівасць і адметнасць беларускіх земляў не падкрэслівалася, а лічылася парушэннем «велікарускай нормы».  Расійскія ўлады так і не здолелі канчаткова вырашыць «польскае пытанне». Імперыя не мела неабходнага цывілізацыйнага патэнцыялу, каб завяршыць русіфікацыю Беларуска-Літоўскага краю. Толькі гэтым тлумачацца хістанні паміж традыцыйнымі сродкамі паліцыйна-бюракратычнага панавання і эпізодамі вымушанага лібералізма. Рознагалоссі сярод прадстаўнікоў расійскай правячай эліты фактычна датычылі толькі тактыкі правядзення асіміляцыйнай палітыкі. Яе канчатковая мэта і для «кансерватараў», і для «лібералаў» была адзінай – ператварэнне гістарычнай Літвы ў тыповую расійскую правінцыю. На беларускіх землях падаўляліся і забараняліся ўсе праявы польскасці з адначаснай забаронай праяваў беларускай і літоўскай этнакультурнай індывідуальнасці. Расійскія ўлады ажыццяўлялі палітыку дзяржаўнага нацыяналізма, якая абмяжоўвала магчымасці нацыянальна-культурнага развіцця нярускіх народаў і забяспечвала палітычную і культурную перавагу рускай нацыі.  Дыяпазон настрояў рэпрэсаванай польскай грамадскасці быў даволі шырокім: ад гатоўнасці прыстасавацца да новых новых умоваў жыцця і рабіць кар'еру нават шляхам страты ўласных культурных традыцыяў і перамены веравызнання да жадання працягваць узброеную барацьбу і надалей. Аднак большасць беларускіх і літоўскіх палякаў не жадала губляць сваю этнакультурную і веравызнальную індывідуальнасць. Яны выразна супрацьстаялі «выключнаму заканадаўству» і імкнуліся адстойваць інтарэсы гістарычнай Літвы, якія не заўсёды супадалі з польскімі нацыянальнымі інтарэсамі.  Адраджэнне польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях (канец 70-х г. ХІХ ст.) было звязана пераважна з дзейнасцю сацыяльных вярхоў («палітычнай нацыі») мясцовых палякаў. Да пачатку ХХ ст. «нізы» амаль не праяўлялі грамадска-палітычнай актыўнасці. Выключэннем было толькі выразнае незадавальненне палітыкай прыціску каталіцкага касцёла. Сітуацыя пачала змяняцца ў перыяд рэвалюцыі 1905-1907 г. Менавіта ў гэты час назіраліся першыя масавыя выступленні сацыяльных «нізоў» літоўскіх і беларускіх палякаў, якія датычылі праблемаў культурнага і рэлігійнага жыцця польскай грамадскасці.  Этнакультурныя працэсы, якія адбываліся ўжо ў другой палове ХІХ ст. і значна паскорыліся ў перыяд рэвалюцыі, паступова набывалі якасць нацыянальных працэсаў. Менавіта таму магчыма выкарыстоўванне тэрміна «нацыя» (у адпаведнасці з яго аперацыянальным вызначэннем) у дачыненні да карэнных народаў краю. Хоць зразумела, што «нацыянальнае» ўсё яшчэ адлюстроўвалася пераважна ў дзейнасці палітычнай і культурнай эліты гэтых народаў.  Сацыяльная і палітычная актывізацыя шырокіх масаў насельніцтва Беларуска-Літоўскага краю напярэдадні і ў перыяд першай расійскай рэвалюцыі моцна паўплывала на ідэалагічнае і арганізацыйнае афармленне розных плыняў мясцовага польскага руху. У першую чаргу трэба адзначыць выпрацоўку краёвай ідэалогіі. У публіцыстыцы Рамана Скірмунта, Баляслава Ялавецкага, Канстанцыі Скірмунт, Міхала Ромэра, Вітальда Жукоўскага, Людвіка Абрамовіча былі сфармуляваныя асноўныя палажэнні краёвасці. Яе ключавой ідэяй стаўся пастулат «грамадзяніна Краю». Якраз пачуццё патрыятызму, любові і самаахвярнасці ў адносінах да роднай зямлі, да Беларуска-Літоўскага краю лічылася галоўным крытэрыем прыналежнасці да краёвай нацыі. Этнакультурныя, сацыяльныя і палітычныя разыходжанні адыходзілі на другі план. Падобнае «грамадзянскае» разуменне нацыі было больш характэрным для «заходнееўрапейскай» цывілізацыі. Хоць адначасна яно ў пэўным сэнсе грунтавалася на г.зв. «палітычнай нацыі» («narod polityczny»), якая існавала яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай абодвух народаў.  Краёўцы, якія падзяліліся на кансерватыўна-ліберальны і дэмакратычна-ліберальны кірункі, дамінавалі ў польскім руху. Іх перавага адлюстравалася ў поспехах выбарчай кампаніі ў І і ІІ Дзяржаўныя думы, у Дзяржаўную раду. Таксама яе рэгулярна пацвярджаў польскі віленскі друк і ўдзел прадстаўнікоў мясцовай польскай грамадскасці ў абмеркаванні найважнейшых праблемаў сацыяльна-палітычнага і нацыянальна-культурнага жыцця гістарычнай Літвы (напрыклад, праблемы земстваў у «заходніх губернях»).  Польская нацыянальная ідэя ў гэты перыяд была прадстаўлена пераважна дзейнасцю сяброў ПДНП і ППС. Першыя аднак так і не здолелі ў перыяд рэвалюцыі 1905 – 1907 г. стварыць уласную партыйную арганізацыю. Іх прысутнасць у крае была прыметнай дзякуючы галоўным чынам выданню штотыднёвіка «Дзеннік віленьскі» (з жніўня 1906 г.). Дарэчы, варта адзначыць, што нацыяналізм мясцовых дзеячоў ПДНП меў пэўную «краёвую афарбоўку». Апошняе праяўлялася, напрыклад, у спробах сумяшчэння інтарэсаў польскай нацыі «на крэсах» з патрабаваннямі беларускага і літоўскага народаў. Аднак палітыка кіраўнікоў партыі выразна ўмацоўвала курс на нацыянальную канфрантацыю.  ППС, у праграме якой рабілася спроба сумяшчэння нацыянальнай і сацыялістычнай ідэалогіяў, на рубяжы ХІХ – ХХ ст. прэтэндавала на тое, каб стаць кіраўніком усяго сацыялістычнага руху ў гістарычнай Літве. Аднак узнікненне агульнарасійскіх, яўрэйскіх, літоўскіх і беларускіх сацыялістычных арганізацыяў, раскол унутры самой партыі на «інтэрнацыяналістаў» і «нацыяналістаў» і, самае галоўнае, вузасць этнасацыяльнай базы яе дзейнасці прывялі да маргіналізацыі польскіх сацыялістаў на беларускіх і літоўскіх землях.  У перыяд першай расійскай рэвалюцыі польскі грамадска-палітычны рух ператварыўся ў важны фактар грамадска-палітычнага і культурнага жыцця краю. Літоўскія палякі атрымалі карысны вопыт палітычнай працы, істотнай часткай якога сталася дзейнасць ва ўмовах нацыянальна-культурнага абуджэння беларусаў, разгортвання літоўскага нацыянальнага руху і з'яўлення ўплывовых яўрэйскіх і агульнарасійскіх палітычных партыяў і арганізацыяў.  Гэты вопыт прыдаўся ў міжрэвалюцыйны перыяд, які характарызаваўся наступам велікарускіх нацыяналістаў і правых партыяў. У такіх умовах літоўскія і беларускія палякі галоўныя намаганні прыкладалі дзеля абароны дасягненняў часоў рэвалюцыі. Аднак прыметных поспехаў на гэтым шляху яны не дасягнулі. Расійская бюракратыя, выкарыстоўваючы мажлівасці адміністрацыйнага апарату, паспяхова адраджала сістэму «выключнага» антыпольскага заканадаўства. У гэтых умовах не атрымалася стварыць уплывовую палітычную партыю. Краёвая партыя Літвы і Беларусі (ініцыятыва Рамана Скірмунта) аказалася няздольнай да палітычнай барацьбы. Тым не менш па-ранейшым дамінавала краёвая плынь польскага руху. Прычым найбольш актыўна дзейнічалі краёўцы дэмакратычна-ліберальнага кірунку. Цэнтрамі краёвай прапаганды ў гэты час сталі віленскія масонскія ложы.  Новай з'явай можна лічыць далучэнне да краёвага руху дзеячоў беларускага (браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі ды інш.) і літоўскага (Міколас Сляжэвічус, Міколас Біржышка ды інш.) рухаў, сяброў яўрэйскіх (браты Эліяш і Ежы Ромы, Майсей Брамсон ды інш.) і рускіх (Іван Прозараў) дэмакратычных арганізацыяў. Аднак спробы Міхала Ромэра ператварыць краёвасць у феномен надэтнічнай ідэалогіі і практыку міжнацыянальнага партнёрства разбіваліся аб імкненне беларускіх, літоўскіх і польскіх краёўцаў сумясціць яе прынцыпы з працай на карысць уласнай нацыі.  У перыяд дзейнасці Дзяржаўнай думы ІІІ склікання (1907 – 1912) стала відавочнай адсутнасць моладзевай базы краёвага руху. Большасць моладзевых арганізацыяў краю адстойвала пастулат незалежнасці Польшчы. Прычым гістарычная Літва ўспрымалася толькі як частка польскіх земляў. Гэта быў адзін з першых сігналаў будучай перамены ў суадносінах паміж краёвай ідэалогіяй і польскай нацыянальнай ідэяй. Другім сігналам можна лічыць паразуменне паміж праваліберальнымі краёўцамі і нацыянальнымі дэмакратамі. Яно знайшло адлюстраванне ў аб'яднанні газеты краёўцаў «Кур'ер віленьскі» з органам ПДНП «Гонцам віленьскім». Гэтае паразуменне знайшло далейшае пацвярджэнне ў дзейнасці Польскага ЦВК, які быў створаны ў Вільні напярэдадні выбараў у IV Думу (1912). Ягоным кандыдатам быў сябра ПДНП С.Мацэевіч. Характэрна, што галоўным сапернікам аказаўся прадстаўнік леваліберальных краёўцаў Б.Крыжаноўскі. Шляхі абодвух кірункаў краёвасці выразна разышліся. Усё гэта сведчыла пра крызіс краёвай плыні польскага руху.  Затое краёвасць знайшла падтрымку сярод дзеячоў беларускага і літоўскага рухаў. Можна нават сцвярджаць, што краёвая ідэя ў 1912 – 1915 г. стала складовай ідэалогіі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Ва ўсякім выпадку яна выкарыстоўвалася дзеля пашырэння яго сацыяльнай і этнічнай базы, пошуку надзейных саюзнікаў сярод дзеячоў іншых нацыянальных рухаў.  Сусветная вайна паспрыяла ператварэнню «польскага пытання» ў актуальную праблему агульнаеўрапейскай палітыкі. Актывізаваўся польскі нацыянальны рух. ПДНП напачатку вайны рабіла стаўку на перамогу Расіі, якая, на думку кіраўнікоў нацыянальных дэмакратаў, павінна была прывесці да аб'яднання ўсіх трох частак этнічнай Польшчы. Аднак большасць літоўскіх палякаў займала выразныя антырасійскія пазіцыі і імкнулася да аўтаноміі гістарычнай Літвы або да яе незалежнасці ў саюзе з Польшчай.  Краёўцы дэмакратычна-ліберальнага кірунку ў першы год вайны прыкладалі велізарныя намаганні дзеля стварэння адзінага фронту прыхільнікаў аўтаноміі гістарычнай Літвы. Адзін з ініцыятараў гэтага міжнацыянальнага паяднання М.Ромэр разумеў, што толькі адзінства народаў краю дасць магчымасць адстойваць ягоныя інтарэсы перад г.зв. «вялікімі дзяржавамі». Аднак дзеячы літоўскага руху мелі ўласнае ўяўленне пра аўтаномію Літвы. У адпаведнасці з рашэннямі, прынятымі яшчэ ў 1905 г., яны выступалі за аўтаномію этнаграфічнай Літвы са сталіцай у Вільні і з «прылеглымі тэрыторыямі», якімі з'яўляліся землі каталіцкай Беларусі. Адзінства не было дасягнутае. У выніку гістарычная Літва была сказаная на тэрытарыяльны падзел.  Увосень 1915 г. значная частка беларускіх і літоўскіх земляў апынулася пад уладай нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. У гэты момант Вільня перастала быць адзіным цэнтрам польскага руху. На ўсход ад лініі фронту ролю такога цэнтра пачаў адыгрываць Менск. Апошняму паспрыяў масавы наплыў у горад бежанцаў з Каралеўства Польскага. Аднак расійскія ўлады па-ранейшаму абмяжоўвалі праявы не толькі палітычнай, але нават культурнай дзейнасці польскіх арганізацыяў. Узнікла праблема нават з адкрыццём школаў для дзяцей бежанцаў з Польшчы. А вось на тэрыторыі, якая была акупаваная нямецкімі войскамі, падобнай праблемы не існавала.  Трэба адзначыць выключна важнае значэнне, якое набылі напачатку ХХ ст. міжнацыянальныя адносіны. Першымі гэта зразумелі краёўцы, якія, нягледзячы на існаванне сярод іх розных кірункаў, плыняў і груповак, у сваёй большасці імкнуліся да паразумення і паяднання карэнных народаў краю. Такое паразуменне было неабходнай умовай самастойнасці і непадзельнасці гістарычнай Літвы. Асаблівую ролю ў дасягненні міжнацыянальнага адзінства адыгрываў М.Ромэр і прыхільнікі ягонай канцэпцыі краёвасці. Нацыянальныя дэмакраты і польскія сацыялісты ў першую чаргу імкнуліся абараніць польскія нацыянальныя інтарэсы ў краі. Праблема міжнацыянальных адносінаў цікавіла іх толькі ў гэтай сувязі.  Напрыканцы 1915 – пачатку 1916 г. літоўскія палякі здолелі стварыць сістэму польскай адукацыі на беларускіх і літоўскіх землях. Зразумела, што польская культурна-асветніцкая дзейнасць непасрэдна закранала інтарэсы беларускага і літоўскага рухаў, якія таксама разгарнулі актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць. Пазіцыі прыхільнікаў міжнацыянальнага паразумення сярод літоўскіх палякаў, беларусаў і літоўцаў у гэты перыяд значна аслабелі. Сваю адмоўную ролю адыграў выезд М.Ромэра (травень 1915 г.) у легіёны Ю.Пілсудскага. Фактычна ўсе плыні польскага руху ў Беларусі і Літве выступілі супраць нацыянальна-культурнага Адраджэння беларусаў і літоўцаў. Але, з іншага боку, беларускія і літоўскія дзеячы таксама пачыналі высоўваць патрабаванні, якія былі заведама непрымальнымі для мясцовай польскай грамадскасці. Напрыклад, літоўскія палякі не маглі пагадзіцца з прапановай цалкам адмовіцца ад развіцця польскай культуры на беларускіх землях. Яны небезпадстаўна лічылі сябе карэнным народам краю і адстойвалі для палякаў тыя самыя правы, якіх дабіваліся літоўцы і беларусы.  Дамінаваўчай тэндэнцыяй міжнацыянальных адносінаў стала абарона выключна ўласных нацыянальных інтарэсаў. Акупацыйныя ўлады таксама «прыклалі руку» да абвастрэння супярэчнасцяў. Спроба краёўцаў дасягнуць польска-беларуска-літоўска-яўрэйскага паразумення пры дапамозе Часовай Рады Канфедэрацыі ВКЛ, у стварэнні якой пэўную ролю адыграла ложа «Вялікі Усход Літвы» («Вялікі Усход Літвы і Беларусі»), скончылася няўдачай. Гэта была «лебядзіная песня» краёвасці, якая з гэтага часу становіцца ўдзелам толькі асобных «апошніх грамадзянаў Вялікага княства» (Т.Урублеўскі, М.Ромэр, Л.Абрамовіч ды некаторыя іншыя).  На першы план у польскім руху выйшла нацыянальная ідэя, якая была непарыўна звязаная з вяртаннем польскай дзяржаўнасці. Працэс адраджэння Польскай дзяржавы пад патранажам Германіі і Аўстра-Венгрыі значна прыспешыў фармаванне сучаснай польскай нацыі і абумовіў актыўнае ўцягванне ў гэты працэс літоўскіх і беларускіх палякаў.