Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Литература по Идеологии / Смалянчук (Феномен краёвасц_ пачатку ХХ ст)

.doc
Скачиваний:
7
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
73.22 Кб
Скачать

Алесь СМАЛЯНЧУК

http://autary.iig.pl/smalanchuk/artykuly/ruch/krajovasc.htm

З’яўленне ідэі палітычнай нацыі ў грамадскім і палітычным жыцці Беларусі і Літвы непарыўна звязана з феноменам т.зв. краёвасці пачатку ХХ ст. Асноўным пастулатам краёвай ідэалогіі было сцвярджэнне, што ўсе карэнныя этнасы Беларуска-літоўскага краю ўтвараюць адзіную нацыю, якую часта называлі “нацыяй ліцвінаў”. Да гэтай нацыі належыць кожны, хто адчувае сябе грамадзянінам Краю, незалежна ад этнічнасці, сацыяльнага паходжання і культурнай арыентацыі. Ідэалогія краёвасці выразна супрацьстаяла этнічнаму нацыяналізму. Яна нарадзілася сярод літоўскіх і беларускіх палякаў, свядомасць якіх зачастую вызначалася формулай gente Lithuaniae, natione Polonus альбо gente Ruthenus, natione Polonus. Першымі з прапагандай краёвых поглядаў у друку выступілі Раман Скірмунт (Głos przeszłości i potrzeba chwili. Lwów, 1905), Баляслаў Ялавецкі (Litwa i jej potrzeby… Narodowy katechizm Litwy. Petersburg, 1905), Міхал Ромэр, Канстанцыя Скірмунт і інш.  Адзінства ў разуменні краёвай ідэі не было. Краёвасць Міхала Ромэра прадугледжвала зліццё ўсіх карэнных этнасаў Краю і фармаванне новай палітычнай нацыі. Раман і Канстанцыя Скірмунты ўспрымалі краёвасць як беларуска-літоўскі патрыятызм, дамінаванне агульнакраёвых інтарэсаў над патрэбамі асобных этнасаў і сацыяльных груп. Для Людвіка Абрамовіча краёвая ідэалогія зводзілася да добрасуседскага сужыцця ўсіх этнасаў Краю. У масавай свядомасці большасці прадстаўнікоў мясцовай польскай грамадскасці, якая падтрымала краёўцаў, краёвасць трактавалася чыста прагматычна як тактычны сродак дзеля ўмацавання польскасці ў перыяд нацыянальна-культурнага Адраджэння народаў Краю. Пры гэтым рознагалоссі ўсе краёўцы ўспрымалі Беларуска-літоўскі край як суб’ект гісторыі і працавалі над яго ператварэннем у суб’ект палітыкі. Іх палітычная канцэпцыя эвалюцыянавала ад патрабавання аўтаноміі “гістарычнай Літвы” з сеймам у Вільні да яе дзяржаўнай незалежнасці[1]. Першыя кантакты беларускіх дзячоў з краёўцамі адбываліся ўжо ў часы рэвалюцыі 1905-1907 гг. У № 46 ад 13 (26).04. 1906 г. “Gazety Wileńskiej”, кіраўніком якой з’яўляўся Міхал Ромэр, быў надрукаваны артыкул Антона Луцкевіча, прысвечаны аграрнай праграме Беларускай Сацыялістычнай Грамады (“Program agrarny”). А.Луцкевіч схаваў сваё аўтарства пад псеўданімам “Ян Мялешка”. Кантакты прыкметна ўзмоцніліся ў 1910 г., калі ў Вільні ўзнікла масонская ложа “Лучнасць”, сярод заснавальнікаў якой былі браты Луцкевічы. Гэтая ложа аб’ядноўвала прадстаўнікоў дэмакратычных плыняў польскага, беларускага, літоўскага, яўрэйскага і рускага этнасаў. Большасць з іх падзяляла краёвыя погляды. У 1911 г. у “Лучнасць” быў прыняты Міхал Ромэр, які хутка стаўся адным з прызнаным масонскіх кіраўнікоў[2]. Дзякуючы ягоным асобасным якасцям, уменню пераканаць і павесці за сабой віленскія масонскія ложы (у 1911 г. была створана ложа “Літва”, у 1914 г. – ложа “Беларусь”) сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвасці і ідэі палітычнай нацыі ў якасці яе найважнейшай складовай часткі[3].  Аналіз публікацый Антона і Івана Луцкевічаў дазваляе сцвярджаць, што ў гэты перыяд дзеячы беларускага руху падзялялі асноўныя пастулаты краёвасці. Магчыма паслярэвалюцыйная палітычная рэакцыя, якую звычайна звязваюць з дзейнасцю вядомага расійскага рэфарматара і кіраўніка ўрада Пятра Сталыпіна, разуменне ўнутранай слабасці палітычнага беларускага руху спрыялі адыходу ягонага кіраўніцтва ад пэўнага сацыяльнага і этнічнага радыкалізма. Можна сцвярджаць, што ў перыяд з 1907 па 1916 г. адбывалася лібералізацыя беларускага руху і перамяшчэнне галоўнага акцэнта дзейнасці з палітыкі на культурна-асветніцкую галіну. Кіраўнікі беларускага руху (браты Луцкевічы і Вацлаў Ластоўскі) не толькі прынялі ідэю палітычнай нацыі, але і актыўна яе прапагандавалі.  На пачатку лiстапада 1911 г. на сустрэчы з удзелам Iвана Краскоўскага, Антона Луцкевiча, Браніслава Крыжаноўскага, Зыгмунта Нагродскага і Міхала Ромера была выказана думка пра выданне ў Вiльнi рускамоўнага дэмакратычнага штотыднёвiка краёвага накірунку[4]. Мэтай выдання была прапаганда краёвай ідэалогіі ў яе ліберальна-дэмакратычным варыянце сярод рускай грамадскасці Вільні. Аднак непасрэдных вынікаў гэтая размова не мела. Толькі ўвосень 1912 г. напярэдадні выбараў у Дзяржаўную думу iдэя пачала набываць канкрэтныя формы. На гэты раз iнiцыятыву ўзяў у свае рукi Антон Луцкевiч. 18.09. (1.10). 1912 г. выйшаў першы нумар “Вечерней газеты”. Падпiсаў яго да друку ў якасцi рэдактара Ф.М.Хатэнка. Але сапраўдным кiраўнiком газеты i аўтарам большасцi "перадавых" артыкулаў быў А.Луцкевiч. Пра гэта сведчаць шматлiкiя запiсы ў дзённiку М.Ромера. Апроч таго сапраўднага кiраўнiка газеты заўважылi агенты Дэпартамента палiцыi[5]. “Вечерняя газета” адразу прыцягнула ўвагу вiленскай грамадскасцi. Гэтаму спрыяў высокi ўзровень публiцыстыкi.  Прапаганда краёвасці і лiберальна-дэмакратычнай iдэалогii, якую разгарнула “Вечерняя газета”, адыграла сваю ролю падчас абрання ўдзельнiкаў вiленскага губернскага выбарчага сходу па т.зв. “рускай курыi”. Газета, сапраўды, паспрыяла распаўсюджванню сярод рускай грамадскасцi Вiльнi iдэй лiберальных дэмакратаў. Гэта паўплывала i на вынiкi выбараў. Адначасова высветлiлася, што газета знайшла свайго чытача. I Антон Луцкевiч вырашыў працягваць выданне. Магчыма ўжо ў гэты час у яго ўзнiк план цэнтралiзацыi вiленскага дэмакратычнага і краёвага друку, пра якi пазней спамянуў у сваiм дзёнiку М.Ромер[6]. Істотнай часткай гэтага плана было выданне штодзённай польскамоўнай газеты. Гэты праект А.Луцкевiч збiраўся рэалiзаваць ў цесным кантакце з польскiмi дэмакратамi. Аднак перамовы з групай польскіх віленскіх дэмакратаў-краёцаў (галоўным апанентам А.Луцкевіча быў Л.Абрамовіч) закончыліся безвынікова. Беларусы вырашылі дзейнічаць самастойна.  8(21).12.1912 г. выйшаў першы нумар “Кур’ера краёвага”. Яго рыхтаваў Язэп Манькоўскі, які даволі актыўна ў гэты час працаваў у асяроддзі віленскіх беларусаў, а праграмны артыкул напісаў Антон Луцкевіч[7]. М.Ромер досыць высока ацэньваў узровень публіцыстыкі першых нумароў “Кур’ера”. Галоўнай прычынай поспеху новай “польскай” газеты ён лiчыў iдэйнае кiраўнiцтва з боку Антона Луцкевiча i непасрэдны ўдзел беларускага дзеяча ў падрыхтоўцы яе нумароў да выдання. У сваiх ацэнках “Кур’ера” М.Ромер неаднаразова звяртаў увагу на ролю А.Луцкевіча: “Адным з галоўных, хоць звонку непрыкметных супрацоўнiкаў газеты з’яўляецца Антон Луцкевiч, адзiн са стаўпоў “Нашай Нiвы”. Гэта, магчыма, самы дзелавiты работнiк i самая здольная галава беларускага народнага руху. Адначасова ён рэдагуе “Вечернюю газету”. Антон Луцкевiч трымаецца трохi ў ценю, не становiцца на чале “Кур’ера краёвага”, але фактычна выконвае партыю першай скрыпкi. Ён аказвае рашаючы ўплыў на кiрунак і арганізацыю газеты”[8].  Такім чынам напрыканцы 1912 г. пад кантролем віленскага беларускага кола знаходзіліся чатыры выданні: два беларускія штотыднёвіка – “Наша Ніва” і ”Саха”, адно польскамоўнае – штодзённая газета ”Кур’ер краёвы” і адно рускамоўнае – штодзённая “Вечерняя газета”. Што сабой уяўляла пазiцыя гэтых выданняў па асноўных пытаннях жыцця Беларуска-літоўскага краю? У праграмных артыкулах першых нумароў "Вечерней газеты" i "Кур'ера краёвага" А.Луцкевiч сфармуляваў галоўныя задачы выданняў, якiя цалкам адпавядалi дэмакратычнаму варыянту краёвасці і адвяргалі канцэпцыю этнічнага нацыяналізма. “Вечерняя газета” № 1 ад 18.09. (1.10). 1912 г.: “У нас нiякiм чынам нельга зыходзiць з iнтарэсаў якой-небудзь адной нацыянальнай групы. Ва ўмовах разнастайнасцi нацыянальнага складу насельнiцтва трэба ўвесь час мець на ўвазе iнтарэсы краю, як адзiнага цэлага. Толькi ў гэтым выпадку магчыма нармальнае развiццё кожнай асобнай народнасцi. Усведамленне, што ўсе мы, жыхары гэтай зямлi, з’яўляемся грамадзянамi Краю - вось нашая зыходная кропка пры высвятленнi патрабаванняў розных груп насельнiцтва”. Поўнае задавальненне i нацыянальных i сацыяльных патрабаванняў А.Луцкевiч звязваў з устанаўленнем дэмакратычнага ладу. Пад апошнiм разумелася правядзенне ў жыццё ў поўным аб’ёме “вялiкiх палажэнняў абвешчаных яшчэ Манiфестам 17 кастрычнiка 1905 г.” У праграмным артыкуле №1 “Кур’ера” падкрэслiвалася небяспека ваяўнiчага шавiнiзма, якi “ўносiць у народныя масы ўзаемную ненавiсць i ўнутраную барацьбу, пагражае распадам Краю i стратай iм магчымасцi абараняцца ад людзей, якiя iмкнуцца знiшчыць на гэтай зямлi ўсялякае пачуццё асобнасцi”. Мiж тым, “у Краi, дзе побач з лiтоўцам жыве паляк, побач з беларусам - яўрэй, у Краi, няшчасны лёс якога перадвызначыў ягонае адставанне i пазбавiў магчымасцi свабоднага развiцця, няма месца для ўнутранай барацьбы”. А.Луцкевiч заклiкаў усiх “грамадзян Краю” да працы на ягоную карысць i на карысць прыгнечанага народа. Тэрмiн “грамадзянiн Краю”, адзін з асноўных з пункту погляду канцэпцыі палітычнай нацыі шырока ўжываўся на старонках “Кур’ера” i “Вечерней газеты”. Аўтары публiкацый даводзiлi, што жыццёва важныя для Краю пытаннi павiнны вырашацца з улiкам iнтарэсаў усiх этнасаў Беларусi i Лiтвы[9], асуджалi велiкарускi i велiкапольскi шавiнiзм[10], заяўлялi пра неабходнасць барацьбы з праявамi шавiнiзма сярод беларусаў i лiтоўцаў[11], выкрывалi сутнасць дзейнасцi т.з. “Белорусского общества” як арганiзацыi велiкарускiх шавiнiстаў ў беларускай “ вопратцы”[12] і інш. Асновай краёвай згоды лiчылася супрацоўнiцтва дэмакратычных сiл усiх этнiчных рухаў[13]. Краёвасць досыць натуральна прыводзiла да дэмакратычных поглядаў: “Усё больш ясным становiцца той шлях, якi мясцовым рускiм людзям падказвае само жыццё. Як грамадзяне Краю, мы павiнны ўважыць яго карэннае насельнiцтва, прыслухацца да ягонага голасу i пажаданняў, лiчыць яго iнтарэсы сваiмi iнтарэсамi i працаваць на агульную карысць”[14]. У сваю чаргу, дэмакратызм, якi зыходзiў з павагi да народных патрабаванняў, непазбежна нараджаў краёвую пазiцыю[15].  Абодва выданнi пашыралi iдэалогiю краёўцаў-дэмакратаў сярод грамадства Беларусi i Лiтвы. “Вечерняя газета” рабiла гэта сярод рускiх, але не пакiдала цалкам паза ўвагай i палякаў. У шэрагу артыкулаў апошнiх спрабавалi пераканаць у тым, што толькi iх шчыры паварот да дэмакратыi можа гарантаваць будучыню польскай грамадскацi Беларусi i Лiтвы[16]. А вось для “Кур’ера краёвага” пашырэнне дэмакратычных поглядаў сярод польскай грамадскасцi было адной з галоўных задач. Антон Луцкевiч у сваiх артыкулах даволi часта апелiраваў да гiстарычных традыцый: “З паняццем польскасцi заўсёды звязвалася паняцце свабоды”, “Як некалi з iменем паляка атаясамлiвалася вольнасць, так зараз наша (польская-А.С.) нацыянальная будучыня звязана з дэмакратыяй”[17]. А што ж "Наша Нiва"? Нават павярхоўны аналiз публiкацый галоўнай беларускай газеты ўказвае на тэматычны паралелiзм з матэрыяламi “Кур’ера краёвага” i “Вечерней газеты”. У першую чаргу, гэта прапаганда краёвай iдэалогii ў яе дэмакратычным варыянце, i барацьба з этнічным шавінізмам[18]. Падчас выбарчай кампанii ў IV Дзяржаўную думу “Наша Нiва” падтрымала кандыдатаў, якiх адстойвала “Вечерняя газета”. У адным з артыкулаў “Нашай Нiвы” адзначалася: “<...> Мы, беларусы, можам верыць толькi шчырым расiйскiм прагрэсiстам, каторые зраднiлiся з нашым Краем, лiчаць сябе грамадзянамi нашай старонкi”[19]. Усе выданнi вялi сумесную барацьбу супраць велiкапольскага i велiкарускага шавiнiзма. Яны разам давалi адпор нападкам шавiнiстычнага друку. У першую чаргу гэта тычылася “Виленского вестника” i “Гонца цодзеннэго”[20].  Адныя з самых цiкавых матэрыялаў “Вечерней газеты” i “Кур’ера краёвага” - гэта матэрыялы, якiя распавядалi пра беларускi рух. Яны займалi значнае месца ў абодвух выданнях. Ужо ў гэтым праяўляўся “беларускi ўхiл” краёўца Антона Луцкевiча. Публiкацыi, абаранялi “Нашу Нiву” i ўвесь беларускi рух ад абвiнавачванняў велiкарускiх i велiкапольскiх шавiнiстаў, якiя iмкнулiся давесцi, што няма нiякага беларускага руху, а ёсць толькi “польская” або, адпаведна, “руская" iнтрыга[21]”.  I рускамоўнае, i польскамоўнае выданне iмкнулiся выклiкаць сiмпатыi да беларускага руху. “Вечерняя газета” асцярожна згадвала пра мясцовыя беларускiя каранi большасцi рускай грамадскасцi краю[22]. “Кур’ер краёвы” заклiкаў шукаць згоду i паразуменне з беларусамi. Пры гэтым падкрэслiвалiся дэмакратычныя тэндэнцыi ў беларускiм руху: “Шчыры дэмакратызм беларускага руху... ягоная лаяльнасць у адносiнах да суграмадзян iншых нацыянальнасцяў - гэта гарантыя, што нашыя iмкненнi знойдуць жывы водгук сярод беларусаў”[23].  Такім чынам, у перыяд 1911-1915 гг. сканцэнтраваны ў руках беларусаў друк у дачыненні да нацыянальнай праблемы выразна дэманстраваў сваю прыхільнасць да ідэі палітычнай нацыі. Але паўстае пытанне, наколькі шчырымі былі беларускія дзеячы ў сваёй прапагандзе ідэі палітычнай нацыі або краёвасці ў цэлым?  Аналіз крыніц, якія маюцца ў нашым распараджэнні дазваляе казаць пра выключна прагматычнае выкарыстанне беларусамі краёвай ідэалогіі. У краёвасці яны бачылі сродак, які дазволіць узмоцніць пазіцыі беларускага этнасу ў нацыянальна-культурным і грамадска-палітычным жыцці Беларусі і Літвы. Так, напрыклад, агітацыя на старонках “Кур’ера” неабходнасці паразумення палякаў з беларусамі аргументавалася не толькі інтарэсамі сумеснай барацьбы з велiкарускiм шавiнiзмам[24]. Аўтары публікацый заявілі пра адсутнасць выразных перспектываў далейшага развiцця польскага руху ў беларуска-лiтоўскiм краi[25]. Тут відавочны “беларускі ўхiл” краёвасцi Антона Луцкевiча i iншых дзеячоў нашанiўскага кола. Беларуская пазіцыя далёка не заўсёды адпавядала разуменню краёвасці М.Ромерам, найбольш паслядоўным прыхільнікам ідэі палітычнай нацыі. Сутнасць беларускага разумення краёвасцi досыць дакладна вызначылі апаненты Луцкевічаў са штотыднёвіка “Пшэглёнд Віленьскі”, які ўзначальваў Л.Абрамовiч. Апошні сцвярджаў, што пазiцыя беларусаў грунтавалася на адсутнасцi веры ў магчымасць захавання польскасцi ў Беларуска-лiтоўскiм краi. Да гэтага трэба дадаць перакананне кіраўнікоў беларускага руху, што беларускія і літоўскія палякi з’яўляюцца толькі нашчадкамi паланiзаваных лiтоўцаў i беларусаў. Такая пазiцыя нараджала патрабаваннi, каб польская грамадскасць працавала дзеля развiцця свядомасцi беларусаў i лiтоўцаў. “Пшэглёнд” катэгарычна адвяргаў падобныя заявы. Ён неаднаразова абвiнавачваў “Кур’ер” у “пабочных уплывах”[26]. Аднак раскрываць таямнiцу беларускага польскамоўнага выдання палякi не сталi.  “Беларускi ўхiл” можна заўважыць i ў асобных артыкулах “Вечерней газеты”: “Справа культуры, справа прагрэсу настолькi важная, што яе павiнен падтрымлiваць кожны грамадзянiн Краю. Тут няма месца для меркаванняў нацыянальнага эгаiзма: хто можа, той павiнен садзейнiчаць культурным намаганням сваiх слабейшых суседзяў, з якiмi яго моцна звязаў гiстарычны ход падзей”[27]. Ёсць усе падставы сцвярджаць, што беларусы нашанiўскага кола i, у першую чаргу, А.Луцкевiч разумелi краёвасць як сужыцце розных этнасаў Краю. У гэтым сужыццці яны iмкнулiся забяспечыць за ўласным этнасам лепшыя ўмовы. Дарэчы, гэта наблiжала iх пазiцыю да пазiцыi групы Людвіка Абрамовіча, але гэтае ж падабенства непазбежна рабiла iх апанентамi. А.Луцкевіч спадзяваўся, што прапаганда ідэі палітычнай нацыі на польскай і рускай мовах паспрыяе далучэнню да беларускага руху як русіфікаваных і русіфікаваўшыхся, так паланізаваных і паланізаваўшыхся беларусаў і тым самым пашырыць яго сацыяльную базу. Міхал Ромер характарызаваў беларускiя “прэтэнзii” як праявы этнiчнага нацыяналізма[28]. Але пры гэтым галоўны iдэолаг краёвасцi быў упэўнены, што А.Луцкевiч i яго сябры ўрэшце рэшт зразумеюць польскую пазiцыю i пагадзяцца з тым, што палякi Беларусi i Лiтвы маюць поўнае права на развiццё ўласнай культуры і на ўдзел разам з лiтоўцамi i беларусамi ў вызначэннi будучынi Края. Надзея М.Ромэра была дастаткова абгрунтаванай. Вiдавочна, што нашанiўскае беларускае кола ў гэты час моцна спадзявалася на пазiтыўныя вынiкi супрацоўнiцтва з польскiмi,літоўскімі і яўрэйскімі краёўцамi-дэмакратамi. Дзеля згоды А. Луцкевiч быў гатовы пайсцi на пэўныя ўступкi. Магчыма, ён разлiчваў, што пазiцыя М.Ромера будзе пашырацца сярод грамадскасцi. У тым, што гэта прынясе вялiкую карысць як беларускаму руху, так i ўсяму Краю беларускi дзеяч быў упэўнены. Але надзеi не спраўдзiлiся. I на пачатку 1915 г. А.Луцкевiч на старонках “Нашай Нівы” выступiў з рэзкай крытыкай “нашых” палякаў: “Нашыя” палякi-iнтэлiгенты кажуць, што яны маюць поўна работы “для сваiх” - для “польскага сялянства i пралетарыяту” на нашай зямлi. Але ж польскага “дэмаса” - на смех малая жменя. А поруч з гэтай жменяй мiльёны цёмных i галодных беларускіх сялян, каторыя блізка не маюць йшчэ сваёй iнтэлiгенцыi, для каторых нiма каму працаваць... Працаваць для тых мiльёнаў - гэта для нашых палякаў грэх i здрада, хоць колькi ж мiж iмi сыноў таго ж беларускага народу! <...> Яны не разумеюць, што прайшоў час панавання над намi i трэба цяпер адслужыць нашай старонцы, трэба не толькi называцца, але i быць грамадзянамi, трэба кармiць галоднага i асвяшчаць цёмнага селянiна не толькi за тым, што ён - “свой”, што ён пераробiцца на паляка, але затым, што гэта сьвятая павiннасць. А раз гэта павiннасць, а не ласка, дык i вучыць беларусаў трэба не так, як хоча вучыцель, а так як гаворыць народ, каторы захаваўшы сваю мову праз соткi гадоў, праявiў ясна сваё жаданне заставацца беларусам[29]”. Гэтая крытыка не мела дачынення да М.Ромера i прыхiльнiкаў ягонай краёвай пазiцыi. У наступным нашаніўскім артыкуле А.Луцкевiч адзначыў, што “поруч з “прыгоншчыкамi” ў нашай старонцы ёсць людзi, каторыя баронячы сваю польскую культуру, не забываюць, што яны тутэйшыя грамадзяне, што i на iх ляжыць павiннасць памагаць галодным, асвяшчаць цёмных людзей - нягледзячы, якой яны нацыi i веры.<...> Мы верым, што сiлы польскай дэмакратыi ўзрастуць, калi над зямлёй Беларусi засвецiцца зорка лепшай будучыны. А шчыры дэмакратызм створыць той залаты мост, каторы з'еднае ўрэшце народы нашага краю ў адну вялiкую згодную сям'ю i каторы польскiя нацыяналiсты цяпер не даюць збудаваць”[30]. Зразумець самакаштоўнасць ідэі палітычнай нацыі ва ўмовах культурнага Адраджэння этнасаў Беларуска-літоўскага краю, ва ўмовах абвастрэння міжэтнічных адносін было вельмі няпроста. Даволі прагматычнае стаўленне беларусаў да гэтай ідэі на пачатку ХХ ст. не павінна здзіўляць. Аналагічна гэтую ідэю трактавала большасць польскіх, яўрэйскіх і літоўскіх дзечоў.  Адным з апошніх актаў супрацоўніцтва краёўцаў было утварэнне напрыканцы 1915 г. ва ўмовах Вільні, акупаванай Германіяй, Часовай Рады Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага, Фактычна Рада выступала за дзяржаўную незалежнасць “гістарычнай Літвы”. Новаўтвораная дзяржавы павінна была гарантаваць усім яе этнасам права на свабоднае культурнае развіццё. Гэтая арганізацыя аб’яднала дзеячоў розных этнічных рухаў, а ініцыятыва яе стварэння належала беларусам. Аднак выпрабавання часам яна не вытрымала. Абвастрэнне міжэтнічных адносін (асабліва польска-літоўскіх), да чаго сваю руку прыклалі і прадстаўнікі германскай акупацыйнай адміністрацыі, хутка разбурылі гэтую трохі рамантычную ідэю. Негатыўную ролю адыграла таксама радыкалізацыя беларускага руху, якая хутка адбывалася пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі. Адрадзіўшаяся ў 1917 г. Беларуская Сацыялістычная Грамада ўспрымала беларускі этнас як сялянска-рабочы. Прадстаўнікам іншых сацыяльных колаў (асабліва землеўладальнікам) было амаль немагчыма заваяваць давер сацыялістаў.  Аднак віленскія беларускія дзеячы, магчыма, па прычыне слабасці беларускага руху вельмі доўга захоўвалі вернасць краёвай ідэалогіі. Так, ідэя дзяржаўнасці гістарычнай Літвы яшчэ ў 1917 г. дамінавала ў беларускім руху на захад ад лініі фронта. Толькі на пачатку 1918 г. беларусы былі вымушаныя канчаткова ад яе адмовіцца. Сваю ролю адыграла прызнанне Германіяй незалежнасці “этнаграфічнай” Літвы са сталіцай у Вільні і імперскія амбіцыі палітыкаў новай Польшчы, якая хутка ўмацоўвала свой дзяржаўны суверэнітэт, і разглядала беларускія землі як сферу свайго палітычнага дамінавання. Такім чынам, на пачатку ХХ ст. у сілу неспрыяльных унутраных і знешніх абставін ідэя палітычнай нацыі не стала падмуркам беларускага руху, хаця вельмі актыўна выкарыстоўвалася беларусамі. Між тым гісторыя Еўропы ўсяго ХХ ст. выразна засведчыла перспектыўнасць менавіта дактрыны палітычнага нацыяналізма. Галоўным крытэрыям нацыянальнай прыналежнасці паступова сталася ўжо не этнічнасць, а грамадзянства. Падобны падыход дазволіў ва многіх краінах звесці да мінімуму этнічныя канфлікты, паспрыяў фармаванню грамадзянскай супольнасці. Аднак гэты вопыт не быў выкарыстаны беларускімі адраджэнцамі 90-ых г. ХХ ст. Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту актыўна выкарыстоўвала ідэалогію этнічнага, а не палітычнага нацыяналізма, што прыкметна абмяжавала магчымасці беларускага руху. Напрыканцы нашага стагоддзя прапаганда этнічнага нацыяналізма непазбежна робіць ягоных прыхільнікаў грамадскімі маргіналамі. У той жа час ідэалогія палітычнага нацыяналізма асабліва ва ўмовах, калі насуперак намаганням уладаў, у Беларусі працягваецца працэс фармавання беларускай палітычнай нацыі, калі этнічная свядомасць саміх беларусаў абсалютна пазбаўлена этнацэнтрызма, дае пэўны шанс завяршыць працэс беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння ўтварэннем незалежнай дэмакратычнай беларускай дзяржавы. 

[1] Гл.падрабязней у арт. Смалянчук А. “Краёвасць” у беларускай і літоўскай гісторыі. // Беларускі гістарычны агляд.. Том 4. Сшытак 1-2 (6-7). Менск. Снежань 1998. [2] Ромер М. Дзеннік. Т. 4, с. 403. Запіс ад 3(16) сакавіка 1915 г. Аддзел рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі АН Літвы. [3] Гл.падрабязней у артыкуле: Смалянчук А. З гісторыі віленскага масонства пачатку ХХ ст. // Спадчына 1998 № 5. [4] Ромэр М. Дзённік. Т.2, с.82. Запіс ад 6 (19). 11. 1911 г. [5] Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі (ДАРФ). Ф.102, асобы аддзел, 1913, в. 243, ад.з. 157, а. 1 [6] Ромэр М. Дзённік. Т. 2., с. 435. Запіс ад 24.10. (6.11). 1912 г. [7] Ромэр М. Дзённік. Т. 2, с. 450. Запiс ад 8 (21) 11. 1912 г. [8] Ромэр М. Дзённік. Т. 3, с. 61. Запiс ад 27.02.(12.03).1913 г.  [9] Напр.,Генрык Букавецкi [А.Луцкевiч]. Прынцыповае пытанне.//Кур'ер краёвы 1912 № 19; б/п[А.Луцкевiч?]. Одна из причин трений.//Вечерняя газета 1913 № 337 i iнш. [10] Напр.,б/п[А.Луцкевiч?].Конквистадоры.//Вечерняя...1913 № 360; м.r.[М.Ромер].Хто быў правы?//Кур'ер... 1913 № 127 i iнш. [11] Напр.,б/п[А.Луцкевiч?].Национальнае течения и демократия.//Вечерняя... 1914 № 468 (гл.дадатак 1) i iнш. [12] Напр.,Вечерняя... 1913 № 188. [13] Напр.,K-wiec[А. Луцкевiч].Права i абавязкi.//Кур'ер...1912 № 3. [14] б/п[А. Луцкевiч?].От русских прогрессивных избирателей г.Вильны. //Вечерняя... 1912 № 12. [15] Веслаў Калiноўскi.[А. Луцкевiч].Выбар дарогi.//Кур'ер...1913 № 258 [16] Напр.,б/п[А. Луцкевiч?].А речи всё теже...//Вечерняя...1912 № 64; б/п[А. Луцкевiч].Два выступления.//Вечерняя...1913 № 263 i iнш. [17] Кур'ер краёвы. Адпаведна, 1912 № 8 i 1912 № 12. [18] а-н-а[А. Луцкевiч].Край i народ.//Наша Нiва.1912 № 28-29 (гл.дадатак 2);а-н-а [А. Луцкевiч]. Змаганне з хваробай.//Наша Нiва.1913 № 9 i iнш. [19] Наша Нiва.1912 № 40. [20] Напр.,б/п. Газэтнае хулiганства.//Наша Нiва 1913 № 9 i б/п. Бандытызм "Газеты цодзеннай".//Кур'ер... 1913 № 52 [21] Веслаў Калiноўскi [А.Луцкевiч].Палiтычная шкода.1913 № 206. [22] Напр.,б/п[А.Луцкевiч?].Национальная культура.//Вечерняя...1912 № 92. [23] Генрык Букавецкi[А.Луцкевiч].Час патрабуе.//Кур'ер...1913 № 12. [24] Генрык Букавецкi[А.Луцкевiч].Прынцыповае пытанне.//Кур'ер... 1912 № 9. [25] К-вец[А.Луцкевiч].Do ut des.//Кур'ер...1913 № 98 [26] б/п[Л. Абрамовiч?].Пабочныя ўплывы.//Пшэглёнд... 1913 № 22/23. [27] м.р.[М. Ромер].Грамадзянская пазiцыя.//Кур'ер... 1913 № 77. [28] Ромэр М. Дзённік. Т. 3, с. 324. Запiс ад 17 (30). 11. 1913 г. [29] а-н-а.[А. Луцкевiч].Клiч да згоды.//Наша Нiва.1915 № 10. [30] а-н-а.[А. Луцкевiч].Iх адказ.//Наша Нiва.1915 № 12-13