Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Литература по Идеологии / Смалянчук (Культурнае накапленне нацыянальнаму руху)

.doc
Скачиваний:
4
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
159.23 Кб
Скачать

Алесь СМАЛЯНЧУК

http://autary.iig.pl/smalanchuk/artykuly/ruch/baracba.htm

Нацыянальнаму руху як з’яве грамадска-палітычнага і культурна-рэлігійнага жыцця папярэднічаў працяглы этап “культурнага накаплення”, вынікам якога было станаўленне беларускай культурнай традыцыі. На пачатку ХІХ ст. яшчэ не існавала адзінай назвы для беларускага этнаса і тэрыторыі яго пражывання. Назва “Беларусь” замацавалася толькі за ўсходнімі губ. – Магілёўскай, Віцебскай і часткай Смаленскай, сярод насельніцтва якіх была шырока распаўсюджана саманазва “беларусы”. Заходнія рэгіёны - Менская, Гарадзенская і Віленская губ. (разам з Ковенскай) называліся “Літвой”, а іх насельніцтва - “ліцвінамі”. У грамадска-культурным жыцці панавала польская мова. На развіццё этнічнай самасвядомасці “беларусаў-ліцвінаў” пасля ліквідацыі уніяцкай царквы ў 1839 г. адмоўна ўплываў раскол па веравызнанні на праваслаўных і каталікоў. Прычым праваслаўе ўспрымалася як “руская вера”, а каталіцызм як “польская”. Расійская афіцыйная навука разглядала Беларуска-літоўскі край як “ісконна рускія землі”, а “беларусаў-ліцвінаў” як сапсаваную палякамі частку рускага народа. З іншага боку, шэраг польскіх навукоўцаў імкнуліся давесці, што беларуска-літоўскія землі з’яўляюцца часткай Польшчы, а іх славянскія жыхары – этнаграфічнай групай польскага этнасу. У выніку ў першай палове ХІХ ст. не існавала ўласна беларускай культурнай традыцыі. Працэс беларускага культурнага накаплення адбываўся на двух шляхах, якія ўмоўна можна назваць “ліцвінскай” і “заходнерускай” культурнымі традыцыямі. Ліцвінская традыцыя, паводле гісторыка Святланы Куль-Сяльверставай[1], грунтавалася на гістарычных і культурных традыцыях Вялікага Княства Літоўскага, пэўнай тэндэнцыі дэмакратызацыі, якая праяўлялася ў цікавасці да народнай культуры, на ўсведамленні этнакультурнай адметнасці як ад рускіх, так і ад палякаў з этнічнай Польшчы. Трэба дадаць, што яна была часткай т.зв. “Рэчпаспалітаўскага патрыятызму”, хаця і адрознівалася высокай ступенню аўтаномнасці. Па сваёй канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў гэтай традыцыі з’яўляліся вернікамі каталіцкага касцёлу, а па саслоўнаму складу належалі да шляхты. Літаратурныя і публіцыстычныя творы ў межах гэтай традыцыі ствараліся на польскай, літоўскай і беларускай мовах. Апошняя перадавалася на пісьме лацінкай. Цэнтрам ліцвінскай традыцыі з’яўлялася Вільня.  Ля вытокаў беларускага культурнага накаплення ў межах ліцвінскай традыцыі стаяла група прафесароў гісторыі, славістыкі і права Віленскага універсітэту. Міхал Баброўскі, Ігнат Даніловіч, Іосіф Ярашэвіч, Іван Лабойка і іншыя асвятлялі гісторыю ВКЛ з патрыятычных пазіцый і спрыялі фармаванню адметнай ліцвінскай гістарычнай памяці. І.Лабойка выказваўся таксама за адраджэнне “беларускай славеснасці”[2] У беларускай гістарыяграфіі для пазначэння гэтай групы даследчыкаў іншым разам ужываецца тэрмін “гістарычная школа ліцвінаў-патрыётаў”. Не без уплыву гэтых навукоўцаў у Віленскім універсітэце ўзніклі тайныя таварыствы філаматаў і філарэтаў. Пазней традыцыі гэтай гістарычнай школы працягвалі Яўстах і Канстанцін Тышкевічы, Тэадор Нарбут і Адам Кіркор. У літаратуры адным з найбольш яркіх прадстаўнікоў ліцвінскай традыцыі з’яўляўся Адам Міцкевіч (1798-1855). Творчасці Яна Баршчэўскага, Яна Чачота, Аляксандра Рыпінскага, Уладыслава Сыракомлі (Людвіка Кандратовіча) было ўласціва беларуска-польскае двухмоўе. Усе яны паходзілі з каталіцкай ліцвінскай шляхты, ведалі беларускую мову і атрымалі сямейнае і школьнае выхаванне ў польскім (рэчпаспалітаўскім) патрыятычным духу. Для большасці з іх галоўнай заставалася польскамоўная творчасць і ідэя Польшчы як Айчыны ў шырокім сэнсе слова. Літва ўспрымалася як “малая радзіма”. (Хаця ліцвінскі патрыятызм гэтых людзей “малым” ніяк не назавеш.) Любоў да Літвы, узмоцненая рамантызмам, з’явілася асновай захаплення народнымі песнямі і легендамі, казкамі і паданнямі. Яны выкарыстоўвалі фальклор, звярталіся да народнай гістарычнай памяці, імкнуліся, каб іх творы дайшлі да народу. Паралельна развівалася літаратура ў сялянскім асяроддзі, якое зберагала фальклор і мову продкаў. Тут таксама з’яўляліся паэты (Паўлюк Багрым), нараджаліся ананімовыя літаратурныя творы.  Прыкметным эпізодам беларускага культурнага накаплення ў межах ліцвінскай традыцыі стала выданне беларускіх буквароў (лемантароў). У 1835 г. у Вільні была выдадзена на беларускай мове чытанка для дзяцей - “Krótkie zebranie nauki Chrześciańskiej. Dla wieśniaków mówiących językiem polsko-ruskim wyznania Rzymsko-katоlickiego”*, а ў 1862 г. у Варшаве - “Лемантар для добрых дзетак-каталікоў”. Сустракаюцца згадкі пра падрыхтаваную да друку ў 1854 г. беларускую граматыку.[3]  Першым у ХІХ ст. класікам беларускай літаратуры і драматургіі стаўся Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1818-1884). У 1846 г. ён напісаў лібрэта камедыі-оперы „Sielanka”, у якой сяляне размаўлялі па-беларуску. У сярэдзіне 50-ых паэт выдаў шэраг паэтычных кніг на беларускай мове лацінкай („Гапон”, „Дудар Беларускі або Усяго патроху” і інш.). Улады звярнулі ўвагу на беларускамоўную літаратурную творчасць В.Дуніна-Марцінкевіча. Летам 1859 г. цэнзура не дазволіла друкаваць ягоны беларускі пераклад „Пана Тадэвуша”. А ў верасні таго ж года Галоўнае упраўленне цэнзуры прыняло пастанову, якая забараняла друкаванне беларускіх твораў на лацінцы ці, як адзначылі цэнзары, „польскім шрыфтам”.[4] Гэта быў моцны ўдар па беларускаму культурнаму накапленню ў межах ліцвінскай традыцыі.  На пачатку 60-ых гадоў ліцвінская традыцыя перажывала пэўны крызіс. Ужо ў творчасці В.Дуніна-Марцінкевіча назіраўся пэўны адыход ад яе асноўных прынцыпаў. Пісьменнік і драматург шырока выкарыстоўваў тэрміны „беларусы” і „Беларусь”, ужываў запазычанні не толькі з польскай, але і з рускай мовы. Некаторыя свае творы В.Дунін-Марцінкевіч пісаў кірыліцай. Беларускае культурнае накапленне адначасова адбывалася на шляху развіцця заходнерускай культурнай традыцыі. Яе характэрныя рысы на пачатку ХІХ ст. - усведамленне самабытнасці Беларусі як “Заходняй Русі”, апеляцыя да гістарычных традыцый Полацкага княства, высокая ацэнка ролі праваслаўнай царквы ў гісторыі “заходнерускіх зямель”, антыпольскасць і антыкаталіцкасць. Па канфесійнай прыналежнасці большасць прадстаўнікоў заходнерускай традыцыі – уніяты, а пасля 1839 г. - вернікі праваслаўнай царквы. Многія належалі да праваслаўнага духавенства, займалі дзяржаўныя ці вайсковыя пасады або былі звязанымі з расійскімі магнатамі. Літаратурныя і публіцыстычныя творы пісаліся па-руску і па-беларуску. Беларуская мова, якую звычайна называлі “заходнерускай гаворкай”, перадавалася кірыліцай. Заходнеруская традыцыя ў першай палове ХІХ ст. развівалася пераважна на Гомельшчыне і Магілёўшчыне. Яе прадстаўнікоў Аляксандр Цвікевіч назваў „беларусафіламі ў расейскай культуры”[5].  Нараджалася гэтая традыцыя ў Магілёве. Яе „бацькі” выконвалі пэўны ідэалагічны заказ, зроблены Кацярынай ІІ. У 1793 г. ў Магілёве была выдадзена гістарычная праца „Аб Заходняй Расіі”. Аўтар працы магілёўскі арцыбіскуп Станіслаў Богуш-Сестранцэвіч між іншым спрабаваў даказаць „гістарычныя правы” Расіі на валоданне беларускімі землямі. Адным з аргументаў быў тэзіс пра „гістарычнае адзінства” рускіх, беларусаў і ўкраінцаў. Ёсць пэўныя падставы сцвярджаць, што менавіта С.Богуш-Сестранцэвіч з’яўляўся аўтарам першай „Беларускай граматыкі”, рукапіс якой пакуль не знойдзены.[6]  У першай палове ХІХ ст. цэнтрам заходнерускай культурнай традыцыі стаў Гомель. Менавіта тут пад апекай расійскага магната графа Міхала Румянцава распачалася навуковая дзейнасць заснавальніка беларускай археаграфіі Івана Грыгаровіча (1792-1862). У 20-40-ыя гады ён падрыхтаваў да друку і выдаў 9 тамоў гістарычных дакументаў. Варта адзначыць пяцітомнае выданне „Актов Западной России”. Ідэалагічная накіраванасць апублікаваных дакументаў бясспрэчна. Беларусь успрымалася І.Грыгаровічам толькі як „Заходняя Русь”. Беларускую мову ён называў то „заходнерускай гаворкай”, то „літоўска-рускай (беларускай) мовай”.[7] Тым не менш, гэтыя археаграфічныя зборнікі ў далейшым паспрыялі выпрацоўцы ўласна беларускай гістарычнай памяці.  Усведамленню гістарычнай самабытнасці беларусаў і Беларусі спрыялі гістарычныя працы Міхала Без-Карніловіча і О.Турчыновіча. Першы з іх лічыў беларусаў “самастойным племенем”, нашчадкамі крывічоў і радзімічаў, адзначаў дзяржаўнасць Полацкай зямлі.[8] О.Турчыновіч сцвярджаў, што, па меньшай меры, да XV ст. існавала ўласна беларуская гісторыя.[9]  Першыя буйныя публікацыі, прысвечаныя Беларусі, з’явіліся ў расійскім друку ў 50-ыя г. Іх аўтарам быў Павел Шпілеўскі. У большасці артыкулаў ён паўтараў тэзісы расійскай афіцыйнай прапаганды (у т.л. тэзіс пра “ісконна рускія землі”), але ўсё ж такі лічыў Беларусь асобным этнаграфічным рэгіёнам. У 1845 г. ён склаў Слоўнік караняслоў беларускай гаворкі, а праз год падрыхтаваў да друку “Кароткую граматыку беларускай мовы”. Аснову беларускага алфавіта ў ягонай граматыцы складала кірыліца. Аднак улады не дазволілі яе выдання. Тым не менш заходнеруская культурная традыцыя асабліва не пярэчыла расійскай афіцыйнай ідэалогіі, аснову якой складала вядомая формула графа Уварава: “православие, самодержавие, русская народность”. На пачатку 60-ых г. афіцыйныя колы нават пачалі схіляцца да думкі пра мэтазгоднасць выдання беларускамоўнай урадавай газеты. Папячыцель Віленскай навучальнай акругі П.Шырынскі-Шахматаў выношваў планы выкладання Закона Божага ў беларускіх губернях па-беларуску.[10] Зразумела, што гэтая „сімпатыя” да беларусаў грунтавалася толькі на жаданні Расіі выкарыстаць „беларускую карту” ў барацьбе з польскімі ўплывамі. Ліцвінская і заходнеруская культурныя традыцыі ў пэўным сэнсе былі адлюстраваннем таго цывілізацыйнага разлому, які прайшоў праз Беларусь. Калі „ліцвінства” цягацела да цывілізацыйных каштоўнасцяў еўрапейскай каталіцка-пратэстанцкай культуры, то заходнеруская традыцыя была пэўным ўвасабленнем візантыйска-рускай праваслаўнай цывілізацыі.  Афармленню традыцыі беларускага культурнага накаплення паспрыяла распаўсюджванне ў Беларусі і Літве палітычнай ідэалогіі лібералізма. Лібералы Беларуска-літоўскага края ў першай палове ХІХ ст. сваёй мэтай лічылі дасягненне свабоды асобы і забяспячэнне сацыяльнага прагрэсу. Пад апошнім разумелася свабода сумлення, вызваленне асобы ад дзяржаўнай апекі, адмена саслоўных прывілеяў, устанаўленне палітычных свабод, а таксама свабода гандлю і працы. Лібералы імкнуліся да ўсталявання прававой дзяржавы ва ўмовах самаўладдзя. Першымі крокамі на гэтым шляху павінна была стаць адмена прыгоннага ладу і судовая рэформа. У першай палове ХІХ ст. прадстаўнікі шляхты Віленскай, Менскай і Гарадзенскай губ. неаднаразова абмяркоўвалі праблему прыгоннага ладу і звярталіся да імператара з праектамі яго адмены. Некаторыя самастойна вызвалялі сялян ад прыгнёту.[11] Ліберальны рух не быў аднародным. Ужо ў першай трэці ХІХ ст. у ім пачала вызначацца памяркоўная і радыкальная плыні. На думку гісторыка Марыны Сакаловай, лініяй падзелу сталі адносіны да дэмакратыі. Памяркоўныя лібералы бачылі ў дэмакратыі толькі сродак вырашэння сацыяльных канфліктаў праз дасягненне кампрамісу. Радыкалы разумелі дэмакратыю як кіраванне дзяржавай пры ўдзеле ўсяго народу і адзіны сродак вырашэння ўсіх сацыяльных праблемаў. Дзеля стварэння справядлівага грамадства яны імкнуліся да знішчэння існуючага ладу. Радыкалы заяўлялі, што дзейнічаюць ад імя народу і ў яго інтарэсах, і актыўна спрабавалі пашырыць свае ідэі сярод сялян і рамеснікаў. Усё гэта было характэрна для дзейнасці Франца Савіча, Юліяна Бакшаньскага, сяброў „Брацтва літоўскай моладзі”, якое існавала ў Менску ў другой палове 40-ых г. ХІХ ст і інш. Разгром гурткоў напрыканцы 40-ых г. яшчэ больш паспрыяў размежаванню паміж памяркоўнымі і радыкальнымі лібераламі. Калі першыя звязвалі свае надзеі з культурна-асветніцкай працай, то радыкалы адзіны сродак усталявання дэмакратычнай рэспублікі бачылі ў народнай рэвалюцыі. Менавіта яны дзеля прапаганды сваіх ідэй пачалі звяртаць усё большую увагу на этнічныя асаблівасці сацыяльных нізоў. Найбольш відавочным гэта стала падчас паўстання 1863-64 г.  Паўстанне 1863-64 г. цікавіць нас у першую чаргу асобай Канстанціна Вікенція Каліноўскага (1838-64). Гэта адзін з найбольш яркіх прадстаўнікоў ліцвінскай традыцыі. У 1862 г. ён наладзіў выданне першай беларускай газеты „Мужыцкай праўды”, на старонках якой выступаў за палітычнае і духоўнае вызваленне беларускіх сялян, за стварэнне дэмакратычнай народнай дзяржавы. Паміж радкоў „Мужыцкай праўды” лёгка прачытваецца імкненне Каліноўскага да палітычнай самастойнасці і незалежнасці Беларуска-Літоўскай дзяржавы.  Спроба К.Каліноўскага сумясціць у антыўрадавай прапагандзе ідэалогію радыкальнага лібералізма з этнічнымі кампанентамі аказалася досыць удалай. Пастаянная апеляцыя да гістарычных, культурных і рэлігійных традыцый, спроба праз мову „Мужыцкай праўды”, праз варшаўскае выданне лемантара 1862 г. і інш. узняць грамадскі прэстыж беларускай мовы паспрыялі актыўнаму далучэнню беларускага сялянства Віленшчыны і Гарадзеншчыны да паўстання.  Падзеі першай паловы 60-ых г. моцна паўплывалі на далейшую эвалюцыю працэса культурнага накаплення. Адмена прыгоннага ладу і паўстанне 1863 г. значна прыспешылі працэс дэмакратызацыі грамадства, які, як заўважыў яшчэ Міхал Ромэр, генетычна звязаны з нацыянальным Адраджэннем.[12] Маніфест 19 лютага 1861 г. нанёс моцны ўдар па саслоўнай структуры грамадства. Паўстанне паспрыяла палітычнай актывізацыі сацыяльных нізоў незалежна ад таго, на чыім баку ў паўстанні яны апынуліся. Яно ж прыспешыла і працэс ліквідацыі прыгонніцтва. Увесну 1863 г. улады, баючыся пашырэння паўстання, прадаставілі сялянам Беларусі і Літвы права выкупу зямлі і дзяржаўныя крэдыты для яго ажыццяўлення.  Аднак гэтая дэмакратызацыя адбывалася ва ўмовах рэзкага ўзмацнення палітыкі русіфікацыі. Фактычна адзінай магчымасцю легальнай грамадскай дзейнасці станавіўся ўдзел у гэтай палітыцы. Частка сацыяльных нізоў насельніцтва Беларусі скарыстала з гэтай магчымасці. А вось большасць мясцовай шляхты зрабіла іншы выбар. Пасля разгрому паўстання адбывалася хуткая пераарыентацыя значнай часткі палітычна паланізаваных колаў літоўскага і беларускага этнасаў. Раней, калі існавала магчымасць легальнай грамадска-культурнай працы на карысць Беларусі і Літвы, сфармаваўся нават пэўны тып грамадскага работніка краю. Пасля паўстання ва ўмовах жорсткай палітыкі русіфікацыі легальныя магчымасці такой працы зніклі. Большасць т.зв. “польскіх элементаў” пачала арыентавацца на Польшчу, на яе культурныя патрэбы, г.зн., што палітычная паланізацыя гэтай часткі шляхты Беларусі і Літвы больш актыўна дапаўнялася культурнай паланізацыяй.[13] Падмурак з-пад ліцвінскай традыцыі таксама выбівала поўная русіфікацыя афіцыйнай сістэмы адукацыі і забарона друку на польскай, літоўскай і беларускай мовах лацінкай. У выніку крызіс ліцвінскай традыцыі яшчэ больш паглыбіўся.  Адначасова расійскія ўлады актыўна разыгрывалі “беларускую карту”. У 1869 г. яны дазволілі друкаваць на беларускай мове грамадзянскім шрыфтом этнаграфічныя зборнікі. Пашыралася ўжыванне тэрміна “Беларусь”. Прычым да “беларускіх” зямель улады пачалі адносіць ужо і Менскую губ. У 1863 г. этнограф Павел Баброўскі прапанаваў галоўным крытэрыям для вызначэння этнасу лічыць мову.[14] У прыватнасці, ён пісаў, што беларус-селянін ці будзе ён праваслаўны, ці каталік, мае свае перакананні, сваю маральную філасофію і перадае гэта разам з мовай сваім дзецям і ўнукам. Ідэя вызначэння этнічнасці па мове цалкам адпавядала інтарэсам расійскага афіцыёзу, які лічыў беларускую мову толькі дыялектам рускай. У 60-70-ыя г. пры актыўным удзеле афіцыйных колаў на глебе заходнерускай культурнай традыцыі была распрацавана т.зв. “тэорыя заходнерусізма”. Паводле яе Беларусь з’яўлялася культурнай і дзяржаўнай часткай Расіі, а беларусы - адгалінаваннем рускага этнасу. Гісторык Міхал Каяловіч у сваіх працах даказваў, што Украіна, Беларусь і Літва гістарычна ўяўляюць сабой адно цэлае і з’яўляюцца неад’емнай часткай Расіі як тэрытарыяльна, так і этнічна. Этнаграфічныя асаблівасці Беларусі тлумачыліся польскімі ўплывамі і падлягалі ліквідацыі. Апошнім гэтая тэорыя істотна адрознівалася ад заходнерускай культурнай традыцыі. Зрэшты, не ўсе “заходнерусы” падзялялі ідэю знішчэння этнаграфічных асаблівасцяў.  Умацаванню заходнерусізма павінны былі спрыяць шматлікія навуковыя даследаванні народнай культуры беларусаў, якія пры падтрымцы ўрада шырока разгарнуліся ў 60-70-я гады. Навукоўцы (Іван Насовіч, Михал Дзмітрыеў, Юльян Крачкоўскі, Аляксандр Семянтоўскі і інш.) і сапраўды імкнуліся гэта зрабіць. Аднак фактычна іх даследаванні толькі пацвярджалі існаванне самастойнага беларускага этнасу. Як гэта часта бывае ў гісторыі рэальныя наступствы пэўных дзеянняў цалкам пярэчылі намерам тых, хто іх здзейсняў.  Працэс беларускага культурнага накаплення, якое адбывалася ў межах ліцвінскай і заходнерускай культурных традыцый, ва ўмовах дэмакратызацыі грамадства паспрыяў афармленню ўласна беларускай культурнай традыцыі. Прычыніліся да гэтага і “ліцвіны” і “заходнерусы”. Беларускасць у пэўным сэнсе была спробай прымірэння двух розных цывілізацыйных тыпаў, якія дзялілі Беларусь. Ужо першая публічная праява беларускай культурнай традыцыі адначасова была спробай яе прарыву на “палітычную тэрыторыю”. У канцы 70-пачатку 80-х гадоў беларускія народнікі выступілі з тэарэтычным абгрунтаваннем існавання беларусаў як “асобнай галіны славянскага племені”. Упершыню выпрацоўка нацыянальнай ідэалогіі аказалася звязанай з сацыялістычнай ідэяй у яе народніцкім варыянце. У народніцкіх выданнях (“Пісьмы пра Беларусь. Пісьмо першае” Данілы Баравіка, “Пасланне да землякоў беларусаў” Шчырага беларуса, двух нумарах гектаграфічнага часопіса “Гомон” і інш.) адзначаліся спецыфічныя кліматычныя, прыродна-геаграфічныя, гістарычныя і этнаграфічныя ўмовы, якія адрознівалі Беларусь ад Расіі, Польшчы і Украіны. Падкрэслівалася адметнасць беларускай мовы. Народнікі сцвярджалі, што беларускі народ адчувае сваё арганічнае адзінства і адрознівае свае інтарэсы ад польскіх і велікарускіх. Аўтары публікацый прапанавалі лозунг “Беларусь для беларусаў”. Пры гэтым беларускі этнас успрымаўся імі як выключна сялянскі. Падобнае ўспрыяцце прывядзе ў далейшым да этналінгвістычнай і сацыяльнай абмежаванасці беларускай культурнай традыцыі. Ідэю самастойнасці беларускага этнасу адстойвалі аўтары публікацый у легальнай газеце ”Минский листок“, якая была цэнтрам групоўкі беларускіх памяркоўных лібералаў. Гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі ў сваіх артыкулах (1888) на старонках газеты даказваў існаванне беларускай нацыі, падкрэсліваючы самабытнасць беларускай гісторыі і мовы.  На канчатковае афармленне беларускай культурнай традыцыі моцна паўплывала літаратурная дзейнасць Францішка Багушэвіча (1840-1900). У прадмове да “Дудкі беларускай”, выдадзенай у Кракаве ў 1891 г. на лацінцы, паэт абвясціў пра існаванне самастойнай і паўнацэннай беларускай мовы, акрэсліў тэрыторыю яе распаўсюджвання, папярэдзіў, што страта роднай мовы прывядзе да знікнення беларускага этнасу. Паэт з гонарам згадваў мінулае Беларусі, калі яна разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх нападаў, а пасля ўтварэння дзяржавы Гедыміна апынулася ў сярэдзіне Літвы як “тое зярно ў гарэху”.[15] Упершыню ў гэтай прадмове ўсе этнічныя беларускія землі былі названыя Беларуссю. На старонках “Мужыцкай праўды”, у творах Ф.Багушэвіча, у публікацыях “Минского листка” прысутнічалі пэўныя праявы нацыянал-кансерватызму (тэрмін Н.Недасека[16]). Маецца на ўвазе, ідэя захавання культурных традыцый, абароны ўласнай культурнай адметнасці ад поўнай дэнацыяналізацыі. Менавіта гэтая ідэя прыцягнула да беларускай культурнай дзейнасці такіх прадстаўнікоў вышэйшых колаў грамадства як Аляксандр Ельскі і Эдвард Вайніловіч. Ёсць усе падставы лічыць беларускіх народнікаў і Ф.Багушэвіча “піянерамі” ўласна беларускага Адраджэння. Менавіта яны прычыніліся да пачатку “палітычнага” этапу беларускага нацыянальнага руху, які распачаўся напрыканцы ХІХ – на пачатку ХХ ст. Хаця ва ўмовах Расійскай імперыі, дзе дзяржава была выключна інструментам гвалту, нават літаратурная творчасць станавілася палітычнай дзейнасцю. Можна зрабіць выснову, што на афармленне ўласна беларускай культурнай традыцыі моцна паўплывала як ідэалогія лібералізма, спалучаная на беларускай глебе з асобнымі элементамі кансерватызма, так і сацыялістычная ідэалогія ў выглядзе народніцтва. У беларускай гісторыі праявілася агульнаеўрапейская тэндэнцыя: нацыяналізм на працягу амаль усяго ХІХ ст. быў звязаны менавіта з ліберальнымі і радыкальнымі рухамі.[17]  Усё, што адзначалася вышэй, датычыла толькі нацыянальнай эліты. На рубяжы стагоддзяў беларуская нацыя як палітычная катэгорыя знаходзілася на пачатку свайго фармавання. Яна існавала, галоўным чынам, як пэўная тэндэнцыя ідэйных пошукаў нацыянальнай эліты. Народны протанацыяналізм (тэрмін Эрыка Хабсбаўма[18]) як пачуццё калектыўнай прыналежнасці да нацыі быў досыць слабым. Нават саманазва “беларусы” яшчэ не мела ўласна нацыянальнага зместу і выкарыстоўвалася часцей як тапонім. Таксама ўжываліся канфесіянімы – “рускія” і “палякі”. Значная частка жыхароў паўночна-заходняй і цэнтральнай Беларусі называлі сябе “тутэйшымі”[19]. Тутэйшасць уяўляла сабой досыць цікавы феномен масавай свядомасці насельніцтва Беларусі эпохі нацыянальных рухаў. Яго можна трактаваць як падсвядомае імкненне пазбегнуць нацыянальнага самавызначэння. Пераважалі сацыяльныя і канфесійныя формы ідэнтыфікацыі. Галоўнай перашкодай на шляху нацыянальнай кансалідацыі беларусаў была палітыка расійскага ўраду. Уведзеныя ўрадам абмежаванні ў сацыяльна-эканамічнай галіне затрымлівалі працэс мадэрнізацыі грамадства, адным з вынікаў якога павінна было стаць з’яўленне ўплывовага “сярэдняга класа”. Заходнерусізм стаўся нават формай самасвядомасці часткі беларускага насельніцтва. Негатыўную ролю адыгрывала і канфесійная сітуацыя. Ліквідацыя ў 1839 г. уніяцкай царквы азначала знішчэнне рэлігійнага нацыятворчага фактару, які даваў найбольшыя шансы для выспявання беларускай нацыянальнай самасвядомасці. Разам з уніяцкай царкоўнай іерархіяй знікла тая праслойка беларускага грамадства, якая мела ўсе шансы стаць правадыром беларускага Адраджэння.  Пасля 1839 г. расійскія ўлады моцна спрыялі падзелу насельніцтва на “рускіх” і “палякаў” адпаведна “рускай веры” і “польскай веры”. Большасць беларусаў як вернікаў праваслаўнай царквы трапіла ў катэгорыю “рускіх”. Пры гэтым праваслаўная царква з яе клопатам пра вусную народную культуру і традыцыйныя пабытовыя нормы фактычна кансервавала абшчынныя структуры. Гэта моцна перашкаджала нацыятворчым працэсам. Яшчэ адной перашкодай была ідэя эгалітарызму, характэрная для праваслаўнай дактрыны. У грамадскім жыцці яна непазбежна выклікала пэўныя сацыяльныя супярэчнасці, што таксама стрымлівала працэс фармавання нацыі. Каталіцкі касцёл з ягонай ідэалогіяй грамадскай салідарнасці меў большыя шансы прычыніцца да выспявання беларускай нацыянальнай ідэі, але не выкарыстаў іх. Уцягнуты ў расійска-польскі канфлікт, касцёл вёў цяжкую барацьбу за выжыванне. Ён стаўся аплотам польскасці ў Беларусі.  У гэтай сітуацыі з улікам працэсу дэмакратызацыі грамадства пашырэнне нацыянальнай ідэі гарантавалася яе спалучэннем з папулярнымі палітычнымі ідэалогіямі або кан’юнктурнымі сацыяльна-палітычнымі праграмамі. Ролю каталізатара нацыянальнага руху на рубяжы стагоддзяў магла адыграць сацыял-дэмакратычная мадэль сацыялістычнай ідэалогіі або, па меньшай меры, сацыялістычныя лозунгі. Гэтая мадэль пачала распаўсюджвацца на беларускіх і літоўскіх землях у 80-90-ыя г. ХІХ ст. і хутка набыла нацыянальную афарбоўку. Найбольш уплывовымі сацыялістычнымі партыямі ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст. былі Польская сацыялістычная партыя (ППС) і Яўрэйскі рабочы саюз (БУНД), які фактычна манапалізаваў рабочы рух. Пашыраліся ўплывы велікарускіх сацыялістычных партый (РСДРП і ПСР).  Першай палітычнай беларускай арганізацыяй у ХХ ст. стала Беларуская рэвалюцыйная партыя, заснаванная Вацлавам Іваноўскім. Праіснавала яна нядоўга. У 1903 г. на смену ёй прыйшла Беларуская рэвалюцыйная Грамада. Абедзьве гэтыя арганізацыі больш нагадвалі інтэлігенцкі клуб, чым палітычную арганізацыю.[20] Ператварэнню “клуба” ў палітычную партыю паспрыяла рэвалюцыя 1905-1907 гг., у якую яна ўступіла пад назвай Беларускай сацыялістычнай Грамады. Ля вытокаў палітычнага этапа беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння стаялі Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Алесь Бурбіс, Францішак Умястоўскі і Вацлаў Ластоўскі. Звычайна з гэтай арганізацыяй звязваюць першыя крокі беларускага сацыял-дэмакратычнага руху. Аднак аналіз тэарэтычных пазіцый і практычнай дзейнасці БСГ у перыяд рэвалюцыі сведчыць пра іншае. БСГ працягвала традыцыі беларускіх народнікаў. Сацыял-дэмакратызм гэтай партыі “насіў фрагментарны характар, выяўляўся хутчэй у тэндэнцыях”[21].  Наогул, спалучэнне сацыялістычнай ідэалогіі, заснаванай на тэорыі марксізма, з беларускім нацыянальным рухам было амаль немагчымым, бо ў Беларусі не сфармаваўся нацыянальны пралетарыят. Беларускія сацыялістычныя арганізацыі непазбежна зыходзілі на народніцкія пазіцыі, бо маглі арыентавацца толькі на сялянства, асабліва, на яго бяднейшую частку.  У перыяд рэвалюцыі 1905-1907 гг. у дзейнасці БСГ спалучаліся сацыяльныя і нацыянальныя пытанні. Аднак выразна дамінаваў сацыяльны кампанент. Нацыянальнае часцей выступала як форма для прапаганды сацыяльных ідэй. На другім з’ездзе ў студзені 1906 г. БСГ абвясціла сябе “партыяй працавітай беднаты Беларускага краю без адрознення нацыянальнасцяў”. Гэтая перамена была выклікана дамінаваннем класавага падыходу. Але не толькі гэтым. З улікам далейшай дзейнасці кіраўнікоў БСГ праграмныя змяненні можна ахарактарызаваць як пэўную эвалюцыю разумення нацыі ў накірунку ад трактоўкі яе як этнакультурнай арганізацыі да палітычна-тэрытарыяльнага аб’яднання (палітычнай нацыі-дзяржавы). Магчыма, да гэтай эвалюцыі пэўнае дачыненне мелі т.зв. “краёўцы”, якіх можна лічыць прадаўжальнікамі ліцвінскай традыцыі. Краёвая ідэалогія нарадзілася ў асяроддзі ліцвінскай шляхты, прадстаўнікі якой адчувалі сваю прыналежнасць адначасова да розных этнасаў. Галоўным пастулатам краёвай ідэалогіі быў пастулат палітычнай нацыі. На думку краёўцаў, усе, хто ўсведамляў сябе “грамадзянамі Краю”, належалі да адзінай нацыі незалежна ад этнічнага паходжання і культурнай прыналежнасці. Падобнае ўсведамленне не перашкаджала адэптам краёвасці працаваць у рэчышчы розных этнічных рухаў[22]. Усё гэта дазваляе для перыяду 1907-1915 гг. ужываць тэрміны “беларускія” або “польскія краёўцы”. Сацыяльна-палітычная свядомасць краёўцаў грунтавалася на ідэях лібералізма.  Адным з ідэолагаў беларускіх краёўцаў быў Раман Скірмунт, чые погляды былі набліжаны да праграмы праваліберальнай партыі “Саюз 17 Октября”. У І Дзяржаўнай думе Р.Скірмунт разам з князем Іеранімам Друцкім-Любецкім, біскупам Эдвардам фон дэр Ропам, Балеславам Ялавецкім і інш. ўтварылі т.зв. “Тэрытарыяльнае кола”, якое адстойвала інтарэсы Беларуска-літоўскага краю. Аналіз іх дзейнасці дазволіў гісторыку Янку Запрудніку заявіць пра беларускасць гэтых дзеячоў[23]. Безумоўна, як краёўцы яны працавалі і для Беларусі.  У 1907-1908 гг. Р.Скірмунт спрабаваў стварыць Краёвы Саюз, які павінен быў аб’яднаць беларускую, польскую і літоўскую нацыянальныя партыі. Аднак сацыяльны радыкалізм кіраўніцтва БСГ не спрыяў палітычным кантактам з беларускімі краёўцамі. Спроба стварэння беларускай ліберальнай партыі аказалася перадчасовай. Тым не менш ва ўмовах спаду рэвалюцыі менавіта лібералізм стаў палітычнай асновай для наладжвання адносін паміж рознымі плынямі беларускага руху.  Пасля самароспуску БСГ у 1906 г. цэнтрам нацыянальнай дзейнасці стала штотыднёвая газета “Наша Ніва”, якая выдавалася ў Вільні. Аналіз публікацый галоўнай беларускай газеты сведчыць, што ў новых ўмовах погляды былых кіраўнікоў БСГ па агульнапалітычных пытаннях і нават па аграрнай праблеме прынцыпова не розніліся ад поглядаў беларускіх краёўцаў – прыхільнікаў памяркоўнага лібералізма.  Лібералізацыя поглядаў кіраўніцтва беларускага руху стварала магчымасці для палітычных кантактаў дзеля кансалідацыі ўсіх нацыянальных сіл. Сярод нацыянальнай эліты пашыралася разуменне нацыі як палітычнага саюза (аб’яднання) тых, хто звязваў сваю будучыню з Беларуссю. У міжрэвалюцыйны перыяд у доме княгіні Марыі Магдалены Радзівіл, фундатаркі шматлікіх беларускіх і літоўскіх культурных праектаў, адбыліся сустрэчы і перамовы паміж Раманам Скірмунтам, з аднаго боку, і братамі Луцкевічамі, Вацлавам Іваноўскім і Аляксандрам Уласавым з другога[24]. Гэтыя кантакты спрыялі паразуменню розных сацыяльных сіл на глебе нацыянальна-культурнага Адраджэння. У прыватнасці, яны забяспечылі фінансавую падтрымку беларускіх культурных праектаў з боку прадстаўнікоў вышэйшых колаў Беларусі.  Імкненне да кансалідацыі нацыянальных сіл, спалучанае з прапагандай лібералізму, спрыяла далейшай эвалюцыі разумення нацыі як палітычнай катэгорыі, дапамагала пераадоленню этналінгвістычнай і сацыяльнай (сялянскай) абмежаванасці ўспрыяцця беларускай нацыі. Пра гэта сведчыць тайнае выданне беларусамі ў Вільні штодзённых рускамоўнай “Вечерней газеты” (1911-1915) і польскамоўнага “Кур’ера краёвага” (1912-1914)[25]. Кіраўнікі беларускага руху зразумелі, што сацыяльная прастора беларускамоўнай прапаганды абмежавана галоўным чынам вёскай. Прапаганда беларускай ідэі на рускай і польскай мовах пашырала сацыяльныя і культурныя межы нацыянальнага руху.  Менавіта палітычная трактоўка нацыі давала беларускай нацыянальнай ідэі шанс знайсці масавую падтрымку сярод насельніцтва Беларусі. Як ужо адзначалася працэс мадэрнізацыі грамадства (у Э.Хабсбаўма: дэмакратызацыі), які ламаў традыцыйную саслоўную структуру і рыхтаваў грамадскаць да прыняцця новых ідэалогій (у т.л. і нацыянальнай), у Беларусі адбываўся вельмі марудна. Расійскія ўлады, быццам, спрабавалі “закансерваваць” мясцовае грамадства. Міхал Ромэр, які на пачатку ХХ ст. параўноўваў Беларусь і “этнаграфічную” Літву, заўважыў, што ў апошняй “у сто разо ў менш саслоўнасці, чым у яе ўсходняй суседкі – Беларусі, дзе не развіваецца ні буйная прамысловасць, ні моцная сярэдняя зямельная ўласнасць”.[26] Замаруджанасць працэсу мадэрнізацыі затрымлівала фармаванне “сярэдняга класа”, які ў другой палове ХІХ ст. з’яўляўся галоўным апірышчам нацыянальных рухаў у Еўропе.[27] Беларуская нацыянальная эліта абаперціся на гэтую сацыяльную сілу не магла. Тым не менш развіццё нацыянальнага руху працягвалася. Найбольшых поспехаў беларусы дасягнулі ў галіне культуры. Асаблівую ролю ў працэсе беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння адыгрывала “Наша Ніва”. Невыпадкова яна стала сімвалам беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння. Пад кіраўніцтвам С.Вольскага (з лістапада 1906 г.), Аляксандра Уласава (са снежня 1906 г.) і Янкі Купалы (з сакавіка 1914 г.) газета вяла барацьбу за прызнанне існавання беларускай нацыі, за роўнасць беларусаў у правах з іншымі народамі. Шмат увагі надавалася тэарэтычнаму абгрунтаванню права на захаванне і развіццё ўласнай культуры і, у першую чаргу, беларускай мовы.  Паэт Максім Багдановіч у 1916 г. у артыкуле “Белорусское возрождение” наступным чынам ацаніў значэнне “Нашай Нiвы”: “Ставячы сваёй мэтай усебаковае адраджэнне беларускай народнай культуры, а гэта значыць, цвёрда стоячы на пэўнай дэмакратычнай пазіцыі, яна прабіла сабе дарогу ў самыя глухія куткі Беларусі, у самыя цёмныя колы грамадства. Для многіх тысяч людзей яна была першай прачытанай газетай, першай крыніцай ведаў, якая не мела казённай пячаткі і прамаўляла простай і яснай мовай. Да беларускага селяніна, які прывык да думкі, што ён – хам, а яго “мова” – хамская, “Наша Нiва” звярнулася на гэтай мове, выклікаючы ў чытача павагу і да яе, і да самога сябе, абуджаючы пачуццё ўласнай годнасці”[28]  На думку даследчыка Уладзіміра Конана, “Наша Ніва” была свайго роду грамадскім інстытутам беларускай культуры. Яна ж выконвала ролю каардынацыйнага выдавецкага цэнтра.[29] “Наша Ніва” выпускала папулярны “Беларускі каляндар”, альманахі “Зборнік “Нашай Нівы”, “Калядную пісанку.1913 г.” і інш.  Працяглы час яна выдавалася на кірыліцы і на лацінцы. У пэўным сэнсе гэта была яшчэ адна спроба захаваць для беларускай культурнай традыцыі здабыткі “ліцвінства”. Толькі ў кастрычніку 1912 г. быў зроблены канчатковы выбар на карысць кірыліцы. У стварэнні навуковага падмурку беларускага Адраджэння вялікую ролю адыгралі працы філолага-славіста і этнографа Яўхіма Карскага. Ягонае шматтомнае навуковае даследаванне “Беларусы”, асноўная частка якога была апублікавана ў 1903-1916 гг., стала сапраўднай энцыклапедыяй беларусазнаўства. Я.Карскі навукова абгрунтаваў нацыянальную самабытнасць беларусаў як самастойнага славянскага народу, які стварыў багатую і арыгінальную культуру і захаваў ўласныя гістарычныя традыцыі. Гэты даследчык на падставе моўнага крытэрыя акрэсліў этнічныя межы Беларусі. Вартае ўвагі тое, што па сваіх поглядах даследчык належаў да плыні заходнерусістаў. Заходнерусізм ва ўмовах палітычнага развіцця беларускага нацыянальнага руху значна актывізаваўся. Ён фактычна ператварыўся ў рэгіянальны варыянт расійскага велікадзяржаўнага шавінізму і вёў ідэалагічную вайну супраць беларускага Адраджэння. А вось дзейнасць “заходнерускіх” навукоўцаў, як і раней, спрыяла беларускай справе. Поруч з Я.Карскім трэба назваць імя Аляксея Сапунова, які сваімі гістарычнымі і этнаграфічнымі працамі таксама ўмацоўваў ідэю нацыянальнай адметнасці і самабытнасці беларусаў.[30]  Ідэя самабытнай беларускай гісторыі набыла рысы навуковай канцэпцыі ў “Кароткай гісторыі Беларусі” (1910) Вацлава Ластоўскага.  “Наша Ніва” непасрэдна прычынілася да з’яўлення іншых органаў беларускага друку. Увесну 1912 г. сельскагаспадарчы аддзел газеты быў ператвораны ў самастойны часопіс “Саха”. Амаль адначасова пачаў выходзіць у Менску літаратурны месячнік для моладзі “Лучынка” (рэдактар Алаіза Пашкевіч) і ў Пецярбургу грамадска-палітычны і літаратурны альманах “Маладая Беларусь”. У студзені 1913 г. у Вільні з’явілася штотыднёвая каталіцкая газета “Беларус”. Прыкметныя поспехі адбыліся ў развіцці беларускага кніжнага друку. У 1908-1914 гг., па падліках гісторыка Міхала Біча, была выдадзена 77 беларускіх кніжак агульным накладам 226 600 паасобнікаў. Асноўную частку кніжнай прадукцыі выдалі беларуская выдавецкая суполка ў Пецярбургу “Загляне сонца і ў наша ваконца” і выдавецтва “Нашай Нівы”, якія цесна ўзаемадзейнічалі.[31]  Хутка развівалася новая беларуская літаратура, цэнтральнымі фігурамі якой былі Янка Купала (Іван Луцэвіч), Якуб Колас (Канстанцін Міцкевіч), Максім Багдановіч, Карусь Каганец, Цішка Гартны (Зміцер Жылуновіч), Канстанцыя Буйло і інш. Літаратура адстойвала права беларуса на сацыяльную, палітычную і культурную роўнасць. Яна вяртала беларусу высокі сэнс жыцця. На змену пакутніку ў беларускую літаратуру прыйшоў новы, адраджэнскі тып чалавека, які пачаў разумець саю вартасць і маральную сілу. Трэба адзначыць поспехі ў развіцці беларускага мастацтва і, у першую чаргу, тэатра. Як прафесійны калектыў з 1910 г. дзейнічала “Першая беларуская трупа” пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. У Вільні пры рэдакцыі “Нашай Нівы” намаганнямі Івана Луцкевіча ствараўся Беларускі нацыянальны музей.  Такім чынам, па меры пашырэння беларускага нацыянальнага руху развівалася і мацнела беларуская культура, гэты, па словах аднаго з аўтараў “Нашай Нівы”, “аграмадны дар і скарб для ўсеславянскай і ўсясветнай людскай культуры”[32]. А вось барацьбу за нацыянальную школу беларусы прайгралі. Падчас рэвалюцыі 1905-1907 гг. пытанне пра існаванне беларускай школы сталася адным з галоўных пытанняў нацыянальнага руху. Ролю школы ў працэсе фармавання нацыі ва ўмовах пачатку ХХ ст. цяжка пераацаніць. Ніводны іншы сродак вядзення прапаганды не мог параўнацца са школьным. Менавіта тут ідэалогія нацыянальнай эліты павінна была злучыцца з масавай свядомасцю. І беларусы шмат зрабілі па падрыхтоўцы і выданню вучэбнай літаратуры. У 1906 г. у Пецярбургу выйшаў з друку першы ў ХХ ст. беларускі буквар (“Беларускі лемантар або Першая навука чытання”), які ўводзіў новую графічную сістэму для беларускай лацінкі. Яе асновай быў чэшскі алфавіт. Шэраг беларускіх дзеячоў (Баляслаў Пачопка, Аркадзь Смоліч, Антон Луцкевіч, Янка Станкевіч) працавалі над стварэннем граматыкі беларускай мовы для школ. Але найбольш удала справіўся з гэтай задачай Браніслаў Тарашкевіч. Ягонаму поспеху паспрыяла дапамога такіх вядомых даследчыкаў як акадэмікі А.Шахматаў і Я.Карскі. У 1918 г. у Вільні ў друкарні Марціна Кухты была надрукавана паралельна кірылічнымі (76 с.) і лацінскімі літарамі (112 с.) “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча. Упершыню на даволі высокім навуковым і метадычным узроўні былі вызначаны правапісныя і граматычныя нормы беларускай мовы.  Аднак пакуль дзеячы беларускага Адраджэння рыхтавалі вучэбную літаратуру, Беларусь пакрывалася сеткай афіцыйных рускіх і тайных польскіх школ. Выпускнікоў беларускіх настаўніцкіх семінарый, выхаваных у вялікарускім духу, Язэп Лёсік пазней назаве “найлепшымі правадырамі мураўёўскай палітыкі абрусеньня”[33] Гэтыя “русіфікатары мясцовага гатунку” мелі надзвычай вялікі ўплыў на сялянства, бо былі звязаныя з ім сваім сялянскім паходжаннем. Сур’ёзную перашкоду пашырэнню беларускай нацыянальнай свядомасці ўяўлялі сабой польскія тайныя школы, якія хутка множыліся і вялі актыўнае выхаванне ў польскім духу. Тып беларускага настаўніка-патрыёта, якім была, напрыклад, Алаіза Пашкевіч, заставаўся абсалютнай меньшасцю.  У гэты ж час афармляецца ідэя беларускай палітычнай самастойнасці. Ужо першая праграма БСГ (1903) уключала патрабаванне незалежнай дэмакратычнай беларускай рэспублікі. Але наўрадці гэта было вынікам эвалюцыі беларускай ідэі. Хутчэй сказаўся ўплыў польскіх сацыялістаў і літоўскіх сацыял-дэмакратаў, якія раней уключылі ў свае праграмы патрабаванні незалежнасці адпаведна Польшчы і Літвы. Другая праграма БСГ ужо патрабавала толькі аўтаноміі Беларусі ў межах федэратыўнай дэмакратычнай Расіі. Апошняе патрабаванне было характэрным і для беларускіх краёўцаў. Толькі пры гэтым размова ішла пра аўтаномію ўсяго Беларуска-літоўскага краю (“гістарычнай Літвы”). У 1905 г. на польска-літоўска-беларуска-яўрэйскіх з’ездах віленскіх аўтанамістаў таксама абмяркоўвалася пытанне пра тэрытарыяльныя і этнічныя межы аўтаноміі. Большасць выказалася за аўтаномію “гістарычнай Літвы”, што не задаволіла літоўскіх прадстаўнікоў, якія адстойвалі канцэпцыю “этнаграфічнай Літвы”, і не жадалі аб’яднання з усімі беларускімі землямі.[34] Напрыканцы 1915 г. сярод віленскіх краёўцаў адрадзілася ідэя самастойнасці “гістарычнай Літвы”, якая аформілася ў зварот Часовай Рады Канфедэрацыі Вялікага Княства Літоўскага (снежань 1915 г.) Актыўную ролю ў дзейнасці Часовай Рады адыгрываў Іван Луцкевіч.  У гэты час аформіліся тры з чатырох, паводле Энтані Сміта[35], асноўных кампанента нацыяналізма. Гэта ідэя самабытнай беларускай гісторыі, усведамленне прыналежнасці да адметнага культурнага тыпу, дзе асабліва важную ролю адыгрывала беларуская мова, і ўяўленне пра тэрытарыяльныя межы рассялення нацыі. Чацвёрты кампанент - уласная нацыянальная палітыка – прысутнічаў толькі часткова.  Умацаванне палітычных пазіцый стрымлівалася адсутнасцю беларускай палітычнай партыі. “Наша Ніва” цалкам замяніць партыю не магла. Наогул, для “нашаніўскага перыяду” характэрна пэўная недаацэнка ролі палітычнай працы сярод шырокіх колаў насельніцтва. Палітычны кантакт з шырокімі коламі насельніцтва быў страчаны. Месца сацыяльна-палітычнай праграмы беларускага руху заняла праграма нацыянальная. Між тым толькі спалучэнне нацыянальнай ідэалогіі з папулярнымі сацыяльнымі і палітычнымі лозунгамі дазваляла разлічваць на стварэнне шырокай сацыяльнай базы беларускага руху. Тым больш, што з пачаткам вайны ў сувязі з размеркаваннем у Беларусі велізарнай колькасці расійскага войска і наплывам бежанцаў з Польшчы сітуацыя для беларускага руху яшчэ больш пагоршылася.  Лібералізм, які спрыяў далучэнню да беларускага Адраджэння прадстаўнікоў вышэйшых колаў грамадства, не мог стаць асновай масавага руху, бо ў Беларусі так і не сфармаваўся моцны сярэдні клас. Кансерватыўная ідэалогія толькі эпізадычна мела дачыненне да беларускага руху. Што датычыць сацыялізма, які хутка павялічваў колькасць сваіх прыхільнікаў, то ў Беларусі па-ранейшаму сацыялістычная ідэалогія распаўсюджвалася пераважна як польская, яўрэйская і велікаруская. Сацыялістычны рух быў прадстаўлены ППС, БУНДам, Партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў, меньшавікамі і бальшавікамі. Гэтыя партыі праблему беларускага нацыянальна-культурнага і палітычнага Адраджэння ігнаравалі. Адсутнасць беларускай сацыялістычнай партыі, якая б паспрабавала спалучыць папулярныя сацыялістычныя лозунгі з беларускай нацыянальнай ідэяй, рабіла беларускі рух аўтсайдэрам у міжпартыйным і міжэтнічным спаборніцтве за ўплывы сярод насельніцтва.  Такім чынам, напярэдадні вызначальнага перыяду 1917-1918 гг. беларуская нацыянальная ідэя не была спалучана з папулярнай сярод шырокіх колаў грамадства сацыяльна-палітычнай праграмай. У выніку нешматлікім беларускім арганізацыям было вельмі цяжка канкураваць як з агульнарасійскімі партыямі, так і з польскімі або яўрэйскімі партыйнымі арганізацыямі.  Падзеі першай сусветнай вайны прычыніліся да тэрытарыяльнага раз’яднання беларускага руху. Пасля акупацыі Вільні нямецкімі войскамі кіраўнічым цэнтрам руху на захад ад фронта стаў Беларускі народны камітэт, які ўзначаліў Антон Луцкевіч. Ён жа быў кіраўніком створанай у Вільні ў 1915 г. Беларускай сацыял-дэмакратычнай работніцкай групы. З’яўленне гэтай арганізацыі было пэўным наступствам расчаравання беларускіх дзеячоў расійскім лібералізмам, які ад пачатку вайны заняў велікадзяржаўныя пазіцыі. Дастаткова талерантныя адносіны германскіх акупацыйных уладаў да нацыянальна-культурных патрабаванняў беларускага руху паспрыялі хуткай выпрацоўцы ў віленскім беларускім асяродку асноў уласнай нацыянальнай палітыкі. Яна грунтавалася на ідэе будаўніцтва беларускай, а, дакладней, беларуска-літоўскай дзяржаўнасці. Часовая Рада Канфедэрацыі ВКЛ у выніку абвастрэння нацыянальных адносін распалася. Але беларусы засталіся прыхільнікамі ідэі федэрацыі або канфедэрацыі Беларусі і Літвы.  Прыхільнасць беларусаў да канцэпцыі адраджэння дзяржаўнасці былога Вялікага Княства Літоўскага магчыма тлумачыцца ўсведамленнем недахопу ўласных сіл для працы над стварэннем монанацыянальнай беларускай дзяржавы. Літоўцы маглі стаць адносна нешматлікім, але вельмі актыўным і энергічным саюзнікам, які ўжо дасягнуў пэўных поспехаў, у т.л. і на міжнароднай арэне. Адроджанае ВКЛ уяўляла б сабой даволі буйную еўрапейскую краіну, у развіцці адносін з якой маглі праявіць зацікаўленасць іншыя дзяржавы. Апроч таго Беларуска-літоўская канфедэрацыя дазваляла пазбегнуць падзелу этнічнай беларускай тэрыторыі.  “Віленскія беларусы” падрыхтавалі і прадставілі на міжнародную канферэнцыю ў Лазане (1916) спецыяльны мемарандум, у якім адстойвалі правы беларусаў на нацыянальна-дзяржаўнае жыццё. Упершыню “беларускае пытанне” было вынесена на абмеркаванне еўрапейскай супольнасці.  У сакавіку 1917 г. Антон Луцкевіч у спецыяльным мемарандуме, дасланым Канцлеру Германіі, сфармуляваў галоўную мэту беларускага руху: “стварэнне з трох аб’яднаных абласцей – Беларусі, Літвы і Курляндыі, занятых нямецкімі войскамі, незалежнай дзяржаўнай арганізацыі […]”.[36] Сталіцай гэтай канфедэрацыі бачылася Вільня.  1 верасня 1917 г. сход віленскіх беларускіх арганізацый накіраваў тэлеграму ў германскі рэйхстаг, у якой выказваў надзею, што Германія дапаможа “рэалізацыі палітычных ідэалаў, падзеленага фронтам 9-мільённага беларускага народу, на падставе адзінства з этнаграфічнай Літвой і Курляндыяй”.[37] Аналагічныя дакументы накіроўваліся палітычным кіраўнікам Германіі і пазней.  Літоўскія дзеячы не прымалі гэтай ідэі. Яны цвёрда стаялі на пазіцыях утварэння монанацыянальнай літоўскай дзяржавы ў межах т.зв. “этнаграфічнай Літвы” са сталіцай у Вільні. Ідэя сумеснай з беларусамі дзяржаўнасці была для іх непрымальнай, па меньшай меры, па двух прычынах. Па-першае, на працягу амаль усяго ХІХ ст. працягваўся працэс славянізацыі літоўскага этнасу на Віленшчыне. У межах адзінай беларуска-літоўскай дзяржавы ён мог абярнуцца катастрофай для літоўцаў. Па-другое, літоўскія палітыкі разумелі, што Расія не “выпусціць” Беларусь, і маладая дзяржава атрымае вельмі моцнага ворага. У сваім імкненні да незалежнасці “этнаграфічнай Літвы” літоўцы знаходзілі ўсё большую падтрымку германскіх уладаў. Беларусы паспрабавалі перахапіць ініцыятыву. У парадак дня стала задача кансалідацыі ўсіх беларускіх сіл. Шлях да гэтага ляжаў праз фармаванне палітычнай нацыі-дзяржавы. У верасні 1917 падчас чарговага сходу беларускіх арганізацый Вільні было прынята рашэнне аб правядзенні Беларускай канферэнцыі. На ёй павінны былі быць прадстаўленымі ўсе беларускія арганізацыі, што дзейнічалі на захад ад фронту. Галоўнай мэтай прадстаўнічага сходу была каардынацыя намаганняў у справе будаўніцтва ўласнай дзяржаўнасці ў саюзе з літоўскай нацыяй. Землі ўсходняй і цэнтральнай Беларусі планавалася далучыць да “гэтай самабытнай дзяржавы”.[38]  Напрыканцы лістапада быў створаны Арганізацыйны камітэт. Яго сябры на старонках беларускай газеты “Гоман” (рэдактар Язэп Салавей) заявілі, што перад беларускім рухам з заходняга боку фронту стаіць двайная задача – культурна-нацыянальнае і палітыка-дзяржаўнае самавызначэнне. Галоўнай мэтай абвяшчалася стварэнне ўласнай дзяржаўнасці ў межах Беларуска-літоўскага краю. Нарэшце прыйшло разуменне неабходнасці масавай падтрымкі: “Ідэал свядомага беларускага грамадзянства – збудаваць сваю дзяржаву на такіх асновах, каб яна злучыла ізноў разарваныя ваенным фронтам Беларускія землі, сабрала разам усю беларускую многамільённую сямейку, забяспечыла магчымасць усестаронняга – нацыянальнага, эканамічнага, грамадзянскага развіцця ўсім жыхарам краю бяз рожніцы роду і племі. Але, каб гэты ідэал правесці ў жыццё, трэба, каб яго прынялі і паддержалі ня толькі кіраўнічыя палітычныя кругі беларускага грамадзянства, а ўвесь наш народ – усе беларусы”[39].  У Арганізацыйны камітэт між іншым увайшлі браты Іван і Антон Луцкевічы, Вацлаў Ластоўскі, Язэп Салавей, Казімір Шафнагель, ксёндз Уладыслаў Талочка, іераманах Савацій, В.Святаполк-Мірскі. Склад Камітэту сведчыць пра спробу арганізатараў аб’яднаць усе сацыяльныя колы беларускага грамадства. Гэтаму павінна была спрыяць таксама публікацыя ліста Казіміра Шафнагеля “Да нашай краёвай інтэлігенцыі”.[40] Аўтар, землеўладальнік з Гарадзеншчыны, пісаў пра трагізм становішча беларускага селяніна, пакінутага сваёй інтэлігенцыяй. Ён заклікаў прадстаўнікоў заможных колаў грамадства беларускіх зямель усвядоміць “очывістую праўду – праўду тэрытарыяльную, а хутка пэўне ўжо і праўду палітычную: што вы – грамадзяне Літвы і Беларусі, яе сыны – значыць: “літвіны” або “беларусы”. К.Шафнагель пераконваў: “Паварот да гэтага адвечнага самавызначэньня […], паварот згодлівы з вашым паходжэньнем і традыцыяй, ня толькі ня будзе вас ганьбіць, а наадварот, прынясе вам чэсць, бо звяжэ вас з народам, бо дасць вам аснову быту, бо вас узмацуе і падніме […]”. Гэты зварот у духу беларускай краёвасці быў разлічаны на далучэнне да беларускага палітычнага руху часткі вышэйшых сацыяльных колаў мясцовага грамадства. Але сярод большасці прадстаўнікоў гэтых колаў ён выклікаў пераважна крытычныя заўвагі.[41]  І тым не менш намаганні арганізатараў не былі цалкам дарэмнымі. Канферэнцыя працавала з 23 па 25 студзеня 1918 г. Выніковыя дакументы сведчаць, што пэўная кансалідацыя была дасягнута. Прадстаўнікі беларускіх арганізацый пагадзіліся з раней выпрацаванай віленскім беларускім асяродкам канцэпцыяй беларускай дзяржаўнасці: “Будучы глыбока перакананы, што толькі поўная дзяржаўная незалежнасць можа забяспечыць беларускаму народу магчымасць усебаковага эканамічнага і культурна-нацыянальнага развіцця […] прадстаўнікі беларусаў […] патрабуюць, каб акупаваныя літоўска-беларускія землі ўтваралі незалежную дэмакратычную дзяржаву, якая б складалася з двух падставовых нацыянальна-тэрытарыяльных адзінак – беларускай і літоўскай, цесна звязаных з незалежнай Курляндыяй”.[42] Сталіцай дзяржавы павінна была стаць Вільня. Упершыню ідэя беларускай дзяржаўнасці (няхай у саюзе з Літвой) прагучала як патрабаванне значнай часткі беларускага народу. На канферэнцыі была абрана Віленская Беларуская Рада, якая павінна была каардынаваць намаганні ўсіх беларускіх арганізацый. Аднак нямецкія ўлады не прынялі беларускіх патрабаванняў. Яны нават не дазволілі змясціць паведамленне пра Беларускую канферэнцыю ў органах друку. Немцы рабілі стаўку на літоўскі рух. Яны вырашылі прызнаць незалежнасць “этнаграфічнай Літвы” са сталіцай у Вільні.  Такім чынам, беларускі рух на акупаваных Германіяй тэрыторыях распачаў барацьбу за ўласную дзяржаўнасць, за ператварэнне этнічнай масы ў палітычную нацыю-дзяржаву. Але на гэтым шляху ён сустрэў вельмі моцную перашкоду ў выглядзе пазіцыі германскіх акупацыйных і імперскіх уладаў і цалкам адметных намаганняў дзеячоў літоўскага і польскага рухаў. На ўсходзе ролю кіраўнічага органа адыгрываў Менскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. На яго чале з канца 1916 г. стаяў Раман Скірмунт. Спробы арганізацыі сацыялістычнай партыі (у выглядзе адноўленай БСГ) распачаліся тут толькі пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. Ліквідацыя самаўладдзя выклікала актывізацыю нацыянальных рухаў. На чале Расіі апынуўся ўрад лібералаў, што адразу ўзмацніла ліберальную тэндэнцыю ў беларускім руху. У сакавіку 1917 г. у Менску адбыўся з’езд беларускіх арганізацый, якія аб’ядналіся на платформе лібералізму. Прадстаўнікі БСГ, якая хутка аднаўляла свае ўплывы ў беларускім руху, пагадзіліся з кіраўніцтвам з боку лібералаў. Утвораны на з’ездзе Беларускі нацыянальны камітэт узначаліў Раман Скірмунт. Дэлегаты спадзяваліся, што іх абраннік здолее дамовіцца з расійскімі лібераламі аб аўтаноміі Беларусі. Аднак Часовы ўрад Расіі не пажадаў абмяркоўваць беларускае пытанне.  Перыяд паміж лютым і кастрычнікам 1917 г. быў часам хуткай радыкалізацыі шырокіх масаў насельніцтва, якія далучаліся да актыўнай палітычнай дзейнасці. Для большасці насельніцтва Беларусі ідэя сацыяльнай рэвалюцыі была значна больш прыцягальнай, чым ідэя нацыянальнага самавызначэння. Гэта было адным з вынікаў дамінавання сацыялістычных лозунгаў у велікарускай афарбоўцы. Вясновыя сялянскія з’езды і летнія выбары ў гарадскія думы паказалі, што палітычнымі лідарамі ў Беларусі з’яўляюцца эсэры, меньшавікі, бундаўцы і бальшавікі. Пазіцыі агульнарасійскіх палітычных партый яшчэ больш узмацніліся пасля ўваходжання сацыялістаў у Часовы ўрад (май 1917). Усе гэтыя партыі ў адносінах да беларускага Адраджэння займалі, фактычна, варожую пазіцыю. Не была выключэннем і найбольш уплывовая сярод іх Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПСР). Аднак па меры развіцця беларускага нацыянальнага руху і далейшага паглыблення агульнарасійскага сацыяльна-палітычнага і эканамічнага крызісу настроі значнай часткі эсэраў-ураджэнцаў Беларусі пачалі змяняцца. Яны паступова ўсведамлялі Беларусь як самабытны рэгіён, які мае ўласныя інтарэсы, адметныя, напрыклад, ад інтарэсаў Цэнтральнай Расіі. На думку гісторыка Станіслава Рудовіча, пераходнай ступенню да ўласна беларускай свядомасці для гэтых дзеячоў стала ідэалогія заходнерусізма ў яе ліберальным варыянце.[43] Гэтая ідэалогія, як і пэўныя настроі ліцвінства, і ў 1917 г. актыўна прысутнічала ў грамадскім жыцці Беларусі.  Летам і восенню 1917 г. на шматлікіх сялянскіх, настаўніцкіх і іншых з’ездах, у беларускім друку загучала ідэя аб’яднання ўсіх беларускіх губерняў у буйную адміністратыўна-тэрытарыяльную адзінку – вобласць. Мелася на ўвазе, што “Беларуская вобласць” будзе карыстацца шырокай гаспадарчай самастойнасцю і мець самакіраванне. Ніякіх палітычных функцый кіраўнікі “вобласці” не павінны былі мець. Тым не менш гэта быў, безумоўна, выразны крок наперад на шляху нацыянальнага ўсведамлення. Увосень 1917 г. у Петраградзе праэсэраўскі настроеныя дэпутаты ад беларускіх губерняў ва Усерасійскім сялянскім савеце склалі ядро Беларускага абласнога камітэту (БАК). Пачалося збліжэнне іх пазіцыі з праграмай беларускага нацыянальнага руху, каардыніруючым органам якога на ўсход ад фронту ў гэты час з’яўлялася Вялікая Беларуская Рада (ВБР) у Менску. Галоўную ролю ў Радзе адыгрывалі сябры БСГ. Грамада ў гэты час займала дамінуючыя пазіцыі ў беларускім руху. У чэрвені адбылася партыйная канферэнцыя, якая абвясціла галоўнай мэтай партыі ўстанаўленне сацыялізму шляхам рэвалюцыі. У сярэдзіне 1917 г. колькасць сяброў БСГ дасягнула 5000 чалавек[44]. Для беларускага руху гэта была даволі значная лічба. На ліпеньскім з’ездзе беларускіх арганізацый прадстаўнікі БСГ дамагліся роспуску Беларускага нацыянальнага камітэту і ўтварэння новага кіраўнічага органа, які складаўся толькі з сацыялістаў. Яны спадзяваліся на падтрымку ідэі палітычнай самастойнасці Беларусі з боку уплывовых палітычных сіл Расіі і, у першую чаргу, з боку сацыялістаў. Аднак удзел беларускіх прадстаўнікоў у Дзяржаўнай і Дэмакратычнай нарадах (жнівень і верасень 1917) паказаў неабгрунтаванасць гэтых надзей.[45] У кастрычніку 1917 г. уладу ў Расіі захапілі бальшавікі. Расла іх папулярнасць у Беларусі. Абвастрэнне палітычнага супрацьстаяння, унутраныя супярэчнасці, нарэшце, высвятленне адносін да бальшавіцкага перавароту прывялі да расколу БСГ. Частка беларускіх сацыялістаў пакіравала ў напрамку бальшавікоў, хаця тыя адназначна варожа ставіліся да беларускага нацыянальнага Адраджэння. Насуперак абвешчанаму праву нацый на самавызначэнне бальшавікі, фактычна, займалі велікадзяржаўныя пазіцыі.  Сярод дзеячоў беларускага руху расло ўсведамленне, што разлічваць трэба толькі на ўласныя сілы. А гэта патрабавала аб’яднання ўсіх нацыянальных элементаў. Усё часцей выказвалася ідэя ўтварэння на ўсход ад фронта беларускага органа ўлады. Легітымнасць такому органу мог надаць толькі агульнакраёвы форум. Думка пра яго скліканне ўвосень 1917 г. выказвалася рознымі беларускімі арганізацыямі. Нарэшце ў выніку досыць няпростых перамоваў паміж БАК і ВБР была дасягнута дамоўленасць аб скліканні ў Менску ў снежні 1917 г. Усебеларускага з’езду. Усебеларускі з’езд, як і Беларуская канферэнцыя, адыгралі прыкметную ролю ў працэсе фармавання палітычнай беларускай нацыі. Усебеларускі з’езд распачаў працу 7 снежня 1917 г. У яго паседжаннях удзельнічалі 1872 дэлегаты. Яны забяспечылі даволі шырокае прадстаўніцтва як беларускіх арганізацый, так і адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак. БАК і ВБР мелі прыблізна роўную колькасць прыхільнікаў. Ужо падрыхтоўка з’езду прымусіла многіх упершыню задумацца пра гістарычны лёс Беларусі, яго асаблівасці і перспектывы. Прычым, калі “менчукам” (ВБР, ЦВБР і інш.) Беларусь уяўлялася асобнай рэспублікай, якая нароўні з іншымі рэспублікамі ўтворыць агульнарасійскі федэратыўны саюз, то “абласнікі-петраградцы” звязвалі будучыню Беларусі толькі з ідэяй абласной аўтаноміі ў межах федэратыўнай дэмакратычнай Расіі. Ідэя незалежнай беларускай дзяржавы ў парадку дня “ўсходніх” беларускіх палітыкаў яшчэ не стаяла.  Разбежнасці ў арыенцірах выклікалі даволі жорсткія дыскусіі, але яны ж маглі спрыяць паразуменню і палітычнай кансалідацыі даволі шырокага спектра палітычных сіл Беларусі – ад “незалежнікаў” да дзеячоў з “заходнерускай” свядомасцю. Спрэчкі паміж дэлегатамі з’езда спрыялі збліжэнню пазіцый розных палітычна і цывілізацыйна арыентаваных частак беларускага грамадства. Дарэчы, чым бліжэй з’езд падыходзіў да галоўнага пытання – пытання пра будучыню Беларусі – тым больш відавочным станавіўся не партыйна-палітычны падзел, а падзел цывілізацыйны. У якасці галоўнай лініі раздзелу, на думку Станіслава Рудовіча, “праступаў пакінуты ў спадчыну папярэднімі стагоддзямі […] цывілізацыйны разлом тутэйшага грамадства на носьбітаў візантыйска-праваслаўнага сацыякультурнага кода – прыхільнікаў далейшага дрэйфу Беларусі на ўсход у складзе анахранічнай дзяржавы імперскага тыпу, і тых, чыя ментальнасць заставалася адкрытай каштоўнасцям заходняй, еўрапейскай цывілізацыі з шанаваным там ідэалам самастойнай нацыі-дзяржавы”.[46]  Найбольш зацятыя спрэчкі паміж прыхільнікамі ВБР і “абласнікамі” вяліся вакол формулы самавызначэння Беларусі. Толькі а 2-й гадзіне ночы 18 снежня 1917 г. быў знойдзены кампраміс, які задаволіў амаль усіх дэлегатаў. Прыняты аднагалосна (!) першы пункт канчатковай рэзалюцыі з’езда фармуляваўся наступным чынам: “Замацоўваючы сваё права на самавызначэнне, абвешчанае расійскай рэвалюцыяй, і зацвярджаючы рэспубліканскі дэмакратычны лад у межах Беларускай зямлі, дзеля выратавання роднага краю, і абароны яго ад падзелу і адарванню ад Расійскай Дэмакратычнай Федэратыўнай Рэспублікі, І Усебеларускі з’езд пастанаўляе: неадкладна ўтварыць са свайго складу орган краёвай улады ў выглядзе ўсебеларускай Рады сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, якая часова ставіцца на чале кіравання краем, уступаючы ў дзелавыя адносіны з цэнтральнай уладай […]”.[47]  Пастанова між іншым сведчыла, што ў свядомасці нацыянальнай эліты “Беларуская зямля” з этнічнай тэрыторыі паступова ператваралася ў нацыянальна-палітычнае паняцце. Беларусь ужо ўяўлялася як пэўны суб’ект агульнарасійскага супольніцтва народаў. Гэтая ж пастанова сведчыла пра далейшую эвалюцыю свядомасці беларускай палітычнай эліты ў накірунку ідэі поўнага дзяржаўнага суверэнітэту. Аднак параўнанне з настроямі віленскага беларускага асяродку паказвае, як цяжка выпрацоўвалася гэтая ідэя на тэрыторыі, кантраляванай расійскімі ўладамі. Наступныя пункты рэзалюцыі з’езд не паспеў прыняць. Ягоная праца была перарвана атрадам узброеных салдат на чале з камендантам Менскага гарнізона М.Крывашэіным. Прэзідыум і частка дэлегатаў з’езда былі арыштаваныя, астатніх прымусілі пакінуць залу паседжанняў. Разгон Усебеларускага з’езду, як і непрыяцце нямецкімі ўладамі рашэнняў віленскай Беларускай канферэнцыі, не спыніў натуральны працэс фармавання палітычнай беларускай нацыі, але моцна запаволіў яго. З’езд паспеў выбраць Раду, якая стварыла пастаяннае беларускае прадстаўніцта – Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езду. Старшынёй Выканкама і кіраўніком ведамства замежных справаў стаў Язэп Варонка. Такім чынам, у Менску існавалі два ўрады: афіцыйны – савецкі і нелегальны – беларускі.  У лютым 1918 г. аднавіліся мірныя перамовы паміж дэлегацыяй Савецкай Расіі, якую ўзначальваў Леў Троцкі, і прадстаўнікамі Германіі. Беларускія прадстаўнікі да ўдзелу ў выбарах не былі дапушчаны. Кіраўнік савецкай дэлегацыі адмовіўся прыняць нямецкія патрабаванні, і 18 лютага германскае войска пачало наступленне. Расійскія салдаты амаль не аказвалі супраціўлення. З набліжэннем немцаў да Менску бальшавікі збеглі з гораду. Сітуацыя ў горадзе кантралявалася сумеснай польска-беларускай ваеннай камендатурай. Але ужо 21 лютага ў горад уступілі нямецкія войскі. У гэты ж дзень Выканкам Рады выдаў Першую Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвясціў сябе найвышэйшай цывільнай уладай на беларускіх землях. Легітымнасць дзеянням Выканкама надавала ягонае абранне дэлегатамі Усебеларускага з’езду. Выканкам стварыў Народны сакратарыят Беларусі, а ягоным кіраўніком прызначыў Я.Варонку.  Нямецкія ўлады спачатку не прызналі беларускага ўраду. Але ўжо напрыканцы месяца яны згадзіліся на статут Народнага сакратарыяту як прадстаўніка беларускага насельніцтва і дазволілі весці легальную культурную, асветніцкую і палітычную дзейнасць.  У гэты ж час Раман Скірмунт стварыў Беларускае народнае прадстаўніцтва, якое аб’яднала дзеячоў кансерватыўна-ліберальнага накірунку. Іх мэтай было дасягненне дзяржаўнай незалежнасці. Германія разглядалася як патэнцыяльны апякун беларускай дзяржавы.  9 сакавіка 1918 г. Выканкам Рады выдаў Другую Устаўную грамату, у якой абвяшчалася ўзнікненне Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), вызначаліся яе межы. Характар адносін да Расіі ў грамаце не разглядаўся. У гэты ж дзень Выканкам абвясціў сябе Радай БНР і ўзяў на сябе функцыі часовай заканадаўчай улады. Лютаўскае наступленне нямецкіх войскаў зліквідавала лінію фронта і дазволіла аб’яднаць намаганні двух цэнтраў беларускага руху – менскага і віленскага. 18 лютага 1918 г. Германія афіцыйна прызнала Літоўскую дзяржаву са сталіцай у Вільні. Гэта азначала крах спадзяванняў віленскіх беларусаў на адраджэнне беларуска-літоўскай дзяржаўнасці. 18 сакавіка 1918 г. Віленская Беларуская Рада далучылася да Рады БНР.  Прыезд у Менск братоў Луцкевічаў і Вацлава Ластоўскага значна ўзмацніў пазіцыі прыхільнікаў незалежнасці. Гэта, а таксама актыўнасць кіраўнікоў Беларускага народнага прадстаўніцтва, падштурхнулі Раду БНР да рашаючага кроку. 25 сакавіка 1918 г. яна прыняла Трэццюю Устаўную грамату, якая абвяшчала незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была безумоўная перамога нацыянальных сіл. Ідэя ўласнай дзяржаўнасці канчаткова сталася над’емнай часткай беларускага Адраджэння.  Такім чынам, беларускі рух прайшоў складаны шлях развіцця ад “культурнага накаплення” да ідэі ўласнага дзяржаўнага суверэнітэту. Але БНР не стала сапраўды незалежнай беларускай дзяржавай. Замаруджанасць працэсу фармавання беларускай палітычнай нацыі, недаацэнка беларускімі дзеячамі важнасці масавай падтрымкі нацыянальных ідэй і, у сувязі з гэтым, зацягнуўшаяся неразуменне важнасці палітычнай ідэалогіі ў прапагандзе нацыянальных каштоўнасцяў, нарэшце, адсутнасць уплывовых саюзнікаў-суб’ектаў міжнароднага права не дазволілі на пачатку ХХ ст. дамагчыся рэальнага суверэнітэту. Барацьба за беларускую дзяржаўнасць толькі распачыналася.