Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Литература по Идеологии / Санько (Балцкая тэма)

.doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
83.97 Кб
Скачать

5

Балцкая тэма

Сяргей Санько

http://old.belintellectuals.eu/discussions/?id=77

1993 – 2003 гг.

25.11.05

Ведама, генетычны складнік у беларусаў не чыста славянскі. І тое, што той-сёй заяўляе, нібы мы беларусы – чыстакроўныя славяны, не ёсць праўда. <…> Агульны ж генатып, што захаваў нашыя лакальныя адметнасці, сфармаваўся як мінімум 120 (плюс-мінус 10) пакаленняў таму. Калі лічыць, што ў беларусаў адно пакаленне роўнае 27,5 году, дык можна дапусціць, што ўжо 3 тысячы год таму нашыя продкі былі падобныя да нас з вамі. А ў тыя часы тут жылі балты.

Аляксей Мікуліч

Тэма гэтага артыкулу наколькі істотная і канечне патрэбная дзеля разумення паходжання падставовых складнікаў нашай традыцыйнай культуры і культурнай традыцыі наагул, нагэтулькі і рызыкоўная ды «небяспечная».

Істотная яна дзеля адной простай прычыны, а менавіта той, што этнагенез – гэта, па вялікім рахунку, адзіны надзейны, прынамсі, у нашым разе, ключ да развязання шмат якіх праблемаў нашага глота- і культурагенезу, а значыць – і да разумення таго, у якім стане знаходзіцца сёння і нашая культура наагул, і традыцыйная культура ў прыватнасці, і якія адна і другая маюць перспектывы на будучыню.

Ужо адзначалася, што багата якія элементы нашай традыцыйнай спадчыны бяруць свае вытокі ў такіх гістарычных відалях, далей за якія часта ўжо не сягаюць і самыя сучасныя рэканструкцыйныя метады. Аднак не забываймася, што між тымі далёкімі эпохамі, калі нашымі продкамі ды – ці не скажам мы на традыцыйны лад – багамі закладаліся першыя падваліны нашай культуры, і нашаю цяперачыняй пралеглі цэлыя тысячагоддзі, на працягу якіх былі і ўласнае эвалюцыйнае развіццё культуры, і выкліканыя вонкавымі прычынамі крутыя пераломы, калі шмат што адыходзіла ў нябыт назаўсёды, і ніякая рэканструкцыя тут аніколі ўжо не зможа даць рады, а тое, што заставалася, магло да непазнавальнасці змяняць сваё аблічча і ў гэтым новым абліччы даходзіць да нас. Усё гэта ўносіла «інфармацыйны шум» у камунікацыю нашых далёкіх продкаў са сваймі нашчадкамі, і цяпер часам ровень гэтага «шуму» перавышае ровень самога «паведамлення».

І гэта – адна з прычынаў, чаму разгляданая тэма становіцца даволі рызыкоўнаю і небяспечнаю. Проста мы ўжо не можам некрытычна паставіцца як да сведчанняў пісьмовых крыніцаў, якія, як вядома, падаюць не гэтулькі факты, колькі інтэрпрэтацыі (зрэшты, факт, як на сённяшняе разуменне, і ёсць так ці іначай праінтэрпрэтаванай падзеяй), гэтак і да сведчанняў самой традыцыі, прынамсі, у тым выглядзе, у якім гэтыя сведчанні былі зафіксаваныя этнографамі і фалькларыстамі ХIХ і ХХ ст. Рызыкоўнасць тут, у прыватнасці, у тым, што гэтак пытанне наагул ставіцца ўпершыню і мае відавочны кірунак на чарговае пераацэньванне таго, што, здавалася б, добра ўжо ўклалася ў тую або іншую гістарычную ці культуралагічную парадыгму або схему.

Але рызыкоўнасць уздыманай тут тэмы звязаная не толькі з тымі або іншымі крытэрамі навуковай дакладнасці і надзейнасці рэканструкцыяў. Сталася гэтак – і ў гэтым таксама, відаць, быў наш лёс, – што праблема нашага паходжання ледзь не ад самага пачатку ўсведамлення яе як праблемы набывае выразную ідэалагічную афарбоўку, якая з бегам стагоддзяў станавілася толькі ўсё больш інтэнсіўнай і насычанай. Прыгадайма, як яшчэ гэтак званы «пачатковы летапісец» вагаўся ў славянскай атрыбуцыі крывічоў і ў пераліку народаў Усходняй Еўропы не ўлучаў іх ані ў шэраг тых народаў, што маюць «словенеск язык», ані ў купу іншамоўных плямёнаў. А пры апісанні звычаяў нашых продкаў характарызаваў іх як «звярыныя». Ясна, на якіх падставах. Так што праблема нашай самаідэнтыфікацыі і ідэнтыфікацыі нас нашымі суседзямі мае ўжо бадай тысячагадовую гісторыю. А ідэалагізму гэтай праблеме надавала, апроч іншага, адмысловае геаграфічнае становішча нашага этнічнага абшару. І размешчанасць на галоўным еўрапейскім водападзеле, дзе бяруць вытокі найбольшыя еўрапейскія рэкі Дняпро, Дзвіна, Волга, Нёман, вядомыя нават антычным географам, і сярэдзіннае становішча на скрыжаваннях колішніх гандлёвых і камунікацыйных шляхоў між Поўначчу ды Поўднем, з аднаго боку, і Захадам ды Усходам, з другога, – усё гэта ў ранейшыя часы надавала асаблівага, сакральнага статусу нашай зямлі. Пачаткова калізія тут узнікае пасля пераасэнсавання сакральнага цэнтру Сусвету як Ерусаліму, якое пашыралася ў Еўропе па меры распаўсюду хрысціянства. Актуальным становіцца паўднёвы, міжземнаморскі вектар геапалітычных арыентацыяў. І летапісныя расповеды пра шматвяковую спрэчку Полацку з Кіевам, а пазней Літвы з Масквою, як пераемніцаю Візантыйскай імперыі за гегемонію на ўсходнееўрапейскіх абшарах, – адбітак той першай сур’ёзнай калізіі.

Менавіта ў гэтай метапалітычнай роўнядзі і трэба шукаць прычынаў высокай заідэалагізаванасці праблемы этнагенезу беларусаў. Цікава адзначыць, што якія б гістарычныя або палітычныя рэаліі ні складваліся на абшарах Усходняй Еўропы, амаль падсвядомая памяць пра колішнюю харызму насельнікаў «сакральнага цэнтру» так ці іначай захоўвалася і штурхала ды штурхае некаторых суседзяў на тое, каб зрабіць тутэйшых сваймі, «крэўнымі братамі». І цяпер гэтая «братэрская» рыторыка абслугоўвае геапалітычныя амбіцыі апошняй імперыі на ўсходзе Еўропы. Нешта падобнае назіралася і назіраецца яшчэ і цяпер у былой Брытанскай імперыі ў дачыненні да рэштак аўтахтоннага валійскага, шатландскага ды іншага насельніцтва, між іншага, адзначанага харызмаю належнасці да легендарнай выспы Туле. І там, як і тут, даўняя калізія яшчэ вельмі далёкая ад свайго развязання.

Катэгарычнасць і рэпрэсіўнасць фармулёвак «братэрскай фразеалогіі» могуць, вядома, змяняцца з часам і са зменамі ўрадаў. Мы памятаем, што бальшавікі ў гэтым пункце былі досыць бесцырымонныя і, напрыклад, проста забаранілі ў 1973 г. навуковую канферэнцыю «Этнагенез беларусаў», што мела адбыцца ў Менску з удзелам спецыялістаў з усяго Савецкага Саюзу, а нашыя навуковыя «тузы» наагул аніколі не заахвочвалі грунтоўных і сумленных заняткаў гэтай праблемай, нават калі адкрыта і не забаранялі гэтага.

Няўжо ж гэта адбывалася з чыста акадэмічных, навуковых прычынаў? Ці мо’ праблематыка дзеля важкіх прычынаў была падведзеная пад рубрыку «псеўдапраблемаў»? Зразумела, што не. Усё было куды больш празрыста. Проста за мінулае стагоддзе высілкамі соцень даследнікаў – лінгвістаў, этнографаў, фалькларыстаў, антраполагаў, гісторыкаў ды іншых – быў назапашаны вялізарны масіў матэрыялаў, якія адназначна сведчаць, што ў этнагенезе беларусаў значны (калі не вызначальны) удзел узялі мясцовыя балцкія плямёны, што спрадвеку жылі на нашых землях і пазней былі аславяненыя.

Вось тая выснова, якой дагэтуль не здолела «пераварыць» паноўная ідэалогія, з якою афарбоўкаю яна ні была б.

Два дзесяцігоддзі мінулі, перш як рэпрэсаваная праблематыка была рэабілітаваная, не ў апошнюю чаргу дзякуючы актыўнасці сябраў Цэнтру этнакасмалогіі «Крыўя», якія ў 1993 г. у Менску правялі адмысловую міжнародную навуковую канферэнцыю «Балты і этнагенез беларусаў». Канферэнцыя не развязала цэлай гаймы праблемаў, некаторыя нават не былі закранутыя, і, тым не менш, пасля яе адмаўляць удзел балтаў у беларускім этнагенезе стала проста «кепскім тонам».

Згадаем і іншы аспект праблемы нашага паходжання: пытанні самаазначэння і самасвядомасці. Iмi ў значнай ступенi абумоўлiваюцца i «плаксiвасць» беларускай iнтэлiгенцыi, якая быццам бы ўсё жыццё адно і вучылася плакаць пра «гаротны лёс» бацькаўшчыны, i тая паспешлiвасць, з якою тая ж iнтэлiгенцыя манiцца ўсiх беларусаў хутчэй зрабiць бела-русамi. Аднак выдае на тое, што акурат iнтэлігенцыяй – гэтым «розумам» i «сумленнем» нацыi – самі гэтыя праблемы так i не былi яшчэ дарэшты ўсведамленыя як праблемы i пры гэтым праблемы экзістэнцыйныя.

У чым найперш выяўляюцца гэтыя праблемы?

Перадусiм – у той няспешнасцi, з якой сярэднестатыстычны тутэйшы бярэцца вызначаць сваю этнiчную і нацыянальную істу. Ён быццам адчувае, а то і проста ведае ўсю ўмоўнасць прапанаванага яму рэестру «самаазначэнняў». Больш за тое, ён заўсёды напаўсведама ведае i пра iх iншакультурнасць, неаўтэнтычнасць, неўкарэненасць у сваёй – вось тут iснай – зямлі.

А прапанаваная яму дагэтуль была адзiная магчымасць: пашукаць асноваў свайго існаання адно адштурхоўваючыся ад навязлiвай апазіцыi Усход – Захад, што ў нашых варунках неўнiкнёна мела азначаць фатальнае прывязванне або да Расіi, або да Польшчы. Але тутэйшы паводле самога складу сваёй натуры прынцыпова не здатны на выбар, калi выбiраць, па вялiкiм рахунку, няма з чаго: як не згодны самавызначацца ў неўласцiвых яму тэрмінах градацыяў «расійскасцi» або «польскасцi», ён нібы прапануе спынiцца, не спяшацца, паразважаць разам з iм над істаю ягонай тутэйшасцi i разам з гэтым перавесцi гутарку зусiм у iншае рэчышча (параўн.: «Мы не рускія і не палякі, а край наш забраны»).

А што iншае магла сімвалізаваць гэтая ўпартая тутэйшасць, як не жаданне вызначаць сваю існасць у адпаведнасцi з істаю сваёй зямлі, вось гэтага месца, гэтага тут, дзе спрадвеку жылi продкi i, дасць бог, будуць жыць наступнiкi?

Але, на жаль, не пачутыя яшчэ гэтыя прапановы. I з падачы замежных «iдэолагаў» ды з ахвотнай згоды нашай iнтэлігенцыi ўсё ж замацоўваецца за тутэйшым назоў бела-рус, які мала што для яго значыць. А ён – гэты назоў – ужо шмат да чаго забавязвае. У прыватнасцi, з гледзiшча нашай бела-рускасцi, атрымаць права на існаванне могуць адно тыя формы этнагенетычных дыскурсаў, якiя, як той казаў, заднiм днём апраўдвалi б самую гэную бела-рускасць.

Аднак праблемаў з самасвядомасцю гэта не развязвае. Хутчэй, канчаткова заблытвае свядомасць у лабiрынтах, ды нагэтулькi, што тутэйшы ўжо гатовы вызначаць сябе або як «рускага», або як «паляка», або як каго-колечы яшчэ, абы не закраналася ягоная аголеная нерва, абы не раскрывалася вонкі цяпер ужо мала чым ахаваная душа.

Тым не менш, калi назiраеш за падобнымi з’явамi, не пакiдае ўражанне, што траха не цэлая нацыя пры кожнай сустрэчы з сучаснай цывiлiзацыяй i яе нормамі ды забабонамі нібы напаўсвядома робіць вялікі epoche (супын) у самавызначэннi, па якім настае самая радыкальная рэфлексія, роздум, поўны сумневаў і ваганняў, над асновамі свайго iснавання.

Праблемы паходжання беларусаў належаць да вельмі заблытаных i далёкiх ад свайго, хоць бы папярэдняга, развязання. Сярод вiдавочных i не надта вiдавочных прычынаў гэтага:

1) яўная слабасць факталагiчнай базы, на якой грунтаваліся першыя канцэпцыi этнагенезу беларусаў, амаль фатальная залежнасць наступных тэорыяў ад гэтых першых этнагенетычных штудыяў i, як вынiк, нарошчванне камяка «неабдуманых дапушчэнняў»;

2) часцяком вельмi некрытычнае выкарыстанне звестак пiсьмовых крынiцаў;

3) метадалагiчна неправамернае змешванне этна-, культура- ды глотагенетычных праблематык i адпаведных iм працэсаў;

4) высокая iдэалагiчная абцяжаранасць этнагенетычных канцэпцыяў;

5) своеасаблiвая «рэпрэсіўнасць» iнтэрпрэтацыйнай рэтраспекцыi, што адштурхоўваецца ад «наяўнага» (у нашым разе – усходнеславянскага) стану, праектуючы яго на вялікія храналагічныя зрэзы ў мінуўшчыну.

Менавiта гэткiх ды іншых «падводных камянёў» пакуль не здолелi абмінуць усе тэорыi паходжання беларусаў.

Але нам пашчасцiла. Нашыя продкі захавалi ў сваёй традыцыi адмысловы этнагенетычны мiф. І тут ёсць сэнс даць кароткi яго пераказ.

Як i належыць ядраваму мiфу традыцыi, ён адсылае да «першых часоў», калi не толькi ўсё ў свеце, але і сам гэты свет адно зачыналiся. Спачатку апавядаецца, як з пачатковых водаў з дапамогай Перуна ўтвараецца ўсё iснае, у тым лiку раслiны, звяры ды сам чалавек.

Першым насельнiкам нашай зямлi быў Бай (князь Бой, паводле iншай версіi мiфу), якi меў трох сыноў i двух любiмых сабакаў – Стаўры i Гаўры. Па смерцi бацькi два сыны спадкавалi ўсю ягоную маёмасць, а малодшаму, Белаполю, якi ў гэты час аказаўся на паляваннi з сабакамi, засталiся толькі гэныя сабакі ды бацькаў наказ: пусцiць Стаўры i Гаўры на волю, i колькi яны зямлi аббягуць за дзень, гэтулькi яму і дастанецца на спадчыну.

Белаполь, злавiўшы дзвюх птушак, пусцiў адну на поўдзень, а другую на захад, а следам за iмi сваiх сабакаў. Куды пабеглi сабакi, пацяклi вялікія нашыя рэкi: Дзвiна – на захад, Дняпро – на поўдзень. З тых часоў мiж гэтых рэк i пасялiўся Белаполь, ад якога «развяліся розныя плямення пад прозвішчам Беларусы».

Вiдавочна, што мiф гэты сцвярджае нешта проста супрацьлеглае таму, што мы даведваемся з пiсьмовых крынiцаў пра рассяленне на нашым абшары славянскiх плямёнаў. Аднак ёсць усе падставы ўважаць гэтае сведчанне самой традыцыi за больш грунтоўнае, падставовае i аўтарытэтнае пры абмеркаваннi праблемы паходжання беларусаў. У сваiм часе два вядомыя даследнiкi (А. Трубачоў, В. Абаеў) вылучылі тэзу пра прыярытэтнасць нутраных сведчанняў пэўнай традыцыi менавiта ў пытаннях этнагенезу. Адсутнасць у народнай памяцi паданняў пра маштабнае перасяленне аднекуль з зусiм iншых мясцiнаў яны схiльныя былi прыймаць за галоўнае сведчанне аўтахтоннасцi гэтага народу, яго спрадвечнага развiцця на сваёй зямлi.

Наш выпадак чыста адпавядае гэтай тэзе. Але з яе вынiкаюць зусiм не бестурботныя нават для тутэйшых даследнiкаў наступствы. I найпершае з iх – сцверджанне аўтахтоннасці беларусаў. Апроч iншага гэта азначае, што нiякiя мiграцыi не маглi ў гiстарычна аглядныя часы істотна паўплываць на станаўленне тутэйшага этнасу.

Пацвярджае гэта найперш фізічная антрапалогiя. У яе асадах было зробленае неацэннае адкрыццё. Гэта выснова пра старажытнасць i значную кансерватыўнасць антрапалагiчнага тыпу вясковага насельнiцтва Беларусi. Аналiз розных серыяў паказнiкаў дазволiў адмыслоўцам зрабiць выснову, што антрапалагiчны тып сучасных жыхароў Беларусi практычна без зменаў спадкуе тып яшчэ мезалiтычнага насельнiцтва нашай тэрыторыi. А лабараторныя доследы дазваляюць нават ацанiць «бiялагiчны век» генафонду сучасных беларусаў сама мала ў дзевяць тысяч гадоў. Вынiкi фантастычныя! І на згаданай вышэй канферэнцыi 1993 г. яны яшчэ раз былi пацверджаныя нашым вядомым антраполагам А. Мiкулiчам.

У антрапалагiчнай лiтаратуры неаднаразова выказвалася думка, што кансерватыўнасць антрапалагiчнага тыпу насельнiцтва пэўнай тэрыторыi сведчыць за тое, што ў яго развiццi мiграцыi не мелі істотнай ролi. Як жа тады быць са славутай «славянскай мiграцыяй» ранняга сярэднявечча? А нiяк. Бо мiграцыi гэтай рыхтык і не было.

Не фiксуецца гэтая мiграцыя i археалагiчна, хоць, здавалася б, менавiта археалогiя найперш давала б довады на карысць стандартнай мiграцыйнай мадэлi. Нiхто з археолагаў пакуль не змог пераканаўча прадэманстраваць, адкуль i як маглi прыйсцi шматлікія славянскiя плямёны на будучую Беларусь. Дарэчы, акурат гэтая акалiчнасць прымушае некаторых даследнiкаў сцвярджаць аўтахтоннасць славянскага насельнiцтва на Беларусi сама мала пачынаючы з жалезнага веку. Але абгрунтаваць гэты варыянт аўтахтоннай мадэлi паходжання беларусаў не лягчэй за папярэдні ёй мiграцыйны. Бо ён адразу ўваходзiць у супярэчнасць з цэлай гаймай фактаў, якiя іначай як у асадах балцкай прысутнасцi на Беларусi з самых раннiх даступных аналiзу часоў вытлумачыць нельга. Славянская ж аўтахтонная мадэль грунтуецца ці не вылучна на адным «неаспрэчным» факце – на вiдавочным славянскiм характары гаворак Беларусi і беларускай лiтаратурнай мовы, прынамсi, у апошнiя некалькi стагоддзяў. Але гэта i ёсць прыклад той самай «рэпрэсіўнасцi» iнтэрпрэтацыйнай рэтраспекцыi, якая гатовая безаглядна перавытлумачваць мiнулае, зыходзячы з наяўнага сённяшняга стану, а не наадварот – тлумачыць сённяшнi стан, зыходзячы з адпаведна зразуметай мiнуўшчыны. Гэта таксама і прыклад змешвання этна- і глотагенетычнай праблематыкі, то бок мяшанне праблемаў паходжання этнасу і мовы.

Паспрабуйма зусiм канспектыўна прасачыць, якiя магчымасцi дае этнагенетычнаму пошуку тэза пра аўтахтоннасць беларускага этнасу.

Беларуская этнiчная тэрыторыя пачала складвацца ў глыбокай старажытнасцi. Па апошнім ледавiковым перыядзе адбываецца шырокае засяленне паўночнай часткi Усходняй Еўропы першабытным людам. На тэрыторыi будучай Беларусi з гэтага часу пачынаецца эпоха мезалiту.

Слабыя сувязi мiж рознымi групоўкамi даволі рэдкага яшчэ мезалiтычнага насельнiцтва, ландшафтавыя ды клiматычныя асаблiвасцi рэгiёнаў Беларусi, наяўнасць або адсутнасць пэўных вiдаў сыравiны для вытворчасцi прыладаў працы ды iншыя чыннiкi паўплывалi на складванне вiдавочных лакальных асаблiвасцяў мезалiтычных культураў на тэрыторыi Беларусi. Але наўрад каб гэта было сведчаннем рознаэтнiчнасцi тагачаснага насельнiцтва.

Iстотна, што з гэтага часу (познi мезалiт) пачынаецца перыяд пераважна аўтахтоннага развіцця культураў насельнiкаў Беларусi, што на працягу шэрагу наступных тысячагоддзяў будзе вызначаць адметнасць этнакультурных працэсаў на нашай зямлi.

Гэтая – ведама, рызыкоўная з гледзiшча прыйманых сёння за абгрунтаваныя этнагенетычных канцэпцыяў – думка падмацоўваецца, апрача як матэрыяламі антрапалогii, вiдавочным супадзеннем рэгiянальнага падзелу культураў развiтога неалiту Беларусi з арэаламi колiшнiх беларускiх мезалiтычных культураў, а таксама прыкметнай пераемнасцю ў iх развіцці (Э. Загарульскi). Нялiшне будзе заўважыць, што ўжо ў неалiце (V – III тыс. да н. э.) усталёўваецца пэўная аднароднасць археалагiчных культураў на тэрыторыi Беларусi (нарваўскай, нёманскай, дняпроўска-данецкай, верхнедняпроўскай), якой, на думку некаторых даследнiкаў, магла адпавядаць i пэўная лiнгвiстычная (моўная) аднароднасць (М. Чарняўскi). Разнастайныя факты дазваляюць суаднесцi носьбiтаў гэтых неалiтычных культураў з рознымi групоўкамi iндаеўрапейцаў, а дакладней – з протабалтамi.

Неалiтычная этнакультурная еднасць нашага краю была часова парушаная ў III тыс. да н. э. у вынiку пранiкнення на захад Беларусi з Усходняй Прыбалтыкi i Цэнтральнай Еўропы іншых iндаеўрапейскiх плямёнаў, носьбiтаў культуры шарападобных амфараў, якiя, верагодна, спрычынiлiся да фармавання некаторых асаблiвасцяў позняга этапу нёманскай культуры. Але ўжо на мяжы III i II тыс. да н. э. этнакультурная лучнасць Беларусi ўзнаўляецца ў вынiку пашырэння тут культуры «баявых сякераў» або «шнуравой керамiкi», што, як, мабыць, слушна заўважае Э. Загарульскi, было не гэтулькi сведчаннем змены этнасу, колькі надыходу новай эпохі. Сапраўды, гэтым часам звычайна датуецца пачатак беларускага бронзавага веку.

На пачатку бронзавага веку бальшыня будучай этнiчнай тэрыторыi беларусаў характарызуецца досыць аднароднымi помнікамі сярэднедняпроўскай культуры (III – пачатак II тыс. да н. э.), якая, праўдападобна, дала асноўныя iмпульсы да ўтварэння ў пачатку II тыс. да н. э. шэрагу амаль тоесных i, бясспрэчна, генетычна роднасных культураў (лубанскай у паўднёва-ўсходняй Латвii, паўночнабеларускай у Паазер’i i частцы Смаленскай ды Пскоўскай абласцей, мар’янаўскай на Палессi i ў парэччы Дзясны, Сожу i Сейму, соснiцкай у Верхнiм i часткова Сярэднiм Падняпроўi), якiм, на думку шмат якіх даследнiкаў, ужо маглi адпавядаць пляменныя групоўкi ўсходнiх (дняпроўскiх) балтаў (В. Сядоў, I. Арцёменка, Э. Зайкоўскi, I. Лозэ ды iнш.).

Пад тысячу год доўжылася амаль бесперапыннае развiццё гэтых культураў, ажно пакуль у першай палове I тыс. да н. э. на iх грунце не паўсталi культуры жалезнага веку – дняпроўска-дзвiнская, што ахапiла смаленскае Падняпроўе, полацка-вiцебскую частку Падзвiння ды паўднёвую частку Пскоўшчыны, юхнаўская ў басейнах Дзясны i Сейму, вышнявоцкая ў вышнявінах Акi, мiлаградская ў басейнах Прыпяцi i Дняпра ды штрыхаванай керамiкi ў цэнтральнай Беларусi i паўднёва-ўсходнiх раёнах сучасных Лiтвы i Латвii. Нягледзячы на пэўныя адрозненнi першых трох са згаданых культураў ад дзвюх апошнiх, ёсць падставы меркаваць, што ўтвораныя яны былi блiзкароднаснымi групоўкамi плямёнаў, што размаўлялi на блiзкiх адна да адной мовах (адрозненнi – на роўнi дыялектных). Бальшыня даследнiкаў не сумняецца, што носьбiтамi гэтых культураў былi плямёны ўсходнiх, пераважна дняпроўскiх балтаў (напрыклад, Я. Шмiт).

Гэтая адносная этнакультурная i этналiнгвiстычная пераемнасць была часткова парушаная ў канцы I тыс. да н. э. у вынiку мiграцыi ў раёны прыпяцкага Палесся i часткова ў Падняпроўе заходнябалцкiх (паводле В. Сядова), а, хутчэй, рознаэтнiчных плямёнаў, якiя спрычынiлiся да ўтварэння так званай зарубiнецкай культуры. У гэтым жа часе перапыняе сваё існаванне мiлаградская культура, носьбiты якой былi асімiляваныя часткова «штрыхавiкамi», а часткова «зарубiнцамi». Але і сама зарубiнецкая культура праіснавала не доўга, спынiўшы сваё развiццё у першыя вякі нашай эры. Верагодна, гэта было звязана з далейшай мiграцыяй яе носьбiтаў на ўсход i паўночны ўсход – у арэал пражывання юхнаўскiх плямёнаў, дзе ў вынiку асімiляцыйных працэсаў паўстала мошчынская культура, якую атаесамляюць з культураю пазнейшай летапiснай голядзi. Дняпроўска-дзвiнская зона практычна не была закранутая мiграцыяй зарубiнецкiх плямёнаў i працягвала сваё нерупятлівае развiццё ажно да канца першай паловы I тыс. н. э.

Сярэдзiна I тыс. н. э. стала пераломнаю ў этнiчнай гiсторыi нашых абшараў. Прыкладна ў гэтым часе адбываецца ўнiфiкацыя культураў ці не ўсяго разгляданага арэалу. Ёсць падставы звязваць гэтую з’яву з далейшым рассяленнем плямёнаў дняпроўскiх балтаў у паўночна-заходнiм i паўднёвым кiрунках. У вынiку гэтага пачынае складвацца культура, якая паводле найбольш тыповых яе помнiкаў атрымала назоў банцараўска-тушамлiнска-калочынскай. Сярод найбольш выразных «культуралагiчных» адметнасцяў гэтай культуры кiдаюцца ў вочы яе арэальныя характарыстыкi. Гэта бадай адзiная з раннiх археалагiчных культураў, граніцы максімальнага пашырэння якой амаль дакладна адпавядаюць пазнейшым лiнгвiстычным, этнаграфiчным, фальклорным ды iнш. межам беларускага этнасу на ўсходзе. Не выклiкае сумневаў у даследнiкаў (з рэдкiм выняткам) балцкая моўная атрыбуцыя носьбiтаў гэтай культуры. Вiдавочна, што культуру тыпу Банцараўшчына – Тушамля – Калочын можна з поўным правам лiчыць ужо ўласна «протабеларускаю». Нездарма шмат хто з выступоўцаў на этналагічнай канферэнцыi 1993 г. у Менску звяртаўся менавiта да гэтай культуры з мэтаю прасачыць найранейшыя сляды будучага беларускага этнасу (Ф. Клiмчук, М.Чарняўскi ды iнш.).

Пазней, пад канец I тыс., лакальныя адменнікі культуры тыпу Банцараўшчына – Тушамля – Калочын сталi тым грунтам, на якiм паўсталi i развiлiся культуры летапiсных крывiчоў, радзiмiчаў i дрыгавiчоў. І праўда, штудыі апошнiх дзесяцiгоддзяў выявiлi амаль поўную генетычную пераемнасць банцараўска-тушамлінскай культуры ды культуры крывiцкiх даўгiх курганоў. Адзначаецца ў лiтаратуры і пераемнасць у развiццi калочынскай культуры ды культуры летапiсных радзiмiчаў. Праблема генетычных сувязяў банцараўскай культуры i дрыгавiцкiх помнікаў пакуль слаба асветленая. Дарэчы, на генетычную лучнасць банцараўскай культуры з культурамi крывiчоў, дрыгавiчоў i радзiмiчаў абапiраўся ў сваiм часе Л. Побаль, аднак вылучна ў вiдалi аўтахтанiсцкай славянскай мадэлi.

Прыкладна на мяжы I і II тыс. завяршаецца «балцкi» этап беларускага этнагенезу. Адна з галоўных прычынаў гэтага – карэнная змена ў эканамiчным і палiтычным жыццi ды iдэалогii бальшынi тагачасных грамадстваў Усходняй Еўропы. У гэтым часе адбываецца пераход да новых формаў грамадскага ладу (на змену былым аб’яднанням родавых i пляменных груповак прыходзяць першыя дзяржаўныя ўтварэннi) i да новага эканамічнага ўладкавання – феадальнага. Протагарадскiя паселiшчы ранейшага часу ператвараюцца ў гарады – адмiнiстрацыйныя, культурныя, рамеснiцкiя i гандлёвыя цэнтры. Гарады становяцца свайго роду пунктамi прыцягнення, «магнітамі» для «шукальнiкаў лепшага жыцця» з усiх куткоў тагачаснай айкумены. Шчыльныя гандлёвыя сувязi гарадоў Усходняй Еўропы спрыяюць тэндэнцыi сцiрання рэгiянальных культурных асаблiвасцяў i фармавання адносна аднароднай гарадской культуры, што ў лiтаратуры атрымала назоў «старажытнарускай» (В. Сядоў).

Апошняя была вiдавочным метаэтнiчным утварэннем, яна ж патрабавала і пэўнай метаэтнiчнай лiнгвiстычнай бесперапыннасці ды аднароднасцi. Ролю своеасаблiвага моўнага iнтэгратара дзеля розных гiстарычных прычынаў пачалi выконваць розныя славянскiя гаворкі. Iх унiфiкацыi паспрыяла пашырэнне хрысцiянства амаль выключна ў асяроддзi гарадскога насельнiцтва. Славянская мова на вялiкiм усходнееўрапейскiм абшары стала функцыянаваць як пэўнага кшталту lingua franca, якая гарантавала ўзаемапаразуменне не толькi славянам, але і балтам, германцам, фiнам ды прадстаўнiкам iншых этнасаў. Гэтая з’ява мела вiдавочны эпахальны характар i была ў шчыльнай сувязі з адпаведнымi працэсамi ў іншых рэгіёнах Еўропы (прыгадайма адно ролю сярэднявечнай лацiны як культурнага iнтэгратара ў Заходняй Еўропе).

Але адначасна гарады становяцца галоўнымi асяродкамi моўнай і культурнай асімiляцыi тутэйшага насельнiцтва, у Беларусi – балцкага. Асімiляцыйным працэсам спрыялi дзве акалiчнасцi:

1) генетычная роднасць i структурная блiзіня балцкiх i славянскiх моваў; з прычыны большай эвалюцыйнай «прагрэсіўнасці» славянскiх моваў асімiляцыйныя працэсы маглi перакрыжоўвацца з эвалюцыйнымi, прычым эвалюцыя тут была магчымая адно ў кiрунку балцкiя > славянскiя мовы i нiколi наадварот;

2) перасяленне на тэрыторыю Беларусi нешматлiкiх груповак iншаэтнiчнага славянскамоўнага насельнiцтва.

Асімiляцыйныя працэсы доўжыліся некалькi стагоддзяў i, праўдападобна, свайго крытычнай пункту дасягнулі ў ХIII – ХIV стст., пасля чаго працэс славянiзацыi мясцовых балтаў стаў незваротным. У вынiку на вялiкiм абшары, яшчэ нядаўна занятым носьбiтамi балцкай банцараўскай культуры, запанаваў пэўны кшталт славянскай гаворкi, якую з адпаведнымi агаворкамi можна назваць «старабеларускай». Але балцкi лiнгвiстычны субстрат беларускай мовы яшчэ і сёння выразна праяўляецца ў гайме лексічных балтызмаў, што захоўваюць i актыўна выкарыстоўваюць беларускiя дыялекты ды лiтаратурная мова, у фанетычным, марфалагiчным ды сінтаксічным ладзе беларускай мовы, у беларускай гiдра-, топа- і антрапанiмii. Агульная колькасць беларускiх лексічных балтызмаў, як адзначаюць даследнікі (В. Мартынаў, I. Лучыц-Федарэц, С. Прохарава, У. Тапароў, Ю. Адкупшчыкоў, С. Санько ды інш.), значна перавышае тыя некалькi соцень прыкладаў, якiя да нядаўняга часу фiгуравалi ў лiнгвiстычнай лiтаратуры (параўн. працы Ю. Лаўчуце). Ужо часткова апублiкаваныя матэрыялы «Этымалагiчнага слоўнiка беларускай мовы» павялiчваюць вядомыя спiсы цi не ўдвая (В. Мартынаў). Надзвычай перспектыўнае ў гэтым стасунку даследаванне сінтаксічных балтызмаў, наагул вывучаных яшчэ надта слаба (гэты прагал запоўнены толькі працамi С. Прохаравай). Адзначаныя акалiчнасцi даюць падставы гаварыць не проста пра балцкi субстрат беларускай мовы, але і пра балцкi iнгрэдыент у ёй.

Канчаткова ўласна беларускi этнас складваецца ў сваiх яшчэ дагiстарычных культурных межах (арэал банцараўскай культуры) за часоў Вялiкага Княства Лiтоўскага – супольнай дзяржавы продкаў сучасных беларусаў i лiтоўцаў, а часткова – расійцаў ды ўкраiнцаў. У гэтых спрадвечных межах i заспяваюць беларусаў этнографы i дыялектолагi XIX – ХХ стст.

Падводзячы вынікі вышэй сказанага, адзначым:

1) што ў аснове беларускага этнагенезу былi, бясспрэчна, мясцовыя балцкамоўныя этнiчныя групоўкi;