Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

Литература по Идеологии / Сакалова (Пачатак л_беральнага руху ў Беларус_)

.doc
Скачиваний:
8
Добавлен:
31.05.2015
Размер:
102.4 Кб
Скачать

Пачатак ліберальнага руху ў Беларусі

Марыяна Сакалова

http://autary.iig.pl/sakalova/art_ruchi_liberalizm.htm

Як адзначаюць даследчыкі, грамадска-палітычны рух ў Беларусі ў першай палове 19 стагоддзя характэрызаваўся наступнымі асаблівасцямі:  1) у гэты час на тэрыторыі Беларусі не існавала партый у строгім сэнсе, аб’яднанні людзей ніколі не змянялі характара прыватных, часта катэрыйных саюзаў людзей, звязаных агульнымі інтарэсамі і часта - паходжаннем і сямейнымі кантактамі.  2) сацыяльна-палітычная думка дадзенага перыяду вызначалася пэўнай невыразнасцю ідэалагічных дактрын (асноўнай праблемай лічылася барацьба за аднаўленне Рэчы Паспалітай, кожная праграма была патрыятычнай, адказвала на пытанне «ці быць?», а не «якімі быць?»)[1]  3) сярод прыхільнікаў лібералізма ці кансерватызма 19 стагоддзя цяжка знайсці ўпарадкаванае выкладанне дактрын, аб ідэалагічнай пазіцыі таго ці іншага дзеяча можна меркаваць на аснове асобных заўваг ці думак. [2]  Гэтыя спецыфічныя рысы ў спалучэнні з пазіцівісцкай марксісцкай метадалогіяй [3] абумовілі асноўныя падыходы да вывучэння грамадскага руху у Беларусі - у гістарычных працах ен уяўляўся як сукупнасць нелегальных і рэвалюцыйных груп ці гурткоў з невызначанай ідэалогіяй, а феномен грамадскага руху часта звужаўся да так званага «вызваленчага» ці «нацыянальна-вызваленчага» руху.[4] Дакладней, асновай для вызначэння ідэалогіі была «апазіцыйная настроенасць» у адносінах да існуючага ладу ці парадку рэчаў. Пры гэтым, рэдка звярталася ўвага на тое, што апазіцыйнасць можа грунтавацца на супрацьлеглых дактрынах.  Лібералізм разглядаўся, галоўным чынам, як фрагмент рэалій, у якіх развіваліся левыя напрамкі палітычнай мыслі. На наш жа погляд, лібералізм павінен стаць смастойнай адзінкай даследвання.[5]  У агульных рысах можна вызначыць лібералізм як ідэалогію і рух, базавай мэтай якога з’яўляецца дасягненне свабоды асобы і сацыяльны прагрэс (імкненне да свабоды сумлення ў пытаннях веравызнання, патрабаванне свабоды асобы ад дзяржаўнай апекі, адмены саслоўных прывілегіяў і ўсталяванне палітычных свабод- свабоды слова, сходаў і саюзаў; у вобласці эканамічнай прынцып свабоды павінен быў рэалізавацца як патрабаванне свабоды таргоўлі, працы, барацьба з умяшаннем дзяржавы ў эканоміку і прыватнае жыцце індывідумаў).[6] Трэба адзначыць, што характар ліберальнага руху заўседы залежыць ад канкрэтна- гістарычных умоў: у краінах, дзе свецкая ўлада аддзелена ад рэлігійнай, лібералізм імкнецца да палітычных, эканамічных ці сацыяльных рэформ, у тых краінах, дзе існуе дзяржаўная царква, лібералізм з’яўляецца перш за ўсе ў форме антыклерыкалізму. Калі ліберальная дактрына не аформілася як адзінае цэлае, магчыма існаванне некалікіх «лібералізмаў». Так, у газеце «Demokrata Polsky» (London.15.1.1859) адзначалася, што ў ліберальным руху вызначыліся «лібералы рэлігійныя, лібералы службовыя і лібералы спекуляцыйныя, да якіх можна аднесці навукоўцаў, літаратараў, мастакоў...».[7]  Менавіта «рэлігійны лібералізм» перш за ўсе пачаў распаўсюджвацца ў Беларусі: крытыкаваліся папства і клір, ордэнская сістэма выхавання, рэлігіезная мараль. Асобныя прадстаўнікі шляхты выказвалі думкі аб магчымасці абмежавання прэтэнзій духавенства, аддзяленне царквы ад дзяржавы і школы- ад царквы [8] Тыя з іх, хто быў блізкі да народнага жыцця патрабавалі адмены афіцыйных рэлігійных інстытутаў, якія скампраментавалі сябе саюзам з прыгоннікамі. Так І. Еленскі ( 1756-1813) крытыкаваў прыгонныі лад і яго рэлігійныя ўстановы, падтрымліваў старавераў, звязваў з імі надзеі на сацыяльныя пераўтварэнні.[9]  Рэлігійны абскурантызм крытыкаваўся на старонках віленскіх перыядычных выданняў першай трэці 19 стагоддзя «Dzennik Wilenski», «Tygodnik Wilenski», «Wiadomosci Brukowe».[10] Публіцысты адстойвалі перавагу свецкай адукацыі над царкоўнай, неабходнасць жаночай адукацыі, патрабавалі надзялення яўрэяў грамадзянскімі правамі, вызвалення сялян ад прыгону.[11] Грамадскія колы, погляды якіх адлюстроўвалі гэтыя выданні, групаваліся ў першай трэці 19 стагоддзя вакол Віленскага ўніверсітэту, віленскіх навуковага, медыцынскага, дабрачыннага, бібліятэчнага і тыпаграфскага таварыстваў.[12] Менавіта ў гэтым асяроддзі ў канцы 18-пачатку 19 стагоддзя разам з ростам папулярнасці ліберальных каштоўнасцей- свабоды індывідума, роўнасці ўсіх перад законам, свабоды ад рэлігійных забабонаў- пачала распаўсюджвацца ліберальная дактрына.  Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгралі творы Вальтэра. У 1776 годзе ў Гродне і ў 1793 годзе ў Вільні былі выдадзены кнігі Вальтэра «Задзіг ці лес» і « Век Людовіка 14». У Мінску і Навагрудку чыталі творы Вальтэра, апублікаваныя ў часопісах «Monitor» ,«Zabawy przyjemne i pozyteczne».[13] «Увесь адукаваны слой грамадства, - пісаў аб гэтым часе В. Спасовіч, - у пачатку 19 стагоддзя складаўся з афранцузіўшыхся вальтэр’янцаў».[14] Эканамічныя каштоўнасці лібералізма засвойваліся дзякуючы папулярнасці ў Беларсі вучэння фізіякратаў[15] і эканамічным працам выкладчыкаў Віленскага ўніверсітэту Я. Храптовіча, Г. Страйноўскага, М. Карповіча, І. Еленскага. Л. Нарушэвіч (1733- 1796), Т. Гусаржэўскі ( 1732-1807), І. Лелевель( 1808-1861) у сваіх лекцыях і творах прапагандавалі ліберальную ідэю прагрэсу ў гісторыі. Увага энцыклапедыстаў да дзяржаўна- палітычнага строю Рэчы Паспалітай стварала грунт для знаемства з элементамі палітычнай дактрыны лібералізма.[16] Апрача ўздзеяння філасофскіх ідэй 18 стагоддзя, грамадства было «разрыхлена» рэформамі апошніх дзен Рэчы Паспалітай.[17]  Зразумела, што нават у перыяд свайго афармлення ліберальны рух не быў аднародным. Як вядома, лібералізм узнік як рэакцыя, з аднаго боку, на спробы ўзнавіць «стары парадак»[18], а з другога - на крайнасці якабінская дыктатуры. Гэта, у сваю чаргу, абумовіла выдзяленне ў ліберальным руху вызначэнне памяркоўнай і ліберальнай плыней. Памяркоўныя лібералы адмоўна ставіліся да радыкальных вывадаў, якія былі зроблены з іх у часы французкай рэваолюцыі. Так, у артыкуле, надрукаваным у 1816 годзе ў газеце «Tygodnik Wilenski» адзначалася, што сапраўдныя лібералы не маюць нічога агульнага з тымі, хто «падкапвае троны і нізвяргае алтары»; палітыка можа лічыцца ліберальнай, калі адпавядае маральным мэтам развіцця чалавека, спрыяе яго ўдасканаленню, імкнецца да ажыццяўлення грамадзянскіх свабод і гарантуе абарону незалежнасці чалавека. Дзеячы Французскай рэспублікі, па меркаванню аўтара артыкула, не прытрымліваліся ліберальных прынцыпаў, бо парушалі правы чалавека і не паважалі права ўласнасці.[19] У першай палове 19 стагоддзя прыхільнікі нараджаючагася ў Беларусі лібералізма, погляды якіхі будаваліся на канцэпцыі «асвечанага кіравання» Вальтэра[20], ў сваей праграме рэформ не пасягалі на самаўладдзе і не патрабавалі канстытуцыі. Іх мэтай была такая рэформа, каб пры самаўладдзі былі б усталяваны пачаткі прававой дзяржавы, рэфармавана сістэма суда, забяспечаны права асобы. Безумоўным было патрабаванне адмены прыгонннага права.Так, у 1817 годзе дваране Браслаўскага, Завілейскага і Вількамірскага паветаў на сваіх павятовых выбарах прынялі рашэнне аб неабходнасці вызвалення сялян ад прыгону і далі наказ сваім дэпутатам узняць гэтае пытанне на выбарах губернскага прэдвадзіцеля дваранства. У 1818 годзе дваранскі сход Віленскай губерніі прыняў рашэнне прасіць у імператара дазволу зацвердзіць у Вільні камітэт для складання праекта аб паляпшэнні стану сялянства ў Віленскай губерніі. Такія ж пастановы былі прыняты дваранамі Гродзенскай і Мінскай губерні. У 1837 годзе Віленскі губернскі дваранскі сход высунуў праект адмены прыгоннага права. Памешчыкі зноў прапанавалі выбраць камісію для вывучэння магчымасцей паляпшэння побыту сялян Віленскай губерні. Аднак іх ініцыятыва была катэгарычна адхілена віленскім генерал-губернатарам Ф. Мірковічам. Ен растлумачыў “дзерзкай шляхце”, што дваранскі сход не мае паўнамоцтваў ”высоўваць пастулаты аб змене грамадскага парадку, у прыватнасці, адмены прыгону сялян; вызваленне апошніх залежыць толькі ад жадання і волі” імператара [21]. Негледзячы на гэтае “ тлумачэнне”, праз два гады, у 1848 годзе, дваранскі сход Мінскай губерні абмяркаваў прапанову Э. Аскеркі, А. Еленскага і С. Берновіча аб ліквідацыі асабістай залежнасці сялян ад памешчыкаў і адпраўцы адпаведнага звароту да цара. Падобны гэтаму праект унесла у пачатку 40-х гадоў частка дваранства Гродзенскай губерніі. У 1848 годзе ў Сенат была падана калектыўная заява «памешчыкаў Паўночна- Заходняга краю» аб прызнанні іх прыгонных вольнымі. Усе гэтыя праекты і прашэнні былі адхілены. Вось чаму асобныя памешчыкі самастойна вызвалялі сваіх сялян ад прыгону. Напрыклад, канонік Цывіньскі вызваліў ад прыгону 436 сялян свайго маентка ў Вілейскім павеце, у 1800 годзе памешчык Віленскай губерні Кагурскі «адпусціў на волю» сваіх сялян, у 1808 годзе І. Карпій адпусціў па духоўнай 7000 душ сялян.[22]У пачатку 40-х гадоў віленскі губернскі прадвадзіцель дваранства Э. Мастоўскі прапаноўваў даць дваранству права выбіраць начальнікаў паліцыі і членаў судоў, абмежаваць паўнамоцтвы паліцэйскай улады. Ліберальныя ідэі абмяркоўваліся ў дваранскіх салонах і кружках - у графа Рафала Тышкевіча, у таго ж Э. Мастоўскага; у А. Кіркора, Г. Агінскай, А. Адынца, Р. Падбярэзскага[23] , салон С. Манюшкі ў Вільні наведваў Эдвард Жэлігоўскі [24] Вакол віленскага дваранскга таварыства (канонік Л. Трынкоўскі, адвакат С. Казакевіч, дваранін Э. Ромер, публіцыст А. Балінскі), якое у следчых дакументах па справе Ш. Канарскага атрымала назву “віленскага арыстакратычнага таварыства”, групаваліся памяркоўна-ліберальныя колы тагачаснай Беларусі: гурткі Я. і Н. Еланскіх у Мазырскім, Л. Орды - ў Кобрынскім, Ажэшкі - у Пінскім паветах. Ідэолагам гэтых колаў быў ксендз Л. Трынкоўскі, які выступаў у абарону сялян, крытыкаваў саслоўны эгаізм шляхты і заклікаў кіравацца ў адносінах да сялян “законамі розуму”, лічыць іх братамі, роўнымі сабе людзьмі. Яго праца “Geniusz wiekow, czyli postep oswiaty - zwalczane i do zwalczenia przesady” друкавалася ў зборніках “ Pisma rozmaіte”( 1838) і “Biruta”( 1837).[25]  Значную ролю ў фарміраванні і распаўсюджанні ліберальнай дактрыны ў Беларусі адыгралі творы Ф. Бохвіца (1799 - 1856) “ Obraz mysli mojej o celach istnenia czlowieka” (1841, Вільня) і “Pomysly o wychowaniu czlowieka” (1847, Вільня). Канцэпцыя прагрэса, распрацаваная Ф. Бохвіцам, нягледзячы на яе тэлеалагічны характар і супярэчлівасць, была вельмі значнай для свайго часу, бо ставіла праблему актыўнасці чалавека.[26] Вера ў прагрэс, звязаны з развіццем натуральных навук і прамысловасці, надзея на тое, што пакончыць з беднасцю і голадам можна шляхам пашырэння кола ўласнікаў і надзялення ўсіх роўнымі правамі, патрабаванне вызвалення сялян ад прыгону, забеспячэнне недатыкальнасці асобы і права ўласнасці - вось асноўныя ідэі твораў Ф. Бохвіца [27]  Менавіта гэтыя прынцыпы ляжалі ў аснове дзейнасці мясцовых “арганічнікаў” - памешчыкаў, якія імкнуліся перабудаваць сваю гаспадарку на капіталістычны лад. Вельмі істотным элементам праграмы арганічнай працы была прапаганда прагрэсіўных метадаў апрацоўкі зямлі, развіцця прамысловасці і гандлю. Ліберальная частка дваран патрабавала часовага вызвалення ад падаткаў тых памешчыкаў, якія мелі ці будавалі фабрыкі, нават імкнулася арганізаваць таварыства, якое давала б памешчыкам субсідыі для будаўніцтва фабрык, выказвалася за стварэнне спрыяльных ўмоў, каб заахвоціць гарадскіх прадпрымальнікаў да стварэння фабрык. Гэтую легальную апазіцыю так званых “арганічнікаў”, якія імкнулася выкарыстаць яшчэ існаваўшыя легальныя магчымасці для дасягнення сваіх мэт, ўзначальвалі віленскі губернскі прадвадзіцель дваранства Э.Мастоўскі і віцебскі губернскі прадвадзіцель Л. Шадурскі. [28]  Як адзначалася вышэй, ужо ў першай трэці 19 стагоддзя разам з памяркоўнай плынню ў лібералізме пачала вызначацца і радыкальная[29]. У аснову гэтага падзелу ляглі адносіны да дэмакратыі ( як формы дзяржаўнага ладу). Памяркоўныя лібералы бачылі ў дэмакратыі спосаб вырашэння сацыяльных канфліктаў пры ўдзеле ўсіх грамадзян і дасягненні кампраміса. Вось чаму для некаторых з іх прымальнымі былі і канстытуцыйная манархія, і дэмакратычная рэспубліка, а важнай задачай з’яўлялася захаванне свабоды індывіда ці меншасці пры дэмакратыі. Радыкальным жа лібералам ( і гэта яднала іх з сацыялістамі) быў уласцівы свайго роду арганізацыйны фетышызм: удзел усяго народу ў кіраванні дзяржавай здаваўя ім самадастатковым. Пры гэтым дэмакратызм ператвараўся ў «дэмакратычны абсалютызм»[30] Радыкалы заяўлялі, што гавораць ад імя народа ( народных мас) і дзейнічаюць у яго інтарэсах супраць кіруючай эліты, якая карыстаецца народным багаццем. З пункту гледжання радыкалаў стварэнне справядлівага і свабоднага грамадства патрабавала знішчэння існуючага парадку. Вось чаму прыхільнікі радыкалізму ў Беларусі адрозніваліся ад памяркоўных лібералаў не столькі ўяўленнямі аб прынцыпах пабудовы справядлівага грамадства, колькі антыпамешчыцкай накіраванасцю і спробамі знайсці падтрымку ў сялян і рамеснікаў. Так, Ф. Савіч, арганізатар гуртка студэнтаў Віленскай медыка-хірургічнай акадэміі (1836-1838), лічыў, што ўсіх памешчыкаў “трэба павесіць, усіх выразаць”; члены гуртка Ф. Савіча Рапчынскі, Загорскі і Грыцыкевіч імкнуліся пазнаеміцца з рамеснікамі і “заснаваць паміж імі ў дэмакратычным духу таварыства”[31]. Такіх жа поглядаў прытрымліваліся члены гуртка Р. Брынка і Н. Навіцкага ў Слуцкім павеце.[32] Але пры цесных зносінах з людзьмі, тымі самымі «народнымі масамі», адразу станавілася зразумелым, што толькі адзінкі згодны са знішчэннем існуючага ладу, большасць жа хацела толькі задавальнення пэўных патрэб, г. зн. частковай рэформы, якая не закранала б цэлага. Вось чаму для дасягнення сваіх ідэалаў -усеагульных змен- радыкальным лібералам трэба было стварыць нейкую абстракцыю, якая завецца «народам» і якую можна надзяліць сваімі уласнымі жаданнямі. Для ідэелагаў радыкалізму- ад Руссо і Маблі да Вейсгаупта і Марэшаля - сапраўдны народ быў нейкім ідэальным стварэннем і існаваў толькі патэнцыяльна, у разуменні ці ўяўленні «свабодных людзей ці патрыетаў, г.зн. невялікай колькасці пасвечаных, завербаваных у юнацтве,..якія правялі ўсе жыцце ў грамадстве філосафаў, і вышкаленых...у дысцыпліне свабоды».[33] Менавіта такое ўяўленне аб «народзе» было ўласціва радыкальнаму студэнцтву Беларусі, аб «стварэнні новага народа» марылі яшчэ філаматы і філарэты.[34] Распаўсюджанню гэтых поглядаў спрыяла і так званая «асветніцкая канспірацыя». Адной з тыповых рысаў інтэлектуальна-ідэалагічнага руху першай трэці 19 стагоддзя было перамяшчэнне філасофскай думкі з афіцыйна-інстытуалізаваных сфер у асветніцкія суполкі. Гэты працэс суправаджаўся cварэннем тайных гурткоў і арганізацый. Удзельнікі гэтых гурткоў імкнуліся перш за ўсе да выхавання народа ў духу «сапраўднай маралі» і адмаўляліся ад перавароту і «ваеннай рэвалюцыі».Высоўванне на першы план праграмы маральнага пераўтварэння чалавецтва з’яўлялася галоўнай рысай усіх асветніцкіх канспірацый. Гэта вызначыла структурны тып тайнай арганізацыі з яе імкненнем ператварыцца ва ўсенародную канспірацыю.[35] Да гэтага тыпу арганізацый належалі таварыствы, якія існавалі ў Літве і Беларусі ў першай трэці 19 стагоддзя: Нацыянальнае масонства(1819-1820), масонскія арганізацыі ў Мінску, Слуцку, Навагрудку, Гродне, Несвіжы, Польскае патрыятчнае грамадства(1821-1825), філаматы і філарэты ( 1817-1823), Таварыства ваенных сяброў, арганізацыя Згодных братоў. Ідэалогія гэтых арганізацый мела эклектычны характар- тут спалучаліся гуманістычны індывідуалізм і рамантычны нацыяналізм, кансерватыўеыя і ліберальныя каштоўнасці.  Крах асветніцкай канспірацыі з прычыны нерэальнасці яе планаў прывеў да нараджэння тайных палітычных таварыстваў, такіх, напрыклад, як карбанарыі.[36]  З карбанарымі быў звязаны Ш. Канарскі[37], які ў 1835- 1838 гадах узяўся за спробу аб’яднаць апазіцыйныя колы Беларусі, Літвы і Украіны у адну арганізацыяю “Садружнасць польскага народа”. Па яго меркаванню, “нельга розніцца і парушаць еднасць...у Польшчы адзіны павінен быць дух і адзінае цела, каб увесь народ...злучыць адным таварыствам ...дабівацца ўсеагульнай свабоды”. [38]. Такая агульная фармулеўка зрабіла магчымым далучэнне да “ Садружнасці “ як студэнтаў-радыкалаў, якія групаваліся вакол Ф. Савіча, так і памяркоўных лібералаў( Л. Трынкоўскага, С. Казакевіча і іншых). Тым больш, што асноўнай мэтай дзейнасці Ш. Канарскага была падрыхтоўка новага паўстання. Аднак хутка “карбанарскія і лелевелеўскія”[39] выказванні Ш. Канарскага прывялі да разыходжання з памяркоўнай часткай членаў “Садружнасці”, якія запатрабавалі адъезду Ш. Канарскага за мяжу і перадачы ў іх рукі кіраўніцтва арганізацыяй. Інакш ставілася да дзейнасці і поглядаў Ш. Канарскага радыкальна настроеная моладзь. Яго дасведчанасць ў тэарэтычных спрэчках эмігранцкіх колаў была вельмі істотнай для ідэйных пошукаў студэнцкай моладзі. “З’яднанне з Канарскім удзесяцерыла нашы сілы”, - успамінаў пазней Ф. Савіч [40] Пад уплывам дзейнасці Ш. Канарскага узнікалі новыя гурткі, аднак большасць з іх на самой справе былі, па словах польскага даследчыка М. Вержгоўскага, “эфемерыдамі канспірацыі “[41], бо існавалі яны нядоўга, ніякай выразнай праграмы не мелі, а члены іх былі вельмі нешматлікімі. Такімі былі, напрыклад, гурткі І. Багдановіча і І. Вазнякоўскага ў Вільні[42], удзельнікі якіх ( падлеткі і студэнты) чыталі А. Міцкевіча і Ш. Канарскага, марылі аб незалежнасці і рыхтаваліся “выступіць, калі пачнецца агульнаеўрапейская рэвалюцыя”.[43] У 1838 годзе быў арыштаваны Ш. Канарскі і выкрыты нелегальныя студэнцкія гурткі. Страх перад рэвалюцыйным рухам прымушаў улады ўзмацніць нагляд за “ напрамкам розумаў” жыхароў Беларусі, вяліся пошукі палітычных змоў і тайных таварыстваў, жандары не спыняліся нават перад фабрыкацыяй палітычных спраў[44]. Аднак спыніць развіцце радыкальнага руху не ўдалося, што паказалі падзеі другой паловы 40-х гадоў у Беларусі.  Як вядома, у 1845-1848 рэвалюцыйным рухам была ахоплена амаль уся Еўропа. Акрамя рэвалюцый у Францыі, Італіі, Германі, Аўстрыі, Венгрыі адбыліся народныя выступленні ў Познані, Сілезіі, Галіцыі, Букавіне, Малдавіі, Валахіі, Ірландыі, Грэцыі. Гэтыя падзеі, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай “ вясны народаў”, аказалі значны ўплыў на грамадскі рух у Беларусі. Сацыяльны неспакой ахапіў усе слаі насельніцтва. Афіцыйныя крыніцы сведчылі, што хваляванні сялян у Галіцыі “не засталіся без водгуку ў пагранічных губернях”; “непадпарадкаванне памешчыцкіх сялян... паходзіць як ад пераходу казенных сялян на аброк, так і ад уплыву галіцыйскіх спраў, якія ...праз розных падбухторшчыкаў і зносіны са шкоднымі людзьмі зрабіліся ...вядомымі сялянам. “[45] Пад уздзеяннем галіцыйскіх падзей радыкалізаваліся погляды апазіцыйнна настроеных прадстаўнікоў “ адукаванага класа”. “Бойня 1846 года аказала моцны ўплыў на наша ўсведамленне- настрой быў ... дэмакратычны, калі не анархічны”, пачаў распаўсюджвацца ўжо не канстытуцыяналізм, а рэспубліканізм, папулярнай стала ідэя народнага паўстання, ці, другімі словамі, дэмакратычнай рэвалюцыі».[46] У пору надзей і чаканняў, звязаных з “вясной народаў”, назіралася развіце публіцыстыкі; ствараліся грамадска-літаратурныя часопісы, вакол якіх групавалася прагрэсіўная інтэлігенцыя. Такімі выданнямі для грамадскасці Беларусі сталі часопісы “ Gwiazda” ( 1846-1849, Кіеў ) і “ Pamіetnik Naukova- Literacki”(1849-1851, Вільня). Заснавальнікамі часопіса “ Gwiazda” былі выхадцы са збяднелай шляхты, былыя “палітычныя злачынцы”, якія раней былі сасланы на Каўказ за сувязі з Саюзам польскага народа і Ш. Канарскім і прадстаўнікі “працоўнай інтэлігенцыі” - служачыя, урачы, настаўнікі. Відавочна, што гэта вызначыла радыкальна-ліберальны накірунак часопіса, і ў 1849 годзе часопіс быў забаронены .[47] Праграма часопіса“ Pametnik Naukova- Literacki” была сфармулявана ў лістах Антонія Савы ( Эдварда Жэлігоўскага) выдаўцу Р. Падбярэзскаму: часопіс павінны быў стаць жывым словам грамадскага жыцця, займацца справамі “сацыяльнымі з меркаваннем аб жыцці унутраным”, паказваць адносіны розных слаеў грамадскасці паміж сабой і тое, як яны ставяцца да ідэі прагрэсу.[48] Пытанні аб сялянах, іх матэрыяльным і маральным стане, іх унутраным жыцці, звычаях і адносінах да вышэйшых класаў таксама павінны былі абмяркоўвацца на старонках часопіса. У 1851 годзе часопіс быў таксама забаронены, а яго рэдактар Р. Падбярэзскі арыштаваны за сувязь з Польскім дэмакратычным таварыствам.[49] Як і ў 30-х гадах,І ў 1846-1849 гадах для радыкальнай апазіцыі характэрнымі былі спробы падняць сялянскія масы на барацьбу з самаўладдзем, абъяднаць сялянскі рух з барацьбой іншых сацыяльных слаеў супраць існуючага ладу. Так, ў 1847 годзе Ю. Бакшанскі звярнуўся да смаргонскіх сялян з заклікам выступіць разам з мяшчанамі і салдатамі супраць сваіх паноў.[50] З вясны 1848 года, у сувязі з рэвалюцыйнымі падзеямі ў Еўропе, на тэрыторыі заходніх губерняў пачалі сканцэнтроўвацца войскі і за насельніцтвам быў уведзены строгі паліцэйска-адміністратыўны нагляд. Надзвычайныя ўрадавыя меры па абароне парадку , масавыя перамяшчэнні войска, прызывы ў армію, якія непасрэдна кранулі многія сем’і, звесткі аб падзеях у суседніх краінах і адмене там прыгону параджалі сярод сялян чуткі аб невядомай вайне: хутка прыйдуць на Літву французкія войскі,”але не ваяваць, а вешаць памешчыкаў”; 5 дзяржаў ідуць на Расію, каб даць вольнасць сялянам.[51] Віленскі генерал губернатар Ф. Міркавіч даносіў ў сакавіку 1848 года ў 3 аддзяленне :” Звесткі аб падзеях, якя адбываюцца ў Еўропе, скажоныя... разносяцца з хуткасцю... і зараз ... сяляне і памешчыкі толькі і заняты разважаннямі аб тым, што робіцца за мяжой. Нажаль, ні ў адным класе жыхароў падзеі не зрабілі таго ўражання, якое б адпавядала пачуццю вернаподданіцкай вернасці”.[52] Такая сітуацыя разам з актывізацыяй дзейнасці радыкальных эмігранцкіх колаў прывялі да ажыўлення дзейнасці нелегальнай апазіцыі ў Беларусі. Асноўнай мэтай нелегальных гурткоў, дзейнасць якіх у Беларусі прыйшлася на час “вясны народаў”- “Брацкага саюза літоўскай моладзі” ( 1846 - 1849) і мінскай тайнай арганізацыі ( 1848 - 1849)- было вызваленне народу з пад прыгнету царызму і аднаўленне незалежнай Польшчы шляхам узброенага паўстання. Іх ідэалогія вызначалася спалучэннем нацыянальнага рамантызму і радыкальнага лібералізму, што было вельмі характэрным у той час для еўрапейскіх ліберальных рухаў. Брацкі саюз літоўскай моладзі ставіў сваей мэтай не толькі адраджэнне Польшчы, але і абвяшчэнне рэспублікі, роўнасць усіх грамадзян перад законам незалежна ад поглядаў, веравызнання і нацыянальнасці. Ліберальныя ідэі - ад радыкальных да памяркоўных- разам з ідэяй незалежнасці Польшчы і захавання польскай культуры былі асновай светапогляду і членаў мінскага тайнага гуртка (М. Бокія, П. Вейштарт , Э. Даватц і інш.) Радыкальна настроеныя члены мінскага гуртка- М. Бокіа, П. Вейштарт- знаходзілся пад уплывам ідэй З. Серакоўскага.[53]. І. Агрызка, У. Спасовіч, Б. Дыбоўскі, Ф. Далеўскі ставілі сваей мэтай “ перерарабіць існуючы незадавальняючы парадак на лепшы” ( іх дэвізам былі “ любоў у якасці прынцыпу, парадак у якасці асновы, прагрэс у якасці мэты”.[54]). Яны з’яўляліся прыхільнікамі памяркоўнай плыні, блізкай да пазіцый “ арганічнікаў”. А погляды У. Спасовіча развіваліся ў накірунку класічнай ліберальнай дактрыны, аб чым сведчыць яго трактоўка праблем уласнасці. “Пераход ад калектыўнай формы ўласнасці да прыватнай палажыў пачатак вызваленню чалавека;”- пісаў ен. -”Цяпер ужо не прыналежнасць да пэўнай супольнасці і прывязанасць да зямлі, а асабістая індывідуальнасць становіцца для чалавека вытокам яго праў” [55] Выкрыцце ў 1849 годзе тайных гурткоў, забарона ў 1849- 1851 гадах часопісаў ліберальнага накірунку, жорсткія паліцэйскія рэпрэсіі новага Віленскага генерал-губернатара А. Бібікава, які змяніў у 1850 годзе Ф.Мірковіча на некалькі гадоў уверглі грамадства Беларусі ў стан апатыі і нават маральнага крызісу. Зянон Вішнеўскі, адзін з агентаў 3 аддзялення даносіў у 1851 годзе, што ў Літве і Беларусі пануе “ зняменне духу і трывога”, грамадская думка “блукае, шукаючы ў аддаленай будычыні якіх-небудзь надзей, звязаных з падзеямі за мяжой - у Германіі ці Францыі і дзейнасцю Дэмакратычнага камітэту ў Лондане”, аб “самастойнай, асобнай ад еўрапейскіх рухаў, дзейнасці” не думаюць.[56] Аднак ідэйныя пошукі працягваліся- ішоў працэс крышталізацыі памяркоўнай і радыкальнай плыней у ліберальным руху. Падзеі 1845-1849 гадоў прывялі памяркоўных лібералаў да пераканання ў тым, што народныя масы не здольны на эфектыўныя грамадзянскія дзеянні, таму не народнае паўстанне, а “арганічная праца” і прапаганда ліберальных каштоўнасцей у легальным друку былі для іх сродкамі руху наперад па шляху прагрэсу. Менавіта погляды гэтых колаў прадстаўляла газета “Slowo”, якая выдавалася І. Агрызкам і Э. Жэлігоўскім у 1858-1859 гадах у Пецярбурзе пры садзеянні вядомага рускага ліберала Кавеліна.[57] Радыкалы, лічылі, што рэспубліканскі лад можа ўсталявацца толькі шяхам рэвалюцыі “для народу і праз народ”[58], а таму абмяркоўвалі ў эміграцыі планы падрыхтоўкі народнага ўзброенага паўстання. 

[1] М. Хаўстовіч назваў гэтую тэндэнцыю «рэчыпаспалітаўскім патрыятызмам» (Хаўстовіч М.В. Беларускі літаратурна-грамадскі рух у 30-40-я гады 19 стагоддзя. Мн. 1993. С. 18) Нам здаецца, што менавіта такое вызначэнне адпавядае гістарычнай рэальнасці, бо ставіць акцэнт не на нацыяналістычных, а дзяржаўна-палітычных аспектах руху. [2] Sobolewski M. Partie i systemy partyjne swiata kapitalistycznego. Warsawa. 1974; R. Ludwikowski. Konserwatyzm krolewswa Polskiego w okrese miedzypowstaniowym. Warsawa- Krakow. 1976; Skrzypek J. Niektore elementy analizy porownawcziego doktryn politycznych. Warsawa. 1976.  [3] Пры аналізе грамадскіх і палітычных рухай пераважаў падыход да іх як да «падзей», якія выражаюць у канцэнтрыраванай форме сэнс парадзіўшых іх супярэчлівасцей. Разам з тым часта ігнрараваўся той факт, што гэтыя адзінкавыя, напаўторныя рухі фарміруюцца не на пустым месцы,іх каштоўнасці, мэты і сродкі заўседы суадносяцца з каштоўнасцямі і мэтамі больш агульнага парадку- дактрынамі, стылямі мыслення ці традыцыямі.  [4] Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30-40 годы 19 векаю Мн. 1971; Смірноў А. Франц Савіч. Мн. 1964; Лушчыцкі І. Нарысы па гісторыі грамадска-палітычнай і філасофскай думкі ў Беларусі ў другой палове 19 стагоддзя. Мн. 1958; Очерки истории философской и социологической мысли в Белоруссии. Мн. 1973; Самбук С. Общественно- политическая мысль Белоруссии. Мн. 1976; Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн. 1987 [5] Пры гэтым патрэбна прыняць у разлік механізм фарміравання грамадскага руху: адным з першых яго стадый з’яўляюцца розныя формы дыскусій і разважанняў, праз якія адшукваюцца спосабы вырашэння праблем, выклікаўшых сацыяльны неспакой. Усе гэтыя формы дзейнасці ажыццяўляюцца людзьмі, якія найбольш востра адчуваюць неспакой, бо валодаюць пэўнымі канцэпцыямі і ўяўленнямі аб неабходхных зменах. У выніку гэтай стыхійнай дзейнасці ўзнікае ўсведамленнне агульнасці мэтаў, узнікаюць гурткі і нефармальныя групы людзей, якія аб’ядноўваюцца такім усведамленнем. Менавіта ў такіх групах выдзяляюцца лідэры-ідэолагі. Такім чынам, першую ступень фарміравання грамадскага руху можна, у дадзеным выпадку, інтэрпрэтыраваць як інтэлектуальна-ідэалагічны рух. [6] Задачы і аб’ем дадзенага артыкула не даюць магчымасці поўнага аналізу зместу ліберальнай дактрыны, таму тут мы вымушаны абмежавацца найбольш шырокім разуменнем, якое, дарэчы і было распаўсюджанным у дадзеным рэгіене ў першай палове 19 стагоддзя. [7] Demokracja Polska w Powstanie styczniowym. Wybor Zrodel. Wroclaw. 1961. S.16 [8] Довнар- Запольский М. Из истории общественных течений в Росии. Киев. 1905 [9] Философская и общественно-политическая мысль Белоруссии и Литвы. Мн. 1978. С.270; Клибанов А. Народная утопия в России. Период феодализма. М. 1978. С. 306, 321.  [10] Cichowski W. Czasopisma polskie na Liwie. Wilno. 1911  [11] Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem Litewsko-polskich. 1832- 1858. Warsawa. 1966. S. 133-137  [12] Beavois D. Inteligencja bez wyjsccia (1803-1832). // Inteligencja polska pod zaborami. T.1 Warsawa. 1978; Stollzman M. O wilenskiej inteligencji (1830-1863). // Inteligencja polska 19 i 20 w. T.3 Warsawa. 1983.  [13] Inglot M. Polskie czasopisma...s. 195  [14] Спасович В. Собр. соч. Т. 10. М. 1902 С. 32 [15] Даследчыкі адзначаюць таксама, што нідзе ў Еўропе, нават у сябе на радзіме, ў Францыі, вучэнне эканамістаў- філосафаў, як называлі фізіякратаў, не знайшло такогоа жывога водгука і не стварыла такой шырокай інтэлектуальнай плыні як у Рэчы Паспалітай наогул, так і ў Беларусі, у прыватнасці. ( Очерки по истории философской и социологической мысли мысли Белоруссии. Мн. 1973. С. 214)  [16] Rosseau J.J. Considerations sur le gouverment de la Pologne et sur la reformation projete.; Mably . G.B. Du government et de loix de la Plogne» (Больш падрабязна аб гэтым гл. у Волгин В.П. Развитие обшественно-политической мысли во Франции в 18 веке.М. 1958; Деборин А.М. Социально-политические учения нового и новейшего времени.Т.1. М. 1958.;Whitefield E.G.B.de Mably. L. 1930)  [17] Zykowska K. Ruch polotyczny miecznstwa w dobie Sejmu Czteroletniego. Warsawa.1976; Spoleszenstwo polskie 18 i 19 wiekow. W Studia o grupach elitarnych. Warsawa. 1987. T.7 [18] «Стары парадак» - спалучэнне абсалютызма з сацыяльным парадкам, заснаваным на саслоўных прывілегіях. ( Гл., напрыклад, Кареев Н. Обший курс истории 19 и 20 веков. М. 1916. Ч. 1)  [19] Chmielowski P. Liberalism i obskurantysm na Litwie i Rusi. Warsawa. 1891. S. 23.  [20] У гэтай канцэпцыі фактычна гаворка ішла пра такія змены сацыяльнай сутнасці каралеўскай улады і абмежаванні яе аб’ема, што яна страчвала свой феадальна- абсалютысцкі характар. «Шчасце гасудара» пры такім палажэнні рэчаў Вальтэр бачыў у тым, што народы, якія атрымліваюць з яго рук свае «натуральныя правы», будуць па гэтай прычыне абсалютна лаяльнымі падданымі і іх ніхто не здолее ўцянуць у манархічную змову ці рэвалюцыю. (Вольтер Ф. М. Философские произведения. М. 1988. С. 17) [21] Janulaitis A. Lietuvos bajrai ir ju seimeliai XIX anz. Kaunas. 1936, s. 544- 576; Федор Яковлевич Миркович  1879-1866  1879-1866 . Спб. 1889, с. 122, 127, 277 [22] Станкевич А. Первые шаги крестьянской реформы в Северо-Западном крае. Вильно. 1911; Bilgorajski F. Pamentniki o sprаwie chlopskiej w 1863 roku. Wroclaw. 1956. S. 10-11; Fajnhaus D. Ruch konspiracyjny na Litwie i Bialorusi. 1846-1848. Warsawa.1965. S. 198-199; Groniowski K. Problem rewolucji agrarnej i ideologii obozow politycznych w l. 1846-1847. Warsawa. 1957  [23] Stolzman M. O Wilenskiej inteligencji.//Inteligencja polska 19 i 20 w. T.3. Warsawa. 1983  [24] Жэлігоускі ( літаратурны псеўданім А. Сава) (1816-1864) нарадзіўся ў фальварку Марыямпаль Вілейскага павета Мінскай губерніі; з 1835 - актыўны дзеяч грамадскага руху; публіцыст ліберальных выданняў “Pamietnik Naukova Literacki”( рэдактарам гэтага часопісу быў Р. Падбярэзкі) і “ Slowo”, аўтар вельмі папулярнай сярод апазіцыйных колаў Беларусі драмы “Іардан”, у якой крытыкаваліся сацыяльныя і маральныя парокі сучаснага грамадства.  [25] ДГА Літвы. Ф. 439. Воп.2. Спр. 2 “Аб Віленскім арыстакратычным таварыстве”, справа 4 “Аб пінскай арганізацыі”, справа 5 “ Аб Гродзенскай арганізацыі”, справа 7” Аб Мазырскай арганізацыі”; Смірноў А. Франц Савіч..., с. 81;Fajnhaus D. Ruch konspiracyjny..., s. 54-56 [26] Философская и обшественная мысль, с. 299 [27] Bochwic F. Obraz mysli. Wilno. 1839. S. 115-125; “Pomysly o wychowaniu czlowieka”. Wilno. 1847; Inglot М. Polskie czasopisma literackie..., s. 51-52  [28] Революционный подъем в Литве и Белоруссии. 1861-1862. М. 1964; Архивные материалы Муравьевского музея. Вильно. 1913. С. 182-183. [29] Радыкалы - прыхілінікі татальнай змены палітычных і сацыяльных устаноў. Упершыню ў палітычным сэнсе слова было выкарыстана ў Англіі, калі брытанскі дзяржаўны дзеяч Ч.Д. Фокс запатрабаваў «радыкальнай рэформы»- усеагульнага выбарчага права. Тэрмін «радыкальны» стаў выкарыстоўвацца ў дачыненні да тых, хто падтрымліваў парламенцкую рэформу. Пасля прыняцця закону 1832 года радыкалы пачалі змагацца за выбарчае права для працоўных. Лідэрамі брытанскіх радыкалаў былі Е. Бентам ( 1748- 1832), юрыст і філосаф, і эканаміст Д. Рыкардо ( 1772- 1823). Ядром іх дактрыны было патрабаванне «найбольшага шчасця для найбольшай колькасці людзей». Сродкам для дасягнення гэтага яны лічылі знішчэнне ўсіх палітычных і эканамічных абмежаванняў эканамічных адносін. [30] Леонтович В. История либерализма в России. М. 1995 [31] Ідэал справядлівага грамадства Ф. Савіча нічым не адрозніваўся ад памяркоўна-ліберальных уяўленняў: у такім грамадстве “усе людзі маюць аднолькавыя правы у дачыненні да свабоды і роўнасці... людзі...не павінны па законам справядлівасці займаць у грамадстве месца, якое не адпавядае іх здольнасцям, адукацыі і патрэбам чалавецтва” і г.д. (ДГА Літвы Ф. 439. Воп. 2. Спр. 6, а. 24) [32] ДГА РФ. Ф..109.Воп 1. Справа 76, частка 1, а. 77, 84, 82; ЦГА Літвы. Ф.. 439. Воп. 2 Справа 2, а. 3,6, 7, 10; ДГА Літвы. Ф. 378. Воп 216. Справа 3, а. 70-72,139, 140-141; Мышковсий К. Рукопись в тюрьме // Русский архив. 1909. №4, с. 548, 553 [33] Пайпс Р. Русская революция. Ч.1М.1994. С.140  [34] Materialy do historii Towarystwa Filomatow. T. 3. Krakow. 1934. S. 358-363; Landa S. Konspiracje oswiecenniowe i tajne organizacje polityczne.//Przeglad Historyczny. T LVIII.Z.. 2. S. 250 - 251.  [35] Landa S. Konspiracje oswieceniowe... s. 265  [36] Карбанарыі - члены вузка загаворшчыцкай тайнай арганзацыі, якая існавала ў Італіі і Францыі ў першай трэці 19 стагоддзя - імкнуліся стварыць універсальную дэмакратычную рэспубліку шляхам усеагульнай рэвалюцыі. Стракатасць сацыяльнага складу карбанарыяў знайшла адлюстраванне ў невызначанасці іх лозунгаў, у якіх рэспубліканскі дэмакратызм спалучаўся з манархічнымі дэкларацыямі і антыклерыкакалізм з рэлігійна -містычнымі ідэямі; апошнія знайшлі выражэнне і ў структуры арганізацый карбанарыяў з іх ложамі-вентамі, масонскай абраднасцю, складанай іерархіей і рамантычнай сімволікай.  [37] У 1834 г. Ш. Канарскі прымаў удзел у паходзе карбанарыяў у Савою. [38] Мышковский К. Рукопись..., с. 494 [39]Bortnowski W. Glos w dyskusji nad referatem Boleslawa Lopuszanskiego.// Zwiazki rewolucjonistow polskich i rosyjskich w 19 w. Warsawa. 1972, s. 73 [40] Смірноў А. Франц Савіч..., с.90 [41] Wierzghowski M. Z dziejow polskich organizacji spiskowych w zaborze rosyjskim( 1837 - 1841). // Przeglad Historyczny 1961 N1, s. 36  [42] Членам гуртка І Вазнякоўскага быў пятнаццігадовы Ю. Бакшанскі  [43] Wierzghowski M. Z dziejow polskich organizacji..., s.36-38  [44] Ломачевский А. И. Из воспоминаний жандарма. Ставрополь 1880; Нарысы па гісторыі Беларусі. Мн. 1994. С. 289 [45]ДГА РФ . Ф. 109. 1 эксп. Спр. 51. Ч. 3, а. 3; Игнатович Н. Отражение в России крестьянского движения в Галиции 1846г. // Сборник трудов профессоров и преподавателей Государственного Иркутского университета.Вып.5. Иркутск. 1923. С. 169, 180.  [46] Gieisztor A. Pametniki. Warsawa. 1913 .T. 1. S. 89  [47] P. Chmielowski Z dziejow postepu i reakcji u nas// Prawda, Ksiega zbiorowa dla uczczenia 25 letniej dzialalanosci A. Swietochowskiego. Lwow .1899, s 97; Inglot M. Polskie czasopisma..., s. 272  [48] Pamietnik Naukowo-Literacki. T.II. Z. 4, s.112-113  [49] Fainhaus D. Ruch konspiracyjny..., s. 245-246  [50]Там жа, s. 213-217, 220-228, 234-237, 269; Мохнач Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30-40 годы 19 в. Мн.,1971, с 97- 102 [51] ДГА РФ Ф. 109 . 1 эксп. Справа 51. Ч.5, а. 52 [52] Там жа, а. 75 [53] Sliwowska W. Polskie kolka studenckie w Moskwie i petersburgu w czterdziestych latach XIX w.// Przeglad Historyszny 1961 №1, s.231  [54] Biblioteka Warsawskа. 1907. Т. II, s.226  [55] ДГА Літвы. Ф. 1267. Воп. 1. Спр. .67, а. 4 [56] ДГА Літвы Ф.378. Справа 32, а. 56; Fajnhaus D. Ruch konspiracyjny...s. 342  [57] Sliwowska W. Polskie kolka studenckie w Moskwie i Рetersburgu..., s. 233-235  [58] Sidorowicz- Czerniewska K. Sprawa emisarjucza Wollowicza. Grodno. 1934, s. 100