- •Першакрыніцы Мастацкай Творчасці
- •Ад Антычнасці Да Сярэднявечча
- •Эпоха Адраджэння
- •Старабеларуская Літаратура
- •Літаратура XVII–XVIII Стст.
- •Вершаскладанне і Драматургія
- •Літаратурная Творчасць у Новых Гістарычных Умовах
- •Рэалізм Як Вядучы Літаратурны Напрамак
- •I часам спамяні пра Яську свайго,
- •Паскоранае Развіццё і Станаўленне Літаратуры. Новыя Імёны
- •Росквіт Прыгожага Пісьменства На Беларусі
- •Літаратурны Рух На Беларусі ў 20-30-я Гады хх Ст.
- •Дзейнасць Літаратурных Аб’яднанняў На Беларусі
- •Літаратура Перыяду Вялікай Айчыннай Вайны
- •Першае і Другое Пасляваенныя Дзесяцігоддзі
- •Ваенная Тэма ў Беларускай Літаратуры
- •I тады душой не крыві
- •I застанься там… назаўсёды… —
- •Драматургія
Рэалізм Як Вядучы Літаратурны Напрамак
Рэалізм як адзін з прынцыпаў мастацкага адлюстравання рэчаіснасці існуе даўно, на працягу многіх стагоддзяў. Рэалістычныя рысы назіраліся ў антычным мастацтве пры паказе чалавечых характараў, карцін по быту, а таксама ў больш познія часы ў творчасці асобных пісьменнікаў і асабліва ў фальклоры.
Пачынаючы з эпохі Адраджэння рэалізм паступова сцвярджаў сябе ў мастацкай літаратуры. Ён сфарміраваўся ў творчасці еўрапейскіх пісьменнікаў – Г. Флабера, Ч. Дзікенса, Стэндаля, Л. Талстога, Ф. Дастаеўскага, А. Чэхава, мастакоў і кампазітараў – І. Рэпіна, В. Сурыкава, Дж. Вердзі, М. Мусаргскага.
Галоўныя прынцыпы рэалізму ўключаюць раскрыццё праўды характараў і праўды абставін, паказ тыповых карцін рэальнага жыцця, спасціжэнне глыбіні пагружэння ў рэальнасць, асвятлення чалавека ў свеце і ўнутранага свету ў самім чалавеку.
У аснову рэалізму ў мастацкай творчасці пакладзены прынцыпы адлюстравання аб’ектыўнага развіцця гісторыі і асобы, паказу шматбаковасці характару чалавека, раскрыцця складанасці яго псіхікі. Мастакі шукалі розныя тыпы свайго часу. Асаблівая заслуга ў сцвярджэнні прынцыпаў рэалізму ў мастацкай літаратуры Беларусі належыць народным пісьменнікам: Я. Коласу, Я. Купале, К. Чорнаму, М. Багдановічу, К. Крапіве, І. Мележу, Я. Брылю, В. Быкаву, І. Шамякіну, І. Навуменку, І. Чыгрынаву.
У першай палове ХХ ст. усталяваўся так званы сацыялістычны рэалізм, паводле якога перад творамі мастацтва (літаратурай, жывапісам, скульптурай, тэатрам, кіно, музыкай) ставілася задача ўмацоўваць заваёвы Кастрычніцкай рэвалюцыі. Аднак творы сацыялістычнага рэалізму не былі пазбаўлены ідэалізацыі, двайных стандартаў у паказе з’яў рэчаіснасці, калі жаданне выдавалася за рэальнае, існуючае, даўно ўсталяванае.
У сучасным мастацтве поруч з рэалістычнымі падыходамі развіваюцца таксама авангардысцкія і постмадэрнісцкія тэндэнцыі.
Францішак Багушэвіч (1840–1900)
Ф. Багушэвіч – першы вялікі нацыянальны паэт, які пісаў пра існаванне беларускай нацыі, выразна адзначаючы агульнасць псіхалогіі народа і яго мовы, якая “і ёсць адзежа душы”, акрэсліваючы межы роднай старонкі: “Там, братцы, яна, дзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…” Так пісаў Ф. Багушэвіч у прадмове да сваёй паэтычнай кнігі “Дудка беларуская”, выдадзенай у Кракаве ў 1891 г. Пасля Ф. Скарыны ўпершыню Багушэвіч заявіў аб сваёй прыналежнасці да нацыянальнага паэтычнага свету да мовы народа пра якую ён пакінуў свой мудры запавет: “Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем катораму мову займе а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” Ён быў паўстанцам у 1863 г., выступаў са зброяй у руках, пазней стаў следчым і адвакатам – мужыцкім заступнікам. Такім жа заступнікам гарапашнага люду ён стаў і ў літаратуры. У паэме “Кепска будзе!” Ф. Багушэвіч выводзіць на авансцэну героя – юнака яшчэ падлетка пазбаўленага ўласнага імя. Беларускі люд, як той “Аліндарка з каліндарка”, упершыню пачынаў усведамляць, што яны, тутэйшыя жыхары, – беларусы, ідуць нялёгкімі шляхамі самапазнання і самавызначэння. Без долі нарадзіўся чалавек на гэтай зямлі, прайшоў праз здзекі, глум, гвалтаванне, бяспраўе, праз астрог і пастарунак, каб пераканацца, што датуль “кепска будзе”, пакуль людзі не адчуюць сябе людзьмі і не знойдуць праўду на свеце, не набудуць, як і герой паэмы, у рэшце рэшт, свайго імя.
Жыццёвая рэальнасць паўстае ў Ф. Багушэвіча ў трагічным асвятленні. Гэта была сапраўды трагедыя народа, за якім гора ішло па пятах, дыхаючы ў патыліцу (“Гора”), калі “не надта свабодна ў гэтай свабодзе”. Паэт завастрае праблемы гора і нядолі сялянства, паказвае іх узбуйнена, аголена, непрыхарошана. Вершы “Бог не роўна дзеле”, “Праўда”, “Ахвяра”, “Не цурайся”, “Чаго бяжыш, мужычок?”, “Калыханка” пабудаваны на народна-песенных традыцыях. Настраёвыя, эмацыянальныя, інтанацыйна багатыя, яны сваім размоўна-бытавым каларытам нагадваюць галашэнні, дыялогі, маналогі, сцэнкі, звароты, дзе падрабязна гаворыцца пра розныя жыццёвыя сітуацыі, нявыкрутку і тупікі, у якія траплялі простыя сяляне. Уражваюць дакладнасць мастацкіх дэталей, уменне паэта стварыць яркія і запамінальныя, сапраўды тыповыя малюнкі беларускай парэформеннай рэчаіснасці. Крытычны, выкрывальны пафас жывіць усю творчасць Ф. Багушэвіча, ён умела карыстаецца іроніяй, сарказмам. У многіх творах падаюцца народная філасофія быцця, маральна-этычныя законы, якія прымушаюць чалавека трымацца праўды, справядлівасці, сумленнасці.
Ф. Багушэвіч – заснавальнік крытычнага рэалізму ў беларускай літаратуры. Заслуга паэта ў тым, што ён стварыў тыповы вобраз селяніна-беларуса, паказаў яго не заскарузлым мужычком, нехлямяжым, вечным няўдачнікам, а дасціпным, мудрым, іранічным, з трывалымі жыццёвымі каранямі і глыбокай філасофіяй. Ф. Багушэвіч ніколі не парываў свае сувязі з народам, і дзякуючы менавіта яму беларускі народ і беларуская літаратура набылі сваё ўласнае імя.
Эліза Ажэшка (1841–1910)
Мастакоў слова нараджаюць вялікія падзеі. Пісьменніцай Эліза Ажэшка (дзявочае прозвішча Паўлоўская) стала пад уплывам паўстання 1863–1864 гг. пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага за свабоду Беларусі ад прыгнёту царызму.
Будучая пісьменніца нават хавала ў сябе дома пэўны час пасля разгрому паўстання аднаго з кіраўнікоў паўстанцаў – камандзіра атрада Рамуальда Траўгута. Апавяданне “З гадоў голаду”, аповесці “Нізіны”, “Дзюрдзі”, “Хам”, раман “Над Нёманам” з’явіліся вынікам глыбокага роздуму над трагедыяй жыцця беларускага сялянства з яго галечай, бяспраўем, вынішчэннем роду. Па ідэйным змесце і галоўным пафасе мастацкая проза Э. Ажэшкі блізкая да лірыкі Францішка Багушэвіча. Усё жыццё і творчасць пісьменніцы звязаны з Гродна, з Кобрынам. Свае творы яна пісала на польскай мове, але матэрыялам для іх заўсёды служылі лёс і духоўныя пошукі беларускага сялянства.
Аповесць “Хам” Э. Ажэшкі мае цікавы і займальны, напоўнены драматызмам сюжэт. Гэта твор аб сустрэчы звычайнага вясковага рыбака – сялянскага сына – з гарадской пакаёўкай, жанчынай, якая паходзіла з заможнага асяроддзя, але на долю якой прыйшлося столькі гора, бяды, здзекаў, колькі, мажліва, мала хто перажываў у вёсцы.
Ужо сваёй назвай аповесць скіравана да лёсу простага чалавека, якога абражаюць, з кім не лічацца, навечна, здавалася б, прыклеіўшы да яго здзеклівую мянушку Хам, але які выяўляе высокія духоўныя сілы, учынкі якога хоць і выклікаюць неўразуменне ў блізкіх яму людзей, але ва ўсім характарызуюцца паслядоўнасцю, пазначаны ўпартасцю характару. Вясковы працаўнік, які ўсё жыццё лавіў рыбу ў Нёмане, праяўляе высокія духоўныя якасці. Штодзённае існаванне на ўлонні прыроды, прастор і воля рачной плыні ўжо самі па сабе не даюць аніякай падставы думаць пра грубасць і “хамскасць” яго натуры, а тым больш не дазваляюць іншым персанажам пагардліва ставіцца да чалавека працы.
Аповесць “Хам” раскрывае лепшыя рысы душы чулага і свабоднага ў сваіх дзеяннях чалавека. Вольная душой асоба ніколі не стане “хамскай”. Унутрана свабодны чалавек валодае высокімі маральна-этычнымі прынцыпамі. Талстоўскія ідэі духоўнага ўдасканалення чалавека знайшлі адлюстраванне не толькі ў тым уплыве, які зрабіла на Паўла Кабыцкага каханне да Франкі, але і ва ўсёдараванні любімай жанчыне, у настойлівым імкненні дапамагчы блізкаму чалавеку ачысціцца ад спакусы, распусты, фанабэрыі, лёгкага бесклапотнага існавання. Дабратой ратаваў Павел сваю каханую Франку ад згубы.
Выдатнай польскай пісьменніцы Э. Ажэшкі не стала ў той самы год, калі памёр Леў Талстой, “ля падножжа якога”, па вобразным выказванні літаратуразнаўцы Алеся Адамовіча, узрасталі, уздымаліся многія мастакі слова іншых краін і народаў. Л. Талстой быў адным з настаўнікаў польскай пісьменніцы, якая атрымала ў спадчыну яго вучэнне “аб паляпшэнні душы”.
Кастусь Каліноўскі. Газета “Мужыцкая Праўда”
Паролем у паўстанцаў К. Каліноўскага былі словы:
– Каго любіш?
– Люблю Беларусь.
– Так узаемна.
Кастусь Каліноўскі
Кастусь Каліноўскі (1838–1864) – нацыянальны герой Беларусі. Выхадзец са старадаўняга шляхецкага роду К. Каліноўскі вучыўся ў Пецярбургскім універсітэце стаў кандыдатам права але ўсё сваё свядомае жыццё прысвяціў рэвалюцыйнаму змаганню за вольнасць беларускага народа, за свабоду і незалежнасць. Уваходзіў у склад нелегальнай арганізацыі польскіх, літоўскіх, беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў і афіцэраў, вёў актыўную падрыхтоўку да паўстання. Ён пачынаў змаганне ў рэчышчы польскага нацыянальна-вызваленчага руху, які дасягнуў найбольшага размаху на тэрыторыі Беларусі і Літвы, выступаў не толькі за незалежнасць Польшчы, але і за права народаў самім вызначаць свой лёс. Гэта быў апантаны ідэяй рэвалюцыйнага вызвалення барацьбіт за лепшую долю селяніна. К. Каліноўскі з сябрамі хадзіў ад вёскі да вёскі, агітаваў народ на барацьбу (яго першыя рэвалюцыйныя псеўданімы былі Васіль Світка, Хамовіч, Чарноцкі), заклікаў сялян змагацца за зямлю і волю, тлумачыў рабаўніцкі змест зямельных рэформ 1861 г. Перад пачаткам паўстання К. Каліноўскі ўзначаліў Літоўскі правінцыяльны камітэт, які неўзабаве абвясціў сябе Часовым правінцыяльным урадам Літвы і Беларусі. У разгар паўстання К. Каліноўскі стаў урадавым камісарам Гродзенскага ваяводства, а затым урадавым камісарам Літвы і Беларусі. Але народны заступнік быў выдадзены правакатарам, арыштаваны і пакараны смерцю праз павешанне ў Вільні.
Агітуючы народ на змаганне, К. Каліноўскі выдаваў газету “Мужыцкая праўда”, сем нумароў якой выйшлі ў падпольнай друкарні ў 1862–1863 гг. Газета змяшчала звароты гаспадара сваёй зямлі, які назваў сябе “Яська – гаспадар з-пад Вільні”, да ўсіх сялян, да простага люду. Аўтар даверлівага звароту да ваяроў-змагароў сцвярджаў народную праўду пра “тлум і здзерства і несправядлівасць”. К. Каліноўскі валодаў сакавітым беларускім словам, сам пісаў вершы, быў асобай таленавітай. “Мінула ўжо тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца да сахі, – цяпер настаў час, што мы самі можам пісаці… Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, але яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўдзе”. К. Каліноўскі заклікаў брацца за косы і сякеры, ісці здабываць лепшую долю. Газета давала ўяўленне пра магчымы дзяржаўны лад пасля перамогі паўстання, падымала пытанні дзяржаўнага будаўніцтва, пісала аб ролі асветы, навукі, культуры, аб абуджэнні народнага духу, фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, кансалідацыі нацыі.
У турме, у апошнія дні перад смерцю, Каліноўскі напісаў вядомыя “Лісты з-пад шыбеніцы”, прасякнутыя верай у перамогу народа, дзе былі такія радкі:
Бывай здаровы, мужыцкі народзе!
Жыві ў шчасці, жыві ў свабодзе
