Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уладзімір Навумовіч.docx
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
144 Кб
Скачать
☆

Вершаскладанне і Драматургія

З XVI ст. на Беларусі пашырылася вершаскладанне. Спачатку ў гэтым жанры пераважала царкоўна-рэлігійная тэматыка, затым паступова паэтычныя творы набывалі свецкую накіраванасць. Пісаліся эпіграмы, прысвячэнні, літаратурныя “ляманты” і паэтычныя “плачы”, палемічныя, павучальна-дыдактычныя і сатырычныя вершы. Працавалі ў паэтычных жанрах Андрэй Рымша, Стафан і Лаўрэнцій Зізаніі, Сімяон Полацкі.

Калі гаварыць пра паэзію XVI–XVII стст., дык варта прыгадаць, што самыя першыя ўзоры беларускага вершаскладання знаходзім мы ў прадмовах і пасляслоўях да кніг Францыска Скарыны. Прыкладна на той жа час – на пачатак XVI ст. – прыпадае росквіт новалацінскай паэзіі, у якой вылучаліся Мікола Гусоўскі, што стварыў славутую “Песню пра зубра”, а таксама Ян Вісліцкі, які напісаў паэму “Пруская вайна” (1516), прысвечаную Грунвальдскай бітве. У першай рэдакцыі “Статута Вялікага Княства Літоўскага” (1529) быў змешчаны верш Яна Казіміра Пашкевіча “Польска квітнет лаціною…” (1621), які раскрываў асноўныя тэндэнцыі часу ў грамадскім жыцці, а таксама ў вершаскладанні.

Сімяон Полацкі

“…Писах в начале по языку тому. Иже свойственный бъл моему дому”, – адзначаў царкоўны дзеяч, пісьменнік і публіцыст Сімяон Полацкі (Самуіл Пятроўскі-Сітніяновіч, 1629–1680), які стаў найбольш значнай фігурай у паэзіі XVII ст., распрацаваў паэтыку (асновы, тэхніку) вершаскладання. Пасля сканчэння Кіева-Магілянскага калегіума Сімяон Полацкі служыў у Богаяўленскім манастыры ў Полацку, а потым – у Маскве, вучыў дзяцей цара, сярод яго вучняў быў маленькі Пётр I. Сімяон Полацкі распрацаваў новы паэтычны жанр – дэкламацыю, выдаў некалькі паэтычных зборнікаў. У сваіх вершах шырока выкарыстоўваў біблейскія сюжэты. У творах узнімаў вострыя філасофскія праблемы. З імем Сімяона Полацкага звязана зараджэнне ўсходнеславянскага барока, якому ўласцівы драматызм, патэтыка, складанасць формы. У далейшым на працягу ста гадоў развіцця беларускай літаратуры складвалася цэлая галіна паэтычнай творчасці, якая вызначаецца эстэтыкай барока. Гэта былі павучальныя духоўныя вершы і канты (харавыя песні-гімны) і шматлікія творы свецкай паэзіі – грамадска-філасофская, песенна-інтымная лірыка, а таксама гумарыстычныя і парадыйна-сатырычныя вершы. Побач з “высокім” барока, якое адпавядала эстэтычным густам арыстакратаў, заможнай шляхты, у беларускай літаратуры развівалася “сярэдняе” і “нізкае” барока, у такім стылі ствараліся ўзоры парадыйна-сатырычнай, панегірычнай і песенна-інтымнай лірыкі. Але, мажліва, менавіта яны станавіліся найбольш распаўсюджанымі ў народзе, іх асабліва любілі простыя людзі, перадаючы з пакалення ў пакаленне. У вуснай паэтычнай форме творы Сімяона Полацкага доўга бытавалі на Беларусі. Многія з тых першых вершаваных спроб арганічна ўвайшлі ў скарбонку вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа, сталі неад’емнай часткай беларускага фальклору, заклаўшы трывалыя традыцыі народнай песеннай творчасці.

У канцы XVI ст. і асабліва ў XVIII ст. развіваліся драматургічныя жанры. Шырока была распаўсюджана ў Беларусі школьная драма. Творы, якія ставіліся ў брацкіх школах, езуіцкіх калегіумах, ствараліся на лацінскай і польскай мовах, таму што сам школьны тэатр узнік як сродак удасканальвання лацінскай мовы, выхавання пэўных эстэтычных густаў і толькі пазней выкарыстоўваўся для пашырэння рэлігійных ідэй. У межах школьнай драмы развіваўся жанр інтэрмедыі – камедыйных сцэнак на бытавыя тэмы. Інтэрмедыі выконваліся ў асноўным на беларускай мове. Персанажамі, якія дзейнічалі ў сцэнках, былі селянін, казак, салдат, карчмар, чорт, шкаляр, пан. Яны паўставалі ў творах у смешным, карыкатурным выглядзе. Менавіта драматургія “нізкіх” жанраў стала ў далейшым вытокам новай беларускай літаратуры.

Школьны тэатр і адпаведна драматычныя жанры на Беларусі развіваліся ва ўлонні розных рэлігійных канфесій. Езуіцкія школьныя тэатры існавалі ў Полацку, Пінску, Гародні, Віцебску, Брэсце, Оршы і іншых гарадах і мястэчках Беларусі. У Полацку вучні праваслаўнай брацкай школы пры Богаяўленскім манастыры выконвалі дэкламацыі, напісаныя спецыяльна для гэтай мэты Сімяонам Полацкім. У Слуцку пратэстанты наладжвалі школьныя тэатральныя паказы.

Сюжэты школьных драм чэрпаліся з біблейскіх крыніц, агіяграфічнай і гістарычнай літаратуры, антычнай міфалогіі. З развіццём асветніцкіх ідэй школьная драматургія набывала ўсё больш свецкі характар, спектаклі рыхтаваліся пераважна на польскай мове. Паказальным у гэтым сэнсе быў школьны тэатр Забельскага дамініканскага калегіума (зараз в. Валынцы Верхнядзвінскага раёна), які дзейнічаў у канцы XVIII ст. Менавіта там працавалі прафесарамі рыторыкі і паэзіі К. Марашэўскі, аўтар арыгінальнага драматычнага твора “Камедыя”, і М. Цяцерскі, аўтар камедыі “Доктар па прымусу”. Вядома камедыя “Пышнагольскі” І. Юрэвіча.

П’есы для школьных тэатраў звычайна мелі 3–5 актаў, пісаліся сілабічным вершам.

Тэатральная культура развівалася і ў магнацкіх рэзідэнцыях. Драматычныя, оперныя і балетныя спектаклі ставіліся ў прыдворных тэатрах Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку, Агінскіх – у Слоніме, Тызенгаўзаў – у Гародні, Зорыча – у Шклове. Акцёрамі магнацкіх тэатраў, музыкантамі былі, як правіла, прыгонныя, таленавітыя самародкі з народа.

Высокі эстэтычны ўзровень пастановак забяспечвала многае, у тым ліку тэхнічныя магчымасці сцэны. І сёння здзіўляе і ўражвае апісанне тэатра Агінскіх у Слоніме. Глядзельная зала мела 2 тысячы месц. Пры неабходнасці сцэна рассоўвалася і ўтвараўся вадаём, дзе выканаўцы роляў плавалі на лодках. Дэкарацыі тэатральных пастановак былі максімальна набліжаны да натуральных карцін прыроды.

Пры тэатральных трупах існавалі музычныя капэлы з прыгонных музыкантаў, якія выконвалі не толькі творы прыдворных і вядомых на той час замежных кампазітараў, але і народныя песні, беларускія канты.

Развіццё новых жанраў і літаратурнай мовы, удасканаленне апошняй, заглыбленне аўтараў ва ўнутраны свет чалавека – усё гэта надавала літаратуры новыя якасці, больш дэмакратычнае гучанне.

Тэатр на Беларусі быў шматмоўны, як і ўся культура таго часу. Паасобныя спектаклі ішлі на 8 мовах свету. Часцей са сцэны гучала польская мова, бо паводле сеймавых пастаноў 1696–1697 гг. Рэчы Паспалітай беларуская мова страціла статус афіцыйнай.

Нацыянальная драматургія ў такіх умовах не магла развівацца. Аднак нельга было стрымаць імкненне беларуса да самавыяўлення. Тэатральная культура мела высокі ўзровень, бо вытокі гэтага мастацтва – у невычэрпных фальклорных крыніцах.

Менавіта з фальклорнай творчасці паходзіць мастацтва беларускай батлейкі, якая бытавала з XVI ст. да пачатку ХХ ст. Кананічны тэкст драмы “Цар Ірад” перамяжоўваўся інтэрмедыямі больш свецкай тэматыкі, напісанымі ў сатырычным плане.

Вышэйшым дасягненнем народнай драматургіі з’яўляецца п’еса “Цар Максіміліян”, паказы якой таксама чаргаваліся з інтэрмедыямі бытавога характару. Гэтыя драматычныя творы з‘явіліся той глебай, на якай узнік у далейшым прафесійны беларускі тэатр, асновай якога стала драматургія В. Дуніна-Марцінкевіча.

Пытанні Для Кантролю

1. Што характэрна для стылю барока?

2. Што ўключаюць у сябе паняцці “высокае”, “сярэдняе”, “нізкае”, ці “мужыцкае”, барока?

3. Якое значэнне меў стыль барока для развіцця мастацтва слова?

4. Дайце кароткае тлумачэнне – формулу – класічнага мастацтва.

5. Асветніцтва – “царства розуму”. Што ўваходзіць у гэтае азначэнне?

6. Назавіце “высокія” і “нізкія” жанры ў літаратуры.

7. Якія пісьменнікі працавалі ў еўрапейскай літаратуры ў стылі класіцызму?

8. Ахарактарызуйце новыя жанры, якія з’явіліся на мяжы XVI–XVII стст. у беларускай літаратуры.

9. Якія паэтычныя жанры характэрны для літаратуры названага перыяду?

10. Чым адметны пачатак развіцця драматургіі ў беларускай літаратуры?

Развіццё Новай Беларускай Літаратуры XIX Ст.

Рамантызм

Адным з найцікавейшых і захапляючых кірункаў у літаратурным развіцці з’яўляецца эстэтыка рамантызму.

Адну і тую ж з’яву можна з большым ці меншым уплывам на чалавека перадаць каларытна, з усімі фарбамі і адценнямі, рэалістычна-канкрэтна, па-майстэрску дэталёва апісваючы ўсё да драбніц. А можна адлюстраваць узнёсла, велічна, натхнёна, умоўна рамантызавана. Падкрэслім, што рамантызм як спосаб выяўлення рэчаіснасці нельга “выводзіць” з рамантыкі светаўспрымання, што само па сабе можа стаць прадметам рэалістычнага паказу. Рамантызм у літаратуры, такім чынам, гэта не толькі эмоцыі, духоўнае парыванне, уздым асобы, якая імкнецца да дасканаласці, не толькі своеасаблівая пабудова вобразна-выяўленчай структуры твора. Лічыцца, што калі ў творы ёсць умоўнасць – гэта рамантызм, жыццепадобнасць – рэалізм.

Рамантызм – своеасаблівае светабачанне, светаўспрыманне, светаразуменне аўтара і яго персанажаў у творы, ён вызначаецца не аб’ектам адлюстравання, а спецыфікай асэнсавання жывой рэальнасці ў мастацкай палітры, асаблівасцямі формы і зместу.

Рамантызм як літаратурная плынь заключаецца ў шматлікіх стылёвых адзінках, ва ўвасабленні ў вобразе галоўнага героя ідэалу, набліжэнні да ідэалу. У рамантызацыі падзей і вобразаў праз своеасаблівую вобразна-выяўленчую структуру, якая прадугледжвае наяўнасць героя-адзіночкі, прысутнасць сімволікі, гіпербалізацыю падзей і вобразаў, палярызацыю сіл дабра і зла і рэзкае іх размежаванне, індывідуалізацыю вобразаў з унутранай формай пратэсту, які ўсё нарастае, трагічнасць лёсу; вастрыню супярэчнасцей паміж марай і рэальнасцю; гістарызм мыслення.

Такія асноўныя рысы метаду рамантызму. Яны грунтуюцца на ідэалістычнай аснове, але даюць рэалістычна-канкрэтны выхад у жывую паўсядзённую рэчаіснасць, у жывое жыццё. Мастак не імкнецца да адцягненасці, умоўнасці, мыслення ўскладненымі філасофскімі сілагізмамі. Рамантык, як і рэаліст, паказвае жыццё ва ўсёй яго паўнаце і разнастайнасці, толькі ацэньвае факты і падзеі з пазіцыі цудоўнага, высокага ці пачварнага, нізкага, у залежнасці ад таго, што яны значаць у жыцці герояў, якую ролю адыгрываюць у іх лёсе, лёсе народа, краіны ўвогуле.

Можна сказаць, што пісьменнік-рамантык становіцца на абарону, каб адстаяць і ўзняць на п’едэстал усё прыгожае, духоўнае, багатае, “чалавечае ў чалавеку”, адкінуўшы прэч і адмежаваўшыся ад пачварнага, антыгуманнага, бесчалавечнага, што даўно ўжо адыходзіць у нябыт. Вось чаму без рамантычнага ўспрымання рэальнасці няма і не можа быць мастацкай творчасці: рамантычнае бачанне свету з’яўляецца першаасновай мастацтва любога творцы.

Рамантызм як ідэйны і мастацкі кірунак склаўся ў Германіі (нямецкі рамантызм Гётэ, Гейнэ, Шылера) і Францыі (В. Гюго). Яркім прадстаўніком рамантызму з’яўляўся англійскі паэт Дж. Г. Байран.

Тэрмін “рамантызм” увёў у літаратурную крытыку нямецкі пісьменнік Э. Т. Гофман. Рамантызм найвышэйшай каштоўнасцю аб’яўляў духоўнае жыццё, унутраны свет чалавека, які жыве не пад уздзеяннем рацыянальнага погляду на жыццё, кіруецца ў сваіх учынках не розумам, а пачуццямі, праяўляе глыбокія страсці, здольны да фантазій, валодае тонкай інтуіцыяй. Не “прыродны чалавек” з яго лёгка распазнавальнымі ўчынкамі цікавіў рамантыкаў, іх вабілі таямніцы чалавечай душы, “зігзагі” псіхікі, містыцызм і ўнутраны “бунт пачуццяў” асобы.

Такі “бунт пачуццяў” у межах рэалістычнага апісання ўмеў перадаваць у беларускай літаратуры К. Чорны, які падкрэсліваў, што калі чалавек “маўчыць – значыцца, у яго многа важкага ў душы: у яго многа слоў” (апавяданне “Хвоі гавораць”).

Рамантызмам напоўнена творчасць М. Зарэцкага – аднаго з самых папулярных празаікаў у беларускай літаратуры 20-30-х гадоў ХХ ст. Рамантычныя матывы шырока выкарыстоўваліся ў творах Я. Купалы “Курган”, “Бандароўна”, “Раскіданае гняздо”, “Сон на кургане”, “Магіла льва” і інш. Прыёмы рамантызацыі знайшлі праяўленне ў паэме Я. Коласа “Сымон-музыка”, у алегарычных апавяданнях цыкла “Казкі жыцця”, у творах М. Багдановіча “Страцім-лебедзь”, Цёткі “Мора”, З. Бядулі “Салавей”. Раманы, аповесці, апавяданні У. Караткевіча – гэта лірыка-рамантычная проза, створаная на рэальнай гістарычнай глебе. Рамантычныя матывы адчуваюцца ў творах В. Быкава, Я. Брыля, І. Навуменкі. Аповесць А. Карпюка “Данута” пра каханне маладых герояў цалкам пабудавана на святлаценях рамантычнага ўспрымання: там, дзе каханая – там святло, там, дзе яе няма, – апускаецца цемра.