- •Першакрыніцы Мастацкай Творчасці
- •Ад Антычнасці Да Сярэднявечча
- •Эпоха Адраджэння
- •Старабеларуская Літаратура
- •Літаратура XVII–XVIII Стст.
- •Вершаскладанне і Драматургія
- •Літаратурная Творчасць у Новых Гістарычных Умовах
- •Рэалізм Як Вядучы Літаратурны Напрамак
- •I часам спамяні пра Яську свайго,
- •Паскоранае Развіццё і Станаўленне Літаратуры. Новыя Імёны
- •Росквіт Прыгожага Пісьменства На Беларусі
- •Літаратурны Рух На Беларусі ў 20-30-я Гады хх Ст.
- •Дзейнасць Літаратурных Аб’яднанняў На Беларусі
- •Літаратура Перыяду Вялікай Айчыннай Вайны
- •Першае і Другое Пасляваенныя Дзесяцігоддзі
- •Ваенная Тэма ў Беларускай Літаратуры
- •I тады душой не крыві
- •I застанься там… назаўсёды… —
- •Драматургія
Ад Антычнасці Да Сярэднявечча
Антычнасць – старажытная культура Грэцыі і Рыма. Паняцце “антычнасць” даволі шырокае, яно ўключае цэлую эпоху, калі зараджаліся і закладваліся асновы дзяржавы і права, прынцыпы свабоды і дэмакратыі, выпрацоўваліся законы роўнасці паміж людзьмі, якія маглі вылучацца найперш сваімі прыроднымі якасцямі – фізічнай сілай, гнуткасцю розуму, кемлівасцю, дасціпнасцю, гумарам, мудрасцю, адкрытым характарам.
Гэта была эпоха культу Чалавека, росквіту яго разумовых і фізічных здольнасцей, дадзеных яму маці-прыродай У названы перыяд інтэнсіўна развіваецца філасофская думка (Сакрат, Платон, Арыстоцель), шмат зроблена ў станаўленні выяўленчага мастацтва (Праксіцель, Фідзій, Лісіп), архітэктуры, тэатра. У эпоху Антычнасці значных вяршынь дасягае літаратура, з’яўляюцца выдатныя майстры слова – Гамер, Гесіёд, Сапфо, Вергілій, Авідзій. Матэрыяльная і духоўная культура Антычнасці сталі падмуркам, на якім развівалася ўся еўрапейская навука, адукацыя, літаратура і мастацтва. Традыцыі грэчаскіх трагедыі, камедыі, сатыры, лірыкі (байка, эпіграма, мадрыгал) ляжаць у аснове сучасных твораў. Антычны свет даў людзям Алімпійскія гульні, класічны тэатр, усталяваў выдатную сістэму адукацыі, пакінуў высокія ўзоры мастацтва. У той час узніклі брукаваныя дарогі, амфітэатры, іпадромы, з’явіўся цырк, былі пабудаваны магутныя масты, у рэлігійным богаслужэнні ўкараняліся хоры, дыялогі. Антычная літаратура надзвычай багатая па змесце і дасканалая па форме.
Асаблівую цікавасць уяўляюць сабой міфы і легенды Старажытнай Грэцыі і Рыма, а таксама паэмы-эпапеі Гамера “Іліяда” і “Адысея”, трагедыя Эсхіла “Прыкуты Праметэй”, паэма Вергілія “Энеіда”, лірыка Катула і інш. Міфы і легенды Старажытнай Грэцыі расказвалі аб нараджэнні планет, кантынентаў, частак свету, зямных цывілізацый.
Сярод міфаў самага ранняга (архаічнага) перыяду грэчаскай гісторыі – цудоўнае паданне аб нараджэнні багіні прыгажосці і кахання Афрадзіты з марскіх хваляў. З маленькай кропелькі крыві бога Урана ў марской пене з’явілася на свет гэтая багіня. Цікавы і незвычайны міф пра Зеўса. Тытан Крон, сын багоў Урана і Геі, хітрасцю скінуў свайго бацьку і заняў яго месца на Алімпе. Баючыся, што нашчадкі зробяць з ім тое ж, Крон глытаў усіх сваіх дзяцей. Цудам, вялікай таямніцай і загадкай стала выратаванне аднаго з апошніх сыноў – Зеўса. Яго маці Рэя (жонка Крона), каб засцерагчы сына ад смерці, схавалася ў глыбокай пячоры на востраве Крыт, дзе і нарадзіўся яе сын Зеўс. Як вядома, менавіта на гэтым востраве пазней зарадзілася цывілізацыя, да якой належым і мы. Ненажэрнаму Крону замест дзіцяці Рэя дала праглынуць прадаўгаваты камень, загорнуты ў пялёнку. Крон задаволіўся ім. Зеўс – галоўны бог, само жыццё, які дае жыццё іншым, “першапатэнцыя”, сіла, дух – перавёз на Крыт прыгажуню Еўропу, закахаўшыся ў яе з першага погляду. Ад іх сына Мінаса пайшлі іншыя цывілізацыі. Дарэчы, аснова “мін” – у імёнах князёў Вялікага Княства Літоўскага (Міндоўг, Гедымін), у назве галоўнага горада беларусаў – Менска, што магло азначаць узнікненне новага культурнага кола (Т. Шамякіна).
Са шматлікіх міфаў узніклі крылатыя выразы, якія часта выкарыстоўваюцца ў нашым жыцці: нітка Арыядны, ахілесава пята, сізіфава праца, аўгіевы канюшні, танталавы пакуты, скрынка Пандоры, дамоклаў меч, траянскі конь, вечны горад.
З беларускімі вандроўнымі старцамі-лірнікамі можна параўнаць старажытнагрэчаскага сляпога паэта Гамера, які хадзіў па плошчах і рынках і спяваў пад акампанемент кіфары. Гамера ва ўсе часы называлі бацькам паэзіі, царом усіх паэтаў. Яго “Іліяда” і “Адысея” – выдатныя паэмы старажытнагрэчаскага эпасу. У першай з іх Гамер расказваў пра Траянскую вайну. Троя, альбо Іліён (адсюль “Іліяда”), – горад у Малой Азіі, вядомы з канца ІV тысячагоддзя да н. э. У паэме мы сустракаемся з Зеўсам, які скаланае зямлю, хутканогім Ахілесам, кемлівым Адысеем, а таксама з падобным да бога, прыгожым, як бог, маладым Парысам. З-за прыгажуні Алены пачалася Траянская вайна, якая цягнулася дзесяць гадоў. Парыс – сын траянскага цара Прыама, а Алена – спартанская царыца, жонка цара Менелая. Пакахалі адно аднаго траянскі царэвіч Парыс і Алена, дачка Спарты, схаваліся ў крэпасці Троі (Іліён – Троя), але пайшлі грэчаскія цары на горад.
У паэме гаворыцца пра змаганне Патрокла за свае караблі, якія збіраўся спаліць Гектар, малюецца паядынак Ахілеса з Гектарам. Як вядома, Ахіл перамог героя траянцаў, прывязаў цела Гектара да калясніцы і ездзіў перад сценамі Троі. Але ўпрасіў бацька – цар Прыам аддаць яму цела забітага сына. Доўга не маглі ўзяць грэкі асадай Трою. Заваявалі Трою дзякуючы хітрасці Адысея.
Паэма Гамера “Адысея” – апавяданне пра небяспечную вандроўку хітрага і кемлівага Адысея на родную Ітаку. Дзеянне адбываецца на сушы, на моры, на нябёсах і ў падземным царстве, сярод разбойнікаў і людаедаў, на сонечных фантастычных астравах, сярод прыгожых і духоўна багатых людзей. Буры перашкаджаюць вяртанню, пагражаюць загубіць карабель. А ў гэты час на радзіме шматлікія і зламысныя жаніхі рабуюць дом Адысея, кожны з іх хоча ўзяць сабе за жонку Пенелопу, якая ўвесь гэты час чакае Адысея. Нарэшце Адысей распраўляецца з ворагамі, дома сустракаецца з сынам, вернай жонкай, заступаецца за старога бацьку і зноў усталёўвае сваё царства.
Паэмы Гамера “Іліяда” і “Адысея” сталі першымі літаратурнымі помнікамі, створанымі ў Старажытнай Грэцыі. Гэтыя творы прынеслі сусветную славу і вядомасць усёй заходнееўрапейскай літаратуры.
Змест і кампазіцыя паэмы Вергілія “Энеіда” даволі разнастайныя. Паэма складаецца з 12 песень, кожная з якіх успрымаецца з цікавасцю. У першай песні апавядаецца пра тое, як траянец Эней са сваімі спадарожнікамі сёмы год вандруе па моры, пра тое, як Нептун ратуе караблі, што могуць загінуць у час шторму. У іншых песнях расказваецца пра самыя розныя прыгоды Энея, якому з усіх бакоў пагражае небяспека: цыклопы, пявунні, астравы-прывіды Сцыла і Харыбда, птушкі-гарпінні. Эней трапляе ў Карфаген. У пятай песні вандроўкі па моры працягваюцца. У ёй Эней прызнаецца ў любові да бацькі. У шостай песні караблі прыбываюць у Італію, вандроўнікі спускаюцца ў падземнае царства, дзе Эней сустракаецца з бацькам. Гэтая песня вельмі важная, бо ў ёй гучыць матыў звароту да рымлян, якія павінны навучыцца “народамі правіць” – “у гэтым мастацтва”. Затым герой вяртаецца на паверхню зямлі, трымае шлях да італійцаў, каб “спяваць аб вайне”. Войны, пакуты, смерць, гатоўнасць ахвяраваць сабой, неймаверная храбрасць паклалі пачатак вялікай Рымскай імперыі.
“Энеіда” – паэма аб будаўніцтве новай дзяржавы. У ёй апяваецца вялікі цуд адраджэння славы і велічы асобы, надзеі моладзі на будучае, парыванні маладых. Змаганне шло за самога чалавека, за тое, каб не толькі надышоў мір, але і каб будучае Італіі і ўсяго свету стала бязвоблачным, радасным, шчаслівым, каб на зямлі панаваў спакой. Дзеля гэтага ўзводзілася моцная і квітнеючая дзяржава, дзе кожны чалавек змог бы найлепшым чынам праявіць сябе, жыць шчасліва.
Вергілій стаў класікам пры жыцці, яго вершы і радкі з паэм завучвалі на памяць цары і прасталюдзіны, па яго вершах спрабавалі варажыць, іх выкарыстоўвалі ў эпітафіях і эпіграфах, яны давалі штуршок нараджэнню новых твораў.
Вергілій – апошні паэт Антычнасці, які ўслаўляў “залаты век” літаратуры Старажытнага Рыма. Яго прызнавалі за найвялікшага рымскага генія, хрысціянская царква лічыла святым.
Дантэ звяртаўся да Вергілія: “О гонар і светач усіх песняроў на зямлі!”, “Мудрэц, які ўсё ведае!”, “Вышэйшы розум!”, “Настаўнік таямніц запаветных!”
Шырокавядомы ў народзе міф, што пакладзены ў аснову сюжэта трагедыі Эсхіла “Прыкуты Праметэй”. Праметэй выкраў на Алімпе агонь, якім распараджаліся багі, аддаў тое жыватворнае полымя людзям, за што Зеўс загадаў прыкаваць віноўніка да скалы. Да прыкутага героя кожны дзень прылятае арол, каб дзяўбці яго печань. У фінале твора Праметэй правальваецца пад зямлю разам з кавалкам скалы, да якой ён быў прыкуты.
Назва Грэцыі на грэчаскай мове – Элада, а грэкі называлі сябе элінамі. Час росквіту старажытнагрэчаскай літаратуры прынята называць перыядам класікі або элінскім перыядам.
У эпоху элінізму паспяхова развівалася лірыка рымскіх паэтаў Катула, Авідзія, Гарацыя. Арыстоцель распрацаваў “Паэтыку” вершаскладання, сістэму жанраў, стыляў, вобразаў, смела пранікаў у законы мастацкай творчасці, не толькі імкнуўся данесці да чытача прыгажосць мастацкага твора, але і раскрываў адметнасці мастацкай формы, г. зн. паглыбляўся ў самую сутнасць твора, раскрываў тэхналогію, па якой ён створаны.
Падагульняючы, можна зрабіць вывад, што ў часы Антычнасці на першы план выходзіў культ грамадства, поліса, грамадзянскасці, калі кожны грамадзянін адчуваў сваю еднасць з грамадой, далучанасць да дзяржавы, прымаў удзел у яе жыцці, прыкладаў намаганні дзеля ўзмацнення яе магутнасці. Услаўляўся герой не толькі гарманічны (Афіны), але і аскетычны (Спарта), адкуль і пайшоў выраз “спартанства”, калі герой у імя высокіх мэт і велічы дзяржавы, дзеля высокай ідэі ахвяроўваў зямнымі радасцямі і ўцехамі, вёў спартанскі лад жыцця, абмяжоўваў сябе. Развіваліся гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі, значна ўзрос у грамадстве аўтарытэт вучонага, вынаходніка, чалавека таленавітага, узмацнялася павага да філосафаў, аратараў, мудрых асоб, якія ўмелі запаліць словам людскія душы, павесці за сабой. Шырока развівалася ў часы Антычнасці выяўленчае мастацтва. На першым плане часоў Антычнасці – культ фізічнай прыгажосці (багі, героі Гамера, удзельнікі Алімпіяды). Тэатр “забірае” ў палон грамадзян, якія прагнуць прыгожага – “хлеба и зрелищ”, у грамадстве пануе ўслаўленне ўсіх зямных уцех і радасцей жыцця, міфы, вера лёс.
Сярэднявечча – перыяд ад V ст. н. э., з часоў падзення Рымскай імперыі, да XV ст., калі пачалася эпоха Адраджэння. Гэта быў час, калі ў цэнтры светапогляду, людской увагі былі нябесныя сілы, калі надзвычайнае пакланенне Богу і рэлігійны (хрысціянскі) культ панавалі ва ўсім жыцці. У гэты час узрос аўтарытэт Бібліі, шырока распаўсюджваліся шматлікія рэлігійныя вучэнні, вывучаліся пропаведзі святых айцоў, немагчыма было не прыслухоўвацца да настаўленняў царквы і касцёла. Аскетызм і рыгарызм сталі нормай чалавечага існавання. Узнікла манаства. Служэнне Богу станавілася самым распаўсюджаным заняткам. Панаваў культ рэлігійнага падзвіжніцтва, захавання рэлігійных канонаў, догмаў. Шырока бытаваў у Сярэднявеччы культ рыцара, які змагаўся на ратным полі, ажыццяўляў свае подзвігі ў імя росквіту і магутнасці краіны. Воінскі гонар, доблесць і адвага цаніліся ў грамадстве вышэй за ўсё. Сярэдневяковая культура грунтавалася на жанравым сінкрэтызме (злітнасці) форм: царкоўнай і свецкай, першая з якіх, больш афіцыйная, часам прыходзіла ў сутыкненне з простанароднай, “смехавай”, карнавальнай, агульнадаступнай.
У эпоху Сярэднявечча распаўсюджвалася рэлігійнае асветніцтва, у светапоглядзе пераважаў хрысціянскі гуманізм. Аднак усё прыкметней станавілася панаванне схаластыкі, традыцыяналізм змяняўся кананічнасцю, дагматызмам, а нярэдка і нецярпімасцю да іншадумства і свабоды выбару. У свецкай літаратуры вельмі мала ўвагі ўдзялялася пакутам і нягодам простага народа. У процівагу царкоўнай і саслоўнай літаратуры для духавенства і дваранства ў асяроддзі простага люду ўзнікла народная літаратура, як аўтарская, так і ананімная.
Але менавіта ў эпоху Сярэднявечча назіраўся рост буйных гарадоў, заяўлялі аб сваёй самастойнасці новыя дзяржавы, ішло інтэнсіўнае станаўленне і фарміраванне з жывых народных гаворак нацыянальных моў. У Еўропе ўзнікла кнігадрукаванне. Ажыццяўляліся вялікія падарожжы, у выніку якіх былі адкрыты новыя землі.
Антычная і сярэдневяковая культуры аказалі вялікі ўплыў на развіццё беларускай літаратуры, у якой знайшлі сваё яскравае ўвасабленне шматлікія тэмы, вобразы, сюжэты сівой даўніны чалавечай цывілізацыі.
“Жыціі” І Пропаведзі
Лёсавырашальнай падзеяй у жыцці нашых далёкіх продкаў стала пашырэнне хрысціянства на землях старажытнай Беларусі. Важнейшым цэнтрам хрысціянізацыі быў старажытны Полацк, аб чым і сёння сведчыць стромкі сілуэт Полацкага Сафійскага сабора на беразе Заходняй Дзвіны.
Полацкае княства ўзнікла як своеасаблівая мытня ў верхняй частцы вялікага гандлёвага шляху “з варагаў грэкі” – на самым яго пачатку. Полацк кантраляваў увесь гандаль па рацэ Заходняя Дзвіна аж да Балтыйскага мора.
Гандлёвы шлях пралягаў праз усе вялікія гарады, што закладваліся ў старажытнасці па берагах рэк. Ажыўлены гандаль, якім займаліся і полацкія купцы, быў асновай працвітання горада і ўсёй Полацкай зямлі. Ён патрабаваў ведаў, граматы, пашыраў кругагляд. Такім чынам, не толькі палітычныя, але і эканамічныя кантакты з шырокім светам рухалі хрысціянскую ідэю ў глыб усходнеславянскіх зямель, што садзейнічала развіццю мастацтваў, у тым ліку і мастацтва слова.
Дзякуючы шырокім кантактам з іншымі народамі ў свядомасці тутэйшага люду хутчэй праходзілі працэсы канвергенцыі (узаемадзеяння, перапляцення, зрашчэння) дзвюх ментальнасцей – язычніцкай і хрысціянскай. Нашы продкі заставаліся язычнікамі, з верай у шматбожжа, магутную сілу слова, у адушаўленне прыроды, у абагаўленне наваколля. Прыход новай хрысціянскай веры рабіў сапраўдны рэвалюцыйны пераварот у свядомасці. Для многіх няпроста было прыняць нязвыклую веру.
“Асваенне” новай рэлігіі шло праз стварэнне мастацкіх твораў рэлігійнага зместу. Першыя ўзоры мастацкага пісьменства падобнага роду дала агіяграфічная літаратура, так званыя жыціі – апісанні жыцця і дзейнасці кананізаваных царквою асоб. На Беларусі вядомы арыгінальныя творы гэтага жанру XII–XIII стст.: “Жыціе Ефрасінні Полацкай”, “Жыціе Аўрамія Смаленскага”.
Такім чынам, разам з пашырэннем хрысціянскай веры на Беларусь прыходзіць і пісьменнасць. Манахі перапісвалі Біблію, старанна выводзячы радок за радком, але перайначвалі яны той тэкст на свой лад, набліжаючы яго да мовы і свядомасці простага люду. Пісьменныя людзі і духоўнікі перапісвалі жыціі, казанні, апокрыфы, спісвалі святыя тэксты дзеля пашырэння веры і выратавання душы. Шмат бытавала ў гэты час на Беларусі твораў візантыйскага пісьменства. Па кірмашах хадзілі лірнікі-старцы, якія спявалі ці пераказвалі “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, міфалагічныя байкі, казанні, апокрыфы. Шырока бытаваў твор “Блуканне Багародзіцы па пакутах”, выконваліся арыгінальныя беларускія вершаваныя пераказы, дзе гаварылася пра жыццёвыя подзвігі і смерць Барыса і Глеба, Кандрата-пакутніка, Тэклі-першапакутніцы. Распаўсюджаны былі і перакладныя творы. Жыціі ўтрымліваюць каштоўныя гістарычныя факты, бытавыя замалёўкі, эмацыянальна-псіхалагічныя маналогі герояў і тым цікавыя для сучаснага чытача.
Менавіта ў гэтым жанры захавалася апісанне жыцця і дзейнасці выдатнай хрысціянскай асветніцы Ефрасінні Полацкай (каля 1103–1173). Зусім юнай князёўнай Прадслава (свецкае імя Ефрасінні), дачка полацкага князя Георгія Усяславіча і ўнучка славутага Усяслава Чарадзея, прыняла манаскі пострыг.
Лёс князёўны склаўся нетрадыцыйна. Надта рана зрабіла яна свой выбар паміж свецкім жыццём, поўным зямных радасцей і клопатаў, і ўзвышаным, духоўным. Паводле легенды, даведаўшыся, што яе хочуць выдаць замуж за аднаго з князёў, Прадслава знайшла прытулак у манастыры, дзе была ігуменняй яе цётка. Так Прадслава і стала манашкай. Хутка яна сама заснавала жаночы манастыр недалёка ад Полацка, у Сяльцы, пазней – мужчынскі.
Шмат зрабіла “Хрыстова нявеста” Ефрасіння для ўзвядзення храмаў, іх аздаблення. Але найбольш мы цэнім яе асветніцкую дзейнасць. Яна адкрывала школы пры манастырах, перапісвала ў скрыпторыі кнігі, вучыла людзей справядлівасці, праўдзе, дабру. У канцы жыцця Ефрасіння паломніцай наведала Святую зямлю і там, у Ерусаліме, у праваслаўным манастыры скончыла свой жыццёвы шлях. Астанкі яе былі перавезены на родную зямлю ўжо значна пазней.
Ефрасіння Полацкая – адна з першых жанчын на ўсходнеславянскіх землях, якую кананізавала царква. Вобраз Ефрасінні Полацкай натхніў нямала мастакоў слова, якія працавалі і працуюць у гістарычным жанры. Аднак імя аўтара “Жыція Ефрасінні Полацкай” невядомае. Гэта адзін з найбольш ранніх твораў гістарычнай прозы. Да нашага часу ён дайшоў у спісе XVI ст. Падзеі ў “Жыціі Ефрасінні Полацкай” падаюцца строга храналагічна. Акрамя біяграфіі Ефрасінні, апісання яе паломніцтва ў Святую зямлю ў творы ёсць цікавыя звесткі пра жыццё палачан, побыт княжацкай сям’і.
“Жыціе Аўрамія Смаленскага” напісана каля 1240 г. манахам Яфрэмам. Захавалася шмат рукапісных спісаў, найбольш раннія датуюцца пачаткам XVI ст. Апавядаючы пра жыццё героя, аўтар перадае і агульную атмасферу таго часу.
Як ужо адзначалася, папулярнымі на Беларусі былі перакладныя творы “Жыціе Аляксея, чалавека Божага”, зборнік “Жыціі святых”.
Адначасова з жанрам агіяграфічнай літаратуры развівалася аратарская проза. Найбольш яркім прадстаўніком гэтага жанру з’яўляецца сучаснік Ефрасінні Полацкай, выдатны прамоўца, царкоўны дзеяч, пісьменнік і прапаведнік Кірыла Тураўскі (каля 1113 – пасля 1190). Ён нарадзіўся ў багатых бацькоў у Тураве.
Кірыла Тураўскі пачынаў сваю прамоўніцкую і асветніцкую дзейнасць пад уплывам старажытнарускай і грэчаскай духоўнай спадчыны. Ужо ў сталым узросце ён адмовіўся ад сямейнай маёмасці і пачаў служыць Богу і людзям у Тураўскім Барысаглебскім манастыры.
Найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага ў тым, што ён з’яўляецца не толькі распаўсюджвальнікам, але і стваральнікам аратарскай прозы. Ён сам складаў малітвы, прамаўляў арыгінальныя пропаведзі, ведаў шмат прытчаў, вучыў сваіх прыхаджан дабру, праўдзе, справядлівасці. Да нашага часу дайшлі тры сачыненні святога Кірылы аб манаскім жыцці, некалькі “слоў”-пропаведзяў, аповесцей-прытчаў, каля 30 малітваў, якія прамаляў Кірыла Тураўскі ў царкве. У сваіх творах ён шырока выкарыстоўваў яркія вобразы-сімвалы, параўнанні, метафары, эпітэты. Дзякуючы магічнай сіле мастацкага слова маленні і пропаведзі Кірылы Тураўскага доўгі час жылі і распаўсюджваліся ў народзе. Яны былі вытрыманы ў духу рэлігійнай літаратуры тагачаснай Еўропы. Вядомы яго прытчы пра чалавечую душу, пра Боскі суд, пра ўваскрэсенне Хрыста, пахвалы Госпаду і прароцтвы людзям. Яго называлі Залатавустам. Ён сеяў слова Божае сярод людзей.
Пытанні Для Кантролю
1. Назавіце характэрныя рысы Антычнасці.
2. Якія творы мастацтва створаны ў эпоху Антычнасці?
3. Дайце характарыстыку эпасу Сярэднявечча.
4. Ахарактарызуйце мастацкія вартасці вядомых вам твораў агіяграфічнага жанру.
5. Вызначце ролю Ефрасінні Полацкай у развіцці беларускай і ўсходнеславянскай культуры.
6. У чым найбольшая заслуга Кірылы Тураўскага?
