Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уладзімір Навумовіч.docx
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
144.08 Кб
Скачать

I застанься там… назаўсёды… —

так пісаў Г. Бураўкін у вершы “Слова маё”, выяўляючы настроі і светаадчуванне многіх сваіх аднагодкаў.

Старэйшая плеяда паэтаў – адна з самых шматлікіх і ўнутрана цэласных у гісторыі паэтычных “прызываў”:

A. Вярцінскі, Р. Барадулін, П. Макаль, Н. Гілевіч, С. Гаўрусёў, А. Лойка, У. Караткевіч, Я. Сіпакоў, Г. Бураўкін, Ю. Свірка, В. Зуёнак, А. Грачанікаў і інш. Усіх іх аб’ядноўвае тое, што яны прыйшлі ў літаратуру ў часы так званай хрушчоўскай адлігі, гэта паэты трыццатых гадоў нараджэння, злучаныя агульнай памяццю перажытага.

“Высокае неба” паэтычнага ідэалу імкнецца захаваць у філасофска-інтэлектуальнай паэзіі А. Вярцінскі. Ён за кранае шматлікія аспекты чалавечага існавання – сацыяльны, маральны, агульначалавечы (зборнікі “Чалавечы знак”, “Час першых зорак”, “Ветрана”).

Са “злачынствам нематы” імкнецца “ваяваць” з дапамогай паэзіі П. Макаль, выяўляючы глыбінны дотык да зямлі і неба, далучэнне да ўсяго існага, адвечнага. Аб сваім пакаленні паэт гаворыць наступнымі радкамі:

– Вы адкуль?

– Мы – ад куль.

Мы – з вайны.

Мы – званы.

(“Вы адкуль?”)

Нібы раскалыханы звон, магутна і велічна “гучыць” паэзія Я. Сіпакова. У зборніку “Веча славянскіх балад” як быццам ажывае гістарычная памяць славянскіх на родаў, іх векавечны вопыт, нагадваюцца шматлікія эпізоды жыцця гэтых народаў, якія нібыта сышліся на сваё веча.

Каштоўнасць адчування роднай зямлі, жыцця працаўніка на ёй, плёну гэтага жыцця характэрна для паэзіі B. Зуёнка (“Сяліба”, “Маўчанне травы”).

Актыўна ў беларускай паэзіі распрацоўваецца тэма еднасці і злітнасці чалавека і прыроды, “раўнапраўя дрэў і людзей” (П. Панчанка). Паэты шчыра здзіўляюцца цудам жыцця, імкнуцца да паўнаты адчування хараства ў свеце. “Дрэвы паміраюць, калі перастаюць пазнаваць змену года і не адгукаюцца рэхам… Чалавек – калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём”, – пісаў М. Танк. Ад тэмы прычынення да ўсяго існага на зямлі да ўвасаблення паўнаты чалавечага шчасця ідзе сучасная беларуская паэзія.

Удалымі былі дэбюты ў паэзіі Р. Семашкевіча, К. Камейшы, М. Дуксы, Ю. Голуба. Іх паэтычныя пошукі накіраваны на тое, каб адкрыць час і сябе ў сваім часе. Тэмы іх твораў – мары аб будучым, родны дом, вёска, Радзіма, лёсы людскія, прырода бацькоўскай зямлі.

Чарнобыльская тэма стала адной з тых, што не даюць супакоіцца, абуджаюць трывогу паэта М. Мятліцкага.

Музыкай кахання напоўнены вершы маладых беларускіх паэтэс Ірыны Багдановіч, Галіны Булыка, Любові Турбіной, Вольгі Куртаніч, Людмілы Паўлікавай, Таццяны Сівец, Ніны Шкляравай, Валянціны Паліканінай.

Маладыя паэты ідуць у літаратуру настойліва, актыўна шукаюць, эксперыментуюць. У розныя гады гучна заявілі аб сабе Алесь Разанаў, Сяргей Давідовіч, Адам Глобус, Леанід Галубовіч, Анатоль Сыс. Яны розныя па сваіх поглядах на жыццё, па творчай манеры, па спосабе адлюстравання паўсядзённай рэчаіснасці. Маладыя аўтары “будуюць масты” паміж днём сённяшнім і будучым. Гэта пра іх напісаў А. Вярцінскі:

Ты ў такім шчаслівым узросце,

калі сэрца не знае злосці,

калі ўсё яшчэ наперадзе —

і дарогі, і масты,

калі ўсё – на тым беразе,

а на гэтым – толькі ты.

(“Ты ў такім шчаслівым узросце”)

Сярод сучасных паэтаў вылучаецца Алесь Разанаў, творчасць якога вось ужо на працягу доўгіх гадоў па-сапраўднаму хвалюе шматлікіх прыхільнікаў таленту паэта. А. Разанаў – творца незвычайны. Ён працуе ў шматлікіх паэтычных жанрах, многа эксперыментуе, “прывівае” на дрэва беларускай паэзіі новыя паэтычныя формы – версеты, квантэмы, хоку, паэтычныя мініяцюры і інш.

А. Разанаў – паэт філасофскага мыслення, аналітычнага зроку, які на любы стан рэчаў і ход падзей глядзіць глыбакадумна, з пэўнай доляй умоўнасці, асацыятыўна, па-мастакоўску вобразна. Так робіць А. Разанаў нават тады, калі малюе беларускую прыроду. Як трава вырастае з зямлі, так натуральна без паэтычных аздоб і прыкрас вырастаюць вершы А. Разанава. “Лепет сэрца і шэпт фантазіі” – вось што такое многія радкі гэтага паэта. Паэзія вырастае з хаосу, з цемры, з рытму сэрца, з гармоніі, суладдзя. У А. Разанава многія вершы менавіта такія. Паэзія яго – гэта фотаздымак нябачнага ў душы паэта, хвіліна роздуму, трымценне душы, яшчэ не абуджанае пачуццё. Ледзь акрэсленае светаадчуванне, ледзь згаданае пачуццё пад пяром паэта набываюць паэтычную сілу і моц.

За зборнік “Вастрыё стралы” (1990) А. Разанаву прысуджана Дзяржаўная прэмія БССР. Паэт пастаянна знаходзіцца ў адкрыцці новага, нязведанага яшчэ свету, у жаданні выказаць самае запаветнае, таямніча-няўлоўнае, найтанчэйшыя зрухі чалавечай душы.

Адразу пасля выхаду ў свет першых зборнікаў вершаў звярнуў на сябе ўвагу Леанід Галубовіч. Ён пазбягае гучных інтанацый, яго вабіць найперш шчырасць, давер, рэчы простыя і вечныя, людзі з роднай яму зямлі. У зборніку “Таемнасць агню” паэт кажа:

…Пакуль не скажа дзед які

З развагай аналітыка:

Хлеб трэба сеяць, мужыкі,

Без хлеба – дрэнь палітыка.

(“Палітыка”)

Паэтам нялёгка ў сённяшнім неўсталяваным свеце, іх прыгнятаюць многія праблемы часу, няпэўнасць, боль і трывога нашых дзён. Ажываюць даўнішнія вобразы паэзіі маладых: Сонца, Дом, Маці, Чалавек, Пагост… Л. Галубовіч разумее, што

Ты – боль, паэзія. Ты – бой.

Ты – праўды непрыступнай вежа.

Я – праведнік і грэшнік твой,

Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..

(“Ты – боль, паэзія”)

Даўно, відаць з 20-х гадоў ХХ ст., не было ў нашай паэзіі падзелу паэтаў на “гарадскіх” і “вясковых”. Кумірам вясковай моладзі ў свой час з’яўляўся М. Чарот. “Паэтам прамысловага гораду” лічыўся А. Александровіч (“Па беларускім бруку”). Але вось з прыходам у паэзію Адама Глобуса крытыка загаварыла пра ўрбаністычнае паэтычнае мысленне аўтара, які ўмее пісаць маляўніча, умее перадаваць мастакоўскі погляд на рэчы і з’явы:

…Хлапечае жыццё мікрараёнаў

Заблыталася ў бітумнай смале.

Будзільнікам зялёным, электронным

Мільгае вока часу на стале…

(“Горад”)

У беларускую паэзію прыйшло новае пакаленне паэтаў – дзяцей сучаснага горада.

У Анатоля Сыса ў вершах вельмі ўзмоцнены асабісты погляд на жыццё. Творы яго нязвыклыя, разлічаныя на знешні эфект. Кожнае слова б’е ў сэрца, каб здзівіць, аглушыць, каб ускалыхнуць душу чытача, апелюючы да асноватворнага, да гістарычнага мінулага, да нашых каранёў і традыцый, да выдатных асоб зямлі беларускай. Гісторыя пераплятаецца ў вершах з сучаснасцю, біблейскія матывы перамяжоўваюцца з сённяшнімі сімваламі (зборнікі вершаў “Агмень”, “Пан Лес”).

Замілавана, хвалююча і хораша гаворыць пра сваё захапленне высокім святлом беларускай прыроды, пра сваё адчуванне, пра саборнасць прыроды і народа паэт Анатоль Вялюгін:

З усіх сабораў ёсць сабор,

дзе згодзен я маліцца:

У спелым леце, спелы бор,

звіняць твае званіцы.

(“Спелы бор”)

А. Вялюгін натуральна і вельмі пранікліва малюе тую незвычайную пару года на Беларусі, калі зацвітаюць дрэвы, расквечваюцца белымі пялёсткамі, стаяць, як смятанай аблітыя, яблыні, грушы, слівы, а тут раптам “на цвет” надыходзяць халады – гэта зацвітае чаромха. Іх так і называюць у народзе – “чаромхавыя халады”. Чытаем у кнізе “Адрас любві”:

Па ярах сумётамі – белая чаромха,

Салаўі шалёныя б’юць на ўсе лады.

Заінела пер’е майскага чароту:

Выветрыўшы неба,

Ходзяць халады.

(“Чаромхавыя халады”)

Беларусы здаўна належалі да цывілізацыі лесу. Яшчэ ў мінулым стагоддзі 80 % тэрыторыі нашай краіны заставалася пакрытай лясамі. Выпрамляючы рэкі і асушваючы балоты, людзі “выпроствалі” ўласныя душы. “Азону, – просім мы, – азону!” – пісаў П. Панчанка. Прырода Беларусі – гэта частая змена краявідаў: балотца, лясок, рачулка, азярцо. Тут няма аднастайнасці пейзажаў, нават песень у народзе не існуе пра бяскрайнія стэпы, моры, горы. Затое ёсць шмат вершаў пра дарогі, сосны, валуны, матчын хлеб, вятры, жыта, сонца. Паэт Васіль Зуёнак у зборніку “Сяліба” выказвае трывогу за ўсё жывое на зямлі:

Паміж сэрцам маім і трывогай —

Як сцяна – два крутыя парогі…

Пыл на крылах вятроў развею,

Ля дарогі жыта пасею…

Я прыйду,

Я прыйду да вас, людзі,

Хай трывога мне сэрцам будзе!

(“Сяліба”)

Лірычна-ўзнёслая, светлая і патрыятычна напоўненая паэзія Генадзя Пашкова, узбагачаная вопытам эпохі, асабістымі перажываннямі за ўсё, што робіцца на зямлі. Г. Пашкоў – паэт непаўторны, яркі самабытны.

Ёсць Паэт.

І якая паэта натхніла.

Назавём яе імем славянскім —

Людміла.

(Са зборніка паэзіі “Тваім святлом благаславёны”)

Вершы шматлікіх паэтаў жывуць у часе і прасторы, жывяць душу і сэрца чалавека. Як верш, што стаў народнай песняй, – “Ручнікі” паэтэсы Веры Вярбы.

У суботу Янка

Ехаў ля ракі,

Пад вярбой Алена

Мыла ручнікі.

– Ой, Алена-сэрца,

Дай тваю руку!

Дзе тут пераехаць

Мне уброд раку?

Дыялог сарамлівага закаханага юнака з працавітай і непрыступнай дзяўчынай завяршыўся нараджэннем высокага пачуцця кахання.

Беларускія саматканыя вышываныя ручнікі на рачной гладзі, якія плывуць удалячынь па вірлівай плыні вады, у вершы з’яўляюцца сімвалам вернасці, чысціні пачуццяў. Ручнікі рассцілалі маладым пад ногі ў час прымання шлюбу – “злюбу”. Тут перад маладымі, усёй краінай і прыродай ляжыць вечнасць – прастор, сонца, рака часу. “Хай ім пасвеціць і маё каханне”, – кажа В. Вярба.

Душэўным надрывам, сардэчнай трывогай напоўнена паэзія адной з самых яркіх беларускіх паэтэс сучаснасці Раісы Баравіковай, у творах якой чуецца і “голас, падобны на ўсхліп пакрыўджанай дзяўчынкі”, і скрушны сум, што “вось і стала я разлучніцай”, хоць была “цярплівай”, “не дарма ў гонары чакала твой званок”. Паэзія кахання Раісы Баравіковай – яркая, высокая, узнёслая – паэзія страт, пакут, расчараванняў, вернасці і вышыні, калі закаханая ідзе да любімага, “быццам на смерць”, не патрабуючы нічога ўзамен. “Я сама табе ў рукі прыйду”, – кажа паэтэса. “Ты якога, дзяўчына, роду? Я – бацькоўская дачка”. А той дзень, сапраўды “высокі і шчаслівы”, калі пакахала паэтэса, яна хоча, як сонца, “над зямлёй падняць”.

Гляджу на ўсё вачамі маладымі,

і гнеўнымі, і добрымі ўдвая…

Каханне і прынізіць, і… уздыме,

пакуль у ім жыве душа мая.

(З кнігі паэзіі “Каханне”)

Так сведчыць паэтэса. І ёй верыш, бо паэзія – гэта сапраўдны ўзлёт душы.

Паэзія для Р. Баравіковай заўсёды была і застаецца нязменна высокай і святой. Яе вершы саграваюць душу цеплынёй пяшчоты, закаханасці, выпакутаванасцю пачуццяў. Яны выклікаюць душэўнае суперажыванне. Гэта гісторыя ўсяго свету, што знайшла адбітак у душы. Яе паэзія, як неба, узвышае і палоніць, кліча да сябе. Зборнікі паэзіі Р. Баравіковай: “Рамонкавы бераг” (1974), “Слухаю сэрца” (1978), “Такое кароткае лета” (1981), “Адгукнуся голасам жалейкі” (1984), “Каханне” (1987), “Пад небам першага спаткання” (1990), “Люстэрка для самотнай” (1992).

Паэзія неабходна чалавеку. Ёсць паэзія ведаў. Ёсць паэзія пачуццяў. Захапляе патрыятычная лірыка. Уражваюць пейзажныя радкі, чароўная інтымная лірыка. Ёсць вершы-субяседнікі, вершы-песні. Ёсць проста вершы, якія выказваюць простыя пачуцці. З-пад пяра паэта выходзяць звычайныя радкі і незвычайныя вершы. Вершы становяцца высокай паэзіяй, калі яны народжаны ўзлётам душы і гармоніяй сэрца. Свет паэзіі чароўны, непаўторны, шматаблічны. Нельга прапусціць ніводнага зруху душы.

Кожны радок, напоўнены душэўным парываннем, не загіне, не знікне без следу, абавязкова захаваецца і адгукнецца ў сэрцах новых пакаленняў. Паэты пазнаюць бязмежжа, спасцігаюць вечнасць. Таму паэзія – гэта найвялікшае апраўданне сэнсу і зместу чалавечага жыцця, паэтычны радок можа і павінен засведчыць шматлікія адметнасці чалавечага існавання, зрабіць бессмяротнымі творцаў.

Сучасная беларуская паэзія – багаты і шматфарбны свет. Свет душы сучасніка, дзе адбіліся радасці і трывогі за дзень сённяшні і заўтрашні. У нашай паэзіі даволі плённа развіваюцца многія стылёвыя плыні, тэндэнцыі, ідзе заклапочаны дыялог з часам і чалавекам аб самым галоўным, асноватворным, лёсавызначальным.

Пытанні Для Кантролю

1. Якія плыні можна вылучыць у сучаснай беларускай паэзіі?

2. У чым наватарства сённяшняй беларускай паэзіі? Што такое верлібр? Што вы ведаеце пра “філасофскую” паэзію М. Танка?

3. Лірыка – самавыяўленне паэта. Як гэта трэба разумець? “Пропаведзь і споведзь”, “лірыка і публіцыстыка”. У чым заключаецца грамадзянскі пафас паэзіі?

4. Як беларуская паэзія напаўняецца “сокамі” вусна-паэтычнай творчасці беларускага народа? У чым адметнасць такіх твораў?

5. Якая “ўдзельная” вага сатыры і гумару ў творах народнага складу?

6. У чым заключаецца “традыцыйны” характар беларускай паэзіі і як вы разумееце паняцце гармоніі формы і зместу ў мастацкім творы?