- •Ад аўтараў
- •І. Назоўнік
- •Адкажы!
- •Чым зрабіўся табе непрыгодны
- •Іі. Прыметнік
- •Ііі. Займеннік
- •У звечарэлай цішыні Паверыць снегу хрупаткому, Глядзець на сонныя агні – і не зайздросціць анікому.
- •Іv. Дзеяслоў
- •V. Стылістыка простага і складанага сказа
- •VI. Парадак слоў у сказе
- •Vіi. Стылістычныя асаблівасці сказаў з аднароднымі членамі
- •Viіі. Варыянты форм, звязаных з кіраваннем
- •Iх. Паралельныя сінтаксічныя канструкцыі
- •Х. Асаблівыя прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення. Рытарычныя фігуры
V. Стылістыка простага і складанага сказа
Практыкаванне 57. Прачытайце ў вучэбным дапаможніку М. Я. Цікоцкага “Стылістыка беларускай мовы” (Другое выданне, Мн., 1995 г.) раздзел “Просты сказ” (С. 144–154). Выпішыце з газет або з твораў мастацкай літаратуры прыклады стылістычнага выкарыстання розных тыпаў простага сказа. Паспрабуйце знайсці сінанімічную замену некалькім сказам, выкарыстоўваючы тыпы аднасастаўных сказаў, асабовых і неасабовых, залежных і незалежных канструкцый і г. д. Адзначце, якія тыпы сказаў ужываюцца ў загалоўках газет?
Практыкаванне 58. У наступных прыкладах вызначце тыпы сказаў і дайце іх стылістычную характарыстыку.
1) Устаў рана. Хутка сабраўся, пазваў Анісю. Разам паснедалі ў людным, але па-ранішняму ціхім рэстаране (І. Мележ). 2) Напісаўся верш “Перад выступленнем”, з усмешкай (М. Лужанін). 3) Пачакай. Раскажацца ўсё. Будзе на гэта час (К. Чорны). 4) Прапануецца наступны склад прэзідыума (З газеты). 5) За маім дзядзькам гналіся, то ён як пабяжыць!.. А пасля прыехаў абоз, пазбіралі свінні і каровы і пагналі, а мой тата гаворыць, што нават і дзякуй не сказалі (К. Чорны). 6) Пры немцах у нас, сын, дзялілі калгас. Усё дзялілі: зямлю, коней, вупраж, пуні (І. Пташнікаў). 7) Злачынцы выпушчаны на волю (З газеты). 8) Злачынцаў выпусцілі на волю (З газеты). 9) У раёне пабудаваны новы клуб (З газеты). 10) У раёне пабудавалі новы клуб (З газеты). 11) Глыбей узарэш – болей збярэш (Прымаўка) 12) Працуеш у гонар айчыны (З газеты). 13) Стаць побач з перадавіком (З газеты). 14) Мы выканалі ўсе свае абавязацельствы (З газеты). 15) Казарма. Палігон. Вайна. Фашысцкі лагер. Уцёкі. Амаль адразу – партызанскі лес (Я. Брыль). 16) Дым. Агонь. Руіны і гібель (П. Панчанка). 17) Ой, хлопчыкі! Казакі (П. Глебка). 18) К-к-камандзір!.. К-к-камандзір! Танкі! (В. Быкаў) 19) З чым жа, маці азёр беларускіх, мог я ў песні цябе параўнаць? (П. Прыходзька)
Практыкаванне 59. Зрабіце стылістычны аналіз наступнага ўрыўка з мастацкай прозы Кузьмы Чорнага. Адзначце, якія тыпы сказаў ужыты аўтарам. Падумайце, чым вызначаецца сінтаксічная ўпарадкаванасць гэтага тэксту.
Часамі днём пасля позняга лета пачынае хмурыцца дзень, і гэта не збіраецца на дождж, а незаўважна падплылі павевы восені. Лёгкая плынь ветру зноў заціхне, і дзень зноў зіхаціць сонцам, але ўжо астаецца пячаць летняга адцвітання. У поўнай сіле сваёй цвітуць летнія кветкі і трава адрастае пасля касы, а сэрца чуе, што не так ужо гудзе пчала над жоўтым малачайнікам, і вада ў рэчцы плыве, здаецца, цішэй. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе і так ён сярод пышнай зеляніны трымаецца доўга. А ў гэты дзень ён адарвецца і кружыцца ў паветры, пакуль ляжа ў траву. К вечару пакідае звінець неабдымная шырыня летняга дня, і кладзецца цішыня на зямлю. Жоўты лісток з бярозы ляжыць у траве і відзен здалёку і без яго, здаецца, не пахнуў бы так чабор, не такі прывабны здаваўся б верас і не было б такога вялікага шчасця ў душы бачыць траву і дрэвы, сіратлівы куст шыпшыны і вершаліну высокай хвоі, на якой ціха ляжыць праменне блізкага да захаду сонца.
К вечару вецер сціх. І бязлюдная лясная дарога была зусім ціхая. У нізкіх месцах на ёй стаяла вада. Велічэзная бяроза ўзнімалася і над дарогай і, здавалася, над усім лесам. Жоўты лісток з бярозы заблытаўся ў траве і вісеў у ёй. Многа было верасу, выросістыя хвоі ішлі ўгару, сонца ляжала на іх вершалінах. Блізка быў вечар. Пры самой дарозе, у густым зарасніку ядлоўцу і крушыны, на паваленым навальніцаю і ўжо струхлелым дрэве сядзеў Сымон Ракуцька, еў хлеб і глядзеў на жоўты бярозавы лісток у траве. Ён быў нейкі нерухомы. Твар задуменны, маўклівы, жаваў ён павольна, як бы смакуючы або да чаго прыслухоўваючыся. Ці можа жоўты ліст абудзіў у ім журботны сум. Вечарэла. Час ад часу Ракуцька паднімаўся, вытыкаўся на дарогу, акідаў яе зіркам у два бакі і зноў адыходзіў у гушчар сядзець, жаваць хлеб і глядзець на жоўты лісток.
Практыкаванне 60. Зрабіце стылістычны аналіз верша М. Багдановіча “У Вільні”. Адзначце намінатыўныя сказы і іх сінтаксічныя функцыі. Падумайце, чаму паэт многія намінатыўныя сказы злучае пры дапамозе шматкроп’я.
Ліхтарняў свет у сіняй вышыне…
Вітрыны… мора вывесак … іх плямы,
Анонсы і плакаты на сцяне.
Кіпіць натоўп на жорсткім вулак дне!
Снуюць хлапцы, суюшчыя рэкламы…
Разносчыкі крычаць ля кожнай брамы…
Грук, гоман, гул – усё ракой імкне.
А дальш – за радам кас, ламбардаў, банкаў –
Агні вакзала … павадка фурманкаў…
Віры людзей … сіпяшчы паравоз…
Зялёны семафор … пакгауз … склады…
Заводаў коміны над цьмой нябёс…
О, горада чароўныя прынады!
Практыкаванне 61. Зрабіце сінтаксічны аналіз урыўка з апавядання М. Гарэцкага “Маці”. Адзначце, якія тыпы сказаў ужываюцца ў тэксце. Падумайце, з якой стылістычнай мэтаю аўтар ужывае ў творы аднасастаўныя сказы.
“Пачувала, што падышоў-ткі яе страшны час. А дагэтуль так-сяк хавалася: аборамі ўкручвала сябе, у лазню не хадзіла, шыбка бегала, цяжкое паднімала…
Спадзявалася, што, можа, і скіне, гэтак цяжка працуючы. Цэлае лецейка працавала як вол. Не разгібаючыся, па паўсотні снапоў узапар пажынала сумысля, каб толькі мінуць сораму… Дык жа не…
…Змрокам, ужо калі забалела сярэдзіна, калі пачало паходамі больна-больна, глуха-глуха ламіць, накінула кажух, да стала падышла, нервова дрыганула абрус, адрэзала скібку хлеба, густа пасыпала буйнай соллю і выйшла…
…Давалаклася да пуні. Ля сценкі на салому, што пасля малацьбы складалі, павалілася…
…Ізноў ёй ламіла, круціла, стукала, ныла, хадзіла…
Часу разумець не магла. Яснасць думкі страціла. Плакала. Валасы на сабе рвала. Стагнала нема, прыдушана, каб не пачулі…
…І стагнала, не могучы стрымацца, ад такога жудаснага болю.
І ўжо ў хату бегці хацела, каб не памерці тут.
Ды дзікім хрыпам захрыпела і на момант зусім знепрытомнела… Потым раптам лёгка зрабілася.
І дзіцятка на саломе піскнула.
Сабрала сілы, усё, як трэба, сама каля сябе агледзела. Здзела кохту і ўкруціла яго. Потым салому з-пад ног вынесла і ў гразь утаптала, а тут накідала саломкі свежае.
Села там з ім, і пачула, што зусім знясілела. І зноў мусіла аглядаць сябе; усё непатрэбнае ў салому пад сцежкаю, дзе дровы і вуллі, закапала. Змарылася да рэшты.
Сядзела тут бясконца. Толькі штосьці халадней робіцца. – Урр… няўмысля ляпнула зубамі. Падбародак сударажна закалаціўся. Пачало трэсці.
І, трасучыся, вымала дзіцёначка з прыполу, клала на салому, каб паглядзець, дзяўчынка ці хлопчык, і зноў паглядзець. Яно ляжала ў кохце нерухома, як здохлы хрушч. І матка трывожна схапілася, ці жывое яно.
Разгарнула кохту. Дзіцянё дрыгнула ножкамі і ручкамі і піскнула, як камар, насілу сабраўшы духу і жаласна-жаласна.
Практыкаванне 62. Адзначце недахопы ў будове наступных сказаў (змяшчэнне канструкцыі, парушэнне сувязі паміж словамі і інш.). Вызначце характар памылак; выпраўце сказы.
1) Нашы артысты прынялі ўдзел і сталі лаўрэатамі агляду фальклорных калектываў мастацкай самадзейнасці. 2) Заняткі ў гуртку па складаных слясарных і сталярных работах з паказамі і тлумачэннем нярэдка праводзяць члены бацькоўскага камітэта. 3) Асенняе ворыва садзейнічае накапленню ў глебе вільгаці і спажыўных рэчываў, скарачаюцца тэрміны веснавой сяўбы. 4) Акрамя асноўных заняткаў, вучні займаюцца ў гуртках радыёаматараў, аматараў аўтамабільнай і слясарнай справы. 5) На фабрыцы ўстаноўлена 600 унікальных станкоў, а таксама для выпрацоўкі аб’ёмнай паліэфірнай плёнкі. 6) Акрамя чыста арганізацыйных мерапрыемстваў, у брыгадзе муляроў укараняліся і новыя метады працы. 7) Знешні выгляд мотакаляскі – першае ўражанне аб нашай прадукцыі. 8) Па плану прадугледжана пабудаваць 2 бальніцы, 4 школы, 10 дзіцячых садкоў, а таксама будаўніцтва дарог, мастоў, азеляненне пасёлкаў і інш. 9) Многія прадпрыемсты выпускаюць вырабы з ужываннем легіраваных матэрыялаў. 10) На здымку брыгадзір (у цэнтры) з членамі брыгады абмяркоўваюць варыянты вырабу дэталяў з дакладнасцю, зададзенай чарцяжамі. 11) Пытанне аб паляпшэнні выхавання дзяцей было пастаўлена на абмеркаванне педагагічнага савета і вырашылі арганізаваць групы падоўжанага дня. 12) Настаўнікі школы заслугоўваюць не толькі пахвалы сваёй працай, але і карыстаюцца вялікім аўтарытэтам сярод насельніцтва. 13) На старонках газеты рэгулярна асвятляецца жыццё школы, павышэнне паспяховасці, аб дзейнасці школьных гурткоў. 14) Нягледзячы на сівыя скроні, ён быў вельмі рухавы, і усмешка ўвесь час не сыходзіла з яго маладжавага твару.
Практыкаванне 63. Прачытайце ў вучэбным дапаможніку “Стылістыка беларускай мовы” раздзел “Складаны сказ” (С. 200–210).
Выпішыце з газет або твораў мастацкай літаратуры некалькі прыкладаў стылістычнага выкарыстання розных тыпаў складаных сказаў: злучнікавых і бяззлучнікавых, складаназалежных і складаназлучаных. Дайце іх характарыстыку. Адзначце ролю злучнікаў і злучальных слоў у складаным сказе. Выпішыце прыклады экспрэсіўнага вылучэння частак складанага сказа.
Практыкаванне 64. Адзначце памылкі ў будове складаных сказаў, адрэдагуйце іх.
1) На камбінаце шмат супрацоўнікаў, якія добра паказалі сябе ў працы і характар працы якіх адпавядае абранай спецыяльнасці. 2) На нарадзе абмяркоўваліся пытанні паляпшэння якасці прадукцыі і ці няма магчымасці знізіць яе сабекошт. 3) Да ліку дасягненняў выкладчыцкага калектыву школы варта аднесці і тое, што ў ім паспяхова праводзіцца выхаваўчая праца, добра арганізаваныя пазакласныя мерапрыемствы, з году ў год павышаецца паспяховасць навучэнцаў. 4) Галоўнае, чаму неабходна надаць асаблівую ўвагу, гэта мастацкаму боку твора. 5) Цытаты гэтыя – невядома адкуль аўтар іх запазычыў. 6) Можна пагадзіцца толькі з тымі часткамі даклада, дзе не змяшчаецца ніякіх унутраных супярэчнасцей. 7) Стварылася абстаноўка, калі мала што садзейнічала паляпшэнню працы. 8) Студэнты праходзілі практыку ў адным з цахоў завода, які быў нядаўна рэканструяваны. 9) Умовы для рэалізацыі мірных дамоўленасцей былі створаны, аднак тым не менш дасягнуць урэгулявання канфлікту да гэтага часу не ўдалося. 10) Камісія не прыняла шэраг аб’ектаў, на будаўніцтва якіх былі выдаткаваны сродкі, якія, аднак, былі выкарыстаны не па прызначэнню.
Практыкаванне 65. Зрабіце стылістычны аналіз урыўка з прозы К. Чорнага і адзначце, якія тыпы складаных сказаў у ім ужыты:
Не паспела ўзысці сонца, як пайшла ціхом гаворка, што падпальшчыка бачылі, як ён хацеў скрыцца за маладым садам. Гэта быў нехта высокі, але выразна пазнаць яго ў пацёмку нельга было. Бачыў яго вартавы і сам аканом, які ішоў паўз гумно з двума сабакамі на паляванне. Аканом пабег за ім і страляў у яго, за ім рынуліся і сабакі, але падпальшчык, мусіць, паспеў перабрацца праз рэчку, бо сляды яго зніклі, сабакі ж доўга брахалі каля рэчкі і пасля прыбеглі назад. Расказвалі, што быццам бы нават была кроў на аеры на самым узбалочаным беразе рэчкі. Цікаўныя пабеглі глядзець, аднак-жа ніякай крыві нідзе не ўбачылі. Праўда, якраз пайшоў дождж і кроў магла змыцца.
Практыкаванне 66. Параўнайце наступныя бяззлучнікавыя складаныя сказы і паспрабуйце замяніць іх злучнікавымі. Адзначце стылістычную розніцу паміж імі (Узор: Цяпер ён ведаў: гэта ўжо назаўсёды (К. Чорны) – Цяпер ён ведаў, што гэта ўжо назаўсёды).
1) Першы дзень зімы. Святлее зямля – святлее душа чалавека (І. Шамякін). 2) Не дарма ж гавораць: ціхая вада грэблі рве (І. Шамякін). 3) Знаю: ёсць лепшыя лазні на свеце (М. Танк). 4) Помніш: ты за кашай задрамаў? (П. Панчанка). 5) А дзе станеш – халаднавата зачарнее за табою цёмны вадзяны след (Я. Сіпакоў). 6) Сціх вецер – зніклі з вачэй вароны (І. Пташнікаў). 7) Стаім у малым горадзе: спынен рух (М. Лужанін). 8) Не запрог – не кажы “но” (Прымаўка). 9) Млын меле – мука будзе, язык меле – бяда будзе (Прыказка). 10) Не лезьце ворагі да нас: магілак хопіць і на вас (Прыказка).
Практыкаванне 67. Параўнайце дзве рэдакцыі асобных урыўкаў з апавядання Я. Брыля “Адзін дзень”. Адкажыце, якія сінтаксічныя і стылістычныя змены ў структуры сказаў адбыліся ў выніку праўкі.
Першая рэдакцыя |
|
Другая рэдакцыя |
|
|
|
1. Пакуль Свірыдава Ліда не спаткала за Чорнаю рэчкай некалькі партызанскіх коннікаў, – маладзіцы здавалася, што за ёй загінула ўсё. Усё – гэта было перад усім яе родная хата на хутары, сваё гняздо, ад якога наогул пачынаўся ўвесь свет. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё – дзевяцімесячная Верачка. |
|
1. Пакуль Ліда Свірыд не спаткала ў пушчы трох партызан – маладзіцы здавалася, што за ёй загінула ўсё. Гэта “усё” пачыналася з хаты на хутары, свайго гнязда. Беднае было яе гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іх птушанё – дзевяцімесячная Верачка. |
|
|
|
2. І толькі пачуўшы, як гаманілі вясёлыя хлапцы, як фыркалі і грукацелі па дошках парома іх коні, або плюхацела вада ў бродзе, здавалася, што вось і сёння Верачка ціха засне, сама адпачне таксама, а ўранні зноў устануць усе ды возьмуцца за працу, амаль што таксама спакойна, як было калісь, да вайны. |
|
2. І толькі пачуўшы, як гаманілі вясёлыя хлапцы, як коні іх фыркалі і грукацелі па дошках парома або плюхацелі вадою ў бродзе, добра было ад думкі, што вось і сёння Верачка ціха засне, і сама адпачнеш, а ўранні зноў устануць усе ды возьмуцца за працу, амаль што таксама спакойна, як да вайны. |
|
|
|
3. І вось яна падкралася зусім непрыкметна і, здаецца, зусім нечакана, значыць – зусім не тады, калі яе меркавалі спаткаць. Гэта зрабілася перад самай касавіцай. |
|
3. І вось яна падкралася, гэтая бяда, непрыкметна. Гэта сталася перад самай касавіцай. |
|
|
|
4. Злосны – то зноў нарастаючы, то крыху радчэйшы – трэск кулямётнага агню, здавалася, усё больш ды больш набліжаўся. Ды не толькі здавалася: выбухі мін і снарадаў лажыліся недзе зусім недалёка. Яшчэ горш: ад поўначы агонь грымеў штораз дык больш направа, у абход. Хто з партызан мог звярнуцца з такім запытаннем да жанчыны, якая і так была амаль непрытомнай ад жаху? |
|
4. Злосны – то зноў нарастаючы, то крыху радчэйшы – трэск кулямётнага агню ўсё больш ды больш набліжаўся. Выбухі мін і снарадаў лажыліся недзе зусім недалёка. Хто з партызан мог звярнуцца з такім пытаннем да жанчыны, якая і так была амаль непрытомнай ад жаху? |
|
|
|
5. Маці, якая адна ведала мову дзяўчынкі, машынальна, як быццам між іншым, нагнулася да высокай лясной травы і скубанула рукой. Выскубла цэлую жменю, але маленькая ручка з ружовымі пальчыкамі знайшла ў гэтай жмені сваё, патрэбнае ёй. Гэта была пушыстая нядократка-багатка. Як толькі пальчыкі згарнуліся ў кулачок, ад кволай кветачкі засталося ў ім трошкі пуху. |
|
5. Маці, якая адна ведала мову дзяўчынкі, прызвычаеным рухам зашпіліла станік і машынальна, як быццам між іншым, нагнуўшыся да высокай лясной травы, скубанула рукой. Выскубла цэлую жменю, але маленькая ручка з ружовымі пальчыкамі знайшла ў гэтай жмені патрэбнае ёй. Гэта быў белы, пушысты, нібы дзіцячая шапачка з трусінага пуху, дзьмухавец. Як толькі пальчыкі малой згарнуліся на кветцы ў кулачок, ад кветкі засталося трошкі пуху. |
Практыкаванне 68. У наступных прыкладах укажыце ўсе магчымыя тыпы складаных сказаў, дайце характарыстыку іх сэнсавых і стылістычных асаблівасцей.
1) Чарнобыльцы аб’явілі галадоўку. Ужо паўгода ім не выплочваюць належных ім грашовых сродкаў. 2) Не высыхаюць слёзы салдацкіх мацяроў. Яны не могуць зведаць праўду аб прапаўшых без вестак салдат. 3) Сідараўна засталася ў вёсцы з пяцігадовай унучкай. Дзве дачкі і сын уехалі на заработкі ў горад. 4) Палеткі былі не засеяны. Калгас распаўся, і некаму было арганізаваць пасяўную кампанію. 5) Лясы акружалі шчыльным кальцом вёсачку. Маліны і грыбоў было заўсёды досталь. 6) Расія не спяшаецца з уступленнем у НАТА. Гэта ваенная арганізацыя ўяўляе сабою патэнцыяльную пагрозу нашай бяспецы. 7) Наступіла смяротная цішыня. Здавалася ўсё навокал замерла ў чаканні першых удараў навальніцы. 8) У нас глыбокая ноч. На другім кантыненце, у Амерыцы, зараз у разгары працоўны дзень. 9) На зарплату старшага навуковага супрацоўніка нельга трымаць сям’ю. Захаваць навуковыя кадры ў Беларусі – вялікая праблема. 10) Я люблю сваю Радзіму. Мне прыйдзецца пражыць астатак жыцця далёка ад Беларусі. 11) Няма прарока ў сваёй айчыне. У нас называюць пісьменнікаў вялікімі толькі пасля іх смерці. 12) З цяжкасцю мы адшукалі ў гарах гэту хатачку. У ёй ужо нікога не было.
