- •Ад аўтараў
- •І. Назоўнік
- •Адкажы!
- •Чым зрабіўся табе непрыгодны
- •Іі. Прыметнік
- •Ііі. Займеннік
- •У звечарэлай цішыні Паверыць снегу хрупаткому, Глядзець на сонныя агні – і не зайздросціць анікому.
- •Іv. Дзеяслоў
- •V. Стылістыка простага і складанага сказа
- •VI. Парадак слоў у сказе
- •Vіi. Стылістычныя асаблівасці сказаў з аднароднымі членамі
- •Viіі. Варыянты форм, звязаных з кіраваннем
- •Iх. Паралельныя сінтаксічныя канструкцыі
- •Х. Асаблівыя прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення. Рытарычныя фігуры
У звечарэлай цішыні Паверыць снегу хрупаткому, Глядзець на сонныя агні – і не зайздросціць анікому.
Згадаць, нібы далёкі сон Слупоў здранцвелых перагуды, Пагляд спагадлівых акон – І не спяшацца анікуды.
Забыць згрызню турбот пустых, Успомніць, Што табе за трыццаць, І шкадаваць, Што гэты міг, Не зможа болей паўтарыцца.
Іv. Дзеяслоў
Практыкаванне 41. Зрабіце стылістычны аналіз наступнага ўрыўка з мастацкай прозы Янкі Брыля. Падкрэсліце дзеяслоўныя формы і адзначце іх разнастайныя сінанімічныя адценні.
Вось ён вяртаецца з поля, з сярпом ці касою. Уперадзе, быццам на разведку, бяжыць сабачка, абнюхваючы кожны кусцік шчавука ці асоту і на кожны з іх паднімаючы нагу. За ім кабыла Мышатка з танканогім жарабём ляніва чляпае па сівым, пытляваным пыле палявой дарогі. Яна наелася за дзень, а ўсё ж час ад часу хапае сівыя мяцёлкі аўса і на выкрык Паўлюка, а то і сама, вінавата трухціць наперад. Другі сабачка, больш любімы ў той час, ідзе збоку, аціраючыся аб калошу Паўлюковых портак. Сперадзі, на грудзях у Паўлюка, звоніць жмут іржавага ланцуга і матляецца шпень: на ланцугу Паўлюк вядзе цялушку. Шырока расставіўшы вушы, цялушка то дэбае спакойна, то раптам трухціць, каб чамусьці панюхаць сабачку або тузануць за бараду адзін з тых трох снапоў аўса, што на спіне гаспадара. Побач з цялушкай, на вяроўцы ідзе каза. Ззаду – гуллівы козлік, яшчэ без барады, з маленькімі гузамі рожак, але таксама, як матка, задзёршы хвосцік.
Практыкаванне 42. Зрабіце стылістычны аналіз фрагмента з аповесці М. Гарэцкага “Ціхая плынь”. Пакажыце, якімі сродкамі ствараецца жывапіснасць малюнку летняй раніцы, адзначце, якія дзеясловы ўжывае ў фрагментах аўтар.
Сніцца яму цёплая раніца ўлетку, але не будні, а свята... Такая ж цёплая, чыстая раніца! На падворку, дзе сонейка цалуецца з залатою саломкаю, порскаюць парасяткі рабенькія і чарнюсенькія, бы жучкі, і пярэсценькія ды ржава-рудзенькія – усе з гладзенькай шэрстачкаю, з маленькімі, дзяцінымі чысценькімі лычыкамі. Жартуюць, клычуць саломку. Піскнуць, брыкнуць, схопяць жменьку ў зубы і квіль-квіль! ува ўсе бакі, круць-круць! дробненькімі закруцістымі хвосцікамі. Рохкае матка іхная ў свінарцы, каб ішлі туды, дзе яна, а ім хочацца гуляць на сонейку. “Вуль-вуль-вуль...” – чуецца пад страхою прыемна-негае галубінае вульканне. Дзяцей сваіх песцяць галубы, на волю іх гукаюць, лятаць іх навучаюць. То ў пуню, то з пуні ды на хату, на страху шпурхаюць галубы ды ўсё вулькаюць-брукуюць: і ў катухах, і на страсе пад сонейкам. Вулькаюць і мыюцца, насок аб насок точаць-смычаць, цалуюцца-мілуюцца, пёркі слабенькія выкідаюць. Голуб за галубкаю з ласкаю тураецца, раздзьмухваецца-дзьмецца і грозіцца: вурр-вурр-вурр... Павурчыць ды ізноў салодка завулькае, нега і тамуча – сам шызенькі, галоўка пазалачваная. Гострым лётам рэжуць чыстае, лёгкае, сіняе бяздонне ластаўкі, вырабляючы неспадзяваныя петлі і павароткі. Раптам ныраюць яны ўніз, а тады стрэлкаю кідаюцца ўбок аж і ізноў угору. Перабіраюць гострым шылястым крылейкам ці распусцяць яго і шыбка плывуць, як бы і не ведаючы, куды яшчэ кінуцца. Зморацца, пасядуць на вільчыку на страсе, на дзядзькавай сяніцы – і шчабечуць белагрудыя шчабятухі, круткія, шыбкія пяюшкі-ластаўкі.
Практыкаванне 43. Прааналізуйце вобразна-выяўленчую функцыю дзеясловаў. Падумайце, якую стылістычную афарбоўку надаюць яны тэксту.
І) У прасторнай, чыстай, светлай залі Паны туды-сюды снавалі, Развязна, моцна гаманілі, Цыгары доўгія курылі, А дзе каторы шарганецца, Каля яго прыслужнік трэцца І падае яму адзенне, А сам – пакора і жычэнне; А пан той руку ткне ў кішэню, Яму “дзесёнтку” суне ў жменю; Прыслужнік, ну, чуць не прысядзе, Аж смех бярэ, на гэта глядзя. Але й паны не ўсе тут роўны: Адны з іх круглыя, як броўны, Ідуць спаважна, ўперавалку; Другія выпетрылі ў палку; Адны трымаюць нос высока, Другія ў дол спускаюць вока. Апроч паноў, у гэтай залі І мужыкі ў кутках стаялі, І людзі простага больш звання Таўкліся ў банку ўжо ад рання. Між імі гоман ціха вісне, Туды і дзядзька Антось цісне.
(Я. Колас)
ІI) Ён і цяпер кажа, стары Нахлябіч, – я, кажа, равалюцу рабіў. Паноў усіх выкідаў з пакояў – за каўнер ды з ганку, бывала, і спусціць. А пнівадзіцкаму папу траха галавы не адкруціў – запарваў на вуліцы ды калі гламяне! за валасы. На папоў ён вока ззамаладу не меў. Усё прашэнні на кожнага падаваў да біскупа, каб іншага папа прыслалі, бо гэты, кажа, зайздроснае вока мае і распуснік. Яшчэ як хлопцам быў, дык на папа заеўся быў за нешта – дзялянку канюшыны коньмі стравіў яму і занатырыўся да споведзі не ісці. Раней, кажа, я яго выспаведаю, а тады ўжо ён мяне. А поп таксама маху не даў – падгаварыў, каб не схлусіць вам, урадніка, а той яго, як арыштанта, і пёр скрозь да царквы – увесь народ павыбягаў глядзець. А ўжо за равалюцу, як лес пляжылі, дык ён у камітэтчыкі ўлез і дзялянкі людзям вызначаў, а сабе – дык самае лепшае цягаў. А гэты самы Мікалай – сын, за камісара над дварамі астаўся, дык бацька яго што скарбовага дабра панацягаў!
(К. Чорны)
ІІІ) Глядзелі, як асядае, чарнее, вадзяніцца снег, як цурчаць, пераліваюцца сонечнымі зайчыкамі ручаіны, як паруе, сохне пахучая красавіцкая зямля. Хадзілі да знямогі за плугам, чуючы пад босымі нагамі сыраватую мяккасць растрывожанай зямлі. Аралі, баранавалі, сеялі.
(І. Мележ)
Практыкаванне 44. Дайце стылістычную характарыстыку метафарычнага ўжывання дзеяслова ў наступных прыкладах:
І) Увосень, пад поўдзень, як збярэ свае сілы сонца, – разгорнецца дзе над каляінай позні, сіратлівы малачайнік – дробная кветка на высокім сцябле. Падобна яна да цыбатай якой птушкі, што ў гэты час ляціць дзе-небудзь над полем у цёплы вырай ці так куды ў спакой восенных узлескаў. Цішыня тады стаіць скрозь. Пахне свежая ралля, не трэсне сухое бадыллё, цвёрды чабор хаваецца ў іржэўнік. З голаю галавою ходзіць восень па ціхіх сваіх сцежках. Яна садзіцца на берагах рэчак, гладзіць рукою траву. Рука ў яе каструбаватая, у зямлі. Восень сядзіць і бродзіць доўга. Часамі мацней правядзе яна рукою па самотнай чараціне над вадой, над пеньчуком скошанага аеру. Сівая распушаная мяцёлка ўздрыганецца, а навокал зашэпча вецце і шум пойдзе сонечным полем скрозь далёка. Зашэпча хвойнік, жоўты дубняк, чырвоны асіннік.
(К. Чорны)
ІІ) Яшчэ злуецца зіма сівая, Снегам шпурляе, ветрам шугае, Але іначай шумяць хваіны, І ў ручаіны Спеў ажывае, – Дзень прыбывае!
(М. Лужанін)
Практыкаванне 45. Адзначце выпадкі ўжывання аднаго часу дзеяслова замест другога. Адкажыце, якімі стылістычнымі мэтамі выклікана такая замена.
І) Сцяпан – чалавек сур’ёзны, хоць яму ўсяго дванаццаць гадкоў. Толькі часамі прарвецца ў ім маладая, бурлівая натура, і тады Сцёпка, як і ўсе людзі яго веку, выкажа гэтую маладую імкненнасць: прабяжыць па вуліцы так, што аж вецер каля вушэй засвішча. І зробіць яшчэ Сцёпка такія выбрыкі ў паветры, што і артыст другі пазайздросціць.
Але гэта ніколечкі не шкодзіла славе яго сур’ёзнасці.
І яшчэ можна было б адмеціць у ім адну рысачку, якая таксама як бы трошачкі супярэчыць гэтай сур’ёзнасці.
Справа, бачыце, у тым, што тады, калі Сцёпка віхрыцца па вуліцы, яму кожны раз пападзецца на вочы гэтая Аленка, дачка Андрэева. Стаіць яна каля веснічак свайго дворыка. Ясныя, прыветныя вочкі яе глядзяць на Сцёпку, а на губках свеціцца такая лагодненькая ўсмешка! Бегучы, Сцёпка толькі блісне на яе сваімі шэрымі вачыма, прычым бровы яго ссунуцца грозна, але кінуць ёй якое-небудзь слова няма часу – Сцёпка імчыцца далей. Аленка ж стаіць, праводзіць яго сваімі яснымі вочкамі.
(Я. Колас)
ІІ) Юнацтва любае!.. Вось яны, помніцца, ідуць дарогай паміж сівога чэрвеньскага жыта – Косцік, Алесь, яшчэ два-тры хлопцы з іх маладзейшай кампаніі. Ідуць у мястэчка, не ў сваё, а ў другое, над Нёманам, дзе будуць танцы, а потым, увечары, самадзейны спектакль у пажарнай адрыне. Як гэта добра – на сёмы дзень, пасля цяжкай працы, памыцца ўсяму ды адзецца ў найлепшае, што ў цябе ёсць! А як гэта добра – ісці, асцерагаючыся, каб лішне не запыліць чаравікі і не набраць таго пылу адваротамі шырачэзных, па модзе, штаноў, гаварыць пра кнігі ці пра дзяўчат, проста смяяцца з чагосьці, нават спяваць, – на хаду ды апоўдні – бо весела!.. Як добра расшпіліць вышываны каўнер кужэльнай ці крамнай кашулі, лёгка, дужа, молада дыхаць насустрач жыццю і адчуваць, што ўсё будзе добра, што пераможа дабро!..
(Я. Брыль)
Практыкаванне 46. Адзначце, якія віды цяперашняга часу ўжываюцца ў сучаснай беларускай мове. Знайдзіце ў творах мастацкай літаратуры і публіцыстыкі прыклады ўжывання катэгорый цяперашняга часу дзеяслова ў розных семантыка-стылістычных разнавіднасцях (формы цяперашняга пастаяннага, цяперашняга гістарычнага (жывапіснага), цяперашняга рэпартажу і інш.).
Практыкаванне 47. Дайце ацэнку стылістычнага выкарыстання форм цяперашняга часу дзеяслова ў наступных прыкладах:
1) “Як твае справы?” – “Мае справы такія: канчаю разам з бацькам на полі ворыва, малачу і чакаю з горада паведамленне – ці залічаны я студэнтам. Чакаю ўжо доўга і думаю, што нічога з гэтага не выйдзе!” (К. Чорны). 2) З мясцовасці ў мясцовасць бягуць дарогі, як сама вечнасць, імкнуцца рэчкі, неабсяжнасць даляглядаў узнімае празрыстасць сініх засцілаў. Бяроза і Дзвіна, Дняпро, Сож і Прыпяць высока ў берагах трымаюць імклівую ваду. Берагі іх гучаць параходнымі гудкамі і песнямі плытагонаў. На ўзгорках купчасцяцца лясы, балоты аддаюць чалавеку торф – чорнае золата. Абноўленая зямля дае незлічоныя багацці (К. Чорны). 3) Пачатак лістапада. Вечар. Лабановіч сядзіць у сваім аблюбаваным пакойчыку. На стале гарыць лямпа пад светлым абажурам. У вокны глядзіць густы змрок. Сівыя хмары звісаюцца нізка, сеючы дробны дождж (Я. Колас). 4) Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца на хібах насыпу побач чыгункі, ідзе, мінае чырвоныя домікі будачнікаў, пераезды, купкі дрэў, а перад ім раскрываюцца ўсё новыя і новыя рысункі дарогі: лясы, лужкі, мосцікі, пажоўклыя гоні палёў, дзе пападаюцца сям-там яшчэ не прыбраныя мэндлікі аўсоў і атуленыя сіняватай смугою далечы (Я. Колас). 5) 14.00. Аб’яўляецца пасадка, экспрэс набірае ход. Сярод ганаровых пасажыраў – будаўнікі метрапалітэна. Прыходзіць мінута – і поезд на станцыі “Парк Чалюскінцаў”. Дзверы адчыняюцца. Пасажыры на некалькі хвілін выходзяць на перон, любуюцца аддзелкай станцыі. І зноў у дарогу” (з газеты). 6) Бібліятэка працуе з 8 гадзін раніцы да 20 гадзін вечара. 7) Мозыр знаходзіцца на беларускай раўніне.
Практыкаванне 48. Зрабіце стылістычны аналіз верша Янкі Купалы “Адцвітанне”. Пакажыце, як пры дапамозе пераліку дзеясловаў з адмоўем паэт стварае яркі малюнак надыходу асенняй пары.
Не шасцяць каласы,
Звон не валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.
Не іскрыцца небазор,
Не цвіце трава-чабор,
Не цыгліць птушыны стан,
Толькі поўзае туман,
Вецер б’е ў нямы курган, –
Шапаціць імглісты бор.
Змога вольная снуе,
Вочы ўставіўшы свае,
То галубне, то пужне,
Сэрца б’ецца ў паўсне,
Думка сэрцу аб вясне
Здрадны голас падае.
Практыкаванне 49. Адзначце, якую стылістычную афарбоўку надаюць формы загаднага ладу дзеясловаў у наступных тэкстах:
1) Любімось, мае суседзі! Кіньма сваркі, звадкі; Жыйма, як родныя дзеці Адной нашай маткі
(Я. Купала)
2) Гэй, грамадой Засядзьма ў рад… Будзьма адною сям’ёй. … Жыйма сягонняшнім шчыра ўволю Плюйма на тое, што “заўтра” нясе.
(Я. Купала)
Практыкаванне 50. Адзначце характэрныя асаблівасці стылістычнага выкарыстання форм трывання дзеясловаў. Стварыце сказы, у якіх ужываюцца формы закончанага трывання дзеясловаў з суфіксамі -ну і -ану тыпу махнуць, міргнуць, шмыгнуць, казырнуць або крутануць, штурхнуць і інш.
Практыкаванне 51. У беларускай мове ўжываюцца паралельныя формы дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі -а (-я) і -ва (-іва, -ыва), тыпу абкружаць – абкружваць, агаляць – агольваць, адшчапляць – адшчэпліваць, вырабляць – выробліваць, вылічаць – вылічваць. Адкажыце, ці ёсць стылістычнае адрозненне паміж гэтымі формамі?
Практыкаванне 52. У прыведзеных прыкладах выберыце адну з відавых форм дзеяслова. Растлумачце свой выбар.
1) Жыццё і справы лепшых сыноў народа, іх барацьба і подзвігі – наша вялікае духоўнае багацце. Мы павінны (захаваць, захоўваць) гэтае багацце, (перадаць, перадаваць) яго з пакалення ў пакаленне. 2) Той, хто бываў на будаўніцтве водаправода пад Бараўлянамі, напэўна быў здзіўлены, не заўважыўшы тут традыцыйных сталёвых труб. Замест іх будаўнікі (укладваць, укласці) у траншэі трубы з жалезабетону. 3) На працягу многіх гадоў архітэктары, якія займаліся жыллёвым праектаваннем, былі пазбаўлены магчымасці (ажыццявіць, ажыццяўляць) галоўнае – унутраную арганізацыю жылля, тое, што забяспечвае зручнасць пражывання. 4) Гісторыкі, этнографы, фалькларысты, пісьменнікі, кампазітары павінны (вывучыць, вывучаць) тыя звычаі і традыцыі, што жывуць сёння ў народзе, (адабраць, адбіраць) найбольш здаровае, сугучнае нашай рэчаіснасці і (дапамагчы, дапамагаць) (узбагачаць, узбагаціць) яго новым зместам і формамі. 5) Работнікі кніжнага гандлю рэспублікі многа (зрабіць, рабіць), каб палепшыць прапаганду і распаўсюджванне кнігі. 6) Ужо першыя мінуты гульні (паказаць, паказваць), што ініцыятыву на полі (браць, узяць) каманда “Дынама”. 7) Ён доўга сядзеў у маўклівым задуменні, бо не ведаў, як (рашыць, рашаць) гэтую задачу. 8) Прыемна (ўсведамляць, ўсвядоміць) сябе грамадзянінам вольнай Беларусі. 9) Твор пісьменніка дае магчымасць глыбока (ўсвядоміць, ўсведамляць) велічны подзвіг народа ў Вялікай Айчыннай вайне. 10) Трэба (выкарыстаць, выкарыстоўваць) усе магчымасці, каб узняць калгасную гаспадарку на новую вышыню. 12) Трэба (наблізіць, набліжаць) тэмпы росту вытворчасці прадметаў ужытку да тэмпаў вытворчасці сродкаў вытворчасці. 13) Шмат вялікіх і адказных задач патрабуецца (вырашаць, вырашыць) нашаму народу ў будучым годзе.
Практыкаванне 53. Прачытайце наступны верш Ніла Гілевіча і адзначце стылістычныя асаблівасці выкарыстання ў ім сінанімічных дзеясловаў будучага часу. Дайце характарыстыку сінтаксічнай будовы верша.
МЭТА
Ачэрнім, спаскудзім, сплюгавім, сплюём, падточым, падрыем, падрэжам, расколем, |
|
разбурым, зруйнуем, сатром, растопчам, здратуем, здрапежым, – каб згінула, знікла, звялося, |
|
сышло, зачахла, адмерла, прапала, і не адрадзілася, не ажыло, і не паднялося, не ўстала! |
Практыкаванне 54. Прачытайце прыклады. Адзначце стылістычную розніцу паміж назоўным і творным склонамі іменнай часткі састаўнога выказніка.
1) Невялікая роўная пляцоўка, заросшая кустамі, устаўленая драўлянымі крыжамі, дзе новымі, а дзе зусім струхлелымі ад часу, была ціхая, самотная (Я. Колас). 2) Рэшта вясны, усё лета і частка восені заставаліся вольныя (Я. Колас). 3) Лабановіч не рабіў болей спробы зазіраць у душу свайго калегі. Яна была для яго ясная і не цікавая, як сцёрты мядзяк (Я. Колас). 4) Дзверы былі прычыненымі, у перапынках, калі машынка не стукала, чутно было, як бацька ходзіць сюды-туды па пакоі (А. Кулакоўскі). 5) Даволі ўтульнымі станавіліся нізкія, добра замаскіраваныя буданчыкі, мякчэлі ў іх пасцелі для раненых (А. Кулакоўскі). 6) Усё цяпер уяўлялася нястрашным, расла ўпэўненасць, што больш ужо ніякаму д’яблу не ўдасца перахітрыць (А. Кулакоўскі). 7) Старасць. Немач. Вочы сталі нязоркія, вушы нячуткія, слабая рука – трасецца на рэгулятары (М. Лынькоў). 8) Гэты бераг быў пясчаны, і пясок з абрыву спаўзаў у рэчку, засыпаў яе (І. Шамякін). 9) Чырвоныя твары іх былі сур’ёзныя, паважныя, нібы гэта зусім і не яны толькі што так гучна смяяліся (І. Шамякін). 10) У вайну Пракоп Пракопавіч партызаніў: спачатку быў камандзірам атрада, які ён арганізаваў у першыя ж дні акупацыі, пасля камісарам брыгады. 11) Гэта было чацвёртае дзіця. Першыя трое раджаліся мёртвымі, а гэтае жыло і здавалася вельмі дужым (Я. Брыль). 12) Мікіта, брат, быў мужчына гарачы (Я. Брыль). 13) Дык Сёмка Фартушнік, як узбуяў добра, не стаў вялікі карабель (К. Чорны). 14) І такім парадкам стаў ён гаспадар фальварка (К. Чорны). 15) Калі раней ёй спачувалі, лічылі яе нявіннай ахвярай гада Хурса, дык цяпер наадварот – яна была ва ўсім вінавата, а Хурс зрабіўся раптам нявінны анёлак (К. Чорны). 16) Кацар быў спецыяліст, светлая галава, найлепшы рэферэнт па эканоміцы (І. Шамякін). 17) Самі Кавалевіч і Сяловіч пусцілі чуткі потым, што Зыбін правакатар быў. 18) Яна прычыніла дзверы на кухню – там было сонечна, а ў пакойчыку не пацямнела: яна ж сама была сонца (М. Лынькоў). 19) Намнога пазней, калі я ўжо быў майстрам на адным дрэваапрацоўчым камбінаце, дайшлі да мяне такія чуткі (А. Кулакоўскі). 20) Ён быў дапісчыкам правінцыяльнай газеты (Я. Колас). 21) Дзядзька Апанас быў заядлым курцом (І. Навуменка). 22) Я яшчэ маленькім быў, калі гэтыя самыя газавыя лямпачкі з’явіліся (М. Лынькоў). 23) Маршчыны яго трохі разгладзіліся, але твар стаў больш худым (К. Чорны). 24) Цяпер ён сапраўды бачыў перад сабою ясныя далі, якія сталі блізкімі (К. Чорны). 25) Той дзень быў ціхі і хмурны, сухі і цёмны (К. Чорны). 26) Жаночае сэрца робіцца вялікае, як свет, калі яно чуе боль знявечанага дзіцяці (К. Чорны). 27) Твар Гукана ў міг пасуравеў, вочы зрабіліся калючыя… (І. Шамякін). 28) У яе, у маці, робяцца тоўстыя ногі, ён бачыў (І. Пташнікаў).
Практыкаванне 55. У прыведзеных прыкладах, дзе толькі магчыма, спрасціце выказнікі. Адзначце стылістычную розніцу паміж паралельнымі варыянтамі сказаў.
1) Калгаснікі вядуць вывазку ўгнаенняў на палі. 2) У нашай брыгадзе некаторы час меў месца недахоп сродкаў на рамонт інвентару. 3) Мы прыкладзем усе намаганні, каб у бліжэйшыя дні дасягнуць поўнага заканчэння сяўбы зерневых культур і пасеяць на значнай плошчы раннюю бульбу. 4) Магазін утварае гандаль з 8 да 22 гадзін. 5) Сталявар упэўнена вядзе хуткасную плаўку металу. 6) Кожны раз, як толькі кароў выганяюць у поле, я ўтвараю ўборку станкоў. 7) Хірург зрабіў аперацыю хвораму.
Практыкаванне 56. Выпраўце сказы, у якіх ёсць памылкі ў выкарыстанні дзеяслова-выказніка.
1) Адным з асноўных сродкаў для накаплення ўгнаенняў у нашых умовах з’яўляецца торф, залежы якога знаходзяцца ў большасці сельгасарцелей. 2) Сп. Грыневіч з’явіцца нашым прадстаўніком на абласной нарадзе механізатараў. 3) Сярод вадзіцеляў знаходзіцца нямала перадавікоў, якія дасягнулі нядрэнных поспехаў у абслугоўванні пасажыраў. 4) Наш Коля з’яўляецца старанным працаўніком. 5) Далейшае знаходжанне на поўдні з’явіцца небяспечным для хворага. 6) Вада ўсё больш прыбывала, і становішча з’яўлялася вельмі небяспечным. 7) Пятроў з’яўляецца старастам групы.
