- •Ад аўтараў
- •І. Назоўнік
- •Адкажы!
- •Чым зрабіўся табе непрыгодны
- •Іі. Прыметнік
- •Ііі. Займеннік
- •У звечарэлай цішыні Паверыць снегу хрупаткому, Глядзець на сонныя агні – і не зайздросціць анікому.
- •Іv. Дзеяслоў
- •V. Стылістыка простага і складанага сказа
- •VI. Парадак слоў у сказе
- •Vіi. Стылістычныя асаблівасці сказаў з аднароднымі членамі
- •Viіі. Варыянты форм, звязаных з кіраваннем
- •Iх. Паралельныя сінтаксічныя канструкцыі
- •Х. Асаблівыя прыёмы сінтаксічнай арганізацыі маўлення. Рытарычныя фігуры
Ііі. Займеннік
Практыкаванне 31. Зрабіце стылістычны аналіз вершаў Янкі Купалы “Ён” і “Яна” і Якуба Коласа “Першае знаёмства”. Пакажыце на прыкладах з гэтых твораў, што стылістычныя асаблівасці выкарыстання асабовых і іншых катэгорый займеннікаў заключаецца ў тым, што яны не толькі ўказваюць на прадмет, але і суправаджаюць гэта ўказанне пэўнай ацэначнай характарыстыкай. У такім выпадку значэнне займенніка пашыраецца, у ім з’яўляюцца новыя разнастайныя сэнсавыя адценні з вельмі выразнай экспрэсіяй. Пакажыце, якія адценні іроніі або сарказму закладзены ў наступных урыўках з адзначаных вышэй вершаў Янкі Купалы і Якуба Коласа:
1) Без яго ёй не жыць, А яму без яе, Думка ў думку злажыць Так умелі свае.
* * *
Бо жыла так прыгожа
Гэта пара адна:
Ён быў Голад-нябожа,
А Няволя яна.
2) І прыйшла ты нечакана, Сама строгая прыйшла! І са мною аж да рана Тую ночку правяла. Загадала першым дзелам “Рукі ў гору” мне падняць Ды кішэні аглядзела, Нават кіцель мусіў зняць.
Няцяжка здагадацца, што пад займеннікам ты маецца на ўвазе паліцыя. Ці можна адзначыць, што тут займеннік выконвае ролю своеасаблівага палітычнага эўфемізма?
Практыкаванне 32. Параўнайце ўрыўкі з трох рэпартажаў і падумайце, чаму у адным з іх ужываецца асабовы займеннік “я”, а ў другіх займеннік множнага ліку “мы”?
1) Я з дзяцінства марыла быць сцюардэсай. Мама мая на той час працавала ў Мінскім аэрапорце-1, і жылі мы таксама ад яго непадалёк. Бегала туды глядзець, як узнімаюцца ў вышыню самалёты і марыла: вось вырасту – буду лятаць за мяжу, столькі цікавага пабачу.
2) Серада. Тры гадзіны дню. Без перастанку ідзе снег. Мы з інжынерам-метэаролагам рэспубліканскага гідраметцэнтра Святланай Арцямёнак робім тое, што ў гэты час (па Грынвічу) робяць усе метэаролагі свету – здымаем паказанні прыбораў на спецыяльна абсталяванай метэаралагічнай пляцоўцы.
3) Металічная клець плаўна нясе нас уніз. Мяккі прыпынак – Гарызонт 204. Выходзім і адразу трапляем пад высокія, ззяючыя ў святле неонавых лямп, беласнежныя зводы. Мы – на самым дне буйнейшай у Еўропе саляной шахты.
4) Гарачае, стомленае ад спёкі поле раптам схамянулася і пачало ажываць. Па траве пабеглі лёгкія халаднаватыя хвалі, закалыхаліся і чулліва схіліліся да зямлі галоўкі палявых кветак. А наш невялікі верталёт МІ-2 лёгка адарваўся ад яе і хутка паляцеў у нябесны блакіт.
Практыкаванне 33. Адзначце, чым тлумачыцца часты паўтор асабовых займеннікаў у наступных урыўках з твораў К. Чорнага і Я. Коласа. Якую экспрэсіўна-стылістычную афарбоўку надае гэта кантэксту?
1) Я жыў, дачушка, без месца на зямлі. Я паабсаджваў тут дрэвамі ўсе дарогі, а лістка з гэтага дрэва я сарваць не магу. Я не шкадаваў рук, каб дастаць зямлі. І яна мне гэта самае гаварыла. І мы разам цешыліся, што будзем некалі жыць. Я ўсё садзіў чужыя дрэвы і чужыя сады. Хіба думаў я, што так будзе? Я і на вайне быў не горшы, як усе.
2) Мімаволі ўспамінаецца мне, як калісь юнаком хадзіў я гэтымі самымі дарогамі, што праходзяць між хмызу пясчаных палёў і гэтых жа самых вузкіх палосак зямлі. Мяне душыў тады паліцэйскі гнёт, я быў пад надзорам паліцыі. Кожны царскі чыноўнік быў мой вораг і непрыяцель. Я адчуваў сваё бяспраўе. Усе гэтыя пачуцці ажылі ва мне, калі я ўбачыў свае родныя мясціны.
Практыкаванне 34. Знайдзіце прыклады, у якіх ужыванне займенніка “мы” замест “я” падкрэслівае адзінства гаворачага або пішучага з іншымі асобамі, агульнасць інтарэсаў аўтара і аўдыторыі, да якой ён звяртаецца.
Узор: “Цяпер мы спынімся на некаторых пытаннях міжнароднага становішча” або “Яраш спытаў у Зосі, як пытаюць усе ўрачы ў сваіх пацыентаў: “Як мы адчуваем сябе?.. Гуляем?..” (І. Шамякін).
Практыкаванне 35. Адзначце, з якой стылістычнай мэтай у наступных прыкладах з твораў беларускіх пісьменнікаў аўтары выкарыстоўваюць розныя графічныя сродкі (разрадку, курсіў, двукоссе і інш.) для падкрэслівання асаблівай ролі займенніка ў тэксце.
1) Яна стаяла на скрыжаванні, каля белай каталіцкай каплічкі, пад вялізнымі ліпамі, у тым месцы за крайнімі дамамі і хатамі гарадка, дзе звычайна збіраліся “галасаваць”. Стаяла яна не адна: стары бязвусы мужчына ў нейкім не сваім паліто здалёк ужо трымаў узнятую руку (Я. Брыль).
2) Спыніўшыся на нейкі момант, ён глядзіць цераз гразкую плошчу, дзе на ганку цаглянага дома зноў стаіць той – ненавісны, жахлівы – у цёмна-сінім шынялі (Я. Брыль).
3) Жанчына таксама была яшчэ недзе далёка – тая, што будзе маёй, аднак уяўляць тое “наша”, што калісьці прыйдзе, было то нясцерпна, хвалююча соладка, то .. зноў паэтычна, і таямніча, і радасна (Я. Брыль)
4) За ёю, чарнявай ды паўнагрудай, у тым складаным, і чыстым, і брыдкім хваляванні стаяла для мяне другая, непараўнальна мілейшая – мая яна, суседка Зося (Я. Брыль).
5) Ужо звязалі рукі вам Прад алтаром навекі, “Сама” ўжо – жонка, мужам – “сам”, Не трэба нам апекі. Каб хлопец – маці кіне ўчыць – К “самой” не падступаўся “Самога” бацька не збурчыць Каб па сялу не шляўся.
(Я. Купала)
Практыкаванне 36. Адзначце экспрэсіўна-стылістычныя асаблівасці выкарыстання субстантываваных прыналежных займеннікаў у наступных прыкладах:
1) Зараз павінен мой вярнуцца, дык скажы, што мы з Волькаю ў Дымаўку пайшлі (К. Крапіва).
2) Мая ездзіла на тым тыдні ў Мінск (Я. Брыль).
3) Куды ж ваш паехаў? (А. Куляшоў)
4) “Хто ты гэткі?” – “Свой, тутэйшы” (Я. Купала).
5) Я на пошце з жанчынай спаткаўся, і не выпадкова прынёс ёй адказы: свая ад свайго не ўцякла (А. Куляшоў).
6) У чалавека зноў пачулася нотка трывогі, – што такія за людзі: свае, не свае? (Я. Брыль)
Практыкаванне 37. Зрабіце стылістычны аналіз вершаў Я. Купалы “Тут і там” і П. Панчанкі “Размова з наследнікамі”; пакажыце, якім чынам дасягаецца экспрэсіўнасць шляхам проціпастаўлення займеннікаў “тут” і “там”, “мы” і “вы”, дзе аўтары ўжываюць характэрны прыём літаратурна-апрацаванага сінтаксісу – антытэзу.
1) Вы тут гуляеце, панове, У сытай, п’янай чарадзе, А там – што робіцца ў вёсцы, І ў думку вам не набрыдзе.
Тут у крыві людской скупана Капейка сходзіць за дармо, А там, у вёсцы непацешнай Расце, вялічыцца ярмо.
Тут вы прыйшлі разбіць аб чаркі І чэсць, і славу напалам; Там горы ўзносяць, рыюць ямы, Каму? – згадаць пара ўжо вам!
(Я. Купала)
2) Мы – кансерватары ўсе Тупаватыя, Вы – завадатары бур І наватары. Мы ўсе – аўральнікі, Культу стваральнікі, Вы – праўдалюбы, Хлусні выкрывальнікі. Вам – цаліна, І нейтроны, і космас, Нам – пасяджэнняў Шаблонная поснасць. Нам – старамодныя густы У гіпсе. Вам – алімпійскія гульні І ліпсі. Вам – з-пад дзявочых павекаў Іскрынкі. Нам – дагрызаць Успамінаў скарынкі. Мы – гераічныя, Вы – іранічныя....
(П. Панчанка)
Практыкаванне 38. Як вядома, прыналежныя займеннікі маюць наступныя сінанімічныя пары: яго – ягоны, яе – ейны, іх – іхні (іхны), наш – наскі (нашынскі) і г. д.
Прааналізуйце прыклады, у якіх ужываюцца наступныя пары і адзначце, з якой стылістычнай мэтай ужываецца той ці іншы з адзначаных намі вышэй займеннікаў.
1) Вера разумела яго (Сымона) і спачувала яму (А. Зарэцкі).
2) Зеленюка ўжо не было. У ягоным пакоі непрыметна кінулася ў вочы халоднае бязладдзе (А. Зарэцкі).
3) Хрыстафор Галубіцкі аж здзівіўся, што я столькі капаюся ў ягоных кнігах (Р. Сабаленка).
4) Хутка быў зменены ўвесь план аперацыі і самы пачатак яе перанесены на дзве гадзіны пазней (М. Лынькоў).
5) Мы агнём і мячом здабывалі яе – маладую рэспубліку працы (П. Глебка)
6) Струны на скрыпачцы – яшчэ не ўсё, каб можна ад ейных песень аж плакаць (В. Карамазаў).
7) Шчабечуць песню сваю мітуслівыя ластаўкі: пад акном іх гняздо (Я. Брыль).
8) Сярод нас, хлопцаў, былі і дзяўчаты. Іхняй смеласці і рашучасці можна было зайздросціць (з газеты).
9) Абганяе музыкаў саміх // Пра цымбалы, пра іхнія слых (А. Куляшоў).
10) Фельчар іхны нагу перавязаў, вышэй калена куля папала (К. Крапіва).
11) Заўважыўшы падкурчаныя Мікалаевай левай рукі і тры калодачкі ўзнагарод на ягоных грудзях – захацеў абняць хлопца яшчэ раз (Я. Брыль).
12) Ягоная хата – будан партызанскі (А. Зарыцкі).
13) Бальшавік быў іхні бацька, пралетарый родам, // Зведаў сушы, зведаў моры, бітвы і паходы (Я. Купала).
14) Томас глядзеў, як спрытна ложыць яна лапікі на куртачку і як жвава бегаюць з іголкаю ейныя пальцы (П. Броўка).
15) А людзі? Ведама як людзі, як кожны наскі чалавек (Я. Купала).
16) Наскія дарогі, наскія пуціны у пясках не знікнуць, у лясах не згінуць (П. Глебка).
17) Панам пацеха і забава, у іхнім гусце гэта справа (Я. Колас).
18) Перад гэтым мы былі ў іхным штабе на допыце (П. Галавач).
19) Вабяць вочы, нібы ўспаміны, цэлы свет іграе ў іхным ззянні (З. Бядуля).
20) Казённыя вочы, звярыны гогат, пякельны лямант іхняй музыкі … іхняй – толькі фашысцкай (Я. Брыль).
Практыкаванне 39. Адзначце маўленчыя недахопы, якія ўзніклі ў выніку няправільнага ўжывання займеннікаў; выпраўце сказы.
1) У гэтым музеі былі выстаўлены чучалы дыназаўраў, якія ўсе загінулі ад бамбёжкі. 2) Тайна характару паверхні Венеры, здавалася, надоўга схавана ад навукі: яе не відаць. 3) Прызнанне і поспех не перашкодзілі Мікалаю ў сваім выступленні заявіць аб сваёй нязменнай удзячнасці свайму настаўніку. 4) Калі ў інстытут прыходзіць новае папаўненне, мы пераконваемся, наколькі розны ўзровень іх падрыхтоўкі. 5) Па заканчэнні сваёй школы я абавязкова застануся працаваць у роднай для мяне вёсцы. 6) Калі ў рабоце новага аддзялення мы сталі адчуваць адставанне, то па рэкамендацыі дырэктара кіраваць ім накіравалі маладога спецыяліста. 7) Няхай на гэтых кіламетрах Уладзіміру сустрэнуцца добрыя людзі, а папутны вецер дапаможа іх пераадолець. 8) “Амкадор” – напярэдадні вялікай падзеі: да нас павінна прыбыць новая паточная лінія. 9) У гэты дзень Клімовіч вывеў Джэка на прагулку з усімі сваімі медалямі. 10) Вызваляць трапіўшага пад высокае напружанне чалавка можна толькі з дапамогаю спецыяльных сродкаў, разлічаных на яго. 11) Уступаючы ў Новы год, мы з законным гонарам адзначаем дасягнутыя сваёй працай поспехі, упэўнена глядзім у будучае. 12) У доме панаваў непарадак: на стале ляжаў малаток без усякай карысці. 13) Будзем часцей праводзіць такія сустрэчы: яны выклікаюць цікавасць у моладзі да сваёй прафесіі, развіваюць іх любоў да тэатра. 14) Дзяўчаты глядзелі ў акно. Прамільгнулі апошнія домікі рабочага пасёлка, і насустрач па абодвух баках замільгалі хвоі, раскідзістыя елачкі, бярозы і асіны. Пад мернае пастукванне колаў некаторыя з іх пачалі напяваць, а астатнія прадаўжалі жартаваць. 15) У выхаваўчай працы трэба ўлічваць усю разнастайнасць запатрабаванняў моладзі і ў адпаведнасці з гэтым праводзіць выхаваўчую працу, уцягваць яе ў актыўную грамадска-палітычную дзейнасць.
Практыкаванне 40. Зрабіце стылістычны аналіз верша Рыгора Барадуліна. Падумайце, якую стылістычную функцыю выконваюць у ім займеннікі з адмоўным прыслоўем ані, а таксама інфінітыўныя дзеясловы, пры дапамозе якіх утвараюцца аднасастаўныя сказы з ярка выражанай экспрэсіяй.
