Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цікоцкі. Практыкум па стылістыцы бел. мовы.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
473.09 Кб
Скачать

Адкажы!

Брат мой!

Братка мой!

Братачка родны!

Адкажы – сам сабе адкажы:

Чым зрабіўся табе непрыгодны

Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Адчаго так бяздумна, бязмоўна

Ты яго выракаешся сам?

І чаму табе так усё роўна,

Што аборай становіцца храм?

Ці таму, што калісьці падступна

Растапталі твой шчыры давер?

Што на ніве, дзе сеяў ты рупна,

Вытраўляліся ўсходы твае?

Што ў стагоддзях варожыя збродні

Распіналі твой лёс на крыжы?

Брат мой,

Братка мой,

Братачка родны,

Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі,

І канаў, і сыходзіў крывёй,

І жывым ты гарэў, а ніколі

Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься!

Ды разваж, ды раздумай як след:

Што пакінеш ты з поля ў налецце?

З чым нашчадкі пакажуцца ў свет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны

Ці свой лёс прамяняў на чужы?..

Брат мой!

Братка мой!

Братачка родны!

Адкажы! Сам сабе адкажы!

Іі. Прыметнік

Практыкаванне 18. Зрабіце стылістычны аналіз урыўкаў з мас тацкай прозы Янкі Брыля. Адкажыце, якую вобразна-экспрэсіўную функцыю выконваюць у іх прыметнікі і прыслоўі. Падкрэсліце прыклады, у якіх прыметнікі выкарыстоўваюцца ў якасці лагічных азначэнняў і ў якасці мастацкіх эпітэтаў.

Жыта сёлета добрае. І прыгінацца, нават росламу, не вельмі трэба, каб люба ўдзячна пайсці вачыма па каласістай паверхні, якая яшчэ і шчацініцца трохі вусікамі ўгару, а больш дык хіліцца долу пад цяжарам шчодра налітых, пакуль што не цвёрдых, салодкіх зярнят. Абапал сцежкі, у не зусім спалавелым саламяным гушчары, сям-там праглядвае рамонак, большыя сонейкі якога наіўна пнуцца ўгару, некаторыя нават даволі высока, а дробязь цвіце, адцвітае ды пахне понізу. Васількі стракацяць дружней, месцамі нават густа, – блакітная пяшчота, што таксама цягнецца дастаць, дацягнуцца да каласоў. Для паўнаты дзіцячай памяці няма чамусьці ярка-ліловых званочкаў куколю. Затое трапляецца бярозка з грамафоннымі трубкамі белых і злёгку ружовых кветак, кволае плеціва вікі з дробненькай бурачковасцю цвету, а гледзячы на сонечна-хлебнае бязмежжа зверху, зрэдку бачыш, як над калоссем выкусціўся непераможна расквітнелы асот. На сцежцы – натапч сцяблін з пустымі ці поўнымі каласамі; яна шамаціць пад нагамі, злёгку блытае іх ды рвецца, калі адной наступіш, а другой на хаду шмарганеш. Ды такое – зусім ужо як між іншым, бо ты глядзіш наперад, час ад часу ўлева ці ўправа, табе, даўно ўжо гараджаніну, здаецца, што так вось ішоў бы ды ішоў, – далёка, можа, і бясконца...

Пад абрывам, бліжэй да ракі, высяцца старыя, дзябёла ўпасвеныя алешыны, шырока і нізка аплываюць косамі вербы, страката бялеюць-зелянеюць тры смялейшыя бярозы, цямнеецца, пабліскваючы шышкамі, адна яліна. Далей, вышэй ад вады, бярозаў больш, пракідваюцца нават сухапутныя красуні сосны. Пад дрэвамі густа, пякуча тоіцца крапіва, буяе чырванню гронак каліна, стаяць сабе па-малечы пацешныя рабінка з нясмелымі ягадамі і стромкі кусцік ядлоўцу. На самым краі высокага абрыву соснаў больш. Гаспадаром рассеўся добра-такі сталы дуб. Зялёным воблакам узвышаюцца пад блакітам ліпы, звесіўшы голле, ужо без цвету, над гладкай сцежкай у траве.

Там, наверсе, – платы, садочкі з вуллямі, светлыя вокны, грады, лагодная прастора яшчэ зусім зялёнага бульбянніку, за якім дарога, у спёку пыльная, а за дарогай – лес.

Стаўшы на сцежцы плячыма да лесу, добра глядзіцца зверху, з-паміж дрэў, на Нёман, які, хоць не дарма завецца быстрым, люструецца вельмі спакойна, нібы зусім не плыве. За ракой – лугі, за якімі, на даляглядзе, пушча. Лугі пакошаны ў пару, месяц таму назад, і ўжо добра тым часам падмалёваны атавай, на якой застылі ў спакойным чаканні парыжэлыя ўжо стагі, што будуць перавезены адтуль на фермы зімой. Сям-там відаць цёмна-зялёныя астраўкі яшчэ нярослага дубняку і дубы-адзінцы. Каля стагоў і дрэў рака, то ў лазняку, то голая, пятляе нібы знарок так гулліва – каб зверху гэта выглядала весела.

Росна і сонечна. Над найкруцейшай, найбольш капрызнай пятлёй ракі ўздымаецца варухлівы туманец – пáра не пáра, дымок не дымок, – як быццам недзе там ціхенька варыцца ранняе снеданне.

Дрэвы з абрыву і бліжэйшыя дрэвы на лузе заціхлі ў заспакоена ўрачыстым сузіранні, глядзяць адны на адных і маўчаць. Моўчкі стаяць багатыя стагі. А на адным з іх, найбліжэй да Нёмана, бела-чорна-чырвона значыцца сціплы бывалец бусел. Яшчэ два стаяць на атавіста светла-зялёнай пакошы, кожны сабе. Таксама проста стаяць ды глядзяць. Той, што на стозе, дык і крылы склаў неяк наперакос, апусціўшы іх, расслабіўшыся ў поўным адпачыне. Пасля ён не вытрымаў такой раскошы моўчкі – задзёр працавітую дзюбу і радасна заклекатаў. І тут жа яму адказалі сябры на траве – бліжэйшы, а за ім і той, што далей.

Ах, колькі радасці!..

А потым зноў урачыстая, сонечна-росная цішыня і прастора. І ў вышыню, і навокал.

Практыкаванне 19. Зрабіце параўнальна-стылістычны аналіз фрагментаў апісання вясковых могілак у мастацкай прозе М. Гарэцкага і Я. Брыля. Адкажыце на наступныя пытанні:

  1. У якім з урыўкаў даецца агульнае апісанне вясковых могілак (у розныя поры года), а ў якім – канкрэтны, адзінкавы малюнак.

  2. Выпішыце прыклады выкарыстання элементаў літаратурна-апрацаванага сінтаксісу ў тэксце М. Гарэцкага (паралелізм у будове сказаў, лексічныя паўторы і анафары і інш.). Адзначце, які стылістычны характар надае тэксту ўжыванне гэтых фігур.

  3. Адкажыце, які тып маўлення ўжыты ў тэксце М. Гарэцкага і які ў тэксце Я. Брыля? Дзеясловы якога часу дамінуюць у першым і ў другім прыкладзе?

  4. Дайце стылістычную характарыстыку ўжывання ў тэксце вобразна-экспрэсіўных прыметнікаў, прыслоўяў і дзеяслоўных форм. Падкрэсліце сказы, у якіх прыметнікі выкарыстоўваюцца як простыя азначэнні і як эпітэты.

І. Тут ціха, супакойна... Вось ужо колькі іх тут ляжыць, што знайшлі сабе вечны прыпынак, вечны спакой.

Вечны. Якое страшнае і вяліка-спакойнае слова... Вечны спакой...

Ляжаць старыя і маладыя, дзяды і дзеці, мужчыны і жанчыны. Ляжаць ворагі і другі. Усе ляжаць тутака пад бярозамі, побач ляжаць.

Усе ляжаць, многа іх ляжыць, вечна... Ноч, дзень, зіма, лета. Люты мароз скуе могілкі, сумётамі глыбокімі засыпле іх. Бярозы ў шэрані прыгожай непарушна, не шалохаюць, над імі стаяць. Дзьме замятуха, пішчыць, па полю круціцца; па шляху мужыцкія санкі паскрыпваюць; абмёрзлы конь цюхае, а яны ляжаць ужо... Ні сцюжы лютае, ні скрыпу, ні замятухі, – вечны спакой.

Звечарэе; у цямноце вецер снегам мяце, гудзе; можа, воўк дзе блізка прабяжыць, завые і на вёсцы сабак спалохае – мёртва тут, на могільніку мёртва... Чорная ноч.

Павее цяплом; збяжыць снег у дол цуркамі веснавымі, заззяе сонейка; лог жоўтымі, белымі краскамі зацвіце; бярозы зазелянеюць; прыйдуць людзі зрання з сякерамі, з грацоўкамі, бярозак маладзенькіх з лесу прынясуць і тут пасадзяць; дзёрну наскрыляюць, ляпаць тут будуць. Ды глуха ў магіле. Не пачуюць яны там гэтага ляпання...

А пасля абеду прыйдуць сюды старыя, малыя, прынясуць гарэлкі, яец свянцоных і ўсякай яды: пампушак, драчон, яечні, пячыстага, варыстага, – загамоніць, зазвініць гай. Пачнуць там-сям на свежых курганках выць жаноцкія зніцлыя фігуры... Паплачуць, пагаруюць, супакояцца, пачастуюцца... І надвечар пойдуць усе да хат: там будуць скокі і песні, музыка, а тут ізноў усё заціхне, апусцее, ноч зляціць ізноў чорная; у цямноце толькі лісточкі на галінках бярозавых пад ветрам варухнуцца; у вас ізноў вечны спакой.

Так і лета надыдзе; жыта забуяе, на лядах гар дымны пойдзе, зазвініць каса, серп шарпне; песня пакоціцца па полі, даляціць сюды... А тут толькі бярозы шумяць. А пад імі вакол хаткі ўбогай і пустой – вечны сон.

Так і восень ізноў. Ліст сыплецца... Хто жывы, здаровы, шчаслівы ўспомніць на вас, на заціхлыя могілкі?

Хіба часам руплівая дзяўчына прыбяжыць на матчыну магілу, сыпне на сохлую траву буйнымі слёзкамі: “Мамулечка любая! Благаславі на жыццё ў сямейцы чужой”.

Хіба часам хлопчык з дзяўчынкаю ад статку з пужкамі, з торбачкамі прыбягуць жаліцца: “Мамулечка родненькая! Узяў тата жонку маладую, ах, у нас кашулькі нямытыя, у нас галоўкі нячэсаныя, хрыбцінка худзенькая, вочкі запалыя...”

Хіба часам яшчэ каго на вечны спакой прынясуць з плачам, ціхім гоманам; камкамі зямлі забарабаняць па беленькай, звонкай сасновай труне...

(М. Гарэцкі)

ІІ. Нашы старыя могілкі, і ў даўнім, у прыкрым сваім запусценні цяпер, у зеляніне ды ў сонцы, нібы нават прыгожыя, сумна прыгожыя. Магутны, разложысты цёмна-зялёны дуб. Таксама, як і ён, спрадвечная, але ж змарнелая капліца. У шэрых лушпаях не да канца датлелай шалёўкі, з блекла-ліловым купалам, які здалёк, у кудзерцы вышэйшых і ніжэйшых дрэў, бачыцца весялей. Тры сасны, як самотны дазор, прысланы сюды з далёкага лесу. І дзікі нізавы гушчар.

Нікога за яго не папракаючы, і самога сябе таксама, прывычна знаходжу ў бэзавай ды шыпшынавай, зноў ацвіцелай дзікасці два найраднейшыя помнікі. Надпіс на левым зацёрся больш, на правым менш. Пастаяўшы і адышоўшыся, я чамусьці вымаю блакнот і ледзь не з дзіцячай, тады, даўным-даўно адпаведнай узросту, сёння і трохі няёмкай, і гаркавата-шчымлівай пяшчотай запісваю па дзве даты з абодвух помнікаў. Як быццам не ведаю гэтага і ніколі не ведаў... А тады ўжо іду далей сярод рэдкіх, пахіла-шэрых драўляных крыжоў, абымшэла-каменных старчакоў з загладжанымі часам надпісамі, сярод помнікаў навейшых, ужо ад большага пасляваеннага дастатку, і зусім новых, нядаўна дастаўленых удзячнымі гарадскімі нашчадкамі, стандартна бетонных стэлаў з таннай пазалотай надпісаў ды ў вастрапікіх агарожах, найчасцей блакітненькіх. Зноў здзіўляюся, якімі ж нестарымі памерлі той ці тая, якія ў маёй маладосці, не толькі ў маленстве, здаваліся дзядамі ды бабулямі. Заўважаю імёны тых, пра чый адыход пачуў з роднай мясціны сёлета, летась ці пазалетась...

І раптам – зусім нечаканае сутыкненне.

Я аж сумеўся ціха, ледзь не спалохаўся, спыніўшыся каля яшчэ цішэйшага. Адразу – толькі заўважыў светла-шэрую пляму на рагу прасторнай і змрочнай агарожы, а ў наступны момант – пазнаў у гэтай пляме жывую істоту.

Нейкая бабуля стаяла на каленях і, нікога, нічога не бачачы, не чуючы, уся занятая сваёю справай, фарбавала адзін з жалезных прутоў. Пруты былі яшчэ новыя, чорныя, аднак старая з няспешным, сказаў бы – з эпічным спакоем давала ім поўнае абнаўленне. Раз-поразу няспешна абмачала квачык у бляшанку і памаленьку, старанна квэцала чорным тоўсты прут, ад цэментавай падмуровачкі да ўзроўню сваіх вачэй. За гэтым прутам, – я моўчкі глядзеў, – пайшоў такі самы другі. Злева, пачаўшы ад рога агарожы, некалькі іх ужо тлуста чарнелася. Далей бабуля, вядома, падсунецца на каленях направа, будзе мазаць усю гэтую сценку спачатку знізу. Потым цяжка паднімецца, пагоніць даверху... А іх жа так многа, гэтых прутоў, агарожа зроблена старою з запасам, не на адзін толькі помнік, з разлікам і на сябе. А да вёскі ж няблізка, з даліны ўгару, на нямоглых нагах, настаяўшыся на каленях...

Практыкаванне 20. Зрабіце стылістычны аналіз верша Янкі Купалы “На сенажаці”. Адзначце характэрныя асаблівасці выкарыстання ў вершы прыметнікаў. Пакажыце, што актуалізацыя прыметнікаў у творы дасягаецца шляхам адмысловай рытмічнай будовы верша.

Чуць на небе зара

Занімаецца,

У курнай хаце мужык

Падымаецца.

Цягне світку з палка

Прапацелую,

Цягне лапці з калка

Скачарнелыя.

І касу ён бярэ

Адкляпаную,

І жарсцвянку нясе

Дзераўляную.

Так на луг ён ідзе

Свой някошаны,

З песняй топіць касу

У траве зрошанай.

Яго сілу ў касьбе

Відаць моцную,

Дый у песні слязу

Чуць гаротнага...

Практыкаванне 21. Дайце стылістычную ацэнку выкарыстання кароткай і сцягнутай форм прыметніка ў наступных прыкладах з твораў Янкі Купалы. Падумайце, у якіх прыкладах ужыванне кароткіх форм прыметніка абумоўлена рытміка-метрычнай структурай верша.

1) Нясецца весела вадзіца, Мая з ёй думка след у след, –

То рвецца ў даль, то зноў баіцца:

І міл і страшан думцы свет.

2) Брату выйшлі гады, бацька жыў і не стар, Я сам дуж і здароў, – значыць льготы не меў;

3) Бачыш, чуеш: царства наша Вечна, сільна, неўгамонна;

4) Усю Беларусь – неабнятну, як мора, Убачыць у ясным, як сонца, святле;

5) О Божа праведны, ты сілу Сваю вяліку акажы: Не згінуць з бацькаўшчынай мілай Свайму слузе дапамажы;

6) Яна йшчэ як глуха; Ён ёй шэпча на вуха, Тыя жальбы ці новы закляцці.

7) Стаў служыць – молад быў, Цяпер гляньце – стары;

8) Нашто бабе агарод, Калі баба стара...

9) Дык давайма ў нашы сеці Ясназорку волю...

10) Не дружы з панамі, Бедзен мужычок. На дружбу з багатым Вузак твой шнурок.

11) Ты зялёнай травой Скрыла чорну зямлю.

12) Прыпухнуць ад слёз ясны вочы, Завяне, паморшчыцца твар;

13) Сцёпкі жонка – вёртка баба, Язык ... эй, што казаці!

14) Тут як стрэліў пан Канеўскі у лева яе вуха, – Стала наша Бандароўна І няма і глуха. Палілася кроў чырвона, Сэрца абамлела, Павалілась на зямельку, Як бярозка бела.

15) Меў тады семнаццаць год; Бедзен, нерахман здаваўся.

Практыкаванне 22. Падумайце, з якой стылістычнай мэтай ужыта кароткая форма прыметніка ў наступных прыкладах.

1) Вялік пачатак нашай эры, і гэтай ранішняй пары (М. Лужанін).

2) Мужчына складзен, белавус, Калгаснік магілёўскі, Ідзе Берлінам беларус, Ад крокаў – адгалоскі (М. Лужанін).

3) Яна была рада і шчасліва (К. Чорны).

4) Суровыя складкі на лбе разгладзіліся, і строгі былі яго самкнёныя губы і выгнутыя чорныя дужкамі вусы на іх (Я. Колас). 5) Як прыгожы былі раніцы да ўсходу і на ўсходзе сонца! (Я. Колас). 6) Час вызвалення блізак! Блізак час, калі зноў мы збярэмся ў шчасці і радасці вялікай сваёй сям’ёй на роднай зямлі (Я. Купала). 7) Смяртэльна ранены звер слеп і глух (Я. Колас). 8) Як сталь будзь цвёрд, настойліў і ўпарт і помні толькі гэта (Я. Колас).

Практыкаванне 23. Адзначце стылістычныя асаблівасці ўжывання прыметнікаў, выяўляючы прыёмы стварэння вобразнасці і эмацыянальнасці маўлення (метафарызацыя, ужыванне якасных, адносных і прыналежных прыметнікаў); пакажыце выпадкі ўжывання прыметнікаў у пераносным значэнні (як эпітэтаў) і ў функцыі лагічных азначэнняў.

На гэтым алешніку сонца трымалася нядоўга – ціхая ласкавасць спаўзла ўніз, на мокры снег, на ўпарты хмызняк: сонца, як паднялося вышэй, лягло ў адлежную вату і заснула. Дзень зноў стаў хмурны. Ухабы зачарнелі больш, пні лесавой высечкі зусім зліліся з сваім надрэчным узгоркам, за адлегу з якога пачаў сплываць снег.

Абледзянелая ручаіна сонна гнала сінюю ваду, млява пнулася выкідаць на лёд крынічную сцюдзёнасць. За пністаю высечкаю скрозь сінела поле, аж да лесу.

Ручаіна загіналася ў лог, там разлівалася шырэй і спакайнела пад лёдам. Снег на штучным малюпасенькім азярцы быў ушчэнт спярэшчаны заячымі слядамі; яны заходзілі аж пад масток пад круглым азярцом. На масток паглядала мучною слепатою млынавая шыба, струхнелая сцяна, каб трохі, дык прыпіралася б да самай парэнчы. Замарожанае млынавае калясо маўчала пад парэнчамі, як магіла: лёд укаваў яго спадыспаду і намярзаў гузамі. Дарога праз масток ішла раз’езджаная, бітая і за млынам цяжка рвалася на ўзгорак, адразу за самотнымі спарышамі ўзберажных алешын.

Адтуль скаціліся санкі. Лапавухая кабыла ратавала заднія ногі ад дошчак са скаванага доння, імчала з гары на ўсе жылы. Хамут пёрся з шыі на мысу, мяў і церабіў кабыліны вушы.

– Ах, няўдала з гары з’ехалі, – заспяваў голас. Сані ўвязлі ў снег з боку ад дарогі. Чалавек завярнуў кабылу назад да маста, выкіраваў да млынавага ганка, пачапіў ёй на мысу аброчную торбу. Сам ён патупаў здаровымі ботамі ля саней, дастаў з кішэні забруджаную, як засланка, насатку і прачысціў вусы. Змаршчынаваты твар быў халодны і нерухавы, як бы ўсё, што жыло ў чалавеку, варушылася дзесьці глыбока пад ружоваю насупленасцю бязброўных вачэй, пад рудым зараснікам вусоў, пад усімі рысамі аблічча, што ляжалі дзіўна, упоперак. (К. Чорны).

Практыкаванне 24. Ахарактарызуйце вобразна-стылістычную ролю назоўнікаў і прыметнікаў у наступным урыўку з прозы Кузьмы Чорнага.

Снег, вецер, галасны певень, пах сена з пуні, крык зімовай птушкі, счарнелы ад прымаразкаў лісток з саду на ветры, ясны заход сонца, пах свежага хлеба ў хаце, вымалачаны колас, узняты ветрам на бязлісты куст бэзу, зорнасць марознай ночы, бесперапынная плынь часу – дзень за днём, дзень за днём – і пайшло яно, з вялікай радасцю аб тым малым, што вельмі патрэбна чалавеку. Ні зайздрасць, ні сквапнасць, ні злое нездавальненне, ні прыкрая паняверка, што ўсё мала і трэба больш, ні горыч, што нехта вышэйшы за цябе ростам... Тут не бытавала пустое імкненне немаведама куды. Колер і пах свежага абчэсанага хваёвага бярвенчука гаварыў душы больш за тое золата ў куфарным прыскрынку, страчанае невядомым графам Паліводскім і набытае, таксама страчанае Густавам Шрэдэрам.

Дзень за днём і месяц за месяцам. Зіма за восенню. Нарэшце буйная кропля вады ўпала марозлівым і сонечным днём са страхі. Неба было такое сіняе, як і высокае. Але пад ім яшчэ на ўсе палявыя прасторы ляжалі вышэйшыя за рост чалавека пласты перамёрзлага снегу. І да вясны і да лета яшчэ далёка было. А яшчэ далей да зорнага мігцення на вераснёвым небе.

Практыкаванне 25. Замяніце (калі гэта магчыма) прыметнікі адпаведнымі назоўнікамі. Растлумачце, чым адрозніваюцца па сэнсу ўтвораныя вамі сінанімічныя пары.

1) Кубінскія песні. 2) Чырвоныя cцягі. 3) Высакаякасная прадукцыя. 4) Каменная фігура. 5) Паляўнічая стрэльба. 6) Спартыўная вопратка. 7) Шырокафарматны кінафільм. 8) Дзіцячая літаратура. 9) Электрычны ліхтарык. 10) Бацькоўскія клопаты. 11) Паходная палатка. 12) Ракетная зброя. 13) Гарматны стрэл. 14) Разумны чалавек. 15) Музыкальныя пальцы. 16) Значная падзея. 17) Скураны партфель.

Практыкаванне 26. Выберыце адну з прыведзеных у дужках форм ступеней параўнання прыметнікаў. Абгрунтуйце свой выбар.

1) Новая мадэль грузавіка аснашчана (больш магутным, магутнейшым) рухавіком. 2) У артыкуле прыведзены (самыя цікавыя, найцікавейшыя) факты з творчай біяграфіі вучонага. 3) Члены атрада доўга спрачаліся аб тым, хто працаваў на ўборцы (старанней, больш старанна). 4) Чым (слабейшы, больш cлабы) арганізм, тым лягчэй ён паддаецца захворванням. 5) Полацк – адзін з (старажытнейшых, самых старажытных) гарадоў нашай рэспублікі. 6) У нашай краіне (самы нізкі, найніжэйшы) працэнт дзіцячай смяротнасці. 7) Саша Смірноў прапа­наваў (больш лёгкі, лягчэйшы) спосаб рашэння задачы. 8) У апошні час мы сталі прымяняць (больш прагрэсіўны, прагрэсіўнейшы) метад апрацоўкі дэталей на высокіх хуткасцях. 9) На сходзе выступіў адзін са (старэйшых, самых старых) супрацоўнікаў газеты. 10) На канферэнцыі абмяркоўвалася адна з (важнейшых, самых важных) праблем сучаснай вытворчасці – тэхнічная эстэтыка. 11) Аб тым, як дасягнуць (вышэйшых, больш высокіх) паказчыкаў у працы, гаварылі ўсе ўдзельнікі нарады.

Практыкаванне 27. Выпішыце з твораў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі прыклады спалучэнняў, у якіх прыметнікі замяняюцца назоўнікамі з выразнай якаснай семантыкай і ў сувязі з гэтым адбываецца субстантывацыя якасці, прыметы. Узор: блакітнае неба – блакіт неба; чырвоныя сцягі – чырвань сцягоў, ясная дума – яснасць думы, пурпурная зара – пурпур зары.

Практыкаванне 28. Адзначце вобразна-экспрэсіўныя якасці субстантывацыі колеру ў наступных урыўках з мастацкіх твораў.

1) На яго шацёр-карону Пурпур лёг зары. У прасветы хмар заслоны Сонца сыпле стрэл мільёны, – Шле зямлі дары.

(Я. Колас)

2) Маўклівасць дум, А за парогам сцені І нейкі лёгкі сум На зморанай душы.

(П. Трус)

3) Забялелі на ставах снягі, Пахіліліся ў шэрані клёны.

(П. Трус)

4) Пажоўклы клён Абветрыў і абмок; Нямая сінь Над возерам упала.

(П. Трус)

5) Нямая бель... Гаі... Дубровы...

(П. Трус)

6) На гасцінцы скрогат, На прысадах інь.

(Я. Купала)

Практыкаванне 29. Дайце вобразна-экспрэсіўную характарыстыку выка­рыстання спалучэння прыметніка з назоўнікам, у выніку чаго ўтвараецца складаны назоўнік або спалучэнне прыметніка з назоўнікам у якасці прыдатка.

1) І ў жоўтаквецені над ярам і далінай Тоне ў каўшах асенняе віно.

(П. Трус)

2) За зялёным полем Кучаравы лес Маладзіць буйголлем У сіняватай мгле.

(П. Трус)

3) Маладыя загаворы ў ход пусці, сатвары; Яснаглядам долы, горы Асвяці, прыбяры.

(Я. Купала)

4) Сяміцвет вясёлкай ззяе над далінкай.

(Я. Купала)

5) Сонцу-яснагрэю расплятае косы.

(Я. Купала)

6) Цябе вабіць там панна-белалічка?

(Я. Купала)

7) Сядзіць хлопец з дзяўчынай І мілуецца з ёю, З ненаглядкай сваёю.

(Я. Купала)

Практыкаванне 30. Дайце стылістычную характарыстыку выкарыстання прыметнікаў у наступных урыўках з прозы Янкі Брыля.

1) На вялікіх вокнах – крухмальная пругкасць і снегавая бель гардзінаў.

2) Гатоў прасіць прабачэння ў журботнай памяці. Мноства бядняцкіх або нядбальскіх коней ды каняжын – заезджаных, неда­кормленых, абхвастаных вузлаватымі пугамі, абабітых па сухарэбрыцы на кантовым крыжы кіямі, клышаногіх ад заўчаснай працы, з дыхавіцай, з макрацом, напаўсляпых і сляпых пакутніц і пакутнікаў... Але і спраўных, дагледжаных коней было тады шмат. І не толькі ў маёнтках і маёнтачках і ў багацейшых сялян.

3) На адну з чатырох драўнін электралініі, што віселі над агародам, прысеў і картава зачэркаў шпак. З вялікім чарвяком у дзюбе, нібы з адвіслымі вусамі, ён, як звычайна прысеў на дроце, каб не так адпачыць, як лепш прыцэліцца ў тую адтуліну ў шыферным капяжы доміка, дзе яго чакае ненаежная малеча.

4) А тады яшчэ і пачакаць, пакуль яна, аказваецца, з гэтым хлопчыкам так доўга абедалі пад кіраўніцтвам іх закахана-цярплівай бабулі.

5) Ранішні раззязюлены лес. Адна з іх села на востры вільчык яліны і – першы раз бачыў такое – кукавала там, ад руплівасці расставіўшы крылы.

6) Свежааблаўрэачаны паэт выступае на ўрачыстым сходзе з вершамі.

7) Адзін няздзейснены геній, проста пасрэдны артыст, што прывалокся аднекуль у нашу сталіцу, Дэман не першай свежасці яшчэ раз закахаўся ў маладзейшую, свяжэйшую, захопленую ім... настаўніцу з рабочай сям’і. ... Прыйшоў старэйшы брат, пагаварыў з такім шваграм па-мужчынску, а сястру забраў дахаты. Швагра я потым з прыемнасцю бачыў на вуліцы – з “отрешенно” настаўленым каўняром, яшчэ ўсё са скепсісам на банальна прыгожым, таленавіта спітым і адхвастаным мурле.

8) Моста на рэчцы не было. На папярэчынах паляў ляжала кладка з акораных бярвенняў. Дзе два танчэйшыя, дзе тоўстае адно. Кладка доўгая, шэра-бліскучая, абутаму можна паслізнуцца... Па кладцы з майго берага на вясковы ішоў баец... Спалавелая гімнасцёрка, пілотка, абмоткі. І доўгая, ад штыка – яшчэ даўжэйшая вінтоўка на рамяні.

9) Што да салдатаў, дык яны бываюць святочнымі не ў вайну. І толькі наіўна-недаросламу або даросла недалёкаму чалавеку салдацкі штык можа здавацца выглядам заўсёдным, абавязковым. Непарадныя будні вайны непрыгожыя, рэчаіснасць вайны агідна-жахлівая.

10) З апісанняў, найпазнейшых па часе іх прачытання і наймацнейшых па выяўленым, падтэкставым, і выяўленым, адкрыта значным змесце полюсна супрацьлеглых, аўтараў.

Першы – Эрых фон Людэндорф, славуты генерал, што быў адной з наймацнейшых апораў кайзера Вільгельма, а потым яшчэ падпоркай дэбютанта Гітлера.

Другі – Яўген Віктаравіч Тарле, савецкі вучоны сусветнай вядомасці, гісторык і публіцыст з глыбокай эрудыцыяй і бліскучым літаратурным стылем.

11) Хіба толькі сапраўдны мастак, адораны сілай сардэчнага пранікнення ў глыбінную сутнасць жыцця, зможа ўявіць ці сваіх найбліжэйшых, ці самога сябе ў гразкіх, халодных, галодных, вашывых акопах, пад артагнём, пад кулямі ў чыстаполіцы, у пакутах раненняў, на подступах да смерці.

12) Сосны, бярозы, верас. Карычнева-жоўта-паласаты і тоўсты, як цукерка-падушачка, чмель. Дзве бусінкі-бруснічыны і добрая кніга.