Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цікоцкі. Практыкум па стылістыцы бел. мовы.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
473.09 Кб
Скачать

М. Я. Цікоцкі, А. М. Цікоцкі

ПРАКТЫКУМ

ПА СТЫЛІСТЫЦЫ

БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ

Частка ІІ. Марфалагічная і сінтаксічная стылістыка

Мінск – 2005

Ад аўтараў

Другая частка практыкуму па стылістыцы беларускай мовы прысвечана стылістычнаму выкарыстанню марфалагічных і сінтаксічных сродкаў беларускай мовы. Як вядома, стылістычнае выкарыстанне моўных сродкаў не абмяжоўваецца толькі выбарам і ацэнкай блізкіх па значэнні слоў і фразеалагізмаў. Для таго каб дакладна і ясна выказаць думку, трэба ведаць таксама сінаніміку марфалагічных форм і сінтаксічных канструкцый. Стылістычныя рэсурсы граматыкі вельмі багатыя і разнастайныя, асабліва ў галіне сінтаксісу. Праўда, не ўсе варыянты граматычных форм аднолькава цікавыя са стылістычнага боку. Адзначаючы неабходнасць адрознівання стылістычных варыянтаў форм ад граматычных, вядомы рускі лінгвіст А. М. Пяшкоўскі пісаў: “Гутарка можа ісці, зразумела, толькі аб тонкіх адценнях, аб нюансах, таму што стылістыка наогул мае справу толькі з імі. Розніца паміж “посылаю брата” і “посылаю брату”, якая бы ні тонкая яна была для аналізу сама па сабе, усё яшчэ занадта грубая для стылістыкі. Гэта розніца не стылістычная. А вось “сделал мне” і “сделал для меня” будзе ўжо розніцай не толькі граматычнай, але і стылістычнай... Іншымі cловамі, вывучацца і параўноўвацца тут павінны не граматычныя значэнні наогул, а толькі граматычныя сінонімы, г.зн. значэнні слоў і словазлучэнняў, блізкія адно да аднаго па іх граматычнаму сэнсе”1.

Так, напрыклад, да ліку марфалагічных сінонімаў у беларускай мове належаць формы творнага склону назоўнікаў жаночага роду (зямлёй – зямлёю, крывёй – крывёю), формы меснага склону назоўнікаў мужчынскага роду (у тыле – у тылу, на лузе – на лугу) і інш. Сінанімічнымі могуць быць таксама поўная і кароткая формы прыметнікаў, простая і складаная формы ступеней параўнання прыметнікаў, формы часу, віду і ладу дзеяслова і г. д.

У галіне сінтаксісу сінанімічнымі з’яўляюцца, напрыклад, даданы азначальны сказ і дзеепрыметнікавае словазлучэнне (твор, які напісаны пісьменнікам – твор, напісаны пісьменнікам), прыназоўнікавыя і беспрыназоўнікавыя канструкцыі (ісці полем – ісці па полі) і інш.

Практыкаванні, сабраныя ў дапаможніку, павінны дапамагчы студэнтам больш дакладна вызначаць стылістычную характарыстыку мафалагічных і сінтаксічных сродкаў беларускай мовы, асаблівасці іх выкарыстання ў розных стылях і жанрах літаратуры, што несумненна будзе садзейнічаць павышэнню культуры беларускага маўлення будучых журналістаў.

І. Назоўнік

Практыкаванне 1. Зрабіце стылістычны аналіз фрагмента аповесці М. Гарэцкага “Меланхолія”. Адзначце стылістычныя асаблівасці ў тэксце назоўнікаў, прыметнікаў і дзеясловаў. Пакажыце, што менавіта прадметнасць, канцэнтрацыя іменных часцін мовы ва ўрыўку дае магчымасць чытачу ўявіць любую з’яву, працэс, якасць, прымету ў выглядзе асобнай субстанцыі – наглядна, зрокава, адчувальна. Дайце стылістычную ацэнку выкарыстання аднародных членаў сказа.

З абодвух бакоў каменнай гарадской вуліцы, па тратуарах, міма бліскучых, ззяючых акон і шкляных дзвярэй у велізарных крамах, адтуль і туды, мітусілася, варушылася чорная хваля людзей у чорных вопратках, брылях, капелюшах, шапках, шапачках, картузах, хустках. Пасярод грукаталі па каменню няўломныя ламавозы з вялікімі вазамі гломазду, усялякіх кулёў, скрынак і нейкага жалеззя. Борзда чахалі і ляскалі падковамі, аж агнявыя іскрачкі сыпаліся з-пад іх. Беглі коні лёгкіх вознікаў, што вязлі паноў, мужчын і жанчын, у сваіх зручных экіпажах. Званіла, гудзела і пнулася гулам сваім у вушы конка. Ад вакзала ляцелі сюды гудкі машын, крычалі над горадам у змроку на розныя галасы: груба, сіпата, каротка, адарвана і тонка, звонка, з працягам. Канаючыя гукі разам з няроўным, на момант, блісканнем святла ў вялікіх высокіх ліхтарах над вуліцаю, у хвілінку, калі раптам з’яўляўся і выў знекуль згары сцюдзёны, ужо троху восенны вецер, – выгукалі ў сэрцы невядомую трывогу, чуццё адзіноты і засмучэння...

...Прыбраныя прыгожа і не дужа прыгожа людзі, здаецца, – вясёлыя, а то і смутныя, а найболей раўнаважныя, людзі беглі – спяшаліся, быццам на далёкі, чужы пажар. І відаць было Лявону па іх вачах і па ўсім твары, па нейкай грэблівасці і нездаволенасці, відаць было, што немалая частка гэтых афіцэраў у бліскучых гузіках, з звінячымі банькамі на ботах і шаблямі пры баку, і нямалая частка гэтых паненак з белымі, чырвонымі шчочкамі і з такімі люба-прынаднымі вочкамі, што аж не ймецца веры, што ўсё тут без фальшу, відаць было, што нямалая частка гэтых людзей, на погляд такіх важных, – толькі гуляюць у спрадвечную, раз зачатую камедыю, яшчэ не ведаюць добра, ці варта гэтак бегчы, бо пуста на душы, бо не сапраўдны смех, а толькі так...

...Вось і тут Лявон – сярод гуку, але гарадскога, дурнога, з начавым смехам і начавымі слязьмі нервовых дзяўчат і хваравітых хлапцоў, з млоснасцю пад лыжачкаю і заўсёдным чадам у галаве. Адно што ён у гэтым гуку быў заўсёды чужы і самотны...

...Даўжэзны рад вознікаў, з рознаю гутаркаю, спакойнаю, моцнаю, шумна-сумятліваю, стаяў усцяж ля ганку. Коні тупалі, торгалі, бразгаталі. Збоку быў гоман: у будках, за сталамі з кілбасою, хлебам, яблыкамі, цукеркамі, папяросамі і ўсякім дробным таварам сядзелі, як куры, мяшчанкі. Назбой гукалі і запрашалі яны да свайго гандлю мімаходжых, сварыліся паміжсобку гостра і звягліва, але сапраўды толькі язычліва, але не злосна...

...З дзвярэй вакзальнага будынку даходзіў гул і гоман. Шныхарылі газетнікі, бегалі нашэльнікі, а ў парозе, дзе здаў Лявон на схову кошык, цэлая банда розных людзей, з напісамі гатэляў на залатых абручах чырвоных шапак, крычала падарожным назвы сваіх гатэляў на ўсялякія галасы і з усялякімі падходамі, толькі ўсё аднолькава аглушаючы. І рабілі дзікае выццё. У багажнай каморы з скрыпам і грукатам працавала падымальная машына. У чысцейшым куце пахаджвалі ад прыбіральні да буфету, і назад, і далей, паны. Тут былі паненкі, хлопчыкі ў форме, грубы пан з аграмадным сабакам на ланцузе, нейкая пані. Да акенца ў касу трэцяга класа, воддаль з другога боку, цягнуўся доўгі хвост, дэмакратычна-мізэрны. Абмінуўшы яго, Лявон выйшаў у трэці клас, адкуль ірваўся гук, шумны гоман, падобны да салдацкага спірання ці да сваркі, плыў важкі пах, смурод і холад з адчыненых дзвярэй. На лавах і на запэцканай падлозе, на скрынях, пакунках, кашолках, па ўсіх кутах ляжалі, быццам абшарпаныя, шэрыя, калматыя, часам п’яныя і нейкія хваравіта-бяссонныя людзі: сяляне з бародамі і без барод, з вусамі, як шчотка; салдаты, майстры з інструментамі ў торбах. Там буйны, рослы здаравяка-жандар хадзіў і скаліў зубы і саромна жартаваў з маладзіцамі, а потым яшчэ з нейкім п’янюгам ля кучкі салдатаў і дзвюх расхрыстаных дзевак ці баб у гарадской адзежы. У хвасце ля акенца ішла спрэчка і тузаніна.

Практыкаванне 2. Прачытайце два тэксты, падкрэсліце ў іх назоўнікі, падумайце, якую стылістычную функцыю выконваюць яны ў тэксце.

І. Спрадвечны, бясконцы шлях у пустым вялікім полі. Ідуць багамольцы. Хатылі на худых плячах. Лапці. Сляпыя вочы. Востры душок поту: цяжкі пах прэласці. І шарпанне нагамі па сухому зеллю, і тупанне па пылу – крок за крокам. Жудасна марудны крок. І чорныя крыжыкі на відных з-пад славянскай кашулі худых, спаленых сонцам грудзях. І навокал – жудасна-ціхая пустэльня. Пыл, пот і крыжык на грудзях, марудная хада, бясконцы шлях. Вечнасць.

(М. Гарэцкі)

ІІ. Пах вільготнай зямлі, зяленіва польнага сцябла, жоўтая лагоднасць прыгрэтага сонцам малачайніку, духмянасць прэлага моху, прасвет неба паміж хвояў, птушка над дрэвам, родныя магілы на блізкім могільніку – і смутак і радасць!

(К. Чорны)

Практыкаванне 3. Зрабіце стылістычны аналіз урыўкаў з верша Я. Купалы “Паэзія”, вызначце стылістычныя асаблівасці выкарыстання назоўнікаў. Падумайце, як адмысловае спалучэнне назоўніку ў вершы надае твору адценне іроніі?

Праўду з няпраўдай, Цноту з гарэзіяй Вымяшай спрытам, –

Будзе паэзія.

Лета, ноч, месяц, Клёнік, чарэсня, Хлопец, дзяўчына, – Вось вам і песня.

Шэпты, прысяга, Вечная згода, Вечная любасць, – Вось вам і ода.

Пуня, дзяўчына, Сена – прынада, Хлопец пад пуняй, – Вось серэнада.

***

Зімка. Знік хлопец, Дзеўка ўжо “мамай”, Слёзы... Палонка, – Вось вам і драма.

Свет, людзі-шэльмы Крадуць, лгуць шчыра, Чэсны паэта, – Вось вам сатыра.

Двор, хорам панскі; Рада-нарада, – Добрасць, пачцівасць, – Вось вам балада.

Свінні, падпасвіч, Лапаць, парцянка, Непагадзь, золка, – Вось і сялянка.

Добры пан, пані; Корміць іх ласка Бедных, галодных, – Вось вам і казка.

Пан, хам і поле, Праца, нястатак... Тры аплявухі, – Вось і канчатак.

Практыкаванне 4. Прачытайце ўрывак з газетнага артыкула, у якім аўтар разважае пра асаблівасці ўжывання характэрных беларускіх імёнаў і прозвішчаў. Падумайце, наколькі слушныя заўвагі аўтара і паспрабуйце выказаць свае думкі адносна закранутай праблемы.

Раскажу вам адну звычайную беларускую гісторыю. Прыехала ў Мінск мілая і сціплая дзяўчына з Ганцавіч. Людміла Ясько – так значылася ў пашпарце – скончыла вучылішча паліграфістаў, адпрацавала патрэбнае і атрымала прапіску, кватэру. Люда – мая даўняя знаёмая – і цяпер працуе ў нашым “газетным” выдавецтве. Па-таварыску яе звычайна так і звалі: Ясько ды Ясько. А потым нехта перарабіў гэта прозвішча на больш натуральнае і ласкавае: Яська. Люда тады і прызнаецца: дык я і ёсць Яська. Такім было маё прозвішча ў школе, так пісалася ў даўнейшых дакументах бацькоў, а сваякі ў вёсцы і цяпер так завуцца.

Гэтаму спачувалася, як вялікай несправядлівай страце. Так вось проста, росчыркам пяра абкарналі чароўнага лебедзя і пусцілі ў свет пад інкубатарскай біркай.

У мяне пачалася хваравітая рэакцыя на такія прозвішчы. Слых і зрок вылоўліваў іх паўсюль, і ўзнікалі пытанні і пачуцці ўсё таго ж плана.

Назбіраліся і “парныя знаёмыя”, якія завуцца між людзьмі ў двух варыянтах: белтавец Кукса і рэдактар з Дзяржынска Куксо, самадзейны артыст з вёскі Лань Дудка і партработнік Дудко, [мовазнаўца Клышка і ваендама з вядомага цяпер Станькава Клышко, пісьменнік Цвірка і мастак Цвірко]...

Такое ўражанне, што пацягні гэтую нітачку далей, і адкрыецца вялікая карціна расколу ў нашым сваяцтве, падобная да расколу літоўскай партыі: адны засталіся на платформе, а другія паехалі ў цягніку.

Божа мой, гэткая прастата: Чэчка, Грэчка ды Моркаўка! Стаяць сабе на пероне ды лыпаюць вачамі, як нехта, быццам раней знаёмы, памахвае ім шапкаю, едучы ў людзі. А можа, і новым пашпартам?

Здаецца, іменна такога перадавога нашага супляменніка ўжо ўнёс у літаратурныя аналы Ніл Гілевіч:

Каб не ўніжаць аўтарытэту, Ён Рэпу справіў на Рэппо, – Хоць землякі замену гэту Не прынялі, яму назло.

(Паэма“Родныя дзеці”)

Практыкаванне 5. Параўнайце два прыклады з твораў Янкі Брыля, у якіх аўтар выкарыстоўвае розныя формы напісання прозвішчаў сваіх персанажаў. Падумайце, з якой стылістычнай мэтай аўтар ужывае адпаведныя дублетныя формы?

І. Поўны, румяны і ўжо лысаваты Васіль Нікіфаравіч па-змоўніцку падміргнуў паэту і, трохі прыўстаўшы, падаў яму руку.

– Прывітанне. Старшыня калгаса Шалухо. Памятаеце?

– Прабачце, – паціснуў плячыма паэт. – Я вас першы раз сустракаю.

Шалухо падміргнуў і рагатнуў па-свойму хрыпла, сыта...

... – Я лічу, Даніла Іванавіч, што Шалуха не такі ўжо хам... Па-мойму, ён проста кансерватар... Калгас – найгоршы ў раёне. Думалі, можа, хоць ён падыме: усё ж такі інструктарам на зоне быў!.. А можа проста хацелі сапхнуць яго з вачэй?.. Пайшоў, адным словам, Васька Шалуха ўмацоўваць сельскую гаспадарку.

ІІ. Гняды ў старога Качкі быў сляпы, з гасцінца яго трэба было паварочваць ляйчынай. А гаспадар і сам не бачыў на правае. Пра іх з канём гаварылі: “адно на двух”. Цяжэй сказаць, як там яны дзялілі сваё хваляванне.

Зрэшты, у тую ноч, калі на свеце гула і падвывала белая завірушная цемра, Захар Іванавіч Качко (так ён любіў называцца) вяртаўся з карчмы пехатою. Доўга ішоў з мястэчка, нялёгка, з блытаннем ног і адпаведным унутраным маналогам.

Практыкаванне 6. Характэрнай асаблівасцю стылістычнага выкарыстання ўласных імён у мастацкай літаратуры і публіцыстыцы з’яўляецца тое, што пісьменнікі імкнуцца надаць імёнам і прозвішчам характаралагічныя, экспрэсіўныя якасці. У такіх выпадках асоба не толькі называецца, але і характарызуецца пэўным чынам. Выпішыце з твораў беларускіх пісьменнікаў прыклады характаралагічнага выкарыстання ўласных імён. Прачытайце ўрыўкі з паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” і дайце ацэнку стылістычнага выкарыстання ў іх уласных імён.

1). Ачнецца лес, звіняць прагалы, Як мнагаструнныя цымбалы, І толькі пошчак той якога, Пераліваецца, гагоча, Бяжыць па узгор’і між палянак, Як спеў размашыстых гулянак. – Марыля, гу! Гу-гу, Таццяна! – Гу-гу, Магдуся! Гу, Мар’яна! – Антоля! Цётка Міхаліна! – Алеся! Зося! Катарына! Па лесе ходзіць пагалосак Дзяўчат, жанок вакольных вёсак;

2). Грымяць, трасуцца баравіны, І бас тут чуецца мужчыны. Але ўсяго тут цікаўней – Прынамсі так было даўней, – Калі свяржэнскія кабеты Капэляй прыдуць у лес гэты, Ды з іх кабеціна якая Капэлю згубіць і гукае І па імёнах называе: “Каруся, Палуся, Цацэля, Марцэля, Алена, Магдалена, Зося, Антося, Анэта, Праксэта, Цёта Югася, Бабка Кася! Гу-y-y! І смешна часам і цікава, Як бы тут робіцца аблава.

3) А як надарыцца часамі Табе, вандруючы лясамі, Найсці на неруш, дзе ніколі Ніякай Тэклі, ні Аўдолі Нага ні разу не ступала І вока іх не назірала.

Практыкаванне 7. У наступных прыкладах выберыце правільную форму назвы асоб жаночага полу па прафесіі або спецыяльнасці:

1) Загадчык выклікаў да сябе (сакратара, сакратаршу, сакратарку). 2) Валя працуе на ўчастку (фельчарам, фельчаркай, фельдчарыцай). 3) Яна працуе (машыністам, машыністкай) вежавага крану. 4) (Прафесар, прафесарша) прапанавала гасцям выпіць гарбаты. 5) Марына працуе на ферме (аператарам, аператаршай, аператаркай) машыннага даення. 6) Яна працуе (кантралёрам, кантралёршай, кантралёркай) якасці выпускаемай прадукцыі. 7) (Дыктар, дыктарша, дыктарка) абвясціла праграму перадач на наступны тыдзень. Галіна працуе на ферме (аўчаром, аўчаркай). 8) Па нацыянальнасці яна была (карэйка, карэянка, карэец).

Падумайце, з якой стылістычнай мэтай ужывае Янка Брыль у адной з сваіх публіцыстычных нататак наступную форму прафесійнай прыналежнасці жанчыны: “Камандзіровачная спартсменка ў рэстаране, нізкая, шырокая, з налітай сілай ляжкамі і задам. Барцыца ці самбістка нейкая”.

Практыкаванне 8. Адзначце, чым тлумачыцца выбар мужчынскага або жаночага роду назоўніка для абазначэння асобы жаночага полу.

1) На канферэнцыі выступіла дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Н. П. Машэрава (З газеты). 2) На саменькім ранку дэпутатка сельсавета, не адчыняючы веснічак, крыкнула ў двор... (Я. Скрыган). 3) Гаваркая касірка Зіна адразу ж паведаміла Таццяне, што грошы на кніжку бабулька паклала неўзабаве пасля вайны (Я. Васілёнак). 4) Галіна Cяргееўна раней працавала ў банку касірам. 5) – Ішоў, ішоў, дабраўся да палавіны дывановай дарожкі, чую: “Паклічце да мяне сакратара!..” Ну, выйшаў я назад у прыёмную, кажу да Клавы: “Што за камедыя? Кліча. Ідзі” (Я. Брыль). 6) Таня, якая цяпер называецца доктар: Ганна Пятроўна, умее рабіць гэта наўдзіў нястомна і шчыра (Я. Брыль). 7) Галубка... Любая... Доктар! Вы мне вярнулі жыццё... Каб не вы... (Я. Брыль). 8) Ты кім даводзішся доктарцы? – Я? Братам (І. Шамякін). 9) Ларыса Пятроўна, сярэдніх год жанчына, стары работнік, у надрукаваным на машынцы парадку дня абвяла яго пытанне чырвоным алоўкам (І. Шамякін). 10) Старэйшая работніца завода вылучана кандыдатам у дэпутаты гарадскога Савета (З газеты).

Практыкаванне 9. Утварыце, калі гэта магчыма, ад назоўнікаў мужчынскага роду, якія абазначаюць прафесію або пасаду, назоўнікі жаночага роду. Параўнайце іх з формамі мужчынскага роду і адзначце сэнсавую або стылістычную розніцу.

Ходзіць вецер далінаю, Ходзіць каля гаю.

І я вольнай пуцінаю Іду, дзе жадаю.

Расчынілі мне гасцінна Ясныя дарогі –

Ідзі ўперад несупынна: Зняты ўсе парогі.

Я – камбайнер, трактарыстка, Кіраўнік брыгады,

Я – пілот, парашутыстка, І мне ўсюды рады.

Я – дырэктар на заводзе, Аграном, вучоны...

Ці было калі ў народзе Столькі нам разгону?

(Якуб Колас)

Практыкаванне 10. Вызначце, ці правільна ў тэксце выкарыстаны формы адзіночнага і множнага ліку падкрэсленых назоўнікаў. Укажыце сэнсавую і стылістычную розніцу ў гэтых формах і адрэдагуйце сказы, якія патрабуюць праўкі.

1) Для працаўніка нашага прадпрыемства трэба стварыць усе ўмовы для культурнага адпачынку пасля працы. 2) Праяўляючы клопаты аб пакупніку, дырэкцыя ўнівермага намеціла рад карысных мерапрыемстваў і правяла гутаркі з абслугоўваючым персаналам. 3) Цэлае лета ў нашай мясцовасці не было дажджу. Дажджы прайшлі па захаду рэспублікі. 4) Услед за баранаваннем калгаснікі праводзяць культывацыю зябліва, ствараюць спрыяльную ўмову для захавання вільгаці ў глебах. 5) Глеба нашага калгаса дазваляе атрымліваць багатыя ўраджаі самай разнастайнай сельскагаспадарчай культуры. 6) Учора ў нашым клубе адбылася цікавая гутарка аб культурах паводзін сучаснага маладога чалавека. 7) Нам усім ад нараджэння заўжды свеціць у жыцці запаветнае імкненне, прага новае знайсці: ажывіць чарцёж матора, полю вывесці жыты… (М. Лужанін). 8) За ваколіцай красуе жыта. 9) Браў грунты, хадзіў геолаг, слухаў хвалі мерны ўсплёск… (М. Лужанін). 10) Мёрзлы грунт капаць было вельмі цяжка. 11) Наш сучаснік цудоўны багаццем свайго духоўнага свету. 12) Вясной, пакуль стаялі добрыя пагоды, лясніцтва зрабіла пасадку леса на вялікай плошчы. 13) Пытанні, якія патрабуюць узгадненняў і дазволаў Дзяржаўтаінспекцыі, вывучаюцца загадзя. 14) У наш час значна паскорыліся рытмы нашага жыцця. 15) Далёка не ўсё распрацоўкі калектываў інстытута адказваюць задачам сённяшніх і заўтрашніх дзён. 16) Значныя сумы складаюць даходы ад прыбыткаў прадпрыемстваў мясцовага значэння. 17) Калектывы вырашылі кожны квартал абменьвацца інфармацыямі. 18) Заўважана вялікая здольнасць гэтых хлябоў лепш пераносіць недахопы вільгаці.

Практыкаванне 11. Пры выбары слова трэба ўлічваць стылістычныя асаблівасці словаўтваральных элементаў, якія афармляюць слова ў кантэксце і надаюць яму пэўную экспрэсіўную або стылістычную афарбоўку. Параўнайце наступныя пары назоўнікаў, утвораных пры дапамозе адпаведных суфіксаў, і вызначце іх стылістычную афарбоўку.

голад – галадуха,

гулянне – гулянка,

сталовая – сталоўка,

холад – халадэча,

асушка – асушэнне,

варка – варэнне,

буксоўка – буксаванне,

гартоўка – гартаванне,

наступ – наступленне,

конка – кананне,

расход – расходванне,

служба – служэнне,

фармоўка – фармаванне

(фарміраванне).

шпаклёўка – шпакляванне.

Практыкаванне 12. Выпішыце з твораў мастацкай літаратуры і публіцыстыкі прыклады стылістычнага выкарыстання суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі – ласкальных, павелічальных, памяншальных, зневажальных і інш.

Практыкаванне 13. Зрабіце аналіз верша Янкі Купалы “Зажынкі”. Адзначце стылістычныя асаблівасці выкарыстання суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі ў назоўніках.

Натачы, кавалёк, Вострым – востра сярпок, Адпусці, назубі, загартуй; І ляшчынкі кусок Адпілуй, кавалёк, Нову ручку вазьмі дарыхтуй.

Наспяліўся шнурок, Б’е паклон каласок, Спаважнеў, пасівеў, шалясціць. Пойдзе ходам сярпок, Туды-сюды, скок-скок! За сяло пабяжыць, пабяжыць.

Страшыў ніўку грамок, Сухата і дажджок; Птушка колас ляцела кляваць; Шлі заломы, урок, – Не збаяўся хлябок! – Памажы, божа, толькі зажаць!

Ляжа сноп у снапок, Стане мэтлік, крыжок, Не акіне і песня шнурка! Будзе рад бедачок Звозіць скарб у тачок, – Вось яна, з мазалямі рука!

Практыкаванне 14. Адзначце, якую стылістычную ролю выконвае ўжыванне суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі ў наступных назоўніках:

1) Сонечка стаіць на пасцелі ў кароткай, чысценькай кашульцы. Яшчэ ўсё сонная, ды ўжо з усмешкай на прыплюшчаных карых вачах, яна працягвае да Галі тонкія загарэлыя ручкі. Мама надзявае на іх маленькі крэмавы станік, потым зашпільвае яго, спрытна перабіраючы пальцамі белыя гузікі. А тонкія цёплыя ручкі малой ужо абвіліся за Галіну шыю. Чарнавалосая галоўка сама схілілася на маміна плячо (Я. Брыль). 2) І – скок жабоцька смела, ды ў каляіну села (К. Крапіва). 3) Забразгалі шабелькамі палкоўнікі-паны (Я. Колас). 4) – Усё ціха, – сказаў ён вярнуўшыся. – Баяцца гансікі (І. Навуменка). 5) Людзі як людзі: працуюць, хто на што здатны, а ты батоны мінскія валочыш мяхамі ды дрожжы. Спекулянцюга! (Я. Брыль). 6) Пісака з мінскай “Беларускай газеты” ад імя кучкі “мясцовых” прахвостаў піша… (К. Чорны). 7) Ну, добра, Далгоў, гэты сучасны Курагін, – проста падлюга (Я. Брыль). 8) Адзін з вас, паночкі, хітрыя галоўкі, // На доктара выйдзе і будзе // З няшчасных схварэлых цягнуць паўрублёўкі… // Другі будзе з вас брахунцом-адвакатам, // Як трэба судзіцца парадзіць (Я. Купала). 9) Вось гутаркай гэткай азваўся Міхалка, // Вядомы ўсім чыста манюка, брахалка (Я. Купала).

Практыкаванне 15. Укажыце, якую стылістычную або эмацыянальна-экспрэсіўную афарбоўку надаюць выдзеленым назоўнікам тыя ці іншыя словаўтваральныя элементы.

1) Талстоўкі Познышаў сказаў калісьці: “Цяпер я на поўдзень. У мяне там домік і садок”.

А я вось хаджу па ўскраінных вуліцах ды завулках Кіславодска, гляджу з акон электрычкі, едучы ў Пяцігорск, і радасна ўспамінаю іх, тыя вельмі звычайныя словы.

Якая дакладнасць, і што яна азначае ў вялікім майстэрстве!.. Скажы ён “дом і сад” – нічога не было б (Я. Брыль). 2) Немцы ўжо чорнаю хмарай прагрукаталі па гасцінцы – і матацыклы, і танкі, і аўтамашыны з салдатнёй… (Я. Брыль). 3) Броўцы якія харошыя, як у самога!.. А губкамі як цмокае благоцце, і праз сон… Жэня адчула сваё вялікае шчасце пад цёплай цяснотай яшчэ дзявочага станіка (Я. Брыль). 4) Новы будынак школы, стары побач з ім выглядае мізэрным і занядбаным. Дзве шарэнгі слупоў, ёсць, значыць, электрычнасць і радыё. Цэлы гарадок грамадскіх будынін, новых, дагледжаных (І. Навуменка). 5) – Крытыкан, – сказаў старшыня. – Не жадаю і ворагу такога старога друга. Летась жа фельетончык наконт канопляў у абласной газеце яго клопатам паявіўся (І. Навуменка).

Практыкаванне 16. Прачытайце ўрыўкі з верша Янкі Купалы “Да дзяўчатак”, падкрэсліце назоўнікі, утвораныя пры дапамозе суфіксаў суб’ектыўнай ацэнкі, і адзначце, якую эмацыянальна-экспрэсіўную і стылістычную афарбоўку надаюць яны вершу.

Ой, дзевачкі, любанькі! Люблю, люблю вас,

Я ў вашых, галубанькі, Сетачках увяз.

Ох, мае вы сонейкі, Не знаю з чаго

Не мілы мне гонейкі Шнурочка майго.

Не мілы мне хатачкі Родненькі кусок

Не мілы мне матачкі Слоўцы: “Мой сынок!”

Не міла, як волікаў Рог забушаваў;

Ой, ой, для саколка Час благі настаў.

***

Нападае часценька Нейка дзіўна млось,

І так шчасна-шчасненька Хочацца чагось.

Вочы неўспадзевачкі Усё туды бягуць

Дзе сонейкі-дзевачкі, Любачкі жывуць!

***

Голуб, як з галубкаю, Весела вурчыць;

Пэўна хлопцу з любкаю Лепей, як так, жыць.

Бачу, так здаваецца, Што мне, бедаку,

Таго штось жадаецца, Чаго й галубку.

Адну ненаглядачку, За жонку вазьму,

Тады можа радачку Дам гору свайму.

Практыкаванне 17. Зрабіце стылістычны аналіз верша Ніла Гілевіча “Адкажы!”. Дайце ацэнку структуры верша, яго кампазіцыі, адкажыце, з якой мэтаю аўтар ужывае назоўнік “брат” з рознымі суб’ектыўна-ацэначнымі суфіксамі. Якую стылістычную фігуру ўтварае паўтор слоў, падкрэсленых намі ў тэксце?