Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Практычныя 4. Фанетыка.docx
Скачиваний:
8
Добавлен:
22.11.2019
Размер:
35.04 Кб
Скачать

Артыкуляцыйная база беларускай мовы

I ўсё мілагучна для слыху майго:

і звонкае «дзе», і густое «чаго»...

Так напісаў пра беларускую мову паэт Пімен Панчанка, вылучаючы найбольш характэрныя яе фанетычныя рысы. Кожная мова мае свае адметнасці. Чалавек прызвычайваецца вымаўляць гукі пэўнай мовы, яго моўны апарат прыстасоўваецца да гэтай мовы, і таму на іншай мове найчасцей гавораць з акцэнтам.

Калі вам даводзіцца чуць, як гавораць па-беларуску носьбіты іншых моў (напрыклад, рускай, нямецкай, польскай і інш.), то, відавочна, вы звяртаеце ўвагу на своеасаблівы акцэнт, які выяўляецца ў няправільным вымаўленні асобных беларускіх гукаў. Гэтак жа рускія, напрыклад, заўважаюць беларускі акцэнт у рускім маўленні беларусаў. Але чаму ўзнікае акцэнт пры выкарыстанні няроднай мовы?

Гэта звязана з наяўнасцю ў носьбітаў пэўнай мовы сваёй артыкуляцыйнай базы — найбольш характэрнага ўкладу органаў маўлення і звычных рухаў пры ўтварэнні гукаў.

Перш чым самому загаварыць, дзіця чуе, як гавораць дарослыя. Імітуючы вымаўленне дарослых, дзіця выпрацоўвае пэўныя стэрэатыпы, пэўныя маўленчыя прывычкі (ці, інакш, артыкуляцыйную базу), якія захоўваюцца на ўсё жыццё. Любую іншую мову чалавек пачынае ўспрымаць як бы праз прызму роднай мовы. Цікава, што органы слыху чалавека схільны пазнаваць і адрозніваць толькі тыя гукі, якія ёсць у роднай мове, г. зн. усе гукі, якія нагадваюць гукі роднай мовы, успрымаюцца і вымаўляюцца, як гэтыя гукі. Артыкуляцыйныя базы розных моў звычайна не супадаюць. Гэтым і абумоўліваюцца адрозненні ў вымаўленні падобных гукаў у розных мовах. Напрыклад, у беларускай мове гук [р] толькі цвёрды, у рускай ёсць цвёрды і мяккі. Розніца лёгка ўлаўліваецца на слых.

Тыя з беларусаў, хто гаворыць па-руску, як быццам і правільна вымаўляюць словы тыпу ряд, зверь, речка, але часта аказваецца, што носьбіты рускай мовы адразу заўважаюць няпоўнае змякчэнне [р’], хоць самі гаворачыя ўпэўнены, што яны добра адрозніваірць [р] і [р’] (для іх слыху такія тонкія адценні гучання неістотныя). Наадварот, калі некаторыя рускія пачынаюць гаварыць па-беларуску, то часта ўпэўнены, што дастаткова цвёрда вымаўляюць [ч], хоць беларус лёгка заўважыць яго недастатковую цвёрдасць.

Носьбіты некаторых цюркскіх моў з цяжкасцю авалодваюць артыкуляцыяй мяккіх зычных (замест конь, вугаль часта вымаўляюць кон, вугал), бо ў гэтых мовах няма самастойных (функцыянальна проціпастаўленых гукаў [н — н'], [л — л’] і інш.), затое яны лёгка пераносяць элементы сінгарманізму (грэч. ‘разам’ + ‘сувязь, сугучнасць’), г. зн. вымаўляюць у спалучэнні з галоснымі пярэдняга рада мяккія зычныя не толькі перад імі, але і пасля іх (замест лес, сена вымаўляюць лесь, сеня). Многія народы (напрыклад, казахі, кубінцы і інш.) з цяжкасцю адрозніваюць нашы гукі [б] і [в], таму ў іх маўленні замест быў, база можа быць выў, ваза. А японцы, напрыклад, у слове дом успрымаюць не тры, а чатыры гукі, бо ў японскай мове слова не можа канчацца на зычны, там усе склады адкрытыя (канчаюцца на галосны).

Такім чынам, трывала засвоеная ў дзяцінстве артыкуляцыйная база роднай мовы, як у своеасаблівым люстэрку, выяўляецца ў акцэнце пры выкарыстанні няроднай мовы. Невыпадкова прынята гаварыць аб англійскім ці нямецкім, грузінскім ці польскім, эстонскім і інш. акцэнце.

Якімі ж рысамі характарызуецца артыкуляцыйная база беларускай мовы?

Гукавы твар беларускай мовы вызначае найперш агульная ненапружанасць, расслабленасць органаў маўлення пры гукаўтварэнні. Так, з агульнай ненапружанасцю губ звязана найперш замена губна-зубнога ] у пэўным становішчы губна-губным [ў] (траўка, кроў, заўтра, аўторак), а таксама цвёрдае вымаўленне губных на канцы слоў і перад зычнымі (сем, дроб, сям'я). Ненапружанасць кончыка языка пры памякчэнні зубных [д], [т] ператварае іх у мяккія змычна-шчылінныя [дз'], [ц'].

Пераважная большасць гукаў у беларускай мове ўтвараецца ў цэнтры ротавай поласці пры высокім агульным пад'ёме языка (самая актыўная сярэдняя частка языка). У задняй частцы маўленчага апарату ўтвараецца нязначная колькасць гукаў. (Параўн.: для каўказскіх моў, наадварот, больш уласцівы заднеязычныя, гартанныя артыкуляцыі; ва ўкраінскай мове большасць зычных утвараецца ў пярэдняй частцы ротавай поласці: артыкулююць кончык языка і пярэдняя частка языка. Зычныя ўкраінскай мовы больш напружаныя.)

Беларуская мова ад многіх іншых моў свету адрозніваецца вялікай колькасцю мяккіх гукаў. Пры ўтварэнні большасці мяккіх зычных кончык языка пераносіцца на паднябенне, што стварае ўражанне іх асаблівай мяккасці. Найбольш гэта датычыцца гукаў [з'], [с'], [ц'], [дз'], для якіх мяккасць хутчэй не дадатковая, а асноўная рыса. Таму гэтыя гукі называюць палатальнымі (мяккімі) у адрозненне ад астатніх палаталізаваных (памякчоных). Схільнасць да моцнага памякчэння (палаталізацыі) зычных — характэрная і досыць яркая рыса беларускай мовы, якая абумоўлівае своеасаблівую «мяккасць» яе гучання.

Мяккія (палаталізаваныя) зычныя ўласцівы таксама рускай мове, аднак іх мяккасць не так моцна выражана, як у беларускай мове. Таму для носьбітаў рускай літаратурнай мовы без дадатковай трэніроўкі цяжка, напрыклад, засвоіць беларускія [ц'], [дз'], [с'], [з'], а беларусы, якія гавораць па-руску, часта замяняюць рускія зубныя палаталізаваныя [т'], [д'], [с'], [з'] беларускімі палатальнымі [ц'], [дз'], [с'], [з']. У іншых мовах, напрыклад англійскай, нямецкай, палаталізацыя зычных увогуле адсутнічае, таму змякчэнне зычных гаворачымі па-англійску ці па-нямецку з'яўляецца парушэннем вымаўленчых норм гэтых моў. (У французскай мове зычныя змякчаюцца перад [і], але ў меншай ступені, чым у беларускай мове.)

Своеасабліва гучаць у беларускай мове і цвёрдыя зычныя. Вымаўленне іх заўсёды суправаджаецца пад'ёмам задняй часткі спінкі языка да цвёрдага паднябення (велярызацыяй; лац. ‘цвёрдае паднябенне’), што надае ім асаблівую цвёрдасць. У беларускай мове гэты рух характэрны пры вымаўленні ўсіх цвёрдых зычных (параўн.: у рускай мове так вымаўляюцца толькі [ж] і [ш]). ,

Для беларускай артыкуляцыйнай базы не ўласцівы зычныя [г], [г’] (выбухныя), [дз] (цвёрды), а таксама [ф], [ф']. Яны прыйшлі ў беларускую мову разам з іншамоўнымі словамі.

Ненаціскныя галосныя ў беларускай мове прыкладна ў два разы карацейшыя за націскныя, але на слых яны захоўваюць свае якасці і ўспрымаюцца даволі выразна. У выніку пашырэння ў беларускай мове акання і якання самым частым галосным з’яўляецца галосны [а]. У адрозненне ад рускай мовы, дзе ў адпаведнасці з літаратурнымі нормамі гэты галосны якасна змяняецца не пад націскам, у прыватнасці, рэдукуецца (лац. ‘змяншэнне, спрашчэнне, паслабленне’), у беларускай мове ён вымаўляецца выразна (параўн.: рус. [кърова], [въд'иной] (знакам ъ абазначаецца кароткі галосны сярэдняга пад'ёму, сярэдняга рада) і бел. [карова], [вадз'аны]). Адсутнасць якаснай рэдукцыі галосных у беларускай мове стварае ўражанне большай запаволенасці беларускага маўлення, надае яму своеасаблівую «спеўнасць», меладычнасць.

Такім чынам, беларуская мова мае сваю адметную артыкуляцыйную базу. Асэнсаванне яе азначае свядомае авалоданне гукавым ладам беларускай мовы.