- •Этнакультурная сітуацыя ў другой палове XIX ст.: ідэалогія, рэлігія, культура
- •Заходнерусізм
- •Вобраз беларуса ў расійскім друку: Два партрэты – дзве культуры
- •Ідэі нацыянальна-вызваленчага руху. Кастусь каліноўскі і яго “мужыцкая праўда”
- •Краязнаўчае вывучэнне беларусі: Народ і культура ў расійскай гістарыяграфіі (другая палова хіх—пачатак хх ст.) Сітуацыя ў краіне пасля паўстання 1863г.
- •Краязнаўчае вывучэнне Беларусі
- •Беларускі друк у пачатку хх ст. Газета “наша ніва”
- •Адраджэнні
- •Беларускі нацыянальны рух у кантэксце рэвалюцыйных падзей у расіі. Першыя спробы стварэння нацыянальнай дзяржавы
- •Сацыякультурная палітыка ўрада бнр і Беларускага нацыянальнага камісарыяту
- •На шляхах да стварэння бсср
- •Беларусізацыя
- •Станаўленне акадэмічнай навукі
- •Інстытут беларускай культуры(1922—1928)
- •Стварэнне Беларускай Акадэміі навук
- •Контрбеларусізацыя
- •Рэформы ў галіне асветы (1918—1941)
- •Ліквідацыя непісьменнасці
- •Стварэнне сістэмы савецкай адукацы
- •Станаўленне вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі
- •Стан адукацыі
- •Некаторыя вынікі “культурнай рэвалюцыі”
- •Школа і адукацыя ў заходняй беларусі
- •Стан беларускай адукацыі (1918--1925)
- •Школа і нацыянальна-педагагічны рух (1926—1939)
- •Суверэнізацыя і нацыянальна-культурнае адраджэнне (1980—1990-я гг.) Крызіс камуністычнай ідэалогіі
- •Перабудова як палітычны і культуратворчы працэс. Пашырэнне нацыянальна-дэмакратычнага руху.
- •Школа і адукацыя
- •Вышэйшая школа
- •Літаратура і друк
- •Энцыклапедычныя і навуковыя выданні
- •Літаратура
Беларускі нацыянальны рух у кантэксце рэвалюцыйных падзей у расіі. Першыя спробы стварэння нацыянальнай дзяржавы
Шырокі дэмакратычны і нацыянальна-вызваленчы рух, які закончыўся рэвалюцыйным выбухам (люты—кастрычнік 1917 г.) і развалам царскай імперыі, “турмы народаў”, выклікаў небывалае ажыўленне ў расійскім грамадстве, эйфарыю шырокіх народных мас. Рэвалюцыя, здавалася, сапраўды адкрыла новую эру ў гісторыі ўсяго чалавецтва. Па словах класікаў марксізму-ленінізму, гэта быў скачок з царства прымусу ў царства Свабоды. “Мір народам!”, “Зямля сялянам!” (без выкупу), “Уся ўлада Саветам рабочых і сялянскіх дэпутатаў!” — гэтыя лозунгі з’яўляліся ключавымі, напісанымі на рэвалюцыйных транспарантах новай улады, за якімі пайшлі народная масы.
«Весь мир насилья мы разрушим до основанья (!)
А затем мы наш, мы новый мир построим:
Кто был никем, тот станет всем».
І «кожная кухарка зможа кіраваць дзяржавай»… Аднак жа рэвалюцыйны энтузіязм абяздоленых мас больш эфектыўна праяўляўся ў справе разбурэння ранейшай сістэмы ўлады і кіравання. Рэвалюцыя паглыбіла раскол у расійскім грамадстве, паставіла яго на грань грамадзянскай вайны. Для адных гэта быў “скачок у царства свабоды”, доступ да ўлады і пераразмеркаванне жыццёвых даброт, для другіх – “дні акаянныя”, “бунт бессэнсоўны і неўтаймаваны”. Масква, як іншыя буйныя гарады, аказалася пад уладай крыміналу. Па няпоўных афіцыйных даных, у 1918—1920 гг. у Расіі налічвалася не меней 7 мільёнаў асацыяльных элементаў, дэзерціраў, пастаяльцаў начлежак, беспрытульных бадзяг. Можна зразумець лаяльнасць новых улад да няшчасных “людзей дна”, “удзельнікаў рэвалюцыйнага бунту”, калі не звяртаць увагі на тую акалічнасць, што каля 2 млн. сярод іх (25%) былі непапраўнымі злачынцамі, злоснымі рэцыдывістамі і забойцамі. Ні часовы ўрад, які рэалізаваў ідэю “шырокай дэмакратыі”, выпусціўшы з турмаў сотні тысяч асуджаных (у большасці за крымінальныя, антыграмадскія ўчынкі), ні бальшавіцкі ўрад Леніна ў першыя гады не маглі навесці элементарны парадак нават у сталіцы і гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам. Становішча стала мяняцца толькі пасля таго, як сярод белага дня быў аграблены экіпаж, дзе ехаў сам правадыр сусветнага пралетарыяту. Галава бандыцкай шайкі Яшка Кашалькоў з пачуццём уласнай годнасці пісаў тады ў сваім дзённіку: “Я держал за фалды вождя мирового пролетариата.”
Бальшавікі заявілі аб пабудове новага камуністычнага грамадства без чыноўнікаў і буржуяў, дзе ўсе людзі роўныя і свабодныя, дзе гарантам праў і эканамічнага працвітання кожнага з’яўляецца дзяржава рабочых і сялян. Аднак жа ў аснову сваёй ідэалогіі дзеяння бальшавікі паклалі прынцып барацьбы класаў і ваяўнічага атэізму. Метады паспяховай барацьбы з крымінальнымі элементамі былі перанесены імі пазней і на сваіх апанентаў. Рэлігія аб’яўлялася “опіумам для народа”, фактычна бальшавікі прапанавалі народу новую рэлігію з ідэяй камуністычнага раю і культам ўсенароднага правадыра. Царква была аддзелена ад дзяржавы, сімвалы расійскай імперыі – двухгаловы арол, трохкаляровы сцяг – былі скасаваны.
Рэвалюцыйныя падзеі ў Расіі аказвалі непасрэдны ўплыў на агульную сітуацыю ў былых нацыянальных акраінах Расійскай імперыі, на ход падзей, на лёс нацыянальных рухаў і палітычных партый. Рэальны ўплыў бальшавікоў на Беларусі ў значнай ступені вызначаўся тымі абставінамі, што на яе тэрыторыі размяшчаўся фронт Першай сусветнай вайны са стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандавання (у Магілёве). У адпаведнасці з ленінскай нацыянальнай палітыкай вызваленым з “расійскай турмы” народам прадстаўлялася права на самавызначэнне і стварэнне сваіх нацыянальных дзяржаў. Як паказала практыка, многія народы рабілі спробы, каб выкарыстаць гэтае права, аднак не кожны змог рэалізаваць свае памкненні, бо за іх належала самаахвярна змагацца. Тут разгортвалася ўжо барацьба не класаў, а нацый. Сілы былі няроўныя... Сваё права на самавызначэнне і стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы ў той час імкнуліся рэалізаваць і беларускія нацыянал-дэмакратычныя сілы.
У снежні (5—8) 1917 г. у Мінску быў скліканы Першы Усебеларускі кангрэс, першы агульнанацыянальны прадстаўнічы форум беларускага народа. Ён быў скліканы па ініцыятыве Вялікай беларускай рады, каб ацаніць тагачасную міжнародную сітуацыю і вызначыць палітычны, дзяржаўна-прававы і нацыянальна-культурны статус Беларусі ва ўмовах сусветнай вайны і распаду Расійскай імперыі. На з’ездзе было зарэгістравана 1872 дэлегаты. Большасць дэлегатаў ухваліла пастанову аб самавызначэнні Беларускага краю і хутчэйшым скліканні Беларускага Устаноўчага сходу, “каб канчаткова замацаваць легітымны характар самавызначэння і стварыць пастаянныя органы ўлады”1.
Аднак рашэнне аб самавызначэнні і стварэнні дэмакратычным шляхам мясцовых органаў улады не спадабалася бальшавіцкім дэпутатам Заходняга фронту (якія пасля кастрычніцкіх падзей узначалілі Савет Народных Камісараў Заходняй вобласці). У ноч на 18 (31) снежня 1918 г. па іх загаду Усебеларускі кангрэс быў разагнаны ўзброенымі салдатамі расійскай арміі.
