Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Цітоў ГІСТОРЫЯ А.К 1..doc
Скачиваний:
25
Добавлен:
19.09.2019
Размер:
866.3 Кб
Скачать

Краязнаўчае вывучэнне Беларусі

Пасля паўстання расійская грамадскасць нібы занава адкрыла для сябе Беларусь. Распачалося ўсебаковае, грунтоўнае вывучэнне гэтай краіны. Прыкметным дасягненнем у вывучэнні краю явілася шматтомнае выданне “Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба”. Найбольш поўная і змястоўная інфармацыя была пададзена ў кнігах, прысвечаных Гродзенскай і Мінскай губерням2. Іх аўтары-складальнікі Павел Баброўскі і Іван Зяленскі прааналізавалі разнастайны краязнаўчы матэрыял, паслядоўна размясціўшы яго па наступных тэматычных раздзелах: геаграфічныя умовы, мясцовая флора і жывёльны свет, шляхі зносін, гістарычнае мінулае краю, этнічны і сацыяльны склад насельніцтва, гаспадарчыя заняткі, матэрыяльная і духоўная культура (ежа, жыллё, адзенне, побыт, народны каляндар, звычаі, абрады, фальклор).

Гэта быў грунтоўны прадметны падыход да вывучэння народа і яго культуры. Абагуленыя ў гэтых кнігах краязнаўчыя матэрыялы і статыстычныя даныя паслужылі ў далейшым факталагічнай асновай і істотнай крыніцазнаўчай базай для некалькіх пакаленняў даследчыкаў беларускага краю. Абагульняючы адпаведныя даныя, аўтары паказалі экалагічную і этнаграфічную неаднароднасць на абшары Гродзенскай і Мінскай губерняў, выдзяляючы на поўдні асобную правінцыю — Палессе. Яго паўночную мяжу П.Баброўскі праводзіў з захаду на ўсход па рацэ Нараў і вярхоўі Ясельды на Пружаны і Сялец, І.Зяленскі прадаўжаў яе ў межах Мінскай губерні ад Слоніма на Слуцк і Бабруйск3. У паўночнай частцы, па словах аўтараў, пражываюць чарнарусы, якія “амаль нічым не адрозніваюцца ад беларусаў”, у паўднёвай, палескай, частцы — палешукі, пінчукі, падлясяне, бужане (яны ж — русіны, рушкі). Падлясяне, заўважаюць аўтары, больш за іншых зазналі на сабе польскі культурны ўплыў.

Своеасаблівым прадаўжэннем “Матэрыялаў для геаграфіі і статыстыкі Расіі” з’явілася пазней грунтоўнае трохтомнае выданне “Вопыт апісання Магілёўскай губерні” (1882–1884), у якім дэталёва (на ўзроўні тагачасных ведаў) разгледжаны гісторыя, геаграфія і разнастайныя сферы народнай жыццядзейнасці губерні. Выданне падрыхтавана калектывам аўтараў пад рэдакцыяй Магілёўскага генерал-губернатара А.С.Дамбавецкага1.

Амаль у той жа час выйшаў асобнай кнігай трэці том ілюстраванай краязнаўчай серыі “Жывапісная Расія” (пад рэд. П.П.Сямёнава), прысвечанай Беларусі. Яго аснову склалі этнаграфічныя матэрыялы, сабраныя і апрацаваныя Адамам Кіркорам. У 1880-х гг. стала відавочнай уся штучнасць тэрмінаў “Чорная Русь” (беларускае Панямонне) і “чарнарусы”, і замест іх у афіцыйнай гістарыяграфіі ўсё часцей пачалі сустракацца напаўзабытыя гістарычныя назвы “Літва” і “літвіны”. Падобныя змены падыходаў да мясцовай этнанімікі і этнічнай геаграфіі адлюстроўвалі пошукі новых падыходаў у асэнсаванні гісторыі “Паўночна-Заходняга краю”. На яго тэрыторыі аўтары “Жывапіснай Расіі” вылучалі дзве культурна-гістарычныя вобласці — Беларускае Палессе і Літоўскае Палессе. Да першай — аўтары адносілі тэрыторыю Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Смаленскай губерняў, да другой — губерняў Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай. Заўважым, што пад Палессем у “Жывапіснай Расіі” разумелася бадай ўсялякая краіна, пакрытая густымі лясамі (падобная назва не меней прыдатная і да сібірскай тайгі).

Аднак жа аўтары выдання разышліся ў сваіх поглядах на этнічную геаграфію і рэгіянальныя культурна-гістарычныя асаблівасці на тэрыторыі “Паўночна-Заходняга краю”. А.К.Кіркор, які напісаў асноўную частку працы, адзначаў умоўнасць назвы “Палессе” ў тым сэнсе, у якім яно ўжываецца ў заключным раздзеле і загалоўках зместу кнігі; ён, у сваю чаргу, вылучаў больш вузкае і дакладнае паняцце “сапраўднага Палесся” (истинного Полесья) як своеасаблівай прыроднай і этнаграфічнай правінцыі. Яго паўночную мяжу ён праводзіў па лініі Брэст—Слонім—Слуцк—Бабруйск2.

У 1863–1864 гг. былі выдадзены першыя этнаграфічныя атласы Р.Ф Эркерта і А.Ф.Рыціха, якія былі дапоўнены пазней тэкставымі матэрыяламі, выдадзенымі асобнымі кнігамі3. У сваёй кнізе “Погляд на гісторыю і этнаграфію заходніх губерняў Расіі” Эркерт дае высокую ацэнку сярэднявечнай культуры Беларусі і сумняваецца ў заваяванні нашай краіны літоўцамі, як гэта звыкла падавалася ў афіцыйным расійскім друку. Не менш грунтоўна напісана і кніга А.Рыціха “Славянскі свет” (1875), дзе разглядаецца этнічная гісторыя і геаграфія славянскіх народаў у параўнаўчым кантэксце, належная увага тут удзелена беларусам, іх узаемадачыненням з суседнімі народамі, вызначана этнічная тэрыторыя і межы іх рассялення. Гэтыя, як і іншыя шматлікія працы пра Беларусь і беларусаў, што публікаваліся ў розных перыядычных выданнях і асобнымі тыражамі, сведчылі аб рэальных поспехах у вывучэнні “далучаных зямель”, аб пачатках навуковага краязнаўства, беларусазнаўства і этнаграфіі.

Падобныя дасягненні не былі зусім новымі, выключнымі, фактычна яны з’явіліся прадаўжэннем мясцовых краязнаўчых традыцый першай паловы ХІХ ст., звязаных з даследчыцкай і літаратурнай дзейнасцю Яна Баршчэўскага, Зарыяна Даленгі-Хадакоўскага, Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Уладзіслава Сыракомлі, Лукаша Галембёўскага, Юзэфа Крашэўскага, Александра Рыпінскага, Яўстафія Тышкевіча і інш. У другой палове ХІХ ст. з’явілася цэлая плеяда апантаных збіральнікаў беларускіх рарытэтаў, выдатных знаўцаў народнай спадчыны, якая станавілася здабыткам адукаванай грамадскасці, што пашырала агульныя веды аб беларускай этнаграфіі і славяназнаўстве. Прычым кожны ці амаль кожны з гэтых апантаных даследчыкаў быў арганічна звязан са сваёй малой радзімай, з рэгіёнам, дзе ён нарадзіўся і вырас, дасканала ведаў жыццё народа, яго духоўныя памкненні, паўсядзённы побыт, і гэта акалічнасць дазволіла ім дэталёва раскрыць розныя аспекты народнай культуру і разнастайнай вусна-паэтычнай творчасці. Звернем увагу толькі на важнейшыя працы.

У вывучэнне народнай культуры і старажытных помнікаў паўночнага рэгіёну Беларусі – Падзвіння – значны ўклад унеслі М.Я. Нікіфароўскі і А.П.Сапуноў1. Праца Нікіфароўскага “Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі”– першае на Беларусі сістэматычнае і ўсебаковае даследаванне традыцыйнай матэрыяльнай культуры. Аўтар узнаўляе праўдзівую карціну традыцыйнага народнага побыту, з вялікім майстэрствам і метадычнай паслядоўнасцю апісвае сялянскае жыллё, інтэр’ер хаты, прадметы ўжытку, прылады працы, транспарт, адзенне, народную кулінарыю. Ім жа апублікаваны збор “Простанародных прыкмет і павер’яў, абрадаў і звычаяў” (1897), “Нячысцікі” (1907) і інш. А.Сапуноў, у сваю чаргу, вядомы як шырокі эрудыт, археограф, даследчык старажытных дакументаў і мясцовых гісторыка-культурных помнікаў (“Дзвінскія, або Барысавы камяні”, 1890; “Полацкі Сафійскі сабор”, 1888, і інш.). Асноўную ўвагу акцэнтаваў на краязнаўчым вывучэнні Падзвіння, яго этнічнай гісторыі і лёсе старажытных помнікаў.

Рознабаковаму краязнаўчаму даследаванню Падняпроўя шмат увагі прысвяцілі Е.Р.Раманаў, І.І.Насовіч, М.М.Косіч. Шматтомнае выданне Раманава пад агульнай назвай “Беларускі зборнік” (т. 1—9, 1886—1912) называюць энцыклапедыяй народнага жыцця, тут адлюстраваны амаль усе бакі матэрыяльнай і духоўнай культуры – традыцыйная гаспадарка, ежа, жылле, адзенне, песні, танцы, гульні, абрады, народны каляндар, павер’і, прыкметы і г.д. Адначасова Раманаў праводзіў вялікую работу па выяўленню і ахове знікаючых помнікаў. Сабраная і апрацаваная ім калекцыя этнаграфічных рэчаў ўвайшла ў “залаты” фонд музеяў; большая частка яе захоўваецца ў Расійскім этнаграфічным музеі (Санкт-Пецярбург).

І.І.Насовіч упершыню шырока разгледзеў скарбы жывога беларускага слова і іх паэтычнае ўвасабленне ў прымаўках, прыказках, песнях Падняпроўя1. У сваю чаргу, Марына Косіч прысвяціла краязнаўчыя працы беларусам (“літвінам”) магілёўска-бранскага памежжа2. Сама аўтар з дзяцінства расла і выхоўвалася ў народным асяроддзі, якое жывіла яе творчасць. Любоў да простага народа, добрае веданне этнапсіхалогіі, тонкае ўспрыманне сацыяльнай рэчаіснасці і жыццёвая праўда надаюць працам М.Косіч значэнне літаратурна-этнаграфічных помнікаў, якія не губляюць навуковага інтарэсу да нашага часу. Багатыя матэрыялы па этнаграфіі, мове і фальклору беларусаў Смаленскай губерні сабраў і сістэматызаваў У.М.Дабравольскі3.

Увагу многіх даследчыкаў прыцягваў да сябе паўднёвы рэгіён Беларусі – Палессе. У другой палове ХІХ—пачатку ХХ ст. быў назапашаны значны краязнаўчы матэрыял, які дазволіў па-новаму паглядзець на гэтую раней “экзатычную” краіну, яе гісторыю, мясцовы люд і традыцыйную культуру. Палессю былі прысвечаны публікацыі П.Баброўскага, Д.Булгакоўскага, М.Доўнар-Запольскага, І.Жылінскага, Я.Карскага, В.Маракуева, Е.Раманава, І.Сербава, А.Сержпутоўскага, П.Шпілеўскага, І.Эрэміча і інш. Аўтары звярталі ўвагу на разнастайнасць і неаднароднасць прыродных і культурных ландшафтаў, на этнаграфічныя тыпы палешукоў, на заняткі і ўклад жыцця, на традыцыйна-бытавую культуру мясцовых жыхароў. Большасць аўтараў не абмяжоўвалася акадэмічнымі ведамі, яны былі ў пэўным сэнсе першапраходцамі і зрабілі важны ўнёсак ў вывучэнне самабытнай культуры і геаграфіі гэтага краю. Сталае ці часовае пражыванне іх на Палессі, шматдзённыя вандроўкі, гутаркі з мясцовымі жыхарамі, дзённікавыя запісы і замалёўкі з натуры склалі рэальны факталагічны падмурак краязнаўчых нарысаў і спецыяльных этнаграфічных прац, публікацыя якіх ўжо ў той час з цікавасцю была ўспрынята навуковымі і грамадскімі коламі Расіі.

Сярод рукапісных крыніц адзначым каштоўныя матэрыялы Рускага геаграфічнага таварыства (РГТ), сабраныя ў сярэдзіне ХІХ ст. мясцовымі карэспандэнтамі, пераважна – настаўнікамі і святарамі, паводле спецыяльнай праграмы. Частка гэтых матэрыялаў захоўваецца ў наш час у архіве РГТ у Санкт-Пецярбургу. Гэтыя матэрыялы адносяцца да 1850-х гадоў і ўтрымліваюць цікавыя звесткі аб народных гаворках, паўсядзённым укладзе жыцця, народным адзенні (тут жа прыводзяцца мясцовыя назвы розных кампанентаў традыцыйнага касцюма, галаўных убораў, абутку), пададзена таксама інфармацыя пра ежу, жыллё, інтэр’ер хаты, прадметы ўжытку і прылады працы. Другая, не менш каштоўная частка этнаграфічных матэрыялаў, сабраных мясцовымі карэспандэнтамі ў 1870-х гадах, захоўваецца ў наш час ў Рукапісным аддзеле бібліятэкі Віленскага універсітэта.

Шмат этнаграфічных матэрыялаў, сабраных мясцовымі краязнаўцамі паводле спецыяльнай анкеты, перасылалася вядомаму збіральніку і выдаўцу Паўлу Шэйну; яны былі сістэматызаваны і выдадзены ў трох тамах1. Мноства краязнаўчых нататак, прысвечаных Беларусі і беларусам, публікавалася ў расійскіх навуковых зборніках і перыядычных выданнях: “Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества”, “Этнографический сборник”, “Живая старина”, “Современник”, “Вестник Западной России”, “Исторический вестник”, а таксама ў польскамоўных – “Tygodnik ilustrowany” (Тыднёвік ілюстраваны ), „Kłosy” (Калоссе) ), „Athenaeum” (Антычнасць ), „Wisła”, „Ziemia” і інш.

Даволі плённай была і даследчыцкая дзейнасць тых, хто публікаваў свае працы пра Беларусь на польскай мове, – Э. Ажэшкі, З. Глогера, Я. Карловіча, О. Кольберга, Ю.Крашэўскага, М. Федароўскага. Творчая дзейнасць Элізы Ажэшка (1841—1910) была звязана з беларускім Панямоннем і Заходнім Палессем; яна дасканала ведала паўсядзённы побыт, культуру, мову, фальклор мясцовага насельніцтва, што знайшло рэалістычнае ўвасабленне ў яе шматлікіх рэалістычных творах – аповесці “Нізіны”, “Хам”, апавяданні “Рэха”, “У зімовы вечар”, “На следстве і інш.”, часткова перакладзеных пазней на беларускую мову. На фарміраванне яе ідэйна-палітычных поглядаў вялікі уплыў аказаў нацыянальна-вызваленчы рух пачатку 1860-х гг., у якім яна прымала непасрэдны ўдзел (яе маёнтак Людвінова ў Кобрынскім павеце фактычна быў сувязным штабам паўстанцаў, тут пэўны час пражываў кіраўнік (дыктатар) паўстання Рамуальд Траўгут.

З.Глогеру (1845—1910) належаць шматлікія публікацыі па этнаграфіі, гістарычнай геаграфіі, археалогіі, мастацтву. Ім жа была сабрана багацейшая калекцыя этнаграфічных рэчаў, прадметаў мастацтва, археалогіі, гістарычных карт і дакументаў, многія з якіх фігуруюць у яго чатырохтомным ілюстраваным выданні “Энцыклапедыя старапольская”2. Не менш значнай па сваёй маштабнасці і навуковай вартасці была збіральніцкая і даследчая дзейнасць Міхаіла Федароўскага (1853—1923), які доўгі час жыў на тэрыторыі Беларусі, удзельнічаў у археалагічных раскопках і этнаграфічных экспедыцыях, збіраў гістарычныя дакументы, жывапіс, рупліва запісваў беларускі фальклор – песні, казкі, легенды, прыказкі, загадкі, павер’і, рэцэпты народнай медыцыны, звычаі і г.д. Не ўсе з гэтых матэрыялаў да канца апрацаваны і апублікаваны. Большая частка іх увайшла ў шматтомную працу Федароўскага “Люд беларускі” (надрукавана 8 тамоў).

Важнай вехай у этнакультурным і краязнаўчым вывучэнні Беларусі быў Першы ўсерасійскі перапіс насельніцтва (1897). У выніку яго быў атрыманы шырокі спектр статыстычных даных аб нацыянальным, сацыяльным і рэлігійным складзе насельніцтва ў гарадах і сельскай мясцовасці, паказана яго структура па полу і ўзросту, сямейнае становішча, адукацыйны ўзровень, заняткі, этнічная дэмаграфія. У аснову вызначэння нацыянальнага складу насельніцтва ўпершыню была пакладзена родная мова. Беларускую мову як родную назвалі 82,5% Магілёўскай і 76% Мінскай губерняў. Даныя перапісу былі сістэматызаваны, зведзены ў табліцы і выдадзены асобнымі сшыткамі па кожнай губерні. Яны з’яўляюцца вельмі каштоўнай крыніцай па вывучэнні этнічнай дэмаграфіі, даюць магчымасць выявіць асноўныя заканамернасці этнакультурных і сацыяльных працэсаў і прагназаваць іх у будучым.

Пачатак ХХ стагоддзя быў адзначаны выхадам у свет буйнейшай абагульняючай працы Яфіма Карскага “Беларусы”(у 3 т., 7 кн.; 1903—1922). У першым томе “Уводзіны ў вывучэнне мовы і народнай славеснасці ён на аснове ўсебаковага параўнальнага аналізу розных крыніц разглядае праблему паходжання беларусаў, вызначае самабытныя, нацыянальныя рысы іх культуры. Беларусаў ён лічыў аўтахтонамі, а іх мову адносіў да самастойнай этналінгвістычнай сістэмы, якая захавала ў добрым стане сваю першародную славянскую аснову. У выніку арэальнага даследавання беларускіх дыялектаў ім была складзена карта “беларускага племені”, дзе ён вызначае асноўны масіў распаўсюджання беларускіх гаворак. Працы Карскага падводзілі вынікі ў галіне беларускага мовазнаўства, славістыкі і этнаграфіі ў пачатку ХХ ст.

Вялікі краязнаўчы матэрыял быў сабраны і абагулены ў працах знанага беларускага даследчыка М.В.Доўнар-Запольскага (“Беларускае вяселле і вясельныя песні”, 1888; “Песні пінчукоў”, 1895; “Звычаёвае сямейнае права сялян Мінскай губерні”, 1897, і інш.). У сваіх працах ён разглядаў таксама праблемы этнагенезу і этнічнай гісторыі, адстойваў права беларускага народа на суверэннае існаванне. Яго асабістая трагедыя, як і шэрагу іншых даследчыкаў, была прадвызначана самастойнасцю мыслення, крытычным стаўленнем да пралетарскай рэвалюцыі і яе наступстваў на класічную і нацыянальную культуры.

Шырокія краязнаўчыя даследаванні Беларусі ў значнай ступені былі паскораны нацыянальна-вызваленчым рухам, безупыннай барацьбой польскіх і расійскіх нацыянальных сіл за Беларускі край і яго народ, вынікамі сацыяльных рэформ і шырокага дэмакратычнага руху, што азнаменаваўся заваёвамі грамадзянскіх праў і свабод у пачатку ХХ стагоддзя. Разам з ажыўленнем народнай гаспадаркі, грамадскага і культурнага жыцця, краіна паступова выходзіла на новы вектар гістарычнага развіцця. Эвалюцыя паслярэформеннага перыяду глыбока закранула дэмаграфічную і этнасацыяльную структуру беларускага грамадства. Адбываліся прыкметныя зрухі ў нацыянальнай самасвядомасці. Этнакультурныя працэсы ў беларускім грамадстве развіваліся адначасова як па шляху інтэграцыі, культурнай міксацыі, так і ў выніку творчага самавыяўлення, фарміравання народнай інтэлігенцыі і ўзаемаўзбагачэння нацыянальных культур. Гэта была рэальная альтэрнатыва грамадзянскай вайне, масавым рэпрэсіям і камуністычнаму эксперыменту ХХ стагоддзя.